сцэнарыі святаў на беларускай мове

Бібліятэка прапануе. Верасень 2010 г.

Восеньскія святы

Сцэнарый адкрытага урока

Мэта: пазнаёміць выхаванцаў з восеньскімі традыцыйнымі беларускімі святамі, звязанымі са жнівом.
Задачы:
- узнавіць і пашырыць веды аб традыцыйных беларускіх святах восені;
- навучыць адрозніваць іх асаблівасці, вымаўляць іх назвы ;
- выхоўваць любоў да роднага краю, беларускай мовы, пачуццё гонару за сваю Радзіму.
Атрыбуты: калоссе, лубок, ручнік, фартухі, стол, талерка, збожжа, падзелка «Сонейка», малюнак гаспадыні Восені.
Музычнае суправаджэнне: цымбалы - гучыць музыка «Мой родны кут» (I. Лучанок;, «Беларуская полька (І. Лучанок), (Ой, капуста) народная песня;, «Полька-весялуха» (апрац. I. Лучанка), «Таўкачыкі» ( апрац. I. Лучанка).

I. АРГАНІЗАЦЫЙНЫ МОМАНТ

Дзеці заходзяць у пакой, традыцыйна вітаюцца: «Добры дзень у хатку!» Гучыць лагодная беларуская музыка, «Мой родны кут» (/. Лучанок).
Настаўнік. Добры дзень, мае даражэнькія. Усе ў зборы. Сёння ў нас незвычайны занятак. Мы з вамі адправімся падарожнічаць у краіну святаў, а спадарожнікам і дапаможнікам для вас будзе ваш сшытак, які ляжыць перад вамі на стале. Адкрыйце яго, калі ласка. Перад пачаткам занятку давайце пазнаёмімся з новымі словамі, якія сёння будуць сустракацца. Дзеці разам з настаўнікам прагаворваюць новыя словы і іх пераклад на рускую мову.

II. УВОДЗІНЫ

1. Настаўнік. Для кожнага чалавека Радзіма пачынаецца з тога месца, дзе ён нарадзіўся і вырас, дзе ён жыве і працуе побач са сваімі блізкімі. Нашай Радзімай з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, сталіца - горад Мінск, дзе мы жывем. Усё, што мы з вамі сёння вывучым, гэта і будзе ваш уклад у моц нашай Радзімы. Чаму? Таму што Беларусі патрэбны адукаваныя людзі.
Кожны павінен любіць свой край, бо чалавек, які любіць зямлю, на якой жыве, нарадзіўся, робіцца моцным і мудрым. У нашых продкаў было шмат свят, звязаных з важнымі падзеямі ў жыцці чалавека. Яны паўтараліся з году ў год і былі падпарадкаваны гадавому вітку Зямлі вакол Сонца, якое давала веснавы росквіт прыродзе і замарожвала яго надоўга восенню, каб адрадзіць наступнай вясной. Так утварылася кола свят і абрадаў беларускага народа. Вы гатовы разам са мной адправіцца ў падарожжа? (Адказы дзяцей.)
Настаўнік апранае саламяны капялюш, упрыгожаны каласкамі, і прыцягвае ўвагу дзяцей да дошкі, на якой вісіць схема «Кола свят».
Праца з дзецьмі.
Зараз мы з вамі даведаемся, якія святы вы ўжо ведаеце.
Зімовыя: Каляды, Шчадруха (Стары Новы год), Стрэчанне.
Вясновыя: Масленіца, Саракі, Вялікдзень.
Летнія: Купалле, Сёмуха.
Усе гадавыя святы мы назвалі, ці нешта забылі? Давайце пералічым поры года. Колькі іх? (Адказы дзяцей: 4 - зіма, вясна, лета, восень.)
Вось бяда дык бяда! Мы забыліся пра восеньскія святы.
А якія ж восеньскія святы вы ведаеце? (Адказы дзяцей.)
Нам патрэбна дапамога! Мы з вамі выраслі і павінны ведаць больш.
Як вы лічыце, аб чым у нас сёння будзе ісці гаворка. (Адказы дзяцей.)
Правільна. Сёння мы з вамі будзем знаёміцца з восеньскімі святамі. А дапамагаць нам будзе наш пуцевадзіцель - сшытак і сама гаспадыня Восень!
Давайце разам паклічам яе на дапамогу: гаспадыня Восень, калі ласка, дапамажы, восеньскія святы пакажы!

Настаўнік трымае ў руках аркуш паперы фармату А-3 з малюнкам гаспадыні Восені.
У карманах фартуха схаваны назвы свят.

III. ТЛУМАЧЭННЕ НОВАГА МАТЭРЫЯЛУ

Сёння з дапамогай гаспадыні Восені я вас пазнаёмлю з восеньскімі святамі. Але давайце спачатку ўспомнім, як называюцца восеньскія месяцы. (Адказы дзяцей.) Верасень, кастрычнік, лістапад.
Малайцы! Сёння ў нас будзе ісці гаворка толькі пра святы, звязаныя са жнівом. Давайце паглядзім, што прынесла нам гаспадыня восень, якія святы адзначаюць у гэтую пару: Жніво, Багач, Восеньскія Дзяды (памінальны дзень, успамін продкаў).
Настаўнік дапаўняе кола свят на дошцы гэтымі назвамі.
3 12 ліпеня па 27 верасня беларусы святкуюць «Жніво» - самы працяглы комплекс рытуалаў, ад Зажынак да Дажынак.
Хлеб меў і зараз мае вялікае значэнне для нашага народа. Бохан хлеба - бацюхна, хлеб - кармілец.
А зараз я прапаную вам успомніць старажытны узор вышыванкі «Жытняя баба» і расфарбаваць яго.
Праца з рабочым сшыткам (5-7хвілін).
Давайце ўспомнім, дзе яшчэ мы можам сустрэць такі арнамент? (Адказы дзяцей.) Ручнікі, арнамент на беларускім народным адзенні.
Настаўнік. А зараз, я пазнаёмлю вас з самым вялікім восеньскім святам. 21 верасня жыхары Беларусі адзначаюць вялікае свята Багач, калі на полі дажаты апошні сноп.

Фізкультхвілінка.
Гульня «Калоссе»
Па падлозе раскінуты каласы. Выклікаюцца пяцёра дзяўчат, ім завязваюцца вочы і яны павінны сабраць «ураджай» пад «Польку-весялуху» (2 хвіліны).
Настаўніца ў гэты час чытае верш.
Ніўка наша залатая,
Сярпы вострыя,
Гаспадыня нам казала,
Каб ні былі чэрствыя.

Настаўнік. Вось іжыта пажалі, каласкі пазбіралі, і прыйшло на нашу нівачку свята добрае - Багач. Апошні сноп урачыста прыносілі ў хату самага «багатага» гаспадара, які здолеў сабраць найвялікшы ўраджай, абмалочвалі сноп, зерне ссыпалі ў лубок гаспадара (сіта). Затым ставілі грамнічную свечку і запальвалі яе. Такім чынам рабіўся «багач», які заносілі ў кожны двор, і кожны гаспадар павінен быў у лубок адсыпаць жменьку зерня са свайго новага ўраджаю. Пасля абыходу падвор’яў лубок, поўны зерня, вяртаўся да гаспадара і захоўваўся да вясны, каб потым гэтае зерне падзяліць паміж усімі гаспадарамі і змяшаць з зернем для вясенняй сяўбы. «Прыйшоў Багач - кідай рагач, бяры сявеньку і сей памаленьку».

Абрад Багач
Як гаспадыня хаткі я запрашаю вас, мае пачэсныя гаспадарыкі, дапамагчы мне падрыхтавацца да нашага свята Багач. Вось у мяне ў руках лубок, а вось і зерне жыта з апошняга снапа. Я падыйду да кожнага з вас, а вы кінеце па жменьцы жыта з мяшэчка ў лубок.
Дзеці выконваюць абрад Багач. Апошні вучань - «гаспадар» - урачыста ставіць Багач на ручнікі пад абраз.

Настаўнік. У гэты дзень, як у храмах, так і ў хатах упрыгожвалі абразы калоссем. Дзяўчатам, якія «збіралі» ураджай, прапануецца ўпрыгожыць абраз.
Згодна многавяковай традыцыі, так адзначалі свята ў гонар Даждьбога - бога дастатку, сонейка і багацтва, у народзе - Багач, таму што да гэтага часу ўраджай сабраны і гаспадар станавіўся багаты. У гэты дзень з зерня новага ўраджаю пяклі вялікі і прыгожы каравай, «абнаўлялі вогнішча» - стары агонь у печы гасілі, а новы запальвалі. У падвор’і і ў хаце развешвалі галінкі рабіны, бо лічылася, што на працягу года яна ахоўвае гаспадароў ад ліха.
У гэты дзень прынята хадзіць у госці, смачна ўсіх частаваць. Багач святкавалі цэлы тыдзень. Абавязкова ладзіўся кірмаш, дзе гаспадар з гонарам выстаўляў на продаж выдаткі сваёй працы.
Гульня «Каравай»
Гучыць мелодыя песні «Таўкачыкі» (апрац. I. Лучанка).
А зараз будзем разам пекчы пірог. (Імітацыя рухаў.) Спачатку прапаную падняцца з месца і падрыхтаваць стол для выпечкі цеста.
Засучылі рукавы, у вялікую міску высыпалі муку. (Настаўнік прапануе вучню працягнуць гульню, прагаварыць далейшыя рухі.)
Што яшчэ туды трэба класці? Месім і раскатваем цеста. Лепім пірог. Упрыгожваем яго. Ставім у печ. Вымаем з печы і ставім на ручнік.
Малайцы! Якія смачныя караваі атрымаліся. А зараз прысядзьце на свае месцы, калі ласка. Прапаную вам гульню для самых разумных.
Якое ты, свята Багач? 3 дапамогай слоўніка насупраць кожнай літары трэба напісаць прыметнік, які характарызуе свята. Напрыклад:
Б - багацце, багатае, багач;
А - адзінае;
Г - гарачая пара;
А - адметнае;
Ч - чароўная пара, чарадзейнае, чароўнае.

IV. ЗАМАЦАВАННЕ


Чаму мы павінны былі з вамі сёння навучыцца? Адказы дзяцей:
- даведаліся аб галоўных восеньскіх святах;
- навучыліся адрозніваць іх асаблівасці, вымаўляць іх назвы;
- папоўнілі свой слоўнік новымі беларускімі словамі.

Якое значэнне меў і мае хлеб для беларусаў? Калі святкуюць жніво?
3 якой мэтай праходзяць Зажынкі і Дажынкі? Што ўслаўлялі ў песнях?

Крыжаванка.
Вучням прапануецца разгадаць крыжаванку, каб вызначыць назву аднаго з галоўных восеньскіх свят.
Па гарызанталі:
Назва першага месяца восені. (Верасень.)
Як называецца свята, якое адзначаюць, калі на полі дажаты апошні сноп? (Багач.)
Назва свята збору ўраджаю. (Жніво.)
Дзе «абнаўлялі вогнішча» у хаце падчас святкавання свята Багач? (Печ.)
Па вертыкалі:
3 якога зерня хлеб пякуць? (Жыта.)
Куды кожны гаспадар адсыпаў жменьку зерня, калі рабілі «Багач»? (Лубок.)
Што «абнаўляў» у пячы гаспадар? (Вогнішча.)
«Ой, якая багатая восень! Усё ў яе ўдалося! Жыта ў трубу павялося, а авёс як тын парос! А ячмень палёг на пляцень! А пшаніца - як брусніца, а якое зерне, як кветка»? (Грэчка.)
Самае галоўнае багацце ў гаспадара. (Хлеб.)

V. РЭФЛЕКСІЯ

Настаўнік. Малайцы! Мы сёння з вамі добра папрацавалі.

Гульня «Мой настрой»

(Каб вызначыць, які настрой у дзяцей напрыканцы занятку, настаўнік прапануе гульню «Мой настрой". Калі гучыць вясёлая музыка «Беларуская полька" (I. Лучанок), дзеці павінны таньчыць рукамі і плячыма, але толькі тыя, у каго добры настрой. Гучыць сумная павольная музыка «Купалінка» (I. Лучанок). У каго адпаведны настрой - таньчыць толькі галавой.)

Настаўнік. Вось і завяршылася наша падарожжа ў краіну святаў. Але перад вамі адкрыты ўсе дарогі і сцежкі нашай Радзімы. Любіце нашу святую зямлю-карміцельку аддана і да канца. А каб яшчэ больш ведаць, чытайце кнігі пра родную Беларусь.

Хатняе заданне
Размаляваць малюнак «Багач» у сшытку. (Настаўнік паказвае малюнак.)
Ад шчырага сэрца
Вам долі жадаю.
Ніхто з вас ніколі
Хай гора не знае.
Бывайце здаровы.
I ў шчасці жывіце.
Да пабачэння, сябры!

Ціха гучыць мелодыя «Мой родны кут...» на словы Я. Коласа. Дзеці выходзяць, традыцыйна развітваючыся «Да пабачэння, хатка! Да новых сустрэч!»




Яшчэ на гэту тэму:

Святы восені     Залатая восень