сцэнарыі святаў на беларускай мове

А.У. ЗІНКЕВІЧ, настаўніца вышэйшай катэгорыі; гімназія № 23 г. Мінска. Пачатковая школа 1. 2018

“Светлы месяц сакавік...”

Пазакласнае мерапрыемства ў I класе

Тэма: “Свята 8 Сакавіка”.
Задачы: прывіваць культуру паводзін на масавых святочных мерапрыемствах; развіваць творчыя здольнасці; выхоўваць павагу да жанчын.

Ход мерапрыемства

Гучыць святочная музыка.
Вядучы. Добры дзень, паважаныя госці! Добры дзень, шаноўныя матулі і бабулі! Мы вельмі рады бачыць вас. Наша сённяшняе свята прысвечана менавіта вам.

Вучні па чарзе чытаюць вывучаныя на памяць вершы.

Ёсць дзень такі ў сакавіку,
ёсць дзень такі ў прадвесня:
ён вельмі рады раўчуку,
ён вельмі рады песням.
Ён сыпле сонечным святлом —
настрой знікае змрочны,
ён зазірае ў кожны дом.
Дзень гэты — дзень святочны.
М. Чарняўскі.

Светлы месяц
сакавік
светлым дням
вядзе падлік...
Як два сонцы
лічба восем —
кветкі ўдзячнасці
прыносім.
Мамін дзень —
жаданы самы.
Сонца,
мыйся да ясна!
Ад усмешкі
любай мамы
пачынае шлях
Вясна!
Р. Барадулін.

Вядучы. Матулі вас любяць, клапоцяцца аб тым, каб вы былі здаровыя, накормленыя, добра апранутыя. А што робіце вы, каб вашы матулі часцей усміхаліся, радаваліся за вас?

Вучань.
Я сягоння тры дзясяткі
пастараўся, атрымаў,
каб у дзень такі святочны
мама радаснай была.
Дзённік раніцай вазьму я,
падыду да мамачкі:
— Мама! Любая! Віншую!
Вось мой падаруначак.
Вучаніца.
Я, калі гатуе мама,
памагаю ёй таксама.
Мыю посуд і прыборы,
рэжу сыр і памідоры.
За цыбулю не бяруся,
бо расплакацца баюся.

Вядучы. Падарунак для матулі — справа складаная і адказная. Глядзіце самі.

Сцэнка “Падарунак маме”

1- шы хлопчык. Вось бяда! Думаю, думаю, ніяк прыдумаць не магу...
2- гі хлопчык. А пра што ж ты думаеш?
1- шы хлопчык. Што падарыць маме 8 Сакавіка...
2- гі хлопчык. Намалюй карціну.
1 -шы хлопчык. Маляваў. Не атрымліваецца (паказвае).
2-гі хлопчык. Што ты! Выдатная карціна. Я быў у заапарку і бачыў такога кракадзіла. Вельмі, вельмі падобны.
1 -шы хлопчык. Яшчэ ніхто не адгадаў. Адзін кажа слон, другі — вярблюд, трэці — кракадзіл. А я самога сябе намаляваў! (Рве карціну, раскідвае паперкі.)
2- гі хлопчык. Ну, калі карціна не атрымліваецца, тады вывучы песеньку і праспявай маме.
1- шы хлопчык. Спрабаваў! Не выходзіць. Вось у кніжцы і словы, і ноты (паказвае). Словы вывучыў, а ноты ніяк не зразумею. (Кідае кнігу на стол.)
2- гі хлопчык. Паслухай, а што твая мама любіць больш за ўсё?
1- шы хлопчык. Хакей! Хаця не, хакей тата любіць! Цукеркі! Не, гэта я люблю. А мама больш за ўсё любіць, любіць... парадак! Не любіць яна, калі я губляю свае чаравікі. Ды хіба вінаваты я, калі яны самі губляюцца? (Дастае чаравік з-пад стала.) Вось адзін ёсць, а дзе другі — не ведаю.
2- гі хлопчык (дастае другі чаравік). А гэта не твой?
1- шы хлопчык. Мой, мой! Ура! Ведаеш што пастаўлю я іх на стол, каб мама адразу ўбачыла. Вось яна будзе рада! (Ставіць чаравікі на стол.)
2- гі хлопчык. Сам казаў, што мама парадак любіць, а ў цябе кніжка валяецца, паперкі на падлозе ды яшчэ чаравікі на стапе.
1 -шы хлопчык. Ой! Я ведаю, што мне рабіць! Я ўсё прыбяру, падмяту, каб усюды быў парадак.
2- гі хлопчык. Правільна, вось гэта будзе падарунак!
Хлопчыкі (разам). Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі! Памятайце: парадак у кватэры — просты, але прыемны падарунак для мамы!
Вядучы. Матуля — самы дарагі чалавек для кожнага. Нездарма ж у народзе кажуць:
Пры сонейку цёпла — пры мамачцы добра.
Нідзе не будзе лепш, як у сваёй маці.

Вучні чытаюць вершы.
Цеплынёй атуліць
сонейка зямлю.
Мілая матуля,
я цябе люблю.
Мне з табой утульна,
і спяваю я:
“Мамачка,
матуля, любая мая”.
Радасны і ветлы,
зранку над ракой
паўтарае ветрык
песеньку за мной.
Каб усе пачулі,
як спяваю я:
“Мамачка, матуля,
любая мая”.
Л. Пранчак.
Маміны рукі сардэчныя, смелыя,
маміны рукі самыя ўмелыя.
Маміны рукі — рукі шчаслівыя.
Маміны рукі заўсёды цярплівыя.
Маміны рукі самыя светлыя.
Маміны рукі самыя ветлыя.
П. Прануза.
Мая мама добрая такая,
мая мама проста залатая!
А ўжо так мяне матулька любіць!
Кожны раз і песціць, і галубіць,
і да сэрца горне, і мілуе,
і так шчыра, моцна пацалуе,
і прамовіць ласкавае слоўца,
і сама засвеціцца — як сонца.
Н. Гілевіч.
Мама, мама,
моцна так цябе люблю,
што бывае ноччу
нават я не сплю.
У небе бачу зорку,
якая свеціць мне.
На яе ўглядаюся,
а бачу там цябе.
Мілая матуля,
люба ты так мне!
Усё жыццё я буду
паважаць цябе.
У. Хандзілян.

Вядучы. Любыя матулі! Прыміце наш падарунак!

Падрыхтаваныя дзеці выконваюць танец.
Вядучы. У гэты святочны дзень хочацца павіншаваць і бабуль.
Вучань.
Бабулі лепшае няма,
як мая, у цэлым свеце.
Не крычыць яна дарма,
ласкаю прывеціць.
Звяжа цёплыя пальчаткі
мне на Новы год.
А калі спячэ ападкі —
скачуць самі ў рот.
Вучаніца.
А мая бабуля казкі
любіць баяць-гаварыць,
цэлы вечар будзеш слухаць,
сон не здолее змарыць.
Безліч казак яна знае,
іх заўжды ахвотна бае.

Выконваецца песня Ю. Вярыжнікава “Бабушка”.

Вядучы. 8 Сакавіка прынята віншаваць таксама дзяўчынак. Няшчасныя хлопчыкі! Зноў трэба думаць пра падарункі... Хаця пачакайце. Можа, не такія яны і няшчасныя?

Сцэнка “Падарунак для дзяўчынак”

1- шы хлопчык. Так, хлопцы, трэба абмеркаваць, як нам павіншаваць дзяўчынак. Якія прапановы?
2- гі хлопчык. Што тут абмяркоўваць? Ты перад урокамі выйдзеш да дошкі і скажаш ад усіх, што мы... што ў такі дзень... Ну, павіншуеш іх, ды ўсё!
3- ці хлопчык. Не, так нецікава. Трэба нейкі падарунак!
1 -шы хлопчык. У мяне прапанова: купім 20 пачкаў марожанага, 20 пірожных, 10 бутэлек ліманаду, 2 кілаграмы цукерак, яшчэ шакаладу...
2- гі хлопчык. I ўсё гэта з’ядзім!
3- ці хлопчык. Вы што, зусім здурнелі?
1- шы і 2-гі хлопчыкі (разам). А што?
3- ці хлопчык. За што мы ўсё гэта купім? Няма ў нас столькі грошай!
1 -шы хлопчык. I што рабіць?
3- ці хлопчык. Прапаную спаслацца на аб’ектыўныя цяжкасці і абмежавацца вусным віншаваннем. Але вершаваным!
2- гі хлопчык. Іншыя прапановы ёсць? Галасуем!
Хлопчыкі (разам). Аднагалосна!
1- шы хлопчык.
Няхай жывуць дзяўчынкі:
з коскамі, без косак.
Хай сонца ўсміхаецца
з блакітных ім нябёсаў.
2- гі хлопчык.
У класе вам — дзясятак.
А дома вам — парадку.
Каб вашай прыгажосці
мадэлі ўсе зайздросцілі.
3- ці хлопчык.
Ну, карацей, віншуем.
Хоць спачуваем моцна:
не ўсім пашанцавала
нарадзіцца хлопцамі.

Хлопчыкі выконваюць танец.
Вядучы. Паважаныя жанчыны! Дарагія дзяўчынкі! Прыміце нашы самыя шчырыя віншаванні! Будзьце заўсёды прыгожыя, здаровыя, шчаслівыя!

Яшчэ на гэту тэму:

Прывітанне да 8 Сакавіка     Мамін дзень