сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. Ф. ГАРАВАЯ, настаўніца СШ № 191 г. Мінска. Пачатковая школа Люты 1992 г.

У нас сягоння Масленіца

Сцэнарый школьнага свята

Масленіца — старажытнае перадвеснавое свята ў славянскіх народаў, звязанае з культам прыроды (адраджэннем пладаносных сіл зямлі). Лакальная назва масленка, сырніца. Асноўная накіраванасць абраднасці масленіцы — провады зімы, паскарэнне прыходу вясны, забеспячэнне багатага ўраджаю і дастатку ў хаце. Святкавалі масленіцу некалькі дзён. У вёсцы яна звычайна пачыналася ў чацвер. Царква прымеркавала масле­ніцу на нядзелю перад вялікім постам. На масленічным тыдні, у дзень так званага святога У ласа, у некаторых мясцінах Беларусі аб’язджалі коней і валоў. У гэты ж дзень моладзь наладжвала гушканне на арэлях (магічны сэнс гушканняў — каб лён доўгім рос), каталася на санках, спявала масленічныя песні. Тэматыка іх працоўна-земляробчая, а таксама жартоўна-бытавая і гарэзліва-любоўная. На Беларусі на масленіцу адведвалі бабку-павітуху. Існаваў звычай цягання хлопцамі «калодкі» па сяле з абавязковым заходам у хату, дзе была сталая дзяўчына; яна павінна была пачаставаць іх. Не прыпыніцца з «калодкаю» перад хатаю дзяўчыны лічылася знявагай для яе. Вядомы і іншыя звычаі. У панядзелак на мас­ленічным тыдні збіраліся жанчыны, прывязвалі да «калодкі» адзін канец папружкі ці пояса, а другі канец — да халастога хлопца, які сустрэўся ім, як бы ў пакаранне за тое, што ён не ажаніўся за мінулы мясаед (перыяд пасля каляд). Калі хлопец не хацеў цягаць «калодку» за сабою ўвесь дзень, ён мусіў адкупіцца. Тое ж адбывалася і з дзяўчатамі. Заканчвалася масленіца «запускамі» («запустамі») на малочнае. У нядзелю, калі арганізоўваліся «запускі», на вячэру гатавалі толькі малочныя стравы, сярод якіх важную ролю адыгрывалі сыр, масла, тварог з малаком. На масленіцу абавязкова пяклі бліны. Традыцыі масленіцы захаваліся ў святкаванні провадаў зімы (Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. Мн., «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, 1989. С. 309. А. I. Гурскі.)


У святкаванні Масленіцы прымаюць удзел два класы (госці і гаспадары), ці адзін клас падзяляецца на дзве групы. Ролю вядучай лепш узяць на сябе настаўніцы, якая загадзя падрыхтуе найбольш «гаваркіх» хлопчыкаў і дзяўчатак з ліку гаспадароў і гасцей, развучыць з класам некалькі песень і танцаў.
Беларуская хата...
Гаспадары, прыбраныя па-святочнаму, завіхаюцца ля стала, на якім бліны ды аладкі, сыр, масла, розныя ласункі. Госці коцяць вялізную калодку, стукаюць у дзверы, вітаюцца, заходзяць, спяваючы песню:

У нас сягоння масленіца,
Прыляцела ластавіца,
Сядзела на тыну, на калу,
Кідала масла па каму.
А хто ўхопіць — так таму.
Маладая дзяўчына схапіла
Ды ў чарапочку стапіла...
У нас сягоння масленіца...


I госць:
— Мы ў вашу хату не толькі песню прынеслі, але і загадкі. Што на двары — гарою, а ў хаце — вадою? (Снег.)
II  госць:
—  Лезе праз акно   сівае   сукно. Што гэта?(Мароз.)
III госць:
—  Што зімою камлём угару расце? (Лядзяш.)
IV  госць:
—  Усе яго любяць, а як паглядзяць — моршчацца. (Сонца.)
госць:
—  Свеціць і грэе, весяліць і ззяе, усю зямлю ажыўляе. (Сонца.)
Вядучая: —  Усе мы сумуем па сонейку, чакаем цяпла, лета. Усцешылі нас вашы загадкі, ды мы іх не толькі адгадваць, але і загадваць умеем.                                              
I гаспадар:
—  Пасярод двара стаіць тара, спераду вілы, ззаду мятла. (Карова.)
II  гаспадар:
— Хто двума бадаецца, чатырма ходзіць, адным мух ганяе? (Карова.)
III  гаспадар:
—  I свае дзіця не забыла, і чужых накарміла. (Карова.)
Вядучая:
—  Так,  гэта   наша  карміцелька-карова. У Масленічны тыдзень яе будзем успамінаць, аб ёй добрыя словы казаць.
I  госць:
—  А пахне ў вас як! Блінцамі! 3 маслам! Я бліны б уплятаў ды галавою матляў!
II  госць:
—  Дзіва што! Кажуць жа, што на мазаны блін і кот па-другому глядзіць!
III  госць:
—  А колькі ласункаў на стале! Відаць, гаспадары чакалі нас з раніцы...
Вядучая:
—  Так, чакалі ды на стол збіралі. Дзяўчаткі нашы для вас пастараліся.
I  гаспадыня:
—  Дзе справа, там і слава.
II  гаспадыня:
— Хто працуе, той не сумуе.
III гаспадыня:
— Хто з сонцам устае на работу, працуе у ахвоту.
IV гаспадыня:
—  Ранняя птушка дзюбу цярэбіць, а позняя — вочы працірае.
I гаспадыня:
Калі рана ўстанеш —
Разам з сонцам яркім,
Што ўсплыве над зыбкім
Вогнішчам зары,—
Колькі ты пабачыш
З’яў жыцця дзівосных,
Колькі цудаў розных
Згледзіш на двары.
Калі рана ўстанеш —
Разам з сонцам яркім,
Разам з ветрам шпаркім,
Разам з белым днём,—
Сам тады, мой дружа,
Разумець ты будзеш,
Для чаго мы, людзі.
На зямлі жывём.

(Н. Гілевіч)

I госць:
—  Хлопцы, каціце хутчэй сюды калодку! Зараз пабачым, ці ж гэта гаспадынька ўмее гатаваць, гасцей частаваць. Можа, яна з тых, пра якіх гавораць: «I шыла, і мыла, і прала, і ткала — а ўсё языком»?

Госці і гаспадары ўтвараюць круг. Хлопцы падкатваюць да ног гаспадыні калодку і загадваюць загадку:
I  госць:
—  Што расцілі, збіралі, тапталі, ткалі г на стол заслалі? (Абрус.)

Гаспадыня адгадвае загадку, сцеле на калодку сурвэтку, ставіць прыгатаваныя ёю стравы. Лічыцца, што яна ад хлопцаў-гасцей «адкупілася». Госці спрытна падкатваюць калодку да ног другой гаспадыні, пачастунак першай хуценька перастаўляюць на стол, жартоўная гульня працягваецца:
II  госць:
—  Новая пасудзіна,  а ўся ў дзірках. Што гэта? (Рэшата.)
Другая  дзяўчынка   «адкупаецца» ад хлопчыкаў.

Загадкі гасцей:
1. Белая кабыла увесь лес з’ела. (Печ.)
2. У бабіных руках бакамі трах-трах. (Рэшата.)
3. Вадкае, а не вада, белае, а не снег. (Малако.)
4. Без кліноў, без капытоў, само падыходзіць. Ніхто яго не трывожыць. (Цеста.)
5. Сівая карова праз дарогу пройдзе, а белая засядзе. (Сыроватка, цадзілка, тварог.)
6. У рубашцы радзіўся, а голы ходзіць. (Клінковы сыр.)
7. На плеш капнеш, уставіш, папарыш, дастанеш, паправіш. (Скаварада і блін.)

Госці дапамагаюць дзяўчаткам адгадваць загадкі, хваляць іх за гаспадарлівасць.

Вядучая:
—  Дарагія  госцейкі,  а  давайце зараз у гульню якую-небудзь згуляем?!  (Прапануецца гульня «Што робіш? » з кнігі Я. Р. Вількіна «Беларускія народныя гульні».)
Дзеці выбіраюць «гаспадыню» («гаспадара») і, сеўшы ў круг, чэрцяць перад сабой кружкі.
«Гаспадыня» абыходзіць удзельнікаў і задае кожнаму работу, напрыклад, пячы хлеб, варыць абед, пілаваць дровы, касіць сена, рамантаваць крэсла, насіць ваду і г. д. Дзеці пастукваюць палачкай па свайму кружку і ўвесь час гавораць, якую работу яны выконваюць.
Даўшы некалькі заданняў, «гаспадыня» паказвае прутком на аднаго з удзельнікаў і нечакана пытаецца:
—  Што робіш?
Ён павінен адразу ж назваць работу, якую яму даручылі ў пачатку гульні. Той, хто памыліцца, выбывае з гульні, пасля чаго «гаспадыня» дае ўсім новыя заданні.
Перамагае той, хто ні разу не памыліўся. Ён і выбіраецца «гаспадыняй» («гаспадаром»).

Вядучая:
—  Ну-ка, дзеткі, усе ў круг, патанцуем мы не ўдвух!

Танцавалі мы гапак,
Танцавалі рускую.
Паглядзіце зараз, як
Скачам беларускую.

Прыпеў:
Туп-туп, чаравік,
Не ляніся,
Туды-сюды, чаравік,
Павярніся!

Дзяўчынка Надзейка,
У круг ідзі хутчэй-ка!
Патанцуй жа на памосце —
Будуць рады нашы госці.
Прыпеў.

Хлопчыкі і дзяўчаткі выконваюць «Беларускую польку».

Вядучая:
—  Ну, добра, госцейкі, сядайце за сталы, частуйцеся блінамі, маслам ды сырам.
I  гаспадар:
—  Блін не клін, бруха не распора!
II  гаспадар:
— Сядзіце, госці, да вечара — вам бліноў напечана!

Усе займаюць свае месцы за сталамі.

Вядучая:
—  Ой, добра спявалі, танцавалі, частаваліся, але ж вельмі хочацца пакатацца-пагушкацца!
Дзеці спяваюць:

Мы на горушцы пабывалі, пабывалі,
Ай-люлі, пабывалі.
Масленіцу сустракалі, сустракалі,
Ай-люлі, сустракалі.
Сырам гару набівалі, набівалі,
Маслам гару палівалі, палівалі.
Наша горушка катліва, ой, катліва,
А матулька варкатліва, варкатліва:
Яна на нас варчала, ой, варчала,
На горушку не пушчала, не пушчала.
А нам дамой не хаціцца, не хаціцца,
А хаціцца пракаціцца, пракаціцца.
Мы думалі — масленкі сем нядзелек, сем нядзелек,
Ажно масленкі сем дзянёчкаў, сем дзянёчкаў:
Нас масленка абманіла, абманіла,
На сем нядзель паста пасадзіла, пасадзіла,
На белую капусту, капусту,
На горкую рэдзьку, на рэдзьку,
Ай-люлі, на рэдзьку.


Усе выходзяць на вуліцу. Там дзяўчаткі знаходзяць высокую мясцінку з праталінкай, спяваюць вяснянку:

Мы вясну чакаем,
Мы вясну гукаем:
Прыходзь, вясна!
3 ручайком бурлівым,
3 рэчкай гаманлівай!
Прыходзь, вясна!
3 песняй-вяснянкай,
3 сонейкам уранку!
Прыходзь, вясна!


Распальваецца вогнішча, на якім паляць чучала зімы, дзеці водзяць вакол агню карагоды, гушкаюцца на арэлях, катаюцца на санках. Можна правесці гульню «Падхват» (Я. Р. Вількін. «Беларускія народныя гульні»).
Гульня праводзіцца на заснежаным схіле гары. Для гульні неабходна мець санкі, шышкі або іншыя невялікія предметы. Колькасць гуляючых неабмежаваная.
На схіле ўздоўж накатанай каляіны раскладаюцца шышкі. З’язджаючы з гары, удзельнік на хаду падхоплівае іх. Па колькасці сабраных шышак выяўляюць пераможцу.


Яшчэ на гэту тэму:

Масленіца     Масленіца