сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ірына СЕМЯНЕНКА, музычны кіраўнік дзіцячага сада №1

Гукайце, дзеці, Масленіцу!

Сцэнарый свята для другой малодшай групы

Баечніца. Паслухайце, дзеткі, якую я вам казачку раскажу. Жыло-было сонейка. Кожную раніцу яно уставала і старанна працавала. А работы было многа. Перш-наперш трэба было пеўніка разбудзіць, каб той сваю песеньку заспяваў. "Ку-ка-рэ-ку!" — прачнуўся пеўнік. Потым — матулю, каб снедаць гатавала. "Дзякуй табе, сонейка!" — кажа матуля. А потым — хлопчыкаў і дзяўчынак, каб у сад дзіцячы спяшаліся. "Добрай раніцы, сонейка, з табой, ласкавым, цёпленька! Пакацілася сонейка на лужок, кветачкі разбудзіла. Прачнуліся кветачкі, галоўкамі заківалі. Пакацілася ў лясок — пра птушак не забылася. Зачырыкалі, заспявалі птушачкі, высока паляцелі. Пакацілася на поле, пшанічку пазалаціла. Пад кожны лісточак зазірнула — кожную ягадку даспяліла. I так кожны дзень працавала, цяпло людзям давала.
Але рантам прыйшла зіма-бабулька, сівая халадулька. Незалюбіла яна сонейка, схапіла яго, у цямніцу пасадзіла. Стала на вуліцы холадна, голадна. Няма чаго есці звярам, няма чаго есці птушкам — не чырыкаюць яны, не спяваюць. Ніводнага лісточка на дрэўцах няма — памерзлі, апалі. Дзетак на вуліцу не пускаюць — холадна.
Раззлаваліся дзеткі: "Ты нам, зімачка, надакучыла, снегам-холадам нас замучыла. Уцякай!" Не слухаецца зіма, смяецца, яшчэ больш холаду напускае.
Прыляцела ластаўка: Гукайце, дзеткі, Масленку! Лятаю я высока, бачу далёка. Толькі яна дапаможа".
Прыйшлі дзеткі да Масленіцы: "Дапамажы, калі ласка, зіму прагнаць!" Тая ў адказ: "Дапамагу! Зараз печ растаплю ды бліночкаў напяку. Буду маслам паліваць, зіму-сцюжу выганяць".
Яна кругленькіх, жоўценькіх, быццам тое сонейка, бліночкаў напякла, кожнаму дала. Выйшлі дзеткі з блінцамі на вуліцу — спужалася зіма: было адно сонейка, а стала вунь іх колькі! У адзін міг растопяць! Конікаў запрэгла і паехала ў сваім вазочку па беленькім сняжочку — толькі яе і бачылі.
Узрадаваліся дзеткі, адчынілі замочкі, выпусцілі сонейка. Цяпер зімы не баяцца. Як толькі прыйдзе яна, пачне ўсіх халадзіць ды марозіць, дзеці Масленіцу гукаюць:
Масленка, Масленка,
Нясі сыру, масла,
Каб зіма згасла.
Прынясе Масленка сыру, масла, пачастуе ўсіх. Дзеткі блінцы смакуюць ды прыгаворваюць:
Едзь, зіма, у вазочку
Па беленькім сняжочку.
I да нас сёння Масленка прыйшла. Чую, што і дзед з бабай да яе сустрэчы рыхтуюцца. Давайце зойдзем ды паглядзім, паслухаем.
(Казка суправаджаецца дэманстрацыяй фігурак настольнага тэатра. Пасля яе наказу дзеці ідуць у "хатку " і глядзяць, як дзед з бабай рыхтуюцца да Масленіцы.)

Дзед. Схадзі, старая, на кадушцы паскрабі, па скрыні памяці, ці не наскрабеш мукі на калабок.
Баба. А навошта ён табе, дзед?
Дзед. Як гэта навошта? Сёння ж Масленка, усе блінцы пякуць.
(Баба замешвае цеста, прыгаворвае:) "Па кадушцы паскрэбла, па скрыні памяла і наскрэбла мукі жменю. Замяшу муку на смятане, масліцы. Вось які калабок атрымаўся. Пакуль ён спячэцца, вы мне, дзеткі, песеньку заспявайце". (Дзеці спяваюць.)

Баба. Ну, вось і спёкся Калабок. Пакладу яго на акенца студзіць!
(Баба ідзе за шырму лялечнага тэатра. На шырме хатка, на акенца якой баба кладзе Калабок.)

Калабок.
Палажы мяне астудзіцца...
Колькі ж буду ляжаць? Не ляжыцца!
Пакачуся праз лясок,
Хоць і страшнавата,
У дзіцячы садок —
Там жа сёння свята!
Дзеці Масленку сустракаюць,
Мяне ў госці даўно чакаюць.
Будзем зімку праганяць
I вясну-красну гукаць.

Баечніца. Пакаціўся Калабок — з акна на лаўку, з лаўкі на падлогу, па падлозе да дзвярэй, скок цераз парог — ды ў сенцы, з сенцаў на ганак, з ганка на двор, з двара за вароты. Коціцца Калабок па дарозе, насустрач яму Заяц.
Заяц. Калабок, Калабок, я цябе з’ем!
Калабок. Не еш мяне, Зайчык, я табе песеньку праспяваю:
Я Калабок, Калабок,
Па кадушцы скрэбены
Ды па скрыні мецены,
На смятане мешаны
Ды ў масле спечаны,
На акенцы студжаны.
Я ад дзеда ўцёк, я ад бабы ўцёк,
Пакаціўся праз лясок у дзіцячы садок.
Там дзеці Масленку сустракаюць,
Мяне ў госці даўно чакаюць.
Будуць зімку праганяць
I вясну-красну гукаць.
Заяц.
Калі так, Калабок, дык спяшайся ў садок!
Бо нам зімка надакучыла, сцюжай, холадам замучыла.
Няма ў нас морквы, няма капусты,
Нам холадна, голадна, дрэнна,
Не маем мы нават сена.
Хай дзеткі зіму хутчэй выганяюць,
У каморачку замыкаюць.

Баечніца. Пакаціўся Калабок далей. Коціцца, а насустрач яму Воўк.
Воўк. Калабок, Калабок, я цябе з’ем!
Калабок. Не еш мяне, Воўк, я табе песеньку праспяваю.

(Спявае песеньку.)
Воўк.
Калі так, Калабок, дык спяшайся ў садок!
Бо мне зімка надакучыла, сцюжай, холадам замучыла.
Цяжка, цяжка мне, Ваўку, холадна ў хмызняку.
Хай дзеткі зіму хутчэй выганяюць,
У каморачку замыкаюць.

Баечніца. Пакаціўся Калабок далей. Коціцца, а насустрач яму Мядзведзь.
Мядзведзь. Калабок, Калабок, я цябе з’ем.
Калабок. Не еш мяне, Мядзведзь, я табе песеньку праспяваю.

(Спявае.)
Мядзведзь.
Калі так, Калабок, дык каціся ў садок.
Бо і мне зіма надакучыла, сцюжай, холадам замучыла.
Надакучыла ў бярлозе ляжаць,
Усю зіму лапу смактаць.
Хай дзеткі зіму праганяюць,
У каморачку замыкаюць.

Баечніца. I пакаціўся Калабок далей. А насустрач яму Ліска. Навастрыла вушкі Ліска, пачала ўглядацца: Ці няма спажывы блізка — птушкі або зайца?
Ліса.
Ах-ах! Ах-ах! Гэта што за смачны пах?
Мусіць, у садку маляткі смачныя пякуць аладкі,
Масла падліваюць, госцейкаў склікаюць.

(3-за кусточка выглядвае Калабок.)

Ліса.
А хто гэта ў кустах?
Дык вось адкуль салодкі пах!
Смачна пахне Калабок!
Зараз з’ем цябе, браток!

Калабок. Не еш мяне, Ліса, я табе песеньку праспяваю! (Спявае.)

Ліса. Ах, песенька прыгожая, ды чую я кепска. Калабок, Калабок, сядзь на носік мне, браток, ды паспявай яшчэ разок, толькі мацней.
Баечніца. Не садзіся, Калабок, хітрай Лісцы на насок. У другі каціся бок. Яна з’есць цябе, браток! Да мяне каціся, Калабок, я занясу цябе ў садок.
Калабок. Зараз, зараз, прыбяруся і да дзетак пакачуся.
Баечніца. Капялюшык ён надзеў і ў люстэрка паглядзеў.
Калабок. Добры дзень, маляты, я паспеў на свята?
Дзеці. Так!
Калабок.
Як у вас гасцей багата! А якое сёння свята?

Дзеці. Масленіца!
Калабок.
А як Масленку гукаюць,
Зіму-сцюжу выганяюць?

Дзіця.
Масленка, бела вутка,
Нясі сыру, масла хутка!
Сыру і масла, каб зіма згасла.

Калабок.
А ў мяне вось ёсць бліночкі,
Не бліночкі — калабочкі.
Іх трэба маслам паліваць, а смятанкай заядаць.
У сярэдзіну зірні, што ляжыць там — забяры!
Толькі ці ёсць у вас смятана, масла,
Каб зіма-бабулька згасла?

Баечніца.
Назбірала гаршчок масла, гаршчок смятаны, гаршчок сыру,
Усіх дзетак запрасіла:
Трэба вам усім падняцца, за сталамі ўладкавацца,
Будзем частавацца.

(Ідуць за сталы.)
У сярэдзіну зірну,
Што там ёсць — забяру.
Не бліночкі — калабочкі.
У смятанку іх мачайце,
Масленку ўспамінайце.



Яшчэ на гэту тэму:

"Гэй, музыка, грай!"     А ў нас сёння масленіца...