сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена МАСКЕВІЧ, педагог.

"Кацілася яечка ды з узгорачка"

Сцэнарый свята

Дзейныя асобы: Гаспадар, Гаспадыня, іх дачка Алеся, валачобнікі, механоша, музыкі.

У святочна прыбраны пакой уваходзіцъ гаспадыня, прыгожа апранутая, падыходзіць да люстэрка, папраўляе валасы, прыхарошваецца. Уваходзіць па-святочнаму апрануты гаспадар.

Гаспадар. Можа,  Волечка, пара на стол накрываць ды валачобнікаў чакаць, а то прыйдуць - тады не паспеем.
Гаспадыня. Не хвалюйся, Мікола, усё ж прыгатавана, толькі і засталося на стол паставіць.
Гаспадар. Ото ж людзей было на ўсяночнай -і ў царкве, і каля царквы.
Гаспадыня. Хоць і стаміліся, а на душы хораша: птушкі абудзіліся, спяваюць, на досвітку неба заружавела...
Гаспадар. А ці заўважыла ты, колькі моладзі было?
Гаспадыня. А няўжо ж? Няхай і не адразу, але паварочваюцца маладыя да таго, што вядзецца і перадаецца ад дзядоў і прадзедаў нашых.
Гаспадар. Праўду кажаш: без ведання каранёў сваіх зарасце душа пустазеллем. Вунь Алеся наша дык амаль з усімі аднакласнікамі ў царкве стрэлася.
Гаспадыня усмешкай). I ўсё ты, бацька, паспеў убачыць. А ці сказаў ты ёй пра валачобнікаў, якія, напэўна, нашу хату не абмінуць?
Гаспадар. Сказаў, а яна засаромелася дый кажа: "Тата, як прыйдуць валачобнікі, дык скажыце, што мяне дома няма, няхай вам з мамай спяваюць".
Гаспадыня. Вось надумала! Спрадвеку валачобнікі спявалі для маладой дзяўчыны асаблівыя ўслаўленні на добрае замужжа, на шчаслівае жыццё.

У пакой уваходзіць Алеся.
Гаспадар. Лёгкая ты, дачка, на ўспамін. На стол збірайце, зараз валачобнікі прыйдуць у хату.
Алеся (смеючыся). Прыдумалі, тата, нейкіх валачобнікаў. То ж нашы вясковыя хлопцы, цікава, ці вывучылі хоць што-небудзь, каб песні велічальныя спяваць.
Гаспадыня з дачкой накрываюць на стол. Тут рознае печыва, каўбаса, вялізны пірог, талерка з чырвонымі яйкамі, кісель.

Гаспадар (прыслухоўваецца). Спяваюць, віншуюць суседа. (Глядзіць у акно.) Ідуць, у нашу брамку заходзяць!
Гаспадыня. Якраз паспелі ўсё зрабіць, няхай ідуць. Алеська, ідзі сюды, сустракаць будзем. I ты, Мікола, стань побач.
Алеся. Мама, я лепш схаваюся. (Хацела ўцячы, ды не паспела.)
1-ы валачобнік (пад акном). Гаспадары, шырока дзверы адчыняйце, валачобнікаў запрашайце!
Гаспадар (адчыняе дзверы). Калі ласка, уваходзьце, госці доўгачаканыя! (Кланяецца.)
Валачобнікі ўваходзяць пад вясёлую мелодыю, якую іграюць музыкі.


2-і валачобнік. Валачобнікі валачыліся, У веснавой вадзе замачыліся.
3-і валачобнік. Замачыліся, не сушыліся, У вашу хату прыйшлі-заваліліся.
4-ы валачобнік. Як нам рады - запрашайце, Песні велічальныя слухаць пачынайце.
Гаспадыня. Рады, рады, просім спяваць.
Алеся. Калі ласка, спявайце, Са святам усіх вітайце.
5-ы валачобнік (гучна, звяртаючыся да першых двух).

Пачынальнічкі, запявайце,
А падхватнічкі, прадаўжайце!
6-ы валачобнік. "Добры вечар" заспяваем,
Маладую дзеўчыну паўслаўляем!

Усе валачобнікі (спяваюць).
Добры вечар пад акеначка!
Вясна-красна,
Жыта зеляно.
Няхай выйдзе к нам паненачка!
Вясна-красна,
Жыта зеляно.
Выйдзі, выйдзі, дзеўчына, на ганак!
Вясна-красна,
Жыта зеляно.
Вынесь, вынесь рэшата яек.
Вясна-красна,
Жыта зеляно.
Рэшата яек, ды не лічаных.
Вясна-красна,
Жыта зеляно.
Мы ж тыя яйкі самі пералічым.
Вясна-красна,
Жыта зеляно.
Самі пералічым ды сватоў назычым.
Вясна-красна,
Жыта зеляно.
1-ы валачобнік (скорагаворкай).
Дай жа божа, у гэтым годзе
Ды ў гэтай хаце
Маладой дзяўчыне вяселля прычакаці!
Алеся (кланяецца). Дзякуй і вам за віншаванні,
За добрыя словы і пажаданні!
2-і валачобнік. Ідуць валачобнікі гуляючы...
3-і валачобнік.
Добрых гаспадароў шукаючы.
4-ы валачобнік.
Слаўных гаспадароў віншуючы...
5-ы валачобнік. Чырвоным яечкам частуючыся.
6-ы валачобнік (гучна, весела).
Гаспадыню гэтай хаты віншуем,
Добрых пажаданняў не скупуем.
Усе валачобнікі (разам).
Слаўна, слаўна, пані гаспадыня,
Вясна-красна на ўвесь свет.
Чым жа яна вельмі слаўна?
Вясна-красна на ўвесь свет.
А тым і слаўна, што не скупая,
Вясна-красна на ўвесь свет.
Што не скупая, добры нораў мае,
Вясна-красна на ўвесь свет.
Вынесь, пані, нам яечак,
Вясна-красна на ўвесь свет.
Ой, ды яечак цэлы карабечак,
Вясна-красна на ўвесь свет.
Мы ж тыя яйкі самі пералічым,
Вясна-красна на ўвесь свет.
Шчасця назычым, другім годам злічым.
Вясна-красна на ўвесь свет.

Гаспадыня (з паклонам). Дзякуй, даражэнькія, за добрыя словы, але штось з гаспадаром маім сталася.
1-ы валачобнік. Сапраўды, нешта гаспадар наш задумаўся.
2-і валачобнік. Мо за што ўгневаўся? Усе спяваюць велічальную гаспадару.
Усе валачобнікі (разам).
Ой, зажурыўся, пане гаспадару,
Хрыстос уваскрос на ўвесь свет.
Як наляцела вялікая бура,
Хрыстос уваскрос на ўвесь свет.
Сады-прысады яго паламала,
Хрыстос уваскрос на ўвесь свет.
Як буду жыці, як буду быці?
Хрыстос уваскрос на ўвесь свет.
Ой, не журыся, за працу бярыся.
Хрыстос уваскрос на ўвесь свет.
Шчасця, дастатку ў вашую хатку!
Хрыстос уваскрос на ўвесь свет.

Гаспадар. Дзякуй, уважылі добрай песняй. Дай божа, і вам гора не знаць ды новага Вялікадня шчасліва прычакаць.
3-і валачобнік. А дазвольце, гаспадарочкі, яшчэ слова казаць.
Гаспадыня. Кажыце, дазваляем.
4-ы валачобнік. Ці можна ў вас, паважаныя, яечка велікоднае пакатаці?
5-ы валачобнік. Яечка велікоднае з горачкі пакатаць ды на будучае паваражыць.
Алеся. Калі ласка, катайце, цікава будзе паглядзець. Вось вам дошчачка-горка (падае дошчачку і яечка).
6-ы валачобнік (кладучы яечка на "горачку").
Каціся, яечка, на цёплую вясну,
На чырвона лецейка!
1-ы валачобнік (зноў кладзе яечка на "горку").
Каціся, яечка, на шчасце, на радасць,
Ды ўсім на здароўечка!
2-і валачобнік.
Каціся, яечка,
3 цёплага ўзгорачка,
Холад прагані,
Зямліцу абудзі!
3-і валачобнік.
Каб вы жылі-пажывалі,
Дабра нажывалі!
4-ы валачобнік.
Няхай ваша ніва
Заўсёды будзе ўрадліва!
5-ы валачобнік.
Няхай родзяць бульба, жыта,
Каб сям’я была ўся сыта!
6-ы валачобнік.
Каб урадзілі памідоры, агурочкі,
Ды самі жылі, як галубочкі.
Усе валачобнікі (разам, гучна). Хрыстос уваскрос! Хрыстос уваскрос! Хрыстос уваскрос!
Гаспадар. Сапраўды ўваскрос!
Гаспадыня. Сапраўды ўваскрос!
Алеся. Сапраўды ўваскрос!

Гаспадыня, Гаспадар, Алеся (па чарзе). А цяпер, паважаныя, за стол сядайце, чым Бог адарыў - паспытайце.
Госці частуюцца.
Гаспадыня.
Як пайсці за парог -
Вазьміце пірог (падае механошу).
Алеся.
Каб весялей, саладзей,
Вось цукеркі для гасцей.
Гаспадар.
А ў мяшэчку, каб не траска,
Вось вам мяска ды каўбаска!
Гаспадыня.
А яшчэ, каб было пад вузялок,
Дару рэшата яек у мяшок.
Механоша ўсе гасцінцы кладзе ў мяшок.
Усе валачобнікі (па чарзе). Дзякуй, нашы шчодрыя гаспадары, за падарункі, за ласку і дабрыню. Бывайце, нас другім годам чакайце.
Пад музыку валачобнікі выходзяць.


Яшчэ на гэту тэму:

Вялікдзень     Вялікдзень