сцэнарыі святаў на беларускай мове

Раіса БАГАДЗЯЖ — настаўніца беларускай мовы і літаратуры, Вольга ГАЙДУКЕВІЧ — настаўніца гісторыі Беларускага нацыянальнага культурна-асветніцкага цэнтра “Дзіцячы сад-школа №24” г. Барысава. Роднае слова 2/2001

“Імя той зоркі — палын...”

Інтэграваны ўрок літаратуры i грамадазнаўства па чарнобыльскай тэме

Мэта: абагульніць веды вучняў па тэме “Глабальныя экалагічныя праблемы сучаснасці і іх адлюстраванне ў беларускай паэзіі”; выхоўваць у вучняў экалагічную дасведчанасць, грамадзянскую актыўнасць.
Абсталяванне: магнітафон, відэамагнітафон, карта Беларусі, табліцы забруджання зямлі, ручнік, абраз, свечка, выстава твораў беларускіх паэтаў.

Урок праводзіцца ў форме імпрэзы.
На фоне гучання рэквіема запальваецца свечка.

Вучань.
Божа Вялікі!
Божа Усявышні!
Дай майму краю
I лекі, і сілы.
Хіба ў славянскім свеце
Ён лішні,
Каб станавіцца
Брацкай магілай?
Чым жа прац светам
Ён вінаваты?
Кім і за што?
I навошта пракляты?
Божа!
Ці прыйдзе, нарэшце,
Месія?
Ці дапаможа нам гора асіліць?
Кастусь Жук. Галгофа.

Трэці анёл пратрубіў, і ўпала з неба вялікая зорка, якая гарэла нібыта свяцільня, і ўпала на трэцюю частку рэк і на крыніцы вод. Імя той зоркі — Палын, і трэцяя частка вод зрабілася палыном, і многія з людзей памерлі ад водаў, таму што яны сталі горкімі...

Запальваецца святло ў зале.

Гісторык. Так гэта ці не, але, калі прыйшла ў наш дом бяда, людзі ўспомнілі радкі з Бібліі. Дзень 26 красавіка 1986 г. увайшоў у гісторыю Беларусі і ўсяго чалавецтва як адна з самых трагічных старонак XX стагоддзя. Атамна-ядзерны выбух на чацвёртым блоку Чарнобыльскай АЭС стаў страшным пакараннем усім людзям. Іначай глядзім мы сёння на знаёмыя абрысы карты Беларусі. Цяпер яны афарбаваныя чорным колерам. Чорнымі сталі Хойнікі, Брагін, Краснаполле, Чачэрск...
Літаратар. Сёння Чарнобыль — боль усёй Беларусі, і таму тэма чарнобыльскай трагедыі стала вызначальнай у нашай паэзіі, увогуле ў літаратуры. Трагедыя моцна адбілася на свядомасці тых, хто сваім сэрцам адчуў: здарылася вялікая бяда.

3 вуснаў паэтаў загучалі песні-плачы, споведзі, маналогі, рэквіемы і малітвы. У творах Ніла Гілевіча, Янкі Сіпакова, Сяргея Законнікава, Уладзіміра Някляева, Яўгеніі Янішчыц, Рыгора Барадуліна выразна прасочваюцца найбольш тыповыя тэмы:

1) тэма атручанай, мёртвай зямлі;
2) тэма бежанства, выгнання з роднай зямлі;
3) тэма загубленага, адабранага дзяцінства;
4) тэма трывожнага роздуму пра будучыню.
Гісторык. Сёння ў нас незвычайны ўрок.
Гудзе над зямлёй экалагічны звон. Трывогаю і болем напоўнены яго гукі. Болем за нашу зямлю, палітую кіслотнымі дажджамі, за атручаныя хімікатамі рэкі, за неба з азонавымі дзіркамі, за высечаныя лясы, трывогаю за будучыню дзяцей і ўнукаў. Зорка Палын узышла і працягвае гарэць над беларускай зямлёй.

На нашым інтэграваным уроку беларускай літаратуры і грамадазнаўства мы разгледзім чарнобыльскую трагедыю як адну з галоўных экалагічных праблем сучаснасці, прасочым, як яна адбілася на лёсе беларусаў і нашага горада, як гэта адлюстравана ў сучаснай беларускай літаратуры. Мы пастараемся агучыць доказны матэрыял экспертаў (эколагаў, статыстаў, псіхолагаў, сацыёлагаў) па гэтых праблемах у чатырох групах.

ТЭМА АТРУЧАНАЙ, МЁРТВАЙ ЗЯМЛІ

Праца I групы.

Эксперт-эколаг. Чарнобыльская катастрофа — наша нацыянальная трагедыя, якая закранула лёсы мільёнаў людзей. Пад радыеактыўнае забруджанне трапілі пяць абласцей Беларусі.

Найбольш забруджаны поўдзень Гомельскай вобласці. У Магілёўскай вобласці моцна пацярпелі населеныя пункты Гацкавічы, Наваельня і іншыя. Значныя забруджанні знойдзены ў Брэсцкай і Мінскай абласцях.

Атручаны водныя сістэмы рэспублікі (Прыпяць, Сож, Днепр), а таксама лясы. На іх выпала радыенуклідаў у 5 — 10 разоў больш, чым на палеткі. Найбольш забруджанымі аказаліся лясы Нараўлянскага, Хойніцкага, Брагінскага раёнаў.

Вучань. Самай пашыранай тэмай у творах чарнобыльскага зместу з’яўляецца тэма мёртвай, атручанай зямлі. Яна гучыць у паэме Янкі Сіпакова “Одзіум”, у “Баладзе Палесся” Віктара Яраца.
Калі б не тая ноч красавіка,
Што горыччу дыхнула неспазнанай,
Як і раней, цякла б між траў рака,
Як і раней, суніцы спелі б на палянах.
.......................................
Шукаў бы зноў грыбнік баравіка
I рыбака удача не мінала,
Калі б не тая ноч красавіка,
Якой і ў страшным сне зямля не знала.
Віктар Ярац. Балада Палесся.

Вучні чытаюць іншыя вершы.

ТЭМА БЕЖАНСТВА,
ВЫГНАННЯ 3 РОДНАЙ ЗЯМЛІ

Праца II групы.

Вучань. Асабліва трагедыйна гучыць тэма бежанства, выгнання з роднай зямлі ў паэмах “Чорная быль ” Сяргея Законнікава і “Зона” Сяргея Давідовіча, вершах Анатоля Вялюгіна, Міколы Мятліцкага, Генадзя Бураўкіна і многіх іншых творцаў.

Бежанства — адвечная, трагічная доля нашага народа. Балюча ўсведамляць, што мы не гаспадары, а як бы прышэльцы. Цяжка мірыцца з несправядлівай асуджанасцю на выгнанніцкі лёс. Асабліва трагедыйна гучаць вершы-тачы Міколы Мятліцкага. Яго родная вёска Бабчын апынулася ў зоне, бяда пагнала яе жыхароў у свет.

Вучні чытаюць вершы М. Мятліцкага, А. Вялюгіна і інш.

ТЭМА ЗАГУБЛЕНАГА, АДАБРАНАГА ДЗЯЦІНСТВА

Праца III групы.

Вучань. “Радыяцыя перш за ўсё б’е па дзецях,” — чытаем мы ў паэме Янкі Сіпакова “Одзіум”. Чарнобыль замахнуўся на генафонд нацыі.

Першыя дні трагедыі нагадвалі вайну. Дзяцей без бацькоў вывозілі ў розныя куткі Беларусі, адрывалі ад роднага краю, роднай хаты, сяброў. Мне хочацца прачытаць урывак з паэмы Сяргея Законнікава “Чорная быль”:

Санаторый пад Мінскам у лесе
Стаў прытулкам палескіх дзяцей,
У пакоях ні смеху, ні песень,
Моўчкі, пільна глядзяць на гасцей...
Эксперт-статыст. Я паспрабую прасачыць, як аварыя адбілася на лёсах і здароўі дзяцей: паводле звестак Барысаўскага гарсабеса, сёння на ўліку ў горадзе Барысаве стаяць 16 дзяцей-інвалідаў з страшным захворваннем — дзіцячы цэрэбральны параліч. У забруджаных раёнах сярод дзіцячых захворванняў пануюць анемія, захворванні лёгкіх і шчытападобнай залозы. Рыхтуючыся да ўрока, я знайшла анкету, якая праводзілася сярод чарнобыльскіх дзяцей. Яны адказвалі на адно пытанне: тваё самае галоўнае жаданне. А вось адказы: “Хачу, каб ніколі не хварэла мама”. “Хачу жыць”, “Хачу, каб усе людзі былі здаровыя”. Але ёсць і такое жахлівае жаданне: “Хачу хутчэй памерці”.
Кожнаму вядома, што дзеці — гэта будучыня нацыі, ад таго, якімі яны нараджаюцца, залежыць лёс краіны.

Выступленне акушэркі: аналіз смяротнасці і нараджальнасці, паталогіі пры родах.

ТЭМА ТРЫВОЖНАГА РОЗДУМУ ПРА БУДУЧЫНЮ

Праца IV групы.

Эксперт-псіхолаг. Мы ўжо 10-ы год вучымся ў школе. Колькі сачыненняў мы напісалі! Але сачыненні, якія я прааналізавала як эксперт- псіхолаг, вельмі ўразілі мяне. Пішуць дзеці чарнобыльскай зоны. Дзеці, на лёс якіх выпала цяжкае выпрабаванне.

У кожнай працы гучыць тэма Радзімы, атручанай, скалечанай, адабранай назаўсёды. Аварыя здаецца жудасным сном, але, на жаль, ад гэтага сну прачнуцца немагчыма. Чарнобыль — гэта помста роднай зямлі за дзесяцігоддзі здзекаў, за акіяны хлусні, за смяротныя памылкі бацькоў і дзядоў.

Хто дапаможа выйсці з гэтага становішча? На каго можна спадзявацца? Адказы такія: “Хацелася б, каб адбыўся цуд, здаецца, прыйдзе чараўнік і дапаможа вярнуць 25 красавіка". А старэйшыя дзеці амаль у кожным сачыненні звяртаюцца да Бога. Страх перад будучыняй пануе ў дзіцячых творах.

Вучань. Чарнобыль -- гэта доўгая крыжовая дарога, таму так часта чуюцца ў творах матывы трывожнага роздуму пра будучыню. Яна, наша будучыня, поўная безвыходнасці, невядомасці. Паэты задаюць сурова-горкія пытанні, ад якіх сціскаецца сэрца:
Якім дыханнем новы дзень напоўняць
Вада, трава і кнігаўка ў траве?
Гісторык. Страшна ўсведамляць, што наша грамадства жыве ў чаканні канца. Тысячы людзей распятыя на крыжах Чарнобыля, мільёны атручаныя яго подыхам. Але ж трэба жыць, трэба марыць і спадзявацца. I мы жывём, будуем планы, спадзяёмся на лепшае. I ёсць людзі, якія спрабуюць палепшыць сённяшні стан грамадства, зрабіць бяспечнымі сучасныя тэхналогіі, прымусіць навуку служыць чалавеку. Грамадскія арганізацыі і партыі змагаюцца за чысціню Зямлі.

Вучні-эксперты задаюць сваім аднагодкам пытанні: “Ці верыш ты ў будучыню? Якой яна табе ўяўляецца?”

Літаратар. Жыццё дало нам жорсткі ўрок. I кожны павінен вынесці з яго вельмі важную выснову: мы — гаспадары свайго лёсу, а гэта значыць — гаспадары жыцця і Зямлі, I трэба дзейнічаць. Хай пякучы боль не прыводзіць нас да апатыі і абыякавасці, а будзе вялікім стымулам.
I трэба жыць, каб больш ніхто і ніколі не адчуў такога болю. Трэба не дапусціць ператварэння зямлі ў бясконцую пустыню, над якой гаспадарыць пах палыну.

Для выступленняў педагогаў і вучняў можна выкарыстаць матэрыялы, якія друкаваліся ў часопісе “Роднае слова”: Бельскі А. Зорка Палын. Тэма чарнобыльскай трагедыі ў беларускай паэзіі. 1990. № 3; Бельскі А. “Бядой запаленае слова Чарнобыль у беларускай паэзіі. 1996. № 4; падборку вершаў “Плача сэрца маёй Беларусі”. 1996. № 4.

Яшчэ на гэту тэму:

“Ад чаго пасівеў ты, бусел?..”     “I ў дзень дачарнобыльскі дням не вярнуцца...”