сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вера НАВУМІК, Валянціна НЕТКАЧАВА, Вера ШАМЯЦЮК. Роднае слова 2004.

“Свая хатка - як родная матка”

Тэатралізаванае свята

Уступупнае слова настаўніка. Прамоўца распавядае пра абрады, уласцівыя нашаму народу, дае тлумачэнне паняцця “абрад”. Далей размова ідзе пра асаблівасці будаўніцтва традыцыйнага народнага жылля, паэтапнасць яго ўзвядзення - выбар месца для хаты, падрыхтоўка і апрацоўка драўніны, закладка фундамента (закладзіны), узвядзенне страхі (кветка), улазіны (уваходзіны).
Больш шырока пазнаёміцца з абрадам “Уваходзіны” настаўнік прапануе падчас свята “Свая хатка - як родная матка”, падрыхтаванага вучнямі VII - IX класаў,
На прыступках лесвіцы сядзяць суседзі - старыя Лявон і Пятрок, размаўляюць. Да іх падыходзіць малады мужчына Васіль.

Васіль. Здаровы былі!
Старыя. Здароў, калі не жартуеш.
Здароўкаюцца за руку. Васіль сядае побач,
Лявон. Сёння ў Івана ўваходзіны. Усіх суседзяў запрашае да сябе.
Пятрок. Ты таксама пойдзеш?
Лявон. А чаму не? Трэба ўважыць мужыка. Добры чалавек.
Пятрок. Ды і жонка ў яго добрая жанчына, прыгожая, ветлівая.
Лявон. Ага, як убачыць мяне, заўсёды спытае пра здароўе...
Васіль. Дзядзька Лявон, я таксама надумаў узводзіць хату. Чуў ад людзей, што ёсць нейкія народныя прыкметы, перасцярогі, звязаныя з будаўніцтвам. Можа, ты што-небудзь ведаеш пра гэта?
Лявон. Канешне, ведаем, і я, і Пятрок.
Васіль. Дык, можа, параіце мне, што трэба мець на ўвазе.
Лявон. Чаму не дапамагчы. Слухай! Для будоўлі хаты не бяры вывернутае непагаддзю дрэва, бо яго чорт для сябе выбраў і разам з дрэвам можа пасяліцца ў хаце...
Пятрок. Не выкарыстоўвай і тое дрэва, што звісла над другім, бо хутка будынак твой згарыць..,
Лявон. Вопытны селянін ніколі не возьме для будучага жылля рыплівае дрэва, бо ў збудаванай з яго хаце памрэ чалавек, а ў хляве - жывёла...
Васіль. Які жах!
Пятрок. А ты што думаў! Раней на падмурак ніколі не бралі каменне з могілак, бо ўвесь час будуць непрыемнасці,
Васіль. Добра, што папярэдзілі. А з чаго пачынаць будаўніцтва?
Лявон. Вядома з чаго - з выбару месца.
Пятрок. Праўду гаворыць Лявон. Калі аблюбаваў нейкую мясціну, пастаў на тым месцы чыгунок з павуком, Калі за ноч ён “сатчэ кросны то месца пад хату выбрана ўдала.
Лявон. Не трэба забываць і пра дамавіка. Пры будаўніцтве хаты трэба пакласці пад вугал манеты, кавалак хлеба ці сыру або галаву пеўня.
Васіль. Гэта ахвяраванне дамавіку?
Лявон. Так.
Васіль. А што яшчэ?
Пятрок. Яшчэ? Ну, напрыклад, калі будзеш класці першы вянок, то сачы, Куды паляціць першая трэска.
Васіль. Навошта гэта?
Пятрок. А вось навошта: патрапіць трэска ў сярэдзіну чатырохкутніка - значыць, будуць прыбыткі ў хаце!
Лявон. Ёсць і такі звычай: пад чатыры вуглы кладуць пасвечаныя зёлкі або хваёвыя галінкі, каб засцерагчы дом ад перуноў.
Васіль. Цікава! А што робяць пры завяршэнні будаўніцтва?
Пятрок. Гаспадар перакідвае цераз апошні вянец свянцонае яйка, якое адразу закопваюць там, дзе яно ўпала.
Васіль. А гэта для чаго?
Пятрок. Каб вецер не здзіраў страху.
Лявон. Ну, і самае галоўнае - гэта ўлазіны, ці, як цяпер гавораць, уваходзіны. На іх запрашаюць родных, сваякоў, суседзяў, сяброў... Госці віншуюць гаспадароў, робяць ім падарункі,
Пятрок. За дзень да пераезду гаспадары пускаюць у хату ката ці пеўня, якія з’яўляюцца абярэгамі ад нячысцікаў, ад розных хваробаў і смерці.
Васіль. Дзякуй вам, дзядзька Лявон і дзядзька Пятрок, за карысныя парады. (Памаўчаўшы.) Дык, гаворыце, сёння ў Івана наваселле? Трэба будзе зайсці.
Лявон. Прыходзь абавязкова. Там і сустрэнемся, пасядзім за сталом, песні паспяваем.
Пятрок. Патанцуем з маладзіцамі.
Васіль. Ну, дык я пабягу - трэба падрыхтавацца як след.
Лявон. Бяжы! Мы таксама пойдзем.

АБРАД “УВАХОДЗІНЫ”
Сцэна прыбрана пад інтэр’ер сялянскай хаты. Пасярод хаты — сталы.
Гаспадыня (завіхаючыся ля сталоў. Да гаспадара). Здаецца, толькі ўчора вяселле мы з табой спраўлялі. А вось, глядзі ты, і хату збудавалі. Проста не верыцца!
Гаспадар (весела). І сапраўды!
Чуецца стук у дзверы. На парозе з’яўляюцца госці. Яны заходзяць парамі, вітаюцца, перадаюць падарункі, віншуюць.
1-ы госць.
Новы дом — нібы вяселле,
Нават розніцы няма:
Не сабака ты на сене -
Ці то лета, ці зіма.

1-я госця. Мы дорым вам падкову, каб шчасце ніколі не пакідала вашу хату!
2-і госць.
Хай жа будзе тут заўсёды
Так заможна, як нідзе.
Хай да хлеба будуць соты -
Каб і мёд па барадзе.
2-я госця. А вось шматок саломы. Калі, крый Божа, давядзецца каму-небудзь з вас упасці, няхай заўсёды будзе саломка пад рукой.
3-я госця.
Уваходзіны спраўляем.
Хай жывуць гаспадары,
Мы цяпла ім пажадаем,
Гэта ўжо не на двары.
3-і госць. Дазволь, гаспадар, уручыць табе гэты кісет з махоркай. Куры ды ўспамінай нас добрым словам.
4-ы госць.
Каб не зведаць вам ні кратаў,
І ні торбы жабрака,
Мы жадаем шчасця ў хату
І з дабром дамавіка.
4-я госця. А гэта табе, гаспадыня, салонка з соллю. І памятай: недасол на стале, перасол - на спіне.
5-ы госць.
Мы са святам уваходзін
Вас прыйшлі павіншаваць.
Хай вам Бог заўсёды годзіць
Шчасце-радасць нажываць.
5-я госця. Вось вам, паважаныя гаспадары, яйка - не залатое, а звычайнае: няхай вашы куры добра нясуцца.
6-ы госць.
Мы жадаем вам пражыць
Шмат гадоў і трошкі.
Ворах шчасця вам нажыць
І дабротаў ношку.
6-я госця. Гавораць, што дзяцей знаходзяць у капусце. Пашукайце, калі ласка, можа, і вы таксама знойдзеце іх там. (Дорыць качан капусты.)
7-ы госць.
3 вашай працы, з Божай ласкі
У цяжкую эпоху
Вы займелі дом уласны,
Ну, і дзякуй Богу.
7-я госця. А гэта самы галоўны наш падарунак - абраз Божай Маці. Няхай яна на працягу ўсяго жыцця зберагае вас і вашу хату ад нячыстай сілы.
Гаспадыня. Госцейкі дарагія! Так прыемна, што вы прыйшлі да нас.
Гаспадары запрашаюць усіх сесці за стол і пачаставацца.
Гаспадар. Будзем пачынаць наша свята.
1-я госця (да гасцей). А давайце пачнём застолле з песні, каб у гэтым доме заўсёды весела было.
Усе. Давайце!
Гучыць песня “Сёння ў нашай хаце свята” (словы У. Някляева, муз. В. Іванова).
1. Сёння ў нашай хаце свята,
Калі ласка, ў нашу хату.
Гэй, рады прыняць -
Гуляць дык гуляць!
Прыпеў:
Сёння гудзе ад ранку ў нас гулянка,
А ўчора з вячора...
3 намі гуляй, хто хоча, хоць да ночы,
Хто адгуляў - спачывай.

2. Ліха з горам ды з бядою
Скосім разам з лебядою.
Гэй, кінь гараваць -
Гуляць дык гуляць!
Прыпеў.

3. Покуль жывы ў свеце людзі,
Так ці гэтак - неяк будзе.
Гэй, жыць - не ўміраць,
Гуляць дык гуляць.
Прыпеў.

2-я госця. Цікава, а як выглядалі першыя дамы?
3-я госця. Гэта былі глыбокія ямы, пячоры, збудаванні з чароту, галля, нават з касцей дзікіх жывёл.
4-я госця. Прычым доўгі час дамы былі адкрытыя, без дахаў.
5-я госця. Затое цяпер як растуць дамы, заўважце, - і ўвысь, і ўшыр.
Гаспадыня (узрушана). А што я вам зараз раскажу! Прыходзіць учора да мяне суседка і кажа: “Купіла ў краме цукерак, паставіла ў вазачку, адвярнулася на некалькі хвілін - цукеркі зніклі. А ў хаце нікагусенькі”.
1-ы госць. А гэта дамавік! Яны ў кожнай хаце ёсць. Адны ліхія, другія добрыя.
6-я госця. Можна нават вызначыць месца, дзе жыве дамавік.
7-я госця (з цікаўнасцю). А як?
6-я госця. Правесці рукою па ўсіх прадметах у хаце. Ён выдае сябе моцным цяшіом.
7-я госця. А як быць з ліхім дамавіком?
6-я госця. Выселіць з дапамогай замовы: “Дамавік мілы, гаспадар справядлівы. Завяліся ў хаце пацукі з чыёйсьці нядобрай рукі. Памажы пацукоў звесці, каб не грызлі зерне ў мяшках, не пілі малака ў ражках, каб пра нашу сядзібу забыліся і векі вечныя тут не вадзіліся, не палохалі нашых дзетак і ўнучат-кветак”.
7-я госця. Чуеце, які клопат пра дзяцей і ўнукаў!? А як хочацца, каб і дзеці ніколі не забывалі родную хатку! І прыязджалі тады, калі бацькі яшчэ выходзяць ім насустрач, цікавяцца жыццём.
Гаспадыня. А мая дачка нядаўна добры верш вучыла на памяць. Так і называецца: “Трэба дома бываць часцей”. А напісаў яго Рыгор Барадулін. Ты, Ганначка, нам зараз гэты верш прачытай. Хай госцейкі паслухаюць. Думаецца, што яго вершаваныя радкі нікога з нас абыякавым не пакінуць, а закрануць самыя патаемныя струны душы.
6-я госця. Давай, Ганначка, не саромейся, прачытай верш. Мы вельмі цябе просім.
Ганначка чытае верш.
2-я госця. Гляджу я зараз на вас, гаспадароў, Шчаслівыя - асобны дамочак маеце, А мне давялося калісьці жыць у пакоі, дзе, акрамя нас з мужам, жыло яшчэ 8 чалавек. Свая хата была толькі марай. Хоць з лебяды — абы свая. Ну, як у той песні пяецца - “Ой, дзяўчына, шуміць гай”.
2-і госць. А давайце і праспяваем яе цяпер.
Гучыць песня “Ой, дзяўчына, шуміць гай” (кожны куплет паўтараецца два разы).
1. “Ой, дзяўчына, шуміць гай,
Каго любіш — забывай, забывай!”
2. “Няхай шуміць шчэ й гудзе,
Каго люблю - мой будзе, мой будзе!”
3. “Ой, дзяўчына, сэрца маё,
Ці ты пойдзеш за мяне, за мяне?”
4. “Не пайду я за цябе, -
Няма хаты у цябе, у цябе”.
5. “Пойдзем, сэрца, у чужую,
Пакуль сваю збудую, збудую”.
6. “Збудуй хату з лебяды,
А ў чужую не вядзі, не вядзі!
7. Чужа хата такая,
Як свякруха ліхая, ліхая:
8. Як не лае, то бурчыць,
А ўсе ж яна не маўчыць, не маўчыць”.
Чуецца стук у дзверы. Уваходзіць міліцыянер.
Міліцыянер. Добры вечар! Чую, гоман. Дай, думаю, зайду.
Гаспадыня. І добра, што зайшлі. Мы вось уваходзіны спраўляем. Праходзьце, калі ласка, сядайце, частуйцеся.
Міліцыянер. Прабачце, часу малавата маю. Я на службе. Але раз ужо так шчыра просіце, то я падзялю вашу радасць, а заадно і каштоўныя парады дам:
- не хавайце ключы ад хаты ў даступных для чужых людзей месцах;
- зрабіце дзвярное вочка;
- не пакідайце адчыненымі форткі, дзверы;
- не бярыце на кватэру незнаёмых асобаў;
- у выпадку небяспекі пазваніце па тэлефоне “02”. Гаспадыня. Дзякуем за парады. Ды патанцуйце з намі хоць адзін танец.
Міліцыянер. Згодзен. Угаварылі.
Гучыць музыка. Усе танцуюць.
Міліцыянер (Часта дыхаючы, развітваецца). Дзякуй вам. Мне пара.
4-я госця. Дзяўчаты, а давайце прыпеўкі заспяваем.
Усе. А што? Давайце! (Спяваюць.)
1. Нам кадрылі надаелі,
Пойдзем полечку скакаць,
нашы хлопцы пастарэлі,
Дзе нам новых пашукаць?
2. Расце мак-пастарнак
І цыбуля-дынька.
Мой муж - гаспадар,
А я - гаспадынька.
3. Біцеся не біцеся -
Не ваша паненка.
Яшчэ замуж не пайду,
Бо я маладзенька.
4. Кажуць, што я ганарліва.
Гонарам ўсе цешацца!
Лепей з гонарам любіць,
Чым на шыю вешацца.
5. Сівы конь, сівы конь,
А белая грыва,
Любіць буду кавалераў,
Пакуль буду жыва.
6. Каму гора, каму гора,
А мне горачка няма.
Я прывыкла ў горы жыць,
Мяне гора весяліць.
7. Як на вуліцу гуляць -
Ручкі-ножкі не баляць.
Я тая работніца,
Што гуляць ахвотніца.
8. Люблю таго, паважаю,
Хто танцуе і пяе.
Ненавіджу той зануды,
Хто сядзіць і абсмяе.
Гаспадар. Дзякую, госцейкі, за прыпевачкі! Вось пацешылі!
Госці. Пара нам ужо дамоў збірацца. Шчыра дзякуем за пачастунак! Да пабачэння!
Выходзяць, спяваючы песню “Бывайце здаровы” (верш А. Русака, муз. І, Любана).

Яшчэ на гэту тэму:

Прыгажосць і ўтульнасць беларускай хаты     “Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаём сваю Радзіму... ”