сцэнарыі святаў на беларускай мове

КУРЦОВА Людміла Уладзіміраўна - выкладчык Баранавіцкага дзяржаўнага педагагічнага каледжа, аспірантка БДУ, магістр педагагічных навук. Музычнае і тэатральнае мастацтва: праблемы выкладання 1/2003

«Баль кветак»

Сцэнарый заключнага ўрока-канцэрта ў 1-м класе (па матэрыялах беларускай і рускай музыкі)

Мэты:
а)"абагульніць і сістэматызаваць атрыманыя вучнямі веды, уменні і навыкі ў розных відах музычнай дзейнасці;
б) развіваць эмацыянальна-эстэтычнае ўспрыняцце музыкі беларускіх і рускіх кампазітараў;
в) садзейнічаць выхаванню цікавасці да нацыянальнай музычнай культуры.
Забеспячэнне: прайгравальнік, пласцінкі, грамзапіс, дэкарацыі, касцюмы.
Дзеючыя асобы:
Вядучы.
Вясна.
Падснежнік.
Коцікі.
Незабудка.
Сон-трава.
Дзьмухавец.
Фіялка.
Вучні класа.

Адкрываецца заслона.
Вясновы лес заліты сонейкавым светам. Вучні ў каляровых касцюмах кветак сядзяць на кукішках, апусціўшы галовы ўніз.
Гучыць музыка П. I. Чайкоўскага «Падснежнік» [4, 26-30].
Вучні выцягваюць рукі ўгору, павольна ўстаюць, пагойдваючыся.

Вядучы. Прыемна адчуваць подых вясны, бачыць, як пачынае абуджацца прырода. Хвала табе, маладая прыгажуня Вясна!
Гучыць веснавая валачобная песня «Хвала вясне» (выконвае хор класа, спевы а сарреllа з выкарыстаннем дзіцячых музычных інструментаў - металафонаў, ксілафонаў) (1).
Уваходзіць Вясна.
Выконваецца каляндарна-абрадавая песня «Вясна-красна, адкуль прыйшла?» (дыялагічныя спевы саліста і хор класа) (2).
— Вясна-красна,
Адкуль прыйшла, (2 р.)
Адкуль прыйшла, што прынесла?
— Малодачкам —
Па чаўночку,
А дзевачкам —
Па вяночку,
А дзевачкам — (2 р.)
Па вяночку,
А пастушкам — па кіёчку,
Старым бабам —
Па галушачцы, (2 р.)
Малым дзеткам — па крамушачцы.

Вясна.
Вітаю вас, мае цудоўныя кветкі!
Жоўтыя, ліловыя, белыя, ружовыя,
Сінія, як вочкі, васількі, званочкі,
Лотаць, скрыгань гонкі,
Скакункі, рамонкі.
Дзе ж набралі фарбаў кветкі?
Дзе красы дасталі рэдкай?
(Звяртаецца да кветак.)
Вітаю цябе, Падснежнік!

Падснежнік.
Усміхнуся ясным вокам
Я і дрэвам, і аблокам.
I над лесам, і над полем -
Скрозь блакіту стала болей.
Вясна. Добрай раніцы, Коцікі!

Коцікі.
На вярбіне коцікі,
Жоўценькія роцікі,
Лапачкі пуховыя,
Спіначкі шаўковыя.

Вясна. Мае мілыя Незабудкі!
Незабудкі.
На узлесках, лугавінах,
На пагорках і ў нізінах
Днём вясеннім вельмі хутка
Расквітнела незабудка.

Вясна. Вітаю цябе, Сон-трава!
Сон-трава.
Сон-трава не хоча спаць,
Ёй прыемна сустракаць
Сіні-сіні вясны ранак,
Спеў саловак, спеў заранак.

Вясна. Прывітанне, Дзьмухавец!
Дзьмухавец.
Адуванчык-дзьмухавец,
Кучаравы маладзец,
Стаў ён пры дарожцы
На даўжэзнай ножцы.
Дзьмухнуў вецер - адуванчык
Стаў нібыта абарванчык.

Вясна. Вітаю цябе, прыгажуня Фіялка!
Фіялка.
Фіялкай фіялетавай
Любуюся ў ляску.
А птушка-птушка весела
Спявае на суку:
- Фія-фія-фія-фія-фія,
Люблю фіялку я.

Гучыць беларуская народная песня «Вяснянка» [5, 77]. Выконвае хор класа.
Вядучы. Вясной паветра чыстае, гаючае. Хочацца пабываць сярод раслін, дрэў.
Гучыць грамзапіс песні «Явар і каліна» (музыка Ю. Семянякі, верш Я. Купалы) [3, 43-44].
Вясна. Услухайцеся, як цудоўна спяваюць птушкі.
Гучыць запіс галасоў птушак у лесе. У выкананні саліста і вучняў класа гучыць песня «Шпак» (музыка М. Анцава, апрацоўка Д. Камінскага, верш Я. Журбы.) [3, 45-46]. Песня выконваецца па партытуры (3).
Вясна. Паважаныя кветкі, я дзякую вам за дабрыню і пяшчоту, якая гучыць у вашых словах, песнях, і запрашаю адкрыць баль кветак.
Гучыць музыка П.І.Чайкоўскага «Вальс кветак». Вучні танцуюць.
3аслона.


1. Хвала вясне (Веснавая валачобная песня)
Ноты песні Няхай будзе пахвалёны

2. Вясна-красна, адкуль прыйшла?
Ноты песні Вясна-красна адкуль прыйшла

Метадычныя рэкамендацыі да сцэнарыя заключнага ўрока-канцэрта ў 1-м класе «Баль кветак»
1. Пры падрыхтоўцы заключнага ўрока ў форме канцэрта на матэрыялах беларускай і рускай музыкі настаўніку неабходна ўстанавіць з удзельнікамі ўрока-канцэрта эмацыянальны, духоўны кантакт, які садзейнічае раскрыццю індывідуальна- творчых якасцей кожнага вучня.
2. У падборы беларускага музычнага матэрыялу варта кіравацца:
- даступнасцю выканання;
- эмацыянальным каларытам;
- мастацкай значнасцю.
3. Каб падрыхтаваць клас да спеваў а сарреllа, рэкамендуецца:
- выстрайваць першы гук асобных інтанацый;
- спяваць вакальна-харавыя практыкаванні без суправаджэння музычнага інструмента;
- спяваць фрагменты песні.
4. Увядзенне дзіцячых музычных інструментаў у заключны ўрок-канцэрт уносіць эмацыянальны каларыт, садзейнічае праяўленню творчай актыўнасці вучняў.
Прапанаваны рытмічны акампанемент да песні «Шпак» актывізуе слыхавы вопыт вучняў, садзейнічае перадачы светлага характару гучання, высокага рэгістра, хуткага тэмпу, чаргаванню доўгіх і кароткіх гукаў.
Рэкамендуецца выконваць песню «Шпак» у ансамблі з аркестравай групай дзіцячых музычных інструментаў.
5. Пры пастаноўцы танцаў настаўнік павінен звяртаць увагу на культуру выканання рухаў. Танец пад музыку П.І.Чайкоўскага «Вальс кветак» спрыяе фарміраванню музычных уяўленняў аб трохдольным метры і ўзбагачэнню мастацкага развіцця малодшых школьнікаў.
Літаратура
1. Беларускі дзіцячы фальклор / Склад. А.М.Аляхновіч, М.В.Рахчэў,
А.С.Фядосік, У.Д.Каструлёў. - Мн.: Беларусь, 1994.
2. Кветкі ў легендах паэзіі і музыкі: Ранішнік для вучняў пачатковых класаў.- Мозыр: РВФ «Белы вецер», 1997. — С. 13-16.
3. Хрэстаматыя па музыцы, 2-і клас / Склад. В.А.Бракала, Н.І.МІсцюк,
A. С.Чопчыц. - Мн.: Беларусь, 1995.
4. Нотное издание, Петр Чайковский. Времена года (для фортепиано). - М.: Музыка, 1989.
5. Музыка: Вучэбны дапаможнік для 2-га кл. агульнаадукацыйных школ / Уклад.
B. А.Бракала, Н.І.Місцюк, А.С.Чопчыц. - Мн.: Беларусь, 1995.


Яшчэ на гэту тэму:

Школьны выпускны вечар     "Школьны баль, я прашу, не канчайся!"