сцэнарыі святаў на беларускай мове

Дырэктар Сельскага Дома культуры

Свята вёскі "Вёсачка мая"

Сцэнарый свята

Вядучы:
Добры дзень, суседзі ўсе, аднавяскоўцы.
Добры дзень, паклон вам нізкі, дзядзькі, цётачкі!
І ў слоту тут , здаецца, свеціць сонца –
Так прыветна сустракае наша вёсачка.
Вядучы: Родная вёска…якая яна? Самая прыгожая, самая гасцінная, самая ветлая, самая светлая.
Вядучы: Так, так! Менавіта тут самае высокае неба і самыя духмяныя кветкі, самы звонкі птушыны спеў і самыя зялёныя сенажаці, самая блакітная рэчка…
Вядучы: Родная вёска – гэта твой дом, твае карані, матуліна песня.
Вядучы: Гэта шчырыя і спагадлівыя людзі.
Вядучы: І мы ад усёй душы вітаем Вас, шаноўная бяседа!

Вядучы: У кожнага чалавека ёсць свой родны кут, дзе нарадзіўся, вырас. Ёсць зямля, якая яго ўскарміла, ёсць калодзеж, вада з якога найсмачнейшая ў свеце. І менавіта сюды імкнецца стомленая рознымі нягодамі душа. Бо тут заўсёды светла і добра, ёсць вера і надзея, падтрымка і дапамога… Праз гады не патухне для нас агеньчык роднай вёскі і бацькоўскай хаты…

Навечна сэрцу блізкі самы, у любую кінь далечыню --
Той кут, дзе дарагое “мама” прамовіў я упершыню.
Дзе першым променем усмешкі, як сонцам, маці адарыў,
Дзе першую пракладваў сцежку, у лузе росным, у бары.

Песня "Родная мясціны”

Вядучы: Мае аднавяскоўцы не памятаюць, кім была заснавана вёска. Хто яе першы жыхар, але існуе легенда, што назва “_______” ўзнікла ад таго, што людзі , калі ехалі на рынак , крычалі “Не равы, роўна” і спакойна прадаўжалі шлях.
Вядучы: Вёска, сапраўды, стаіць на роўнай мясцовасці, вуліца яе роўная, даўжынёй больш кіламетра, але не шырокая, раней была брукаваная, зараз – асфальтаваная. Пабудавана яна ўздоўж рэчкі, за якой знаходзіцца лес.
Вядучы: (назва вёскі), мабыць, больш за дзвесце год. Чаго ім не прыйшлося ўбачыць на сваім вяку: і разбурэнне, і аднаўленне. У гады Вялікай Айчыннай вайны вёска спазнала і горыч паражэння , і радасць перамог. Немцы адбілі вёску, занялі іх, спалілі амаль палову.
Вядучы: Але выстаяла вёска, адбудавалася, стала яшчэ большай і прыгажэйшай.

Музычны нумар.

Вядучы: Па-свойму прыгожыя і багатыя нашы мясціны. Летам і ўвосень ягады, грыбы. Ды ўсё ж не гэтым славіцца наша вёсачка. Галоўнае - людзі тут добрыя, працавітыя. Яны ведаюць усе зямныя сакрэты, чуюць, як дыхае зямля, сагрэтая сонечнай ласкай, аб чым шапоча сонца на досвітку і многа іншага. Вось і ўсё. Адыходзяць гады… бы імгненне жыццё праляцела…

Вядучы: 3 гадамі да чалавека прыходзіць мудрасць. Ён пачынае разумець сэнс свайго зямнога прызначэння.. Дык што ж патрэбна чалавеку? На думку паэта Сяргея Грахоўскага,

Чалавеку патрэбна не слава,
А людская ўвага і ласка,
I сардэчнае цёплае слова,
I вясёлая добрая казка...

Дарагія нашы землякі! Вас, паважаных людзей, багатых на жыццёвую мудрасць і вопыт, мы сабралі сёння на гэтым свяце, каб выказаць сваю павагу.

Вядучы: І ў першую чаргу наша музычнае прывітанне для самых старэйшых жыхароў вашай вёскі. Мы ад усяго сэрца вітаем людзей старэйшага ўзросту, гэта (пералік імёнаў) . Хай свецяцца надзеяй вашы вочы і настрой хай будзе ў вас заўсёды святочны. Прыміце, калі ласка, у знак павагі да вашай сталасці і ў памяць аб сённяшнім дні музычны падарунак.

Песня “Ажаніўся сары дзед ”

Вядучы: Мы віншавалі старэйшых жыхароў вёскі, але доказам таго, што вёска будзе яшчэ жыць, служыць тое, што тут жывуць і маленькія дзеткі, ну а самы маленькі жыхар – , які толькі нарадзіўся гэта(_____).

Няхай жа заўсёды вам сонейка свеціць,
Звініць хай дзіцячы ваш смех залаты
Для вас, маладых, для дзяцей на планеце,-
Сяброўства і шчасця! І мір - назаўжды!

Вядучы: Сёння і ва ўсе часы галоўнае багацце нашай вёскі – гэта людзі. Перш-наперш успомнім людзей працы, якія шчыравалі і шчыруюць у гаспадарцы, на палетках, на фермах, аддаючы ўвесь запал сваёй душы справе і не задумваючыся над тым, што сваёй працай множылі і множаць славу не толькі (назва вёскі) зямлі, але і ўсяго раёна.
Вядучы. Паклон вам нізкі, што не здрадзілі роднай бацькоўскай зямлі, што ўпрыгожвалі яе руплівай самаадданай працай. Прыміце, калі ласка, шчырыя словы падзякі за добрасумленную працу вашых залатых рук, падмацаваную шчырай адданасцю сваёй справе, а таксама гэту вясёлую песню.

Гучыць песня.

Вядучы: А вы ведаеце што мне тут людзі расказалі. Завітаў да нявесты хлопец, а дзверы ў хату зачынены. Гукае: Даражэнькая, адчыні! Чуе голас хаты: ”Я шыю мыю!” Вось, думае, нявеста і шые, і мые. Трэба браць замуж. І ўзяў.
Узяў і не шкадуе. Бо пражылі яны разам 40 год. Усе справы вырашалі разам, радасці і горасці дзялілі папалам. Гэта вельмі цудоўная сям’я (_______).
Дык не адны яны папаліся на гэту ”Шыю мыю”. Добрая і дружная сям’я ў (________) і (________). 25 пражытых гадоў жыцця ўмясцілі ў сябе хвіліны радасці і горычы, якія заўсёды дзялілі паміж сабой пароўну.

Ад шчырага сэрца Вам долі жадаем,
Ніхто з Вас ніколі хай гора не знае,
Бывайце здаровы,у шчасці жывіце,
Наш падарунак музычны прыміце!

Гучыць песня: ”Беларускае вяселле”

Сцэнка

Лявоніха: Суседачка, на вось, пачастуй маёй булачкі. Спецыяльна на свята пякла.
Сымоніха: Дык і я ж не з пустымі рукамі, галубка мая! І маёй пачастуй. Жоўценькая, падыходная…
Лявоніха: А мая якая смачная! Што - што, а булкі ў мяне заўжды на славу.
Частуюцца, крывяцца, пасля плююцца.

Лявоніха: Ну, як?
Сымоніха: Смачная. (Убок). Цьфу! Удавіцца можна!
Лявоніха: І твая добрая. (Убок). Такім ляпяком майго сабаку забіць можна.
Сымоніха: От, галубка мая, у нашым сяле ніхто так дружна не жыве, як мы з табою!
Лявоніха: А як жа іначай, зязюлечка мая, як жа іначай?
Сымоніха: Так, так, бо ў нашай вёсцы усе мірна жывуць і што не хата – свой талент.

ТАЛЕНТЫ ВЁСКІ

Вядучы: Зямля была бы сумнаватай, каб кветкі не цвілі на ёй… І сапраўды, не было бы чысціні і прыгажосці, каб не чалавечыя рукі, Заўсёды ўтульна і прыгожа на падворках (пералік гаспадароў). Сёння мы хочам адзначыць іх старанні па добраўпарадкаванню падворкаў падарункамі. І канешне ж, музычная паштоўка.

Вядучы: Вядома, што кожная гаспадыня і гаспадар рыхтуюцца да сустрэчы паважаных гасцей, прыбіраюць ў хаце, у двары, так і да свята вёскі кожная сям’я робіць свой падворак самым квітнеючым і прыгожым. Сям’я (_______) надае вялікую ўвагу добраўпарадкаванню свайго прысядзібнага участка. Усё ў іх зроблена з добрым густам і любоўю.
Дарагія сябры мы віншуем вас са святам! Поспехаў вам ва ўсіх справах.
Прыміце музычны падарунак.

Вядучы: ”Трэба многа знаць, каб узоры вышываць” - так гавораць у народзе. І праўда, разам з ведамі крочыць яшчэ адно вялікае багацце -- гэта талент, талент заўважаць прыгожае, лавіць непаўторны міг. З - пад рук такіх людзей выходзяць сапраўдныя творы мастацтва. Бедны той, хто акрамя грошай, багацця, не мае скарбаў вечных – скарбаў душы, якія людзі ствараюць сваімі рукамі. Радуюць людское вока прыгожыя вышыванкі, ручнікі, дарожкі, настольнікі, сурвэткі, зробленыя рукамі вашых аднавяскоўцаў. Паважаныя (імёны жанчын) за вашы таленавітыя рукі прыміце гэты музычны падарунак.

Гучыць песня

Вядучы:
У гомане дзіцячым праходзілі гады.
Рашаў жыцця задачы настаўнік малады…
І ёсць нешта ўспомніць, былое аднавіць:
Званок у сне ўсё звоніць, каб даўнасць абудзіць.
Запамятаць хто можа цікавы ўрока час?
Хай будзе ўсё прыгожа заўжды на сэрцы ў вас!

Вы, канечне ж, здагадаліся, што гэтыя радкі прагучалі ў адрас былых і цяперашніх настаўнікаў, якія далі накірункі ў самастойнае жыццё вашым дзецям. Шмат гадоў прысвяцілі выхаванню падрастаючага пакалення (імёны настаўніц).
Для вас гучыць песня.

Гучыць песня:”Дзень добры родныя мясціны”

Сцэнка

Фёкла: Чаго гэта ты, Тэклячка, задаволеная такая, нібы лімоны з цукрам ела?
Тэкля: Ведаеш, суседачка, у краму ўсякага тавару навезлі, вельмі добрую матэрыю купіла – свайму гаспадару на парткі, таму і настрой у мяне добры.
Фёкла: Прыгожая! Колькі метраў узяла?
Тэкля: Яму трэба метр дваццаць, але ж, як з клінам ды на срацы – то ўсе метр сорак.
Фёкла: Ой, а я думала, мо, на паранджу сабе ўзяла, бо занадта ён у цябе раўнівы.
Тэкля: Халера з табою, дурніца. Я з ёю радасцю дзялюся, а ў яе адны жартачкі ў галаве. Кажы лепей, каго яшчэ сёння на пляцоўку не запрашалі?
Фёкла: Вершаплёта. А я ж, сябровачка, сама вершы складаю. Вось паслухай:

Захацела жаба стаць прынцэсай,
Ды не ўспела – забалела карыесам.

А вось яшчэ адзін:
Прыйдзе зіма, застынуць рэкі, –
Адзенуць шубы чалавекі.
Тэкля: Вось талент, дык талент!
Фёкла: І яшчэ на сённяшнюю тэму:

Прайшла зіма, расталі рэкі, –
Знялі шубы чалавекі.

Ну і, нарэшце, з апошняга, мой гонар:

Паляцелі птушкі ў далёкія края.
Толькі адна засталася – то б-то гэта Я.
Тэкля: Паслухай, птушка, давай шпарчэй унасіць адсюль ногі. Уступім месца самадзейным артыстам з ( назвы вёсак ) , пакуль нас за такі талент штанкецінай па хрэбціне не адхайдохалі. (Сыходзяць).

Музычны блок

Вядучы: Сягоння вас віталі самадзейныя артысты (_______) Дома культуры.

І шкада, а ўсё ж бывайце, толькі нас не забывайце.
Дабра і шчасця зычым вам, заўжды жадаем усміхацца,
з-за дробязей не хвалявацца.
Не старэйце, не хварэйце, сэрца радасцямі грэйце.
А бяду, сурок, спалох хай ад вас адводзіць Бог.

Песня “Развітальная”.

Дадатак

Вершаваная падборка

Ёсць на свеце куточак адзіны,
Дзе мяне бацькі нарадзілі,
Дзе лунаюць буслы ўвесну
I чуваць жаўруковыя песні.
Дзе ў кожным куточку вішні,
Як на свята ў белым выйшлі,
Разлівае свой водар бэз,
Аж на дах вінаград узлез.
I нястомна працуюць пчолы,
Аж прыгнуліся кветкі долу.
Як жа мне не любіць сваю вёску,
Дзе такія цудоўныя вёсны,
Дзе, здаецца, зямля спявае
I паэтаў штогод нараджае.
Іванісеня Каця, Ляхавіцкі р-ён
Прысвячэнне
Вёска беларуская
3 песнямі лірычнымі,
3 раннім спевам жаўранка,
3 пеўнем у двары.
Пра цябе, любімую,
Пра цябе, адзіную,
3 першых дзён жыцця свайго
Помню я заўжды.
Вёска невялічкая
У квецені чаромхавай,
I адзінай вуліцай,
А за ёй бальшак.
Кветнікі пад вокнамі,
Ручнікі на покуце,-
Дзеці гаманлівыя –
Як жыцця прасцяг:
Я цябе, прыгожая,
3 чыстаю крынічкаю,
3 ліпавай алеяю
Часта бачу ў сне.
Хай цябе, працоўная,
Мірная і ціхая,
Вёсачка цярплівая,
Гора абміне.
Рэгіна Жук, Мядзельскі р-ён
Жыві, мая вёска!
Прытулілася сасна да бярозкі,
Шамаціць галлём і ціха напявае
Аб жыцці маёй прыгожай вёскі,
Аб маім маленькім любым краі.

Я да дрэў таксама прыхілюся,
Абдыму сасну пяшчотна і бярозку,
Разам з імі сэрцам памалюся
За жыццё і шчасце роднай вёскі.

Дай жа, Божа, моцы, дабрабыту
Пад высокім і блакітным небам!
Каб дзяцьмі ты не была забыта,
А гасцей вітала цёплым хлебам.

Памалюся за твае турботы,
Водар сенажацей, поле і крыніцы,
За твае бязмежныя даброты,
Што ідуць ад матухны-зямліцы.

Ты жыві, красуйся, мая вёска,
Я табой па праву ганаруся!
Хай раскажуць сасна і бярозка
Пра цябе і людзях Беларусі!
Наталля Мазынская, Смалявіцкі р-н
Запаветнaе
Мая зямелька родная,
Зямелька беларуская.
Твае палі шырокія,
Твае сцяжынкі вузкія,
Твае бары сасновыя
I рэкі паўнаводныя.
Пачуцці вечна новыя
К табе, зямелька родная.
Замілаванне ціхае
Ці шкадаванне шчырае,
Ці радасць несусветная
Табе зямелька, мілая.
Ганна Захарэвіч, Лагойскі р-ён

Яшчэ на гэту тэму:

Свята вёскі (______)