сцэнарыі святаў на беларускай мове

Т. КАВАЛЬЧУК, г. Ваўкавыск. Бібліятэка прапануе 10/2008

Матуліна калыханка

Літаратурна-музычная гасцёўня для 3-4 класаў

Чытач 1.
У кожнага з нас ёсць матуля,
Якая да сэрца прытуліць
I з рук сваіх цёплых і лёгкіх
У свет неабсяжны, шырокі
Адправіць: «Ляці, птушанятка,
Дай Бог табе долі, дзіцятка».
Л. Кебіч

Бібліятэкар. Мама! Самае прыгожае слова на зямлі. Мама! Самы дарагі на свеце чалавек. Ніхто не ўмее так любіць, як мама, не ўмее, так цярпець і ахвяраваць сабой, як мама! Таму Дзень маці адзначаецца ў рэлігійнае свята - Пакровы. Каб Маці Божая памагла ўсім мамам на свеце зберагчы сваіх дзяцей, каб ахінула сваім покрывам.
Чытач 2.
Маці Божая!
Адзіная для ўсіх,
Свеціцца імя тваё святое.
Ахінай заўжды дзяцей сваіх
Усямоцнай шатай залатою.

Бібліятэкар. Мама! Матуля... Заплюшчы вочы і прыслухайся. I дзе б ты не знаходзіўся, пачуеш матулін голас. I нават здаецца, што ён жыве ў табе самім, такі пяшчотны, такі родны. Нават калі вы станеце зусім дарослымі, заўсёды будзеце памятаць матулін голас, матуліны рукі, матуліны пяшчотныя вочы і матуліну калыханку.
Галоўным выхавальнікам дзіцяці ў раннім дзяцінстве заўсёды была мама. I выхаванне яна пачынала з калыханкі.
А вы, дзеці, памятаеце калыханкі сваіх матуль? Хто нагадае? Можна нават праспяваць.
Адказы дзяцей. 2 дзяўчынкі спяваюць калыханку.
(3 народнага)

Ходзіць коцік па палях,
Носіць сон у кашалях.
Ходзіць коцік па капусце,
Носіць сон у белай хусце.
Бабка коціка дагнала,
Сон для дзетачак забрала.
А ты, коця, вон, вон,
А на дзетак - сон, сон.

Бібліятэкар. Напэўна, многія з вас, дзеці, паслухаўшы гэтую калыханку, нагадалі, што мамы і вам яе спявалі. Якія ж калыханкі выбірала і спявала мама? Напэўна, тыя калыханкі, якія ёй самой спявалі ў дзяцінстве... Значыць, калыханка прыходзіць да нас самая першая, яна робіць вялікі ўплыў на будучае ўспрыманне чалавекам свету, развівае нашу мову, выклікае ў нас першыя думкі. Калыханха - гэта масточак ад маці да дзіцяці, ад дарослага свету ў свет дзіцячы.
Дзеці выконваюць калыханку.
Васіль Вітка

КАЛЫХАНКА
Люлі, люлі, люлі,
Дзеткі ўсе паснулі.

Не спіць толькі коця,
Ходзіць па балоце.

Застудзіў ён лапку,
Прыйшоў грэцца ў хатку.

Недзе коцю дзецца,
Лапачцы пагрэцца.

Палез на палаткі,
Спалохаўся бабкі.

Палез ён на вышкі,
Там гулялі мышкі,

Так яны дурэлі -
Хвост кату ад’елі.

Пайшоў каток у лясок,
Знайшоў белы паясок,

А котачка ўзяла
I дзіцяці аддала.

Пайшоў каток пад масток,
Злавіў рыбку за хвасток.

Ці самому з’есці,
Ці дадому несці?

Думаў, думаў каток,
Укусіў адзін разок

I панёс дадому
Дзіцятку малому.


Ганна Іванова
Люлі-люлі-люлі!
Прыляцелі іулі!
Гулі-гулі-галубы!
Селі гулі на дубы.
I спявалі, і гукалі -
Сны салодкія склікалі.
Мядовыя!
Цукровыя!

Бібліятэкар. Тэмай маці прасякнута творчасць многіх беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, У Янкі Кутіалы ёсць цудоўны верш «Над калыскай», у якім маці просіць свайго сына, каб ён ніколі не забыў сваю матулю, родную старонку і, канешне, калыханку, якую яму спявае.
Чытач 1. «Над калыскай»
Калыхала маці сына
У калысцы ў ліпавай.
I пяяла яму песню
Вось як тутка, слова ў слова:
- Люлі, люлі, мой маленькі!
Спі і сні вясёлкі-гулі,
Як жа вырасцеш вялікім, -
Не забудзься ты матулі.
Люлі, люлі, мой маленькі!
Спі, злажыўшы ўкрыж далонькі,
Як жа вырасцеш вялікім, -
Не забудзься ты старонкі.
Люлі, люлі, мой маленькі,
Спі, як кветка напрадвесні,
Як жа вырасцеш вялікім, -
Не забудзься гэтай песні.
Люлі, люлі, мой маленькі,
Набірайся моцы, сілы,
Як жа вырасцеш вялікім, -
Не забудзь маёй магілы.
Люлі, люлі, мой маленькі!..
Сын павырас, на лес гледзя,
А ці помніць песню маткі, -
Запытайся ў суседзяў.

У даўнія часы калыханкі замянялі многім дзецям асабліва сялянскім, школу і кнігі. А сама калыска, люлька перадавалася з пакалення ў пакаленне. Дзіця з калыскі ўжо забіралі, а калыханкі быццам бы заставаліся ў. ёй, назапашваліся - таксама з пакалення ў пакаленне. Калыску падвешвалі на жэрдцы, каб было зручна калыхаць. У многіх мясцінах было такое павер’е: калі нараджалася дзіця, бацька павінен быў ісці ў бярозавы гай і шукаць самую прыгожую бярозку. Калі жэрдка ці калыска будуць зроблены з прыгожай бярозы, дзіцятка таксама будзе самае прыгожае і будзе правільна размаўляць.
Гучаць калыханкі.
Андрэй Александровіч
КАЛЫХАНКА.
Ціха, кіска,
Ціха, братка,
У калысцы
Спіць дзіцятка.
Будзь жа добранькі, глядзі,
Дзіцяня не разбудзі.
Коцік слухацца не хоча,
Скача ён з кутка ў куточак.
Ох ты, кіска,
Ох, паганы,
Скінуў міску
3 кашай маннай.
Галубкі лятуць, лятуць,
Кашку гэтую з’ядуць.
Баючыся кары цяжкай,
Коцік слёзы лье над кашкай.
Чуеш, кіска,
Ля калыскі
Ходзіць мышка -
Каратышка.
Не марудзь жа ані-ні,
Гэту мышку прагані.
Коцік часу не губляе,
Мышку ў норку заганяе.
Змогся кіска,
Прытаміўся,
Пад калыскай
Прымасціўся,
Хвост пад лапкі падгарнуў
I салодкім сном заснуў.
- Баю-баю... Ціха ў хаце.
Захацела спаць і маці.

Сяргей Новік-Пяюн
НАД КАЛЫСКАЙ
Запаліла ночка
Зорныя агні.
Спі, мая дачушка,
Любая, засні.

Над тваёй калыскай
Буду я пяяць,
Пра ката і мышку
Казачку казаць.

Пад акенцам кветачка
Цудная цвіце.
Мая крошка-дзетачка
3 дня на дзень расце.

Вунь высока зорачка
Золатам блішчыць,
А мая дачушка
Штосьці ўсё не спіць.

3-за хмурынкі месячык
Беленькі ідзе,
За сабою зорачак
Карагод вядзе.

Бібліятэкар. Перш чым палажыць дзіця ў калыску, туды клалі розныя падарункі альбо хлеб, грошы, разумныя парады, напісаныя на паперках. У нашага беларускага паэта Максіма Танка ёсць цікавы верш «Пытанні і адказы».
Чытач 2.
- Дзядуля, хто старэйшы за мяне?
- Твае мама і тата.
- А хто старэйшы за іх?
- Мы з бабуляй...
- А хто старэйшы за ўсіх-усіх на свеце?
. - Унучка, старэйшы за ўсіх, я думаю,
Наш хлеб надзённы,
Ды яшчэ калыханка,
Якую спявае твая мама:
«А-а, а-а, а-а...»

Бібліятэкар. Калыску вешалі каля мамінай пасцелі. Дзіця і маці былі заўжды разам, Мама і ўначы, і днём (калі не была ў полі на працы) калыхала сваё дзіця і спявала яму калыханкі. Вымаўляла сваю пяшчотную любоў і свае турботы.
Мудрым словам, добрым жартам, разумнай гульнёй умее мату ля падбадзёрыць сваё дзіцятка, якое робіць першы крок, супакоіць і дапаможа прыслухацца да сакавітай роднай мовы. Сэнс першых слоў дапамагае зразумець калыханка. Паслухайце верш, які напісаў Рыгор Барадулін.
КАЛЫХАНКА
Ціха ноч ступае
3 зорнаю сявенькай.
Па сінім Дунаі
Дзед плыве сівенькі.

А вязе ён кадку,
Мёд салодкі ў кадцы.
Кожнаму дзіцятку -
Па цікавай казцы.

Мёдам вочкі мажа,
Доўга казку кажа.
А гэтага дзеда
Дзеткам трэба ведаць.

Не рыпнуць завесы,
Калі зойдзе ў хату.
Добрым сном завецца
Дзядок барадаты.

Ты, дзядок, у лодку
Забяры Ілонку -
Няхай засынае
На сінім Дунаі.

Як засне - да мамы
Прывязі малую.
Хвалі б’юць памалу,
Месячык вяслуе.

Плыві, плыві, лодка,
Засынай, Ілонка!
Лю-лі, лю-лі, лю-лі!
Зоранькі паснулі.

Бібліятэкар. Мама дапаможа сваімі калыханкамі разабрацца дзецям, дзе праўда, а дзе хлусня; дзе дабрыня, а дзе ліха; дзе роднае і дзе чужое. Ва ўсіх калыханках маміных ёсць шмат агульнага. Перш за ўсё - гэта аднолькавыя пяшчотныя адносіны маці да дзіцяці, Мама спявае калыханку і непрыкметна напаўняе душу дзіцяці новымі для яго гукамі, простымі і пяшчотнымі. 1 дзіця адгукаецца - хоць і засынае, але падпявае, паўтарае, падказвае ці проста задумліва слухае, і так кожны дзень. Так паступова развіваецца густ, музычнасць.
Паслухайце цікавую калыханку Эдзі Агняцвет.
ЦІХІ ВЕЧАР
Ходзіць сон у цёплых ботах -
Светла-сіні, залаты.
Апускаецца дрымота,
Засынай хутчэй і ты!
Спі, Галінка!

А дачка адкрыла вочы,
Засынаць яна не хоча: -
Я не маю часу спаць,
Трэба ляльку калыхаць.
Той, хто спіць, - расце здаровы.
Лялька, ляж на правы бок!
Я ж табе пашыю новы,
Паркалёвы фартушок.
Стужкі з крамы прынясу я,
Акуратна адпрасую.
Люлі, лялька!

Ды не хоча лялька спаць,
Стала зайку калыхаць:
- Ходзіць сон у цёплых ботах.
Спі, мой зайка, люлі-лю!
Рукавічкі для работы
Я табе, малы, зраблю.
I не змогуць застудзіцца
Лапкі ў белых рукавіцах.
Спі, мой зайка!

Кожны мае тут нагрузку:
Мама шые Галі блузку,
Галя - ляльцы фартушок,
Лялька вяжа рукавіцы.
I нікому тут не спіцца,
Хай сабе гусцее змрокі
Сон ступае сам не свой,
Ён ківае галавой:
- Неспакойныя часіны!
Клапатлівыя жанчыны!

Бібліятэкар. Самы неабходны дар мамы - цярплівасць. Цярплівасць - гэта вера ва ўласныя сілы. Цярплівасць і любоў да дзяцей па-асабліваму афарбоўваюць змест калыханак, якія нярэдка размяжоўваюцца на песні для хлапчукоў і дзяўчынак. Такім чынам, праз гэтыя калыханкі перадаецца ідэал мужчыны і жанчыны. Мужчына павінен быць працавітым, добрасумленным і фізічна моцным. Жанчына - дамавітай, сціплай, добрай. Усе мамы жадаюць бачыць дзяцей такімі.
Гучыць калыханка.
Ларыса Геніюш
СПІ, АЛЁНКА
Спі, Алёнка,
Маленькая, спі.
Вунь пад зорамі дрэмлюць палі.
Вецер коўдраю іх прыкрывае.
- Як мяне?
- Як цябе, дарагая.
- Хто ім казачку бае?
- Бары.
- Хто ім песню спявае?
- Вятры.
- Хто іх туліць?
- А туліць зіма.
- Хто да працы іх збудзіць?
- Вясна.

Бібліятэкар. Калыханкі мамы былі такія ж, як яна сама - ціхія, пяшчотныя і грацыёзныя. Маміны калыханкі прасякнуты мудрай атмасферай сям’і, у якой дзіця сталее. Калыханкі надоўга застаюцца ў памяці дзяцей у выглядзе карцін, якія стаяць перад вачыма.
Існуюць такія прыгожыя калыханкі, якія можна спяваць, а можна расказваць, як верш. Адну з такіх калыханак напісаў Янка Лучына.
Янка Лучына
КАЛЫХАНКА
Спі, малы сакол,
Свет увесь заціх,
Лічыць хай анёл
Бег хвілін тваіх.

Ночка на парог,
Ззяе зорак рой.
Спі!.. Хай моцны
Бог Сон бароніць твой!

Наплывае змрок,
Цішу свету шле...
Ды матулін зрок
Бачыць і ў імгле.

Матчына далонь
Гладзіць цеплы лён.
Спі!.. Ціхутка ў скронь
Дыхае твой сон...

Спі!.. Засні!.. Маё каханне!
Заўтра ясна сонца ўстане,
Зноў на ніву і на поле
Паляціш ты, мой саколе.
Птушкі там жывуць сям'ёю.

Спі... дзіцятка залатое!
Спі, малы сынок,
Прыйдзе сон яшчэ!
Золатам уток.
Нітка чараў тчэ.

Светлы век міне,
Не прысняцца сны,
У жыцця млыне
Змелеш шмат маны.

Маладосць мільгне,
Сцісне золлю свет
У чароўным сне
Выбуялы цвет!

Спі!.. Жыццёвы гнеў
Знішчыць мар загон.
Хай жа матчын спеў
Лашчыць светлы сон.

Бібліятэкар. Усе, напэўна, ведаюць такую якасць, як матчына самаахвярнасць, яе гатоўнасць у любы момант закрыць сваіх дзяцей ад бяды і небяспекі. Кожная мама вучыць дзяцей быць добрымі, міласэрнымі, сумленнымі. У гэтым таксама дапамагаюць калыханкі.
Калыханкі - частка народнай памяці. I ўзнікае пытанне, якой была першая калыханка і хто яе склаў? Вядома, народ. Існуе народная легенда пра першыя песні і калыханкі. Паслухайце, калі ласка.
Калісьці даўно жыў на нашай зямлі люты, як куслівы сабака, пан. Ад цямна да цямна працавалі на яго людзі, а яму ўсё было мала. Аднойчы ўлетку выбраўся пан паглядзець, ці скончылася жніво. Толькі мінуў лес, як пачуў над полем песню. Ды такую сумную, жаласлівую... Раззлаваўся пан, да смерці закатаваў некалькіх жней, каб даведацца, хто спяваў. Так ён нічога не дазнаўся і куды б не ехаў, усюды гучала гэтая песня. I зразумеў пан, што спявае сама зямля.
Гучыць калыханка.
КАЛЫХАНКА
Словы Г. Бураўкіна
Музыка В. Раінчыка

Доўгі дзень,
Цёплы дзень
Адплывае за аблокі.
Сіні цень,
Сонны цень
Адпаўзае ў кут далёкі.
Збеглі зайкі ўсе ў лясы.
Змоўклі птушак галасы.
I буслы ў гняздо схавалі
Свае доўгія насы.
Прыпеў:
Баю-бай, баю-бай,
Вачаняты закрывай.
Пакрысе На расе
Патухаюць зоркі-сплюшкі.
Гулі ўсе,
Казкі ўсе
Пахаваны пад падушкі.
Спять і мышкі, і стрыжы.
Спяць машыны ў гаражы.
Ты таксама каля мамы
Ціха-ціхенька ляжы.
Прыпеў.

Бібліятэкар. 3 маміных калыханак вы даведаліся аб кветках, розных дрэвах і раслінах, жывёлах і птушках. Вось як гаворыцца ў вершах Змітрака Бядулі «Дудачка» і «Калыханка».
Чытач 1.
Змітрок Бядуля
ДУДАЧКА
Баю, баю баечку,
Граю, граю граечку.
Я пайшоў далінаю,
Вузкаю сцяжынаю.
Там над самай рэчкаю
Ёсць кусты з парэчкамі.
Пад высокай кручаю -
Крапіва пякучая.
Ёсць лазіна стройная,
Гладкая і роўная.
Выразаў я дудачку,
Дудачку-пагудачку.
Засвістаў я птушкаю,
Птушкаю-пяюшкаю.
Заіграў я граечку,
Траля-траляляечку.
Рэхі пакаціліся -
Жаўранкі здзівіліся.
Камары зляцеліся -
Ім свістаць хацелася.
Пчолкі пазбіраліся -
Ім свістаць жадалася.
Гускі прывалюхалі,
Дудачку паслухалі.
- Дай нам, дай нам дудачку,
Дудачку-пагудачку.
- Дай нам, дай свісцёлачку
Пасвістаць пад ёлачкай.
Граю, граю граечку,
- Траля-траляляечку.

КАЛЫХАНКА
Кукарэку, певунок!
Пашый Янку кажушок,
Шапачку бабровую,
Боцікі казловыя.

- Я пашыю, я зраблю,
Бо я хлопчыка люблю.
Мяў-мяў, рабенькі каток!
Схадзі, коцік, на таржок,

Купіш абараначкаў,
Будзе есці Яначка.
I пайшоў ён, і купіў,
I малога накарміў.

Му-му, трацячок-бычок!
Ты да пчол схадзі ў садок.
Ад пчалінай мамачкі
Нясі мёду Яначку.

I пайшоў у сад бычок,
I мядку прынёс збанок.
Го-го, жвавы гусачок!
Зрабі Янку ветрачок

3 тваіх пер’яў точаных,
Сонцам пазалочаных.
I зрабіў сваяк-гусак
3 пер’яў хлопчыку вятрак.

Піск-піск, мышка-мышанё!
Збегай зараз на гумно,
Зрабі Янку граечку,
3 стружак балалаечку.

- Балалаек зраблю пяць,
Будзе Яначка іграць.
Ты, сыночку мой, засні.
А-ля-лю-лі, а-лю-лі.

Пад тваёй калыскаю
Кіска дрэмле з мышкаю.
Спяць браток і певунок,
Спіць і жвавы гусачок.

Бібліятэкар. Мама заўсёды разумее сваё дзіця, нават без слоў. Яна заўсёды ўгадвае, што табе баліць, чым ты ўсхваляваны, што табе трэба...
Чытач 2.
Мама гляне нам у вочы -
Адгадае, што мы хочам.
А калі яна ўсміхнецца,
Свеціць сонейка, здаецца.
Мама песню заспявае -
Сум адразу прападае.
А рука ў яе такая:
Як пагладзіць - боль сціхае.
Мама можа ўсё на свеце,
Добра з ёю побач дзецям.

Бібліятэкар. Гэты цікавы верш напісаў Іван Муравейка.
Дзеці, пасля сённяшняй гасцёўні вельмі хочацца верыць, што вы прыйдзеце дадому, абдымеце сваіх матуль, зазірнеце ім у вочы, пяшчотна пацалуеце іх, дакранецеся да іх працавітых рук, спытаеце пра першыя калыханкі. якія яны вам спявалі. Абавязкова, дзеці, дапамагайце сваім мамам, ім часам вельмі цяжка - яны цэлы дзень
працуюць, а калі прыходзяць дадому, іх сустракаюць новыя справы. Дапамажыце ім, як дапамаглі сваёй маме хлопчыкі з верша Хведара Гурыновіча «Лепшы памочнік».
Чытач 1.
3 братам Мішкам у ахвоту
Робім сёння ўсю работу.
Палічу я зараз вам:
Мы пачысцілі дыван,
Пыласосам пыл сабралі
I паркет нацерлі ў зале,
Чыста вымылі акно,
Аж блішчыць цяпер яно.
Палілі ўсе кветкі ў доме,
Посуд вымылі, вядома,
I падклеілі ўсе кніжкі,
Што падралі летась з Мішкам,
I зварылі крупнік самі
Мы любімай нашай маме.
Напячом аладак пульхных,
Пачастуем жа яе,
Прыбяром пасля на кухні,
Ой, як часу нестае!..

Бібліятэкар. Сёння на нашу размову запрасілі мам. Прыйшлі мамы, але іх вельмі мала, у вашых мам вельмі шмат адказнай працы. Цяпер я хачу спытацца ў мам:
— Якое першае слова сказаў ваш сын?
— Якая любімая цацка была ў вашай дачкі?
— Які самы першы верш вывучыў ваш сын?
— Якая любімая казка была ў вашай дачкі?
— Якія калыханкі вы спявалі дзецям? Праспявайце адну, калі ласка.
Мама спявае калыханку.
Бібліятэкар. Дзеці, а давайце ўспомнім, якія існуюць прыказкі пра маму? Я прывяду вам прыклады:
«Няма лепшага сябра, чым родная матуля»;
«Сэрца мамы лепш за сонейка грэе».
Дзеці называюць прыказкі.
Бібліятэкар. Вось і заканчваецца наша сустрэча. Памятайце, дзеці, успаміны пра калыханкі заўжды будуць вяртаць вас да прыступак роднага дому, да вашых матуль, да радзімы, да роднай зямлі.
Усяго вам добрага, да новых сустрэч.

Яшчэ на гэту тэму:

Беларуская калыханка