сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ірына Аляксандраўна БУТОРЫНА. Настаўніца пачатковых класаў СШ № 189 г. Мінска. Пачатковая школа 3/2006

Касманаўтам быць хачу

Пазнавальна-гульнёвая праграма для I — II класаў

У праграме пачатковай школы (курсы “Чалавек і свет”, “Мая Радзіма — Беларусь”) мала ўвагі надаецца вывучэнню пытанняў, звязаных з космасам, хаця гэтая тэма вельмі цікавіць дзяцей. Настаўніца пачатковых класаў СШ № 189 г. Мінска Ірына Аляксандраўна БУТОРЫНА, ідучы насустрач пажаданням сваіх маленькіх вучняў, распрацавала пазнавальна-гульнёвыя праграмы для правядзення ў I — IV класах пазакласных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню касманаўтыкі. “Пачатковая школа” знаёміць сваіх чытачоў з гэтымі распрацоўкамі.

Настаўнік. Увага! Гаворыць і паказвае школа нумар... (настаўнік паказвае плакат з нумарам школы). Сёння адбудзецца запуск касмічнага карабля “Зорачка", які пілатуе экіпаж вучняў... класа (настаўнік называе клас, у якім вучацца дзеці).
Некалькі вучняў дэманструюць загадзя падрыхтаваныя малюнкі ракеті чытаюць вершы К. Цвіркі, жэстамі паказваючы апісаныя дзеянні.

1-ы вучань.
3 дзецьмі сёння,
Хоць вясна ўжо,
На дварэ я не гуляў:
Я ракету, я ракету
На паперы маляваў.
2-і вучань.
Нос, бакі і хвост ёй лоўка
Я выводзіў дацямна.
Як жывая, з-пад алоўка
Выйшла ў рэшце рэшт яна.
3-і вучань.
Знікла некуды папера...
Бачу ўжо ракетадром...
Я ў ракету раптам дзверы
Адчыніў, зайшоў, бы ў дом.
4-ы вучань.
Сеў я ў крэсла, перад пультам,
Зняў з кручка, надзеў скафандр.
Пульт аж ззяе.
I адкуль там
Столькі кропак?
I — экран!
5-ы вучань.
Цісну я на кнопку гэту,
I — на дзіва мне — ураз
Здрыганулася ракета!
Міг, і ўжо —
Хто марыў з нас?
6-ы вучань.
Паляцела проста ў зоры —
Толькі хвост агняны ўслед —
У нязнаныя прасторы,
У расчынены Сусвет!

Настаўнік. Заняць свае месцы!
Вучні. Ёсць заняць свае месцы!
Настаўнік. Праверыць гатоўнасць!
Вучні. Ёсць праверыць гатоўнасць!
Настаўнік. Уключыць маторы!
Паяўляецца Нудота Зялёная, яе ролю выконвае хто-небудзь з бацькоў або вучань старшых класаў.
Настаўнік. Дзеці, ці ведаеце вы, хто гэта?
Вучні. Не ведаем.
Нудота Зялёная. Не ведаеце? Я — Нудота Зялёная. Навошта вам падарожжа? Давайце лепш (пазяхае) паваляемся ў ложку, будзем пазіраць у вокны і ленавацца.
Вучні. Не любім мы сумаваць! I зараз паляцім у касмічнае падарожжа.
Нудота Зялёная. Гэта вы палеціцё? Сумняваюся! Каб трапіць у космас, трэба быць разумнымі, знаходлівымі, спрытнымі і спартыўнымі. А вы хоць ведаеце, з чаго пачынаецца дзень касманаўта?
Вучні. 3 зарадкі!
Загадзя падрыхтаваныя вучні чытаюць верш.
1-ы вучань.
Раз, два, тры, чатыры, пяць —
Добра раненька ўставаць.
3 самага пачатку
Я раблю зарадку.

2-і вучань.
Чышчу зубы, мыю вушы,
Пяць хвілін стаю пад душам.
Раз, два, тры, чатыры, пяць —
Добра раненька ўставаць!

Нудота Зялёная. Я зарадку ніколі не раблю. I вам не раю. Навошта? Ды вы, напэўна, і не ўмееце яе рабіць.
Настаўнік і вучні. Зарадку робяць, каб быць здаровымі, дужымі, спрытнымі. Паважаная Нудота Зялёная, пагуляйце з намі, вось тады мы і ўбачым, хто больш уважлівы і спрытны.
Пад вясёлую мелодыю ці песню праводзіцца гульня “Забаронены рух”. Настаўнік агаворвае, які рух не трэба паўтараць, затым у хуткім тэмпе паказвае розныя практыкаванні. Дзеці і Нудота Зялёная павінны паўтараць іх, акрамя забароненага руху. Той, хто паўторыць забаронены рух, садзіцца на сваё месца. Пад час гульні Нудота Зялёная павінна рабіць шмат памылак, выглядаць нязграбна і крыху смяшыць дзяцей.
Настаўнік. Дарэмна вы, Нудота Зялёная, казалі, што дзеткі не ўмеюць рабіць зарадку. Бачыце, як добра ў іх усё атрымалася.
Нудота Зялёная. Падумаеш! Зарадку, можа, і ўмеюць рабіць, а вось лічыць, напэўна, не навучыліся. Як жа вы палеціце ў падарожжа, калі маршрут не зможаце пралічыць?
Загадзя падрыхтаваныя вучні чытаюць верш.
1-ы вучань.
Каб вадзіць караблі,
Каб у неба ўзляцець,
Трэба многа нам ведаць,
Трэба многа умець.

2-і вучань.
I пры гэтым, і пры гэтым
Вы заўважце:
Вельмі важная навука —
Ма-тэ-ма-ты-ка.

Настаўнік. Дзеці, давайце пакажам Нудоце, што мы сябруем з матэматыкай.
Праводзіцца гульня “Адгадай свой лік". Удзельнічаюць 11 вучняў.
Ім на спіны настаўнік прыклейвае скотчам лісточкі з лікамі ад Ода 10, але дзеці не ведаюць сваіх лікаў. Гучыць вясёлая мелодыя. Дзеці павінны паглядзець, якія лікі на спінах у астатніх гульцоў, і здагадацца, які лік знаходзіцца ў іх на спіне. Перамагае вучань, які першым назаве свой лік. Удзельнікам забараняецца стаяць і прыхінацца спінай да сцяны. Трэба папярэдзіць дзяцей, якія не ўдзельнічаюць у гульні, каб яны не падказвалі. У канцы гульні настаўнік знімае лісточкі з адзення вучняў і аддае ім.

Настаўнік. Малайцы! I гэтае складанае практыкаванне выканалі. Дарэмна, вы, Нудота, дзетак невукамі лічылі.
Нудота Зялёная. Ну, калі так, дык няхай яны маё заданне выканаюць! Паважаныя вучні, па маёй камандзе расстаўце вашы лікі ў адваротным парадку: ад самага вялікага да самага малога.
Па сігналу Нудоты Зялёнай дзеці выконваюць заданне.
Настаўнік. Цудоўна, дзеці! Пераканаліся, Нудота, што вучні сябруюць з матэматыкай і старанна вывучаюць яе?
Нудота Зялёная. Ну, згодна: яны трошкі ведаюць матэматыку...
Настаўнік. Не будзем марна траціць час. У добры шлях! Да касмічных прастораў! Увага! Пачынаем адлік!
Школьнікі разам, выкарыстоўваючы пабудаваны лікавы рад, пачынаюць адлік.
Вучні. 10! 9! 8! 7! 6! 5! 4! 3! 2! 1! 0! Пуск!
Нудота Зялёная выходзіць з класа або сядае за апошнюю парту.
Настаўнік. Старт прайшоў добра! Зараз мы выходзім на арбіту.
Загадзя падрыхтаваныя вучні чытаюць верш К. Цвіркі.
1-ы вучань.
Як цудоўна! У нябёсы
Я імчу!
Свет бясконцы, свет дзівосны
Ўбачу.

2-і вучань.
Ён адсюль відаць мне ў ззянні
Буйных зор.
Зоры, зоры — дзе ні глянеш,
Зораў збор.

Настаўнік. Я бачу вялікія зоркі, а вунь паляцеў касмічны карабель. А што бачыце вы? Пафантазіруйце, калі ласка. (Адказы вучняў:)
Настаўнік. А зараз я бачу першую планету, якую мы з вамі наведаем. Яна называецца “Планета Загадайка”. А вось ліст жыхароў гэтай планеты да нас. (Паказвае вучням лісточак з загадкамі.) Яны вельмі любяць разгадваць загадкі. I нам іх прапануюць.
На полі цёмным і бясконцым
Гарох бялюткі ззяе.
А цемру як разгоніць сонца,
Тады гарох знікае.
(Неба, зоркі.)
Мы ўсе яму рады.
Ды як жа іначай?
А хто гляне на яго —
Той заплача.
(Сонца.)
М. Пазнякоў.

На полі Ярох рассыпаў гарох,
Стала світаць — няма чаго збіраць.
(Зоркі.)
Я ў космас уздымаюся,
На хвост абапіраюся.
(Ракета.)
У. Мацвеенка.

Плыве ў прасторы,
Ды не ў моры,
Караблём завецца,
Ля зорак уецца.
(Касмічны карабель.)

Настаўнік. Малайцы, дзеці, шкада, што Нудота не бачыць, якія вы разумныя і кемлівыя. Але наш касмічны карабель ужо зачакаўся нас. Працягваем падарожжа! У касмічнай прасторы мы наведаем “Планету ветлівасці”. Мы адпачнём на ёй і пагаворым пра ветлівых людзей і чароўныя ветлівыя словы. Якія ветлівыя словы вы ведаеце? Калі іх трэба гаварыць? (Адказы вучняў.)
Настаўнік чытае верш Т. Кляшторнай і просіць вучняў адказаць на пытанні: ці правільна паводзілі сябе дзеці? Чаму іх называлі добрымі?

Настаўнік.
Ехалі дзеці аднойчы ў трамваі,
Месцы дарослым яны уступалі,
Дапамагалі сыходзіць старым.
— Добрыя дзеці, —
Казалі ўсе ім.
Праводзіцца конкурс “Адгадайка". Настаўнік чытае вершы-загадкі, вучні павінны здагадацца, якія ветлівыя словы ў іх прапушчаны.

Наш дзядуля засмучоны,
Расказаў ён вось аб чым:
Бачыў я суседа Рому —
На двары гуляў адзін.
Ён ужо зусім дарослы.
3 мячом скача кожны дзень,
Ну, чаму ж ніколі Рома Мне не скажа:
“Добры... (дзень)”?

* * *
Спаць кладзецца Леначка,
Складзена сукеначка,
Нават лялькі спяць ужо
У ложачках сваіх.
Толькі мама думае:
“Ветлівая Леначка —
Днём каго убачыць,
Скажа: “Добры дзень!”.
Вечарам хто прыйдзе,
Скажа: “Добры вечар!”.
Зараз ноч надыдзе —
Леначка маўчыць.
Паглядзела б маме ў вочы
I сказала б. .. (добрай ночы).

Настаўнік. I з гэтым заданнем вы справіліся. Нам пара ляцець далей. Паслухайце цудоўны верш “Ветлівыя словы”.
— Калі ласка, дзякуй,
Добры дзень, —
Ветлівыя словы
Чую ад людзей.
Вучаць іх у школе
Гаварыць:
3 ветлівымі словамі
Лёгка жыць.
Паводле Т. Кляшторнай.

Настаўнік. Зараз мы на “Планеце цікаўных”. Яе жыхары нічога не ведаюць пра нас. Давайце пазнаёмім іх з нашай цудоўнай планетай. А для гэтага адкажам на пытанні: на якой планеце мы жывём? Як называецца наша краіна? Як называецца наш горад? Якія мясціны горада ці краіны вам падабаюцца? Ці павінны людзі клапаціцца аб чысціні і прыгажосці сваёй краіны? Планеты? (Адказы вучняў.)
Настаўнік просіць вучняў, пасля таго як яны адгадаюць загадку, адказаць, чаму Беларусь называюць сінявокай.

Правяла зіму я ў сне.
Вы каталіся па мне.
Панцыр мой вясна ўзламала —
Я прачнулася, устала
I бягу, бягу, бягу,
Прыпыніцца не магу.
(Рака.)
Н. Галіноўская.

Настаўнік. Дзеці, якія рэкі і азёры Беларусі вы ведаеце? Якія звяры і птушкі жывуць у Беларусі? (Адказы вучняў.) Давайце раскажам пра іх жыхарам “Планеты цікаўных” і разам з імі адгадаем загадкі.
Я прыгожы, ды касы,
Не стары, а ёсць вусы.
Хвосцік мой маленькі, з пальчык.
Называюць мяне... (зайчык).
Н. Галіноўская.
Футра рыжае надзела
I ў люстэрка паглядзела:
— Гэта што за прыгажуня?
Адгадайце. Не скажу я!
Не злавіць,
Не ўбачыць зблізку,
Бо палюе ціха... (ліска).
У. Мацвеенка.
Я прыродны дрывасек,
Сёння зноў асінку ссек.
Пойдзе ўся кара на ежу,
Ствол на часткі я парэжу.
У раку насіць іх буду —
Пабудую з іх запруду.
(Бабёр.)
У. Мацвеенка.
Працаўніца шчыравала —
Мех арэхаў назбірала
I грыбоў шмат насушыла,
Спелых шышак нанасіла,
Прыхавала ўсё ў дупло,
Каб зімой на стол было.
(Вавёрка.)
Ён у лузе, ён на полі,
Зранку лётае на волі.
Звонка песні распявае,
Імі дзетак ён вітае.
(Жаваранак.)
Як страла лятаю,
Мошак паядаю.
(Ластаўка.)
У. Мацвеенка.
Стракаты, крылаты —
Руплівец лясны,
Лекар заўзяты
Хворай сасны.
(Дзяцел.)
М. Пазнякоў.

Настаўнік. А ці ведаеце вы, якія дрэвы ўпрыгожваюць нашу Беларусь? Паспрабуем на кожную літару слова “Беларусь” падабраць назву дрэва, якое расце ў нашых мясцінах.
Дзеці чытаюць вершы А. Дзеружынскага і запісваюць у крыжаванку назвы дрэў.
1. Бярозка белая, бялянка,
Ступіла моўчкі на палянку.
Бяроста, бы сняжок, бялее,
Расце бярозка, зелянее.
2. Еўка па ляску гуляе,
Елку лашчыць, абдымае:
— Будзь сяброўкаю, ялінка,—
Кажа елачцы дзяўчынка.
I схіляе голаў елка,
Задаволеная Еўка.
3. Ліпа, ліпка, ліпкі-ліпкі
Тонкі кволенькі лісток.
Шэршань ледзь лістка кранецца —
Сок ліповы, як мядок.
4. Азораны, асветлены
Вясновым сонцам бор,
Асіна апранае
Пяшчотны свой убор.
Апратку надзявае,
Сатканую з лісткоў,
Імкнецца ў рост, спяшаецца
Крануцца аблакоў.
5. Рдзее гронкамі рабіна,
Ружавее ранкам, днём,
Палымнее, чырванее
Па-над рэчкай за сялом.
6. Дрывасек заўважыў дуб:
“Дуб падыдзе мне на зруб”.
Перадумаў дрывасек:
шкада дрэва, дуб не ссек.
Вырас дуб — дубровы дар,
Чуб узняў да самых хмар.
7. Сасна, сасонніца, сасонка,
Стаіш ты ў засені лясной,
I неба сіняе, і сонца,
I зоры цешацца табой.
8. Ранкам ясень Ясь садзіў,
Ясень хораша паліў,
Цёплы весні дзень яснеў,
Ясеў ясень заквітнеў.
Крыжаванка пра космас.
Настаўнік. Прыгожыя дрэвы растуць у Беларусі. Цудоўныя птушкі дораць нам свае спевы, ззяюць блакітам рэкі і азёры. Беражыце прыроду, каб квітнела наша Беларусь на планеце Зямля!
Загадзя падрыхтаваныя вучні чытаюць урывак з верша X. Гурыновіча.
1-ы вучань.
Давайце, юныя сябры,
Па дрэўцу восенню пасадзім
Ля кожнай лавачкі ў двары
I паўз сцяжынкі ў школьным садзе.
2-і вучань.
Рабіны, ліпкі і кляны —
У скверы, ў парку, на алейцы.
Хай толькі прымуцца яны,
Маленькія перасяленцы.
3-і вучань.
Няхай і паркі і сады
Шумяць зялёным чуйным веццем...
Той, хто хоць дрэўца пасадзіў,
Невыпадкова жыў на свеце.

Настаўнік. Мы ляцім далей, і вось ужо нас сустракае “Планета разумных і кемлівых”. Жыхары гэтай планеты падрыхтавалі для вас цікавыя пытанні. (Настаўнік паказвае лісточак з пытаннямі.) Увага! Вось яны.
1) Якія планеты вы ведаеце?
2) Як звалі першага касманаўта?
3) Якіх яшчэ касманаўтаў вы ведаеце?
4) Як звалі касманаўтаў-беларусаў?
5) Калі адзначаецца Дзень касманаўтыкі?

Настаўнік. Дзеці, наша падарожжа заканчваецца. нам пара вяртацца дамоў.
Загадзя падрыхтаваныя вучні чытаюць верш К. Цвіркі.
1-ы вучань.
Ясны Месяц паміж хмарак
Выплыў, зіхаціць.
Хто ж з людзей па ім не марыў
Змалку пахадзіць?
2-і вучань.
Цісну ўжо ў апаратуры
Я на рычажок.
I кірую на Зямлю я,
Што мігціць здалёк...

Настаўнік. Вось мы і дома. Як ваша самаадчуванне? Цудоўна! За тое, што вы добра прайшлі ўсе выпрабаванні, для вас падрыхтаваны падарункі.
Настаўнік дорыць вучням паштоўкі ці малюнкі з выявамі на тэму “Космас". З’яўляецца Нудота Зялёная.
Нудота Зялёная. Падарункі? Я таксама хачу падарункі! Я, між іншым, сумавала тут, пакуль вы падарожнічалі. Я таксама добрая, проста ў мяне характар дрэнны. Прабачце мне.
Настаўнік. Дзеці, давайце даруем Нудоце. Паважаная Нудота Зялёная, можна мы вам прыдумаем іншае імя, каб вы часцей усміхаліся ды не ленаваліся? Дзеці, якое імя можна даць нашай госці? (Вучні прапануюць новыя імёны для Нудоты, напрыклад Вясёлая Праца або Працавітая Весялінка.)
Нудота Зялёная (весела). Дзякуй вам! Я ўжо зусім не сумная, хачу сябраваць з вамі і нават верш хачу прачытаць.
Настаўнік. Вельмі добра! Давайце скончым наша падарожжа вясёлымі вершамі пра касмічныя мары. Нудота Зялёная.
Сёння мой планетаход
Адпраўляецца ў паход.
Сам я вызначыў маршрут:
Ён спачатку пройдзе тут —
Ад альтанкі да варот.
А затым — на заркалёт.
Я даўно хачу на Марс.
Запрашае ён і вас.
Н. Галіноўская.

1-ы вучань.
Я з канструктара майструю
Карабель касмічны свой
I на ім на Марс планую
Паляцець ужо вясной.
Будзе карабель прыгожы,
Ёсць Вадзіму месца ў ім,
I калі мне дапаможа,
То мы разам паляцім.
М. Пазнякоў.

2-і вучань.
Малюнкі мапююць прыгожыя дзеці,
Самы прыгожы малюнак — у Пеці:
Ракету касмічную намаляваў,
Старанна на ёй слова "мір” напісаў,
Т. Кляшторная.

3-і вучань.
Каля садзіка —
Ракета!
Неба сніцца ёй —
Не лета,
У ракету я хачу
Я на Месяц палячу.
Месяц
Дужкай абаўю.
Месяц
Я не разаб’ю
А. Матуціс.

4-ы вучань.
Гром грыміць на Байкануры,
Карабель плыве ўгару...
— Ты чаго такі пануры?
— Касманаўтам не бяруць.
Заўтра зноў рыхтуй урокі,
Зноў ідзі ў свой першы клас.
Эх, зрабіць хаця б два крокі
Па планеце дзіўнай Марс.

Я гатовы да палёту:
Тры хвіліны на траве
Я стаю на галаве,
Бы ў бязважкасці пілоты.
Душ прымаю я халодны —
Так гартуюся ў вадзе —
I магу хадзіць галодным
Я амаль што цэлы дзень

Пра касмічныя палёты
Многа ведаю чаго,
Касманаўтаў нашых лёгка
Назаву да аднаго..
— Гэтых ведаў малавата, —
На мяне мой брат бурчыць, —
Захацеў у касманаўты —
Трэба добрым вучнем быць.

Дрэнна вучышся ты,
Сцёпка, і на Марс ты не гатоў,
Мелі ў дзённіках пяцёркі
I Гагарын, і Цітоў.
Як закончыш на “выдатна”
Курс навукі, — кажа брат, —
Дык залічаць касманаўты
У адважны свой атрад.

Паводле X. Гурыновіча.

Настаўнік. Дзякуй, дзеці, за працу. Наша падарожжа скончана, Да новых сустрэч!