сцэнарыі святаў на беларускай мове

Паводле кнігі «Гуляем, навучаем, развіваем, ці Знаёмім дзяцей з матэматыкай» І.У. Жытко, В.П. Бараноўскай, Л.С. Хадановіч.

Калядкі

Забава для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмныя задачы: садзейнічаць фарміраванню ў дзяцей уяўленняў пра народнае свята Каляды, развіццю пазнавальнай актыўнасці, лагічнага мыслення, кемлівасці; замацоўваць навыкі колькаснага лічэння, уменні параўноўваць мноствы, часткі і цэлае, групаваць прадметы па дзвюх прыкметах адначасова, бачыць у іх геаметрычную форму; узбагачаць слоўнікавы запас; выхоўваць культуру пазнання.
Матэрыял і абсталяванне: касцюмы для дарослых: Зорканошы, Музыкі, Механошы, Павадыра, Мядзведзя, Песенніка, Казы, Барана, Каня, Жорава, Гаспадыні, карткі з лічбамі ад 1 да 10, паднос, лічыльныя палачкі, качан капусты, бочачка з надпісам «Мёд», калядная зорка, вялікае напольнае люстэрка, шост са званочкамі, бубен, 2 абручы, муляжы калядных страў, акна, торба з рознымі па форме, велічыні, ужыванні прадметамі, па колькасці дзяцей: папяровыя кругі, наборы алоўкаў, аўдыязапісы: беларускіх народных песень: «Паехала каляда з канца ў канец», «Добры вечар, шчодры вечар», «Го-го-го, каза», «Ой, свят вечар, свят», мелодый беларускіх народных танцаў: «Крыжачок», «Мікіта».

Ход мерапрыемства

Зала мае выгляд святочна ўпрыгожанай сялянскай хаты, стаіць стол з муляжамі калядных страў. Гучыць беларуская народная песня «Паехала каляда з канца ў канец». Дзяцей і выхавальніка дашкольнай адукацыі сустракае Гаспадыня.

Гаспадыня. Добры вечар, сябры! Як цудоўна, што вы завіталі да мяне ў госці! Сёння, у калядны вечар, усе чакаюць гасцей. А ці ведаеце вы, што гэта за свята — Каляды? Не вельмі добра? Тады сядайце, калі ласка, я вам раскажу.
Каляды — гэта народнае зімовае свята нашых продкаў. Калядавалі звычайна больш за тыдзень. Каляды пачыналіся са святочнай вячэры, якая называлася «шчодрая куцця», бо абавязкова на стале была традыцыйная абрадавая салодкая каша — куцця. Да Каляд прыпасалі кумпякі, каўбасу, сала, яйкі, пяклі пірагі, бліны і ўсё самае смачнае ставілі на святочны стол. У госці прыходзілі калядоўшчыкі: Зорканоша, Музыка, Механоша, Павадыр з Мядзведзем, Песеннік, Каза, Баран, Конь, Жораў і іншыя людзі, пераапранутыя ў жывёл. Яны спявалі песні з віншаваннямі і пажаданнямі дабрабыту і шчасця гаспадарам, лагодна жартавалі з малымі і старымі, а шчодрыя гаспадары абдорвалі іх рознымі прысмакамі. Лічылася, як правядзеш Каляды, такім увесь год будзе. Таму ўсе спявалі, танцавалі, весяліліся, частавалі адзін аднаго і хадзілі ў госці.

Чуецца стук у акно.

Гаспадыня. Ой, хто гэта стукае? (Глядзіць у акно.)
На дварэ чорна хмара ўецца,
А пад акном каляднік чаўпецца.
Паклічам яго ў хату,
Ён нам будзе спяваці
Каляду.

Раптоўна святло прытухае.

Гаспадыня. Ой-ёй-ёй! Мабыць, вецер святло патушыў! Трэба хутчэй запалкі адшукаць!
Выхавальнік дашкольнай адукацыі (В.д.а.). У мяне на падносе ляжаць лічыльныя палачкі. Няхай кожны на дотык возьме некалькі і палічыць іх колькасць услых, тады святло запаліцца. Сёння ж не просты вечар, а калядны, чарадзейны.

Дзеці выконваюць заданне. Святло запальваецца. Гучыць беларуская народная песня «,Добры вечар, шчодры вечар». Уваходзяць калядоўшчыкі, Музыка б’е ў бубен.

Калядоўшчыкі (рэчытатывам).
Ішла Каляда па ляду, па ляду,
Рассыпала каляду, каляду.
Дзеці (ім дапамагае Каза, яна ж адбівае рытм шостам са званочкамі).
Каляда-калядзіца,
Прыходзь павесяліцца!
Калядоўшчыкі.
Прыйшла Каляда пад цясовы двор.
Дзеці.
Каляда-калядзіца,
Прыходзь павесяліцца!
Калядоўшчыкі.
Вароты рыпяць,
Маразы чуваць!
Дзеці.
Каляда-калядзіца,
Прыходзь павесяліцца!
Калядоўшчыкі.
Дзень добры таму,
Хто ў гэтым даму!
Дзеці.
Каляда-калядзіца,
Прыходзь павесяліцца!
Калядоўшчыкі.
Добры дзень вам,
Добрым людзям!
Дзеці.
Каляда-калядзіца,
Прыходзь павесяліцца!
Калядоўшчыкі. Ці рады вы нам?
Гаспадыня і дзеці. Рады, рады! А хто вы такія?
Песеннік. Мы людзі простыя...
Механоша. 3 далёкага краю...
Зорканоша. 3-пад самага раю!
Гаспадыня. Адкуль вы ідзяце?
Музыка.
Ідзём ад пана Года,
Што носіць бараду, як лапату,
Сіву і калмату!
Павадыр. Мы да лета ідзём,
Казу вядзём.
Радасць людзям нясём!
Калядоўшчыкі.
Гаспадыня добрая!
Гаспадыня шчодрая,
Пачастуй нас!
Гаспадыня.
Яшчэ рана частаваць,
Спачатку трэба загадкі адгадаць!
Дзеці, смела пачынайце,
Калядоўшчыкам загадкі загадайце!

Дзеці загадваюць калядоўшчыкам загадкі, тыя па чарзе іх адгадваюць.

Песеннік. А мы зараз вам прапануем задачы-жарты:

Раз да зайца на абед
Прыскакаў сябрук-сусед.
На пянёк зайчаты селі,
Па пяць морквін яны з’елі.
Хто падлічыць, дзеці, лоўка
Колькі з’едзена маркоўкі? (10 морквін.)
Сядзяць рыбакі,
Супраць — паплаўкі.
Рыбак Іваноў
Злавіў трох акунёў,
Рыбак Міхасёў —
Чатырох карасёў.
Колькі рыбін з ракі
Выцягнулі рыбакі? (7 рыбін.)
Вожык па лесе ішоў,
На абед грыбы знайшоў:
Два пад бярозай,
Адзін пад асінай.
Колькі іх, адкажы,
У плеценым кашы? (3 грыбы.)
Ля варот Дзве кошкі —
Вунь, катаюцца Клубком.
Палічы
У кошак ножкі,
Апасля
Падумай трошкі,
Праз якія дзверы Кошкі
Забягуць хутчэй У дом?
(У кошак не ножкі, а лапкі. У дзвюх кошак — 8 лапак. У дом забягуць праз адчыненыя дзверы.)
А. Емяльянаў-Шыловіч (перапрац.)

Музыка. Ну што ж, малайцы! Не згубіліся, нашы задачы-жарты правільна рашылі.
Гаспадынька, не скупіся,
Каб ячмень твой урадзіўся...
Песеннік (падхоплівае).
Каб нажалі 100 коп жыта...
Механоша (працягвае).
Каб была сям’я ўся сыта...
Каза (працягвае).
Каб скаціна вадзілася...
Зорканоша (працягвае).
Каб пшаніца радзілася...
Павадыр (працягвае).
Залезь на баляску...
Мядзведзь.
Дастань каўбаску.
Баран. Стань на драбінкі...
Конь. Дастань саланінкі.
Калядоўшчыкі (рэчытатыывам).
Шчодры вечар, багаты вечар!
Хутчэй дарыце, нас не марыце!
Гаспадыня. Частуйцеся, госцікі дарагія! (Усім падае пачастункі.)

Калядоўшчыкі (кланяюцца).
Гаспадыня добрая і вельмі шчодрая!
Гаспадыня. Я вас буду частаваць, а вам трэба паскакаць!

Танец «Крыжачок»

пад бел. нар. мелодыю

Павадыр. Смачныя ласункі ў цябе, Гаспадыня, ды мала іх!
Гаспадыня. Калядоўшчыкі, даражэнькія, зараз мы вам свае сурвэткі яшчэ надорым. Вось толькі дзеці над імі паварожаць. Зробім, дзеці, калядоўшчыкам падарункі? (Так.) А вы, калядоўшчыкі, пасядзіце ды на працу нашых дзетак паглядзіце!
В.д.а. (звяртаецца да дзяцей). У цудоўны калядны вечар збываюцца розныя пажаданні. Калі вы вельмі пастараецеся, магчыма, вашы жаданні таксама збудуцца.

Гульня «Чарадзеі»

Гаспадыня прапануе дзецям «паваражыць» — узяць папяровы круг — «сурвэтку», потым загадаць жаданне і падзяліць яго на дзве роўныя часткі (скласці напалам), параўнаць часткі, загадаць яшчэ адно жаданне і яшчэ раз скласці напалам, адзначыць назву кожнай часткі. Выхавальнік дашкольнай адукацыі задае пытанні, каб вызначыць сувязь паміж цэлым і часткамі, параўнаць іх.
Потым дзецям прапануюць расфарбаваць кожную частку «сурвэткі» розным колерам - «для радасці ў наступным годзе».
Музыка. Якія дзеці ўмелыя ды разумныя!
Песеннік. Давайце пагуляем!

Гульня «Зайцы на гары стаялі»

У гульні прымаюць удзел усе калядоўшчыкі. Гучыць беларуская народная музыка, дзеці скачуць. Хтосьці з калядоўшчыкаў прамаўляе:
Зайцы на гары стаялі, Зайцы пальцы выкідалі.
Калі музыка сціхае, паказваюць картку з лічбай (ад 0 да 10), а дзеці падымаюць столькі ж пальцаў, але абавязкова на абедзвюх руках. У канцы гульні Каза падае на падлогу.
Песеннік. Устань, козанька!
Павадыр. Устань, даражэнькая!
Баран. Дзе каза ходзіць...
Каза (устае, тупае). Там жыта родзіць!
Конь. Дзе каза топ-топ...
Каза (двойчы тупае). Там жыта сем коп!
Зорканоша. Дзе каза нагой, нагой... Каза (двойчы шоргае).
Там жыта капой, капой!
Жораў. Дзе каза хвастом, хвастом...
Каза (круціць хвастом). Там жыта кустом!
Механоша. Дзе каза рагамі...
Каза (бадаецца). Там жыта стагамі!
Мядзведзь. Дзе каза бывае...
Каза (гарэзліва скача).
Туды шчасце завітае!
Музыка. Адзе не бывае...
Каза (круціць галавой).
Таго шчасце мінае!
Ці ведаеце вы калядную песню пра мяне?
Дзеці. А як жа! Ведаем!

Карагод «Го-го-го, каза»

пад бел. нар. песню

Механоша. Вось як добра мы спявалі ды танцавалі! Чым, Гаспадыня, Казу пачастуеш?
Гаспадыня. Дам я Козцы-казе качан капусты! (Дае Казе качан.)
Баран (падскоквае да Гаспадыні). А мне-э-э? А мне-э-э?
Мядзведзь (набліжаецца да іх, адштурхоўвае Барана, той адыходзіць, яго супакойвае Каза). Мне!
Гаспадыня.
А ты спачатку паслужы, што ўмееш — пакажы!

Павадыр выводзіць Мядзведзя на сярэдзіну залы.

Павадыр. Пакажы, Міша, як Гаспадыня цеста ў дзежцы месіць! (Мядзведзь садзіцца на падлогу, падкручвае ногі, таўчэ кулакамі, імітуючы замешванне цеста ў дзяжы.) А як дзеці зацірку ядуць? (Мядзведзь «дастае вялікую лыжку» і «лье» за каўнер.) А як Гаспадыня прыгажосць наводзіць? (Мядзведзь выцягвае левую лапу ўперад, а правай імітуе, як жанчына прыхарошваецца.) А як дзеці танцуюць? (Мядзведзь смешна падскоквае і круціцца на месцы.) Ці зарабіў Мішка калядны ласунак?
Гаспадыня. Так, зарабіў! Вось табе, Мішка, бочачка мёду! (Мядзведзь радасна прытанцоўвае.)
Калядоўшчыкі. А нам?!
Гаспадыня.
Будзе, будзе каляда.
Мне гасцінцаў не шкада.
Просім гаспадыню ўшанаваць,
Каляду паспрабаваць!
Вось калядныя
Бліны ладныя,
Каўбаса, яечкі,
Пышкі, перапечкі!

Гаспадыня звяртае ўвагу на стол са стравамі.

Калядоўшчыкі (кланяюцца).
Каб ваша хата была заўжды багата!
В.д.а. Мы бачылі, якія вы спрытныя, калядоўшчыкі! Але ж і дзеці нашы вунь якія здольныя! Сядайце ды на іх падзівіцеся!

Гульня «Калядныя падарункі»

Выхавальнік дашкольнай адукацыі прапануе дзецям адгадаць, што накалядавалі госці-калядоўшчыкі: знайсці на дотык у торбе розныя прадметы. Калі дзеці дастануць іх усе, ён прапануе вызначыць, па якіх прыкметах можна іх раскласці (па форме, велічыні, ужыванню), для выяўлення мностваў карыстаюцца абручамі. Потым выхавальнік дашкольнай адукацыі прапануе згрупаваць прадметы па дзвюх прыкметах (напрыклад, у адзін абруч пакласці вялікія круглыя прадметы, а ў другі — квадратныя маленькія).

Калядоўшчыкі наперабой хваляць дзяцей. просяць падарыць ім «сурвэткі».

Гаспадыня. Дык вы яшчэ свае пажаданні нам не сказалі!
Музыка (кідае зерне).
Святкуем калядкі, лавіце зярняткі!
Механоша (кідае зерне).
Дадзім трошкі жыта для дабрабыту.
Зорканоша (кідае зерне).
Лавіце жыта рукой,
Каб быў добры настрой!
Песеннік (кідае зерне).
Каб моцна грэла сонца,
Кіну жыта ў аконца!
Калядоўшчыкі (рэчытатывам).
Усім дабро дарыце, радасна жывіце!
В.д.а., дзеці і Гаспадыня. Дзякуй вам! (Дораць гасцям «сурвэткі».)
Музыка. У калядны вечар цуды дзеюцца для тых, хто шчодры ды ласкавы. У вас мы гэта ўсё бачылі. Таму пакажу я вам цуд незвычайны. (Пляскае ў далоні. Зорканоша і Механоша выносяць вялікае напольнае люстэрка.) У цудоўны калядны вечар зоркі на небе гараць ярчэй, чым заўсёды. У гэтым люстэрку кожны з вас можа ўбачыць, як яны зіхацяць, а каму калядная зорка яшчэ і падміргне, таму абавязкова пашанцуе.
Зорканоша.
Усе паціху падыдзіце,
У люстэрка зазірніце,
Зорка вам падміргне
I да шчасця павядзе!

Гучыць беларуская народная песня «Ой, свят вечар, свят». Усе выходзяць з залы.

ЛІТАРАТУРА:

1. Жытко, І.У. Гуляем, навучаем, развіваем, ці Знаёмім дзяцей з матэматыкай / І.У. Жытко,В.П. Бараноўская, Л.С. Хадановіч. — Мінск: Выд. У.М. Скакун, 1997.
2. Жытко, І.У. Матэматычны калейдаскоп: вучэбны метадычны дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі з бел. мовай навучання / І.У. Жытко. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2012.
3. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2012.

Яшчэ на гэту тэму:

Калядныя вячоркі     "Ішла Каляда, калядуючы..."