сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. М. ЛЕСКАВЕЦ, настаўніца вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы № 3 г. Беразіно. Беларуская мова і літаратура 10/2012

Гуляем вяселле

Тэатралізаванае свята для вучняў X—XI класаў

Ход мерапрыемства

Вядучы.
Хай на скрыпках, цымбалах музыкі зайграюць,
А чароўныя гукі часцей хай збіраюць.
Хай дзяўчаткі-кабеткі звонка песні спяваюць —
На зямлі Бярэзінскай зноў вяселле спраўляюць.
Так гулялі раней, хай жа вернецца знову!
Паспяшаюцца госці! Уздымаем заслону!

(Уздымаецца заслона. На сцэну брат выводзіць сястру. Выходзяць дзяўчаты.)
Брат. Хутка суджаны прыедзе.
Нявеста. Братка, я ўся дрыжу.
Брат.
Ты ж ідзеш не за мядзведзя!
Лешп садзіся на дзяжу.
(Дзяжа накрыта кажухом.)
Садзіся, сястра, на мяккую воўну,
Хай будзе і шчасця, радасці поўна.

(Спяваюць дзяўчаты, на галаву маладой адзяваюць вянок, расчэсваюць валасы.)
Нявеста. Як убачыць Юраська, дык от жа пацешыцца. Ох, і ўмее ён абнімацца і цалавацца. Ці даўно разам у школу хадзілі, а ўжо на табе, за дзявочымі спадніцамі так і бегае, як падсмалены. Так абніме, так да грудзей прыцісне, ажно млосна робіцца. А як пачне цалаваць, дык твар гарыць, проста як хто яго крапівою высек. Ох, Юрка, Юрка.
Вядучы.
Цяжка з хатай развітацца,
I з бацькам, маці, сябрамі.
Трэба ж з сіламі сабрацца,
Бо жаніх не за гарамі,
Едзе, едзе ён, каханы.
Едзе, паспяшае.
Ён даўно зачараваны,
Нявеста чакае.

(Гучыць музыка. Чуюцца галасы: «Едуць! Едуць! » На сцэне жаніх I яго дружына. Выходзіць сват.)
Сват.
Добры дзень у хату, добрыя людзі!
Хай шчасця сягоння прыбудзе на свеце.
Свацця.
Дзень добры. сваточак,
Добры дзень, дружына,
Чаго гуляеш на ўсё сяло?
Што кас сюды прывяло?
Сват.
Нявеста нам вельмі трэба,
А вочкі каб сінія мела, як неба,
Каб ручанькі, як у лябёдушкі крылы,
Каб весялуха была і спраўна рабіла.
Свацця.
Многа ты хочаш, сваточак, вядома,
Але адкажу: ёсць такая ў нас дома,
Ды дорага надта яна каштуе.
А чаго сват не пашкадуе?
Сват.
Ды прашу ж я не бясплатна,
Вось жаніх наш, у яго розуму багата,
Прыйдзі, Юрась, пакажыся сватам.
Глядзіце, прыгожы Які мае стан!
Каштуе жаніх немалыя грошы,
Ён добры, з нявестаю будзе харошы.
Тавар на тавар абмяняем,
Яшчэ мёду збан прыбаўляем.
Дзяўчаты (спяваюць).
Ваш малады, як пень смаляны,
Наша маладая, як сыр белы.
Наша маладая, як золата,
Ваш малады, як долата.
Свацця.
Ты, сваток, нас мёдам не сласці,
За твар нам грошыкі плаці.
Сват. Дайце хоць паглядзець, за што плаціць.
Сваця.
Во спяшаецца як, во як свату карціць!
Калі, сваток, ты розумам крыху багат,
Ты здагадаешся, што трэба плаціць за прагляд.
Раскашэльвайся, сват, ды хутчэй!
Сват. Колькі ж трэба плаціць за такую?
Свацця. Соткі чацвяртную.
Сват. Трымайце, як казалі, дваццаць пяць!
Свацця. Дазвольце, дзяўчаткі, нявесце руку паказаць (рука падстаўной нявесты, жаніх кідаецца да рукі, але свацця яго спыняе).
Сват.
Каб ручку ўбачыць, плаціў дваццаць пяць,
Колькі ж будзе, цікава, уся каштаваць?
Свацця. Ой, дорага!
Сват.
Во папалася свацця.
Каб ёй хваробу ў косці.
Што стаіце, як з рэчкі бабры.
Усе на прыступ — нявесту бяры!
(Усе кідаюцца і знаходзяць нявесту. Нявеста- падстаўная. Смяюцца.)
Жаніх. Вой, не тая, падстаўная!
Дзяўчаты.
Прыйшоў на вяселле наш сваток,
Павязаўшы крыжам ручнічок.
Усе казалі, што сват наш харош,
А ў свата — доўгі буслаў нос,
А ў свата лыса галава
Ды казліна рыжа барада.
Калі, сват, гарэлкі не дасі,
Караваю трасцу ты з’ясі.
Сват.
Мусіць, трэба даваць выкуп.
Трымай, свацейка, добрыя грошы,
Але і малады наш дужа харошы!
А вам, дзяўчаткі, цукерак дадзім,
Каб кожную выбраў жаніх адзін.
А табе, свацейка, вось на вяселле
Добрая пляшка моцнага зелля.
Свацця.
Ну, цяпер дагадзіў, сват,
Бачу я, што сват багат,
Ды й маладая — на ўсе пяць.
Можна іх благаслаўляць.

(Выводзяць маладых. Маці з бацькам з хлебам-соллю благаслаўляць дзяцей.)
Бацька.
Благаслаўляем вас, дзеці, на шчасную долю,
Хай квітнее яна васілёчкам у полі,
Каб шчасце чэрпалі поўнай мерай,
Каб з вамі жылі надзея і вера.
Маці.
Прыміце ж каравай хлеба з соллю
На доўгае жыццё, на шчасную долю.
Звычай стары ў нас не забыт -
3 хлебам і соллю ў нас дабрабыт.
Астатняе будзеце добра рабіці,
Зможаце ў краме за грошы купіць.
Але ў якім ні жылі б дабрабыце,
Хлеб, як святыню, заўжды беражыце!

(Хлеб тройчы цалуюць і дзякуюць бацькам за гасціннасць. Бацька налівае і просіць выпіць. Яны прыгубляюць і ківаюць галовамі. Нельга. Гарэлку выліваюць правай рукой праз левае плячо. На трэці раз кідаюць чаркі за спіну. Бацькі саступаюць маладым дарогу. Малады бярэ нявесту на рукі. і пераносіць цераз парог. Моладзь абсыпае іх зернем жыта.)
Дзяўчаты.
Дай жа, Божа, каб вам было гожа,
Весела жылося, шчасліва вялося.
У полі ўродзіста, у гумне намеліста,
Каб вы пілі, елі і спераду гарбацелі.
Бацька. За стол, госцейкі дарагія, чым багаты, тым і рады.
Сват. За стол, за стол!
(Грае музыка. Усе сядаюць за стол.)

Маці. Хопіць сумаваць, на вяселлі патрэбна весяліцца, скакаць, песні спяваць. Грай, гармонік галасісты, рэж, баян, на ўсе лады.
(Гучыць песня «Сёння. ў нашай хаце свята». Госці ядуць, жартуюць.)

Госці.
— Паспытайце верашчачкі, кулеш неблагі.
— Харытон, не спі! Харытон, налівай!
— Анціп, вазьмі відэлец, наніжы грыб!
— Чаму нічога не ясі, яшчэ на вяселлі канцы аддасі.
— Не псуй свята, еш, харчу багата.
Свацця.
Слухайце, госці званыя і нязваныя, гледачы і слухачы,
Сваты, бацькі, добрыя людзі.
Трэба гарманісту аблегчыць працу.
Падвесяліць, гэта значыць наліць чарку,
Бо як гарманіст кульне, гармонік сам запяе.
Як вы думаеце, госцейкі, наліць музыку кілішак?
Харытон — налівай!
Пелагея — закусь падавай.
(Гучаць прыпеўкі.)
Маці. Дзяўчаты, трэба ўлагоджваць. Маладыя нейкія сумныя, невясёлыя, насы павесілі. Песню спяём «Дубочак зялёненькі», «Вочы чорныя».
Свацця.
Штось у горле трындычыць, трындычыць.
Трэба ў горле прамачыць, прамачыць.
Сват. За стол, госцейкі. Прамочым горла, падмацуемся, а потым патанцуем.

( Выконваецца танец «Полька». Затым уносіцца каравай.)

Хросная маці. Пачэсная бяседа! Родныя, кроўныя прыяцелі, сябры. У нашай маладой багаты каравай. Што ў гэтым караваі — сама не знаю. 3 сямі палёў пшаніца, з сямі крыніц вадзіца, з 10 кароў масла ды яец паўтараста. Сама сеяла, пякла, гасцей гукала, каб паспыталі, шчасця, долі маладым пажадалі.
Сват. Ёсць у маладой бацька, маці, што начэй не спалі, дачку гадавалі, дабру навучалі.
Маці.
Маладых вітаем — караваем надзяляем.
Вось і стала ты жанчынай,
Будзь руплівай гаспадыняй,
Шануй мужа, паважай,
Пра свой род не забывай.
Дару бульбы прыполле,
Каб дзяцей было поўнае застолле.
Бацька.
Благаслаўляем вас, дзеці, на шчаслівую долю
Разам з лесам, лугам і полем,
Разам з нашай Бярэзінскай старонкай
Хай шчабечуць нам унукі звонка,
Каб нас, бацькоў, не забывалі,
Хоць на хвіліну да нас забягалі.
Xросная маці. У нашага маладога і маладой ёсць цётка і дзядзька, просім да каравая.
Цётка. Даруем з дзядзькам грошы, каб былі ў вас дзеці харошы, яшчэ даруем чатыры канты, каб было ў вас чатыры сыны і ўсе музыканты.
Дзядзька.
Яшчэ дарую жменю медзі,
Каб раслі дзеці, як мядзведзі.
Хросная маці. Да каравая запрашаюцца сват і свацця.
Свацця.
Жадаю, каб у кожным годзе
Цвіла, як мак, у агародзе,
Каб не адстала ты ад моды,
Нягледзячы на ўсе расходы.
Сват.
Каб быў заўжды, як дуб, здаровы,
Каб век пражыў ты стагадовы.
Каб не было ў доме сваркі,
Калі падчас прапусціш чарку.
Каб не было маланкі, грому,
Як жонка спозніцца дадому.
Хросная. Да каравая запрашаецца моладзь.
Першая дружка.
Дару дугой, каб не хадзіў да другой.
Дару капусту, каб у хаце не было пуста!
Другая дружка.
Дарую ніткі, каб не глядзеў на чужыя лыткі.
Трэцяя дружка.
А я дарую зялёную рошчу,
каб зяць пацалаваў цёшчу.
Чацвёртая дружка.
А я дарую курыцу-квахтуху,
Каб маладая пацалавала свякруху.
Брат.
Дарую сад, у садзе грушы, слівы,
Каб былі здаровы і шчаслівы.
Хросная. У нашага маладога ёсць маці, што б яна падаравала?
Свякруха.
Каб жылі багата, як восень,
Каб былі красны, як вясна,
А душы чыстыя, як вада,
Каб разам усё жыццё ішлі
Шчасце-долю сабе знайшлі.

Дочухна, нагні галоўку.
(Накідае маладой прыгожую хустку.)
Трэба вэлюм зняць,
I хусцінку павязаць,
Каб была маладзіцаю,
Добрай працаўніцаю.
Свацця. Ну дык што ж, зараз хусцінку павяжам, а вы, госцейкі, грошы сыпце ў кілішак.
(Перад тым як зняць вэлюм, брат расплятае касу і кідае стужку дзяўчатам.)
Сват. Пара нам, браткі, дадому збірацца.
Свацця.
А каб маладыя не збеглі ад шлюбу,
Ды ў хаце свякроўкі жылося люба,
Вяжыце вясельным іх ручніком,
Бо ў новую хату іх павядзём.

(Гучыць песня «Бывайце здаровы».)
Бацькі.
Жывіце вы дружна, любоўна, у згодзе,
канфлікты сямейныя сёння не ў модзе.
Каб ваша жыццё ўсё было, адным словам,
прыгожым, салодкім, як месяц мядовы!
Вядучы (заключнае слова). Неўміручыя песні нашага народа, яго традыцыі, абрады. Шчырасць, сардэчнасць, прастата, дасціпнасць, гасціннасць льюцца з кожнай песні, прыгаворкі, прыпеўкі. Давайце ж і мы вучыцца ў добрых людзей. Хадзіць у госцейкі, адзін аднаму ўсміхацца, весяліцца, жыць з радасцю ў душы, з прасторнай, пяшчотнай, сардэчнай песняй.

Хай сонца яснае вам свеціць,
Хай песня разліваецца,
Хай сум ніколі вас не стрэціць,
Жыццё вам усміхаецца.

Яшчэ на гэту тэму:

Святкаванне зборнай суботы     Беларускае вяселле