сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ірына СЕМЯНЕНКА, музычны кіраўнік дзіцячага сада №1 "Сонейка" Ельска. Пралеска Люты 1996 г.

Прыляцела ластавіца прынесла нам Масленіцу

Сцэнарый свята ў старэйшай групе

1-е дзіця.
Любыя нашы госці, просім вас мілосці,
Каб вы так не сядзелі, добрыя думкі мелі,
Каб чай пілі, аладкі елі і добрыя песні пелі.
2-е дзіця.
У нашым садзе свята — праводзіны зімы.
Усе людзі весяляцца, і весялімся мы.
3-е дзіця.
А мы Масленку дажыдалі і ў ваконца пазіралі.
Гару сырам набівалі, зверху маслам палівалі.
А ад сыру гара сыра, а ад масла гара ясна.
Вядучая.
А на двары сняжкі сыплюць,
А дзеткі Масленку ўжо клічуць.
4-е дзіця.
Масленка, бела вутка, нясі сыру, масла хутка!
Сыру і масла, каб зіма згасла.
А хто сыру не дае, у таго ён пагніе.
5-е дзіця.
Ой. Масленка-няшчасленка, сера вутка,
Сказала: "Вясна скора, да й ня хутка!"
Праводзім зіму качаргамі, стрэнем весну пірагамі.
6-е дзіця.
Усе збірайцеся хутчэй, дзеўкі - маладзіцы.
Будзем гуляці, зіму праганяці.

(Танец "Крывенькі таночак". Уваходзіць гурт дзяцей з пудзілам.)

Дзеці. А ці дома гаспадыня, чаго нам не кажацца?
Вядучая.
Дома, дома, не гуляю,
А бліночкі рашчыняю.

1-е дзіця.
Дзень добры, гаспадынечка,
У нас ёсць да цябе навіначка:
Прыляцела ластавіца, прынесла вам Масленіцу,
Села на жэрдачку, шчабятала вестачку.
Палятала, пакружыла, нам вясну апавясціла.
2-е дзіця.
Мы бліноў даўно не елі.
Мы бліночкаў захацелі.
Будзем есці з тварагом, будзем есці з малаком,
Будзем маслам паліваць, а смятанкай заядаць.
Вядучая.
Пакуль будзеце спяваць, цеста будзе паспяваць.
Пакуль будзеце гуляць, зіму-сцюжу выганяць,
Бліны буду выпякаць, потым дзетак частаваць.
А вы не чакайце, песню пачынайце.

(Песня "А у нас сёння Масленка ".)
У апошні дзень, на Масленку, звычай быў такі:
Прасілі прабачэння і дзеці, і бацькі.
Бацькі за тое, што злавалі, што мала дзетак шкадавалі.
А дзеткі, што бацькоў не шанавалі, свае цацкі раскідалі.
Папрасіўшы прабачэння, танцавалі і спявалі
I вясну-красну ўжо з лёгкім сэрцам сустракалі.
Каб не парушыць звычай гэты, нам трэба, дзеткі, не забыць.
За ўсё, што дрэннага зрабілі, прабачэння папрасіць.
Даруй і мне, Божа, калі саграшыла перад табой
Справай ці языком.
I вы прабачце, дзеткі, калі на вас злавала
I ўсё, што вам хацелася, рабіць не дазваляла.

Дзеці.
I нам даруйце, калі ласка, што вам часта дакучалі,
Што сваволілі часамі, свае цацкі раскідалі.
1-ы хлопчык.
I вы, дзяўчынкі, не злуйце і, калі ласка, даруйце.
Мы не са злосці, а проста па звычцы
Раз-пораз тузалі вас за касічкі.
2-і хлопчык.
Вельмі вас просім крыўды не трымаць
I запрашаем разам паскакаць.
3-і хлопчык.
Падыходзь сюды, народ, не пылі, дарожка,
Добры малайцы ідуць паскакаць хоць трошкі.
(Танец "Казачок".)

4-ы хлопчык.
Ох ты, Масленіца: красны бурак,
Хто не жэніцца, той дурак!

Вядучая.
Дык вы, хлопцы, не зявайце, дзяўчат у гурце выбірайце.
Выбірайце па густу — гэта ж вам не хлеба луста!

1-ы хлопчык.
Першым я іду выбіраць, з кім хутчэй у пары стаць.
2-і хлопчык.
А я з той пайду скакаць, што ўмее вышываць.
Вось з гэтай паненкай у прыгожай сукенцы.
3-і хлопчык.
А я вазьму тую, што лепш за ўсіх танцуе.
4-ы хлопчык.
А мне спадабалася тая, што каса тугая.
5-ы хлопчык.
А я з той пайду скакаць, што ўмее прыпяваць.
6-ы хлопчык.
А мне тая спадабалася, што сама засталася.
7-ы хлопчык.
Музыкі, іграйце, у цымбалы біце,
Ельскія харашухі, гуляці ідзіце.
I мы хлопцы —харашы, вам паскачам ад душы.

(Песня "Кацілася чорна галка ".)

Вядучая.
Як ад кутка і да парога да ўсе жаніхі.
Скажы, Каця, скажы, дзеўка, твой жаніх які?
1-я дзяўчынка.
Сядзіць на ўслонцы ды лічыць чырвонцы.
Вядучая.
Не спяшайся, Кацярыначка, пастой,
Скажы мне, дзевачка, а дзе ж твой?
1-я дзяўчынка.
Сядзіць на куце, як ружа цвіце.
Вядучая.
Цяпер, Вольга і Надзея, вы куды сваіх падзелі?
2-я дзяўчынка.
Ой, лезе з грушы, у гразі па вушы.
3-я дзяўчынка.
А мой сядзіць на куце ды лапці пляце.
Вядучая.
А цяпер Галінка скажа, дзе жаніх яе, пакажа.
4-я дзяўчынка.
Вунь лезе з-пад лаўкі, вочы-булаўкі.
Вядучая.
Насцечка, скажы на міласць, можа, ты свайго згубіла?
5-я дзяўчынка.
Сеў на скамейку, лічыць капейкі.
Вядучая.
Калі ласка, дзевачкі, на новае лета
Спявайце прыпевачкі пра тое і пра гэта.
Зімавалі — не спявалі, не спявалі — вясну чакалі.
(Дзеці спяваюць прыпеўкі.)
Вясёлае ў нас свята — праводзіны зімы.
Зіма нам надакучыла, хочацца вясны.
Каб птушачкі прыляцелі, каб лугі зазелянелі,
Каб расцвілі цвяточкі, каб зацвілі садочкі.

(Уваходзіць Зіма.)
Зіма.
Ні за што і анікому я пакуль квітнець не дам —
Ні гарошку лугавому, ні гародам, ні садам.
Я над імі гаспадыня. Мне раўні цяпер няма.
Хто не ведае — глядзіце: гэта я кажу, Зіма.
Ўладу сваю хоць на міг працягну,
Яшчэ хоць крыху затрымаю вясну,
Усіх памарожу! Намер маю гэткі,
Пад снегам загінуць вясновыя кветкі.

1-е дзіця.
Я знаю, Зіма не жартуе, а грозіць.
У момант адзін нас усіх памарозіць.
2-е дзіця.
Хопіць нам яе баяцца, а табе, Зіма, злавацца.
Хочаш з намі паскакаць? Будзем мы табе спяваць.

(Дзеці спяваюць "Вярба красна". Уваходзіць Снегавік.)

Вядучая. А гэта хто?
Зіма.
Снегавік! Ён да холаду прывык!
Да мяне не спяшайся, дзетак не цурайся.
Мы табе спяваем, мы цябе вітаем!
Дзеці.
Дзед Мароз, Дзед Мароз бабу снежную прынёс!
Баба, баба Снегавуха, не хапай мяне за вуха!
Баба.
А я баба Снегавуха, зараз вас схаплю за вуха.
Свае вушы не хавайце, бабе снежнай падстаўляйце.
(Гульня у даганялкі.)

Зіма.
Хто марозу не баіцца, вельмі хоча пракаціцца,
Каруселі запрашаюць, з вецярочкам пакатаюць.
Баба.
Карусель, карусель, хто баіцца, той кісель.
Хутка месцы займайце, гульню пачынайце.
(Карусель. Гульня па выбару дзяцей.)

Зіма.
Прыйшла баба Снегавуха,
Мех набіла снежным пухам.
Баба.
I прынесла нездарма!
Паглядзі вакол, Зіма!
Колькі хлопцаў-малайцоў,
Спрытных, дужых удальцоў!
Бой мяшкамі пачынаецца!
Хто смялейшы — не хаваецца.
(Бой падушкамі на лаўцы.)

Вядучая.
Як прыходзіў люты, пытаў, у чым абуты.
Хто валёнкі абуваў, той марозу не баяўся,
Снег ляпіў, камы качаў і на саначках катаўся.
Хто з Зімой гуляць жадае, хай валёнкі абувае.
(Бег у валёнках.)

1-е дзіця.
Надакучылі, Зіма, цёплыя валёнкі.
Хочацца ўжо цяпла, песень птушак звонкіх.
2-е дзіця.
Ты ўжо, Зімачка, надакучыла, снегам-холадам нас замучыла.
Збірайцеся, маладзіцы, ды здымайце рукавіцы,
У далоні біце, Вясну-красну завіце.
(Песня "Вось і зімушка праходзіць". Уваходзіць Вясна.)

Баба.
I што гэта адбываецца?
Дзеці (разам).
Зіма з летам сустракаецца!
Вядучая.
Зіма з летам сустракаецца, пра здаровейка пытаецца.
Зіма.
Ой, чалом, чалом, ды цёплае лецечка!
Вясна.
Ой, здарова была, халодная Зімачка!
Зіма.
Што цябе, лецейка, узвелічаюць,
А мяне, Зімачку, праклінаюць?
Вясна.
Бо ты, Зімачка, халодная, луг, балоты замарозіла.
А я, лецечка, ды вясёлае, лугі, горы растапіла,
Лугі, горы ўзвесяліла.
Ты ўжо, Зімачка. надаела, дзеткам хлебушак пераела.
Пара, Зімачка, у каморачку, а Вясне-красне — на вулачку.
Па белым сняжочку едзь, Зіма, ў вазочку.
Зіма.
А я кажу — рана прыйшла, яшчэ пачакай!
Мы яшчэ не ўсе гульні перагулялі, не ўсе песні пераспявалі.
Вясна.
Як быццам у мяне ні песень, ні казак няма!.. А карагоды якія цудоўныя!
Вы выходзьце, дзевачкі, на лугі-лужочкі,
На лугі-лужочкі завіваць вяночкі.
Завіваць вянкі на святкі, на гадавыя святочкі.
(Танец з вяночкамі.)

Зіма. Хай будзе так! Я ўжо знікаю. Усяго вам добрага жадаю!
Вядучая. Мы цябе ў наступным годзе будзем зноў чакаць у госці.
(Зіма развітваецца з усімі. Песня "Ідзі, зіма".)

Вядучая.
Прыйшло лета, скачучы, пайшла Зіма, плачучы.
А з ёю пад маршы і песні
Снежная баба едзе на пенсію.
Едзе з двара, бо прыйшла пара.
Дзеці. Салют! Ура!
Вядучая. Ты куцы гэта, куды?
Баба.
А туды, дзе халады.
Дзе снягоў уволю — на Паўночны полюс.
Буду жыць ды пажываць, замак з лёду мураваць,
Качаргой ганяць хакей па лёдзе са звонам
I марожаным гасцей частаваць штодзённа.
Вядучая.
Губны гармонік склікае збор,
Выходзіць дворнік, за ім — шафёр.
Пад ручанькі белыя бабу ўзялі і, саслабелую, павялі.
I вы, дзеткі, збірайцеся, збірайцеся, апранайцеся,
Бабу пасадзім на самазвал, бо можа спазніцца яна на вакзал.
(Дзеці апранаюцца, выходзяць на вуліцу. Баба садзіцца на самазвал.)

Баба. Баюся спазніцца я на вакзал!
Кладаўшчык. Хвілінку!
Вядучая.
Гэта сказаў кладаўшчык.
Кладаўшчык.
Да гэтакай спешкі я не прывык!
Баба.
Што так сурова глядзіш мне ў твар?
Кладаўшчык.
Прашу, паважаная, здаць інвентар.
Здайце, бабуля, па акту ў кладоўку
Кій і каструлю, мятлу і маркоўку.
Здайце, бабуля, казённыя рэчы,
Праз год вам сустрэчу я зноў забяспечу.
Вядучая.
Хутчэй! Бо спасцігла бабу бяда:
Закапала ў бабы з носа вада!
Дзеці (разам).
Спяшайся, бабуля, вяртайся зімой
Снежнаю свежай і маладой! Да сустрэчы!
(Грузавік увозіць бабу Снегавуху.)

Вядучая.
Зіме канец, вясне пачатак!
Хай будзе весела ў гэтае свята!
Гэй, музыка, йграй, жару паддавай!
Зробім круг вялікі, скачуць чаравікі.
(Дзеці танцуюць.)
А званы звіняць, звіняць, цяпер коней не суняць.
(На кані вязуць пудзіла Масленіцы.)
Гэта пудзіла, браткі, разарвём мы на шматкі!
Занясём на агарод, каб ўрадлівым быў ўвесь год.
(Ідуць на агарод, растрасаюць разарванае пудзіла.)
Дзе яшчэ зіма засталася, у якім кутку схавалася?
Вось дзе баба Снегавуха, вось дзе баба Халадуха!
(Дзеці снежкамі разбіваюць Снегавіка, ідуць да кастра.)
Гарыць касцёр высокі! Жартуй і ты, дзятва!
Бывай, Зіма ты матухна! Салют табе, Вясна!
(Дзеці катаюцца на кані.)
А цяпер усіх-усіх,
Хто не ленаваўся,
Добрай справаю займаўся
I не траціў марна час, —
Запрашаем мы да нас!
(Выхавацелі запрашаюць усіх на імправізаваны кірмаш.)

1-ы зазывала.
Гэй, хто хоча мёду, мёду на выгоду?
2-і зазывала.
А баранкі, плюшкі, смачныя ватрушкі!
I бліны пшанічныя, кругленькія, пышныя!
3-і зазывала.
Кругленькія, жоўценькія, быццам тое сонейка!
Ешце, маслам палівайце, а смятанкай заядайце!
4-ы зазывала.
Грошай многа не бяром, амаль дарам прадаём!
У масла блін мачайце, Масленку ўспамінайце!


Яшчэ на гэту тэму:

Масленка, Масленка, бывай зіма красненька!     У нас сягоння Масленіца