сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ларыса БОЙКА — настаўніца гісторыі, выхавальніца Салігорскай гімназіі. Роднае слова 2/2002

“Мы ўзышлі не з насення, што ветрам занесена...”

Сцэнар гістарычнай вечарыны

Абуджэнне гістарычнай памяці і развіццё пачуцця нацыянальнай самасвядомасці немагчымыя без эмацыйнага ўзрушэння, без уздзеяння Слова і Вобраза. Мастацкая літаратура павінна шырэй выкарыстоўвацца на ўроках гісторыі і ў пазакласнай працы, таму што яна мае ўласцівасць злучаць, знітоўваць мінулае і сучаснасць. Мастацкае слова дапамагае ўбачыць аналогіі і параўнаць з’явы, зрабіць высновы і зазірнуць у будучыню. Галоўнае ж — яно здольнае абудзіць таямніцы душы, якія да пэўнага часу дрэмлюць.

Мэта правядзення вечарыны ў тым, каб кожны з прысутных адчуў сваю непарыўную повязь з мінулым, гонар за продкаў, адказнасць за будучыню свайго народа, сваёй Бацькаўшчыны.

Для сцэнара абраны 4 постаці: Рагнеда, Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Кастусь Каліноўскі. Да ўдзельнікаў свята іх набліжае вобраз Уладзіміра Караткевіча — пісьменніка, які стаў для беларусаў знакавай фігурай. Ён — своеасаблівы мост паміж мінуўшчынай і будучыняй, а ў дні сённяшнім менавіта У. Караткевіч увасабляе ў сабе Летапісца, Асветніка, Пісьменніка, Гісторыка. Першапачаткова планавалася выкарыстаць урыўкі з сачыненняў “Ці разумею я Рагнеду?”, “Князёўнай жыць ці стаць манашкай?”, “Францыск Скарына — далёкі ці блізкі?”, “Ці стаў бы я паплечнікам Кастуся Каліноўскага?”. Але, як выявілася, вучні VII — VIII класаў, якім былі прапанаваныя гэтыя тэмы, яшчэ не здольныя па-філасофску глыбока асэнсоўваць пастаўленыя пытанні. Магчыма, вучням старшых класаў удалося б сваімі разважаннямі злучыць час мінулы з днём сённяшнім. Таму падчас працы над сцэнарам даг вялося адмовіцца ад гэтай задумы. Спалучыць ў адно цэлае падзеі мінулага і сучаснасць дапамаглі творы беларускіх пісьменнікаў.

Вельмі хацелася б, каб той, хто зацікавіцца прапанаваным сцэнарам, прачытаў матэрыял вечарыны ўважліва і ўдумліва, убачыў і зразумеў лагічнае месца кожнага верша, кожнага радка. Важную сэнсавую значнасць маюць сімвалы, якія дапамагаюць данесці галоўную ідэю: Дуб — дрэва вечнасці, Кніга — крыніца ведаў, Свечка — непагасны свяшчэнны агонь продкаў (святло і цяпло). Гэтыя сімвалы не толькі абыгрываюцца ў самім дзеянні, але і выкарыстаныя ў афармленні сцэны і залы. Так, на пярэднім плане — выява магутнага дуба, вышэй — па-мастацку напісаная назва вечарыны з выкарыстаннем такіх элементаў, як жалуды і дубовае лісце. 3 другога боку сцэны — выстава кніг гістарычнай тэматыкі.

Гістарычная вечарына такога кшталту патрабуе вялікай падрыхтоўчай працы. Вельмі важна правільна падабраць выканаўцаў кожнай ролі, кожнага верша.

Інсцэніроўкі з удзелам дзеячаў мінуўшчыны адбываюцца непасрэдна на сцэне; эпізоды, звязаныя з сучаснасцю, — на прыступках перад сцэнай, куды вучні выходзяць з залы. Кожны раз пасля паказу сцэна не завешваецца — “гісторыя не спыняецца”. На сцэне — імітацыя ўмоўнага пакоя: сцяна (шэрае палатно, ручнікі), некалькі скрыняў з рэчамі народнага побыту (гліняны і драўляны посуд), невысокі стол, на ім — умоўны “Летапіс”, “Біблія”, выдадзеная Францыскам Скарынам, кнігі Уладзіміра Караткевіча. Па ходу дзеяння ставяцца свечка і макет царквы. Для апошняй інсцэніроўкі (Кастусь Каліноўскі і Масолаў) у супрацьлеглым баку сцэны з’яўляюцца стол і два крэслы.

Залу і сцэну можна аформіць партрэтамі гістарычных дзеячаў і пісьменнікаў, выявамі помнікаў дойлідства, ручнікамі (сімвал жыццёвай дарогі).

Вечарына разлічана на вучняў старшых класаў, але ў яе падрыхтоўцы могуць актыўна ўдзельнічаць і сямікласнікі.

Гучыць песня “Малітва” (верш Янкі Купалы, музыка Алега Моўчана і Уладзіміра Мулявіна, выконваюць “Песняры”).

1-ы вядучы.
Мы ўзышлі не з насення, што ветрам занесена, —
Мы не дзікай травы самарослыя парасткі.
У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай,
Нашых душ карані — з вузлякамі упартасці.
Сокам вотчынных гоняў ад роду мы ўспоены,
Сонцам родных нябёс мы з маленства аблашчаны,
Як асілкі-дубы над дняпроўскімі поймамі —
Паяднаныя часам нашчадкі і прашчуры.
Мы на золку далёкім ардзе не скарыліся,
Славай Грунвальда выйшлі ў вялікія ратнікі.
Нас будзіў да святла стук друкарань скарынаўскіх.
Да братоў мы гарнуліся сэрцамі братнімі.
Каліноўскі дарэшты пазбавіў нас кволасці —
Веру-мужнасць сваю завяшчаў нам з-пад вісельні.
3 гнеўнай лірай Купалы і з эпасам Коласа
Мы спазналі сябе і свой голас узвысілі.
Гэтай повязі кроўнай, якой мы прывязаны
Да бацькоўская зямлі, не парвуць, не растурзаюць
Аніякія буры-вятры непрыязныя —
Нашы сэрцы ад іх толькі больш загартуюцца!
Ніл Гілевіч. Лірычны каментарый
да нашага радаслоўя.

2-і вядучы. Чалавек і час. Імгненне і бясконцасць. Сучаснасць і гісторыя. Удумаемся... Ці ж гэта толькі словы? Мы часта паўтараем, што без мінулага няма будучыні. Але ці сапраўды мы разумеем, што мінулае — карані, якія трымаюць нас, сілкуюць дрэва сучаснасці. I толькі дрэва з моцнымі каранямі выстаіць у непагадзь... Розныя народы — розныя дрэвы. Для беларусаў сімвалам жыцця, дрэвам вечнасці стаў дуб. “3 усіх дрэў дуб самы дужы, самы векавечны, самы даўні і самы будучы — ён увасабляе сабою трыяду часу: даўніну, цяпершчыну і будучыню і сваім існаваннем сцвярджае: быў, ёсць, буду”.
Алесь Разанаў. Дуб.

Вучань, які выконвае ролю Уладзіміра Караткевіча (ідзе з залы да сцэны).

I раптам я ўбачыў: вышэй за ўсе дрэвы ўзносілася над светам не дужа густая, але магутная верхавіна і некалькі велізарных, як бярвенні, галін. Стройны, як калона, у мноства абхватаў ля зямлі, усё раўней і танчэй угору, дасканалы ў сваёй велічнай зграбнасці, стаяў сярод лесу, сярод сыноў сваіх, унукаў, праўнукаў, далёкіх нашчадкаў лясны волат.

Ён быў вечны і неўміручы. <…> Ён нарадзіўся ад жолуда нейкага такога самага волата, ад якога даўно не засталося і слядоў...

Кіеў быў зусім малады. Полацк трохі старэйшы. Осла не было. Масквы не было. Ні Берліна, ні Нью-Йорка, ні Рыгі — нічога яшчэ не было... А ён ужо рос...

Ён быў сведкам усёй пісанай нашай гісторыі. Сведкам канца радавога строю, сведкам з’яўлення князёў і ўвядзення хрысціянства, сведкам разгрому беларусамі татарскай навалы, сведкам паўстанняў семнаццатага стагоддзя і сведкам апошняй вайны. Крый Божа стаць яму сведкам вайны атамнай, сведкам канца чалавецтва і сваёй смерці разам з ім! Гэтага не павінна быць...

I калі гэтага не будзе, год трыста ён яшчэ прастаіць, здаровы, поўны сіл стары. А да таго часу ягоныя суседзі (і, напэўна, дзеці), трохі маладзейшыя за яго, стануць такія самыя, а тады, значыцца, і падаць можна.

Уладзімір Караткевіч. Дрэва вечнасці.

1-ы вядучы. Дубы — маўклівыя сведкі нашай гісторыі. Але былі і іншыя — летапісцы, пісьменнікі. Яны далі нам Слова, далі нам Веды.

На сцэне з’яўляецца вучань, які выконвае ролю Летапісца, з запаленай свечкай, ставіць яе на стол, на якім ляжаць кнігі і “летапіс”, і пачынае нешта пісаць.
Вучань.
Душой стаміўшыся ў жыццёвых цяжкіх бурах,
Свой век канчаю я у манастырскіх мурах.
I пільна летапіс другі ўжо год пішу:
Старанна літары малыя вываджу...
Што тут чынілася у даўныя гады,
Што думалі, чаго жадалі мы тады,
За што змагаліся, як баранілі веру, —
Хай зведаюць усе патомкі праз паперу!
Яно забудзецца, умрэ, з вадой сплыве, —
I вось у спомінах устане, ажыве,
Калі знайдуць маё няхітрае пісанне
Пра гэтае жыццё, надзеі, справаванне...
I людзі зведаюць аб прадзедах сваіх, —
Аб горы, радасцях і аб прыгодах іх,
Каму маліліся, чаго яны шукалі,
Дзе на глыбокім дне іх крыюць мора хвалі.
Максім Багдановіч. Летапісец.

Летапісец пакідае сваё месца, свечка застаецца на стале і гарыць на працягу ўсёй вечарыны.

Вучаніца.
“Я не люблю цябе!
Не люблю!” —
Крычала Рагнеда.
Паліў Уладзімір яе зямлю.
Дымілася неба.
3 яблынь самлелых шмякалі ўніз
Печаныя ранеты.
Енк і плач стаптаных крыніц
У крыку Рагнеды.
Косы яе — на пыле дарог.
Косіцца конік гнеды.
Сцяўшыся, боты з мужавых ног
Зняла Рагнеда.
Узненавідзеўшы — прамаўчаць.
Сваё — употай.
Плыў праз гаркоту зведаны час —
Плыў адзінотай...
Вольга Іпатава. Рагнеда.

На сцэне з’яўляецца вучаніца, якая выконвае ролю Рагнеды.

Рагнеда. Багі мае, палачанскія багі, і ты, вечная насмешніца Мара, табе адной дадзена ўсыпляць душы, вярні мне ранейшае забыццё. Хай любоў да дзетак задушыць безадказныя пытанні; баліць ад іх сэрца, няма сну, і прыходзяць у начной цемры дакараць за доўгую цярплівасць дарагія людзі, якіх вынішчыла бязлітасная рука. Ён звёў іх, бацька маіх дзяцей; была я полацкая князёўна, а стала... гаспадыняй глухога двара на беразе рэчкі Лыбедзь... За што такі лёс?.. Ці рана, ці позна жыццё скончыцца, а гонар і праз вякі жыве, ён разам з душой на той свет сыходзіць. Пойдзе душа, сустрэнуць яе людкі, убачаць, што без гонару, — і пакінуць адну. “Памерці, — скажуць, — памерла, не баялася, а вярнуць гонар пабаялася”, — і не прымуць да сябе, і зноў цярпець пакуты адзіноцтва, як і тут.

...Трэба звесці Уладзіміра з гэтага свету... Просяць бацькі і браты: “Адпомсці, Рагнеда! Адпомсці!” Я — даўжніца за іхнія жыцці і за сотні іншых палачанскіх жыццяў. Са мною павязалася іх смерць. Клічуць крывіцкія багі праліць кроў за кроў па святым законе адплаты...

Кастусь Тарасаў. Тры жыцці Рагнеды.

Голас за сцэнай. I яна наважылася адпомсціць. Але замах на жыццё Уладзіміра аказаўся няўдалым. Рагнеду са старэйшым сынам Ізяславам саслалі ў невялікае паселішча, вядомае цяпер як Заслаўе.
У 988 годзе князь Уладзімір прыняў хрысціянства, ажаніўся з візантыйскай прынцэсай Ганнай, а сваіх ранейшых жонак павыдаваў замуж за дружыннікаў. Дайшла чарга і да Рагнеды-Гарыславы. У Заслаўе прыехаў Дабрыня з войскам і некалькі грэкаў-святароў.

На сцэне з’яўляецца спачатку выканаўца ролі Ізяслава, які садзіцца за стол і нешта выстругвае ножыкам, потым — вучань, які выконвае ролю Дабрыні.

Рагнеда. Калі пачняце хрысціць?
Дабрыня. Збудуем святыню — тады... А дзядзька твой, Тур, — адмовіўся ўпускаць у свой горад уладыку для хрышчэння народу, прыйшлося сілай Тураў браць. Загінулі князь і сыны ягоныя. Цяпер Святаполк там княжыць.
Рагнеда. Святаполк? Ён жа аднагодак Ізяслава! I маці яго там, у Тураве?
Дабрыня. Нашто? Княжыч да пяці гадоў у жаночых руках, а з пяці — мужчына.
Рагнеда. Яраславу майму пяць гадоў, што, можа, і яго пасадзяць князем?
Дабрыня. Ужо павезлі. У Растоў.
Рагнеда. А Ізяслава куды намецілі?
Дабрыня. У Полацк (звяртаецца да Ізяслава). Вяртаецца табе, княжыч, бацькаўшчына па дзеду. Вось ахрысцім тваё Заслаўе — і паедзем. Хочаш у Полацк?
Ізяслаў. Хачу.
Дабрыня. Хочаш — будзеш. А зараз ідзі пагуляй!

Ізяслаў выходзіць.

Дабрыня. Ты больш не жонка князю Уладзіміру, ён загадаў табе выйсці замуж за Даражыра ці за Бедавея.
Рагнеда. Што-о? Не будзе гэтага! Чуеш? Не будзе!..
Голас за сцэнай. Праз тыдзень Ізяслава забіралі ў Полацк.

На сцэне Рагнеда, Ізяслаў, Дабрыня.

Дабрыня. Час ужо. Дружына чакае.
Рагнеда. Пачакайце. Дайце хоць абняцца без вас. Зараз выведу. (3вяртаецца да сына.) Не забудзь гэты дзень, Ізяслаў, мы расстаёмся на гады... Ведай, я буду чакаць цябе. Запомні мяне, мой твар. Расці, стань князем і вярніся па мяне. Любі Полацк, гэта твой горад, наша радзіма...
Ізяслаў (плача і ківае). Так, матуля, так...
Рагнеда (уздыхае). Ідзі, сынок. Цябе чакаюць.

Ізяслаў выходзіць.

Дабрыня. Шкада мне цябе, ды ты сама выбірала. Загадана князем: калі не замуж, дык у чарніцы!..
Рагнеда. Не!..
З’яўляюцца выканаўцы роляў уладыкі Кірылы і двух дружыннікаў. Дружыннікі схапілі Рагнеду, апусцілі на калені, сарвалі намітку.

Уладыка Кірыла. Адварочваецца раба божая Гарыслава ад свету, ад людскага жыцця, прысвячае сябе Ісусу Хрысту і прымае імя ў манастве Анастасія...
Паводле: Кастусь Тарасаў. Тры жыцці Рагнеды.

2-і вядучы (трымае ў руках кнігу К. Тарасава “Памяць пра легенды”).
Бясследна нішто не міне,
Гісторыя слова адродзіць.
Ты — мост, па якім да мяне
Мінуўшчына ў госці прыходзіць.
Мільгаюць старонкі твае —
I мы размаўляем з вякамі,
I продак да нас дастае
Радкамі, нібыта рукамі.
Пятрусь Макаль. Кніга.

На сцэне з’яўляецца Летапісец, садзіцца за стол, гартае “летапіс” і, устаўшы, чытае.

Летапісец. Якою мовай, братове, належыць уславіць светлую памяць найшчаснейшай нявесты Хрыстовай Еўфрасінні! Была яна дапамогай пакрыўджаным, суцяшэннем зажураным, распранутым — адзеннем, хворым — наведаннем ці, проста кажучы, — для ўсіх была ўсім... Шчаснае ты, места Полацкае, што ўзрасціла такі парастак— найпадобнейшую Еўфрасінню! Шчасны люд, што жыве ў месцы тым!
Аповесць жыцця і смерці Еўфрасінні.

На сцэне — выканаўца ролі дойліда Іаана.

Іаан. Няўжо гэта праўда, што я ўбачу зараз саму Еўфрасінню Полацкую? Яе славяць ва ўсім горадзе: багатыя — за мудрасць, бедныя — за спагаду і дабрату. Не раз я чуў, як маліліся за яе людзі. <...> 3 таго часу, як перайшла яна ў манастыр, усе, пакрыўджаныя жыццём, знаходзяць прытулак у яго драўляных сценах. Грамаце вучацца, і слава вялікая ідзе пра манастыр. Калі будуць людзі полацкія граматай валодаць так, як мячамі, — ніхто іх не пераможа.

Нечакана з’яўляецца тонкая, уся ў чорным, постаць. Хвіліну стаіць, углядаючыся ў Іаана, а потым лёгка ідзе насустрач. Гэта выканаўца ролі Еўфрасінні Полацкай.

Еўфрасіння. Пэўна, ты і будзеш дойлід Іаан?
Іаан (нізка кланяецца). Так, вялікая ігумення. Я і ёсць Іаан.
Еўфрасіння. Ці перадавалі табе маю просьбу?
Іаан. Даўно я ў сэрцы храм каменны выношваю, ды не давалі мне пакуль самому да яго падступіцца. А да цябе ішоў — ведаў, нашто клічаш. Дык вось — паглядзі. (Дастае з торбачкі маленькі драўляны макет храма.) Еўфрасіння (пільна ўглядаючыся). Але ён жа не падобны на храм святой Сафіі!
Іаан. Так, бо той храм царгародцы будавалі. Ды дзе ты бачыла ў нас барабаны гэтыя ды кубы? У нас вяршыні ўсюды, як шаты, а сама царква, як піраміда, стройная. Увысь цягнецца.
Еўфрасіння. Тое, што добра ў дрэве, не падыходзіць да каменя.
Іаан. Няўжо мы будзем увесь свой век за чужымі цягнуцца? На зямлі нашай столькі ўмельцаў! Загадай — і камень у іхніх руках заспявае.
Еўфрасіння (бярэ макет у рукі, любуецца ім). Ну што ж. Будуй храм, Іаане, дзеля хвалы Божай!
Іаан (у парыванні). I дзеля хвалы нашай зямлі!
Еўфрасіння (сур’ёзна, нават замкнёна). Што ты ведаеш пра зямлю сваю?
Іаан. Чаму ж не ведаю? Было некалі княства наша магутнае і вялікае. А зараз — і Віцебскі, і Менскі, і Гарадоцкі ўдзелы адпалі...
Еўфрасіння. Але ж затое цяпер хоць спакойна жывём. Брат мой, Рагвалод Усяславіч, у дружбе з кіеўскім князем — цесцем сваім.
Іаан. А народ яго не любіць: забыў ён вольнасць сваю і гонар, прыручанай птушкай зрабіўся ў кіеўскіх князёў.
Еўфрасіння хоча перапыніць Іаана.
Іаан. Ведаю — гневаешся зараз на мяне, бо не забылася яшчэ, з якога роду сама. Ды ведаеш — праўду кажу. А цяпер адпусці мяне, маці-ігумення.
Еўфрасіння ківае галавой, задумліва глядзіць услед.
Еўфрасіння. Колькі жыву на гэтай зямлі — усё дзіўлюся з людзей яе. Адкуль яны бяруцца — гордыя, смелыя?
Паводле: Вольга Інатава. “Прадыслава”.

Вучаніца. Калі апусцее храм і абязлюднее цвінтар, калі аціхне прадмесце і шызы голуб апусціцца на вузкае вакенца, лёгкі павеў кранае тваё аблічча, і ты ажываеш — уся, апрача вачэй, бо вочы твае ніколі не паміралі.
У святле нямесячнай ночы ідзеш ты ў сваю галубніцу, і нашы дзённыя пацеры шапацяць у цябе пад нагамі апалым лісцём і ўспыхваюць халоднымі балотнымі агнямі.

Штоночы прыходжу, каб сустрэцца з табою, але ты яшчэ не чуеш маіх слоў, і, калі на світанні я асмельваюся заступіць табе дарогу, ты праходзіш скрозь мяне і зліваешся з халодным тынкам.

Кожны дзень малюся тваім вачам.
Кожную ноч спадзяюся, што ты пачуеш мой голас.
Кожнае світанне чакаю, што ты пройдзеш скрозь мяне і — застанешся ўва мне.
Уладзімір Арлоў. Еўфрасіння.

Вучаніца.
Адмаўлялі маю радзіму,
Ганьбавалі з усіх бакоў
Краем лапцяў і курадыму,
Краем невукаў і жабракоў.

А цяпер, драпежныя, дзеляць,
Як вялікі, каштоўнейшы прыз,
Фаліянты старыя, што ў келлях
Мае продкі спісалі калісь...

У вялізных шумных сталіцах,
Дзе шукаць цяпер адрасы?
Як палонныя, на паліцах
Дрэмлюць слуцкія паясы.

Аж трымцяць, трымаючы, дзверы.
Для забаў —
Хай зайздросціць Парыж! —
У калекцыі мільярдэра
Ефрасінні Полацкай крыж.

Ім хацелася, мецэнатам,
Тых калекцый папоўніць груз:
У свае заморскія шаты
Залучыць саму Беларусь.

Адабраўшы даўняе гора,
Зрабаваўшы слёзы і пот,
Захацелі, каб на гісторыю
Назаўжды забыўся народ.

Вось чаму столькі год радзіму
Ганьбавалі з усіх бакоў
Краем лапцяў і курадыму,
Краем невукаў і жабракоў...
Вольга Іпатава. Адмаўлялі маю радзіму...

Гучыць духоўны гімн усіх беларускіх канфесій “Магутны Божа”* (верш Наталлі Арсенневай, муз. Міколы Равенскага) у выкананні хору.

На сцэне за сталом — выканаўца ролі Францыска Скарыны, ён гартае “Біблію”, потым устае.

1-ы вядучы. Што дзень гэты гістарычны, ён ведаў, ён разумеў... I таму не без гордасці ён перачытваў яшчэ раз словы свайго пасляслоўя, а голас яго і дрыжаў, і перапыняўся: дрыжаў ад хвалявання, якое аж раздзімала яго грудзі, перапыняўся, бо грудзям яго ад хвалявання не хапала паветра. I ў нізкаватай, з вузкімі акенцамі друкарні шматпаважанага Паўла Севярына ў тую падвечаровую часіну можна было пачуць:
Скарына. “Скончалася Псалтыр сия з божие помошью, павеленнем и працею избранного мужа в лекарских науках доктора Франциска, Скоринина сына с Полоцька, у Старом Месте Празском лета по божье нарожению тысещного пятьсотого семогонадесеть, месеца августа, дъня шестаго...”
1-ы вядучы. Скарына запомніць гэты дзень на ўсё сваё жыццё... бо тое, што было ў думках, вось ужо ў ягоных руках... А значыць, можа быць перададзена і ў іншыя — дзеля навучання, настаўлення ўчынкаў добрых, богу і чалавеку годных... Аб гэтым ён найперш і напісаў у сваёй прадмове:
Скарына. У гэтай кнізе — пачатак і канец усёй мудрасці... У гэтай кнізе — усе законы і правы, якімі карыстаюцца людзі ў зямным жыцці. У гэтай кнізе — усе лякарствы душэўныя і цялесныя... Тут — справа ўсялякага збору людскога і гораду, якія праз веру, ласку і згоду паспалітую дабро памнажаюць.
Алег Лойка. Францыск Скарына,
або Сонца Маладзіковае.

Францыск Скарына зноў садзіцца за стол, нешта піша. Тры дзяўчыны адна за адной чытаюць санеты.

1-я дзяўчына.
Як Біблію перакладаў Скарына,
Нададзена (знаў!) Клятва яе донцам,
Псалму найкожнаму — праменнасць Сонца.
На Роднай Мове кніга быць павінна!

I Беларускі Друк (у ліку першых!)
Наблізіў да Навукі звонкіх Высяў...
Дазволь, Санет, насустрач Майстру выйсці.
Прывеціць “бакалаўра” святам верша.

Мазолі адгаіць з яго далоняў.
I срэбра-снег не заўважаць на скронях.
Гукнуць герояў з казачных былінаў...
3 далёкай Чэхіі вяртаецца дадому

Шукальнік адкрыцця, цярплівец стомы.
(Трывожнаю была тая часіна).

2-я дзяўчына.
Было. Есць так сягоння. I ва ўспаміне:
Нязгасным сонцам свеціць нам радзіма.
(Ёй дзякуй — генія што нарадзіла).
Санет мой, шчыры будзь пры мудрым сыне:

Дазволь гарачы сповед пра Каханне
Францішка й Маргарыты зведаць свету.
(Першадрукар быў лепшасным паэтам!)
Свой храм высокі расчыні, Маўчанне!

Маленне сэрцаў двух, як Песня Песняў,
Хай з алтара стагоддзяў уваскрэсне.
Хай памяці растопяцца ільдзіны.
I ў горад Полацк — мацярынства лёсаў —

Хай музыкай нячутай, боль-галосай,
Прыходзіць з гордай Тайны Сказ праўдзівы.

3-я дзяўчына.
Калі Любоў сапраўднейшая толькі.
(Хіба ёсць перашкоды ёй на свеце?)
Час эпілогу наступіў, Санеце!
...Але паслухаем, што скажуць зоркі.

А тое — што багацце ўсё ад мужа —
Раздорыць на друкарства Маргарыта.
(Міг дабрыні ў стагоддзях не забыты!)
I подзвіг той — з назоваў самых мужных.

Што мне дадаць да ісцін Першародства?
Сягоння кніг —- вялізазнае мноства,
Але вазьміце Першую з паліцы
Гісторыі, пакутнай да знямогі.

Народ сцярпеў, з сямі бядот, трывогі.
Нам Век Вякоў за гэта ўсё маліцца.
Валянціна Аколава. Вянок санетаў
“Маргарыта Скарына”.

Францыск Скарына здымае мантыю і берэт, набывае сучасны выгляд.

Скарына.
Я спытаў у людзей: “Як жывеце, браткі?”
“Слава богу, яшчэ мы жывём...” — адказалі мне ўсе.
I ў пустыя кішэні схавалі глыбей кулакі.
Як цярпліва мой люд да магілы нядолю нясе!
Я спытаў у царквы: “Што стаіш без крыжоў, без званоў?”
I ўздыхнула царква, і ўзляцелі вароны з царквы.
Праз асфальт з небыцця праступіла нявінная кроў
I згарэла праз міг у зялёным агмені травы.
Я спытаў у забытых магіл: “Хто вас так патаптаў?”
Толькі глуха магілы без слоў прастагналі ў адказ.
А над горадам шэрым анёлак самотны лятаў,
Нёс у белай руцэ распатрошаны процівагаз.
Я ў Айчыны спытаў: “Ці чытаюцца кнігі мае?”
Завішчэў-закрычаў ля карыта раскормлены Хам:
“Што нам кнігі твае, кніга есці людзям не дае!”
Сапраўды не да кніг, калі свінні забраліся ў Храм.
Час не той, век не той, толькі ўсё як было, так і ёсць:
Адны ў поце гібеюць, другія спраўляюць гульбу,
Гаспадар беларус на Айчыне жыве, нібы госць,
I бясконца за волю, за мову вядзе барацьбу.
I хацеў я праклясці сябе і вярнуцца ў Нябыт,
Але вецер залётны мне з пляца, як з неба, прынёс
Галасы маладых, што казалі ўсю праўду пра быт
I пра кнігі мае, і народа чарнобыльскі лёс.
I пайшоў я на пляц, і пабачыў “Пагоню”, сцягі,
I пачуў сваю мову і песень прывольны разліў,
I адчуў: родны край не заменіш ніякім другім Аніколі,
Ніколі,
Нідзе
I нічым на зямлі!
Віктар Шніп. Маналог Скарыны.

Францыск Скарына спускаецца ў залу, садзіцца сярод вучняў. На сцэне за сталом — вучань, які выконвае ролю Уладзіміра Караткевіча, ён нешта піша, побач ляжаць яго кнігі.

Вучань.
...Ён выбраў шлях — і ўжо не зверне ўбок
Ад ісціны, вядомае спрадвеку:
Амаль усё, што трэба чалавеку, —
Скарынка хлеба ды вады глыток.

Амаль усё. Амаль, амаль, амаль...
Але не ўсё, калі камяк у горле,
Не ўсё, не ўсё — калі душу агорне
Па незабыўным непазбыўны жаль.

Па кім? Па чым? Ці не па ўсіх і ўсім:
Па каласах тых, што на ўзмежку поля,
Па тым — шго праўда, і па тым — што воля,
Па самым любым, самым дарагім,
Па ўсіх, па ўсім — да слёз, да слёз, да слёз
Па самым крэўным у чужынным свеце,
Што княжым ветрам прашуміць у вецці
На спеўных вежах полацкіх бяроз
Ці паляўнічым рогам прагудзе
Ля Турава — і адгукнецца ў Крэве...
Хай шлях кружны, нібыта кольцы ў дрэве,
Бясконцы шлях. Але хадок
Ідзе.
...................................
Ідзе хадок. Над ім дажджыць, сняжыць,
Яму не выйсці з гэтай кругаверці:
Ён ведае так мала, каб памерці.
I гэтак многа ведае, каб жыць.
Уладзімір Някляеў. Хадок.
Прысвячаецца У. Караткевічу.

Уладзімір Караткевіч спускаецца ў залу, трымаючы ў руках кнігу “Каласы пад сярпом тваім”. Садзіцца сярод вучняў.

Вучань.
Аблога...
Крокі...
Ляск...
Прыцемненыя сцены,
і дрогкай свечкі бляск,
і на парозе цені.
I месяц паўз акно
слізне, як паражэнец, —
на схіл усё адно...
Як зваць вас?
Вітажэнец.
Утойваюць муры,
сцярожкі бор таемны
да іншае пары
імя яго нядрэмна.
Да іншае пары
пакінуты сякеры,
да іншае пары
сышлі касіянеры.
I запазычан край,
і аціхаюць знічы...
Хавай,
хавай,
хавай
сапраўднае аблічча!
....................
Заўжды — адзін адказ,
утойванне... змяншэнне...
Але прыходзіць час
імя і ўваскрашэння.
Ўсе ніты у сувой,
у заклік пагалоскі
з’яднаць —
і стаць сабой!..
Як зваць вас?
Каліноўскі.
Алесь Разанаў. Арышт Кастуся Каліноўскага.

Голас за сцэнай. Вільня, камера № 3 дамініканскага кляштара, ператворанага ў турму. Да зняволенага Кастуся Каліноўскага прыходзіць мураўёўскі чыноўнік Масолаў.
Масолаў. Вы знаеце прысуд свой, безумоўна?
Каліноўскі. Але.
Масолаў.
Я разумею, нетактоўна,
Ды і не час пытанні задаваць.
Я скромны нарысіст. Хачу пісаць
Пра час наш успаміны.
Каліноўскі.
Мне ўсё роўна.
Прывык да следства. Можаце пытаць.
Масолаў.
Наш час — арэна боек... Як пасмелі
Вы, раб яго, не бог, а чалавек,
Аддаць жыццё юнацкае на здзек
Уладару вядзьмарскай каруселі?
Дужэйшыя скарыць яго хацелі,
Ды не змаглі. Не выйгралі вайну.
Каліноўскі.
Я ім не стаўлю гэтага ў віну.
Яны ляглі ў зямлю, мы следам ляжам.
Ды нехта ж прыйдзе, стаўшы мсціўцам нашым,
I скруціць д’яблу рог, як барану.
Не раджу адпяваць нас канчаткова.
Чакае зерне наша на ўзыход 3 раллі.
Масолаў. На ўвазе маеце народ?
Каліноўскі. Яшчэ свайго не вымавіў ён слова.
Масолаў.
Але чаму?.. Пакуль з Варшавай вы
Спрачаліся за ўладу, за правы
Сярмяжнай Беларусі і Літвы,
Па вёсках, пад наглядам Мураўёва,
Цар касаваў прыгонныя правы.
Каліноўскі.
Страх касаваў. Тут не цара заслуга:
Збаялася сякер мужыцкіх пуга
Прыгонніцтва. Праз мутны Рубікон
Не цар, паўстанні страшны след праклалі.
Яны крывёю фарбавалі хвалі
Ракі, пад назвай д’ябальскай — Прыгон.
Ён многіх паглынуў. Мы можам згінуць,
Кат можа нам заткнуць зямлёю рот,
Але сякеры пушчаны у ход,
Ужо з крутога берага не скінуць,
Не сцерці наш, на ім прыкметны, знак.
Масолаў.
Яшчэ хачу спытаць. Хто вы? Паляк
Альбо літвін? Ці беларус, якога
Не ведае ніхто, апроч лясоў,
Ды лесуноў, ды курнага парога?..
Хто будзеце?
Каліноўскі.
Мне дваццаць шэсць гадоў.
Край беларускі, з матчынай калыскі
Да гэтых дзён мне дарагі і блізкі.
Я сын яго і ганаруся тым,
Што з ім паветрам дыхаю адным.
Я знаю, маюць права ўсе народы
На ўвагу праўды, шчасця і свабоды.
Я зычу ўсім дабра.
Масолаў. А рускім, нам?
Каліноўскі.
Я прыяцель Расіі, той, якая
Дабра жадае нам, а не панам
Сваім і польскім, той, што не жадае
Свайму народу згубнага жыцця,
Бурлацкіх стогнаў, катаргі кандальнай.
Яшчэ пытанні ёсць?
Масолаў.
Не!.. Спавядальнай
Размовай, бачу, злоўжываю я.
Хто вы — я зразумеў. Вы сацыяльнай
Сусветнай рэвалюцыі дзіця.
Аркадзь Куляшоў. Хамуціус.

Вучань.
За Праўду, за Волю паўстаў ты, мой брат,
Ламаючы краты й кайданы.
I гучна звінеў тваёй песні набат,
I болю не ведалі раны.

Ты смела нас клікаў у праведны бой,
А мы толькі глуха маўчалі;
Закутыя жахам пайсці за табой,
Пакорліва здзекі страчалі.

За Праўду, за Волю паўстаў ты, мой брат,
Ламаючы краты й кайданы.
I гучна звінеў тваёй песні набат,
I болю не ведалі раны!
Сяржук Сокалаў-Воюш. Рэквіем.

На сцэне зноў з’яўляецца выканаўца ролі Кастуся Каліноўскага.

Кастусь Каліноўскі.
Вялікі мой народ, зямля мая.
Гняздо пакут, змагання і свабоды,
Зямля маіх нябёс, маёй каханай,
Маіх сяброў, маёй спявучай мовы...
Я толькі што памёр. I ў гэты час
Аддаў табе, зямля, сябе самога,
Каб ведала, як я цябе люблю.
Аддаў азёрам — вочы, чуб — ільнам,
Смех — ручаінам, песні — цёмным пушчам,
Закатам — кроў, мужыцкім бунтам — гнеў.
А душу — кожнаму з братоў сапраўдных,
Каб кожны меў хоць трохі ад мяне.
Што бачу я ўдалечыні? Пажары,
Паўстанні, сечы, зарыва, нашэсці.
Меч ворага амаль ля сэрца пройдзе,
Ты будзеш паміраць. Ды толькі ведай,
Бяссмертны ты, як фенікс, мой народ...
Уладзімір Караткевіч.
3 п’есы “Кастусь Каліноўскі”.

Вучань (спявае пад гітару).
Гэй, ляці у высі, малады саколе,
Быццам на далоні, пад скрыдлом зямля,
А па ёй, як глянуць, ходзяць наваколлем,
Ходзяць наваколлем Воля і Пятля.

Што ж яны блукаюць, што на сэрцы маюць?
Недзе там у пушчах аж займае дых,
Маладыя хлопцы Вольніцу шукаюць,
А Пятля шукае хлопцаў маладых.

I няма спакою у юначых душах,
I зямля пад коньмі, як агонь, дрыжыць.
Воля дасць ім крылы, а Пятля задушыць,
Ды ўжо лепш з Пятлёю, чым без Волі жыць.

Над сялянскай хатай, над сялянскім полем,
Дзе ўздымае колас свежая ралля,
Над маім народам, над ягонай доляй,
Над ягоным лёсам Воля і Пятля.
Сяржук Сокалаў-Воюш. Воля і Пятля.

На сцэну выходзіць 1-ы вядучы, чытае пачатак верша Ніла Гілевіча “Трывайма, браты!” і застаецца стаяць.

1-ы вядучы.
Нас могуць
Зневажаць і абражаць,
Нас могуць
Не любіць і ненавідзець,
Але мы мусім
Цвёрда помніць-знаць:
У нас ёсць Нёман,
I Дзвіна,
I Прыпяць.

Паступова да 1-га вядучага далучаюцца 2-і вядучы, Ф. Скарына, К. Каліноўскі, У. Караткевіч. Усе пяцёра стаяць плячо ў плячо.

2-і вядучы.
Нас могуць
Чорным брудам паліваць,
Культываваць бяспамяцтва,
Бяспраўе,
Але мы мусім
Цвёрда помніць-знаць:
У нас ёсць Полацк,
Тураў I Заслаўе.

Францыск Скарына.
Нас могуць
Ачмураць і падкупляць,
Штодзень даваць
Цацанкі-абяцанкі,
Але мы мусім
Цвёрда помніць-знаць
Наказ Францішка,
Кастуся
І Янкі.

Кастусь Каліноўскі.
Нас могуць біць —
Аж да крывавых слёз,
Каб лёкаяў зрабіць
3 ахвяраў здзеку,
Але мы мусім
Адстаяць свой лёс,
Каб ён для нас
Шчаслівы быў
Давеку.

Уладзімір Караткевіч.
Таму —
Трывайма, любыя браты!
Трывайма й верыма:
Нішто не спляміць
I не асіліць нашай праваты
I нам яшчэ паслужыць
Наша памяць!
Ніл Гілевіч. Трывайма, браты!

Гучыць песня “Шлях да Беларусі”* (верш Ніла Гілевіча, музыка Мікалая Сацуры). Удзельнікі вечарыны падыходзяць да сцэны, становяцца на прыступках; тыя, хто прымаў удзел у інсцэніроўках, — на самой сцэне. Усе разам падхопліваюць словы песні. Апошнюю страфу падхопліваюць і гледачы з залы:

Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..