сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена АЛЬПЯРОВІЧ, выхавальнік дашкольнай адукацыі вышэйшай катэгорыі, яслі-сад № 24 г. Ліды. Пралеска 05/2017

Купальскаю парою

Забава для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмныя задачы: фарміраваць уяўленні дзяцей пра народнае свята Купалле; развіваць хуткасць, спрытнасць, вынослівасць, уменне ўзаемадзейнічаць у гульнявой дзейнасці; выхоўваць павагу і любоў да народнай спадчыны, спрадвечных традыцый беларусаў.
Матэрыял і абсталяванне: касцюмы Івана, Купалінкі, Лесуна для дарослых, выява сонца, намаляванага на белай тканіне, надзіманы басейн, капялюш, галінкі, «вугольчык», вяроўка, лялька-«вядзьмар», «папараць-кветка», 5 вянкоў з кветак і траў, аўдыязапісы: беларускіх народных песень: «Ой, рана на Івана», «Купалінка», беларускай народнай музыкі.
Папярэдняя работа: падрыхтоўка вянкоў, выявы сОнца, развучванне вершаў, песень, гульняў.
Месца правядзення: фізкультурная пляцоўка.

Ход мерапрыемства

Гучыць беларуская народная песня «Ой, рана на Івана», хлопчык і дзяўчынка нясуць сімвалічную выяву сонца, намаляванага на белай тканіне.
Вядучы (В.).
Зіхаціць на небе сонца,
Вечар набліжаецца,
А ў дзятвы нашай вясёлай
Свята пачынаецца!
Глядзіце, Іван ды Купалінка ідуць!

Гучыць беларуская народная музыка. Выходзяць Іван і Купалінка.

Іван.
Добры вечар, зямліца родная!
Пачынаецца свята народнае.
Добры вечар, хлопцы, дзяўчаты,
Добры вечар, купальскае свята,
Што сабрала народу багата!

Карагодная гульня «Купалінка»

Дзеці ладзяць карагод. Купалінка падыходзіць да іх і пытаецца: «Чаму вы залатым замком замкнёны ды тканінаю завешаны?» Дзеці адказваюць: «Мы Купалінку чакаем. Залаты замочак адамкнём, тканіну адвесім».
Затым пускаюць Купалінку ў сярэдзіну карагода і пытаюцца:
«Купалінка, Купалінка,
Ту-ту-ту!
(Тупаюць і пляскаюць у далоні.)
«Дзе ж твая дачка? ту-ту-ту!»
(Тупаюць і пляскаюць у далоні.)
Купалінка адказвае:
«У полі кветачкі рве,
Кветачкі рве, вяночкі ўе!»
Дзеці рухаюцца ў карагодзе і гавораць:
«А нашай (-аму) (называюць імя дзяўчынкі ці хлопчыка)
Не хапіла вянца,
А ёй (яму) трэба чапца».
Купалінка падбягае да названага дзіцяці і Надзявае яму чапец (капялюш). Гэты ўдзельнік далей выконвае ролю Купалінкі ці Купалы. Гульня паўтараецца 2—3 разы.
В. 3 чым ты да нас завітала, Купалінка?
Купалінка. Да вас я прыйшла з летнім, добрым вечарам, ласкавымі песнямі, гульнямі жвавымі.

Беларуская народная гульня «Барада»

Дзеці становяцца ў круг. Вядучы вымаўляе словы-лічылку:
«Прэла, гарэла,
За мора ляцела.
Вусь, барадусь, кіслы квас,
Лаві, барада, нас».

Той, на кім скончылася лічылка, выконвае ролю «барады» і пачынае лавіць дзяцей. Каго «барада» асаліць, той дапамагае лавіць астатніх. Нельга лавіць гульцоў у спецыяльна адведзеным месцы-«доме», куды яны забягаюць адпачыць.
Іван. Купалле святкуюць з даўніх часоў. Гэта свята маладосці, росквіту прыроды.
Купалінка.На Купалле нашы продкі ўсхвалялі сонца, увасабленнем якога былі купальскія вогнішчы. Усе жадалі, каб сонейка горача свяціла і грэла, каб было цёплае лета і добры ўраджай.
1-ы хлопчык.
Сёння Купала, а заўтра Ян.
Сыйдзі, сонейка, зайграй нам.
2-і хлопчык.
Як будзе сонейка іграць,
Мы пойдзем Купалу спяваць.
3-і хлопчык.
Будуць дзяўчынкі кветкі рваць,
Будуць Яна ўспамінаць.
Іван. Хлопчыкі і дзяўчынкі, ідзіце да мяне, будзем «вогнішча» ладзіць! (Дзеці з галінак робяць «вогнішча».)

З’яўляецца Лясун.

Лясун. Добры дзень, дазвольце дымку панюхаць, вугольчык узяць.
В. Не, Лясун, не пусцім цябе да агню, бо ты нам свята сапсуеш.
Дзеці.
Лясун, Лясун у лес хадзіў,
Дровы збіраў, печку паліў,
Печку паліў ды нос прышчапіў.
Лясун. Вось зараз вас усіх злаўлю і ў лес аднясу! (Дзеці ўцякаюць ад Лесуна.) Якія вы спрытныя! Давайце сябраваць і разам гуляць.

Беларуская народная гульня «Вугольчык»

3 дзяцей выбіраюць водзячага — «маці». Гульцы становяцца ў рад, «маці» з «вугольчыкам» абыходзіць іх, кожнаму кажа: «На табе» — і аддае яго аднаму з дзяцей. Лясун адгадвае, у каго «вугольчык». Калі адгадае, то дзіця застаецца з «маці», але адыходзіць у бок і пакуль што не ўдзельнічае ў гульні. Калі не адгадае, то дзіця, у якога быў «вугольчык», ідзе да Лесуна. Такім чынам гульня працягваецца далей. Калі застанецца толькі адно дзіця, «маці» пытаецца ў Лесуна: «Адгадай, у маці ці ў дзіцяці?» Калі Лясун адгадае, то гэта дзіця ён забірае да сабе. Потым усе гульцы бяруцца за вяроўку, з аднаго канца якой становіцца «маці» са сваімі дзецьмі, а з другога — Лясун са сваімі дзецьмі. Кожны імкнецца перацягнуць вяроўку на свой бок. Хто перацягне, той і выйграе.
Лясун.
Я, Лясун, даю сваё слова
Не дражніць анікога.
Дыхам вас не пужаць
I ў гушчар не зваць.

Лясун развітваецца і пакідае пляцоўку.

Купалінка. Людзі казалі, што ў купальскую ноч расцвітае папараць-кветка, а той, хто яе адшукае, будзе самы шчаслівы і зможа разумець размовы жывёл і раслін. Запрашаю вас, дзеці, у падарожжа, шукаць папараць- кветку!

Дзеці шукаюць «папараць-кветку».

Купалінка (звяртаецца да таго, хто яе знайшоў).
Хай жа твой лёс будзе шчаслівы!
У хаце хай будзе весела,
I сытна, і мірна, і песенна!
Зараз запрашаю ўсіх пагуляць з папараць- кветкай!

Карагодная гульня «Вядзьмар»

3 ліку ўдзельнікаў выбіраюць водзячага, ён трымае ляльку — «ведзьмара». Дзеці ладзяць карагод, у сярэдзіне якога стаіць Купалінка, і гавораць:
«Купалінка, Купалінка,
Купалінка наша,
Дай нам золата багата».

Купалінка адказвае:
«Дам вам папараць-кветку,
Будзеце багатыя На ўвесь белы свет».

Дае аднаму з дзяцей «папараць-кветку», потым кажа:
«Вядзьмар ідзе,
Папараць-кветку адбярэ».

Дзеці ўтвараюць паўмесяц і адводзяць рукі за спіну, нібыта хаваюць «папараць-кветку». Водзячаму трэба адгадаць, у каго знаходзіцца падарунак Купалінкі. Калі здагадаецца, той уцякае і імкнецца аддаць кветку Купалінцы. Калі гэта атрымаецца, дзіця выконвае ролю Купалінкі, калі не — становіцца водзячым. Гульня паўтараецца 2-3 разы.
Купалінка (звяртае ўвагу на вянкі з кветак і траў). Іванка, паглядзі, якія вянкі сплялі дзяўчынкі.
Іван. Вельмі прыгожыя! Давайце пагуляем з імі.

Гульня «Назаві кветку»

Дзеці стаяць у крузе. У аднаго дзіцяці ў руках вянок. Гульцы перадаюць яго адзін аднаму і даюць назвы кветак. Той, хто не назаве ці паўторыць ужо названую кветку, выбывае і становіцца ў цэнтр круга. Гульня працягваецца да таго часу, пакуль не застанецца адзін удзельнік — пераможца.

Карагодная гульня «Вяночак»

Дзеці стаяць кругам. У цэнтры яго — Купалінка з вянком у руках, яна адвольна ходзіць і кажа:
«Вось вянок які прыгожы ў мяне,
Вось вянок які цудоўны ў мяне!
(Называе імя дзіцяці) я вяночак падару,
Скокі вясёлыя разам з ім я завяду!»

Купалінка надзявае вянок названаму дзіцяці, ён выходзіць у цэнтр круга і танцуе разам з ёй, астатнія дзеці, прытанцоўваючы, пляскаюць у далоні. Гульня паўтараецца 2—3 разы.
Купалінка. Заканчвалася купальскае свята ля ракі. Дзяўчаты пускалі вянкі па вадзе і гадалі на свой лёс.

Дзеці збіраюцца каля надзіманага басейна. У чатырох дзяўчынак — вянкі з кветак і траў.

1-я дзяўчынка (апускаючы вянок у ваду).
Звіла вяночак з кветак і лісточкаў,
Мо, напаткаю шчасце роснай ночкай.
2-я дзяўчынка.
Вянок мой сціплы, я — не ганарліўка,
3 мастка пусціла, пад густой вярбінкай.
3-я дзяўчынка.
Рамонкі ў ім, мятліца і званочкі,
Чакаю штось чароўнае ад ночкі.
4-я дзяўчынка.
Плыві-плыві, вяночак, купальскаю парою.
3 вады не зводжу вочак, цікую за табою.
Н. Кавальчук
Купалінка.
Сонца ўзыдзе — новы дзень настане,
Зазвініць над рэчкай салаўіны гай.
Іван.
Закрасуе ў полі ніва залатая —
Гэта наша радасць! Гэта родны край!

Карагод

пад бел. нар. песню «Купалінка»

В. Вось і скончылася Купалле — свята росквіту зямлі, свята народнай творчасці!
Іван. Мы праводзілі сонца на другую палову года.
Купалінка.
Хай і ў гэтай палове года
Кветка шчасця будзе ў народа!

ЛІТАРАТУРА:
1. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2012.
2. Дубініна, Д.М. Родныя вобразы ў паэтычным слове: дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі: у 2 ч. Ч. 2 / Д.М. Дубініна. — Мазыр: Белы Вецер, 2008.

Яшчэ на гэту тэму:

Красачкі купальскія     Купалле