сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. Ф. КАНДУХОВІЧ, А. I. ЛІПНІЦКАЯ, настаўніцы СШ № 190 г. Мінска. Пачатковая школа Студзень 1993 г.

Масленіца

Школьнае свята

З будынка школы выходзіць «жалобная» працэсія.  Узначальвае шэсце «поп», з ім побач яго памагатыя — «дзяк», «панамар» (старэйшыя хлопцы, апранутыя ў вялізныя мяхі з прапоратымі дзіркамі для галавы і рук, падпяразаныя вяроўкамі, з вусамі і бародамі з ільняной кудзелі). За імі выносяць «труну» (звычайную дошку) з нябожчыцай Зімой (саламянай бабай у старой хустцы і драным андараку).
За труной ідуць «няўцешныя» родныя, якія «абліваюцца слязьмі», і ўсе, хто калі-небудзь ведаў «нябожчыцу», г. зн. усе ўдзельнікі свята, госці.
Родныя рвуць на сабе валасы, у натоўпе чуюцца роспачныя галашэнні:

— А зімачка-а-а, галубачка-а-а,
А на кого ж ты нас сіроткамі пакінула-а-а?
А як жа ты добра на вуліцы стаяла-а-а!
А маразы пякучыя трамыла-а-а!


(Выбух гора, узмацненне рыданняў)

— А зімачкр.-а-а, галубачка-а-а,
Хто ж нам, хто хату выхаладзіць?
Хто ж скацінку нашу вымарыць?
Хто ж і жыта наша ў засеках пераесць?


(Рыданне, усхліпы)

— А зімачка-а-а, галубачка-а-а,
Што ж мы без цябе рабіці будзем?
Хто ж нам шляхі-сцяжыны
Замяце-зацярушыць?
Хто ж хатачку пад страху снегам засыпле?
Хто ж у студні ваду за ноч заледзяніць?
Ох, бедныя мы, ох, няшчасныя мы!


(Роспач і шкадаванне)

А зімачка-а-а, галубачка-а-а!
Чаго ж ты ад нас адышла?
Прымусіла злезці з цёплай печы,
Пра гаспадарку думаці!


Калі ж цяпер яшчэ хлопцам ды дзеўкам
На вячорках страчацца-бавіцца-а-а?

А зімачка-а-а, галубачка-а-аі
А як жа нашы дзеткі без цябе застануцца?
А ні бабу снежную ім зляпіць!
А ні ў снежкі гаротнічкам малым пагуляць!
А ні на дарожачцы ледзяной пакоўзацца!

«Саслабелую» ад слёз і галашэнняў дзяўчыну родныя даўно ўжо вядуць пад рукі, «супакойваюць», выказваюць свае «спачуванні».
Дадае весялосці і тэатралізаваная сцэна, якую пасля галашэнняў у працэсіі разыгрываюць «поп», «дзяк» і «панамар».
«Поп» зацягвае басам:

— Панамар, панамарі
Узыдзі-тка на званіцу, паглядзі-тка,
Ці не йдзе к нам хто,
Не нясе нам што?


«Панамар» ускоквае на спіну «дзяку», прыкладвае руку над вачыма, аглядаецца па баках і гнусавіць у адказ:

— Бачу, бацюшка,
Ідзе якаясь баба,
Нясе на паніхіду
Стопку бліноў
І горачку мёду.


«Поп», «дзяк» і «панамар» (разам):
—  Падай, госпадзі!
«Поп»:

—  Дзякан, дзякан!
Годзе табе вякаць,
Узлезь на званіцу,
Падзівіся, ці не йдзе хто,
Ці не нясе нам што?


Цяпер ужо «дзяк» ускоквае на плечы «панамару» і радасна паведамляе:

—  Бачу, бацюшка,
Ідзе мужык
І нясе дубінку
На папову спінку!


«Поп»:

—  Табе, госпадзі!

Працэсія набліжаецца да месца, дзе спаляць Зіму. Вучні старшых класаў становяцца ў карагод вакол вогнішча, чучала гарыць, дзеці спяваюць песню:

Ноты песні
Ой, масленка-няшчасленка, шэра вутка...
У!
Ты ж казала, вясна скора, да й не хутка...
У!
Праводзім зіму з качаргамі...
У!
Сустрэнем вясну з пірагамі...
У!

Малодшыя дзеці стаяць за спінамі старэйшых, якія не падпускаюць іх бліжэй да агню, і хорам дэкламуюць:

—  Гары, гары гарка,
Прыедзе кухарка.
Кухарка — на карове,
Кухар — на кабыле,
Дзеці — на цялятах,
Слугі — на шчанятах.


Зноў уступаюць з песняй старэйшыя дзеці:

Ноты песні
—  А на гарэ, на гарэ, ды й на камяніцы.
Масленіца, масленіца.
Як убачыў дзяцюк дзеўку, скінуў рукавіцы.
Масленіца, масленіца.
А на гарэ, на гарэ, ды й на камушочку
Масленіца, масленіца.
Як убачыў дзяцюк дзеўку, скінуў і сарочку.
Масленіца, масленіца.

Цяпер старшакласнікі заводзяць гульні. Пачынаюць з «Гарэлыша».
Удзельнікі гульні становяцца пара за парай. Уперадзе, спінаю да іх, стаіць гарэлыш. Ён павінен стаяць прама і не аглядвацца. Гарэлыш гаворыць: «Гару!» Яму адказваюць:
— Гары, гары ясна,
Абы не пагасла,
Пых!
Тады апошняя пара раздзяляецца, абягае вакол усіх і перад гарэлышам стараецца зноў уз’яднацца. Гарэлыш павінен злавіць аднаго з бягучых. Калі зловіць, злоўлены будзе гарэлышам, а былы гарэлыш становіцца у пару; калі ж не — зноў застаецца «гарэць», гульня працягваецца.
Старэйшыя, набегаўшыся, саступаюць месца малодшым, якія гуляюць у «Заіньку». Удзельнікі гульні бяруцца за рукі і ўтвараюць кола. У сярэдзіне адзін водзіць, гэта значыць абазначае зайку. Усе спяваюць:

Ноты песні
— Заінька да шарусенькі,
Заінька да бялюсенькі!
Праскачы, зайка, у дзірачку
Да выламі сабе да быліначку.
Праскачы, зайка, куды хош,
Выбірай былінку, которую хош.
Заінька, павярніся,
Шэранькі, абярніся.
У нас гарадочкі гарадзецкія,
Усе ў нас зачэпачкі нямецкія.
А пайдзі, наш заінька, у скокі, у бокі,
Запляшчы, наш зайка, да ў далоні.

Увесь час зайчык стараецца выскачыць з кола. Пры заканчэнні песні ўсе павінны запляскаць у далоні. Гэтым момантам карыстаецца зайка: ён
каго-небудзь з круга і хутка становіцца на яго месца, а той, хто застаўся без месца, павінен вадзіць, гэта значыць абазначаць зайку.
Дзяўчаткі з малодшых класаў запрашаюць старэйшых згуляць з імі ў «Шастак». Дзяўчаты утвараюць вялікае кола, трымаючыся за рукі; адна з дзяўчат выходзіць у сярэдзіну кола, паходжвае і пяе:

Ноты песні
- Шэсць дзён малаціла,
Шастак зарабіла,
Сама сабе дзівавала,
Што так мала зарабляла.

У наступнай гульні — «Проса» — удзельнічаюць, акрамя дзяўчатак, і хлопчыкі. Утвараюцца два рады: першы рад — хлопцы, насупраць другі — дзяўчаты. Узяўшыся за рукі, прытупваючы, дзяўчаты набліжаюцца да хлопцаў і вяртаюцца назад, спяваючы:

Ноты песні
А мы проса сеялі, сеялі,
Ой, дзед-ладу, сеялі, сеялі.

Цяпер ужо хлопцы выступаюць наперад і вяртаюцца:
- А мы проса вытапчам, вытапчам,
Ой, дзед-ладу, вытапчам, вытапчам.
Дыялог працягваецца:
- А мы коней выпусцім, выпусцім,
Ой, дзед-ладу, выпусцім, выпусцім.
- А мы коней забяром, забяром,
Ой, дзед-ладу, забяром, забяром.
- А мы коней выкупім, выкупім,
Ой, дзед-ладу, выкупім, выкупім.
- А чым жа вы купіце, купіце,
Ой, дзед-ладу, купіце, купіце?
- Мы дадзім вам сто рублёў, сто рублёў,
Ой, дзед-ладу, сто рублёў, сто рублёў.
- Нам не трэба тысячы, тысячы,
Ой, дзед-ладу, тысячы, тысячы.
- А чаго жа трэба вам, трэба вам?
Ой, дзед-ладу, трэба вам, трэба вам?
- А нам трэба дзеўчыну, дзеўчыну,
Ой, дзед-ладу, дзеўчыну, дзеўчыну.
- А у дзяўчыны імя ёсць,- імя ёсць,
Ой, дзед-ладу, імя ёсць, імя ёсць?
- А нам трэба Iрачку, Ірачку,
Ой, дзед-ладу, Ірачку, Ірачку.
Хлопчыкі забіраюць Ірачку да сябе.

Гульня спыняецца, калі усе ўдзельнікі аднаго рада пяройдуць у другі.
Пасля гэтай гульні вучні ўключаюцца ў наступную — «Явар». Старэйшыя і малодшыя хлопцы і дзяўчаты становяцца ланцужком. Пад песню яны рухаюцца адзін за адным, праходзячы пад «мостам» (дзве-тры пары хлопцаў і дзяўчат, якія стаяць адзін да другога тварам, злучыўшы рукі, паднятыя дагары):

- Явар, яваровы людзі,
Што вы тут рабілі?
- Мы рабілі моста
Для пана старосты,
Цешачкамі застаўлялі,
Аднаго нам пакідалі,
Перша капуста,
Друга распуста,
Перша малявана,
Друга затрымана.

Пад гучанне апошняга радка «мосцік» апускаецца і затрымлівае тых, хто апынуўся пад ім. Тыя дзеці, якіх затрымалі, утвараюць новыя пары і далучаюцца да «моста». Гульня заканчваецца, калі ўсе ўдзельнікі з ланцужка пяройдуць да тых, хто ствараў «мост».

Тут два хлопцы выводзяць маладога «жарэбчыка» (на двух старшакласнікаў накідваюць коўдру — «гуньку», апранаюць маску — «галаву» жывёлы). Неаб’езджаны жарэбчык сваволіць, паказвае нораў: «танцуе» на месцы, іржэ, узбрыквае, ірвецца на волю. Гаспадар, узяўшы яго за аброць, водзіць па крузе. Непаслухмяны, наравісты жарэбчык імкнецца вызваліцца. Гаспадар кліча на дапамогу малых з дубцамі. Усе разам працягваюць «аб’язджанне», накіроўваючы «жарэбчыка» на глыбокі снег: пабегаўшы там, ён стане ўрэшце спакойным. Усе прыгаворваюць:

— Наша масленка гадавая,
Яна госцейка дарагая.
Яна пешая к нам не ходзіць —
Усё на коніках раз’язджае.
Штобы конікі былі вараныя,
Штобы слугі былі маладыя.

Улагоджанага «жарэбчыка» «запрагаюць» у санкі. На санкі садзіцца баба, хлопцы стукаюць-грукаюць качалкамі па пустым вядры. 3 шумам-крыкам, смехам, пад песню баба «ад’язджае»:

Ноты песні
— Запрагу я шэрага сабаку
Ды й паеду ў город па табаку.
Масленая, шчаслівая,
Расцягніся да Вялікадня!
У!
Я думала, масленкі сем нядзель,
Ажно тае масленкі — адзін дзень.
Масленая, шчаслівая,
Расцягніся да Вялікадня!
У!

Едучы па крузе, баба сыпле пажаданнямі:

Тым, хто радзіўся, каб весяліўся,
Хто пасварыўся, каб памірыўся,
Хто прачакаўся, каб спадзяваўся,
Хто спрацаваўся, каб мацаваўся.


Каб вам шчасце ды здароўе, і дзяціне і сябрыне!
Каб ты быў здаровы, як дуб скарбовы!
Каб добрыя людзі на камені і пад каменем разжываліся, а ліхія і на добрай раллі не раслі!

Каб дзяды не ведалі бяды, каб унукі не бачылі мукі
Каб ніколі рукавок не быў за ручнічок! Каб вяліся свінні ды авечкі і мы жылі,  як чалавечкі!


Хлопец з удзельнікаў свята падхоплівае: — Каб на тым і стала, што баба загадала! Павазіўшы добра бабу, вазок адбывае. Свята працягваецца: дзеці катаюцца з горкі, гушкаюцца на арэлях. Тым часам малодшыя школьнікі абыходзяць гасцей, прапануюць вымавіць скорагаворкі:

- Чэсь калоду чэша, Чэся цеста месіць.
- Твая маці і мая маці бліны пяклі ў адной хаце.
- Усім па сем, гаспадару восем, а гаспадыні — дзевяць, што добра дзеліць.


Старэйшыя і малодшыя частуюць гасцей блінцамі. Дзяўчаты жартуюць:

— Еш, кумка, еш, я не лічу бліны!
— Смачныя,   дзякуй!  Наелася,   восьмы  блін даядаю.
— Брэшаш, кумка, не восьмы, а дзевяты!


Старэйшыя дзяўчаты заводзяць песню:

Ноты песні
— А сёння ў нас масленка, масленка,
Ой, лялю, рана, масленка, масленка!
А з-пад куста ластаўка, ластаўка,
Ой, лялю, рана, ластаўка, ластаўка.
Сядзіць яна высока-высока,
Ой, лялю, рана, высока-высока.
Бачыць яна далёка-далёка,
Ой, лялю, рана, далёка-далёка.
Што ў вёсцы дзеецца, дзеецца,
Ой, лялю, рана, дзеецца, дзеецца?
Дзевяць хлопцаў жэняцца, жэняцца,
Ой, лялю, рана, жэняцца, жэняцца.
Дзевяць дзевак вянчаюць, вянчаюць,
Ой, лялю, рана, вянчаюць, вянчаюць.

Напрыканцы свята малодшыя дзяўчаткі збіраюцца на прагалінцы і выконваюць вясновую загукальную — першую песню вясне:

Ноты песні
— Ты, пчолачка ярая,
Ты вылець з-за мора,
Ой, ляло, ляло,
Ты вылець з-за мора.
Ты вынесь ключыкі,
Ключыкі залаты,
Ой, ляло, ляло,
Ключыкі залаты.
Ты замкні зімачку,
Зімачку сцюдзёну,
Ой, ляло, ляло,
Зімачку сцюдзёну!
Адамкні лецейка,
Лецейка цёплае,
Ой, ляло, ляло,
Лецейка цёплае!


Яшчэ на гэту тэму:

У нас сягоння Масленіца     Масленіца гуляла – вясну сустракала