сцэнарыі святаў на беларускай мове

Таццяна ЛУСТА - настаўнік беларускай мовы і літаратуры Багушэвіцкай школы-сада Бярэзінскага раёна. Роднае слова 2009/09

“Выратуйце сэрца, вызвальце душу!”

Вечарына, прысвечаная жыццю і творчасці Анатоля Сыса

Эпіграф:
Кажуць мне: не жыві ілюзіяй,
Мёртвай хваткай жыццё трымай, -
Але жыць так жадаю, людзі, я,
Як пад небам расце трава.
Так, я чуў, як шапталі ў спіну,
Што наіўны з мяне паэт,
Што ў жыцці я і ў вершах дзіўны,
Бачу толькі ружовым свет.
Папракаюць мяне за дзівоцтвы,
Але нават і ў гэты век,
Калі шчыры ты - значыць, моцны.
Як паэт і як чалавек.
Анатоль Сыс.
“Гомельская праўда”, 20 лістапада 1984 г.

Абсталяванне: мультымедыйны праектар, на экране якога - партрэт Анатоля Сыса (слайды час ад часу мяняюцца); кнігі паэта “Агмень” (1988), “Пан Лес” (1989), “Сыс” (2002), “Лён” (2006); магнітафон і аўдыёзапісы песень на вершы паэта; матэрыялы перыёдыкі, прысвечаныя творчасці А. Сыса, успаміны пра яго.

Ход мерапрыемства


Вядучы. Яшчэ пры жыцці Анатоля Сыса многія калегі па пяры прызнавалі яго за першага беларускага паэта, лепшага за іх саміх. Гаварылі, што ў паэтычнай спадчыне Анатоля няма пустых, прахадных твораў.
У канцы 2006 г. у выдавецтве “Беларускі кнігазбор” выйшла кніга вершаў Анатоля Сыса “Лён”. У прадмове да яе сказана: «...ці мае паэзія, апрача якаснага, яшчэ і колькаснае вымярэнне? Максім Багдановіч - аўтар аднаго, але неўміручага “Вянка”. Паўлюк Багрым “выкаваў” усяго два творы: верш на паперы “Зайграй, зайграй, хлопча малы...” і верш у метале - жырандолю. Камусьці - мала. 3 гледзішча вечнасці - дастаткова». Яго паэзія нясе ў сабе і эстэтычнае пачуццё, і няўрымслівы тэмперамент, і нічым не абмежаваную спавядальнасць.
I хоць сказана добра, да таго ж справядлівае параўнанне - Анатоль Сыс побач з Максімам
Багдановічам, аднак усё роўна балюча шкада - шкада ненапісаных вершаў, шкада жыцця паэта, такога яркага і такога драматычнага...
Юнак.
Калі люблю - я веру і мане,
сказаць папраўдзе:
я займаўся сам падманам.
Маё каханне ўжо не радуе мяне,
нарэшце я хачу таксама быць каханым,
бо засталося дзевяць вершаў
мне пражыць
у анталогіі тутэйшых любадзеяў.
Каб ведаў, калі сэрца затрымціць,
хто побач, для чаго і дзе я.

Няўжо таксама ў небе ёсць жыццё,
каханне ёсць, світанкі і прадвесні?
Мо не дажыў да ісціны? Асцём -
жыццё на небе ў горле маёй песні.

Калі люблю - я веру і мане:
ёсць на нябёсах песні і прадвесні!
Няхай анёл крылом мяне кране,
калі выносіць будуць з гэтых весніц.

А хто не верыць, ведайце: Багрым
пачаў з кажана, скончыў жаўрукамі.
Мы нават і ў нябёсах не згарым,
Птушыны Шлях намацаем нагамі!

1-ы чытальнік. Анатоль Сыс нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 г. у вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна. Сястра паэта Валянціна распавядала: “Анатоль нарадзіўся ў агні. Маці была цяжарная ім, на сёмым месяцы. А ў вёсцы здарыўся пажар, і маці была ў той хаце. А яшчэ там было васьмёра дзяцей. Калі запальвалі лямпу, маці трымала каністру з газай, і яна разарвалася. Усё загарэлася. Маці ўхапіла чужое немаўлятка, выскачыла з гэтай хаты... Па дарозе ў яе пачаліся роды. Так нарадзіўся Анатоль наш - у агні”.
Юнак. Калі я быў малы, дык часта думаў, чаму ў мяне маці такая старая і непрыгожая, а аднойчы адважыўся запытацца пра яе шнары на твары, якія глыбока ў душы любіў, якія тысячы разоў цалаваў.
Голас маці. “Ох, сынок мой. Гэта ж здарыўся пажар, і я яшчэ з адной жанчынай абгарэлі крэпка. А ўсе казалі, што ці я памру, ці дзіця народзіцца мёртвым. Аж нарадзіла я цябе, сынок мой, жывенькага, толькі на твары была чырвоная плямінка. Я думала, след ад пажару, аж аклямаўся ты трохі, і яна знікла, сынок мой. А была я прыгожая да пажару. Ды хіба ў непрыгожай маці мог нарадзіцца такі сынок мой?..”
2-і чытальнік. Потым Анатоль напіша такія радкі:
Неапаленай Купіне - маці малюся адзінай,
я ўсмактаў з малаком і любоў, і праклёны яе:
хто плюе на жанчыну -
той нелюдзь, плюе на Радзіму,
хто гандлюе святыняй -
той маці сваю прадае.

1-ы чытальнік. Пасля заканчэння Бронненскай сярэдняй школы (1977) і аддзялення рускай і беларускай мовы і літаратуры Гомельскага дзяржаўнага універсітэта (1982) паэт працаваў у веткаўскай раённай газеце “Перамога Кастрыч- ніка”, на тэлебачанні.
Вядучы. Мала хто ведае, што заўважыла нікому не вядомага карэспандэнта веткаўскай раёнкі дыктар Беларускага тэлебачання Зінаіда Бандарэнка. Дзяржтэлерадыё абвясціла конкурс дыктараў, і мастацкія кіраўнікі ездзілі па рэгіёне, шукалі таленавітую моладзь. Распавядае Зінаіда Бандарэнка: «У Гомелі ў невялікую студыю ўвайшоў Анатоль, высокі, хударлявы, такі непадобны да іншых. А па ўмовах конкурсу трэба было абавязкова прачытаць інфармацыйны кавалачак тэксту з газеты “Гомельская праўда”. Анатоль кажа: “А можна я пачытаю вам свае вершы?” Ён так натхнёна чытаў, што мы не маглі адарвацца і пакінуць такі талент у Гомелі».
Юнак.
Ручаі
няхай мыюць золата,
а ракавінам скамянелым -
няхай самы бясцэнны жэмчуг.

Калі ж я, нібыта апошні з магіканаў,
буду брысці да Радзімы знябытай,
то не выберу дарогу паўз рэкі
сцюдзёныя,
каб смага не мучыла,
і не выберу дарогу паўз чужыя палі
жытнія,

каб з голаду не памерці,
я пайду наўпрасткі -
пустыняй.

Ручаі кіну тыя з золатам,
кіну ракавіны жамчужныя -
застануся з бацькоўскай моваю.

Толькі вер, што дайду,
Радзіма!

2-і чытальнік. Ён быў, як зорка. Заходзіць у залу - і адразу ўсе погляды скіраваныя на яго, усе ўважліва глядзяць і слухаюць. Любіў “засвяціцца” на розных вечарынах, імпрэзах, нават на вельмі сур’ёзных мерапрыемствах мог ажывіць атмасферу сваімі эпатажнымі паводзінамі, любіў парушыць усе планы, што некаторымі ўспрымалася як абраза.
1-ы чытальнік. Цяпер са смехам можна ўзгадваць, як ён аднойчы выбег на сцэну ў Доме літаратара ў час канцэрта да ўлюбёнага спевака Данчыка... Тады было не да смеху... Гэта ж так натуральна: прызнацца чалавеку, што любіш яго і паважаеш не таму, што так запланавана і табе далі слова перад мікрафонам, а таму, што ты гэтак адчуваеш, няхай цябе і не клікалі ў кампанію важных людзей.
2-і чытальнік. Сам прыходзіў. Скандальнасць - такі сучасны знак зорнасці. Вось такі і паэт Анатоль Сыс - сапраўды, знакавая і зорная фігура ў сучаснай беларускай паэзіі. “Неардынарная асоба, талент...” - з разуменнем пагаджаліся многія, гатовыя дараваць усё, абы толькі пісаў.
1-ы чытальнік. “Недаравальна, немагчыма браць на сябе такі сорам, асабліва калі ты - паэт”, - заўважалі іншыя. Паэт - слова высокае, нібы пачэснае званне, якое трэба ўрачыста несці. А ён не нёс, ён быў проста паэтам - і ўсё.
Голас маці.
На твары шчацінне, як пожня жытнёвая,
вочы - праталіны мутнай вады...
- Мілы сынок мой, пачні жыццё новае,
грэх блазнаваць у Хрыстовы гады.

Юнак.
- Мама, я рады б - як пчолы на ліпень,
музы лятуць на хмяльнога мяне.
Жыць без паэзіі? Гэта ж пагібель!
Жыць без віна? Гэта ж смерць удвайне.

Хто ж вінаваты, што ад нараджэння
з мёдам смакчу я з цябе малако?
Ведаю, сохне паціху карэнне,
хоць і жывеш над Вялікай Ракой.

Ну і няхай музам колкая пожня,
горкія вусны мае, дык няхай.
Мама, такога народзіць не кожная,
Мама,
не перажывай!

Вядучы. Звычайна пра чалавека, які пакінуў след у мастацтве, пішуць: творчасць абумоўлена яго асобаснымі якасцямі. Але пра Анатоля Сыса і так не напішаш. Нібы ў ім адразу былі дзве асобы: адна - для творчасці, другая - для жыцця.
2-і чытальнік. Яго вершы вырасталі з чысціні, сардэчнай, душэўнай простасці, нібы дзіцячай. Яго жыццё працякала паміж цяжкай раніцай і хмурым вечарам і наадварот. Яго дні старонняму чалавеку здаваліся беспрасветнымі, часам агіднымі. Калі паглядзець здалёк, з боку сваёй бліскучай начышчанасці і абывацельскай адпрасаванасці - сапраўды так падавалася.
1-ы чытальнік. “Супярэчлівая асоба”... Так за гісторыю казалі пра многіх. Але ніколі не прыйдзе ў галаву ставіць “плюс” ці “мінус” каля імёнаў галандскага мастака Ван-Гога, французскіх паэтаў Рэмбо і Верлена, англічаніна Оскара Уайльда, а рускі чалавек наўрад ці кіне камень у бок Сяргея Ясеніна ці Уладзіміра Высоцкага.
2-і чытальнік. Супярэчлівасць у жыцці зрабіла творцаў загадкавымі настолькі, што пасля смерці яшчэ доўга даследчыкі спрабавалі разгадаць іх таямніцы.
1-ы чытальнік. Яны пазначаныя талентам. Таму і цікавыя. Такі Сыс. Хуліган ці блазан? Ці так гэта важна цяпер, калі няма чалавека, а талент яго жыве разам са словамі:
Але вось я нарадзіўся,
Маці кажа: з прысаку.
Быццам Бог перахрысціўся
За зямную іскарку.

2-і чытальнік. Пра Бога ён ведаў. Адчуваў бясконцае чалавекалюбства найвышэйшай істоты, якая сама накіравала яго да творчасці, спачатку даўшы Слова. Ён толькі ўзяў яго. 3 ім жыў і не мог жыць больш ні з чым.
1-ы чытальнік. Хлопец з вёскі Гарошкаў, што ў Рэчыцкім раёне, прыйшоў да славы паэта, здавалася, без асаблівага клопату, лёгка і натуральна. Дэбютаваў у “Гомельскай праўдзе” ў 1981 г., а ў рэспубліканскім друку ўпершыню выступіў у часопісе “Маладосць” у 1986 г.
2-і чытальнік. Усе адразу адзначылі яго вершы, пачалі імі захапляцца. Вельмі хутка новую зорку ў паэзіі прызналі сталыя літаратары, яго прызнала сталіца! Анатоль стаў прадстаўніком сталічнай багемы.
1-ы чытальнік. Яму, каб быць паэтам, трэба было толькі быць паэтам. Нічым іншым ён не мог займацца - тады ўжо не было б творчасці, ці была б зусім не тая. Мог хіба што пісаць вершы, чакаць выхаду зборнікаў.
Вядучы. “Агмень” і “Пан Лес” зрабілі Анатоля Сыса вельмі папулярным творцам. Ён выдатна дэкламаваў свае вершы - некалі спрабаваў паступіць на акцёрскі факультэт, можа, адсюль яго акцёрства ў жыцці.
2-і чытальнік. Паэта слухалі з заміраннем сэрца натоўпы людзей. I гэта быў свайго роду знак таго, што людзі стаміліся жыць без шчырасці. А малады таленавіты паэт Анатоль Сыс быў яе ўвасабленнем.
Юнак.
Мне на сэрцы золатам
вышывалі краты,
кроў балюча крапала на маю душу
з голкі дыяментавай аж у тры караты -
вось якое дзіва я ў грудзях нашу.
А бывае, падаю з усяго размаху,
дык на сэрцы золатам
шэсць крыжоў звіняць
аб зямельку родную, быццам меч
аб плаху, -
ні віном, ні лекамі боль той не суняць.

Дзе ўпаду, каб ведаў я,
дык падклаў падушку б, -
але ж вочы-зоркі сочаць, на бяду,
мабыць, цяжар кратаў
датуль насіць мушу,
пакуль у магілу-матку не ўпаду.
Мне на сэрцы золатам
лёс мой вышывалі,
нітак не хапіла на апошні прэнт,
а калі паўмёртвага мяне пакідалі -
уваткнулі ў сэрца голку-дыямент.

Можа, каму трэба залатая нітка,
голка з дыяменту, я вас папрашу,
калі вам няцяжка, калі вам нябрыдка, -
выратуйце сэрца, вызвальце душу!

Гэта ж вельмі проста:
нітку - у клубочак,
голку - у скарбонку,
што ў крыві - дарма,
без віны, без боязі спіце сабе ўночы,
ну, а вашым ворагам сніцца хай турма.

3 матамі, вар’ятамі,
з сабакамі іклатымі
ды пад аўтаматамі,
з залатымі кратамі
будзе
хай
яна!

1-ы чытальнік. Між іншым, ён заўсёды імкнуўся быць як мага больш шчырым, нават у звычайным жыцці, якое зводзіла яго з самымі рознымі людзьмі. Гаварыў толькі тое, што думаў, проста не лічыў магчымым для сябе хлусіць словам.
2-і чытальнік. Ніякім. А гэта не заўсёды было прыемна для іншых, нават крыўдна. Вершы былі яго прызваннем.
Юнак.
Атуляю даланёй, як свечку,
кволае цяпельца дзьмухаўца,
а ўгары грамы пагрозна крэкчуць,
гойсаюць вятрыскі без канца.

Міг і вечнасць. Дзьмухавец і вецер...
Ды што кветка - нават чалавек,
нібы промні сонца ў гэтым свеце,
нібы ў гэтым свеце хвалі рэк.

1-ы чытальнік. Літаратуразнаўцы ў яго радках знаходзяць паганскія матывы. Чаму дзівіцца: Анатоль Сыс вырас на гэтай зямлі, дзіця яе гісторыі, дзе хапіла ўсяго. I ў яго радках ёсць знаёмыя спрадвеку боль, і шкадаванне, і страты, і здабыткі цэлага народа. Яго паэзія - таксама знак часу.
2-і чытальнік. Яна ўвабрала думкі цэлага пакалення, якое імкнулася спазнаць сваю Радзіму і шукала Боскасць. Час самасцвярджэння гэтага пакалення казаў: не азірайся, будуй сваё - і даў іншыя вершы, новыя шэрагі паэтаў, якія змянілі погляд на літаратуру. У гэтых шэрагах быў Анатоль Сыс.
Юнак.
Ні адно жыццё не паўторыцца,
не паўторыцца і маё,
дзень апошні мой, нібы горліцу,
ў небе высачыць груганнё.

Мае пёрачкі забярэ сусвет,
маё сэрцайка прыгарне зямля,
на Купалаў фэст ўзыдзе верас-квет,
гэтым верасам буду я.

I паўторыцца ўсё, паўторыцца,
буду ткаць, як і ткаў, абрус
з апантанай крывіцкай конніцай,
з любым выракам: Беларусь.

1-ы чытальнік. Сам паэт гаварыў, што Беларусь і паэзія для яго сінонімы. I пісаў:
Вясёлка над Белай Руссю - гэта мая мара...
Туманы над Белай Руссю
- гэта мая самота...
Грымоты над Белай Руссю
- гэта мае трывогі...

2-і чытальнік. I дадаваў у час аднаго інтэрв’ю: “Разумею, павінен пісаць вершы. I буду гэта рабіць, у мяне ўсё наперадзе...” Між тым пісаў пасля:
Я ведаю,
Я ў карты прагуляны
зайздроснымі паэтамі.

Нібы тлумачыў, чаму практычна не піша.
1-ы чытальнік. Беларусь, Айчына, маці-матуля, воля - гэтыя словы часта сустракаюцца ў творчасці Сыса. Для яго яны былі не проста мастацкімі вобразамі - яны былі яго жыццём. I таму адказваў паэт:
Часта пытаюцца:
Як вершы пішуць?
А як жыццё жывуць?..

Юнак.
Мама,
вышый мяне на падушцы сваёй,
памякчэюць грачыныя пер’і,
я прыснюся табе: еду зноўку дамоў,
да зямлі адтуліўшы бязвер’е.

Блудны сын, блудны сын -
разам з сэрцам маім
лямантуюць на рэйках колы.
Блудны сын, блудны сын, блудны сын -
словы, быццам куслівыя пчолы.

Мама, мама, што мне парабіці з сабой,
калі позна дадому прыеду,
калі ў хату зайду - анямелы сабор -
без вяснянак, без ляскання бёрдаў?

Ты спявай, ты спявай,
ты свяці, ты свяці,
рассцялі ручнікі, як сцяжыны,
можа здарыцца так, я заблудну ў жыцці,
тагды выйду па іх да Айчыны.

Вядучы. Мама, старэнькая вясковая кабета, трапіўшы на творчую вечарыну свайго сына, уся свяцілася радасцю. Яна была для Толіка апірышчам у жыцці. Ён трымаўся, пакуль трымалася яна. А маці апошнім часам хварэла. Анатоль ездзіў да яе, у сваю вёску, дапамагаць па гаспадарцы, да такога знаёмага, зусім не багемнага жыцця, дзе яго вершам радаваліся людзі, якія працуюць на зямлі. Там заўсёды былі гатовы прыняць і прывітаць земляка. Слухалі, ганарыліся. У Гарошкаў ён ездзіў да маці.
Дарэчы, любіў перад сябрамі па-добраму пахваліцца родным Гарошкавам, ля якога археолагі знайшлі гарадзішча жалезнага веку, і ўзводзіў свой радавод да тых старадаўніх волатаў-беларусаў. Вяртаючыся ў сталіцу, пісаў пра маці, пра Радзіму...
Юнак.
Радзіма пачынаецца з жанчыны.
Я гэта адчуваў, а ўразумець
яшчэ не мог - дзіцём шчапаў лучыну,
каб хворую матулю адагрэць,

і разам з ёй да позняе гадзіны
мы слухалі трывожна крыгалом,
не ведаў я, што грэў тады Радзіму
і не падманным, а жывым агнём.

2-і чытальнік. Некаторыя вершы Анатоля Сыса добра вядомыя беларускім аматарам музыкі, асабліва па песнях Касі Камоцкай “Мая белая лебедзь”, “Залатыя краты”, "Ластаўка”. Гучыць адна з песень на словы Анатоля Сыса.
1-ы чытальнік. Жыццё ў сталіцы спрыяла самаізаляцыі. У аднапакаёвай кватэры ён жыў адзін. Але яго госцем мог стаць любы добры чалавек у любы час. Блізкія былі далёка. Родныя Анатоля Сыса адчувалі, хто ёсць у іх вялікай сям’і, можа, не заўсёды разумеючы нават яго вершы. Сёстры Тамара і Валянціна ганарыліся ім, падтрымлівалі, але бачыліся з братам рэдка, бо адна жыла ў Рэчыцы, другая - у Брэсце.
2-і чытальнік. Анатоль пайшоў хутка пасля маці. Яму было толькі 45 гадоў. Прычынай імгненнай смерці стала сэрца...
Заўчасная смерць - знак асаблівага шкадавання: мог бы яшчэ шмат напісаць. Але ён апошнім часам пісаў рэдка. Пра яго ніхто не скажа: спісаўся. Скажуць - дапісаў...
1-ы чытальнік. Любіў задаваць пытанне: хто першы паэт на Беларусі? Найперш сама паэзія - для Беларусі. Яна яшчэ адзін знак таго, што боскія іскрынкі прарастаюць тут у людзях. Яны, як святло, часта прабіваюцца скрозь хмары. Анатоль Сыс гэта адчуваў на сабе, ведаючы: нішто не знікае бясследна.
Юнак.
Бог
Пусціў мяне па свеце,
Торбу даў
Ды горб за плечы.
Так я кануў у сівай Леце,
А сканаю - паэт прыйдзе.

Вядучы. Гэты верш напісаны 8 сакавіка 2005 г. Пад ім быў зроблены подпіс: “Першы верш за апошнія сто гадоў”.
2-і чытальнік. Пісьменнік Адам Глобус так кажа пра свайго сябра: «Я лічу Сыса паэтам, роўным Багдановічу. Ён паэт - і больш ніхто. Трэба падзяляць паэта і чалавека. Пражыць за ўсю паэзію, тым больш геніяльную, немагчыма. Сыс - паэт рэтраспекцыі, а не перспектывы. У яго быў канфлікт з рэальнасцю. Ён заўсёды лічыў сябе абраным і публічна дэманстраваў гэта на кожным кроку. Можа, таму і трапіў у самаізаляцыю. Пацвярджэннем таго можа быць ягоны страчаны зборнік “Ягамосць”. Сыс існаваў асобна ад усіх. Гэта, дарэчы, ад слова асоба. Не працаваў ні ў якіх калектывах, проста не мог, хоць у літаратурным асяроддзі яго адразу прызналі. Шмат хто зайздросціў, а некаторыя ўпотай і радаваліся яго хваробе... Што казаць, мы страцілі Паэта».
1-ы чытальнік. Ала Канапелька, паэтка, зямлячка Анатоля Сыса, сяброўка і суседка, запомніла паэта такім: “Анатоль быў чалавек тонкай чуллівай душы. Для яго паэзія была - святое. Ён сам быў нібы асобны паэтычны орган, які стварыла прырода. Яму трэба было прызнанне і любоў. Напачатку ўсё было, але потым жыццё змянілася, а ён не змог да яго прыстасавацца. Так, ён быў упарты. Але дараваў людзям іх глупства. Усім дараваў, а гэта рыса высокай душы. Не мог дараваць толькі дрэннага ў паэзіі. Ён не мог падпарадкоўвацца камусьці, не ўмеў вырашаць бытавыя пытанні. Да яго цягнулася вельмі шмат людзей, вельмі розных, а Толік не адганяў нікога. Чалавек вельмі добры, чуйны, настроены на дабро. Яму часта дасылалі нейкую вопратку, а ён перадорваў рэчы тым, каму яшчэ цяжэй жывецца, апранаў кагосьці, нічога не шкадаваў... Яму трэба было пагаварыць з людзьмі, каб зразумелі. Я хачу, каб людзі даравалі яму і зразумелі, што сутнасць яго зусім іншая. Ён жа быў просты вясковы хлопец, любіў кухарыць, любіў вясковую працу, вельмі любіў араць. Мне неяк сніўся Толік, які нікому ў жыцці наўмысна зла не рабіў. I цяпер здаецца, што ён проста паехаў надоўга ў свой родны Гарошкаў...”.
Юнак.
Ахвяруецца Але Канапельцы.
Ёсць дзіцятка, прыйдзе ў хату, скажа:
“Толік...” -
і так гляне - на сон можна не чытаць
Беларускі Праваслаўны Малітоўнік -
у нябесным царстве так не спяць!
Слава Табе, слава Табе, Божа!
За Твой райскі сон дзень пражыву
плённа, мірна, весела, прыгожа -
што пасею, тое і пажну!

Ёсць каханка, прыйдзе ў хату, скажа:
“Толік,
мо табе не трэба? Падары
Беларускі Праваслаўны Малітоўнік,
бессань мяне мучыць да зары”.

Падару сяброўцы Малітоўнік,
яна пойдзе, ночка стане зноў
колкаю і мулкай, як цярноўнік,
Боскаю малітвай за любоў.

Слава Табе, слава Табе, Божа!
За бяссонне райскае Тваё
пражыву і гэты дзень прыгожа,
як ніхто і ў ніякіх краёх!

Вядучы. Але вернемся да кнігі выбраных твораў Анатоля Сыса “Лён”. Яе можна лічыць найбольш поўным зборам спадчыны паэта, бо ў выданне ўвайшлі ўсе яго паэтычныя творы, у тым ліку адшуканыя ў правінцыйных газетах, дзе А. Сыс пачынаў публікавацца, а таксама ў архівах сяброў.
Акрамя твораў, апублікаваных у прыжыццёвых зборніках, у кнігу ўвайшлі і невядомыя вершы, артыкулы і інтэрв’ю, якія істотна дапаўняюць аблічча паэта, а таксама больш за 30 раней не вядомых фотаздымкаў А. Сыса і яго кароткі жыццяпіс.
2-і чытальнік. Чаму назва гэтай кніжкі “Лён”? Таго некалі хацеў сам паэт, тлумачыў у час аднаго інтэрв’ю: “Мне падабаецца слова, услухайся, як гучыць. Да таго ж, лён цяжка браць, цяжка вырошчваць. Цяжкая мазольная праца...”
1-ы чытальнік. Літаратуразнаўцы могуць адшукаць у вершах А. Сыса шмат знакаў. То ў адным, то ў другім - нейкае прадчуванне. Гэта знакі часу, якія зрабілі яго паэтам.
2-і чытальнік. Гэта знакі яго асобы і знакі пакалення, якое таксама перажывала ці перажыло нейкую падвоенасць: аднойчы, прыняўшы высокія ідэалы, пакутавала з-за прыгнечанасці будзённым жыццём і думала, што можа быць мацнейшым за рэальнасць, але вымушана было прыстасоўвацца да яе, глыбока хаваючы сваю “ягамосць” - падалей, каб для навакольных яна не здавалася дзівацкай.
1-ы чытальнік. А гэта балюча і крыўдна. Анатоль Сыс быў адным з тых людзей, якія не баяцца паказацца дзівакамі, з’яўляючыся ўсяго толькі самімі сабой.
2-і чытальнік. Як і Купала, Анатоль Сыс застаўся ў гісторыі паэзіі валадаром роднага слова. Так, вельмі многія ягоныя творы ўражваюць найперш сваім гучаннем, бо, як і купалаўскія, нагадваюць шэпт знахара, замовы чараўніка.
I толькі потым пачынаеш цікавіцца зместам, які найчасцей так і застаецца неразгаданай таямніцай.
Вядучы. Анатоль Сыс - выключны майстар асацыятыўнасці і метафарызацыі свету. Абрам Тэрц пісаў: “Бясспрэчна, Гогаль нешта ведаў, чаго мы не ведаем, пра сябе, пра свет..Анатоль Сыс ведаў не менш. Дакладна і абсалютна адэкватна мы яго не спазнаем, але ягоны маналог унікальны, ён, па сутнасці, падсумаваў тэндэнцыі развіцця беларускай паэзіі ў XX ст. і прадвызначыў асноўныя шляхі яе эвалюцыі ў трэцім тысячагоддзі.
Вось такім і застаўся ў беларускай культурнай прасторы Анатоль Сыс. Геніяльны паэт на стыку двух тысячагоддзяў.
Юнак.
Як іду, дык вянец мае скроні
балюча шкрабе,
а душа ўся ў балячках,
бы вопратка сейбіта ў зернях.
Я памру, землякі, а легенду пакіньце сабе,
а дакучлівых вошай шукайце
ў пакінутых цернях.

Ёсць прыгожыя словы.
Прыгожых паэтаў няма,
ды вы іх беражыце,
як маці апошняга сына,
але, зрэшты, што зробіш,
я ведаю - будзе вайна,
як адзін з вас сказаў пра жыццё:
усё гліна!

Па ёй птушка прайшла і закрэсліла
руны крылом,
пэўна, нехта шчаслівы з пацехі
параніў анёлка.
Ёсць паэтка у вас,
яе рукі зрасліся з кайлом,
о, як праўду яна вышывала
танюткаю голкай!

Ёсць агідныя словы.
Агідных паэтаў няма.
I таму, як памру, - закапайце
ў палескую гліну,
жыць хачу, землякі, і легенду
аддам задарма,
а за тое, што жыў, -
пасадзіце ў нагах арабіну.