сцэнарыі святаў на беларускай мове

В. Я. ДРАЗДОВА, выкладчык, Т. А. СТАРАВОЙТАВА, старшы выкладчык кафедры педагогікі і методыкі пачатковага навучання Магілёўскага педінстытута. Пачатковая школа 11/1992

Навагодні ранішнік

У зале стаіць прыгожая ёлка. Гучыць музыка. Вучні, утварыўшы два кругі, павольна ідуць вакол ёлкі ў супрацьлеглых напрамках: любуюцца прыгажуняй.
Вядучы. Сёння ў нас свята — Новы год. Паглядзіце, якая елачка ў нас. Толькі чамусьці на ёй не гараць агеньчыкі. Давайце папляскаем у ладкі — і ёлачка запаліць свае агеньчыкі. (Дзеці пляскаюць у ладкі.) Вось як добра! Агеньчыкі загарэліся, цяпер ёлачка яшчэ прыгажэйшай стала.
Вядучы.
Ёлачка-красуня
У бары жыла,
Пад блакітным небам
Дужэла, расла.
А цяпер у зале
Ёлачка стаіць,
Цацкамі, агнямі
Ззяе, зіхаціць.

Дзеці спяваюць «Святочную» А. Філіпенкі і водзяць карагод вакал ёлкі.
1-ы вучань.
Чакае ўся зямля яго,
Па следу выглядае.
Ужо ў дарозе Новы год
І хутка завітае.

2-і вучань.
Прыйшла красуня ёлка
Уцехай для вачэй
І ззяе, як вясёлка,
Ярчэй, ярчэй, ярчэй.

3-і вучань.
Пабраўшыся за рукі,
У срэбранай цішы
Ля ёлкі без прыпынку
Паскачам ад душы.

4-ы вучань.
У гэтым карагодзе
І дзеці, і звяры
Сышліся ў добрай згодзе,
Як даўнія сябры.

5-ы вучань.
На ёлцы ўспыхнулі агні,
І зоркі карагодзяць.
І вось ён дзверы расчыніў!
І мы — у Новым годзе!

Вядучы. Але якая гэта ёлка без Дзеда Мароза? Дзеці, давайце праспяваем пра яго песеньку, ён пачуе і прыйдзе да нас на свята.
Дзеці спяваюць песню «Гуканне Дзеда Мароза» (словы У. Карызны, музыка Ю. Семянякі).
Чуецца голас Дзеда Марож «Агу-агу!»
У залу ўваходзяць Дзед Мароз са Снягурачкай і маленькім Снегавічком.

Дзед Мароз.
Толькі раз у Новым годзе
Я да вас прыходжу ў госці
I танцую ў карагодзе,
Як скакаў у маладосці.
Раздаю вам падарункі
І спяваю з вамі песні.
Залацістая ў карунках
Ёлка пахне раннем веснім.
(К. Буйло.)

Дзед Мароз водзіць з дзецьмі карагод вакол ёлкі.
Дзед Мароз. Ой, як хораша ў вас, але я вельмі баюся спякоты. Снягурачка- ўнучачка, дзе ж твае сняжыначкі?
Снягурачка разам з дзяўчынкамі- сняжынкамі выконвае «Танец сняжынак».
Снегавічок. Дзядуля Мароз! Пагуляй са мной і дзецьмі, паглядзім, хто самы спрытны.
Дзед Мароз. Добра, Снегавічок. Станавіцеся за мной і ідзіце.
Я іду, іду, іду,
За сабой дзяцей вяду.
А як толькі павярну,
Ўсіх дзяцей пералаўлю.

Пачынаецца гульня «Даганялкі». Пасля гульні вядучы прапануе Дзеду Марозу, Снягурачцы і Снегавічку адпачыць і паслухаць вершы. Дзеці чытаюць вершы пра Дзеда Мароза, зіму.
Ёлка

Вырасла яліна ў лесе,
Стройная, высокая.
А сягоння Дзед Мароз
Гэту ёлку нам прынёс.
Тут і воўк, і мядзведзь
Паварочваецца ледзь,
Тут і зайка касавокі
Неадступна пры лісе,
А як кот пайшоў у скокі —
Аж у ладкі білі ўсе:
— Вось дык лоўкасць у ката —
Проста глянуць любата!
А на ёлцы — цацак, цацак!
Ззяюць іскры інею,
І шары на ёй зіхцяцца
Белыя і сінія.
(Н. Гілевіч.)

Снежны дзед

Колькі шуму, колькі смеху:
Дзеда лепім мы са снегу!
Задала зіма работы —
Па двары кацілі ўтрох
І паставілі ля плота.
Дзед стаіць, хоць і без ног.
Замест рук уткнулі палкі,
Вочы — вугалю кавалкі,
Нос — чарэпак з гладыша,
Барада — шматок кудзелі,
А на лысіну надзелі
Кош замест капелюша.
Ну і дзед! Відаць, яму
Тут стаяць усю зіму.
(Н. Гілевіч.)

Ёлка

Рана будзіць Колю маці...
— Ой, паспаць яшчэ дазволь!
Але бачыць: ёлка ў хаце
Узнялася аж пад столь!

Падхапіўся... Вось задача...
І не зводзіць з ёлкі воч:
3-пад падлогі, не іначай,
Вырасла яна за ноч.

А як многа хтосьці зорак
На іголках запаліў!
Колькі зайчыкаў, вавёрак
Пазіраюць між галін!

Нейкі дзед прысеў пад ёлкай...
О! ды гэта Дзед Мароз!
Здагадаўся тут Міколка:
Ёлку дзед яму прынёс!
(М. Танковіч.)
Дзед Мароз. А зараз я загадаю загадкі, уважліва слухайце і хутчэй адгадвайце.
1. Ляцяць птушкі без крыл,
а садзяцца без ног.
(Сняжынкі.)
2. І дзень ішоў, і ноч ішоў,
А з месца нават не сышоў.
(Гадзіннік.)
3. Двое водзяць,
Двое носяць,
Двое трымаюць,
Калі што спаймаюць.
(Вочы, ногі, рукі.)
4. Хутка грызе, дробна жуе,
а не глынае.
(Піла.)
5. Блакітная дарожка
Пасыпана гарошкам.
(Неба і зоркі.)
6. Хоць сама яна нямая —
3 чалавекам размаўляе.
(Кніга.)

Дзед Мароз. Малайцы, дзеці. Вы ведаеце многа вершаў і загадак.
Снягурачка. Я прапаную ўсім патанцаваць каля ёлкі, а то яна засумавала. Згодны, дзеці?
Дзеці становяцца парамі і танцуюць беларускі народны танец «Крыжачок». Дзед Мароз, Снягурачка і Снегавічок ходзяць вакол ёлкі і пляскаюць у ладкі.
Снегавічок (дастае з кішэні сняжынку, зробленую з паперы). Дзеці, гэта чароўная сняжынка, яе трэба замарозіць з цэнтра словамі, якія пачынаюцца з літары с. Хто з вас зможа хутка і правільна гэта зрабіць, той атрымае падарунак. (Можна некалькі разоў паўтарыць заданне.)
Крыжаванка пра зіму

Вядучы. Дзядуля Мароз, мы прапануем табе з намі пагуляць. Гульня называецца «Халодны — гарачы». Умовы яе такія: цацка можа быць «халоднай» і «гарачай». Я буду хаваць яе каля ёлкі або класці ў кішэні дзецям, а ты павінен хутчэй знайсці яе. Калі ты падыдзеш блізка да цацкі, мы будзем спяваць гучна, а калі адыдзеш далёка ад яе, тады яна будзе «халодная» і мы будзем спяваць ціха.
Пачынаецца гульня. Дзеці выконваюць свае любімыя песні.
Калі гульня закончана, Дзед Мароз гаворыць

— Добра ў вас, але мы павінны спяшацца ў іншыя школы, дзе нас чакаюць дзеці.
Ён бярэ пад ёлкай свой мех, у якім ляжаць падарункі, і разам са Снягурачкай і Снегавічком раздае іх дзецям. Потым яны развітваюцца і выходзяць.