сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ірына ЛЯВОНЕНКА, аспірант лабараторыі літаратурнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі.
Станіслаў РАПАЦЭВІЧ малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Роднае слова 2000/7

Хрэсьбіны

Тэатралізаваны абрад

Вашай увазе прапануецца адаптаваны да школьнага тэатра сцэнар абраду “Хрэсьбіны”, які ў красавіку 1993 г. быў пастаўлены сіламі студэнцкага фальклорнага гурта “Палешукі” Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Францішка Скарыны.

Сцэна 1

Сцэна ўяўляе з сябе святочна прыбраную сялянскую хату. Дзве сяброўкі парадзіхі збіраюць на стол, ім дапамагае бацька дзіцяці. Парадзіха калыша немаўля.

Бацька (сяброўкам). А ну, дзяўчаткі, хутчэй варушыцеся, бо хутка кумочкі прыедуць.
Маці. Ды не слухайце яго, сябровачкі, яму абы хутчэй стол з гарэлкаю ды закускай. Не спяшайцеся. Як людзі кажуць: Спех — людзям на смех.
1-я сяброўка (смяецца). А што ж такога, Ганначка, калі твой каханенькі любіць іншы раз добра пачаставацца, гарэлачкі выпіць (спявае):

А хто п’е, таму налівайце,
Хто не п’е, таму.не давайце.
А хто п’е, чалавек добры,
А хто не п’е, таму век доўгі.
2-я сяброўка. Праўду кажа Аленка, сёння свята — і выпіць, і павесяліцца можна! (Спявае.)
А гарэлачка-радовачка,
Як я цябе люблю.
А як цябе піць не буду,
Дык тады ж я памру.
Бацька (падхоплівае).
Ах, чарачка крышталёвенька,
Ды чаму ж яна не поўненька?
Ці ты, чарачка, пабітая,
Ці ты поўна не налітая?
Маці (смяецца). Ну, цішэй, цішэй, нарабілі гвалту. Сыночка яшчэ разбудзіце.

Стук у дзверы.

Маці. Мужычок, ідзі адчыні.

Уваходзіць бабка з сяброўкамі, прытанцоўваючы і спяваючы песеньку.

Як у сенечках музыкі іграюць,
Як у хатачцы хрэсьбіны гуляюць.
Дай Бог, каб Ганначка не хварэла,
Каб нам гарэлачкі не жалела.

Госці кланяюцца гаспадарам.

Бабка. Дзень добры, гаспадарыкі, у хатачку вашу прыгожую, нам, госцікам, гожую!
Маці. Дзень добры, бабулечка наша. (Цалуюцца.)
Бацька. Добрага табе здароўя, красунечка. (Цалуюцца.)
Бабка. А дзе ж унучак мой, галубочак ясненькі?!
Бацька. Чакай, чакай. Ты спачатку скажы, адкуль прыйшла?
Бабка. Любенькія мае, хадзіла я, блукала, унука свайго шукала. Дарожка мяне па свеце вяла ды да вашай хаты прывяла.
Бацька. Пакажы нам свае дакументы.

Бабка паказвае падарункі, ручнікі, пачастункі.

Бацька. Ну калі так, то пусцім цябе да нас нанач. Бабулечка-красунечка, пі ў мяне мёд-віно, каб маё малое шчаслівае было, вялікае расло. (Падводзіць бабку да калыскі.) Вось ён, мой любенькі сыночак, у калысцы ляжыць, спачывае, цябе, бабулечка, чакае.
Бабка (бярэ дзіця на рукі). Дай жа табе, унучак мой, галубочак мой, Божа, на быццё, на жыццё, на добрае здароўе, на доўгі век, каб быў ты добры чалавек. (Цалуе дзіця.)

Стук у дзверы.

Маці. Гэта ж, напэўна, кумы прыехалі да нас.

Бацька адчыняе дзверы. На сцэне з’яўляюцца кумы.

Кум. Шчасця і багацця ў дом!
Кума (кладзе каравай на стол). Няхай жа ў вас добрае вядзецца ды памнажаецца.

Кумы цалуюцца спачатку з бацькамі дзіцяці, потым з бабкаю.

Кум. А дзе ж хрэсьнічак наш будучы, дзе наш прыгожанькі?

Бабка выносіць дзіця да кумоў.

Бабка. Бярыце народжанае, а прынясіце нам хрышчонае. Занясі, Божа, да Хрыста святога, дазволь, Божа, у хрысціянскую веру малога давясці. Прывядзі, Божа, парадзіху да першага здароўя. Дай, Божа, каб яна яго ахрысціла, да розуму давяла і на вяселлі пагуляла.

Бабка перадае куме дзіця, кланяецца. Кума прымае дзіця на рукі.

Кума. Бяром народжанае, а прынясём хрышчонае.
Бабка. Дзе тут ёсць бацька, маці, браты, сёстры, дзядзькі, цёткі, суседзі, сябры, блізкія, далёкія, нявыбраныя — усіх прашу дзіця ў дарогу да Хрыста блаславіць.

Усе бласлаўляюць дзіця на дарогу.

СЦЭНА 2

Уваходзяць госці з пачастункамі. Гаспадары і бабка вітаюць гасцей, рассаджваюць іх за сталамі За вокнамі шум: прыехалі кумы з пахрышчаным хлопчыкам. Госці ўстаюць і паклонамі вітаюць кумоў.

Кума (перадае дзіця бацьку). Трымайце сыночка.
Кум. Бярыце ваша народжанае, а намі хрышчонае. Судзіў Бог бачыць яго пад Хрыстом, судзі, Божа, бачыць яго пад вянцом.
Кума. Дай жа, Божанька, мець вам у ім пацеху, а ў горы — уцеху.
Бацька (прымае дзіця на рукі). Бяром намі народжанае, вамі хрышчонае, каб быў нам пацехай, а ў горы — уцехай.

Бацька перадае дзіця маці.

Бабка. Ну, кумочкі даражэнькія, просім вас на месца пачэснае за сталом.

Кумоў саджаюць на пачэснае месца за сталом.

Дзед народжанага (налівае гарэлкі ў чарку). Божа, блаславі (выпівае частку гарэлкі, а рэшткі вылівае ўгару). Дай, Божа, каб наш унук вялікі рос (налівае яшчэ адну чарку гарэлкі, кладзе ў яе капейку і перадае куму).
Кум (прымае гарэлку ад дзеда). Божа, блаславі (выпівае гарэлку, вымае капейку, а рэшткі пітва вылівае ўгару). Каб наш хрэсьнічак так высока скакаў (вяртае чарку дзеду).

Дзед зноў налівае ў чарку гарэлкі, кладзе капейку, перадае куме. Кума паўтарае словы кума. Пасля гэтага пачынаецца частаванне.

Бацька. Будзем жывыя і здаровыя, бабуля!
Бабка. Цукар табе на душу, галубок!
Кум (з чаркай). Як мы бачылі Андрэечку пад Хрыстом, каб бачылі яго пад вянцом. Каб наш хрэсьнічак добра араў і малаціў! (Да бацькоў.) Дай вам Бог на гэта вечнае лета.
Бабка. Няхай жа Божа Андрэйку нашага гадуе ды долю яму лепшую рыхтуе. Дай, Госпадзі, нам дажыць і на яго вяселлі пагуляць!
Маці. Частуйцеся, госці, нічога сабе не шкадуйце.
Госць. Вось тут ужо добрыя людзі казалі нашаму хрэсьнічку шчырыя пажаданні, да якіх я таксама далучаюся. А яшчэ хачу расказаць вам адну гісторыю. Аднаго разу сядзелі купцы ў двары ў селяніна. Гаспадыня выйшла з хаты, а хлапчук яе пачаў плакаць. Крычаў, пакуль не змарыўся. “Ну, дзякуй Богу, перастаў”, — кажа адзін купец. А хлопчык, пачуўшы гэта, адказвае: “Ага, перастаў: адпачну і зноў буду!” Дык вып’ем за тое, каб Андрэечка наш быў заўсёды спакойны і ніколі нікога, асабліва бацькоў сваіх, не турбаваў.

Госці выпіваюць, частуюцца. Бабка ў гэты момант выносіць гаршчок з кашай, ставіць яго на стол.

Бабка. Радзі, Божа, хлеб! Пладзі, Божа, статак, цялятак на вару, дзетак на падлозе! Зміры, Божа, цароў, каралёў, усю брацію. Ну, госці дарагія, просім вас на бабіну кашу пакласці па чырвонцу, але няхай спачатку кумок гаршчок разаб’е.
Кум (першы раз ціхенька б’е гаршчок). Ой, бабка, які гаршчок моцны ў ганчара выбрала, ніяк не разаб’ю.
Бабка. Ну, кумочак, другі раз як пайду, дык не буду браць такога моцнага. Пастаўлю тады дзіравы, абы кашу зварыць.
Кум (ціхенька б’е гаршчок і другі раз). Ай, бабулька, ці не жалезны твой гаршчок — ніяк яго не разбіць.
Бабка. Але ж бі, бі. Мабыць, ты, кумок, сёння мала еў.

Кум з усяго размаху б’е гаршчок аб стол. Гаршчок разлятаецца на чарапкі.

Бабка. Ну вось, кум, можаш і добра біць гаршкі, калі захочаш. Каб ты так біў цэпам.
Кум. Я майстар на ўсе рукі. А гаршкі навучыўся біць, як прыходзіў дадому п’яны і разбіваў жончыны гаршкі.
Бабка (кладзе на талерку грошы). Бог да нас іншаземца прыслаў і ад вас, дзядзькі і цёткі, дапамогу ўзяць заказаў. Прашу яго тым адарыць, каб было за што мыла купіць. Давайце грошы, давайце, не адмаўляйце.

Госці падыходзяць да бабкі, кладуць грошы на талерку, кажуць хрышчаніку пажаданні. Бабка дае ім лыжку кашы ў хустку. Кум частуе гарэлкай.

Кум (з чаркай). Дай жа, Божа, нашаму хрэсьнічку здароўя, быць разумнаму, шчасліваму, багатаму. Каб быў ён бацькам пацехай у маладосці, карміцелем у старасці. Маці і бацьку з сыночкам віншуем, а бабцы за частаванне дзякуем.
Маці (перадае бабцы хустку). Прымі, бабулечка, падарунак, каб другі раз зноў дапамагла.
Бабка. Дзякуй табе, Ганначка, за падаруначак. Жадаю, каб мой унучак і ваш сыночак вялікі рос ды весялосцю трос.

Бабка выпівае чарку гарэлкі, пачынае танцаваць. Госці спяваюць.

Упілася бабка, упілася,
За сталом звялася, звялася.
Мышанькі шалелі, шалелі,
Хвартук бабцы ўзялі праелі.
Вой, пачала бабка ўставаці,
Вой, пачала моцна плакаці:
Нечым ёй хвартук залатаці.
Вой, латачак вы накупайце,
Бабцы хвартушок залатайце.
Тады будзе бабка красіва,
Як на дубе жоўтая сліва
.
Бацька дорыць бабцы фартушок. Госці спяваюць.

А было ў бабкі, а было ў любкі,
А было ў бабкі чатыры бычкі.
Прыехалі к бабке, прыехалі к любке,
Прыехалі к бабке чатыры купцы.
— Ой, прадай нам, бабка, ой, прадай нам, любка,
Ой, прадай нам, бабка, чорнага бычка.
— А мой чорны куе жорны, я яго вам не прадам.
— Ой, прадай нам, бабка, ой, прадай нам, любка,
Ой, прадай нам, бабка, лысага бычка.
— А мой лысы мые місы, я яго вам не прадам.
— Ой, прадай нам, бабка, ой, прадай нам, любка,
Ой, прадай нам, бабка, бурага бычка.
— А мой буры пасе куры, я яго вам не прадам.
— Ой, прадай нам, бабка, ой, прадай нам, любка
, Ой, прадай нам, бабка, рабага бычка.
— А мой рабы звязе ў бабы, я яго вам не прадам.

Бацька малога падыходзіць да жонкі.

Бацька. Любенькая жоначка мая, дзякую табе за сыночка, як яснага сакалочка. Нарадзі ж ты мне яшчэ дачушачку, як ясну лябёдачку (цалуе жонку, дорыць ёй пярсцёнак).

Госці і бацька спяваюць песню:

Піў бы мёд я і віно, цяжка б мне тады было.
А ліхі ў мяне сусед, ён ліхі дае савет.
Каб я жонку сваю біў, каб я дзетак не любіў.
Я не слухаю яго: поўна розуму свайго.
Дзеткі — радасць то мая, ну а жоначка — краса.

Бацька. Каб маё дзіцятка вялікае расло, каб маё малое здаровае было.

Госці выпіваюць за пажаданне.

Бабка. А што ж гэта кумочкі нашыя прыціхлі? Мо, закахаліся там ужо, пакуль мы тут спявалі?

Госці спяваюць.

Ой, кум ідзе па вуліцы, кума па агароду.
Ой, кум нясе кусок сала, кума скавароду.
— Ай, кумачка, галубачка, гатуй мне яешню.
— Ай, кумочак, галубочак, каб не было смешна.
— Ай, кумачка, галубачка, ты не бойся смеху.
— Ай, кумочак, галубочак, каб не было грэху.

Кум. Кума, а кума, можа, і нам праспяваць песню?
Кума. А чаму і не, кумочак мой любенькі.

Спяваюць песню “Кума мая, кумачка, дзе жывеш”.

Кум. Ну, госцікі, вы ўжо папілі, паелі, чаго хацелі, а цяпер трэба косці нам размяць. трохі патанцаваць.

Госці танцуюць.

Бабка (пасля танцаў). Нешта ў вас, гаспадарыкі, хата цесная, і паскакаць няма дзе ўволю!
Госць (да бацькі). Ці ёсць у цябе, гаспадар, коні, каб завезці да карчмы нашу княгіню-бабку?!
Бацька. I коні ёсць, і карэта. Пайду падрыхтую.

Уваходзіць госць з аброццю на шыі.

Госць (з аброццю). Бабка-княгіня, паедзем у карчму, там месца багата, вось і паскачаш уволю.

Двое мужчын бяруць бабку пад рукі і выводзяць. Бабка ў гэты час паганяе пугай госця, у якога на шыі аброць.

Кум. Ну што, гаспадарыкі, я і кума цяпер навек з вамі звязаны. Вы бацькі, якія дзіця нарадзілі. Мы бацькі, якія дзіця ахрысцілі. Будзем нашага сыночка разам даглядаць і гадаваць.
Кума. А цяпер мы развітваемся, бо паедзем за бабкаю, а то ж яна на гады старая, а да танцаў маладая. Яшчэ стоміцца, хто ж яе падменіць, як не мы.

Кумы і астатнія госці развітваюцца з гаспадарамі і пакідаюць хату.