сцэнарыі святаў на беларускай мове

Яўгенія Паўлаўна ЧАКУР - настаўніца Пліскай САШ імя У. А. Мікуліча Смалявіцкага раёна. Роднае слова Снежань 2008 г.

Добры вечар, шчодры вечар...

Сцэнарый каляднага свята

Мэты: знаёмства вучняў з асаблівасцямі святкавання Калядаў; выхаванне цікавасці да спадчыны свайго народа - традыцый, абрадаў, звычаяў.
Абсталяванне: сцэна прыбрана ў традыцыйным вясковым стылі: на падлозе пасланы даматканыя дарожкі, у куце - абразы, прыбраныя вышыванымі ручнікамі, пасярод сцэны - дэкарацыя печы, каля якой на лавачцы сядзяць дзед Янка з унукам Петрыкам. Бабуля Алёна мітусіцца па "хаце", ставячы на стол, засланы яркім вышываным абрусам, новыя талеркі, міскі са стравамі. Для фону пры правядзенні мерапрыемства варта выкарыстаць беларускія народныя мелодыі.

Дзед Янка (да бабкі Алёны)- Досыць табе ўжо бегаць, на стале ж усяго багата, няма ўжо дзе тыя міскі ставіць» а ты яшчэ і чыгунок нясеш.
Бабуля Алёна (сапраўды шукаючы месца гарачаму чыгунку, укручанаму ў ільняны ручнік). На Каляды, калі хочаце ведаць, абавязковай стравай з’яўляецца ўласна куцця - ячменная каша. А пра яе я ледзьве не забылася (нарэшце ставіць пасярэдзіне стала чыгунок, любуецца сталом). Ну, цяпер добра і калядоўшчыкаў сустракаць. Не сорамна будзе. Як вы думаеце?
Дзед Янка. Вядома ж, тут могуць не адны калядоўшчыкі прыйсці, і ўсім мы будзем рады. Бо павер’е гаворыць: калі ў тваю хату не зазірнула калядаванне, значыць, не паважаюць цябе ў вёсцы.
Петрык. Дзеду, ты нібы сумняваешся, што да нас прыйдуць калядоўшчыкі. Ці помніш ты хаця б адзін год, каб да нас з шумам-гамам не знайшлі ды вяселля не прынеслі разам з жартамі і песняй.
Дзед Янка. Усякае, унучак, бывае, могуць за што-небудзь і пакрыўдзіцца. Ты нічога нікому дрэннага сёлета не зрабіў?
Петрык. Не, здаецца...
Дзед Янка. То-та ж і яно - здаецца, вось і даводзіцца мне сумнявацца, ці завітаюць хаця сёння.
Бабуля Алёна. Ну, дзед, ты што палохаеш дзіця, ты чаму гэта сумняваешся ў яго дабраце, шчырасці і спагадлівасці?
Дзед Янка. Я сумняваюся ў яго працавітасці, арганізаванасці. Колькі разоў ён праспаў у школу?
Петрык (звесіўшы галаву). Адзін.
Дзед Янка. А колькі разоў адмовіў бабулі Алёне дапамагчы па гаспадарцы, спяшаючыся на свой хакей?
Петрык. Я больш не буду. Але ж я заўсёды дроў прыношу, падлогу мыю, у бабулі цяжкія чыгункі адбіраю, сумкі падношу, усе гэта бачаць.
Дзед Янка. А табе важна, каб усе бачылі тваю руплівасць ці каб сам ты адчуваў своечасовую дапамогу?
Петрык. Вядома, каб сам...
Бабуля Алёна. Ну што ты прычапіўся ў такі святы вечар да хлопца! Сёння нікога не трэба ні крыўдзіць, ні палохаць, а, наадварот, толькі з добрымі словамі да ўсіх звяртацца. А Петрык наш па правільнай дарозе кіруецца, мы ж не зломкі якія, вось ён у нас усяму добраму і вучыцца паціху, не ўсё ж адразу.

(За акном чуюцца музыка, спевы.)

Дзед Янка. А, бачыш, напэўна, да нас завіталі? (Прыслухоўваюцца, з-за куліс даносяцца калядныя песні.)
Калядоўшчыкі.
Калядую, калядую,
Пад акном бядую,
Калядую, калядую,
Каўбасачку чую,
Калядую, калядую
I куццю смакую.
А ці добры гаспадар,
А ці гаспадыня,
Вы пусціце нас у двор,
Бо куцця астыне.
Дзед Янка. Трэба ісці адчыняць дзверы. Петрык, ты шустрэйшы, хутчэй пускай гасцей, каб не пайшлі да другога двара.
Петрык. Я зараз.

(У хату з прытанцоўкамі і той жа песняй, што спявалася пад акном, уваходзяць калядоўшчыкі.)

Несцерка. Ці дома пан гаспадар?
Дзед Янка. Як бачыце, дома.
Несцерка. А пані гаспадыня?
Бабуля Алёна. А як жа, у такі вечар трэба дома сядзець, гасцей чакаць або самой ісці ды калядаваць.
Несцерка. Ці жадаеце Каляду заспяваці?
Дзед Янка, Петрык, Бабуля Алёна. Жадаем.

(Усе разам спяваюць калядную песню.)
Добры вечар, пане гаспадару,
Ой, каляда! (2 разы)
Харошыя маеш ты сыночкі,
Ой, каляда! (2 разы)
Ой, што ж яны ў цябе робяць,
Ой, каляда! (2 разы)
У святліцы золата важаць,
Ой, каляда! (2 разы)
Наважылі 30 пудоў і чатыры,
Ой, каляда! (2 разы)
(З’яўляецца Дзед Калядоўшчык.)

Дзед Калядоўшчык (спявае).
Я - не дзед Барадзед,
Я - калядны дзядок,
Абышоў цэлы свет
Я за гэты гадок.
Чуў я тысячу моў,
Бачыў безліч людзей,
Ды вярнуўся дамоў
Я да вас, да дзяцей.
Бабуля Алёна.
Што ж ты дзеткам прынёс
3 гэтых дальніх дарог?
Дзед Калядоўшчык
Песень воз, казак воз
I загадак прынёс.
Петрык. А я хачу больш ведаць пра Каляды.
Дзед Калядоўшчык. Добра, слухай. Каляды святкаваліся на Беларусі здаўна. У гадавым крузе яны займалі першае месца. Царква прымеркавала да старажытных Калядаў рэлігійнае свята Нараджэнне Хрыста і Вадохрышча, таму за Калядамі замацаваўся час з 24 снежня да 6 студзеня ўключна.
Бабуля Алёна. Трэба нагадаць, што для святкавання Калядаў характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці): поеная (вялікая) спраўляецца перад першым днём свята, багатая (шчодрая) перад Новым годам і поеная (вялікая) перад Вадохрышчам.
Несцерка. На Каляды ладзілася калядаванне, варажба, шматлікія забавы, гульні, спяваліся калядныя песні, у якіх віншавалі гаспадароў хаты, жадалі ім шчасця і дабрабыту.
Дзед Янка. Дык я чакаю, калі вы ўжо будзеце мяне хваліць ды віншаваць.

(Калядоўшчыкі дружна збіраюцца ў паўкруг і, танцуючы каля гаспадароў, спяваюць віншавальную-пажадальную.)
А прыйшлі мы ў заможную хату,
Што на бліны і каўбасы багата,
Гаспадар зусім не лянівы,
Гаспадыня - з ім проста шчасліва,
I унучак - вясёлы і жвавы,
Ён у працы - таксама рухавы.
Гаспадар наш і шчыры, і шчодры,
Гаспадыню мы ведаем добрай,
А унучак - сумленны, праўдзівы,
I яго дачакаецца ніва,
I палі, і лугі, сенажаці,
Хай памножыцца шчасце у хаце!
Несцерка. Хай не ведаюць гора і толькі, а ўсміхнуцца прымусіць нас полька!

(Харэаграфічным калектывам выконваецца танец "Беларуская полька".)

Дзед Янка. Добра пахвалілі.
Бабуля Алёна. Слаўна пажадалі, пекна праспявалі, цудоўна станцавалі, а каб сапраўды куцця не адубянела, за стол спяшайцеся смела: і Бульбінка, і Мядзведзь, і Ліса, і Каза-Дзераза.
Несцерка. Не-не, мы яшчэ есці не заслужылі, бо ўсяго вам не далажылі.
Каза. Ні прыказак-прымавак не сказалі, загадак не загадалі, прыкмет не распавялі.
Дзед Янка. Мы то ведаем некаторыя прыкметы і загадкі, а для моладзі, канечне, неабходна вучыцца - духам родным лячыцца. Слухаем і запамінаем.
Несцерка. Прыйшлі Калядкі - гаспадарам парадкі.
Васілінка. Калядкі - добрыя святкі: бліны ды аладкі.
Мядзведзь. На Каляды мяцеліца - на пчолы ўраджай: неба зорнае - ураджай на гарох.
Каза. На Каляды вецер - летам шмат арэхаў: неба зорнае - будуць грыбы і ягады.
Ліса. На Каляды ясна - ясна і на Пятра.
Дзед Калядоўшчык. Калі на куццю неба яснае і шмат зорак, то будзе ўраджай на грыбы, калі ідзе снег і мяцеліца, то будуць раі.
Несцерка. На Калядкі бліны ды аладкі. А вы, разумнікі, адгадайце загадкі!
Каза. Што гэта за вочы: адно свеціць удзень, а другое ўночы? (Сонца, месяц.)
Мядзведзь. Пад аконца падыдзе, не стукаючы, не грукаючы, ад аконца адыдзе, не стукне, не грукне. (Дзень.)
Васілінка. Бабка-крываножка па золаце скача. (Качарга.)
Бульбінка. Жалезны ток, свіны падскок. (Патэльня і сала.)
Ліса. Несла гаспадыня ў кошыку дзесяць яек, адно упала Колькі засталося? (Ніколькі, усе разбіліся)
Дзед Калядоўшчык. Не шкадуюць мяне, мнуць, у печ гарачую кладуць, а як вымуць, дык нажом будуць рэзаць за сталом. (Хлеб.)
Каласок.
Я спытаю для парадку,
Хто адгадае загадку:
Што расце ў нашым краі,
Як і мяне паважаюць,
Хлебам другім называюць? (Бульба.)
Бульбінка. Правільна! Гэта бульбінка-беларусачка - пекная паненачка, шэрая сукеначка, зялёная хустачка.
Дзень добры, мае харошыя!
А якія вы ўсе прыгожыя!
А я такая простая, зрэбная,
Нікому тут непатрэбная.
Каласок.
Ты, сястрыца, кінь журыцца!
Дарагія гледачы! Трэба й тут дапамагчы:
Хай той запляскае ў ладкі,
Хто любіць з бульбы аладкі.
Раз-два-тры-чатыры-пяць,
Будзем Бульбінку вітаць.
(Усе пляскаюць у ладкі)

Несцерка.
3 нашай бульбы тысячу, не меней,
Смажаць і гатуюць розных страў.
Я ўсхапіўся з месца і з натхненнем
Песню ім пра бульбу праспяваў!
Так пісаў Пімен Панчанка ў сваім вядомым вершы, а мы з вамі ведаем не толькі песні пра бульбу, нашы дзеткі развучылі прыгожы танец, глядзіце ўсе. Любуйся сабой, Бульбінка.
(Харэаграфічным калектывам выконваецца беларускі танец "Бульба".)

Ліса.
Якія прыгожыя танцоры,
I я такая ж прыгажуня,
Хітрая і модная,
А чаму каза рагата
Артыстка народная?
(Выконваецца песня.)
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шара, (2 разы)
Дзе рожкі дзела?
На соль праела.
Лезь, каза, на печ,
Пакажы чапец,
Лезь, каза, на кут,
Пакажы хамут.
Лезь, каза, на дол,
Пакажы хахол.
Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць,
Дзе каза рогам,
Там жыта стогам.
Дзе каза нагой,
Там жыта капой.
Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом.
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шара,
Г-о-о! Г-о-о!
(Каза, вырабляючы ў танцы розныя выкрунтасы, валіцца на падлогу і дрыгае нагамі.)

Бабуля Алёна. Дзед, а што гэта з нашай казой?
Дзед Янка. А таму і павалілася, што стамілася, трэба яе падняць.
Бабуля Алёна. А як?
Дзед Калядоўшчык. Ды есці чаго-небудзь даць.
Бабуля Алёна. А чаго ёй даць?
Дзед Калядоўшчык. А мае вы харошыя, каза любіць усё, а найболей - грошы.

(Дзеці частуюць казу, а механоша ходзіць і збірае грошы.)

Мядзведзь. I я здатны артыст.
Цыган. Пакажы, Мішка, як дзеці сядзяць на уроку. (Мядзведзь паказвае, як дзеці звычайна сваволяць.) Пакажы, Мішка, як вучні харчуюцца ў сталоўцы. (Мядзведзь пачынае крыўляцца, імітаваць, як дзеці кідаюцца кавалкамі хлеба.)
Дзед Янка. Ай, як нядобра кідацца хлебам, не можа быць, што ў нас ёсць такія вучні. А калі ёсць, то пасля нашай сустрэчы такога не паўторыцца (звяртаючыся ў залу), праўда, дзеці?
Цыган. А цяпер пахвалі ўсіх, хто нас слухаў. А чаго ж ты засумаваў? А-а, дзеці цябе не хваляць? Паапладзіруйце, дзеці, артысту.
(Дзеці апладзіруюць мядзведзю.)

Бабуля Алёна. Ды пара ўжо і за стол, чакае вас усіх каўбаска, куццю каштуйце, калі ласка.
Дзед Янка. Бліны на стале, мёдам мажаце, дзякуй потым скажаце.
(Усе падыходзяць да стала, бяруць па бліну, частуюцца, і ў гэты самы час на сцэну выбягаюць дзеці і выконваюць танцавальны нумар "Калядкі пад вядомую песню "Каляда"ансамбля "Песняры".)

Несцерка.
I шкада, а ўсё ж бывайце!
Толькі нас не забывайце!
Дружна жывіце!
Хутка расціце!
Край свой любіце!
Не таму любіце, што за ўсе цяплейшы ці прыгажэйшы,
А таму любіце, што за ўсе мілейшы,
За ўсе даражэйшы.
Каза.
Трэба нам ужо ў дарогу
Ды да іншага парогу,
Добрых людцаў віншаваць
Ды са святам прывітаць!..
Разам.
Дзякуем за ўвагу, дзеці,
Дай Бог вам шчасця ў свеце!
(Выходзяць з песняй "Го-го-го, каза...".)


Яшчэ на гэту тэму:

«Прыйшла каляда да вашага двара!»     Калядныя акорды