сцэнарыі святаў на беларускай мове

Нэлі ТРАЙХОВІЧ, Наталля ЯРАШАВА, выкладчыкі Магілёўскага педагагічнага каледжа. Пралеска 06/1996

Шчаслівы выпадак

Экалагічная гульня для дзяцей старэйшай групы

Праграмны змест: выявіць і ўдакладніць веды дзяцей аб раслінах (іх распазнаванне, месца, дзе яны растуць, і віды, вылучэнне асноўных умоў, неабходных для росту раслін, функцый іх асноўных частак, паслядоўнасці і стадый іх росту). Вучыць устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі і ўзаемазалежнасці, адгадваць загадкі, правільна тлумачыць змест прыказак, вырашаць экалагічныя задачы; вучыць правільна паводзіць сябе ў прыродзе.
Абсталяванне: “чарадзейная торбачка”, кубікі зялёныя і чырвоныя, наборнае палатно з двума наборамі кружхоў, музычны трохвугольнік, казачныя персанажы (Калабок, Мядзведзь, Вавёрка), лекавыя расліны (трыпутнік, ягады шыпшыны і г.д.), дзве каструлі, набор садавіны і агародніны, карткі з адлюстраваннем паслядоўнасці росту гароху, дзве папкі (чырвоная і зялёная) з наборам ілюстрацый рэдкіх і лекавых раслін.
Арганізацыя і методыка правядзення гульні

Зала ўпрыгожана выявамі лекавых раслін, лясных жыхароў, ляснымі, лугавымі пейзажамі. У цэнтры—месца для вядучага, злева і справа—для каманд (па 4—5 чалавек у кожнай). Выбіраецца журы (3—4 чал.) з гледачоў.
Вядучы. Ці любіце вы глядзець тэлевізар? Якія тэлевізійныя гульні вы глядзелі? Якія з іх вам больш за ўсё падабаюцца? (Слухае адказы.)
Прапаную сёння ўсім стаць удзельнікамі цікавай пазнавальнай гульні “Шчаслівы выпадак”. Сёння ў вас ёсць шчаслівы выпадак паказаць, як многа вы ведаеце аб раслінах роднага краю, жыхарах лесу, іх ахове. Прадстаўляю ўдзельнікаў. Злева ад мяне каманда “Верасок”, справа—"Чабарок". Тлумачу правілы: гульня складаецца з чатырох конкурсаў. За перамогу, а таксама за ўдзел у іх дзяцей чакаюць прызы.

I. РАЗМІНКА

Вядучы. Кожнай камандзе я прапаную 5 пытанняў, на якія яны адразу павінны адказаць. Калі адказы правільныя, каманда атрымлівае 1 бал, калі няправільныя—я даю правільны адказ і задаю наступнае пытанне. Спачатку на ўсе пытанні адказвае адна каманда, а потым—другая.
Пытанні першай камандзе:
1. Дрэва—гэта расліна ці не?
2. Назавіце дрэва, якое расце ў лесе.
3. Дзе растуць: суніцы—у...; жыта—у... .
4. Назавіце адным словам: рамонак, званочак, гваздзік, васілёк — гэта ... .
5. Назавіце расліны, якія з’яўляюцца “зялёнымі дактарамі”.
Пытанні другой камандзе:
1. Грыб—гэта расліна ці не?
2. Назавіце дрэва, якое дае нам садавіну.
3. Дзе растуць: грыб-баравік—у...;
рамонак—на ....
4. Назавіце адным словам: елка, бяроза, таполя, дуб—гэта ... .
5. Назавіце якую-небудзь рэдкую расліну, якую нельга рваць.

Пасля конкурсу аб’яўляюцца вынікі.
Вядучы. А зараз—музычная хвілінка-весялінка!

II. ШТО МЫ ВЕДАЕМ АБ РАСЛІНАХ

Вядучы. У гэтым конкурсе прымаюць удзел усе члены каманд. У “чарадзейнай торбачцы” ляжаць рознакаляровыя кубікі з нумарамі. Трэба дастаць кубік, назваць яго колер і нумар, а затым адказаць на пытанне, якое змешчана пад гэтым нумарам. За правільны адказ на пытанне з зялёнага кубіка каманда атрымлівае адзін бал. Чырвоныя кубікі азначаюць “шчаслівы выпадак”— за правільны адказ на пытанне ў гэтым выпадку каманда атрымлівае адразу тры балы.
Калі каманды не ведаюць правільнага адказу, яго могуць даць гледачы.
Пачынае гульню каманда, у якой пакуль што менш балаў. Пачаргова кожная каманда выцягвае кубік і адказвае на пытанне пасля непрацяглага абмеркавання. Па сігналу (удар у музычны трохвугольнік, гонг) абмеркаванне спыняецца.
Пытанні на зялёных кубіках:
1. У садавіне і агародніне шмат вітамінаў. Падбярыце вітаміны для нашага стала на абед. Што кладзём у боршч? Што ў кампот?
2. Летам мы з вамі пасадзілі гарох, назіралі за яго ростам. Вось карткі, на якіх намалявана, як ён рос. Але карткі незнарок пераблыталіся. На наборным палатне трэба раскласці іх так, каб было добра бачна, што было спачатку, а што потым.
3. Для чаго расліне патрэбны корань?
(Корань утрымлівае расліну ў глебе, з дапамогай караня яна п'е ваду, якой мы яе паліваем. Таму глебу патрэбна часта рыхліць, каб даваць карэньчыкам доступ паветра, зямлю прыграбаць да сцяблінак, каб карані не размываліся і не засыхалі.)
4. Як правільна збіраць ягады і грыбы ў лесе? (Ягады не таптаць, збіраць у збанок па адной, пасля сябе на палянцы заўсёды пакідаць крыху ягад, каб на наступны год яны зноў паспелі. Грыбы не вырываць з грыбніцай, а зразаць нажом пад карэньчык ці выкручваць і даставаць грыб без карэньчыкаў.)
Пытанні на чырвоных кубіках:
1. Дзецям прапануецца адгадаць загадкі, а затым знайсці адгадкі на старонках Чырвонай кнігі Беларусі і расказаць, чаму гэтыя расліны занесены ў Чырвоную кнігу.
а) У гаі-гаёчку
Між травы-расы
Белыя званочкі
Спрабуюць галасы.

Іх шануйце, дзеці,
Каб такой красы
Больш было на свеце,
Каб жылі лясы.

(Ландыш)

б) Ляжыць кветка на лісце,
Хоча плысці па рацэ.
Дык вось бяда: прывязан плот,
Як на якар параход.

(Белая лілея)

2. Дзеці павінны адгадаць загадкі, знайсці адгадкі на старонках “Зялёнай кнігі” і даць адказ, чаму гэтыя расліны называюць “зялёнымі дактарамі”, г.зн. лекавымі раслінамі.
а) У лужку-лужочку
Выраслі сястрычкі:
Залатое вочка,
Белыя раснічкі.

(Рамонкі)
б) Назбіраем сініх кветак.
Іх у полі многа летам.
Вырастаюць ля сцяжынкі.
Як завуць іх ? Адкажы мне.

(Васілёк)

Пасля другога конкурсу журы падводзіць вынікі.
Зноў аб’яўляецца музычная хвілінка-весялінка.

III. ТЫ—ПРЫРОДЗЕ,
А ЯНА—ТАБЕ

За лета дзеці шмат даведаліся новага аб прыродзе, вывучылі многа беларускіх і рускіх прыказак і прымавак аб прыродзе і яе ахове. Камандам прапануецца пачаргова называць прыказкі ці прымаўкі, каб каманда-саперніца растлумачыла іх.
1. Расліны зямлю ўпрыгожваюць.
2. Пасадзіш зярнятка—вырасце расліна і г.д.
1. Ссячэш лес—на наступны год не вырасце.
2. Дрэва вадою жыве і ваду беражэ і г.д.
Падводзяцца вынікі III конкурсу.

IV. СУСТРЭЧА 3 ДОБРЫМ ЗНАЁМЫМ

Вядучы. Сёння я запрасіў на нашу гульню цікавага госця, вашага добрага знаёмага—Калабка. Ды штосьці ён спазняецца. Можа, што здарылася?
У пакой уваходзіць Калабок, а за ім Мядзведзь, які моцна кульгае, ледзь ідзе Вавёрка, трымаючы адну лапку ў другой.
Вядучы. Што здарылася? Калабок, каго ты да нас прывёў? Чаму вы ўсе пакутуеце, стогнеце? Раскажыце, калі ласка.
Калабок. Я спяшаўся да вас на гульню, ды сустрэў у лесе сваіх сяброў—лясных жыхароў. У кожнага з іх здарылася вялікая бяда. I вось мы прыйшлі да вас, дзеці, каб вы дапамаглі і абаранілі нас.
Вядучы. Ад каго? Сядайце, калі ласка, ды раскажыце ўсё па парадку.
Мядзведзь.
Я шукаў сабе вадзіцы,
3 ’еўшы мёду, каб напіцца,
Незнарок ступіў на шкло,
Шкло ў нагу мне увайшло.
Нехта пасярод палянкі
Шкло забыў ад бітай шклянкі.
Рана ные, аж гарыць...
Дайце рады! Ой, баліць...

Вавёрка.
Людзі неяк пад сасной касцёр палілі,
А заліць вадой вогнішча забылі.
Я ж свае грыбочкі на галлі сушыла,
Самы прыгажэнькі на зямлю ўпусціла.
Скочыла я долу, каб дастаць грыбочак,
Лапку апаліў мне злосны вугалёчак.
I цяпер вось плачу ды стагну ад болю...
Мусіць, не скакаць мне па галлі ніколі!

Калабок. Дапамажыце, дзеткі, маім сябрам у іх бядзе, дайце рады.
Вядучы. А як жа, Калабочак, вядома, дапаможам. Мы ведаем многа лекавых раслін, ведаем, як з іх дапамогай лячыць хворых.
1-я каманда. Вось, Мішка, трыпутнік. Мы прыкладзём яго табе да хворай лапы і перавяжам бінтам. Так твая рана хутка зажыве.
2-я каманда. Тваю лапку, Вавёрачка, мы змажам маслам шыпшыны, і яна хутка зажыве. А рыхтуюць яго вось з якіх смачных і прыгожых ягад.
Калабок. Вось і павесялелі мае сябры. Вялікі дзякуй вам, дзеці, за дапамогу! Вы зрабілі добрую справу.
Вядучы. Дзеці, давайце адкажам на пытанні, што трэба рабіць, каб са звярамі не здарылася ў лесе бяда.
Пытанне 1-й камандзе:
1. Што трэба рабіць, каб звяры не паранілі лапкі ў лесе?
2-й камандзе:
1. Што трэба рабіць, каб не здаралася такой бяды, як у Вавёркі?
У канцы гульні журы падводзіць і аб’яўляе вынікі, вядучы хваліць дзяцей за добрае веданне правіл паводзін у прыродзе.
Праводзіцца ўзнагароджванне пераможцаў і ўсіх удзельнікаў гульні. Галоўным прызам будзе невялікі канцэрт з выкананнем песень, чытаннем вершаў на экалагічную тэматыку.



Яшчэ на гэту тэму:

Люблю свой край     «Над Белай руссю — белы бусел»