сцэнарыі святаў на беларускай мове

Таццяна ВАЙТОВІЧ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры першай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 4 г. Ваўкавыска. Роднае слова 2017/11

Па дарозе да коласавай зямлі...

Пазакласнае мерапрыемства (VI – VII класы)

Мэты: стварыць умовы для паглыблення ведаў пра Якуба Коласа; спрыяць развіццю камунікатыўных уменняў вучняў; садзейнічаць выхаванню патрыятызму.
Абсталяванне: карта Беларусі, фотаздымкі і рэпрадукцыі, выстава кніг Якуба Коласа, мультымедыйная прэзентацыя.
Форма правядзення: завочная вандроўка з выкарыстаннем сістэмы мультымедыя.

Ход мерапрыемства

Выразнае чытанне на памяць урыўка з паэмы “Новая зямля” Я. Коласа ў суправаджэнні слайдаў з краявідамі беларускай прыроды.
Чытальнік (урывак з паэмы “Новая зямля”).
Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае ўбогай,
К табе я ў думках залятаю
I там душою спачываю.
О, як бы я хацеў спачатку
Дарогу жыцця па парадку
Прайсці яшчэ раз, азірнуцца,
Сабраць з дарог каменні тыя,
Што губяць сілы маладыя, -
К вясне б маёй хацеў вярнуцца.
Першы вядучы. Запрашаем вас у завочнае падарожжа. Звычайна перад ад’ездам мы пішам спіс усіх рэчаў, якія могуць нам спатрэбіцца, збіраем чамаданы. Але, на мой погляд, важна таксама, каб мы вырашылі для сябе, з якой мэтай едзем у тую ці іншую краіну, дзеля чаго.
Другі вядучы. Пасля завяршэння нашага мерапрыемства мы зразумеем, чаму Якуба Коласа лічаць адной з зорак першай велічыні на небасхіле беларускай літаратуры.
Выразнае чытанне суправаджаецца слайдам “Беларуская прырода (захад)”.
Чытальнік (урывак з паэмы “Сымон-музыка”).
Бедны хлопчык быў загнаны,
У бацькоў нялюбы сын,
Бо відочныя заганы
I меў толькі ён адзін.
Не такі, як усе дзеці,
Нейкі вырадак, дзіўны,
Нёс віну за ўсё на свеце,
Вінаваты без віны.
3 ім і дзеці не дружылі,
Не прымалі да гульні,
I ў самоце прахадзілі
Веснавыя яго дні.
I любіў ён адзіноту,
Бо так лепей было жыць:
Тут ён мог сабе ў ахвоту
Песні пець і гаманіць.
Вось улетку дык раздольна:
Выйдзе з хаты ў поле, луг;
Цёпла ўсюды і прывольна,
Сонца многа, чысты дух.
На каменьчык сядзе ў збожжы,
Не схіснецца і маўчыць,
Ловіць сэрцам спеў прыгожы,
Як жытцо загаманіць,
Як зазвоняць, заіграюць
Мушкі, конікі, жучкі,
I галоўкай заківаюць, -
Засмяюцца васількі.
Спеў у сэрцы адклікаўся,
I так добранька было,
Што Сымонка сам смяяўся,
Ўсё смяялася, цвіло.
Першы вядучы. Гэта радкі з паэмы “Сымон- музыка”. 3 якой любоўю і замілаваннем апісвае Я. Колас родную зямлю! Полю і лугу ўдзячны пясняр за той цудоўны скарб, што выспеў у яго душы, які сам аддае людзям “як доўг, як дар”. Пясняр - своеасаблівы пасрэднік паміж прыродай і народам.
Як упарта вярТае нас жыццё да зямлі... Сабраў горад людзей, ды не сагрэў духоўна. Ля гарадоў, якія далі волю гараджанам, растуць дачы. .. Цягне зямля да сябе. Так і Якуб Колас нават на сваёй гараДской сядзібе (у двары сучаснай Нацыянальнай акадэміі навук) сеяў жыта, меў пуньку з сенам, дзе ў цёплую пару любіў заначаваць...

Дэманстрацыя слайда “Музей Я. Коласа ў Мінску”; на карце адзначаецца зорачкай горад Мінск.

Нехта скажа: дзіўны быў Колас. Але ж за гэтым цэлая коласаўская філасофія, якая мае глыбокія карані ў роднай зямельцы. Колас услед за продкамі вычытваў у кнізе прыроды высокую мудрасць. Што ж да начавання ў сене, то сам Хрыстос нарадзіўся ў яслях (а не ў палацы), у простай сям’і - і колькі святла прынёс у гэты свет!
Другі вядучы. Запрашаем нашых падарожнікаў туды, дзе льецца Нёман срэбраводны, мы клічам вас у цудоўны куток Беларусі, на Стаўбцоўшчыну, у вёску Акінчыцы, дзе і нарадзіўся Я. Колас (на карце адзначаецца зорачкай г. Стаўбцы)
. Дэманстрацыя слайдаў з краявідамі ракі Нёман.

Чытальнік (урывак з верша “Нёман”).
Льецца Нёман паміж гораў,
Поўны сілы і красы,
У далёкія прасторы
Гоніць воду праз лясы.
......................
Гой ты, Нёман, наша рэка!
Поіш ты і корміш нас,
Бедну чайку чалавека
Ты з сабой насіў не раз.
Першы вядучы. 3 лістапада 1882 года ў нябеснай высі загарэлася новая яркая зорка. I, нягледзячы на асеннюю непагадзь, у адно імгненне стала светла, лёгка, утульна на зямлі. Нарадзіўся Паэт. Нарадзіўся Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, больш вядомы нам пад імем Якуб Колас.

Дэманстрацыя слайда “Партрэт Я. Коласа”.

Другі вядучы. Стаўбцоўшчына. Прынёманскі край. Вёска Акінчыцы. Менавіта тут нарадзіўся Якуб Колас. Але сцены акінчыцкай хаты ўсяго некалькі месяцаў чулі голас немаўляці, таму што абставіны, звязаныя са службай, прымушалі бацькоў часта мяняць месца жыхарства.
Дэманстрацыя слайда з выявай хаты Я. Коласа ў вёсцы Акінчыцы.
Першы вядучы. Тут Міцкевічы - гэта сапраўднае прозвішча Я. Коласа - жылі да 1 красавіка 1883 г. Зразумела, што пісьменнік не мог памятаць месца свайго нараджэння, але, прыязджаючы на радзіму, з задавальненнем прыпыняўся ў Акінчыцах, узгадваў іх у вершах.
Чытальнік (урывак з паэмы “Новая зямля”).
Каля пасады лесніковай
Цягнуўся гожаю падковай
Стары, высокі лес цяністы.
Тут верх асіны круглалісты
Сплятаўся з хвоямі, з дубамі,
А елкі хмурымі крыжамі
Высока ў небе выдзялялісь,
Таемна з хвоямі шапталісь.
Заўсёды смутныя, бы ўдовы,
Яны найбольш адны стаялі,
I так маркотна пазіралі
Іх задуменныя галовы!
Лес наступаў і расступаўся,
Лужком зялёным разрываўся;
А дзе прыгожыя загібы
Так міла йшлі каля сядзібы,
Што проста імі б любаваўся.
Другі вядучы. 1 красавіка 1885 года Міхал Міцкевіч (бацька Я. Коласа) быў пераведзены ў Ласток, глухі лясны куток. Усё тут было адкрыццём для хлапчука: гукі лесу, галасы птушак, вясёлка ў небе... Праз гады паэт пранёс гэта ўзвышанае пачуццё святасці, якое потым адлюстравалася ў паэме “Сымон-музыка”. (Дэманстрацыя слайда з выглядам хаты Я. Коласа ў Ластку.) Цяпер Ласток - адзін з чатырох філіялаў Дзяржаўнага музея Я. Коласа.
Першы вядучы. У 1890 г. Міцкевічы чарговы раз змянілі месца жыхарства. Сям’я пражыла ў Альбуці 12 гадоў. Тут Кастусь вучыўся ў “дарэктараў”. Менавіта ў гэтай вёсцы ён напісаў першыя вершы. (Дэманстрацыя слайда з выглядам хаты Я. Коласа ў Альбуці.)
Другі вядучы. 1910 год. Міцкевічы набылі сваю хату ў Смольні. У верасні 1911 года, пасля турэмнага зняволення, сюды ўпершыню прыехаў Я. Колас. Беднай і запусцелай здалася паэту Смольня. Каб хоць крыху зрабіць яе ўтульнай, Я. Колас пасадзіў ліпы. Менавіта пад імі сядзелі маладыя Я. Колас і Я. Купала ў час першай сустрэчы летам 1912 года. (Дэманстрацыя слайда з выглядам дома Я. Коласа ў Смольні.)
Першы вядучы. Сапраўдны талент прыходзіць у свет не сабою здзівіць - светам здзівіцца, дапамагчы іншым адчуць духоўнае адзінства з людзьмі, што побач, з краем родным, травінкаю кожнаю, зоркаю, што ў небе.
У кожнай галіне мастацтва ёсць свае геніі, свае зоркі. У выяўленчым мастацтве такім быў Леанарда да Вінчы, у музыцы - Моцарт. А ў беларускай літаратуры тытул песняра справядліва носіць Якуб Колас І таму, мабыць, многія творцы прысвяцілі яму самае дарагое, што толькі можа быць у паэта - вершы.
• Выразнае чытанне верша “Музеі ў Альбуці” М. Маляўкі.
• Выразнае чытанне верша “Каласоўшчына” М. Хведаровіча.
• Выразнае чытанне верша “Баравінка" Е. Лось.
• Выразнае чытанне верша “Творы Коласа” А. Ставера.
• Зварот да выставы кніг Я. Коласа.

Другі вядучы. Хутка бягуць гады... Але колькі б часу ні прайшло, заўсёды будзе жыць у памяці людзей Я. Колас - выдатны пісьменнік, без якога немагчыма ўявіць беларускую літаратуру. “Колас - гэта хлеб, гэта само жыццё”. Якуб Колас прыйшоў да нас, каб сказаць: “Гэта мы - беларускі народ! Вось у чым наша веліч і несмяротнасць”.

Яшчэ на гэту тэму:

"Спяшайцеся з паэтам стрэцца"     «I сёння з намі Колас і Купала»