сцэнарыі святаў на беларускай мове

М. В. КУДЗЕЙКА, метадыст МАІПКіПК. Пачатковая школа 6/2007

У гасцях у Дзеда Года

Фальклорнае свята

У пазакласнай выхаваўчай рабоце можна арганізаваць вялікае фальклорнае свята, падрыхтоўка да якога будзе ісці некалькі месяцаў або нават увесь навучальны год, а ўдзельнікамі стануць усе вучні пачатковых класаў. Мерапрыемства можа ўключаць элементы праведзеных на працягу года свят (Каляды, Масленіца, гуканне вясны), развучаныя дзецьмі песні, танцы. У час падрыхтоўкі ствараюцца неабходныя дэкарацыі, касцюмы. 3 гэтай мэтай у класе функцыянуе “Святочная майстэрня”.
Фальклорнае свята прадугледжвае ўдзел у ім бацькоў, што дазволіць настаўніку падтрымліваць больш цесныя стасункі з імі, стварыць умовы дяя сумеснай дзейнасці дзяцей і дарослых.


Дзеючыя асобы:
Казачніца,
Дзед Год.
Лета.
Восень.
Вясна,
Зіма.
Лісточкі: Асінавы, Бярозавы, Дубовы, Кляновы, Рабінавы.
Вучні: 1-ы, 2-і.
Дзедка.
Бабка.
Унучка.
Певень.
Жучка.
Кошка,
Мышка.
Сняжынкі: 1-я, 2-я, 3-я.
Дзяўчынка.
Хлопчык.
Калядоўшчыкі: 1-ы, 2-і, 3-і, 4-ы.
Гаспадыня.
Каза.
Жаваранкі: 1-ы, 2-і.
Рамонкі: 1-ы, 2-і.
Бабуля Наста.
Дзед Антось.
Пудзіла.

Пад павольную мелодыю ў залу, дзе праводзіцца мерапрыемства, уваходзіць бабулька-казачніца.
Казачніца. Добры дзень! А ці любіце вы казкі? Любіце? Ну, тады я вас пацешу. Навастрыце вушкі, шырока расплюшчыце вочкі, глядзіце і слухайце ўважліва ды ўсё запамінайце...
Сышліся неяк разам чатыры чараўніцы-мастачкі: Зіма, Восень, Вясна і Лета. Сышліся і заспрачаліся, хто з іх самы прыгожы, хто лепш малюе, хто больш патрэбны на зямлі. I ведаеце, чым усё гэта скончылася? Спрачаліся яны і сварыліся, а калі справа ледзь да бойкі не дайшла, умяшаўся мудры Дзед Год, іх бацька.
Давайце паглядзім, як гэта адбывалася, бо то не дзіва, што сваімі вачыма не бачыў.
На сцэне — восеньскія дэкарацыі. За сцяной чуецца сварка дзяўчат. Яны з’яўляюцца на сцэне разам з Дзедам Годам. Ён хапаецца за галаву, тупае нагамі і крычыць.
Дзед Год. Ціха, я сказаў! Хопіць! Раскрычаліся, як вароны на дубе. (Дзяўчаты змаўкаюць.) А цяпер паслухайце мяне. Я вам так скажу: кожная з вас прыгожая, і мастачка цудоўная, і на зямлі неабходная.
Лета. Ха-ха-ха! Вясна прыгожая! Ой, не магу, трымайце мяне... 3 зямлі голыя сукі ды палкі тырчаць — вось і ўся прыгажосць.
Вясна. А ты на сябе паглядзі! Кветак у зямлю панатыркала і думаеш, што прыгожа? Каму твае кветкі патрэбны? Хіба каровам.
Восень. Вось таму і кажу, што я самая прыгожая.
Зіма. Маўчы лепш і скажы “дзякуй”, што я сваім снегам тваю гразь прыкрываю. Гэткая ў гразі прыгажосць!
Восень. Вось ты сваім снегам мне гразь і робіш. Ах ты, бессаромніца! (Махае кулаком.) Я ўсё роўна прыгажэйшая за ўсіх. I больш патрэбная.
Лета. Ды куды табе да мяне! Гэта я самая прыгожая.
Вясна. Не, я!
Зіма. Не, я!!!
Дзед Год. Насварыліся, наспрачаліся? А цяпер паслухайце бацьку, Я бачу, што гэту спрэчку словамі не вырашыць. Значыць, будзем рабіць так... Мы ўсе разам адправімся ў падарожжа і паглядзім, хто найпрыгажэйшы. А ў людзей распытаем, хто ім больш патрэбны. А праз год зноў прыйдзем на гэта месца і вырашым нашу спрэчку. Згодны?
Зіма, Восень, Вясна, Лета (разам). Згодны!
Дзед Год. Рыхтуйся, Восень, ідзём да цябе ў госці.
Усе, акрамя Восені, выходзяць з залы.
Восень. Ну і няхай сабе ідуць у госці. Зараз я ім дакажу, якая я прыгожая і на зямлі патрэбная. А дапамогуць мне мае лепшыя сябры — лісточкі.
Гучыць музыка.
Восень.
Стомленае сонейка,
Скупа грэеш ты.
Жоўтыя, пунсовыя
Кружацца лісты.
У шолаху і шораху
Восеньскі наш сад:
На дарожках лісце —
Яркі лістапад.
Лісце сыплецца дажджом,
Пад нагамі шапаціць
I ляціць, ляціць, ляціць...

У залу пад музыку выходзяць і кружацца рознакаляровыя лісточкі: Кляновы, Асінавы, Бярозавы, Дубовы, Рабінавы. Танцуючы, яны асыпаюць гледачоў асеннім лісцем.
Кляновы лісточак.
У залатой карэце
3 конікам гуллівым...
Асінавы лісточак.
Праскакала восень
Па лясах і нівах.
Бярозавы лісточак.
Добрая, цудоўная,
Усё размалявала.
Дубовы лісточак.
Ярка-жоўтым колерам
Усю зямлю прыбрала.
Рабінавы лісточак.
3 неба сонны месяц
Цуду ўсё здзіўляецца.
Усе лісточкі (разам).
Усё кругом іскрыцца,
Усё пераліваецца.

Восень. Дзякуй за добрыя словы. Сябры, я спадзяюся на вашу дапамогу. Ты, Кляновы лісточак, распавядзеш пра маю прыгажосць. Ты, Асінавы, павінен паказаць радасць ад майго прыходу. Бярозавы лісточак пакажа маю карысць. Дубовы — непаўторнасць. Ну, а Рабінавы — адносіны людзей да восені. Усё зразумела? Спускайцеся на зямлю і працуйце. А я буду сустракаць гасцей.
Гучыць музыка, Лісточкі “адлятаюць ”. На сцэне з 'яўляюцца Дзед Год, Вясна, Лета, Зіма.
Восень. Калі ласка, праходзьце.
Госці займаюць месцы ў зале. Уваходзяць Кляновы лісточак і вучні.
Кляновы лісточак. Паважаныя госці, мы прыйшлі расказаць аб прыгажосці Восені.
1-ы вучань.
Клінам ў небе жураўлі
Паляцелі ад зямлі.
Адлятаюць — значыць гэта,
Што закончылася лета.

2-і вучань.
Свята восенню у лесе,
Светла ўсім і весела:
Непаўторнае убранне,
Восень, ты развесіла.

1-ы вучань.
Кожны лісцік залаты —
Маленькае сонца.
Іх збяру у кошык я,
Пакладу на донца.

2-і вучань.
Зберагу я лісцікі:
Восень завяршаецца,
Ну, а дома у мяне
Свята не канчаецца.

У залу ўваходзіць Бярозавы лісточак, ён трымае куфэрак.
Бярозавы лісточак. Паглядзіце, што я прынёс. Гэта твае скарбы, Восень.
Восень (заглядвае ў куфэрак).
Еду ў школу я да вас,
Адчыняйце дзверы!
Вучні (разам).
А які ў цябе багаж?
Зараз мы праверым.
Восень.
Пакажу сама, сябры,
Усё, што ёсць са мною.
Прыдадуцца ўсе дары
Доўгаю зімою.

Восень дастае з куфэрка свае падарункі.
Вучні (разам).
Што за белыя мяшкі?
Восень.
Я прывезла вам мукі.
Вучні (разам).
Будуць булкі, праснакі,
Калачы і кулічы.
Восень.
Толькі знай сабе — пячы!
Вучні (разам).
Што яшчэ, апроч мукі?
Восень.
Вось капуста, агуркі,
Бульба, морква, буракі.
Гарбузы, часнок, цыбуля,
Многа бобу і гароху I ўсяго яшчэ патроху.
Вучні (разам).
Шчыры дзякуй наш прымі,
Восень-працаўніца.
Мы табе аж да зямлі
Рады пакланіцца.
Восень.
Лепей вы мяне, сябры,
Песнямі пацешце.
А пасля мае дары
На здароўе ешце.

Гучыць песня. Рабінавы лісточак выносіць на плячы вялікую рэпу(яна зроблена з тканіны і набіта рыззём), кладзе яе пасярод залы, цяжка ўздыхае, выцірае пот з ілба.
Рабінавы лісточак. Вось якую вялікую рэпку вырасцілі вучні (называе клас). А як ім дапамагалі выцягваць яе з зямлі, яны зараз раскажуць і пакажуць.
На сцэну выходзяць Дзедка, Бабка, Унучка, Певень, Жучка, Кошка, Мышка, Казачніца.
Дзедка.
Пасадзіў я рэпку
Ў градцы мяккай, цёплай,
Паліваў яе я
Смачнаю вадой.
Рэпка падрастала,
Вышэй градкі стала.
Рэпцы месца нестае,
Рэпка неба дастае!
Пачастую рэпкай
Усю вёску нашу.
Эх, наварыць Бабка
Саладзенькай кашы!

Цягне рэпку.
Певень.
Куры, куры! Ку-ка-рэ-ку!
Паглядзіце, цягне рэпу!
Куры, куры! Ко-ко-ко!
Вось цікава, хто каго?

Казачніца.
Цягне-пацягне —
Выцягнуць не можа.
Бабка маладзейшая,
Бабка дапаможа!

Бабка.
Ну-ка, Певень, кыш дамоў,
Тут зусім не да размоў.
Мы паглядзім, хто каго!
Я бабулька ого-го!
Замест ранішняй зарадкі
Я палю заўсёды градкі
I магу для любай Унучкі
Наварыць салодкай бручкі.
Зараз вырвем рэпку з Дзедам,
Як я стану за ім следам.

Цягнуць рэпку.
Певень.
Куры, куры! Ку-ка-рэ-ку!
Паглядзіце, цягнуць рэпу!
Куры, куры! Ко-ко-ко!
Вось цікава, хто каго?

Казачніца.
Цягнуць-пацягнуць —
Выцягнуць не могуць.
Унучка маладзейшая,
Унучка дапаможа!

Унучка.
Пачакай жа, Бабка,
Пачакай жа, Дзедка,
Пачакай і ты мяне
У гародзе, рэпка.
Зараз прычашуся,
Хутка апрануся,
Боцікі абую
I ўсім дапамагу я.
Не хвалюйся, Бабка,
Не хвалюйся, Дзедка,
Будзе ў нас салодкая
Параная рэпка.

Цягнуць рэпку.
Певень.
Куры, куры! Ку-ка-рэ-ку!
Паглядзіце, цягнуць рэпу!
Куры, куры! Ко-ко-ко!
Вось цікава, хто каго?

Казачніца.
Цягнуць-пацягнуць —
Выцягнуць не могуць.
Жучка маладзейшая,
Жучка дапаможа!

Жучка.
Што за шум і што за гам?
Распачалі тарарам!
У мяне так многа спраў.
Гаў-гаў-гаў!
Я абгаўкала рапуху
I суседчыну квахтуху,
Потым я сядзела, ела,
Цэлы дзень хвастом вярцела,
Замарылася, гаў-гаў.
Вось як многа ў мяне спраў!
Яшчэ трэба працаваць?
Добра, буду рэпку рваць.

Цягнуць рэпку.
Певень.
Куры, куры! Ку-ка-рэ-ку!
Паглядзіце, цягнуць рэпу!
Куры, куры! Ко-ко-ко!
Вось цікава, хто каго?

Казачніца.
Цягнуць-пацягнуць —
Выцягнуць не могуць.
Кошка маладзейшая,
Кошка дапаможа!

Кошка.
Хаджу па пакоях,
Завуць мяне Кошка.
На мове любой я
Мурлыкаю трошкі.
Адкрыю сакрэт вам:
Я рыбу люблю.
А рэпу?.. А рэпу
Зусім не лаўлю.
Аднак жа пярэчыць
Я вам не магу,
I калі трэба —
Дапамагу!

Цягнуць рэпку.
Певень.
Куры, куры! Ку-ка-рэ-ку!
Паглядзіце, цягнуць рэпу!
Куры, куры! Ко-ко-ко!
Вось цікава, хто каго?

Казачніца.
Цягнуць-пацягнуць —
Выцягнуць не могуць.
Мышка маладзейшая,
Мышка дапаможа!

Мышка.
Я Мышка. Я вельмі дужая!
I льва, і слана я адужаю.
Не баюся ніякай работы
І працую да сёмага поту.
Станавіцеся па парадачку —
Хутка вырвем мы рэпку
3 градачкі!

Цягнуць рэпку.
Дзедка.
Эх, ухнем!
Бабка.
Эх, охнем!
Унучка.
Эх, ахнем!
Жучка.
Эх, гаўкнем!
Кошка.
Эх, мяўкнем!
Мышка.
Эх, піскнем!
Выцягваюць рэпку.
Певень.
Куры, куры! Ку-ка-рэ-ку!
Мышка выцягнула рэпу!
Вось дык Мышка, маладзец!
Але казцы не канец.
Паглядзіце, вось дык рэпа!
Ку-ка-рэ-ку! Ку-ка-рэ-ку!

Казачніца.
Месца заняла ў двары,
Да якой гэта пары?
У двары ні стаць ні сесці,
Трэба будзе рэпку з’есці!

Мышка.
Рэпку выцягнула я.
Рэпка, значыцца, мая!
Ведаю я паратунак —
Ўсіх заву на пачастунак!

Дзедка.
Слава Мышцы! Ну і дужая!
Бабка.
Сапраўды слана адужае!
Унучка.
Выцягнула рэпку нашу!
Жучка.
Значыць, многа ела кашы.
Казачніца.
Вас віншуем з ураджаем!
Усе (разам).
Ўсіх на рэпку запрашаем!
Удзельнікі інсцэніроўкі кланяюцца і ідуць з залы.
Дзед Год. Цудоўна! Малайчына, Восень! Цяпер твая чарга паказваць свой твар, Зіма.
Восеньскія дэкарацыі змяняюцца зімовымі. Зіма выходзіць на сярэдзіну залы. Чуецца завыванне ветру.
Зіма.
Завірухі і бураны,
Дзьміце над зямлёю,
Хай ляцяць да нас сняжынкі
Дружнаю сям’ёю!

У зале з’яўляюцца сняжынкі. Яны выконваюць танец і асыпаюць гледачоў сняжынкамі, выразанымі з паперы.
1-я Сняжынка.
Лётаюць, сыплюцца
Зоркі-сняжынкі,
Белыя, лёгкія,
Быццам пушынкі.

2-я Сняжынка.
Роўна так сцелюцца
Ў вёсцы і ў полі,
Круцяцца, кружацца
Ціха, паволі.

3-я Сняжынка.
Дзецям тут весела,
Хоць і марозна.
Цёпла за гульнямі —
Зімка не грозна.

1-я Сняжынка.
Дружна наладзім мы Г
ульні у снежкі.
I хутка з’явяцца
Новыя сцежкі.

2-я Сняжынка.
Будзем на санках
Ездзіць мы з горкі.

3-я Сняжынка.
Лётаюць, сыплюцца
Снежныя зоркі...

Зіма. Добры дзень, мае сяброўкі. Вельмі рада я вас бачыць. Сёння вам давядзецца шмат папрацаваць, даказаць усім, што я самая прыгожая і патрэбная на зямлі.
Гул ветру. Сняжынкі "адлятаюць”. Чуецца смех. У залу дзеці ўкатваюць тры камякі снегу(з пап’е-машэ). Інсцэніруецца верш.
Хлопчык.
Колькі шуму, колькі смеху:
Дзеда лепім мы са снегу!
Задала зіма работы —
Па двары кацілі ўтрох
І паставілі ля плота.

Дзяўчынка.
Дзед стаіць, хоць і без ног.
Замест рук уткнулі палкі,
Вочы — вугалю кавалкі,
Нос — чарэпак з гладыша,
Барада — шматок кудзелі.

Хлопчык.
А на лысіну надзелі
Кош замест капелюша.
Ну і дзед! Відаць, яму
Тут стаяць усю зіму.

Дзяўчынка (заўважае маленькую ёлачку сярод залы.) Ой, паглядзіце, якая прыгожая ёлачка!
Ёлачка-красуня у бары жыла,
Пад блакітным небам дужала, расла,
А цяпер у зале ёлачка стаіць,
Цацкамі, агнямі ззяе, зіхаціць.

Дзеці спяваюць песню "Яліначка”(“ПШ”, 1993, № 11, с. 53).
Хлопчык. Ціха! Чуеце? Нехта ідзе...
Дзеці выбягаюць з залы. Уваходзяць калядоўшчыкі з Казой (іх ролі выконваюць бацькі).
1-ы калядоўшчык. Прыйшлі Калядкі — бліны ды аладкі.
2-і калядоўшчык. Студзень — году пачатак, а зіме палавіна.
3-і калядоўшчык. Сонца на ле- та, а зіма на мароз.
4-ы калядоўшчык.
Давайце ж свой край павітаем
I дружна яму пажадаем
Светлае долі, спеўнае мовы,
Каб жылося і вялося
Ды ўсё добрае збылося.

Калядоўшчыкі (разам).
Напяклі бліны-аладкі,
Сустракаем мы Калядкі,
Ой, Калядачкі, на двор,
А каўбасачкі — на стол.

Гучыць музыка. Пачынаецца калядаванне.
1-ы калядоўшчык.
Добры вечар таму,
Хто у гэтым даму.
Нам не хочацца чакаць,
Загадай калядаваць.

2-і калядоўшчык.
Добры вечар, гаспадару,
Вынесі каўбасак пару!
Гэй, пахадзі каля печкі,
Пашукай перапечкі!

Выходзіць Гаспадыня, выносіць калядоўшчыкам пачастункі. Звяртаецца да Казы.
Гаспадыня.
Бегла белая козачка,
Бегла берагам козытка,
Рожкі казытунчыкі,
Ножкі тупатунчыкі,
Хвосцік-недаросцік замятунчык.

3-і калядоўшчык.
Го-го-го, Каза,
Го-го-го, шэрая!
Ну, Козачка, павярніся,
Усім нам пакажыся.

Каза ідзе па кругу, падскокваючы, робіць выгляд, што хоча бадануць гледачоў. Калядоўшчыкі спяваюць песню “Го-го-го, Каза”.
Каза.
Дзе Каза ходзіць, там жыта родзіць,
Дзе Каза рогам, там жыта стогам,
Дзе Каза нагой, там жыта капой,
Дзе Каза хвастом, там жыта кустом.

Гаспадыня. Вось дык Каза! Прадайце ж вы яе мне!
1-ы калядоўшчык. А што заплаціш?
Гаспадыня. Аддай Казу так!
2-і калядоўшчык. Дай хоць пятак!
Гаспадыня дае грошы, бярэ Казу.
Гаспадыня. Вялікі дзякуй, калядоўшчыкі! Прыходзьце да нас і ў наступным годзе.
Калядоўшчыкі (разам).
Мы вам жадаем,
Каб шчасліва жылі,
Заўжды вясёлыя былі,
Кожны год калядавалі,
Людзей добрых віншавалі!

3 песняй “Бывайце здаровы’’ калядоўшчыкі пакідаюць залу.
Дзед Год. Ох, і цяжкая ў мяне будзе справа! Але нічога не зробіш, узяўся за гуж — не кажы, што не дуж. Цяпер твая чарга, Вясна.
Вясна (звяртаецца да гледачоў).
Хто прыносіць нам вясну,
Будзіць поле пасля сну?
На раллі яшчэ лядок,
не абсохла глеба,
Вестунок — за званок
і хутчэй у неба.

Гледачы. Жавароначкі!
Вясна. Давайце ўсе разам паклічам жаваранкаў: жавароначкі, прыляціце, вясну красную прынясіце!
Усе хорам паўтараюць гэтыя словы. З’яўляюцца жаваранкі. Яны дораць гледачам галінкі вярбы.
Вясна. Раскажыце, птушкі, што вы бачылі?
1-ы Жаваранак.
У паўднёвых краінах спякота адна.
Не прыходзіць туды з белым снегам зіма.

Вясна.
Ці добра жылося далёка ад дому?
2-і Жаваранак.
Сумавалі мы па вёсцы,
Па гарэзе ручаю,
Па шпакоўні і па дрэвах,
Па суседу вераб’ю.

Вясна. Ляціце ва ўсе канцы, склікайце народ, няхай вясну сустракаюць.
Жаваранкі “адлятаюць". Чуюцца плач, галашэнне. У зале з'яўляюцца валачобнікі (іх ролі выконваюць бацькі). Інсцэніруецца ўрывак са свята “Масленка, Масленка, бывай, Зіма красненька!" (“ПШ”, 2005, № 1, с. 56).
Уваходзяць вучні.

1-ы вучань.
Прыгрэла сонца на узлеску,
I чуўся птушак спеў здаля.
Стаяла, слухала пралеска,
Як ціха дыхае зямля.

2-і вучань.
Вясною сонца яркае
На небе зіхаціць,
А на зямлі бясконца
Зялёны лес шуміць.

1-ы вучань.
Дрэўцы вырастаюць у вялікі бор,
Весела спявае ў ім птушыны хор.

Дзеці спяваюць песню пра вясну. Затым на сярэдзіну залы выходзіць Лета.
Лета. Ну, хопіць спяваць і вершы чытаць. Прэч, Вясна, з дарогі — зараз мая чарга.
Дзед Год. Вясна зялёная, саступай месца Лету чырвонаму.
Лета.
Расцвілі рамонкі
на сцяблінках тонкіх.
Раніцай ля сцежкі бачу іх усмешкі,
Гляну — і здаецца,
росны луг смяецца.

Гучыць вясёлая мелодыя, у залу ўбягаюць хлопчыкі-рамонкі і ўсім прысутным дораць кветкі.
1-ы Рамонак.
Сонейка свеціць ад ранку да вечара —
I не таму, што рабіць яму нечага.

2-і Рамонак.
Хоча яно, каб шумелі сады,
Каб у садах спелі хутка плады.

1-ы Рамонак.
Каб колас у полі хіліўся к раллі,
Каб травы раслі і каб кветкі цвілі,
Каб людзі шчасліва жылі на зямлі!

Лета. Ану, рамоначкі, бяжыце па лугах, палях і запальвайце краскі, каб усе зразумелі — надышло лета.
Рамонкі выбягаюць з залы. Уваходзяць дзеці.
1-ы вучань.
А кветкі — люба глянуць —
Стракатаю сям’ёй
Сышліся на паляну
На летні мітынг свой.

2-і вучань.
Заўтра мы павінны ўстаць
раненька з зарою:
Пойдзем зёлкі мы збіраць
людзям на здароўе...

1-ы вучань.
Палячыцца каб маглі
сталыя і дзеці
Сокам роднае зямлі,
што сабраны ў свеце.

2-і вучань.
Каб адчулі ўсе душой,
колькі сілы, моцы
У лясной і лугавой
беларускай зёлцы!

1-ы вучань.
Дрэўцы ды галінкі,
лесавыя сведкі!
Дзе знайсці сцяжынку
да папараць-кветкі?

3 песняй “Купалінка" ў залу ўваходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі, бабуля Наста і дзед Антось. Дзяўчынкі трымаюць вяночкі. Пад лірычны напеў ланцужок дзяцей змыкаецца ў карагод. Потым хлопчыкі ўваходзяць у яго сярэдзіну, паднімаюць угору рукі і ўтвараюць ручаёк. Дзяўчынкі ідуць па кругу, па чарзе падыходзяць да першага хлопчыка і, здымаючы з галавы вяночак, кладуць яму на рукі, быццам пускаюць па вадзе. Першы хлопчык акуратна перадае вяночак наступнаму, той — іншаму і гэтак да канца ланцужка. Апошні хлопчык нанізвае вянкі на руку. Напрыканцы песні дзеці бяруцца папарна за рукі і, гуляючы ў “Ручаёк”, падыходзяць да бабулі Насты і дзеда Антося.
Дзяўчынка. Добры дзень, бабулечка Наста і дзед Антось.
Дзед Антось і бабуля Наста.
Добры дзень, дзеткі!
Бабуля Наста. Вы, мабыць, прыйшлі да нас у лясок, каб знайсці папараць-кветку? Многа гадоў таму людзі прыдумалі легенду: у ноч на Купалле ў лесе зацвітае дзівосная кветка. Цвіце яна толькі адну ноч.
I той, каму пашанцуе яе знайсці, будзе самым шчаслівым чалавекам на свеце. Шмат людзей спрабавалі ад- шукаць папараць-кветку, але пакуль гэта нікому не ўдалося.
Дзед Антось. У купальскую ноч ладзілі гулянне, разводзілі вогнішчы, хадзілі ў карагодах вакол іх, праводзілі вясёлыя гульні, варажылі. Гэта традыцыя захавалася і да нашага часу.
Бабуля Наста. Паглядзіце, дзеткі, нехта да нас ідзе.
У залу ўваходзіць Пудзіла.
Пудзіла.
Іду вакол свету
Аж да панны Лета.
Да вас зайшоў
I сяброў сабе знайшоў.

Дзед Антось.
Пудзіла, павярніся,
Дзецям нашым пакажыся,
Нізка-нізка пакланіся.

Пудзіла паварочваецца, нізка кланяецца і, заблытаўшыся ў сваім адзенні, падае. Дзеці смяюцца.
Дзяўчынка. Пудзіла, ты зусім не страшнае, а смешнае і вясёлае. Давай разам пагуляем.
Дзеці чапляюцца за Пудзіла і пачынаюць гуляць з ім.
Бабуля Наста. Дарагія госцейкі, дзякуй, што вы завіталі да нас. Спадзяёмся, што хто-небудзь з вас знойдзе чароўную папараць-кветку.
Хлопчык.
Мы Купалле сустракалі,
Мы спявалі і гулялі.

Дзяўчынка.
Цёплае лета ціхае
Прынесла нам Купалле,
Зямліцы — травіцу
I цёплую вадзіцу.

Хлопчык.
Будзем кветкі збіраць,
У вяночкі ўплятаць.
Станем дружна ў карагод —
Заспявае ўвесь народ.

Гучыць запіс песні “Купалінка". Дзеці, спяваючы, утвараюць карагод і паступова пакідаюць залу. Затым усе ўдзельнікі свята зноў уваходзяць.
Дзед Год. Я вельмі ўважліва назіраў, слухаў, але так і не зразумеў, дочкі, каторая з вас самая прыгожая і самая патрэбная. Мне здаецца, што ўсе вы самыя-самыя. А галоўнае, абысціся адна без адной не зможаце. Таму няма чаго сварыцца, трэба адной адну шанаваць і ў справах дапамагаць. Нездарма ў народзе кажуць...
Бярозавы лісточак. Восень кажа — ураджу, а вясна кажа — яшчэ пагляджу.
Жаваранак. Вясну хваляць за дажджы і сонца, а лета — за снапы і вазы.
Рамонак. Лета на зіму, а зіма на лета працуюць.
Сняжынка. Лета прагуляўшы, восенню не збярэш.
Дзед Год. Як бачыце, хвала вам і пашана толькі тады, калі вы ў згодзе будзеце. Ну, а вынік вашай сумеснай працы — духмяны каравай на стале.
Уваходзіць вучаніца ў беларускім адзенні з караваем на ручніку. Усе кланяюцца хлебу і спяваюць песню пра яго. Затым кланяюцца гледачам і выходзяць з залы. Уваходзіць Казачніца.
Казачніца. 3 таго часу ў згодзе жывуць сястрыцы і больш не сварацца, а толькі плённа працуюць і адна адной дапамагаюць. I заўсёды на стале хлеб маюць. Гэтага і вам жадаю.
Вось і казачцы канец, а хто слухаў — маладзец!

У сцэнарыі выкарыстаны вершы беларускіх прафесійных і самадзейных паэтаў.