сцэнарыі святаў на беларускай мове

3. В. КРУПСКАЯ, К. I. ГАРДЫНЕЦ, настаўнікі Вілейскай гімназіі № 2 з экалагічным ухілам. Беларуская мова і літаратура 5/2009

Беларуская калыханка

Сцэнар пазакласнага мерапрыемства для вучняў V—VII класаў

Ход мерапрыемства

Бабка-павітуха.
Добры Дзень
Малым, старым, тонкім, тоўстым і худымі
Добры дзень, працоўны люд,
Бачыць рада усіх тут!
Хто, адкуль я, што за птушка?
Я з Вялейкі — бабка-павітушка!
Усю сям’ю нашу сабрала,
Уся радзінка завітала.
Унукі — 5-7 клас —
Ладзяць святачка для нас.
Зборную суботачку, вяселле адгулялі?
Даў Божа, дзіцятка дачакалі.
Чуеце? Не спіць, кракчыць —
Чым жа яго ўгаманіць?
Ой, не спіцца Янучку,
Маленькаму хлапчучку,
Як бычок, у калысцы равець,
Калыханку спяваці завець.
Усю сямейку, усю радзінку
Запрашае на хвілінку:
Татку з мамкай, дзеда і бабулю,
Сястрыц — Маню, Кацю і Настулю.
Двух старэйшых братоў,
Дзядзьку з цёткай,
Кума з кумой,
3 пяці двароў суседзяў...
Уся радзіначка сабралася —
Калыханка распачалася.

Па чарзе ўсе дзейныя асобы прыходзяць у адведкі да дзіцяці, вітаюцца («Добры дзень! Добрага здароўя ўсім вам! Вітаем вас хлебам!» ) і сядаюць на лавы вакол сцен у хаце.

Бацька (калышучы дзіцятка).
Ой, даў нам Божа
Калыску з дубочка,
Калыхаці буду асілка-сыночка.
Маці (з другога боку калыскі).
Ой, не дай жа, Божа,
Калыску з калінкі —
Калыхаці сталі б
Гора ды слязінкі.
Бацька.
Бо на калінавым масточку
Цуда-Юда загубіць сыночка.
Маці.
А на дубовым масточку
Цуда-Юда пераможа сыночак-дубочак.
Бацька (бярэ сына на рукі і спявае).
Люлі, люлі,
Мае вочкі заснулі,
Мой сыночак, маё сонца
Раніцай гляне ў ваконца,
Будзе песенькі спяваць,
Будзе мяне забаўляць.
Маці (працягвае).
Баю-баю, баючок,
Ляж, сыночак, на бачок.
Сон-дрымота казку збаіць,
Можа, спраўдзіць, можа, зманіць.
Жылі-былі дзед ды баба,
I была ў іх курка раба.
Знесла яечка не прастое,
Не прастое — залатое.
Дзед з бабуляй білі, білі,
Білі, білі — не разбілі.
Тут з-пад печкі мышка з’явілась,
Яечка пакацілась, разбілась.
Сон-дрымота хоча спаць,
Трэба вочкі закрываць.
Баю-баю, баючок,
Ляж, сыночак, на бачок.
Бабка-павітуха.
Дзед з бабуляй, не сядзіце,
Хутчэй унучка калышыце.
Бабуля.
Сонейка, сонца!
Дзед.
Ідзі спаць, ідзі спаць.
Бабуля.
А мы будзем унучка
Дзед.
Калыхаць, калыхаць.

Бярэ ў рукі цацку ваўка і б'е яе.

Воўчанька, воўк,
Шэранькі бок,
Не ляніся, павярніся,
3 Янучка падзівіся:
Гэту ночку паспіць,
А заўтра ж жыта малаціць!
Бабуля і дзед (бяруць унука на рукі і разам спяваюць).
Люлі, люлі, люлі,
Усе дзеткі паснулі,
Адзін Яначка не спіць,
Сябе забаўляе,
Казачку чакае...
Ходзіць бусел каля хаты
I пытаецца ў таты:
Ці прыйшоў у хату сон?
Самы смачны, дзіўны ён.
Ён смачней за ўсё на свеце,
Закрывай, дзіцятка, вочкі,
Зайшло сонца за аблочкі,
Закрывай, дзіцятка, вочкі,
Лес і птушкі — усе спяць,
Рэчка, ручайкі маўчаць.
Хай цябе агорне сон,
Самы смачны, дзіўны ён.
Спі, дзіцятка, засынай,
Баю, баю, баю, бай.
Кум і кума падыходзяць да дзеда і бабулі і забіраюць Янучка.

Кум.
Даў жа Божа кумаваць!
Кума.
Трэба хрэсніка калыхаць.
Ходзіць сон каля акон,
А дрымота каля плота,
I пытае сон дрымоту:
— Дзе мы будзем начаваць?
Каго будзем мы люляць?
Кум.
Дзе хацінка цяпленька,
Дзе дзяцінка маленька.
Туды пойдзем начаваці
I дзіцятка калыхаці...
Кума.
Сон-дрымота ў хатку,
Дзіця у краватку.
Сон-дрымота ў калыску,
Мы паклічам Лыску.
Лыска, песеньку спявай,
Янка, вочкі закрывай.
Сон-дрымота ў хатку,
Дзіця у краватку.
Кум.
Люлі, люлі, люляшок,
Прыйшоў ў хатку петушок,
Баюнок-петушок,
Залаты грабяшок.
Просіць дзіця калыхаць,
Яму песеньку спяваць,
Ў дзюбе торбачку трымае,
Казку баяць пачынае.
Закрывай, дзіцятка, вочкі,
Каб табе прыснілісь ўночы
Нівачка ўрадлівая,
Долечка шчаслівая.
Кум і кума.
Люлі, сон прыйшоў у хатку,
Люлі, засынай, дзіцятка.
Люлі, прыйдзе Пеця-петушок,
Люлі, залаценькі грабяшок!
Люлі, наш хітруля коцік,
Люлі, коцік-варкоцік.
Люлі, будуць песенькі спяваць,
Люлі, будуць дзіця калыхаць.
Кума.
Во дзіва, адкуль тут божая кароўка?!
Божа кароўка,
Ляці на неба,
Там на небе
Дадуць хлеба.
Чорнага і белага,
Толькі не гарэлага.
Кум.
Папрасі ў Бога
Долю для дзіцяці,
Каб радзінку шанаваў,
Бацьку і маці.

Кум і кума кладуць дзіця ў калыску і кажуць.

Кума.
Дзе той сон-дрымота
Прапаў ці згубіўся?
Кум.
Ці ў лузе прыснуў,
Ці за хмарку зачапіўся?

З'яўляюцца сёстры Янкі. Бяруць брата і пачынаюць яго забаўляць.

Каця.
Янка, Янка
На прыпечку плакаў.
Прыходзілі дзеўкі,
Папелі прыпеўкі.
Прыходзілі бабкі —
Папляскалі ў ладкі,
А Янка галосіць,
Есці просіць.
Маня.
Янучок, як бычок,
Раве, упіраецца,
Спаць не хоча, гундзіць,
Да дзевак збіраецца...
Каця.
Янучок, Янучок,
Як бабовы стручок,
Маленькі, шчарбаты,
Зялёны, пузаты...
Настуля.
Янучок-павучок,
Злавіў мушку ў кулачок,
Мушка шчакоча,
Янучок рагоча!..

I тут жа пачынаюць усе ўтраіх забаўляць Янку (у скрыначцы сушаны гарох у якасці бразготкі.)

Маня.
Ладкі, ладушкі,
Прыляцелі птушкі,
Селі на варотах
У чырвоных ботах.
Каця.
Боты паскідалі,
Кругом паляталі,
Сталі сакатаці,
Каб есці ім даці.
Настуля.
Прынясу ім жыта,
Будуць птушкі сыты,
Пасыплю гароху,
Хай ядуць патроху!
Кую, кую ножку.
Паеду ў дарожку.
Дарожка крывая,
А ножка прамая.

Бяруць брата на рукі і спяваюць калыханкі.

Маня.
Люлі, люлі, люлі,
Усе птушкі паснулі.
Салоўка спявае,
Янку забаўляе.
Палічыў ён пальчыкі,
Каб скакаць, як зайчыкі,
Палічыў ён ножкі,
Каб бегаць па дарожцы.
Закрыў Янка вочкі,
Каб смачна спаць уночы.
Каця.
Баю, баю, баю, баю,
Баіць казку пачынаю.
Села мушка на калыску,
На цымбалах грае.
Павучок-весялун
Янку забаўляе.
Спі, малеча, засынай,
Баю, баю, баю, бай.
Настуля.
Люлі, люлі, люлі,
Усе куркі паснулі,
Петушок адзін не спіць,
Будзіць казку гаварыць.
У залатых варотах
Сядзіць месяц маладзенькі,
У дудачку іграе,
Дзіця забаўляе.
Спі, мой хлопчык, спі маленькі.
Вочкі моцна закрывай,
Каб табе прысніўся рай.
Далей спяваюць разам.
Сёстры.
Спі, браточак, засынай,
Баю, баю, баю, бай.
Лес заснуў, і луг, і рэчка,
Спі, браточак, спі сардэчка.
Прыйдзе бусел даўгалыгі,
Прынясе нам лапці з лыка,
Ў сне мы пойдзем на базар,
Купім табе каравай,
Ну і смачны каравай!
Вочкі моцна закрывай,
Спі, дзіцятка, засынай,
Баю, баю, баю, бай.

З'яўляюцца два старэйшыя браты Янучка і бяруць яго на рукі.

Першы брат.
Ну, чаму не хочаш спаць?
Прыйшлі цябе забаўляць!
Другі брат.
Дадзім касу, касі луг.
Першы брат.
Калі спрытны, бяры плуг.
Другі брат.
Янка-Янучок,
Таткаў пестунок,
Кавалёчкам слынным станеш,
Сваю долю напаткаеш!
Першы брат.
Чэ-чэ-чэ, сарока,
А дзе была далёка?
Што рабіла?
— Кашку варыла,
Дзетак карміла,
Гэтаму давала,
I гэтаму давала,
I гэтаму давала,
I гэтаму давала,
А гэтаму не —
Набіла, набіла
I паляцела —
Пыр-пыр-пыр...
Другі брат.
Ваду не насіў,
Дровы не калоў,
Печку не тапіў,
Цеста не мясіў.
Лянотка!
Першы брат.
Кую-кую ножку,
Паеду ў дарожку.
Дарожка крывенька,
Кабылка сляпенька.
Кую-кую пятку,
Паеду к братку.
У майго братка
На гарэ хатка,
I стажок, і млынок,
I моркаўкі градка.
Браты (разам спяваюць калыханку).
Люлі, люлі, люляшок,
Знайшла бабуля мяшок.
А ў мяшку яшчэ мяшок.
Люлі, люлі, люляшок,
У тым мяшку коця спіць,
Будзе зерне малаціць,
Спячэ братку піражок
I маленькі шыляжок.
Янку дасць і дасць бабулі,
Вочкі закрылісь, заснулі,
Люлі, люлі, люляшок,
Спі, браточак Янучок.

Прыходзяць да дзіцяці цётка і дзядзька.

Цётка.
Ах, племяшок,
Ах, малайчынка,
Усю сазваў
Сваю радзінку!
Дзядзька.
Ляжыць, то плача, то смяецца,
Радзінка, як пчолка, вакол уецца.
Цётка.
Ты лепш дзядзьку за нос пацягай,
Глядзіш, заробіш на каравай.
Дзядзька.
Не, лепш ты цётку за андарак,
Атрымаеш хоць з пятак.

I тут жа пачынае хлопчыка забаўляць.

Ехаў бай-баючок
У залатым вазочку,
Дай гэтаму дзіцятку
Долю, як паночку!
Цётка.
На нашу дамоўку -
Напала кароўка.
Калола нас рожкамі,
Таптала нас ножкамі.
Хвосцікам памяла
I на пашу пайшла.
Дзядзька.
Лады, лады, ладкі,
Пабіліся бабкі
Пасярод рынку
За малую світку.
Пасярод места
За камок цеста.
Выбегчы на вуліцу
За рабую курыцу,
За лысага воліка,
Што не знае дворыка.
За кароўку, за бычка,
За бабінага мужычка.
Тузаліся, біліся,
Потым памірыліся.
Залезлі на дровы,
Каб былі здаровы!
Цётка (спявае калыханку).
Люлі-люлі, люлі-люль,
Натрос Янка смачных дуль.
Усім даў па дулі:
Дзеду і бабулі.
Мурцы не хапіла,
Хлопчыка прасіла:
— Буду песенькі спяваць,
Буду ноччу калыхаць.
Даў ёй хлебца, малачка.
Лягла мурка ля бачка,
Ціхенька спявае,
Дзіця забаўляе,
Люлі, люлі, люлі, люль.
Дзядзька.
Ой, баю, баю, баю, бай,
Мой плямяшак, засынай,
Заснуў коцік, мышка, лялька,
Засынай, плямяшак Янка.
Ой, баю, баю, баю, бай,
Мой плямяшак, засынай.
Бабуля-павітуха.
Ну, малайчына, малайчына
(Дагарай, мая лучына),
Зноў не спіць, у далонькі б’е,
Просіць увагі да сябе.
3 сямі двароў суседзі,
Добрыя хлопцы й кабеты,
Янку здравіцу запелі,
Ажно бэлькі загудзелі.
Першая суседка.
Дай жа, Божа,
Долю спаткаці,
Шчасну долю
Гэтаму дзіцяці.
Другая суседка.
Дай жа, Божа,
Здароўе меці,
За ўсё даражэй
На гэтым свеце.
Першы сусед.
Дай жа, Божа,
Ніва ўрадліва.
Тады і сямейка
Багата і шчасліва.
Другі сусед.
Дай жа, Божа,
Мудрасць спаткаці,
Тады не зведаеш
Горачка ў хаце.
Трэці сусед.
Дай жа, Божа,
Меці й даваці,
Каранічкі зберагчы,
Радзінку збіраці.
Першы сусед.
Ай, цюк, цюк, цюк,
Наварыў дзед шчук,
А бабуля плотак —
Дай пазвалі цётак.
Другі сусед.
Цёткі паселі,
Плоткі паелі,
Папелі малому
Дай пайшлі дадому.
Трэці сусед.
Прыйдзі, прыйдзі, коця:
Янка спаці хоча.
Хоча, хоча ды не спіць,
Трэба яго прысыпіць.
Першы сусед.
Спі, маленькі мой,
Не плач,
Я куплю табе калач.
Мёдам памажу,
Табе пакажу,
А сам з’ем!
Трэцяя суседка.
Лады, лады, ладкі,
Каб кароўкі гладкі,
Малачко давалі
Дзетак гадавалі.
Суседзі (разам).
Баю, баю, баюшок,
Прыйшоў Пеця-петушок.
Камізэлька новая,
Галоўка чырвоная.
Казку бае, сон пільнуе,
Янку-дзіцятка шкадуе.
Спі, дзіцятка, моцным сном,
Каб табе прысніўся дом
3 залатых бярвенцаў
I сямі вакенцаў...
— У першым вакенцы — здароўе,
— У другім — багацце,
— У трэцім — мудрасць,
— У чацвертым — маладосць,
— У пятым — прыгажосць,
— У шостым — знатнасць,
— У сёмым — шчасце...
Спі, дзіцятка, моцным сном,
Каб табе прысніўся дом.
Кум і кума, дзед і баба.
Люлі, люлі, люлі, спаць,
Янку вочкі закрываць.
Засынаюць ножкі, ручкі,
Заснуў роцік, вусны, вушкі.
Спі, малеча, засынай,
Баю, баю, баю, бай.
Бацька і маці, дзядзька і цётка.
Люлі, люлі, люлі,
Курачкі паснулі.
Шэрая сакоча,
Яечка несці хоча.
Знесла не прастое,
Знесла залатое,
Янку-хлопцу дала,
Долю нагадала.
Долю нагадала,
Шчасцейка спаткала.
Люлі, люлі, люлі,
Курачкі паснулі...
Першая і другая суседкі.
Дзе той сон-дрымота
Прапаў ці згубіўся?
Ці ў лузе, ці на небе
За хмарку зачапіўся?
Бацька.
Спіць пад стрэхам верабейка,
Ўжо паснула ўся сямейка.
На прыпечку спіць каток,
Адзін ты не спіш, сынок.
Маці.
Засынай, мая харошка,
Трэба й мне паспаці трошкі.
Заўтра будзе зноў дзянёк,
Нагуляешся, сынок.
Бацька.
Пройдзе шмат яшчэ дзён і ночак,
Набірайся сіл, сыночак.
Добра будзеш працаваць,
А пакуль што трэба спаць.
Бабка-павітуха.
Ішоў Бог па дарозе,
Прыпыніўся ў парозе,
У Янучка пытае,
Чаго ён жадае:
Ці багацця, ці прыволля,
Ці навукі, ці здароўя?
Ляжыць Янка, усміхаецца,
На Божую ласку спадзяваецца.
Будзь багаты, як зямля,
Душой чысты, як вада,
Працавіты, нібы пчолка,
I шчаслівы, як вясёлка,
Нібы вецер, моцны, дужы.
I дзяўчынку табе, ружу.
Спі, унучак, засынай,
Баю, баюшкі, бай, бай.
Дагарэла і лучынка,
Заснуў Янучок-хлапчынка,
Сон-дрымота агарнуў,
Увесь люд смачна заснуў.
Сонца ў зорачак пытае:
— Хто дзіцятка калыхае?
— Ночка, месячык, радзінка —
Во шчаслівая дзяцінка.
Дай жа, Божа, каб сніў ён
Самы смачны, дзіўны сон!
Гэта шчаслівая гадзінка
Праляцела, як хвілінка,
I скажу на развітанне —
Да сустрэчы, да спаткання.


Яшчэ на гэту тэму:

Матуліна калыханка