сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена АНТРОПАВА, музычны кіраўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, Алена ШАРЫЧ, выхавальнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Пралеска 08/2012

«Не забывай ніколі, дружа»

Сцэнарый ранішніка для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту

Мэта: выхоўваць у дзяцей любоў да свайго роднага краю, навакольнай прыроды, да роднай мовы, культурнай спадчыны свайго народа.
Задачы: актывізаваць назапашванне беларускіх слоў; працягваць фарміраваць у дзяцей вакальныя і танцавальныя навыкі.

Гучыць музычная кампазіцыя на цымбалах.
Вядучы (В.). Любоў да Радзімы — пачуццё не абстрактнае, свой родны край мы любім, як часцінку нашай Бацькаўшчыны. Беларусь — наша Радзіма. Мы, беларусы, вельмі ганарымся тым, што жывём у такой цудоўнай краіне. Кожны з нас павінен ведаць культуру і традыцыі свайго народа. Таму мы вырашылі наладзіць сёння свята.
Дзяўчынка.
Сёння ў нашым садзе свята,
I гасцей як тут багата!
Усіх на ранішнік запрашаем
I сардэчна вас вітаем,
I дарослых, і дзяцей,
I шаноўных усіх гасцей!

Танцавальныя рухі з атрыбутамі пад песню «Мая Беларусь» у выкананні Анжалікі Агурбаш.
Дзяўчынка.
Я — дзяўчынка-беларуска
3 васільковымі вачыма.
Хоць малая, але знаю:
Беларусь — мая Радзіма.
Словы родныя люблю я,
Вершаў ведаю багата.
Гукі мовы беларускай
Пахнуць верасам і мятай!
Пімен Панчанка

Гучыць беларуская песня «Добры дзень».

В. У народзе кажуць: «Дарагая тая хатка, дзе нарадзіла мяне матка». Сапраўды, дзе маці нарадзіла, там і Радзіма. А наша Радзіма... (Беларусь). Прыгожую назву мае наша Радзіма, светлае ў яе імя — Белая Русь.
Хлопчык.
Я — беларус, я нарадзіўся
На гэтай казачнай зямлі.
Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх
Адвеку прашчуры жылі.
Дзяўчынка.
Я — беларуска, я ганаруся,
Што маю гэтае імя.
Аб добрай славе Беларусі
У свеце знаюць нездарма.
Хлопчык.
Я — беларус, і я шчаслівы,
Што маці мову мне дала,
Што родных песень пералівы
I зблізку чую, і здаля.
Ніл Гілевіч

Гучыць беларуская песня «Мая Беларусь».
В. Наша зямля багатая рэкамі і азёрамі. Вясною расцвітаюць пралескі, прылятаюць птушкі з далёкіх краёў. Улетку цвітуць блакітныя васількі, часта можна ўбачыць белых буслоў з распасцёртымі крыламі. А з чаго пачынаецца Радзіма? 3 песні, з роднага слова.
Хлопчык
Скажы, дзяўчынка, мне,
Адкуль вачэй тваіх блакітны колер?
Дзяўчынка.
Я наглядзелася ў раку
I на блакітныя валошкі ў полі.
Хлопчык.
А дзе ўзяла ты касы тугое перавясла?
Дзяўчынка.
Ад жытніх каласоў узяла
і промняў сонейка нязгасных.

Выконваецца беларуская песня- карагод «Сіні васілёк» (словы і музыка Я. Жабко).

В. Мы — беларусы, а наша родная мова — беларуская. Мы павінны ганарыцца сваёй роднай мовай. Яна прыгожая, сакавітая, лагодная і нагадвае ручайкоў перазвон, шчэбет птушак (Гучыць запіс з гукамі птушак, вады.) Колькі ў ёй мілагучных, прыгожых слоў! Дык гэта зямля наша спявае!
1-я дзяўчынка.
Мая родная мова —
Ручайкоў перазвон,
Птушак шчэбет вясновы,
Калыханка на сон.
2-я дзяўчынка.
Люба кожнае слова:
Мама, ластаўка, клён,
Будзе жыць мая мова —
Ручайкоў перазвон.
Леў Парэмскі

Беларуская песня «Калыханка» (сл. Хведара Жычкі, муз. Таццяны Кірэевай).
В. Вось якая яна прыгожая, пяшчотная беларуская мова! Шмат выказванняў ёсць пра яе, напрыклад: «Той, хто не паважае родную мову, не паважае роднага народа» (Іван Мележ). Вы згодныя з гэтым?
Хлопчык.
Беларусам я радзіўся,
Беларусам буду жыць.
Беларускую зямельку
Буду шчыра я любіць.
Бо радзімая старонка
Над усё нам прыгажэй.
Беларуская гаворка
Над усё мне даражэй.
Алесь Мілюць

Выконваецца танец «Родныя прасторы».
Гучыць музыка. Уваходзіць Дзед- барадзед.

Дзед-барадзед (пяе).
Хто я? Дзед-барадзед!
Абышоў цэлы свет,
А цяпер у добры час
Завітаў да вас.

Дзед-барадзед. Прывітанне, мае даражэнькія дзеці, а таксама ўсе, хто знаходзіцца ў гэтай зале! Праходзіў я непадалёк ад вас ды пачуў, што тут хораша спяваюць, вершы хораша чытаюць, мову і Радзіму праслаўляюць. Дык як жа мне не зайсці да вас, не адпачыць з вамі. Як не расказаць што- небудзь цікавае. Ці ведаеце вы, мае маленькія сябры, што казкі, паданні, вершы, прымаўкі, прыказкі, лічылкі складаў сам народ? (Адказы дзяцей.)
В. Нашы дзеці могуць іх вам расказаць. Хто хоча?
Дзеці адзін за адным расказваюць вершы, казкі, прымаўкі, лічылкі.
Дзед-барадзед. Наша радзіма багата сваімі традыцыямі. Як прыемна чуць родныя песні, казкі, вершы, сустракаць святы! А якія вы ведаеце беларускія святы? (Адказы дзяцей.)
В. Беларускія народныя гульні таксама ўваходзілі ў абрады і звычаі народаў. Запрашаю на гульню, каб павесяліцца тут. А спрытнасць і хуткасць могуць вам спатрэбіцца.

Беларуская народная гульня «Рэдзька».

Дзед-барадзед.
Ай, якія ж дзеткі,
Што тыя кветкі,
Разумныя і ладныя,
На ўсё выдатныя.

А ці ведаеце вы, мае даражэнькія, што ні адно свята на Беларусі не абыходзіцца без беларускага танца? (Ведаем і любім таксама танцаваць і весяліцца.)
Дзяўчынка.
Танец ёсць у нас такі —
Беларускі і ліхі.
Як яго мы затанцуем,
Дык ніколі не сумуем!

Выконваецца беларускі народны танец «Трапятуха».

Дзед-барадзед. Малайцы, прыгожа танцавалі, мяне павесялілі. I я для вас прыгатаваў падарунак. У маёй
чароўнай торбачцы ёсць шмат казак. Зараз мы з вамі ўбачым адну з іх.
Інсцэніроўка беларускай народнай казкі «Воўк-калядоўшчык».

Дзед-барадзед. Ці спадабалася вам казка? I сапраўды, заўсёды будзе вандраваць яна па свеце дзеля радасці і смеху, на навуку і пацеху, каб добрае мела, каб злое гібела. I наша казка таксама дае навуку. Нездарма народ кажа: «Не такі страшны звер, як яго малююць».
Дзед-барадзед. Дзякуй, даражэнькія, добра ў вас, весела і цікава. Рады быў я з вамі тут жартаваць, смяяцца. Але час настаў, сябры, з вамі развітацца. Будзьце шчырымі, ветлівымі, добразычлівымі, шануйце сваю краіну — Белую Русь. I на развітанне пакідаю вам такі запавет:
Без маці Беларусі,
Без беларускай мовы
Вы будзеце сіротамі
I ў радасці, і ў скрусе.
Расціце беларусамі
I будзьце беларусамі.
Дзяўчынка.
Слаўлю я свой край любімы,
Незгасальную зару.
Як ты сэрцу майму міла,
Дарагая Беларусь.
Пятрусь Броўка

Дзеці пад музыку выконваюць харэаграфічную кампазіцыю «Беларусь мая».
В. Вось і скончылася стрэча,
але прыйдзе зноў наш час.
Дзяўчынка.
Вас чакаем, дарагія,
Запрашаем усіх да нас.

В. Дзякую вам, дарагія госці, дарагія дзеці, за ўвагу. Жадаем поспехаў, дабрабыту, плёну ў жыцці і працы, сардэчнасці ў адносінах! Шануйце сваю краіну, свой родны кут. I няхай у вашых сем’ях будуць лад і ўзаемапаразуменне!

Яшчэ на гэту тэму:

Размаўляй са мной па беларуску!     "Словы родныя люблю я..."