сцэнарыі святаў на беларускай мове

Любоў ПАРМОН, настаўнік пачатковых класаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Уздзенскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната. Людміла САХАРЭВІЧ, выхавальнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Уздзенскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната. Наталля ТРЫГУБОВІЧ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Уздзенскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната. Роднае слова 2011/10

Такія звыклыя і незнаёмыя рэчы...

Сцэнарый вечарыны

Мэты: стварыць умовы для пашырэння ведаў пра побыт беларусаў, далучаць да духоўнай спадчыны народа; спрыяць развіццю творчых здольнасцей школьнікаў, садзейнічаць выхаванню павагі да беларускай народнай культуры.

Ход мерапрыемства

1-ы вядучы. Для кожнага з нас, беларусаў, дзедаўская сядзіба - тая спадчына, матэрыяльная і духоўная, якую атрымалі мы ад продкаў і якую павінны годна перадаць сваім дзецям і ўнукам.
Што страцілі мы з гэтай спадчыны? Што прыдбалі за свой век? Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога ўкладу жыцця не варта, але ведаць, як жылі нашы дзяды-прадзеды, - трэба.
2-і вядучы. Пры яркім святле бліскавіцы відаць усё навокал. А пры святле свечкі на покуці ў матчынай хаце, пры святле малітвы ў душы відаць і тое, што засталося ў мінулым, і ясніцца шлях у будучыню.
I сёння мы запрашаем вас дакрануцца душой і сэрцам толькі да часцінкі таго, што некалі было вельмі дарагім для нашых продкаў. Глянем іншымі вачамі на такія звыклыя для ўсіх нас рэчы.
1-ы вядучы. Зойдзем у адну з хат. 3 сяней павее прыемнай прахалодай, пахам хлеба, паранай бульбы. У невялічкай хаце светла ад пабеленай печы і сцен.
I зімой халоднаю
Ты не станеш нам чужою,
Хата наша родная,
Хата - з матчынай душою.
Інсцэніроўка
Пасярод сцэны лаўка. На лаўцы сядзяць старыя: бабуля абірае бульбу, дзядуля праглядае газету. Убягае дзяўчынка, садзіцца на лаву.
Дзяўчынка. Бабулечка, а куды гэта тата з мамай так прыгожа апранутыя паехалі?
Бабуля. То ж, дзетка, на ўваходзіны да цёткі Ганны падаліся.
Дзед. Добрую хату Сцяпан адбудаваў. Ды і пару добрую выбралі, каб засяліцца - акурат зараз поўня.
Бабуля. Казалі, што ўсё па правілах зрабілі: і ікону са свечкамі ўносілі, і пеўніка праз акно ўпусцілі. А ён і закукарэкаў. Добры знак. I бацюшку прывозілі, каб асвяціў новую хату.
Дзед. А ці помніш, старая, як мы засяляліся? Твая маці прыйшла, мёдам вуглы нам у хаце мазала, каб соладка жылося.
Дзяўчынка. А раскажыце што цікавае пра тое, як хату будавалі.
Дзед. Ох, унучачка, нам на цэлы вечар успамінаў хопіць.
Дзяўчынка. Раскажы, дзедка, раскажы.
Дзед. Ну, то слухай. Хату ніколі не будавалі на скрыжаванні дарог, бо такое месца называлі “чортавымі шляхамі”. Не ставілі хату і на тым месцы, дзе раней была лазня: гэта месца лічылася прыстанішчам ведзьмаў. Праклятым лічылася месца, на якім адбылося забойства ці знайшлі чалавечыя косці.
Бабуля. Яшчэ мой тата казаў: “Будуй хату на тым месцы, дзе любяць ляжаць карова, конь, авечкі”
Дзяўчынка. А як вы выбіралі сабе месца пад хату?
Бабуля. Узяў твой дзядуля гаршчочак з мёдам і паставіў на ноч на двары. Прыйшлі мы ранкам і ўбачылі: там мурашак-мурашак! Вось і сталі там будавацца.
Дзяўчынка. А калі б мурашак там не было?
Бабуля. То другое месца шукалі б.
Дзед. А яшчэ, унучачка, не будавалі хату з сухога дрэва. Лічылася, што ў хаце хвароба будзе - сухоты. Не бралі для будаўніцтва паваленыя бурай дрэвы, нахіленыя ці скручаныя.
Бабуля. А помніш, стары, як пры закладзінах першага вянка зруба пад кожны вугал закопвалі кавалачкі хлеба, сыру, грошы, купальскія зёлкі?
Дзяўчынка. А нашто так рабілі?
Дзед. Каб задобрыць дамавіка, добрых духаў.
Бабуля. А яшчэ, калі страха была гатова, гаспадар перакідваў цераз хату свянцонае яйка і закопваў яго там, дзе ўпала. Гэта было абярэгам ад няшчасных выпадкаў і стыхійных бедстваў.
Дзяўчынка. А я-то думаю, чаму гэта ў Мані з Петрыкам страху ў час буры сарвала! Відаць, не перакідаў Петрык яйка, каб хату засцерагчы.
Бабуля. Ах ты, мая разумніца. Замарыў дзед нас сваімі байкамі. Ідзі, стары, дроў прынясі. А ты, унучка, занясі парасяткам травы. А я пайду кароўку даіць.
Разыходзяцца.

1-ы вядучы. А вось гаспадаром у хаце заўсёды з’яўляўся дамавік, які жыў пад печчу, у каморы ці ў сенцах.
Лічылася, што дамавік ноччу ахоўвае гаспадарку ад злодзеяў, падтрымлівае агонь у печы, даглядае жывёлу, сушыць зерне. Калі яго раззлаваць - б’е посуд, хавае рэчы, не дае спаць. Пры пераездзе ў новую хату гаспадар абавязкова зваў за сабой дамавіка.
1-ы чытальнік.
Дамавічок, дамавічок!
Здыму кручок -
Зайдзі праз дзверы,
Вазьмі вячэру,
Хоць хлеба-солі
Паеш уволю,
Вады напіся...
Спаць не кладзіся:
Пільнуй у хаце маё багацце -
Здароўе мужа,
Каб быў ён дужы,
Дачкі і сына, і ўсёй радзіны.
Пільнуй, мой браце,
Дабро і шчасце,
Заві каханне,
Любоў дазвання,
Вядзі парадак
Без спрэчак-звадак,
Каб сон мы мелі
Заўжды спакойны,
Каб не грымелі над хатай войны.
Засцерагай жа,
Наш дружа мілы,
Ад злога вока,
Ад цёмнай сілы.
Зганяй з парога
Дэмана злога,
Пакліч нам Бога,
Бога святога!

Выконваецца песня “Родная хата” (сл. А. Роўды, муз. Л. Захлеўнага).
2-і чытальнік. Для людзей, якія па нейкіх прычынах пакідалі сваю хату, менавіта парог рабіўся сімвалам роднага дома. У вясельнай абраднасці парог адыгрываў вялікую ролю. У дзень вяселля, калі малады прыязджаў у хату да маладой, яе маці са свечкай станавілася на парозе хаты і, падняўшы талерку з хлебам і соллю, трымала яе да таго часу, пакуль пад ёй цераз парог не пройдуць усе госці.
3-і чытальнік. Быў таксама яшчэ адзін вясельны звычай: жаніх пераносіў нявесту цераз парог у хату на руках. Раней пад парогам хавалі астанкі памерлых, таму баяліся, што нявеста, пераступаючы парог, ненарокам за яго зачэпіцца і гэтым угневае продкаў мужа, якія могуць наклікаць на яе бяздзетнасць ці іншыя непрыемнасці.
2-і чытальнік. Маладая ж, калі выпраўлялася з роднай хаты, тры разы прысаджвалася на парозе, развітваючыся з ім.
Выконваецца народная песня “Дзе б я ні ехала, дзе б я ні йшла”.
3-і чытальнік. Парога наогул пабойваліся, лічылі яго месцам небяспечным. На парозе забаранялася сядзець незамужнім і нежанатым, бо застануцца адзінокімі на ўсё жыццё. Лічылі таксама, што калі хворы памірае, то анёл сядзіць каля яго ложка, а д’ябал знаходзіцца каля парога, чакаючы, калі Божы пасланец адвернецца і можна будзе схапіць душу нябожчыка.
Каб засцерагчы хату ад нячыстай сілы, на парозе выразалі крыжы, над дзвярыма вешалі падкову, утыркалі вострыя прадметы, каля парога раскладвалі крапіву.
1-ы вядучы. 3 часам парог страціў сваё сакральнае значэнне. Забыліся людзі і пра старажытныя абрады, якія адбываліся на парозе дома, наўрад хто сёння баіцца пранікнення ў хату праз дзверы “нячыстай сілы”. Але “бацькоўскі парог” застаўся ўвасабленнем уваходу ў бацькоўскую хату, і кожнага, хто вяртаецца здалёку, каля дзвярэй ахоплівае вялікае хваляванне, хваляванне сустрэчы.
4-ы чытальнік.
Чакае нас
Мноства дарог.
Нас вабяць
I далі і высі.
Але на бацькоўскі
Парог
Абавязкова
Вярніся.

Каб сэрцам
Глыбока адчуць,
Як водар
Нясуць медуніцы,
Як сосны
Над кручай гудуць,
Як звоняць
Світальна крыніцы.
.....................
Усё,
Што народ наш
Стварыў,
Аберагаць мы
Павінны -
I песню ўраджайную
Ніў,
I мірнае неба
Айчыны.

Чакае нас
Мноства дарог.
Нас вабяць
I далі і высі.
Але
На бацькоўскі
Парог
Абавязкова вярніся.
А. Грачанікаў. Бацькоўскі парог.

2-і вядучы. Калі дарагі госць пераступаў парог, яго запрашалі прайсці і садзілі на покуці. А што такое покуць, вы ведаеце? А вось вам і падказка:
Бог жыве на небе,
Бог жыве ў царкве.
А ў вясковай хаце
Дзе Ён, Бог, жыве?

5-ы чытальнік.
У куце, над кніжнай паліцай,
Абразок малы свіціцца.
Маці на ім Божая -
Добрая, харошая.
Калі хлопчык наш сярдзіты,
Маці хмурыцца нібыта.
Калі цацкі пазбірае,
То паглядам ухваляе.
Вось чаму на той абраз
Мама хрысціцца падчас.
Г. Каржанеўская. Абраз.

1-ы вядучы. Покуць - частка храма ў хаце. Уверсе, пад самай столлю, вісяць абразы - з выявамі Ісуса Хрыста, Дзевы Марыі - Маці Божай і святых. Яны маўклівай малітвай асвячаюць хату і жыццё людзей у гэтай хаце, на ўсёй сядзібе.
Покуць прыгожа ўбіраецца ручнікамі-набожнікамі. За абразам знаходзяцца галінкі асвечанай вярбы, бутэлечка з асвечанай вадой.
Покуць спрадвеку ачышчала і ўзвышала чалавека.
6-ы чытальнік.
Светла было на душы,
Цешыла хатка-святліца.
“Чалавек, не грашы!” -
Напамінала бажніца.

Ціхім, спакойным агнём,
Не ведаючы зацьмення,
Свечка гарэла і днём,
Як Божае благаславенне.

Новы прыйшоў гаспадар,
Не свечка, адкрытая Богу,
А металічны ліхтар
Яму асвячае дарогу.

Гмах падняўся, як груд,
На месцы хаткі-святліцы,
Толькі нямашака тут
Ні покуці, ні бажніцы.

Свечку час патушыў -
I ў храм не вядзе сумленне,
I пацямнела ў душы
Без Божага благаславення.
М. Маляўка. Свечка на покуці.

2-і вядучы. Пра якія рэчы пойдзе размова далей, падкажа нам загадка: “Стаіць сасна, на сасне лён, на льне жыта” (стол, абрус, хлеб).
Стол, можна сказаць, самая дарагая рэч у хаце. Не таму, што каштуе шмат. Нават самаробны, цёмны ад старасці стол - дарагі, бо кожны дзень збірае разам, аб’ядноўвае сям’ю, дарослых і дзяцей. Таму і стаіць ён звычайна на покуці - на самым пачэсным месцы ў хаце. Раней думалі, што праз стол наладжваецца сувязь з Богам, з небам.
7-ы чытальнік (замілавана глядзіць на стол, абыходзіць яго, пяшчотна гладзіць і садзіцца за яго). Табе, шчодры сялянскі стол, хачу сказаць я ласкавае слова. Я памятаю кожную метку на тваіх дошках. Вось гэтыя шрамы ад вострага нажа засталіся з таго часу, калі дзед крышыў на ім табаку, а бабуля - капусту. Гэтыя кругленькія ямачкі - сляды моцных арэшкаў, якія нават малатком разбіць было цяжкавата. А вось гэтыя зарубкі на тваіх ножках расказваюць, як раслі, падымаліся дзеці.
Ты прапах аўсяным кісялём, капустаю, блінамі, клёцкамі ды бульбаю з грыбамі.
Я веру, што ты ўсё яшчэ памятаеш цеплыню і пах загарэлых караваяў, якія толькі што вынялі з печы.
Стол, ты яшчэ не забыўся, як мой бацька пачынаў новы каравай? Ён доўга, старанна абціраў пот, браў круглы бохан леваю рукою, прыціскаў яго да грудзей, а праваю абганяў кругом ладны акраец. У сялян была спрадвеку вялікая павага да хлеба, які ім не так лёгка ўжо і даваўся. Стол, ты памятаеш і галодныя дні нашы, калі ў хаце, здавалася, халадала ад бездапаможна парожняй печы. Ты ж ведаеш, як наша мама старалася хоць нечым скрасіць гэты час. Ёй было дастаткова аднаго зубка часнаку і маленькага кавалачка здору, каб у нашай хаце запахла, як на Каляды.
Паводле М. Стральцова.

8-ы чытальнік. Са сталом звязаны і многія рытуальныя дзеянні. Так, калі быў гатовы вясельны каравай, маладую прыводзілі ў хату, і яна, атрымаўшы дабраславенне бацькоў, тройчы абыходзіла са сватам вакол стала. Бабка-павітуха пасля купання немаўля, трымаючы яго на руках, разам з кумам таксама тры разы абыходзіла вакол стала, на якім ляжаў хлеб.
На стол клалі самае дарагое - хлеб, стаўлялі свечкі, святую ваду. Але на яго ніколі не клалі шапку, грэбень, ключы ці сумку. На стол не садзіліся і не станавіліся нагамі.
9-ы чытальнік. На святы стол засцілаўся абрусам, яшчэ яго называюць настольнікам. Абрусы ткалі на кроснах, плялі і вязалі (дэманструюцца абрусы). Пасажны скарб нявесты лічыўся няпоўным, калі ў куфры не было абруса. Не забывала пра абрус цешча, сустракаючы зяця: “Для зяця - найлепшы абрус у хаце”. Ёсць пра абрус і загадка: “Білі мяне білі, калацілі, на кавалкі рвалі, па полі цягалі, на ключ замыкалі і на стол паслалі”. Гэта загадка нам дапамагае зразумець, колькі працы і душы трэба было ўкласці, каб абрус пацешыў вочы людзей. Пра гэта і прыказка: “У мамы стол любоўю і ласкаю засланы”. А ў шматлікіх песнях стол і абрус сімвалізуюць нашу беларускую гасціннасць.
Выконваецца песня “Бяседа” (сл. Л. Пранчака, муз. Л. Захлеўнага).
1-ы вядучы. Не ведаю, як хто, а я люблю гэтую загадку, нібы прыдумаў яе сам:
Яна галодная -
Хата халодная,
Яна пад’ела -
Хата пацяплела.

Здагадаліся, пра што ідзе размова? Так, гэта - печ. Яна і грэла, і карміла, лячыла ад прастуды, расказвала казкі маміным голасам і ціха закалыхвала ў цёплым паўзмроку.
Сялянскую хату нельга ўявіць без печы. Адышлі ў нябыт печы-каменкі і глінабітныя печы. Цяпер печ кладуць з абпаленай цэглы, прыгожа абліцоўваюць кафляю.
10-ы чытальнік. 3 печчу ў беларусаў звязаны шэраг абрадаў. Так, у перыяд вялікіх дажджоў, каб спыніць макрэчу, спальвалі ў печы зеляніну, якой упрыгожвалі хату на Тройцу.
3 печчу звязвалі і розныя замовы. Напрыклад, маці, каб абараніць дзіця ад злых начных духаў, якія мучаюць дзяцей і не даюць спаць, прыгаворвала:
Яснае сонейка дзень пачынаець,
Дзянніц пасылаець,
Боль сунімаець.
Шух у печ! Шух у печ!

11-ы чытальнік. Напярэдадні Раства Хрыстова, раніцай, вымяталі попел з печы, выносілі яго на двор і слухалі: у якім баку ў гэты час за- брэшуць сабакі, адтуль і будзе жаніх для дачкі ці нявеста для сына.
Печ выклікала павагу ў людзей. Жадаючы прыструніць таго, хто брыдкасловіць, яму казалі: “Печ ў хаце!” - маўляў, пры печы нельга гаварыць такія словы. Печ не толькі паважалі, але і пабойваліся. 3 ёю былі звязаны некаторыя прыкметы. Лічылася, калі печ пачне трашчаць з левага боку - памрэ гаспадыня, калі з правага - гаспадар. Выпадзенне з печы цагліны прадвяшчала распад сям’і.
2-і вядучы. Зразумела, печ ужо не мае той сакральнасці, як у даўніну, але яе роля як сімвалічнага дамашняга ачага захоўваецца ў народным усведамленні і сёння. Давайце ўявім, як патрэскваюць дровы ў печы, як цёпла каля жоўтых языкоў полымя, і адчуем пах нашых беларускіх дранікаў.
Выконваецца песня “Беларуская гасціннасць” (сл. Н. Аксенчык, муз. А. Аўсіюка).
12-ы чытальнік.
Яшчэ ён не пусты,
Наш куфар старажытны.
Цвіце ў ім лён густы
I каласіцца жыта.

У куфры тым ляжаць
3 ільну і кветак скарбы.
Лясы і сенажаць
Далі свае ім фарбы.
.........................
Абрусы, ручнікі
I посцілкі - надзіва.
Любоў, жыццё, вякі
I ўся мая радзіма...

Не буду варажыць
Аб густах і жаданнях.
Я знаю: скарб ляжыць
У куфрах старадаўніх.
П. Панчанка. Куфар.

1-ы вядучы. Куфар часта згадваецца ў вясельных песнях. Дзяўчына збірала пасаг, складвала яго ў куфар, чакала, калі пойдзе пад вянец. Тады куфар перавозілі ў хату маладога.
Куфры рабілі з дошак майстры-мужчыны, а вось размалёўвалі “скарбонку нявесцінага багацця” жанчыны. Па тым, што знаходзіцца ў куфры, меркавалі пра ўмельства і працавітасць дзяўчыны. Аднак народ лічыў, што не заўсёды багаты пасаг нявесты прыносіў шчасце. Пра гэта прыказкі: “Шчасце ў куфар не пакладзеш”, “Сватай, кухар, дзеўку, а не куфар”, “Не з пасагам жыць, а з чалавекам”.
На Беларусі існавала традыцыя саджаць маладую на куфар, пакрыты кажухом. Гэта абазначала тое, што старажытны звер-продак (часцей мядзведзь; яго сімвалізаваў кажух) дабраслаўляе нявесту на шлюб. Зычыць ёй шчасця і дабрабыту.
У час вяселля таксама існаваў абрад выкупу куфра жаніхом.
2-і вядучы. А зараз паспрабуйце адгадаць маю загадку:
Чараўнічай сілай, мабыць,
Да сябе яно нас вабіць.
Між людзей няма таго,
Не глядзеў бы хто ў яго.
Хто ў яго зірнуць ахвочы,
Сам сабе той гляне ў вочы.
Так, гэта люстэрка.

Нашы продкі надзялялі люстэрка звышнатуральнай сілай. Яны верылі, што гэта рэч на мяжы паміж зямным і іншасветам. Існуе шмат прыкмет і павер’яў, звязаных з люстэркам, іх прытрымліваюцца і сёння.
13-ы чытальнік. Разбітае, трэснутае люстэрка ў хаце выклікала трывогу і лічылася прадказальнікам бяды.
Калі ў хаце паміраў чалавек, люстэрка завешвалі і пераварочвалі яго да сцяны, каб не было падваення смерці ў сям’і.
Забаранялася глядзецца ў люстэрка ноччу, у час навальніцы і ўдараў маланкі. Лічылася, што ў такія хвіліны можна ўбачыць сваю смерць, пастарэць раней часу, страціць прыгажосць і здароўе.
На працягу першага года жыцця дзіця не падносілі да люстэрка. Лічылася, калі дзіця ўбачыць сябе ў люстэрку, можа перастаць развівацца, стаць заікай, доўга не будзе размаўляць.
Часам пасля вянчання маладым падносілі люстэрка, у якое яны павінны глядзецца разам - “каб жыць у пары”.
У народзе лічылася: “Калі разаб’еш люстэрка, цябе чакае сем няшчасцяў”. Каб пазбегнуць непрыемнасцей, народныя знахары раілі кінуць чацвярговую соль праз левае плячо, а люстэрка кінуць у раку.
1-ы вядучы. Не менш цікавы прадмет, як люстэрка, і венік. Ці ведаеце вы, чаму ў хаце нельга трымаць два венікі? А ці ўмееце вы варажыць па веніку? А чаму венік лічыцца абярэгам?
14-ы чытальнік. Раней беларусы лічылі, што “пад венікам жыве дамавік”. Мець два венікі ў хаце - мець двух дамавікоў, якія выклічуць у хаце разлад, сварку паміж насельнікамі дома.
3 прычыны таго, што пад венікам прыстанішча дамавіка, людзі лічылі венік абярэгам ад нячыстай сілы.
А вось на Каляды дзяўчаты выкідвалі венік на вуліцу: калі яго падымаў мужчына, дзяўчына сёлета выйдзе замуж.
Інсцэніроўка
На сцэне бацька (у руках трымае венік), побач стаяць тры сыны.
Бацька (выцягнуў з веніка некалькі пруткоў і працягвае iх сынам). Зламіце.
Кожны сын лёгка зламаў свой пруток.
Бацька (падаючы ім венік). Паспрабуйце зараз зламаць!
Сыны стараюцца па чарзе зламаць венік, але ён толькі гнецца.
Бацька. Бачу, нічога не атрымалася. Венік гнуўся ў руках у кожнага з вас, але не ламаўся. Вось так і ў жыцці. Паасобку вы слабыя, як гэтыя пруткі. А будзеце трымацца разам, у звязцы, ніхто вас не зломіць.

15-ы чытальнік. Венікам не толькі падмятаюць. Дзе ён яшчэ можа спатрэбіцца?
Так, у лазні.
У нашых продкаў мыццё цела выконвала не толькі гігіенічную функцыю, але і засцерагальную, бо было звязана з культам вады.
Лічылася, хто памыецца ў лазні ў Чысты чацвер на досвітку, кінуўшы ў пасудзіну серабро, не будзе хварэць на працягу года. Пры гэтым венік і вядро вады пакідалі на палку для дамавіка і прыгаворвалі: “Табе, баня, на стаянне, а нам на здароўе”.
Сёння мыццё ў лазні страціла сваё рытуальнае, абрадавае значэнне, але, як і ў мінулым, цэняць лазню за яе аздараўленчыя якасці, як сродак ачышчэння цела і душы.
Выконваецца песня “Лазня” (сл. А. Пягчылава, муз. Л. Захлеўнага).
1-ы вядучы. Дарагія сябры! Будзем спадзявацца, што за сённяшні вечар вы больш даведаліся, але вакол вас столькі яшчэ цікавых і непазнаных хатніх рэчаў.
2-і вядучы. Часцей азірайцеся, сябры, назад, у мінулае, каб не згасла свечка на покуці - у хаце з матчынай душой, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню.
Выконваецца песня “Добрым людзям" (сл. К. Цыбульскага, муз. Я. Хаменкі).

Спіс літаратуры

1. Валодзіна, Т. В. Рэч у духоўным космасе беларусаў / Т. В. Валодзіна // Пачатковая школа. - 2001. - № 10. - С. 30.
2. Каржанеўская, Г. Рэчы для малечы / Г. Каржанеўская. - Мінск : РВА “Азбука”, 1996. - 30 с.
3. Котович, О. Золотые правила народной культуры / О. Котович, Я. Крук. - 2-е изд., испр. и доп. - Минск: Адукацыя і выхаванне, 2008. - 592 с.
4. Ленсу, Я. Ю. Таямніцы беларускай хаты / Я. Ю. Ленсу. - Мінск : Беларусь, 2007. - 167 с.
5. Маляўка, М. Абрус / М. Маляўка // Вясёлка. - 2006. - № 2. - С. 14.
6. Маляўка, М. Сядзіба, або Хата з матчынай душою : абразкі, вершы / М. Маляўка. - Мінск : Юнацтва, 2002. - 143 с.