сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н. Л. САКАВА, настаўніца сярэдняй школы г. п. Свіслач Асіповіцкага раёна. Беларуская мова і літаратура 6/2007

Жыццё і творчасць Адама Міцкевіча

(урок-сустрэча, IX клас)

Мэта: раскрыць найбольш значныя моманты жыццёвага і творчага шляху Адама Міцкевіча.
Задачы: акцэнтаваць увагу школьнікаў на суадносінах беларускай літаратуры з сусветнай, ахарактарызаваць асобу і творчасць А. Міцкевіча ў кантэксце тагачаснай эпохі і рамантычнага напрамку ў літаратуры, сістэмна задзейнічаць разнастайныя функцыі навучання літаратуры (пазнавальную, эстэтычную, эўрыстычную, камунікатыўную, геданістычную, выхаваўчую), фарміраваць эстэтычны густ, разуменне суладнасці з прыродай, выхоўваць патрыятызм, пачуццё нацыянальнай годнасці і гонару за Беларусь.
Абсталяванне: падручнікі, кнігі і публікацыі А. Лойкі, К. Цвіркі, У. Мархеля і інш., зборнікі твораў А. Міцкевіча, рэпрадукцыі мастацкіх партрэтаў А. Міцкевіча (В. Ваньковіч. «Міцкевіч на гары Аю-Даг», У. Пасюкевіч. «Свіцязянская балада (Адам Міцкевіч)» і інш.), запісы музычных твораў.
Эпіграф:
Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое:
Не цэнім, маючы, а страцім залатое —
Шкада, як і красы твае, мой родны краю.
Тугою па табе тут вобраз твой ствараю.
0 ты, заступніца прачыстая над намі,
Чый цудатворны лік у Чанстахове ў храме,
I ў Вострай Браме свеціцца пры набажэнстве,
I ў Навагрудку замкавым!..
З’яві свой цуд, каб зноў сустрэцца з родным краем...
Адам Міцкевіч. «Пан Тадэвуш» [11, с. 7].
Пер. Я. Семяжона

Ход урока

I. Арганізацыйны момант.

II. Праца над тэмай.

Настаўнік. Добры дзень! Няхай гэты і наступныя ўрокі будуць цікавымі, незабыўнымі, няхай яны прынясуць нам вялікую радасць і асалоду ад сустрэчы з тымі, чые сэрцы гарэлі палымянай любоўю да Радзімы, бацькоўскай зямлі. Няхай, дарагія сябры, святло ведаў і пазнання асвятляе ваш шлях. Наша сённяшняя сустрэча мае на мэце знаёмства з асобай і творчасцю вялікага паэта славянскага свету Адама Міцкевіча. Гэтая сустрэча тоіць у сабе і штосьці загадкавае:
- Сустрэча цепліць і яднае,
Да лепшага ў жыцці вядзе,
Яна ад цёмных дум збаўляе.
Сустрэча цепліць і яднае.
На шчасце вечнае натхняе
Таго, хто поруч з ёй ідзе, —
Сустрэча цепліць і яднае,
Да лепшага ў жыцці вядзе [14, с. 7].
Можна сказаць, яе вялікасць Гісторыя ў рэшце рэшт наладзіла нам сустрэчу са знакамітым земляком. I вось Адам Міцкевіч, наш шаноўны госць, зноў з намі, нашчадкамі тых ліцвінаў, пра якіх ён згадваў у лісце да сяброў: «Нідзе на зямлі няма такога бесклапотнага жыцця, як у літоўскіх вёсках і засценках. Колькі там радасці, любові, заўсёднага шчасця для ўсіх! Можа, ужо Бог не дасць вярнуцца да гэтага жыцця, але я мушу нешта зрабіць, каб захаваць тое дарагое нацыянальнае зерне і даць іншым адчуць яго вартасць».
Мы, беларусы, маем глыбокую духоўную прывязанасць да роднай зямлі, яе прыроды. Як тут не прыгадаць М. Багдановіча, які, звяртаючы ўвагу разважлівага і ўдумлівага чалавека на засохлае зерне, сцвярджаў, што яно, нягледзячы на расстанне з глебай (інакш кажучы, з радзімай у дачыненні да чалавека), тоіць у сабе вялікую жыватворную сілу:
Вось сімвал твой, забыты краю родны!
Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засне,
А ўперад рынецца, маўляў крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца [1, с. 110].

Мне здаецца, што думкі, скіраваныя да нябёсаў, зноў вяртаюцца на зямлю. Радуе, што многія суайчыннікі ўдалечыні ад роднага краю захавалі ў сваім сэрцы духоўную лучнасць з Радзімай. А як жа іначай?! Свету вядома: Гётэ — гэта Германія, Байран — Англія, Пушкін — Расія... А Беларусь — гэта Купала і Колас... Наша Бацькаўшчына — гэта і зямля знакамітага Адама Міцкевіча.

Звярніце ўвагу, калі ласка, на эпіграф да ўрока. Гэтымі радкамі пачынаецца паэма А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Як сын сваёй Айчыны, ён звяртаецца да роднай старонкі-маці. Нарадзіла і ўзгадавала генія сусветнай літаратуры зямля Беларусі. Сваю «малую Айчыну» ён апяваў усё жыццё і верным ёй быў да канца сваіх дзён.

Прыгадайце, што вам вядома пра нараджэнне Адама Міцкевіча: дзе і калі ён з’явіўся на свет?
Адказ. А. Міцкевіч нарадзіўся напярэдадні каталіцкага свята Божага Нараджэння — 24 снежня 1798 г. Яго прыход на гэты свет адбыўся пры незвычайных абставінах. Міцкевіч, паводле сямейнага падання, якое вядома ад яго старэйшага брата Францішка, нарадзіўся ў прыдарожнай карчме Выгада, дзе нібыта вымушана была спыніцца Барбара Міцкевічава з Маеўскіх, вяртаючыся з Завосся ў Наваградак. Другая версія, аўтарам якой лічаць малодшага брата Аляксандра, за месца нараджэння падае Завоссе, прытым з адной знакавай дэталлю: пупавіна немаўляці была перарэзана на кнізе [8. с. 9].
Настаўнік. У навакольным свеце і чалавечым жыцці ёсць знакі, свае сімвалы. Трэба толькі быць уважлівымі. Так і ў лёсе Адама Міцкевіча. Радзіма ёсць, сустрэча з ёю адбылася, але вось месца нараджэння як быццам і няма [9, с. 5].
Паданне пра пачатак зямнога шляху А. Міцкевіча, заснаванае на рэальнай памяці і фантазіі, спрыяла стварэнню вобраза паэта, які належыць радзіме, а не сабе.
На працягу нашай далейшай гутаркі мы пераканаемся, што слова «сустрэча» прыцягвае да сябе як словы-сінонімы, так і словы-антонімы. Гэта залежыць ад кантэксту. (Вучням прапануецца самастойна вызначыць словы-адпаведнікі, яны запісваюцца на дошцы.)
Адказ. Словы-сінонімы: знаёмства, сяброўства, каханне, жыццё, сон... Словы-антонімы: развітанне, разлука, здрада, выгнанне, смерць...

Значная роля ў творах, лістах да сяброў адводзіцца прыродзе, пейзажным апісанням. Між іншым, слова «пейзаж» у перакладзе з французскай мовы азначае «радзіма». Адкрываць радзіму для сябе А. Міцкевіч пачаў у дзяцінстве, як звычайна бывае, з бацькоўскага дома, родных ваколіц. Асаблівасць яго адкрыцця была ў тым, што адбывалася знаёмства з дапамогаю двух слуг — беларуса з прыгонных сялян Блажэя і полькі Гансеўскай.

Дзве крыніцы захаплення — казкі і падобныя на казкі апавяданні Блажэя ды песні, якія ліліся з вуснаў Гансеўскай, — гэта два істотныя фактары (эпічны і лірычны), якія адметна паўплывалі на ўяўленне будучага паэта. У баладзе «Свіцязянка» знайшлі адлюстраванне матывы і вобразы беларускіх і польскіх казак і паданняў.

Вучань (чытае выразна урывак з верша, пажадана на памяць).
Што там за хлопец зачараваны?
Што за дзяўчына такая?
Берагам росным ноччу туманнай
Ходзяць, ледзь месяц заззяе.

Хлопец прыкленчыў, ён у каханні
3 болем-пакутай сардэчнай
Кляўся пры светлым месяца ззянні,
Бы прысягаў ёй навечна [12, с. 344].
Пер. Я. Міклашэўскага
Настаўнік. Пейзажная замалёўка дапамагае стварыць атмасферу загадкавасці, таямнічасці, надае твору філасафічнасць. Па ўсім відаць, што паэт мае на ўвазе белую лілею — прыгожую, прывабную кветку, якая ўвасабляе чысціню і цнатлівасць. Хлопец і дзяўчына з’яднаны адвечным пачуццём, сустракаюцца ўначы, каб быў асветлены дзень наступны, дзе людзі знойдуць адказы на хвалюючыя пытанні, бо жыццё павінна доўжыцца бясконца.
Дзе сустракаюцца закаханыя? Як паэт малюе прыроду? Якія сродкі мастацкай выразнасці скарыстоўвае?
Сустрэча закаханых адбываецца на ўлонні прыроды. Шматлікія эпітэты (росны бераг, туманная ноч, светлае ззянне) дапамагаюць стварэнню прыгожага рамантычнага фону дзеяння, перадаюць замілаванасць паэта навакольным светам. Ён імкнецца паказаць узаемапранікненне пачуццяў, еднасць закаханых сэрцаў. Аднак неўзабаве паўстае іншы пейзаж, у якім увасоблены ўсхваляваны настрой, пачуццёвы драматызм: «3 дзікім бурленнем хваля ўскіпае, // Вір прабягае па плыні, // Чорную пашчу глыб адкрывае, // Хлопец з дзяўчынаю гіне. // Коцяцца хвалі, шум бурапенняў, // Ззяннем спавіта лагчына. // Сноўдае пара прывідных ценяў — // Гэта юнак і дзяўчына...».
Настаўнік. Фарміраванне светапогляду паэта А. Міцкевіча складвалася ў дзяцінстве на падставе ўяўленняў двух славянскіх народаў: беларускага і польскага. Думаецца, дарэчы тут будзе згадаць А. С. Пушкіна, які выхоўваўся таксама на казках і песнях прыгоннай Арыны Радзівонаўны, што паходзіла з ліцвінскага роду. Такія меркаванні выказаў Яўген Гучок у артыкуле «Беларускі лёс Арыны Радзівонаўны», што ўвайшоў у зборнік «З гісторыяй на “Вы”» (1994) [3, с. 224—229].
Што вы ведаеце пра ролю сяброўства ў жыцці Адама Міцкевіча?
У дзяцінстве і юнацтве закладваецца трывалы падмурак сяброўства на доўгія гады. Гэта, напрыклад, пацвярджаецца дружбай паміж паэтам Адамам Міцкевічам і пачынальнікам новай беларускай літаратуры Янам Чачотам. У Міцкевіча ёсць творы, прысвечаныя свайму сябру.
Настаўнік. Калі ласка, уважліва паслухайце верш «Да Чачота», вызначце тэму і ідэю гэтага твора.
Вучань (выразна чытае верш, пажадана на памяць, які быў прапанаваны загадзя).
Хто танцуе лепш за Янку?
Хто яшчэ такі вясёлы?
Просяць Янку на гулянку
I паненкі і анёлы.

Узлятай жа пад аблокі,
Покуль ёсць у целе сіла,
Покуль ногі рвуцца ў скокі
I бруіцца кроў у жылах!

Ёсць жаданні, ёсць памкненні,
Ды нудота сэрца смаліць.
Як жа мне вярнуць натхненне?
Хто ў душы агонь распаліць?

Шлю паклон табе, мой браце,
Пацалункі — паннам-краскам,
Чым без вас жыць у палацах,
Лепш ў труне быць з вамі разам [12, с. 302].
Пер. X. Жычкі

Сяброўства, шчырыя зносіны. Узаемадапамога і падтрымка. Можна не толькі пазайздросціць, але і павучыцца ўзаемінам. Сцвярджаецца думка пра моцную дружбу да скону.

Настаўнік. Неяк у лісце да Тамаша Зана, сябра паэта і калегі па таварыству філаматаў, дарэчы, у той момант ужо нябожчыка, пра што Міцкевіч не ведаў, апавядаў пра свае сны, у якіх да яго з’яўляўся яшчэ адзін нябожчык, яго адданы таварыш — Ян Чачот.

У Адамавых снах, што паўтараліся, як рэфрэн, Ян шукаў яго і нарэшце ў нейкім чарговым сне знайшоў у французскім гарадку, дзе якраз і жыў Міцкевіч, і паклікаў яго да сябе. Неўзабаве, як было вызначана ў сне, Міцкевіч адышоў у вечнасць следам за сваімі сябрамі Я. Чачотам і Т. Занам. Здарылася гэта 26 лістапада 1855 года.

Вашай увазе прапануецца гістарычная даведка.
Вучань (чытае загадзя падрыхтаваны тэкст паведамлення).
Пушкін. Зан. Чачот. Міцкевіч

Моцная дружба, адзінства поглядаў звязвалі і аб'ядноўвалі гэтых вядомых паэтаў першай паловы XIX ст. у пошуку справядлівасці і лепшай долі для народаў. Усе яны амаль равеснікі, нарадзіліся ў апошнім пяцігоддзі XVIII стагоддзя, Я. Чачот, Т. Зан, А. Міцкевіч — у Беларусі, А. С. Пушкін — у Маскве. Рускі паэт скончыў Царскасельскі ліцэй пад Санкт-Пецярбургам. Беларускія паэты вучыліся ў Віленскім універсітэце, дзе стварылі тайнае таварыства філаматаў (аматараў навук). Члены таварыства выступалі за развіццё навукі, культуры, адукацыі, змагаліся супраць прыгонніцкіх парадкаў у Расіі.
Беларускія паэты і Аляксандр Пушкін за свае прагрэсіўныя погляды і дзеянні зведалі рэпрэсіі з боку царскіх улад, былі ў ссылцы.

Пасля адбыцця пакарання Ян Чачот з 1833 па 1839 г. жыў у Лепелі і працаваў у Інжынерным упраўленні. Тамаш Зан з 1844 г. некаторы час быў інспектарам у Лепельскім павеце. Вядома, што і А. С. Пушкін праездам быў у Віцебску, Оршы, Магілёве...

Мы не ведаем, ці былі асабіста знаёмы Чачот, Зан і Пушкін, а вось Міцкевіч і Пушкін пазнаёміліся яшчэ ў Маскве, а ў 1827 г. пераехалі ў Санкт-Пецярбург, дзе сустракаліся шмат разоў. Захаваліся звесткі, што А. Міцкевіч падараваў А. Пушкіну томік вершаў іх сучасніка, знакамітага англійскага паэта Джорджа Байрана з лаканічным надпісам: «Байрана Пушкіну прысвячае прыхільнік абодвух — Міцкевіч». Усхваляваны рускі паэт абняў Міцкевіча, прыгаворваючы: «Сапраўды парадаваў, душа мая».

Сёння мы з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаем паэтаў, якія ў змрочныя часы клопат мелі аб выхаванні і адукаванасці простага люду, змагаліся за свабоду сваіх народаў.
Настаўнік. Аднак вернемся да біяграфіі Адама Міцкевіча. Жыццё багатае на сустрэчы. Сустрэчы поўняць чалавечую сутнасць, пашыраюць светапогляд. Пашырэнню кругагляду А. Міцкевіча садзейнічала вучоба ў Віленскім універсітэце, дзе ён займаўся на фізіка-матэматычным факультэце. Адначасова вывучаў там гісторыю, літаратуру і мастацтва, наведваючы лекцыі славутых прафесараў-грамадазнаўцаў.
Вышэй згадвалася таварыства філаматаў. А што вам вядома пра яго?

Філаматы — студэнты Віленскага універсітэта, удзельнікі нелегальнага адукацыйнага і патрыятычнага таварыства. Арганізатарамі яго былі Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, актыўнымі ўдзельнікамі — Ян Чачот, Юзаф Яжоўскі, Францішак Малеўскі, Ігнат Дамейка, Міхал Рукевіч і інш. Узнікла таварыства ў 1817 г. У 1823 г. дзейнасць яго была выкрыта і спынена арыштамі і рэпрэсіямі.

Заўвага. Прыведзеныя тут звесткі скарочаныя. Шырэй матэрыял падаецца ў вучнёўскім паведамленні, пры падрыхтоўцы якога можна скарыстаць «Гісторыю беларускай літаратуры» А. А. Лойкі [7, с. 50—57, 74—89].
Настаўнік. А цяпер вашай увазе прапануецца яшчэ адна гістарычная даведка.
Вучань (чытае загадзя падрыхтаваны тэкст паведамлення).
Адукацыя ў Беларусі.
Віленскі універсітэт
Першым сапраўдным універсітэтам у Беларусі сталася Віленская езуіцкая акадэмія. Езуіты, запрошаныя ў ВКЛ віленскім біскупам Валяр'янам Пратасевічам у 1569 г.( праз год заснавалі ў Вільні — старадаўнім цэнтры беларускай дзяржаўнасці і культуры — свой калегіум, які ў 1579 г. прывілеем вялікага князя Сцяпана Батуры быў ператвораны ў акадэмію з усімі правамі еўрапейскага універсітэта.
Кантынгент студэнтаў Віленскай акадэміі складаўся пераважна з беларусаў. Выхадцамі з беларускіх земляў была і большасць выкладчыкаў. Там вучыліся і выкладалі выдатныя дзеячы навукі і культуры: Пётр Скарга, Казімір Сарбеўскі, Альберт Віюк-Каяловіч, Арон Алізароўскі, Міхаіл Карыцкі, Сімяон Полацкі і інш.
Да сярэдзіны XVII ст. мовамі навучання былі беларуская і лацінская. Апе па меры паланізацыі шляхты з другой паловы XVII ст. адбываўся пераход на польскую мову.
Апрача акадэміі да сярэдзіны XVIII ст. на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі не менш як 16 езуіцкіх школ гуманітарнага профілю, з іх 9 вышэйшых — у Полацку, Пінску, Нясвіжы, Гродне, Мсціславе, Навагрудку, Оршы, Віцебску, Брэсце — ды 7 поўных сярэдніх — у Мінску, Магілёве, Слоніме, Слуцку, Бабруйску і інш.
Існавалі шматлікія праваслаўныя, уніяцкія, пратэстанцкія навучальныя ўстановы. У 1812 г. у акадэмію з правамі універсітэта быў ператвораны вышэйшы езуіцкі калегіум у Полацку (заснаваны ў 1580 г.). Полацкая акадэмія праіснавала да 1820 г. і была зачынена царскім урадам як «неблагонадёжная». Следам за ёю быў ліквідаваны Віленскі універсітэт (1832г.) і іншыя даўнія гуманітарныя ўстановы. У Беларусі не засталося ніводнай вышэйшай школы. Наша Бацькаўшчына ператваралася ў задворкі Расійскай імперыі, у адукацыйнай сістэме якой фальсіфікавалася гісторыя беларускага краю.
Настаўнік. Вядома, той, хто прагне ведаў і дабіваецца пэўных вынікаў, адчувае асалоду і радасць. А любоў да бацькоўскага краю, хрысціянскія ідэалы, гуманістычныя адносіны да жыцця дапамагаюць пераадоленню цяжкасцей. Дбайнай, нястомнай павінна быць праца чалавечай душы. Сапраўдным патрыятычным гімнам з’яўляецца верш «Песня», у якім А. Міцкевіч славіць братэрства, адданасць Бацькаўшчыне, мудрасць.
Вучань (выразна чытае загадзя падрыхтаваны тэкст верша).
Радасць у вачах заззяе,
Галаву вянок аздобіць,
Цесны круг усіх яднае, —
Мы браты ўсе — месца хопіць.

Толькі ўсе хай пакідаюць
За парогам хітрасць, кпіны,
Сярод нас прытулак маюць
Шчырасць, веды і айчына.

У братэрстве і яднанні
Кожны сэрца хай адкрые,
Выкажа свае жаданні,
Думкі светлыя, святыя.

Тут заўсёды ў нас няцесна,
Бо тут разам з дружбай песня.

Хто з'яднаны нашым кругам
Ці ў забаве, ці за працай,
Ці ў кароне, ці за плугам, —
Наш Статут не забывацца!

Пра сваю прысягу помні
Кожны дзень і штохвілінна.
Свецяць хай усім, як промні,
Шчырасць, веды і айчына.

Пойдзем хоць цяжкой дарогай,
Калі з братам брат заўсёды,
Будзе табе дапамога
Там, дзе мужнасць, праца, згода![12, с. 344].
Пер. А. Русецкага
Настаўнік. Вызначце, калі ласка, ідэю гэтага твора. Ці бачыце вы пэўную сувязь паміж тагачасным ладам жыцця і зместам верша?
Адказ. Патрыятызм — асноўная ідэя гэтага верша. Веды і памяць даюць непераможную моц, умацоўваюць дух, узносяць над будзёншчынай, дапамагаюць перанесці жыццёвыя цяжкасці. Братэрскія пачуцці паміж сябрамі заўсёды яднаюць, спараджаюць высокія памкненні.
Настаўнік. У 1852 г. А. Міцкевіч заняў спакойную пасаду бібліятэкара ў Парыжы. У вольныя хвіліны ён часта засяроджваўся на асэнсаванні перажытага. Яго асабліва ўразіла журботная вестка, што прыйшла ў чэрвені 1853 г. Пра гэта ён адразу вырашыў паведаміць I. Дамейку. Паслухаем.
Вучань (чытае загадзя падрыхтаваны ўрывак).
Дарагі Ігнат, — пісаў А. Міцкевіч, — вось штокольвек пра нашых ранейшых сяброў і мінулыя часы... з двух канцоў зямлі, якія аддзялілі нас адзін ад аднаго, мы бачым па-рознаму цяперашнія часы, у мінулым жа мы сустракаемся па-ранейшаму. Не ведаю, ці вядома табе, што ад нас пайшоў твой ранейшы знаёмы, а мой стары сябар (з першага класа) Ян Чачот. Дзень яго смерці нам невядомы. Мы даведаліся толькі, што ён памёр. Прыблізна ў той час, калі ён памёр, мне ўсё снілася пра яго адно і тое ж: што ён прыехаў у Парыж, а я з-за нейкіх перашкодаў не магу з ім бачыцца. Гэта мучыла мяне ў сне, і я прачынаўся сумны. Мне доўга не хацелася верыць звесткам пра яго смерць, якія ў нас так цяжка праверыць. Цяпер я ведаю пэўна, што ён памёр. Доўгія гады і многа ўспамінаў звязвалі мяне з ім. Перад смерцю ён выдаў беларускія песні, і яны там у нас выклікалі многа спачуванняў.
Настаўнік.
Каханне!.. — гэта трапяткое біццё сэрцаў.
Каханне! — гэта калі здаецца,
што толькі двое існуюць у Сусвеце,
гэта калі душы прагнуць сугалосся,
а ў момант існы вочы просяць...
Зноў просяць сустрэчы!
Вось толькі пра гэта спяваюць сэрцы.

Марыля Верашчака (такое імя каханай паэта) была вельмі адукаванай і шматграннай натурай: яна шмат чытала па-французску, у арыгінале, ведала яшчэ нямецкую і італьянскую мовы, пісала вершы і п’есы, іграла на фартэпіяна. Захапленне беларускімі народнымі песнямі перадалося і закаханаму ў яе Адаму, на той час студэнту.

У іх было шмат агульнага. Нават адзін на дваіх дзень нараджэння — 24 снежня. Толькі ў год розніцаю. Пэўна, гэта таксама знак... Лёс няўмольны, ён разводзіць закаханых. На жаль, недастатковая матэрыяльная забяспечанасць маладога паэта была перашкодай да шлюбу. Бацькі выдалі дзяўчыну за багатага графа. У санеце «Да Нёмна» паэт прачула звяртаецца да ракі, каб выказаць боль і смутак свайго сэрца. У вобразе Лауры паэт увасобіў вобраз сваёй каханай.

Паслухайце твор і адкажыце, якую ролю ў ім адыгрывае прырода.
Вучань (выразна чытае загадзя падрыхтаваны тэкст верша, пажадана на памяць).
Нёмне, рэчка мая радаводная, дзе
Тыя воды, што браў я ў маленстве ў далоні,
Па якіх потым плыў у самотным палоне
Сэрца ахаладзіць, што зайшлося ў нудзе?

Цень красы тут Лаура сачыла ў вадзе,
Валасы заплятала і ўквечвала скроні,
Вобраз вабны яе ў срэбных хваляў на ўлонні
Я слязамі ў запале муціў у жудзе.

Радаводная рэчка мая, дзе твае
Маладыя крыніцы, што білі няспынна,
Дзе нявінных гадоў навіна і правіна?

Дзе бунтоўнасць, якой мне цяпер не стае?
Дзе Лаура мая? Дзе былая сябрына?..
Знікла ўсё, што ж не высахлі слёзы мае! [10, с. 101].
Пер. Р. Барадуліна
Прырода суадносіцца з вобразам каханай. Лаура — прыгожая, «вобраз вабны яе ў срэбных хваляў на ўлонні», што рака, здаецца, зачараваная гэтым хараством. Яго туга па каханай — шчымлівая і бязмежная. Праз пейзаж паэт выяўляе свой элегічны настрой.
Настаўнік. Зразумеўшы, што каханне страчана, у кастрычніку 1822 г. паэт піша замужняй Марылі Верашчацы.
Вучань (чытае загадзя падрыхтаваны ўрывак, пажадана на памяць).
...Каханая Марыля, я цябе шаную і абагаўляю. Каханне маё такое ж бязвіннае і нябеснае, як і сам яго прадмет... Ты мой анёл-ахоўнік усюды прысутны... Але я не магу ўтрымацца ад страшэннага хвалявання, калі ўспамінаю, што страціў цябе назаўсёды, што я буду толькі сведкам чужога шчасця, што ты забудзеш мяне; часта ў адну і тую ж хвіліну я малю Бога, каб ты была шчаслівая, хаця б і забылася пра мяне, і адначасова гатоў закрычаць, каб ты памерла... разам са мной!
Дарагая, адзіная мая! Ты не бачыш прорвы, над якой мы стаім!..
Гучыць мелодыя паланеза «Развітанне з Радзімай» М. К. Агінскага (лепш, каб яна была фонам да ўрыўка; імя кампазітара не называецца).
Настаўнік. Згадайце аўтара і назву музычнага твора, які вы пачулі.
Адказ. «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага. У славутым паланезе герой паўстання 1794 г. на Беларусі М. К. Агінскі развітваўся з Бацькаўшчынай. Беларускаму ж селяніну яшчэ трэба было з ёй сустрэцца. Паўстанцкі паланез для беларускіх касінераў сімвалізаваў развітанне з «чужой бацькаўшчынай», у якой ён быў бяспраўным і пагарджаным, і — адначасова — сустрэчу са «сваёй», роднай, вольнай... [гл.: 4, с 123].
Настаўнік. Так, гэта другая гісторыя, але тэма тая ж: сустрэча (з творам) і выгнанне (аўтара). Адам Міцкевіч спазнаў выгнанніцкі лёс, усю горыч разлукі з радзімай. Сталася так, што Беларусь, Літва і Польшча доўгі час былі пазбаўлены ўласнай дзяржаўнасці, і гэта прадвызначыла спачатку змагарны, а потым трагічны выгнанніцкі шлях як самога А. Міцкевіча, так і тысяч патрыётаў, што змушаны былі шукаць сабе прытулак на чужыне.

Дзейнасць філаматаў была выкрыта царскімі ўладамі ў 1823 г., спынена арыштамі і рэпрэсіямі. Згодна з рашэннем суда, падпісаным Аляксандрам I, дзесяць найбольш актыўных філаматаў назаўсёды былі высланы з роднай зямлі ў глыбіню Расіі. А. Міцкевіча вывезлі ў Пецярбург, у распараджэнне Міністэрства адукацыі, якое накіравала яго ў Адэсу. (Тут можна запыніцца на разглядзе карціны В. Ваньковіча «Міцкевіч на гары Аю-Даг» [15, с. 54].)

Потым паэту дазволілі пераехаць у Маскву. Падчас знаходжання ў Пецярбургу і Маскве А. Міцкевіч пазнаёміўся і пасябраваў з рускімі літаратарамі: В. Жукоўскім, А. Пушкіным, I. Крыловым, А. Грыбаедавым, П. Вяземскім, Я. Баратынскім, А. Дэльвігам і інш. Паспеў пасябраваць са славутымі дзекабрыстамі К. Рылеевым і А. Бястужавым, якія бралі ўдзел у паўстанні 1825 г. і былі пакараны смерцю.

Каля пяці год пражыў А. Міцкевіч у Расіі, адкуль не без цяжкасцей здолеў вырвацца за мяжу. Затым былі вандроўкі па Еўропе: Веймар, Дрэздэн, Жэнева, Рым і, урэшце, Парыж, дзе і спыніўся на сталае жыхарства. «...Калі дазволіш, Божа, мне ў той край // вярнуцца // з выгнання горкага, // каб дома апынуцца...». Адам Міцкевіч думкамі і памяццю, усёю сваёю істотаю імкнуўся ў родны край, да яго краявідаў. У жніўні 1831 г. ён нелегальна прыехаў у Польшчу, наблізіўся да мяжы з Расіяй, але... Але так і не перайшоў яе.

Згадайце, што ў гэты час адбывалася на радзіме паэта.
Адказ. У 1831 г. Беларусь падтрымала антырасійскае паўстанне ў Польшчы. Барацьба разгарэлася ў Ашмянскім, Браслаўскім, Дзісненскім і Віленскім паветах, а таксама ў ваколіцах Белавежскай пушчы. Трохтысячны шляхецка-сялянскі аддзел заняў і колькі дзён утрымліваў горад Дзісну. На памежжы Віцебскай і Віленскай губерняў паспяхова дзейнічаў палявы аддзел, створаны 25-гадовай графіняй Эміліяй Плятэр. Пераапрануўшыся ў мужчынскае адзенне, яна і сама ўдзельнічала ў баях. Адам Міцкевіч напісаў у яе гонар верш «Смерць палкоўніка» (твор гучыць цалкам або чытаецца ўрывак з яго). Слава пра Эмілію Плятэр разнеслася па свеце. Сучаснікі называлі яе беларускай Жаннай д’Арк [6, с. 234; 13, с. 26].
Настаўнік. Самым значным не толькі ў творчасці А. Міцкевіча, але і ў польскай паэзіі эпохі рамантызму была паэма «Пан Тадэвуш» (завершана ў 1834 г.). Гэты твор называюць паэмай-эпапеяй, раманам у вершах, паэтычнай энцыклапедыяй польскага і літоўска-беларускага грамадства першай трэці XIX ст.

Змест паэмы выключна шматгранны. Яго нельга пераказаць ці ахарактарызаваць у некалькіх словах, бо ў ім адлюстраваліся ўсе бакі жыцця герояў, усе фарбы навакольнага свету. Уменне паэта перадаць гукі прыроды, карыстацца гукапісам робіць гэтыя карціны адчувальна жывымі.

Паэма «Пан Тадэвуш» завяршае паэтычную творчасць А. Міцкевіча і, натуральна, сведчыць аб тым, што гэтая творчасць зведала значную эвалюцыю. Паэма істотна адрозніваецца ад папярэдніх твораў А. Міцкевіча схільнасцю да рэалізму, хаця нясе ў сабе і рысы рамантызму, што выяўляецца ў сувязі з народнай глебай, фальклорнымі традыцыямі, ва ўласцівым рамантычнай літаратуры гістарызме, у пераходах ад аднаго эстэтычнага пафасу да іншага, ад камічнага да трагічнага, ад высока гераічнага да бытавога, ад рэальнага да таямніча- фантастычнага, у багатай сістэме стылістычных сродкаў [5, с. 122].

Вучань (чытае загадзя падрыхтаваны тэкст паведамлення).
Паэма «Пан Тадэвуш»
Паэма «Пан Тадэвуш» — развітальны гімн паэта роднаму краю, Наваградчыне, яе маляўнічым сялібам і вёскам, шляхецкім засценкам, руінам сярэдневяковых замкаў, сумленным і адважным людзям, якія свята шануюць даўнія звычаі і традыцыі, умеюць кахаць і прыйсці пасля спрэчак, а нават і сваркі да ўзаемнай згоды, быць сапраўднымі патрыётамі сваёй Бацькаўшчыны. Сімпатыю выклікаюць учынкі прадстаўнікоў маладога пакалення барацьбітоў, якія з глыбокім разуменнем ставяцца да гаротнага вясковага люду, чыёй працай жыве “ ўвесь свет.
Пан Тадэвуш — галоўны герой твора — атрымаў імя ў гонар кіраўніка паўстання 1794 г., у якім актыўны ўдзел браў і бацька паэта Мікалай Міцкевіч. Імя Касцюшкі для краёвай эміграцыі і на радзіме стала сімвалам свабоды.
Сучаснікі А. Міцкевіча паэму «Пан Тадэвуш» ацанілі як народную эпапею, а літаратурныя крытыкі XX стагоддзя палічылі, што гэты твор з’яўляецца не толькі плёнам натхнёнай працы, але і агромністай эрудыцыі яе аўтара. У гісторыі літаратуры «Пан Тадэвуш» названы «апошняй эпапеяй», паколькі з’явіўся на свет у XIX ст., тады, калі час на іх стварэнне прайшоў. Аднак на «Пана Тадэвуша» трэба глядзець як «на апошняе спалучэнне найлепшых традыцый у галіне эпічнай формы».
Цікава, якую ж ацэнку свайму твору даў А. Міцкевіч? У пісьме А. Адынцу, пасланым адразу ж пасля заканчэння паэмы, ён выказаў сваё меркаванне: «Здаецца мне, што ніколі болей не буду ўжываць пяра на дробныя жартаўлівыя творы. Толькі той твор чагосьці варты, ад якога чалавек можа выправіцца або набрацца мудрасці» [13, с. 39—42].
Як вы думаеце, што агульнае паміж «Панам Тадэвушам» Адама Міцкевіча і «Новай зямлёй» Якуба Коласа?
Адказ. «Новая зямля», як і «Пан Тадэвуш», — маштабнае, грандыёзнае эпічнае палатно. Гэта энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства, па сутнасці духоўны космас беларусаў. У ёй знайшлі адлюстраванне
традыцыі і побыт нашага народа, яго псіхалогія, нацыянальны характар, паэтызацыя працы, цудоўныя пейзажныя вобразы, багацце і выразнасць мовы, высокая культура верша.
Настаўнік. Адам Міцкевіч памёр 26 лістапада 1855 г. у Канстанцінопалі. За яго труной ішлі эмігранты з роднай Наваградчыны, з іншых месцаў былой Рэчы Паспалітай, а таксама балгары, баснійцы, сербы, харваты, чарнагорцы, армяне, туркі, грэкі, яўрэі, албанцы, італьянцы, французы, ушаноўваючы памяць слыннага паэта-змагара за вызваленне ўсіх народаў ад тыраніі і дэспатызму.

Уплыў творчасці А. Міцкевіча на фарміраванне патрыятычнай свядомасці сярод эміграцыі і на радзіме не спыняўся і пасля яго смерці.

Напрыканцы ўрока хацелася б, каб мы назвалі імёны беларускіх пісьменнікаў, якія пераклалі творы А. Міцкевіча.
Адказ. Пераклады яго тэкстаў на беларускую мову зрабілі В. Дунін-Марцінкевіч, А. Вярыга-Дарэўскі, А. Ельскі, А. Абуховіч, Б. Тарашкевіч, М. Танк, П. Бітэль, Я. Семяжон, У. Мархель, А. Зарыцкі, М. Калачынскі, С. Дзяргай, Р. Барадулін, К. Цвірка, Я. Міклашэўскі, В. Жуковіч і інш. [2].
Настаўнік. I яшчэ. Прыгадайце, якія класічныя жанры лірыкі гучалі на ўроку?
Адказ. Трыялет, санет, балада, элегія, песня.

III. Падагульненне.

Пытанні
1. Наколькі важнай была для вас сённяшняя сустрэча?
2. Што асабліва ўразіла ці запомнілася?
3. Ці зразумела вам сутнасць прыходу паэта на зямлю?
4. Што з’яўляецца вызначальным у лёсе паэта?
5. Якое месца вы адводзіце сабе ў жыцці, ці разумееце вы сваю місію?
6. Раскрыйце ролю пейзажу ў перадачы аўтарскага настрою.
7. Якія пачуцці авалодвалі вамі падчас сустрэчы з паэзіяй А. Міцкевіча? Падзяліцеся, калі ласка, уражаннямі. Зрабіце запісы дома ў сшытак.
Настаўнік. Вось і заканчваецца наша сённяшняя сустрэча. Спадзяюся, што вы не толькі пашырылі свой кругагляд, але і атрымалі задавальненне, калі бралі ўдзел у гутарцы ці былі ўдзячнымі слухачамі.

Творчы скарб, які пакінуў нам у спадчыну слынны паэт, неацэнны (настаўнік звяртае ўвагу на выставу кніг). Няма сумнення: Адам Міцкевіч — гонар і слава беларускай зямлі. Хоць ён, як і іншыя яго сучаснікі-пісьменнікі — ураджэнцы Беларусі, замацаваўся ў грамадскай свядомасці і гісторыі літаратуры як польскі пісьменнік.

Вялікі паэт заўсёды пакліканы ці пасланы на зямлю, каб спраўдзіць вялікія мэты. А. Міцкевіч іх здзейсніў, хоць даводзілася ісці праз церні... Душой і думкамі ён імкнуўся да высокага і вечнага, яго станаўленне як творцы адбывалася праз пакуты і перажыванні. Як тут зноў не ўспомніць дзень нараджэння паэта?! Так, то была знакавая падзея!

Жадаю няўрымслівых пошукаў на жыццёвай дарозе. Шукайце сустрэч з незвычайным, прыгожым на зямлі, у працы і творчасці!

IV. Дамашняе заданне.

Творчая работа на тэму «Мае ўражанні ад сустрэчы з паэзіяй А. Міцкевіча».

Літаратура

1. Багдановіч, М. Зорка Венера : творы / М. Багдановіч; уклад. і прадм. А. Клышкі. — Мінск : Маст. літ., 1991.
2. Гарэцкі, М. Гісторыя беларускае літаратуры / М. Гарэцкі. — Мінск : Маст. літ., 1992.
3. 3 гісторыяй на *Вы» : публіцыст. арт. — Мінск : Маст. літ., 1994. — Вып. 2.
4. Емяльянчык, У. Паланез для касінераў: з падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі на Беларусі / У. Емяльянчык. — Мінск : Беларусь, 1994.
5. Івашын, В. У. Беларуская літаратура : падруч. для 10-га кл. агульнаадукац. шк. з беларус. і рус. мовамі навучання / В. У. Івашын, М. А. Лазарук. — Мінск : Маст. літ., 2001.
6. Кісялёў, Г. Радаводнае дрэва: Каліноўскі — эпоха — наступнікі / Г. Кісялёў. — Мінск : Маст. літ., 1994.
7. Лойка, А А. Гісторыя беларускай літаратуры: дакастрыч. перыяд : у 2 ч. / А. А. Лойка. — 2-е выд. — Мінск : Вышэйш. шк., 1989. — Ч. 1.
8. Мархель, У. Сумежжа лучнасці і разрыву з радзімай: лёс і спадчына Адама Міцкевіча /
У. Мархель // Роднае слова. — 1998. — № 11. — С. 5—15.
9. Мархель, У. «Ты як здароўе тое...*: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры / У. Мархель. — Мінск : Беларус. навука, 1998.
10. Міцкевіч, А. Вершы і паэмы / уклад. А. Клышкі і К. Цвіркі. — Мінск : Маст. літ., 2000. I
11. Міцкевіч, А. Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве / А. Міцкевіч; пер. і камент. Я. Семяжона; прадм. К. Цвіркі. — Мінск : Маст. літ., 1998.
12. Міцкевіч, А. Свіцязянка : вершы, балады, паэмы / А. Міцкевіч. — Мінск : Юнацтва, 1996.
13. Мірачыцкі, Л. Светлым ценем Адама Міцкевіча / Л. Мірачыцкі. — Мінск : Бацькаўшчына, 1994.
14. Сакава, Н. Трыялет / Н. Сакава // Настаўн. газ. — 2004. — 27 лістап.
15. Сычова, Н. Стваральнік класічных партрэтаў / Н. Сычова // Мастацтва. — 2006. — №11. — С. 54—56.