сцэнарыі святаў на беларускай мове

I.КРЫВЕЦ, настаўніца сярэдняй школы № 20 г. Оршы. Беларуская мова і літаратура 4/2017

Паўтараем, на роднай мове размаўляем

Гульня-віктарына для вучняў VI класа

Мэты: спрыяць фарміраванню станоўчай матывацыі да вывучэння беларускай мовы і літаратуры; садзейнічаць развіццю чуйнасці да роднага слова, слоўна-лагічнага мыслення і памяці; стварыць умовы для вызначэння каманды-пераможцы ў віктарыне; фарміраваць культуру адносін у вучнёўскім калектыве.
Абсталяванне: карткі з заданнямі, мультымедыйная ўстаноўка, дыпломы, ацэначныя лісты для журы.

Ход віктарыны

I. Арганізацыйна-матывацыйны момант.

Настаўнік. Прапаную сёння здзейсніць падарожжа па маршруце «Ведаю — умею — магу» па краіне роднай мовы. Падарожжа будзе доўжыцца прыкладна гадзіну і дазволіць нам вызначыць каманду-пераможцу ў гульні- віктарыне (разлічана на пяць каманд). Будзем паўтараць, узнаўляць у памяці вывучаны матэрыял, выкарыстоўваць набытыя веды і досвед.
Заданне.
Знайдзіце дэвіз нашай гульні- віктарыны ў наборы літар і падкрэсліце патрэбныя словы. На выкананне даецца дзве хвіліны.
а ў п р ы н е с к у в л а п р о с т а я б г л о і ў с л о в ы г д о к т с а м ы а ў з р о с г у л я е м - ц я в а к е н н а р о д н а й д о з м у я м о в е з ю г і х а н к р а з м а ў л я е м в у к е п р а л о Журы ацэньвае адказы, прысуджае дадатковы бал. На экране з’яўляюцца словы дэвіза «Не проста ў словы мы гуляем — на роднай мове размаўляем».
Настаўнік (працягвае). У добры шлях! (Гучыць музыка.)

II. Віктарына.

Настаўнік. Першы прыпынак мы зробім на станцыі «Гістарычная». Чаму?
Паслухаем выслоўе У. Караткевіча (на экране): «У падзеях мінулага — нашы карані. А дрэва без карэння не можа ні існаваць, ні тым больш прыносіць плады». Як вы разумееце гэтыя словы? (Выказванні вучняў.)

1. Тур «Спяшайся бачыць».
Каманды па чарзе называюць:
1) архітэктурныя помнікі мінулага;
2) імёны славутых людзей мінулага:
3) імёны вядомых паэтаў;
4) помнікі Вялікай Айчыннай вайны.
Прыкладныя адказы: 1) Сафійскі сабор у Полацку, Мірскі замак, Каложская царква, Нясвіжскі замак, Белая вежа; 2) Францыск Скарына, Ефрасіння Полацкая, Усяслаў Чарадзей, Рагнеда, Кірыла Тураўскі; 3) Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Мікола Сурначоў, Рыгор Барадулін; 4) Брэсцкая крэпасць, мемарыял «Хатынь», мемарыял «Чырвоны бераг», помнік Марату Казею, мемарыял «Кацюша».

2. Тур «Адгадай мелодыю».
Назавіце песню і аўтара слоў.
Капітаны каманд выцягваюць нумаркі ад аднаго да пяці і слухаюць адпаведную фанаграму.
1) Народная песня «Рэчанька»;
2) Янка Купала. «Явар і каліна»;
3) Алесь Бачыла. «Радзіма мая дарагая»;
4) Алесь Ставер. «Жураўлі на Палессе ляцяць»;
5) Генадзь Бураўкін. «Малітва».

3. Тур «Пазнай твор».
Назавіце твор і аўтара, паслухаўшы ўрывак з тэксту.
1) А старац стаяў на каленях і маліўся: — Шчасця дай, маці-зямля, дзеткам сваім. Дай ім улетку цёплых дажджоў, увосень — сонца, утульнага снегу зімою і кахання і працы вясной... Скамянеўшаму ад гора, дай мне каменем скончыць свой век. (Уладзімір Караткевіч. «Лебядзіны скіт».)
2) 3 таго часу Сямён стаў найслаўнейшым паляўнічым. Той чорны сабака кожны раз сустракаў яго ў лесе, і Сямён столькі біў рознай дзічыны, што не толькі хапала панам у маёнтку, але і сялянам на продаж. (Ян Баршчэўскі. «Вужыная карона».)
3) ...Бо не зачынялі нашы прашчуры весніц і дзвярэй хат сваіх перад званым ці нязваным госцем падарожным... Пакідалі ў хатах пад абрусамі бохан хлеба пшанічнага і дубовыя дзежы сотаў пчаліных — гэта каб госць меў чым з дарогі пажывіцца. (Янка Купала. «Як у казцы».)
4) Даўным-даўно, не за нашу памяць было гэта. Шчаслівы то быў куточак белага свету. Вольна жылося людзям у той краіне... Багатая, урадлівая была іх зямля... Але нядоўга астаецца шчасце на адным месцы. ...Нейкая сіла пазайздросціла шчасцю людзей... Хутка, як грыб, вырастала гара. (Якуб Колас. «Жывая вада».)
5) Неяк, адумаўшыся, разважыў: колькі наймітаў у майго бацькі жыве і ўсе ў дастатку, а я паміраю тут з голаду! Збяруся і пайду да свайго бацькі і скажу яму: «Ойча! Я саграшыў перад небам і перад табою і ўжо нават не заслугоўваю называцца тваім сынам, залічы мяне да тваіх наймітаў». («Прытча пра блуднага сына».)

4. Тур «Лінгвістычны спрынт».
Кожная каманда атрымлівае картку з заданнем. На выкананне — 10 хвілін.
1) Вызначце род назоўнікаў гну, поні, шымпанзэ:
а) мужчынскі;
6) ніякі;
в) жаночы.

2) Адзначце «пятае лішняе»:
а) няўмека;
б) піскля;
в) прыгажуня;
г) непакора;
д) непаседа.

3) Адзначце словы, якія ўжываюцца толькі ў форме множнага ліку;
а) канікулы;
б) лісты;
в) камяні;
г) дажынкі;
д) сані.

4) Адзначце правільнае напісанне назоўнікаў у форме меснага склону:
а) пры маленькай сароке;
б) у залатой клетцы;
в) на мясцовым кірмашы;
г) у ценю дрэва;
д) пры новым дырэктару.

5) Адзначце словазлучэнні з якаснымі прыметнікамі:
а) курыны почырк;
б) залатыя рукі;
в) жалезныя дзверы;
г) лісіная нара;
д) Васевы сшыткі.

6) Вызначце правільныя граматычныя формы:
а) вышэй за брата;
б) смачнейшы за марожанае;
в) прыгажэйшы ў свеце горад;
г) даўжэйшы яго;
д) разумнейшы за ўсіх.

7) Дапішыце канчаткі прыметнікаў:
а) каля мядзведж.. берлагу;
б) на свеж.. паветры;
в) па асенн.. дажджах;
г) над блакітн.. краінай;
д) вакол Рыгорав.. сабакі.

Адказы: 1 — а; 2 — в; 3 — а, г, д; 4 — б, в, д; 5 — а, б; 6 — б, в, д; 7 — а) -ага, б) -ым, в) -іх, г) -ай, д) -ага.

5. Тур «Далей, далей, далей...».
За дзве хвіліны трэба адгадаць як мага больш загадак.
1) 3 высокай дарогі глядзіць бычок крутарогі. (Месяц.)
2) Што нас корміць, а есці не просіць? (Зямля)
3) Стукае, грукае, а нідзе не відаць. (Гром)
4) Прыйшла белая кабыла і ўвесь свет абяліла. (Зіма)
5) Чаму шапку купляюць? (Дарма не даюць)
6) Вада ў вадзе плавае. (Лёд)
7) Ляжыць калода сярод балота, ні гніе, ні сохне. (Язык)
8) Еду, еду — няма следу, адгадай, на чым я еду. (На лодцы)
9) Пасярод двара стаіць гара: спераду вілы, ззаду мятла. (Карова)
10) Лёг вусаты, а ўстаў гарбаты. (Кот)
11) Хто мяне заб'е, той сваю кроў пралье. (Камар)
12) Не куст, а з лісточкамі, не кашуля, а пашыта. (Кніга)
13) Сядзіць Пахом на кані вярхом, сам непісьменны, а чытаць памагае. (Акуляры)
14) Што расце без кораня? (Камень)
15) Чаму ў Парыжы Сена не сохне? (Рака)
16) Глянеш — заплачаш, а ўсе яму рады. (Сонца)
17) Кругом вада, а з піццём бяда. Хто адгадае, дзе гэта бывае? (На моры)
18) Без рук, без ног, а вароты адчыняе. (Вецер)
19) Ляцяць птушкі без крылаў, а садзяцца без ног. (Сняжынкі)
20) 12 арлоў, 52 галкі знеслі адно яйка. (12 месяцаў, 52 тыдні, 1 год)
21) Вісіць зялёны, ляціць жоўты, ляжыць чорны. (Ліст)
22) За белым бярэзнічкам талалайка брэша. (Зубы, язык)
23) Дзве дачкі, дзве мацеры і бабуля з унучкай. (3)
24) Плыве ў прасторы, ды не ў моры, караблём завецца, а ля зорак уецца. (Карабель касмічны)
25) У вадзе нарадзілася, а вады баіцца. (Соль)
26) На дварэ зялёны, а ў хаце салёны. (Агурок)
27) Хто ходзіць зранку на чатырох, днём на дзвюх, а вечарам на трох нагах? (Чалавек)
28) Поўна бочачка віна, нідзе дзірачкі няма. (Яйка)
29) Хто над намі дагары нагамі? (Павук, муха)
30) Вадкае, а не вада, белае, а не снег. (Малако)
31) Дзіця кажа: «У мяне ёсць бацька, маці, а я ім не сын». (Дачка)
32) Дзён прыбывае, а ён худае. (Каляндар)
33) Што сіне не сінячы? (Неба)
34) Ад чаго гусь плыве? (Ад берага)
35) Пад якім кустом заяц сядзіць, як дождж ідзе? (Пад мокрым)
36) Нітак многа, а ў клубок не зматаеш. (Павуцінне)
37) Што самае мякчэйшае? (Рука пад галавою)
38) Языка не мае, а гаворыць і спявае. (Радыё)
39) Сядзяць у кутках чатыры кошкі, супраць кожнай кошкі па тры, колькі іх разам? (Чатыры)
40) Два браты ў ваду глядзяць, а разам не сыходзяцца. (Берагі)
41) Маленькае, кругленькае, да неба дакінеш. (Вока)
42) Хоць малая, ды дужая. 3 сабой хату носіць. (Чарапаха)
43) Распластала птушка крылы, ажно сонца засланіла. (Хмара)
44) Не агонь, а пячэцца. (Крапіва)
45) Кіну з блыху, а вырасце з кулак. (Бурак)

6. Тур «Конкурс чытальнікаў».
Капітаны цягнуць нумаркі, на якіх пазначаны творы, што вывучаліся ў гэтым годзе на памяць. На падрыхтоўку — пяць хвілін.
1) Паўлюк Трус. «Падаюць сняжынкі...»;
2) Мікола Сурначоў. «У стоптаным жыце»;
3) Анатоль Вярцінскі. «Два полі»;
4) Якуб Колас. «Конь і сабака»;
5) Алесь Ставер. «Жураўлі на Палессе ляцяць».

7. Тур «Перакладчыкі».
Запішыце словы па-беларуску. На выкананне — пяць хвілін.

конфета —_______белка —_______
зонт —_______учитель —_______
юбка —_______радуга —_______
пол —_______ромашка —_______
ветер —_______враг —_______
ветка —_______друг —_______
ботинок —_______одуванчик —

Адказы: цукерка, парасон, спадніца, падлога, вецер, галіна, чаравік, вавёрка, настаўнік, вясёлка, рамонак, вораг, сябар, дзьмухавец.

8. Тур «Карэктар».
За пяць хвілін узнавіце тэкст верша М. Багдановіча «Вадзянік» і выпраўце памылкі.
Сівовусы,..........., я залёг між...........
I гадамі ........... — сплю па дне ракі.
Твар ......... аблытаны, быцам павуцінай,
Засыпаюць грудзі мне ......... пескі.

Пад вадой ля берага ціха спіць ...........,
Ды лаза .......... жалліцца-шуміць,
Хвалі ........... коцяцца і далёка, —
I усе навокала сном ............ спіць.

Адказы: згорблены, цінай, грэюся, травой, жоўтыя, асока, зялёная, ціха, бягуць, адвечным, Сівавусы, на, быццам, пяскі, Над, жаліцца-шуміць, усё.

9. Тур «Лесвічка».
Устаўце патрэбныя літары.

Размаўляем на роднай мове. Лесвічка.

Адказы: дзе, дзік, дзень, дзверы, дзядуля, дзеяслоў, дзяўчынка, дзьмухавец, дзівоснасць.

10. Тур «Тэорыя літаратуры».
Разгадайце крыжаванку.

Размаўляем на роднай мове. Кражаванка.

Па гарызанталі:
1. Мяккая зямля, халоднае сэрца (троп).
2. А дзень гарыць, а дзень палае (троп).
3. Воўк — злосць, дуб — моц, ліса — хітрасць (літаратурны прыём).
4. Узмахне крылом — бор шуміць (троп).
5. Што клёкат буслоў — ручаёў перамовы (троп).
6. Паслядоўнае разгортванне падзей у творы.
7. Персанаж, дзейная асоба, літаратурны характар.
8. Уцякала зіма ад вясны (троп).
9. Кузьма Чорны. «Насцечка» (жанр).
10. Падрабязнасць у апісанні паводзін героя, апісанні знешнасці героя, абстаноўкі.

Адказы. Па гарызанталі: 1. Эпітэт. 2. Метафара. 3. Алегорыя. 4. Гіпербала. 5. Параўнанне. 6. Сюжэт. 7. Герой. 8. Увасабленне. 9. Аповесць. 10. Дэталь. Па вертыкалі: прыгажосць.

Настаўнік. Чаму, на вашу думку, слова «прыгажосць» з’яўляецца ключавым у крыжаванцы? (Адказы вучняў.)

III. Падвядзенне вынікаў. Узнагароджанне.

Спіс выкарыстанай літаратуры

Беларускія загадкі / уклад. Я. Саламевіч. — Мінск : Юнацтва, 1989. — 62 с.
Бельскі, А. I. Беларуская літаратура : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / А. I. Бельскі, Л. К. Цітова. — Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2016. — 312 с.
Якуба, С. М. Сакрэты словаўтварэння і словазмянення. 6 клас. Факультатыўныя заняткі / С. М. Якуба. — Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2010. — 192 с.
Смыкоўская, В. I. Беларуская літаратура. 6 клас. Рознаўзроўневыя заданні / В. I. Смыкоўская. — Мінск : Аверсэв, 2005. — 208 с.

Яшчэ на гэту тэму:

Размаўляй са мной па беларуску!     Знаўцы мовы