сцэнарыі святаў на беларускай мове

Зоя БАЦЬКОВА настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 98 г. Мінска. Роднае слова 3/2002

“Смяяцца не грэх”

Сцэнар свята гумару для вучняў IX - XI класаў

Над сцэнай на плакаце вялікімі літарамі напісана назва свята. 3 абодвух бакоў прымацаваны выразаныя з паперы чалавечкі з усмешлівымі тварыкамі, што быццам бы трымаюць плакат.
Ніжэй змешчаны надпіс “Смех — дар Божы”.
Зала ўпрыгожана вырабамі беларускага ткацтва, вышыўкі.
Сцэна можа нагадваць інтэр’ер вясковай беларускай хаты.
У яе цэнтры святочна прыбраны стол, устаўлены рознымі прысмакамі. Свята пачынаецца з таго, што пад гучанне вясёлай беларускай мелодыі за стол сядаюць “госці” (удзельнікі інсцэніроўкі раздзела “Гамана ў застоллі” з рамана ў вершах Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”). Як толькі “госці” занялі свае месцы за святочным сталом, на сцэне з’яўляецца Несцерка (у саламяным брылі, апрануты ў беларускае нацыянальнае адзенне).

Несцерка. Добры дзень, сябры! Эх, колькі вас тут сабралася! Не раўнуючы, як дроў у лесе. Але ж не такі Несцерка чалавек, каб людзей пужацца. Толькі дзе ж гэта я апынуўся? Як тут ясна, як тут красна! Браточкі мае любыя! Гэта ж я на свята трапіў.

“Госці” запрашаюць Несцерку за святочны стол. Несцерка садзіцца побач з імі. Да застолля падыходзіць вядучы, паказвае на гасцей і кажа:

Вядучы.
Народ, што праўда, быў застольны,
I гэта трэба разумець:
Ён і на слоўца болей вольны
I болей здольны пашумець.

Яму душу адкрыць ахвота —
Наросхрыст, насцеж, нарасхляб,
Каб выйшла вон уся згрызота —
На суд людскі і на разгляд.

I ён гаворыць! Хто — з суседам,
Што каля боку, хто — праз стол,
Хто — сам з сабой, хто — з цэлым светам...
Усе — гавораць! А пра што?

Пра што? Давай <...> хоць трохі
Мы іх паслухаем з табой:
Ці ўловім рух і стыль эпохі
У гамане па кругавой?

3 каго пачнём? 3 дзядоў канечна.
Старым пашану аддадзім.
Ці ёсць у мудрасці запечнай
Для нас што-небудзь — паглядзім.
Дзед Сівец.
Калісь да гэтай самай “рускай”
Быў селядзец у нас закускай —
Салёны, з бочкі, селядзец!
Ляжаў і керчанскі, бывала,
I астраханскі — на выбор!
Цяпер ніякага не стала.
Гавораць: звёўся, перамёр!
Дзед Сакол.
А як яму не перамёрці
Пры чалавечай нашай корці
Усё паскудзіць навакол?
Якая толькі смерць-атрута
У нашы рэкі не бяжыць,
А з рэк — у мора, па маршруту.
Дзе ж селядзец той будзе жыць?..
Дзед Сівец.
Цяпер прызнаны і ўхвалёны,
Марынаваны ці салёны,
Як след прыпраўлены, грыбец!

Баравічок марынаваны
Не ўступіць закусі любой!
А рыжык! Пане мой каханы!
Адно падхоплівай губой!

Салёны рыжык — гэта, братка,
Табе не нейкі чорны грузд:
Усю талерку зменціш гладка,
Калі, вядома, маеш густ!..

Вінцусь.
Народ любому грыбу рады!
Народ і порхаўкі бярэ!
Дзед Сівец.
Вось тут, шаноўны, ты ўжо хлусіш!
Народ якраз наадварот —
Прынамсі, ў нас, на Беларусі —
Не ўсякі грыб піхае ў рот.
3-і дзед.
Антось казаў: паэта знае,
Здаецца, прозвішча на -ок.
Той, праўда, порхаўкі збірае,
Пакуль яны — як тваражок.

4-ы дзед.
— Дык што за дзіва! Свенты Езус!
Адзін з заезджых грыбнікоў
Браў тыя ў нас, што з дому лезуць
Каля сухіх каравякоў!

Насіўся полем, як шалёны;
Калі ж я жарт пусціў з губы —
Ён крыкнуў: “Гэта ж — чампіёны!
Найсаладзейшыя грыбы!..”

Я не здзіўлюся, калі скора
Аб’явіць нейкі балантэс,
Што запяканка з мухамора —
Найдарагі далікатэс!
5-ы дзед.
......................
......................
Мне сын купіў касцюм з крымплену —
Дык, братка мой: адна бяда!
Якой мне радасці, што модны?
Прайдуся ў ім туды-сюды —
Дамоў вяртаюся аж мокры,
Як быццам вылезшы з вады!

Што не камечыцца — я знаю,
Ды толькі ён не для мяне:
Пацею, млею і канаю
У гэтым штучным палатне.

А мы пытаемся ў вучоных
I самі ў думках моршчым лоб,
Адкуль усякіх незлічоных
На нас звалілася хвароб?

I дурню ясна, дзе прычыны:
Не трэба хіміяй фарсіць,
А трэба з лёну ды аўчыны
На целе вопратку насіць!..
Гаспадыня.
Ты ж піражка вазьмі, Барбарка!
Ой, крыўдзіш, кумка, даліпан!
Хоць пакаштуй, чаго ён варты —
Ці ўдаўся гэты марцыпан?
Барбара.
Маўчы, кума, і не кажы ты!
Ну як вазьму я піражка?
Ці мой трыбух з трох полак сшыты?
Ці паўтара мяшка — кішка?
Гаспадыня.
На гэткі смачненькі кусочак —
Ты паглядзі: — у мёдзе ўвесь! —
Яшчэ там знойдзецца куточак,
Бо застанецца — хто ж паесць?
А ты, Рыгор? Ну — колькі змогі!
Рыгор.
Не, я мучнога на хачу:
Я ж не жанчына — я ж хоць трохі
Яшчэ за таліяй сачу!
Гаспадыня.
Каб ты з сваёю таляй спёкся!
Яшчэ і дразніць баб! Ты еш,
Пакуль, як кажа дзядзька Лёкса,
Стол жыватом не адапхнеш!
Ты б сам сябе акінуў вокам:
Усмяг і высах у сцябле —
Як тычка! Зломішся няўрокам —
То пасмяёмся мы з цябе!
Рыгор.
А хіба лепш, калі здаровы
I малады дзяцюк ідзе,
А той жывот — нібы ў каровы,
Што вось-вось двойню прывядзе?

Па-мойму, гэта непамысна —
Таўсцець ад лішняе яды.
I прымушаць людзей да місы —
Як і жадаць ім зла-бяды!
Гаспадыня.
О, бачна — рос далёка дзесьці!
А ў нас судзіла так сяло:
“Было ўсяго — і піць, і есці,
Але — прымусу не было!..”

Вядучы. Прывітаннем Несцеркі і сцэнай з рамана ў вершах Ніла Гілевіча “Родныя дзеці” пачалося наша свята гумару. Абяцаем вам шмат незвычайных сустрэч з кемлівымі, дасціпнымі людзьмі, сярод якіх вы пазнаеце і любімых герояў беларускай літаратуры, абяцаем, што вы не пашкадуеце, што прыйшлі на наша свята, бо нездарма разумныя людзі кажуць: “Смех — дар Божы; лепш жартаваць, чым гараваць”.

Ёсць на Гомельшчыне, у Калінкавіцкім раёне, вёска Аўцюкі, якую называюць беларускім Габравам, бо славіцца яна не толькі працавітымі, шчырымі людзьмі, а яшчэ і жартаўлівасцю сваіх насельнікаў. Некалькі аўцюкоўцаў завіталі і на наша свята. Паслухаем і мы аўцюкоўскія показкі.


“Аўцюкоўцы” садзяцца паўкругам і расказваюць показкі-жарты.

Пашкадаваў сала

Аўцюкоўцаў, як і дурняў, любіць праца. Але ёсць і хітрыя.
Адзін аўцюк наняўся касіць у багатага. Просіць:
— Дай, бацька, наперад сала, каб каса касіла.
Гаспадар даў кавалак сала. Аўцюк пайшоў у луг, з’еў сала, паляжаў, вечарам вярнуўся, дый кажа:
— Дай, бацька, яшчэ сала, каб трава не ўстала!
Гаспадар адмовіў, тады аўцюк нагавор прыдумаў:
— Не даеш сала — каб трава ўстала!
Прыходзіць раніцай гаспадар на луг, а трава стаіць някошаная. Пачухаў патыліцу:
— Дарэмна пашкадаваў сала.

Каб свіння хутчэй расла

Аўцюкоўцы, як і ўсе гомельцы, — салаеды. Што прыдумалі: каб свіння хутчэй расла, заднія ногі свінні зацэментоўваюць, а карыта з ядой кожны дзень адсоўваюць далей і далей.

Лянота

Аўцюковец даклыпаў да раённага доктара. Той пытае:
— Што баліць?
— Усё.
— О, гэта вельмі небяспечная хвароба.
— Доктар, скажыце пра маю хваробу па-простаму, каб я ўцяміў.
— Лянота.
— А цяпер, доктар, скажыце па-вучонаму, каб мая баба не зразумела.

Каб сфатаграфавацца...

Едзе камісія ў Аўцюкі. Бачаць, аўцюк яму капае. Цікавяцца:
— Навошта табе яма летам?
— Дык трэба сфатаграфавацца.
— А яма навошта?
— Дык сказалі ж зняцца па пояс.
Пабыла камісія ў вёсцы. Едуць назад. Той аўцюк другую яму капае.
— Навошта табе дзве ямы?
— Дык сказалі ж — дзве фоткі трэба...

Грамацей

Аўцюковец — конюх. Лічыць коней. Аднаго не хапае. Злез з каня. Пералічыў. Усе!
Сеў на каня. Пералічыў — аднаго не хапае. Як мацюкнецца: “...Зноў цыганы каня ўкралі!”.

Самалётны прыпынак

Рэйсавы самалёт Мінск — Кіеў ляціць над Аўцюкамі. Сцюардэса падбягае да лётчыка:
— Адчыніце люк, двое аўцюкоўцаў хочуць выйсці.
— Э, учора так адчыніў, аднаго выпусціў, а трое ўскочылі.

Як аўцюкоўцы ўкручваюць лямпачку

Адзін узлазіць на стол. Трымаецца за лямпачку. А чацвёра круцяць стол.

Хто — каго

Чаму аўцюкоўцы садзяць бульбу ноччу?
— Каб каларадскі жук не бачыў, дзе будзе расці бульба.

“Аўцюкоўцы” пакідаюць сцэну. Выходзяць вядучы і Несцерка.

Вядучы. Зноў на нашым свяце Несцерка.
Несцерка. Зараз дыспут пачнецца. Я буду спрачацца са шкаляром.

На сцэну выходзіць шкаляр.

Шкаляр (уважліва агледзеў Несцерку, стрымана кланяецца). Вельмі прыемна.
Несцерка (прастадушна). Здароў, братка!
Шкаляр. Дазволю сабе запытацца ў пана антаганіста, адкуль пан з’явіўся.
Несцерка. 3 Гданску, дзе ходзяць па-панску.
Шкаляр. Дзе пан атрымаў адукацыю У якіх славутых акадэміях навучаўся? Можа, пан клірык? Можа, пан вучыўся ў семінарыі?
Несцерка. Я, браце, не кнырык, дык навошта мне твая свінарыя?
Шкаляр (здзіўлены адказам). Як? Я, мусіць, недачуў. Можа, вучыўся пан у Сарбоне?
Несцерка. Як? У Смаргоні?
Шкаляр. Так, у Сарбоне.
Несцерка. Не, у Смаргоні я сам не быў, але сваяк мой там некалі жыў.
Шкаляр (кланяецца зноў). Вельмі прыемна! Але я мушу папярэдзіць пана, што трымаюся найвышэйшай формы дыспутавання. Я дыспутую на жэстах. На жэстах дыспутуюць зараз усе найвыдатнейшыя вучоныя Еўропы. Такая зараз мода ў вучоным свеце. Выказаць свае думкі звычайным чалавечым словам можа, выбачайце, кожны дурань. Мы, вучоныя людзі, адрозніваемся ад людзей звычайных, простых тым, што выказваем свае думкі не словамі, а жэстамі. Гэта дазваляе нам адрозніць чалавека сапраўды вучонага ад звычайнага невука. (Да Несцеркі.) Пан не хоча адмовіцца? Пан адчувае сябе дастаткова моцным, каб дыспутаваць на жэстах? Пан не баіцца?
Несцерка. Не! Калі дыспутаваць, дык дыспутаваць. Хоць рукой, хоць нагой, нам гэта ўсё роўна. Баюся толькі, каб гэта пану шкаляру не пашкодзіла.
Шкаляр (крыху непакоіцца). У такім выпадку, калі ласка! Дазвольце пачынаць? Увага, панове! Мы з калегай антаганістам прыступаем да філасофскага дыспуту... (Да Несцеркі.) Пан не супярэчыць?
Несцерка. Не.
Шкаляр спачатку моўчкі дапытліва глядзіць на Несцерку, потым з важным выглядам, не спяшаючыся, працягвае да яго руку і выстаўляе палец.
Несцерка асцярожна адсоўваецца ад шкаляра і выстаўляе супраць яго два пальцы.
Шкаляр ківае галавой у знак згоды і ўзнімае руку ўверх. Несцерка ўважліва ўглядаецца ва ўзнятую руку шкаляра, потым, нібы зразумеўшы ў чым справа, з раптоўнай імклівасцю апускае сваю руку ўніз. Шкаляр Ізноў ківае галавой і ўрачыста, з важным выглядам, выстаўляе супраць Несцеркі адкрытую далонь. Несцерка спрытна паказвае яму кулак.

Шкаляр (кланяецца). Дзякую, пане апанент. Гутарка наша скончана. Вынікамі дыспуту я задаволены цалкам. Я павінен прызнаць, што навукі сапраўды квітнеюць у гэтай мясцовасці. Мне прыемна адзначыць, што мой паважаны калега — чалавек вельмі разумны і адукаваны. 3 вялікай, сапраўды вучонай мудрасцю ён адказаў на ўсе мае пытанні. Мы зразумелі адзін аднаго адразу. Вы дазволіце мне, калега, растлумачыць прысутным змест нашай гутаркі?
Несцерка. А чаму не? Дазваляю.
Шкаляр. Дзякую.
Несцерка (да публікі). Паслухаем, чаго ён вам напляце.
Шкаляр. Дыспут пачаўся з агульных дэкларацый, з высвятлення ўзаемных поглядаў на прынцыпы існавання свету, і мне вельмі прыемна адзначыць, што па ўсіх асноўных пытаннях у нас не было разыходжанняў. Выставіўшы палец, я выказаў думку, што мой калега антаганіст паважае вас, панове, таксама, як і я (кланяецца). Мой калега, высунуўшы ў адказ на гэта два пальцы, даў мне зразумець, што паважае і вас, і мяне. Узняўшы руку ўверх, я сцвярджаў што Бог стварыў неба над намі. Калега згадзіўся з маім тэзісам і, апусціўшы руку ўніз, дадаў, што, акрамя неба над намі, Бог стварыў таксама і зямлю. Тады я паказаў пану антаганісту далонь і даў яму гэтым зразумець, што Бог трымае ў Сваёй магутнай руцэ свет, а мой калега, сціснуўшы кулак, адказаў мне, што ўвесь свет падпарадкоўваецца Пану Богу і не выходзіць з Яго святой волі. На гэтым наш дыспут і скончыўся. Так, пане калега? Правільна я вас зразумеў?
Несцерка. Не, братка. Трасцу ты зразумеў! Хоць ты і вучоны, а нічога ж ты не ведаеш. Усё пераблытаў. Я ж цябе розуму вучыў гэтак: ты мне хацеў адным пальцам адно вока выкалаць, а я табе двума пальцамі — абодва; ты пагражаў мяне на шыбеніцу пацягнуць, а я табе адказаў: трасцы! Раней я цябе ў зямлю закапаю! Тады ты зазлаваў і намерыўся мяне па шчацэ ўдарыць, але я адказаў, што раней табе ўсе зубы павыбіваю. Тады, братка, ты спалохаўся і адступіўся.
Шкаляр (разгублена). Нічога не разумею.
Несцерка (пераможна). Ага, чуеце?! Сам прызнаўся. Нічога ён не разумее, а яшчэ, не раўнуючы, кнырык, у свінарыі вучыўся. Мала цябе, братка, вучылі, калі ты нічога не разумееш. Пойдзем, браток, працягваць наш дыспут.

Несцерка і шкаляр пакідаюць сцэну.

Вядучы. Завіталі на наша свята і кабеты з вясковай лаўкі.

На сцэне з’яўляюцца дзяўчаты, апранутыя як вясковыя жанчыны, садзяцца на лаўку і пачынаюць свае гутаркі.

***

— Ці чулі, бабкі? Міхасёва дзеўка за такога брыдкага замуж ідзе. Нейкі доўгі, як смык!
— Доўгі — то нічога. Але казалі, што на адно вока не дабачвае, а на другое — сляпы, перабірала, перабірала...
— Наперабіралася: з гурту выбрала курту.
— Не былі б бабы: жаба на языку не спячэцца. Бачыла на свае вочы: ніштаваты хлопец. А потым, няхай сабе мужык, як шкарпэтка, абы жонка была, як кветка.

***

— Кажуць, Алена, увесну ў вашу брыгаду вучонага агранома прыслалі. То мо што добрае вырасла сёлета?
— Дзе ты бачыла, Анютка! Няма чым пахваліцца. Ані няма чым! Каб якога спецыяліста прыслалі, а то прыйшоў чалавек з інсцітута. Што ён панімаець?..

***

— Нешта ты, Яніна, форс згубіла. Апусцілася саўсім, стапталася без пары. А некалі, бывала, як выйдзеш на сяло — бабы сваіх мужыкоў пад спадніцы хавалі.
— Смяяўся лысы з пляшывага... Паглядзі, сава, якая сама!

***

— Па радзіву ўсё трубяць, што цэны адпусцяць. А я во не саабражаю, як яно будзе...
— Яна не саабражае! А ты помніш, што ўрабілася з тваімі гусямі, як Анця адпусціла пагуляць свайго сабаку з ланцуга? Во-во... Толькі пух і пер’е ляцелі! Дык тое, міленькая, і з намі будзе. Гольцамі, як твой гусак, застанемся.

***

— Каб вы, цётачка, ведалі, як мяне свякроў даймае! Без агню спячэ. I тое не так, і гэта не гэтак. Дочкамі сваімі ў вочы пора. I сына настрапаліла: арол курыцы не пара. Не магу больш, сыду з хаты, куды вочы глядзяць!
— Цярпі, дзіцятка! Учарашняга дня не вернеш. Такая бабская доля. Хоць горка рэдзька, ды ядуць, дрэнна замужам, ды ідуць. А потым, вядомае дзела: кукушка — не птушка, нявестка — не дачушка.

***

— Мо чула, Маня, на каго вывучыўся Радзівонішын сын?
— Казала: нейкім малаведам у інстытуце робіць.
— Вой, першы раз чую такую прахвесію. Мусіць, дужа важная: кандзібоберам ходзіць, зямлі пад сабою не бачыць.
— А пусты колас заўсёды ўгору глядзіць.
Адна з “жанчын” (устае з лаўкі). Нагуляліся, адпачылі, нагаварыліся, а цяпер і дадому пара ісці.

“Жанчыны” пакідаюць сцэну.

Вядучы. Не маглі абмінуць наша свята і героі камедыі В. Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”.

Інсцэніроўка I — VI з’яваў камедыі В. Дуніна- Марцінкевіча “Пінская шляхта”.

Вядучы. Пра каханне можна гаварыць не толькі ўсур’ёз, але і жартам.

На сцэну выходзяць хлопец і дзяўчына, удзельнікі інсцэніроўкі верша М. Танка “Анэтка”.

Іван.
Добры дзень, мая суседка,
Чарнабровая Анэтка,
Папрасіў мяне Сымон
Перадаць табе паклон.
Анэтка.
Шчыра дзякую, Іване,
Што прынёс мне прывітанне.
Ты змарыўся ў полі, знаць,
Адпачыць са мной прысядзь.
Іван.
Добры дзень, мая суседка,
Чарнабровая Анэтка,
Сёння папрасіў Рыгор,
Каб я сватам быў яго...
Анэтка.
Што ж ты адказаў, Іване?
Што ж баішся ў вочы глянуць?
Як жа ты згадзіцца мог
I прыйсці на мой парог?!
Іван.
Ой, не гневайся, суседка.
Чарнабровая Анэтка,
Што падвёў сваіх сяброў —
Сам у сваты я прыйшоў.

Абняўшыся, Іван і Анэтка сыходзяць са сцэны.

Вучаніца. (Можна праспяваць на матыў прыпевак.)

Хіба ж людзі сэрца маюць?..
I ці ж гэта назнарок
Мы сышліся: я — малая,
А каханы мой — высок.
Ім няўцям, як мне з ім міла,
Як жартую спадціха,
Што па росту мне хапіла б
I паловы жаніха.
Пажартую — замаўчу,
Бо яго не ўкарачу.
Толькі гора... на народзе
Паказацца абаім
Неяк смешна — грэх, дый годзе, —
Хоць пакінь страчацца з ім.
Нехта выдумку такую
Распусціў на цэлы свет,
Што калі яго цалую —
Падстаўляю табурэт.
Верце мне, не хлушу —
Табурэта не нашу
У адным я вінавата,
Што мой рост мілога гне,
I таму сутулаваты
Ён зрабіўся праз мяне.
Людзі кпяць, а ён бядуе,
Што гарбатым стане сам,
I тады я забракую
I яму адстаўку дам.
Хай сагнецца у дугу —
Я пакінуць не змагу.
Алесь Бачыла. Хіба ж людзі сэрца маюць?..

Вучаніца.
Малады матрос з эсмінца
На пабыўку прыязджаў.
Інтэрнат жаданы ў Мінску
Хлопец лёгка адшукаў.

На сустрэчу меў ён права.
Дык дзяўчатам — як-ніяк —
Паглядзець усё ж цікава:
Што ў сяброўкі за марак?

У пакоі акуратным
Хлопец гутарку вядзе
Жыва, весела. I раптам —
Стук у дзверы: хтось ідзе!

— Выбачайце, калі ласка,
Я не знала, што тут госць,
Можа, ёсць у вас жалязка,
Дык пазычце, калі ёсць...

Праз хвіліны дзве, не болей,
Зноў у дзверы хтось глядзіць:
— Ці няма ў вас часам солі?
Дайце кашу пасаліць.

А затым пайшлі па кніжкі
(Хоць у іх свае былі),
Потым кружкі, міскі, лыжкі
Да суседзяў паплылі.

Дзіва проста! Ці не хопіць?
Колькі ж можна пазычаць!
Разгадаў нарэшце, хлопец
Гэту тактыку дзяўчат.

Усміхнуўся хітравата
Да сяброўкі дарагой:
— Як відаць, у вас дзяўчаты
Разбяруць увесь пакой.

Узняла сяброўка вочы,
Вочы яснай пекнаты,
I сказаў пагляд дзявочы:
— Ох, застаўся б толькі ты!
Ніл Гілевіч. У дзявочым інтэрнаце.

Вядучы. Сапраўдным майстрам у стварэнні сатырычных і гумарыстычных твораў з’яўляецца Ніл Гілевіч. Вашай увазе прапаноўваецца некалькі твораў з яго зборніка сатыры і гумару.
Верш “Казка без канца — для школы і для дому — пра Дзіму Ласунца і пра бабулю Домну”.

Вучань.
Гэта казка пачалася,
Калі Дзіма Ласунец
Стаў вучыцца ў першым класе
I някепскі быў хлапец.
Вось тады з ім бабка Домна
Заключыла ўмову дома,
Што за кожную адзнаку —
За стараннасць і за плён —
Ад бабулі у падзяку
Будзе мець гасцінчык ён:
Пяць цукерак — за пяцёрку,
А чатыры — за чацвёрку
Тры — за тройку,
Дзве — за двойку
I цукерку — за адзінку,
Каб было салодка Дзімку!

Бабка ўнука шкадавала
I любіла ўсёй душой,
I гасцінцы выдавала
Адпаведна ўмове той:
Пяць цукерак — за пяцёрку,
А чатыры — за чацвёрку,
Тры — за тройку,
Дзве — за двойку
I цукерку — за адзінку...
Ой, было салодка Дзімку!
Хоць па ўсіх прадметах часам
Невысокі меў ён бал,
Ды калі сплюсуе разам —
Дык цукерак — у адвал.

Еў іх Дзімка больш, як хлеба.
Ды аднойчы зразумеў
Што марожанае лепей,
Чым якаясь карамель.
I бабуля ўміг ад слова
Згоду ўнучаку дала,
I абноўленая ўмова
Гэткі выгляд прыняла:
Пяць пламбіраў — за пяцёрку,
А чатыры — за чацвёрку,
Тры — за тройку,
Два — за двойку
I пламбірчык — за адзінку...
Ой, было салодка Дзімку!
Хоць па ўсіх прадметах разам
Невысокі меў ён бал,
Ды калі сплюсуе разам —
Дык пламбіру — у адвал!

Дзіма рос і неяк летам
Адкрыццё сабе зрабіў,
Што смактаць цыгарку — лепей,
Чым з разынкамі пламбір.
Хоць бабуля і суровай
Да курыльшчыкаў была,
Але ўсё-такі умова
Іншы выгляд прыняла:
Пяць цыгарак — за пяцёрку,
А чатыры — за чацвёрку,
Тры — за тройку,
Дзве — за двойку
I цыгарку — за адзінку...
Ой, аж блага стала Дзімку!
Хоць па ўсіх прадметах часам
Невысокі меў ён бал,
Ды калі сплюсуе разам —
Пыхкаў дымам, як труба!

А далей развой быў шпаркі:
Не здзівіла навіна,
Калі Дзіма ад цыгаркі
Дасмактаўся да віна.
— Ну, — сказаў, — баяцца до мне —
Старшакласнік я даўно.
Нашу ўмову, баба Домна,
Пераключым на віно:
Пяць бутэлек — за пяцёрку,
А чатыры — за чацвёрку,
Тры — за тройку,
Дзве — за двойку
I бутэльку — за адзінку...
Паглядзіш тады на Дзімку!

Тут я кончыць паспрабую
Гэту казку без канца —
Пра ласкавую бабулю
I пра Дзіму Ласунца.
А чаму ж пра бацьку, матку
Не сказаў хоць пару слоў?
Прачытай пільней спачатку:
Пра бацькоў —
Паміж радкоў.

Вядучы. Ёсць у Ніла Гілевіча невялікія гумарыстычныя вершы, змешчаныя пад рубрыкай “3 кайстры народнага смеху”. Прапануем паслухаць некалькі з іх. (Можна інсцэнаваць.)

У доктара

— Памажыце, доктар: нешта
3 мужам сталася маім.
Захварэў, відаць, нядобра...
— Ну, а што ж такое з ім?

— Ды, бывае, тры гадзіны
Языком я малачу,
А пасля — гляджу і бачу:
Ён ні слова не пачуў!

— I ўсяго? Тады не страшна.
Не памрэ ваш гаспадар.
Гэта, цётка, не хвароба!
Гэта, цётка, божы дар!

Засумняваўся

— Што з табою? — запыніўся
Сябра Саўка ля Міколы. —
У нядзелю ажаніўся,
А ўжо сёння невясёлы?

— Знаеш, стаў я сумнявацца,
Што не будзе мая люба
Гаспадыняй гэткай хвацкай,
Як здавалася да шлюбу.

Мне аж блага ўчора стала —
Ледзьве-ледзь хапіла нерваў, —
Як яна яйцо ўскрывала
Адкрывалкай для кансерваў...

Хаваймася, тата!

Убачыў аднойчы ў кіно Ігарок,
Як фарбамі твары малююць індзейцы,
I ў бацькі спытаўся (наіўныя дзеці!):
— Навошта яны сябе мажуць знарок?
А бацька ў адказ: — Гэта значыць, яны
Да бітвы рыхтуюцца, сын, да вайны.
Назаўтра ж уранку, падняўшыся шустра,
Малышык да бацькі ўляцеў у пакой:
— Хаваймася! Мама стаіць перад люстрам —
Рыхтуецца йсці на кагосьці вайной!

Вядучы. Са старонак кнігі Ніла Гілевіча прыйшлі да нас шаптуны і шаптухі з замовамі ад незвычайных і цяжкіх хвароб.

На сцэну выходзяць два хлопцы і дзве дзяўчыны.

Вучань.
Ішоў бамбіза
Дваццаці гадоў
Не цягаць мяшкі
Па сем пудоў,
Не грузіць калоды,
Не скалу драбіць, —
Ішоў бамбіза
Бацькоў “бамбіць”:
“Папахан, мамахан,
Вы файныя продкі!
Весялей жа, весялей
Выдавайце сродкі!
Вы ж мае карміцелі
I мае паіцелі,
А я ваш нашчадак
I выйшаў з дзяцінства:
Цыркаць па чырвонцу —
Гэта проста свінства!
Дайце зараз кучу,
Я зварганю бучу —
Каласальную!
Шэдэўральную!
Патрасальную!
Вытрасальную!
О’кэй!”
Замова юнага вісуса —
каб болей з бацькавых кішэняў вытрасці.

Вучаніца.
Плылі тры рэчкі —
Не самацечкі.
Адна была жытняй,
Другая — малочнай,
А трэцяя — поўная
Балбатні салоджанай.
Адна — з поля роўнага,
Другая — з кароўніка,
А трэцяя рака
Лілася з языка.
Першая — працячы,
Другая — працячы,
А трэцяя — спыніся,
Замкніся, перарвіся!
Як нябожчыка не абмаладзіць,
Так языком жыта не абмалаціць!
Як з пяску вяровак не звіваць,
Так языком масла не збіваць!
Цьфу! Цьфу! Цьфу!
Замова ад балбатні.

Вучань.
Цябе, божа, заву,
I прашу, і малю:
Укладзі ў галаву
Мне глуздоў хоць крышку —
Хоць адзін шуфель,
Хоць адну лапату,
Хоць адзін чарпак,
Хоць адну лыжку.
Бо ў мяне іх мала,
I мне цяжка стала
На такой пасадзе,
На такім акладзе.
Ужо трыццаць гадоў
Крэсла я займаю,
А ў чаропцы глуздоў
Грам пятнаццаць маю.
Ды і тьм, можа,
Зацвілі, заплеснелі...
Памажы мне, божа,
Дацягнуць да пенсіі!
Амін!
Замова ад тупасці, каб не страціць пасаду.

Вучаніца.
Першым разам,
Добрым часам!
Зара-зараніца,
Ранішняя і вячэрняя,
Памажы, царыца,
Чалавеку нікчэмнаму.
Хоць не божы ён — ды раб,
Хоць здароўем не аслаб,
Не ломіць паясніца
I не баляць вантробы, —
Ратуй яго, царыца,
Ад нелюдской хваробы:
Каб не лізаў так часта
Ён роднаму начальству
Ні наскі, ні пяткі,
Ні ля пупа складкі,
Ні хрыбтовай косці,
Ні сярэдняй часці,
Ні спераду забягаючы,
Ні збоку заглядаючы,
Ні ззаду даганяючы,
Ні знізу падпаўзаючы!
Хай адчуе, што ён чалавек
Ныне, і прысна,
I навек!
Замова ад падхалімства.

“Шаптуны” пакідаюць сцэну.

Вядучы. Нарэшце дачакаліся мы любімых герояў купалаўскай “Паўлінкі”.

Інсцэніроўка V — VIII з’яваў 1-га акта.

Вядучы. Ці ж магло наша свята абысціся без баек? Запрашаю на сцэну выканаўцаў баек усім вядомых аўтараў.

Выходзіць на сцэну выканаўца байкі.

Вучань (аб’яўляе). Уладзімір Правасуд. Культурныя ваўкі. (Потым чытае байку.)
Быў летні сонечны дзянёк.
Ляснічы завітаў да Лесніка на хутарок.
Ляснік свяціўся радасцю, пяшчотай
(Хоць думаў іншае употай),
Ва ўсім начальству дагадзіць стараўся.
— Як справы у цябе? — Ляснічы запытаўся.
— Ат, справы, — і Ляснік махнуў рукой. —
Пятровіч, страціў я спакой.
Бо столькі распладзілася вакол Ваўкоў!
Дальбог, ад іх няма нам паратунку,
Казулі і ласі — на іх рахунку.
А колькі ўжо звялі — мне боязна прызнацца —
I вепрукоў і зайцоў
Перадушылі да ўсяго ў прыдачу
Цецерукоў глушцоў і качак!..
— Ты пачакай! Спытаць цябе я мушу:
А як ваўкі дабраліся да птушак?
Няўжо па дрэвах лазяць і лятаюць?
— Яны і не такое вытвараюць!..
...Ідуць Ляснік з Ляснічым, размаўляюць.
Абход, як кажуць, аглядаюць.
I неўзабаве, між кустоў
Наткнуліся на пару капытоў:
— Во, бачыце, — Ляснік зазначыў —
Лася зарэзалі, няйначай,
Але не з’елі капытоў. Культура!
— А гэта што? — А гэта... гэта... шкура.
Ляснічы падзівіўся: — Дальбог, я зроду
Не сустракаў паміж ваўкоў такой пароды,
Спачатку шкуру акуратненька здзіраюць,
А потым — мяса спажываюць.
Во цуд! Які сярод ваўкоў прагрэс!..

А мо не той ляснік пільнуе лес?

Інсцэніроўка байкі Эдуарда Валасевіча “Шырокая натура”.

— А-яй! — жахнулася матуля,
Ледзь на парог ступіў Змітрок.
— Ізноў з табой бяда, сынок?
Загінула навюткая кашуля!
Не пранасіў два дні,
А што з ёй сталася? Зірні,
Горш ад анучкі —
Ні гузікаў, ні каўняра...
А порткі ў сажы, што ў камінара.
А чаравікі? Жах! Дабіў да ручкі...
Хоць трошкі б рэчы пабярог!
Ды матчыны маралі
Да Змітрака так прыставалі,
Як да сцяны гарох.
— Ну, завяла! Падумаеш: кашуля і штаны!
Нібы каштуюць тысячы яны...
Ў мяне шырокая натура.
— Хоць пасаромеўся б ты, дурань,
Узняўся вунь пад столь,
А ўсё з маёй не злазіш шыі —
Таму капейкі не шануеш і мазоль.
Сыночкі ёсць такія:
Чаго граха таіць!..
Не хочуць ні вучыцца, ні рабіць,
А паразітамі мяркуюць век пражыць.

На сцэну выходзіць наступны чытальнік і расказвае байку К. Крапівы “Мода”.
На сцэне з’яўляецца Несцерка з словамі развітання.


Несцерка.
Не заўсёды з вамі тут
Жартаваць, смяяцца.
Трэба зараз мне, сябры,
3 вамі развітацца.
Мо абразіў я каго,
Дык перапрашаю.
Крыўды сам ні на каго
Я, сябры, не маю.
Дык бывайце ўсе здаровы
I не забывайце:
Я вам прыяцель, мяне
Часта ўспамінайце.
Ад шчырага сэрца
Вам долі жадаю,
Ніхто з вас ніколі
Хай гора не знае.
Бывайце здаровы
I ў шчасці жывіце,
Прыйду калі ў госці,
Дык добра прыміце.

На сцэну выходзяць усе ўдзельнікі свята (кожны ў тым уборы, у якім выконваў ролю) і спяваюць два чатырохрадкоўі з песні “Бывайце здаровы” (верш Адама Русака, музыка Ісака Любана):

Усе ўдзельнікі.
Бывайце здаровы,
Жывіце багата,
Ужо мы паедзем
Дадому, дахаты.
Ў зялёнай дуброве
Мы начаваць будзем.
Эх! Вашае ласкі
Вавек не забудзем.

Літаратура

Валасевіч Э. Лірыка і сатыра. — Мн., 1988.
Вольскі В. Несцерка: Падручнік-хрэстаматыя “Родная літаратура” для 7 кл. / Аўт.-скл. М. Лазарук, В. Русілка, I. Слесарава. — Мн., 1997.
Гілевіч Н. Выбраныя творы: У 2 т. Т. 2. — Мн., 1981.
Дунін-Марцінкевіч В. Творы. — Мн., 1984.
Купала Я. Паэмы. Драматычныя творы. — Мн., 1989.
Крапіва К. Выбраныя творы: У 2 т. Т. 1. — Мн., 1986. - С. 83.
Беларуская байка: Зборнік. — Мн., 1986.
Ляшук В., Смальянава Л. Матэрыялы для пазакласнай работы па беларускай літаратуры. — Мн., 1971.
Аўцюкоўскія анекдоты // Народная газета. 1993. 1 кастр.
Гілевіч Н. Родныя дзеці: Раман у вершах. — Мн., 1995.

Яшчэ на гэту тэму:

Смех гучыць - смяюцца дзеці     1 красавіка - Дзень смеху