сцэнарыі святаў на беларускай мове

Данута СКАРЖЫНСКАЯ, выхавальнік дашкольнай адукацыі вышэйшай катэгорыі, Гальшанскі яслі-сад Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. Пралеска 02/2018

Адкуль мой род

Забава для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў) з удзелам бацькоў

Праграмныя задачы: стварыць умовы для сумесных зносін дзяцей і бацькоў; замацоўваць уяўленні пра сям’ю, малую радзіму, аб тым, што ў кожнага чалавека ёсць імя, аб членах сям’і, іх сваяцкіх сувязях, камунікатыўныя ўменні; развіваць сацыяльную актыўнасць у зносінах і сумеснай дзейнасці з аднагодкамі і дарослымі, цікавасць да гісторыі сваёй сям’і; выхоўваць гуманныя адносіны, эмацыянальную прыхільнасць і давер да блізкіх.
Матэрыял і абсталяванне: фотавыстава «Мая сям’я», радаводы сямей, аўдыязапіс песні «У друзей нет выходных» (сл. и муз. Т. Залужной) у выкананні групы «Барбарики».

Ход мерапрыемства

Вядучы (В.). Мы жывём з вамі на Ашмяншчыне, у адной з самых старажытных вёсак Беларусі, багатай на знакамітых людзей. Як называецца наша вёска? (Адказы дзяцей.) Ці ведаеце вы, адкуль пайшла яе назва? (Назва пайшла ад імя заснавальніка — князя Гольшы.) Якіх знакамітых людзей нашай вёскі вы ведаеце? (Соф’я Гальшанская, княжна з роду Гальшанскіх, стала каралевай Польшы. Ёй у цэнтры Гальшан узведзены помнік. Юліянія Гальшанская, княжна з роду Гальшанскіх, прылічана да святых.)
Гэта нашы продкі, якія праславілі свой род станоўчымі справамі. Мы таксама можам пакінуць пасля сябе добры след. Па вашых учынках будуць памятаць і меркаваць пра ваш род, сям’ю.
Прапаную сёння адправіцца ў вандроўку «Адкуль мой род».

Прыпынак «Наша сям’я»

В. Сям’я з’явілася на зямлі даўным-даўно.
— Кожны знае,
Што сям’я —
Гэта, перш за ўсё, —
Сем Я...
К. Жук
Менавіта ў сям’і кожны чалавек адчувае сябе патрэбным, абароненым, любімым. Нездарма народная мудрасць кажа: «Мая сям’я — мая крэпасць».
Ва ўсіх з прысутных ёсць сем’і, і зараз мы з імі пазнаёмімся.

Усе падыходзяць да фотавыставы «Мая сям’я», дзеці па чарзе апавядаюць пра свае сем’і.

Прыпынак «Імя»

В. Кожны чалавек мае ўласнае імя. Калі б у нас не было імён, мы б не маглі звярнуцца адзін да аднаго. (Звяртаецца да дзяцей.) Ці ведае хто з вас тлумачэнне свайго імя ці імён членаў сям’і?
Некаторыя дзеці тлумачаць сэнс свайго імя ці імён членаў сям ’і: Радзівон — ружа, Макар — шчаслівы, Аляксей — абаронца, Васіль — цар, Анатоль — усход, Тарэза — ахова, абарона, Ірына — мір, згода.

В. Ад вашых бацькоў мы зараз даведаемся, чаму яны далі вам гэтыя імёны. (Выступленне бацькоў.)
Паслухайце верш аб тых выпадках, якія здараюцца часам з імёнамі.
1-е дзіця.
— Шыварат-навыварат! —
Клічуць хлапчукі.
— Шыварат-навыварат!
Хто ж гэта такі?
Мы зусім не ведаем
Гэткага імя.
Пачакайце крышачку,
Падкажу вам я.
2-е дзіця.
Гэта хлопчык ветлівы,
Рослы, гаваркі.
Як і вы, рухавенькі,
Мае дзве рукі.
Вось яны хлапчыне
I даліся ў знак
За што ні бяруцца —
Робяць абы-як —
Шыварат-навыварат.
Адгэтуль і пайшло —
Шыварат-навыварат
Да Сашы прырасло.
Н. Галіноўская
В. Чаму ж так назвалі хлопчыка, вы зразумелі? (Адказы дзяцей.)

Музычная паўза

Дзеці выконваюць песню «Детская дружба» (сл. Я. Жабко, муз. А. Константиновой).

Прыпынак «Хто ёсць хто?»

В. У даўнія часы сем’і былі вельмі вялікія. Пад адным дахам жыло некалькі сямей. Зараз мы даведаемся, як родныя звярталіся адзін да аднаго. Растлумачце значэнне слоў: тата, мама, сын, дачка, унук, унучка, бабуля, дзядуля, пляменнік. (Адказы дзяцей.)<br> 3-е дзіця.
Дзед, бабуля,
Тата, мама,
Брат з сястрой,
Таксама я.
Мы — вялікая сям’я.
В. Лукша

Прыпынак «Мой радавод»

В. Кожнаму трэба ведаць і шанаваць сваё карані, сваіх продкаў. Гэта даніна падзякі, даніна памяці. Вы бачыце радаводы сямей нашай групы, паслухаем пра некаторыя з іх. (Жадаючыя расказваюць пра свае радаводы.)
Вось і падышла да завяршэння наша сустрэча. Прапаную вам разам патанцаваць.

Дзеці і бацькі танцуюць пад песню «У друзей нет выходных».

В.
Сям’я — гэта клопат, заўжды ўзаемны,
Сям’я — гэта хлеба водар прыемны,
Штодзённа — і праца, і адпачынак,
Сям’я — твой надзейны ў жыцці прыпынак,
Куды б ні звялі цябе лёсу дарогі,
Шукай ты найперш у сям’і дапамогі,
Бо тая душа, тое сэрца багата,
Дзе вечна жывуць словы «мама» і «тата».
Мы з вамі расцём у сямейным коле,
Дзе шчасця і смеху заўжды даволі,
Сям’я — гэта роду твайго карані,
Ад ганьбы, як мову, сям’ю барані!
В. Літвіновіч

ЛІТАРАТУРА:

1. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2012.
2. Дубініна, Д.М. Свет вакол мяне: вучэб.-метад. дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі з бел. мовай навучання / Д.М. Дубініна. — 2-е выд., пашыр. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2012.
3. Старжынская, Н.С. Развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў ад 4 да 7 гадоў: вучэб,- метад. дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі з рус. мовай навучання / Н.С. Старжынская, Д.М. Дубініна. — Мінск: Аверсэв, 2018.

Яшчэ на гэту тэму:

“Шчаслівая зорачка”     “Бацька і маці ад Бога ў хаце”