сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. М. АЛЯШКЕВІЧ-ЛЯШКОВІЧ, настаўніца сярэдняй школы № 16 г. Мінска. Беларуская мова і літаратура 2/2007

Жыву ў Беларусі і тым ганаруся

(інтэлектуальна-пазнавальная гульня, VIII—X класы)

Мэты: пашырыць веды пра гісторыка-культурную спадчыну Беларусі і яе сучасныя дасягненні; фарміраваць паважлівыя адносіны да сваёй Радзімы, выхоўваць пачуццё гонару і глыбокай павагі да нацыянальных традыцый, звычаяў, культуры.
Абсталяванне: мультымедыйная сістэма для прэзентацыі, картка з тэмамі, нумарамі заданняў і іх коштам (для вучня, які дапамагае настаўніку праводзіць гульню), картка з тэмамі, нумарамі заданняў і іх коштам для кожнай каманды, дзе вядучы адзначыць атрыманыя балы.

Да ўрока неабходна размеркаваць вучняў на 8 каманд. Гучыць фанаграма песні «Радзіма мая дарагая» (муз. У. Алоўнікава, сл. А. Бачылы) або «Мой родны кут» (муз. I. Лучанка, сл. Я. Коласа) — на выбар настаўніка.
Першы чытальнік.
О Беларусь, мая калыска,
Жыццё маё, прытулак мой!
3 гарачаю любоўю нізка
Схіляюся перад табой.
Зямны паклон табе, радзіма,
Тваім палям, тваім лясам,
Тваім заводам з белым дымам,
Тваім гасцінцам і шляхам.
На спелых нівах ураджайных,
Ад краю ў край, ва ўсе канцы,
Махаюць крыламі камбайны,
Спяваюць жнеі і касцы.
(П. Панчанка)

Другі чытальнік.
Мяжуе з Польшчай, Украінай,
Расіяй, Латвіяй, Літвой.
Твой родны край, твая Айчына —
Жыццё тваё і гонар твой.
І ты яе запомні імя,
Як неба, сонца і зару.
Твая зямля, твая радзіма
Названа светла —
Бе-ла-ру-сь.
(Ю. Свірка)

Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.
Настаўнік. Прывітанне, паважаныя сябры! «Беларусь — мая маці і мова, паветра і хлеб», — сказаў паэт. Кожны чалавек непасрэдна звязаны з той зямлёй, на якой нарадзіўся. Так і мы, дзеці нашай мілай маці-Беларусі, павінны ведаць, што краіна, у якой мы жывём, — гэта самы цудоўны падарунак лёсу, самае дарагое, што ў нас ёсць. Патрэбна толькі сэрцам адчуць еднасць з ёй, ведаць мінулае роднага краю, ганарыцца яго культурнай спадчынай.
Для нас надышоў самы хвалюючы і адказны момант — гэта інтэлектуальная гульня. Яе правілы наступныя. Кожная каманда па чарзе выбірае намінацыю з прапанаваных на экране і, адпаведна, пытанне з пазначанай колькасцю балаў (ад 10 да 80). Калі каманда не здолее адказаць на пытанне, балы залічваюцца той камандзе, якая першая агучыць правільны адказ.
У канцы гульні мы падвядзём вынікі, і каманда-пераможца атрымае ўзнагароду (дыплом, сувенір), але пераможаных не застанецца, бо кожны з нас узновіць ці атрымае новыя веды, далучыцца да духоўных скарбаў роднай Беларусі. Мне будзе дапамагаць адзін з вучняў, якому даручаецца весці ўлік пытанняў і балаў.
Жыву ў Беларусі і тым ганаруся. Табліца балаў.

Пытанні

I. Дзяржава і яе сімвалы.

10. Кожны год у нашай краіне ладзіцца шмат святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да розных памятных падзей. Летам мы адзначаем надзвычай важнае і любімае народнае свята. На яго заўсёды запрашаюць шмат гасцей з розных краін свету. Гэта свята сімвалізуе еднасць народа і дзяржавы, нашу самабытнасць. Адзначаецца яно ў дзень вызвалення Мінска ад гітлераўскіх захопнікаў. Як называецца гэта свята і калі адзначаецца? (Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, або Дзень Рэспублікі — 3 ліпеня.)
20. Беларусь — незалежная дзяржава. Але наш народ паважае іншыя народы і ганарыцца братэрскімі сувязямі. У нашай краіне адзначаецца як свята Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Калі адзначаецца гэта свята? (2 красавіка.)
30. Кожная дэталь у гэтым дзяржаўным сімвале мае сваё значэнне.
Зялёны колер тэрыторыі Беларусі ў залатых промнях узыходзячага Сонца гаворыць аб тым, што ўсе свае думкі грамадзяне скіроўваюць да Айчыны: гэта наша зямля, нам чужой не трэба, але і сваёй не аддамо. Контур краіны знаходзіцца ў сярэдзіне сімвала, утворанага вянком з каласоў. Пра які дзяржаўны сімвал ідзе размова? (Герб.)
40. Наш сцяг мае тры колеры: чырвоны, зялёны і белы.
Чырвоны колер служыць знакам Сонца, сімвалізуе братэрства. Гэта знак шчаслівага жыцця. Зялёны колер — Прырода, гэта палі, лясы краіны. Гэта колер дабра, росту, развіцця, дабрабыту і міру. Што сімвалізуе белы колер і арнамент? (Белы колер — колер свабоды, маральнай чысціні і мудрасці. Арнамент сімвалізуе працавітасць, народнае майстэрства.)
50. Гімн расказвае пра мінулае беларускага народа, у ім гучыць пажаданне славы, росквіту, вечнага жыцця Беларусі, заклік любіць і шанаваць нашу Радзіму. Хто з’яўляецца аўтарам музыкі і тэксту Дзяржаўнага гімна? (Музыка Нестара Сакалоўскага, словы Міхася Клімковіча, Уладзіміра Карызны.)
60. Герб і сцяг Рэспублікі Беларусь прыняты ў выніку ўсенароднага галасавання 14 мая. Якога года? (1995-га.)
70. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — асноўны Закон краіны. У нашай краіне было прынята пяць канстытуцый: у 1919 г., 1927 г., 1937 г., 1978 г. Калі была прынята апошняя Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь? (15 сакавіка 1994 года.)
80. Назавіце важнейшае права чалавека, якое замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. (Права на жыццё.)

ІІ. Зямля Беларусі — краіна герояў.

10. Лёс нашай краіны ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны падзялілі яшчэ чатырнаццаць рэспублік, якія ўваходзілі ў склад СССР. Якая кодавая назва плана вайны фашысцкай Германіі супраць СССР (ад прозвішча германскага караля і імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрыха I)? (Барбароса.)
20. Якая кодавая назва летняй (1944 г.) стратэгічнай наступальнай аперацыі Чырвонай Арміі па вызваленні Беларусі? (Баграціён.)
30. Што сімвалізуюць чатыры штыкі- абеліскі Кургана Славы, узведзенага ля шашы Мінск — Масква? (Чатыры франты — удзельнікі вызвалення Беларусі.)
40. Назавіце прозвішча аднаго з арганізатараў падпольнага і партызанскага руху, Героя Савецкага Саюза. 3 1965 па 1980 г. — першы сакратар ЦК КПБ, які трагічна загінуў. Яго імя носіць адзін з праспектаў горад Мінска. (Пётр Міронавіч Машэраў.)
50. Назавіце прозвішча палітычнага і ваеннага дзеяча Рэчы Паспалітай, кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г. у Польшчы, Беларусі і Літве. У 1776 г. выехаў у Амерыку, дзе ўнёс вялікі ўклад у змаганне супраць англійскага каланіяльнага ўладарніцтва. Атрымаў званне генерала. У 1784 г. вярнуўся на Радзіму, уключыўся ў нацыянальна-вызваленчы рух народаў Рэчы Паспалітай. (Тадэвуш Касцюшка.)
60. Славуты дзяржаўны і Грамадскі дзеяч Вялікага княства Літоўскага, дыпламат. Вечным помнікам яму стаў падрыхтаваны і выдадзены яго дбаннем на беларускай мове адзін з найбольш дасканалых узораў сусветнай юрыдычнай думкі таго часу — Статут Вялікага княства Літоўскага. Назавіце яго прозвішча. (Леў Сапега.)
70. У XII стагоддзі на беларускіх землях утварылася Вялікае княства Літоўскае. Адным з самых моцных кіраўнікоў яго быў гэты князь. Пры ім ВКЛ стала найбуйнейшай еўрапейскай дзяржавай. Аўтарытэт яго ў свеце быў настолькі Вялікі, што недзе каля 1410 г. імператар Святой Рымскай імперыі Жыгімонт і сам Папа Рымскі Марцін шукалі яго падтрымкі і прапанавалі яму каралеўскую карону, але перад каранацыяй ён памёр. Мікола Гусоўскі прысвяціў яму шмат радкоў у знакамітай паэме «Песня пра зубра». Назавіце імя князя. (Вітаўт.)
80. Назавіце прозвішча лётчыка, які стаў першым Героем Беларусі. (Уладзімір Карват.)

III. Культурная спадчына.

10. Назавіце нашу святую, якую здаўна шануюць як нябесную заступніцу беларускай зямлі, як асветніцу нашых продкаў.
(Еўфрасіння Полацкая.)
20. У першага самастойнага ўладара Полацкага княства Рагвалода была дачка. Чаму яе называюць князёўнай з трыма імёнамі? 3 якімі? (Рагнеда — Гарыслава — Анастасія.)
30. Назавіце імя друкара, год і горад, дзе пачалі друкавацца першыя кнігі на старабеларускай мове. (Ф. Скарына, 1517 г„ Прага.)
40. Назавіце імя паэта-гуманіста эпохі Адраджэння, які паходзіў з сям’і паляўнічага. У 1518 г. у складзе польска-літоўскай дыпламатычнай місіі трапіў у Рым, дзе ў 1522 годзе стварыў свой лепшы твор — паэму-жамчужыну, прасякнутую любоўю да роднай зямлі. (Мікола Гусоўскі.)
50. Перанясёмся ў 1629—1680-я гг. На гэты час прыпадае дзейнасць славутага сына полацкай зямлі. Літаратурная спадчына паэта, драматурга, асветніка і філосафа даволі разнастайная: «Буквар языка славенскага...», «Рыфмалагіён», «Вертаград мнагацветны», камедыі, прытчы, казанні, рытуальныя прамовы-пропаведзі. Назавіце імя гэтага славутага дзеяча. (Сімяон Полацкі.)
60. Адзін з самых вядомых прадстаўнікоў свайго роду, вялікі літоўскі гетман, адзін з прэтэндэнтаў на карону Рэчы Паспалітай. Мастак і цудоўны музыкант. Самы вядомы створаны ім паланез «Развітанне з Радзімай» носіць яго імя. (Міхаіл Клеафас Агінскі.)
70. Назавіце імя славутага мастака пачатку XX ст., які нарадзіўся ў Беларусі, жыў і ствараў палотны ў Пецярбургу, аўтара знакамітай карціны «Лютаўскі блакіт» (Февральская лазурь). (Ігар Грабар.)
80. Назавіце прозвішча скульптара, аўтара цудоўнага ансамбля на плошчы Якуба Коласа ў Мінску. (Заір Азгур.)

IV. Каменны летапіс.

10. Гэты будынак належаў сям’і Вайніловічаў як памяць па іх заўчасна памерлых дзецях Сымоне і Алене. Потым тут быў размешчаны Дом кіно. Сёння ў будынку лунаюць анёлы і гучыць духоўная музыка, адбываюцца набажэнствы. (Чырвоны касцёл.)
20. Назавіце архітэктурны помнік, які знаходзіўся на плошчы Свабоды ў Мінску. У савецкі час быў разбураны і толькі ў апошнія гады адноўлены на ранейшым месцы. У гэтым будынку размяшчаўся тэатр, праводзіў пасяджэнні губернатар, засядала гарадская дума. (Ратуша.)
30. Гэты сабор пабудаваны ў Полацку ў ХІ стагоддзі паводле загаду Усяслава Чарадзея. У адной з яго келляў некаторы час жыла Еўфрасіння Полацкая. Менавіта ў гэтым саборы яна папрасіла благаславення будаваць Спаса-Еўфрасіннеўскую царкву. (Сафійскі сабор.)
40. Назавіце царкву, якая пабудавана паводле загаду Еўфрасінні Полацкай. Яна захавалася да нашага часу і знаходзіцца ў складзе знакамітага жаночага манастыра. Сёння ў ёй захоўваюцца мошчы прападобнай заступніцы беларускай зямлі. (Спаса- Еўфрасіннеўская царква.)
50. Назавіце касцёл, першае набажэнства ў якім адбылося ў 1700 г. На ім прысутнічалі кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст II і рускі цар Пётр I. Ён займаў цэлы квартал. На жаль, нядаўна ў ім адбыўся пажар і загінула палова каштоўных скульптур алтара. Сёння гэты касцёл уваходзіць у спіс архітэктурных каштоўнасцяў краіны. (Фарны касцёл езуітаў у Гродне.)
60. Знакаміты замак, які набыў другое жыццё пасля рэстаўрацыі і цяпер гасцінна прымае замежных і айчынных падарожнікаў. Яго старажытныя вежы і сцены з чырвонай цэглы прыцягваюць увагу ўсіх аматараў даўніны. (Мірскі замак.)
70. Князі, што валодалі гэтым замкам, належалі да вельмі старажытнага роду. Іх нават называлі каралямі. Князёўна Барбара стала жонкай польскага караля Зыгмунда Аўгуста II, але праз год пасля каранацыі памерла. Існуе паданне, што каралева засталася жыць у сваім замку прывідам — гэта знакамітая «Чорная дама». А «12 залатых апосталаў», схаваных адным з гаспадароў замка, не знойдзены і да нашых дзён. Пра які замак ідзе гаворка? (Нясвіжскі замак.)
80. Гэта царква пабудавана на Вайсковых могілках у Мінску ў 1896—1898 гг. у гонар перамогі рускіх войскаў у руска-турэцкай вайне 1877—1878 гг. Пад царкоўным будынкам размешчаны падвалы, якія ў час Вялікай Айчыннай вайны сталі сховішчам для мінчан ад прымусовага перасялення ў Германію. (Царква Аляксандра Неўскага.)

V. Зямля пад белымі крыламі.

10. Якая птушка з’яўляецца сімвалам нашай краіны? (Бусел.)
20. У гушчары старых бароў, як сляза, што ўпала з неба, блішчала вялікае возера... Назавіце самае вялікае па плошчы возера, размешчанае ў Мядзельскім раёне. Пра яго складзена шмат народных легендаў і паданняў, а Максім Танк прысвяціў яму сваю паэму. Побач з ім размешчаны беларускі курорт. (Возера Нарач.)
30. Якую расліну — сімвал беларускай зямлі — згадвае Максім Багдановіч у славутым вершы «Слуцкія паясы»? (Васілёк.)
40. Якое дрэва распусціла галлё над курганам у знакамітай паэме Янкі Купалы «Курган»? (Дуб.)
50. Самая магутная жывёла нашых лясоў, якая захавалася толькі ў знакамітай пушчы. Мікола Гусоўскі прысвяціў паляванню на гэту жывёлу шмат радкоў сваёй паэмы. (Зубр, Белавежская пушча.)
60. Самае старажытнае дрэва ў нашых лясах. Гэта асноўная парода, якая дае драўніну для будаўніцтва, вытворчасці высакаякаснай паперы, штучных валокнаў. 3 яго драўніны вырабляюць музычныя інструменты. (Елка.)
70. На месцы былой сельскагаспадарчай выставы быў закладзены Цэнтральны батанічны сад Акадэміі навук Беларусі. У якім годзе, адбылася гэта падзея? (У 1931 годзе.)
80. У гэтым скверы горада Мінска ў 2001 г. адбылася рэканструкцыя. Вядомасць яму надалі скульптурныя групы «Дзяўчынка пад парасонам», «Дама», «Курыльшчык». Як называецца гэты сквер? (Міхайлаўскі сквер.)

VI. Песняры.

10. Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!
Назавіце аўтара гэтых бессмяротных радкоў. (Якуб Колас.)
20. З творчасцю славутага песняра Янкі Купалы мы знаёмыя з дзяцінства. Нас зачароўвае песня «Спадчына» на словы з аднайменнага твора. А ці памятаеце вы, дзе нарадзіўся пісьменнік? (У Вязынцы.)
30. Сапраўднае імя гэтага пісьменніка — Іван Фёдараў. Прыгодамі яго «палескіх рабінзонаў» цікавяцца падлеткі. Назавіце псеўданім — творчае імя пісьменніка. (Янка Маўр.)
40. Гэтага пісьменніка называюць гонарам і сумленнем беларускай літаратуры. Дыяпазон яго твораў шырокі і разнастайны: ад казкі «Нямоглы бацька» да рамана «Каласы пад сярпом тваім». У Віцебску яму пастаўлены помнік з надпісам «Быў. Ёсць. Буду.». (Уладзімір Караткевіч.)
50. Паэт, які амаль усё жыццё правёў за межамі радзімы, але лічыў сваім абавязкам пісаць творы на мове свайго народа. Лёс адвёў яму кароткі зямны век. Аўтар адзінага прыжыццёвага зборніка «Вянок». У 2007 г. адбудуцца 90-я ўгодкі з дня смерці паэта. Назавіце яго імя. (Максім Багдановіч.)
60. Назавіце аўтара раманаў «Бацькаўшчына», «Зямля», «Пошукі будучыні» і інш. Дзяцінства яго прайшло ў вёсцы Цімкавічы на Капыльшчыне. (Кузьма Чорны.)
70. Пісьменнік, які з’яўляецца майстрам псіхалагічнага партрэта. Вайна наклала на яго творчасць глыбокі адбітак. Аповесці «Жураўліны крык», «Трэцяя ракета», «Сотнікаў», апавяданні «Сваякі», «Незагойная рана» і інш. уражваюць глыбокім псіхалагізмам. (Васіль Быкаў.)
80. Назавіце пісьменніка — аўтара раманаў «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань». Дзе ён нарадзіўся? Які буйны твор гэтага пісьменніка прысвечаны вызваленню Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў? (Іван Мележ, вёска Глінішчы Хойніцкага раёна. Раман «Мінскі напрамак».)

VII. У свеце народных традыцый.

10. Гэта старажытнае свята было прымеркавана да зімовага сонцастаяння. Пазней пачатак сталі звязваць з Нараджэннем Хрыстовым. На свята людзі вадзілі «казу», «мядзведзя», насілі зорку. У святочных песнях гучалі самыя лепшыя зычэнні. За песні і пажаданні гаспадары частавалі юнакоў і дзяўчат рознымі прысмакамі. (Каляды.)
20. Падчас гэтага свята хлопцы і дзяўчаты водзяць карагоды, скачуць праз вогнішча і шукаюць самую чароўную кветку шчасця. (Купалле.)
30. На якое вясёлае свята пачыналі гукаць вясну? (Масленіца.)
40. Як называецца свята, калі ўшаноўваюць памяць памерлых продкаў? (Дзяды.)
50. Як называецца цыкл народных песень, звязаных з земляробчым календаром? (Каляндарна-абрадавыя.)
60. Найвялікшае каляндарнае свята. 3 пашырэннем хрысціянства прыстасавана да ўваскрашэння Хрыста і стала рухомым, адзначаецца з 4 красавіка да 8 мая. (Вялікдзень.)
70. Напярэдадні гэтага свята, 5 мая, беларусы ўшаноўвалі сімвал вясны, росквіту прыроды. Дзяўчаты на лузе выбіралі самую прыгожую дзяўчыну, апраналі яе русалкай, упрыгожвалі зелянінай, вянком з кветак, вадзілі вакол яе карагоды і спявалі:
Блаславі, маці,
Ой, Лада, маці,
Вясну заклікаці... (Юр’я.)

80. На якое свята спявалі прыпеўку:
Ой, чыя то дачка, як ягадачка,
Святы вечар добрым людзям!
Бацькова дачка, як ягадачка.
Як у сені ўвайшла — сені заззялі.
Як у хату ўвайшла — паны паўставалі.
(Каляды.)

VIII. Крок у будучае.

10. Гэтым будынкам можа ганарыцца кожны грамадзянін нашай краіны. «Храм навукі» мае агульную плошчу 112,6 тыс. квадратных метраў. На 22 паверсе знаходзіцца закрытая назіральная пляцоўка «Панарама». (Нацыянальная бібліятэка Беларусі.)
20. Будынак на перакрыжаванні шляхоў. Яго прыгажосць, сучаснасць і зручнасць здзіўляюць людзей, якія ўпершыню наведваюць нашу краіну. (Вакзал.)
30. Гэты завод быў заснаваны ў 1946— 1948 гг. Яго прадукцыя носіць назву нашай дзяржавы, гэты брэнд вядомы далёка за межамі краіны. (Мінскі трактарны завод.)
40. У 1931 г. была заснавана гэта самая любімая ўсімі дзецьмі фабрыка. Яе салодкая прадукцыя карыстаецца вялікім попытам, а яе якасцю задаволены самыя патрабавальныя пакупнікі. Яе брэнды «Белавежская пушча», «Лявоніха» і інш. (Камунарка.)
50. Імя дзяўчынкі Ксеніі Сітнік стала вядома жыхарам нашай краіны імгненна.
Чаму? (Трыумфальнае выступленне на дзіцячым конкурсе Еўрабачання.)
60. Гэта адна з самых маладых спартыўных пабудоў Мінска. Сучасны будынак з металу, шкла, бетону. Мае арэны для міні-футбола, для міжнародных спаборніцтваў. (Манеж футбольны.)
70. Прадукцыя гэтага завода прысутнічае дома амаль у большай паловы жыхароў краіны. Без яе немагчыма захаваць розныя прысмакі і стравы ў спякотны дзень. (Мінскі завод халадзільнікаў «Атлант».)
80. Назавіце фонд, які падтрымлівае таленавітую моладзь краіны. У межах якой праграмы ён існуе? (Прэзідэнцкі фонд па падтрымцы таленавітай моладзі ў межах праграмы «Маладыя таленты Беларусі 2006—2010 гг.».)

Настаўнік. Вось і скончана на сёння вандроўка па старонках гісторыі і сучаснасці нашай Радзімы. Пакуль будуць падводзіцца вынікі, я прапаную вам успомніць пра самае цікавае падарожжа па роднай краіне, у якім вы прымалі ўдзел. (Тут можна паслухаць некалькі адказаў, даць іншае заданне, паслухаць музычны ўрывак і г. д.)
Аб’яўляецца каманда-пераможца і ўзнагароджваецца.
Настаўнік. Віншуем пераможцаў і спадзяёмся, што сустрэча з традыцыямі, звычаямі роднай зямлі абавязкова працягнецца, калі мы таго пажадаем, і на ўроках, і ў жыцці, бо мы — беларусы, мы памятаем мінулае, мы шануем сучаснае і будзем ствараць будучае. Ад кожнага з нас залежыць, якой будзе наша дзяржава. I кожны сам павінен задаць сабе пытанне: што асабіста я магу зрабіць для Радзімы? I тады з гонарам можна сказаць: «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся».
Трэці чытальнік.
Мая Беларусь! —
Прыдняпроўе, Палессе,
Край сініх азёраў і рэк,
Айчына Купалавай песні,
Што ў сэрца запала навек.
(П. Прыходзька)

Чацвёрты чытальнік.
О Беларусь, мая шыпшына,
Зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
Чарнобылем не зарасцеш.
(У. Дубоўка)

Пяты чытальнік.
Пакуль сонца не згасне,
Пакуль свецяцца зоры,
Беларусь не загіне!
Беларусь будзе жыць!
(П. Панчанка)

Гучыць песня «Люблю цябе, Белая Русь» (муз. Ю. Семянякі, сл. У. Карызны).

Дадатак


Картка з тэмамі, нумарамі заданняў і іх коштам для кожнай каманды, дзе вядучы адзначае атрыманыя балы
Жыву ў Беларусі і тым ганаруся. Табліца балаў2.

Яшчэ на гэту тэму:

"Мая радзіма - беларусь": гульня     3 любоўю да Беларусі