сцэнарыі святаў на беларускай мове

М. П. ОСІПАВА, прафесар, 3. М. ПАНАСЕВІЧ, старты выкладчык. Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя А. С. Пушкіна. Пачатковая школа Ліпень 2002 г.

Вялікдзень

Задачы: далучаць школьнікаў да самабытнай беларускай культуры; фарміраваць цікавасць да беларускай мовы; выхоўваць любоў і павагу да духоўных скарбаў свайго народа.

Падрыхтоўчая работа. Дзецям даецца заданне: знайсці вершы і загадкі пра вясну; даведацца ў старэйшых, як святкавалі Вялікдзень бабулі і дзядулі, якія звычаі і абрады захаваліся ў цяперашні час.

Прыкладныя этапы расказу-размовы:

Першы этап. "Прыйшла вясна".

Настаўнік расказвае дзецям, што набліжаецца свята Вялікдзень. Гэта свята з’яўляецца самым значным і ўрачыстым народным святам; яно здаўна адзначалася славянамі ў гонар сонца, абуджэння прыроды, надыходу "вялікіх дзён" палявых работ. У залежнасці ад месячнага календара для пэўнага года свята прыпадае на перыяд ад 4 красавіка да 8 мая.
Настаўнік прапануе вучням, якія падрыхтавалі загадкі пра вясну, сонца, загадаць іх. Усе разам спрабуюць знайсці адгадкі. Напрыклад:


Дует теплый южный ветер,
Солнышко все ярче светит.
Снег худеет, быстро тает,
Грач горластый прилетает.
Что за месяц? Кто узнает?
(Март — сакавік.)

Яростно река ревёт
Й разламывает лед.
В домик свой скворец вернулся.
В небе жаворонка трель.
Кто же к нам прйшел?
(Апрель — красавік.)

Настаўнік просіць успомніць народныя прыкметы, звязаныя з красавіком. Затым дадае:

Красавік сініць і дзьме, бабам цяпло нясе, а мужык пазірае ды галавою ківае.
У красавіку грымот — цёплы будзе год.
У красавіку зямля прэе.
У красавіку дождж праходзіць, сонца грэе — тады ўсякі не збяднее.

Даецца слова дзецям, якія падрыхтавалі вершы пра вясну.

Другі этап. "Вялікае свята".

Настаўнік заўважае, што вясной святкуецца цудоўнае свята Вялікдзень (Пасха). Дзеці ўспамінаюць, як рыхтуюцца людзі да гэтага свята, якімі звычаямі і абрадамі суправаджаюць яго, у якія гульні гуляюць. Хтосьці з бацькоў або старэйшых вучняў расказвае:

— Падрыхтоўка да Вялікадня адбываецца на працягу Перадвелікоднага тыдня і заканчваецца ў Вялікую суботу прыгатаваннем святочнай ежы, якую многія нясуць у царкву, дзе яна асвячаецца ў час службы.
Раней святочнай ежы на Вялікдзень увогуле надавалася вялікае значэнне: невыпадкова слова "пасха" вядома ў беларускай мове як назва ежы, якую гатавалі да гэтага свята.
Пасля асвячэння пасхі ў царкве кожны гаспадар імкнуўся як мага хутчэй данесці яе дадому. Гэты звычай быў заснаваны на народным павер’і: хто першы прыбяжыць з пасхаю дамоў, у таго будзе лепшы ўраджай і той гаспадар першым скончыць палявыя работы.
У сувязі з гэтым звычаем існавалі і некаторыя іншыя павер’і: хлеб будзе расці так хутка, як бяжыць з пасхай гаспадар; хто ўсіх абгоніць, у таго конь будзе самы дужы і цэлы год будзе ў рабоце абганяць іншых.
Раніцай на Вялікдзень назіралі таксама, як "іграе" сонца: паводле павер’я, яно ў гэты дзень быццам бы расцягваецца ў даўжыню і шырыню, распадаецца на некалькі асобных сонцаў, пераліваецца ва ўласных промнях, падзяляючы радасць людзей з нагоды надыходу вясны і адраджэння жыцця.

Настаўнік дае дзецям заданне — адгадаўшы загадку, назваць сімвал гэтага цудоўнага свята:
Беленькая бочка,
На ёй ні сучочка,
Ні абручыка, ні дна,
Хоць бы клёпачка адна.
(Яйка.)

Настаўнік падагульняе:

— Так, сімвалам Вялікадня з’яўляецца пафарбаванае яйка. Паводле хрысціянскіх уяўленняў, велікоднае яйка сімвалізуе жыццё, перамогу жыцця над смерцю, а яго чырвоны колер нагадвае аб крыві Хрыста, якая была праліта дзеля выратавання людзей.
Асвечаныя ў царкве яйкі елі першымі, калі пасля вяртання з усяночнай службы пачыналі святочнае застолле. У першы дзень Вялікадня лічылася неабходным мыцца вадою, у якую былі пакладзены залатыя і сярэбраныя рэчы, а таксама чырвонае велікоднае яйка, каб увесь год быць багатым, здаровым і прыгожым. Маці нават вадзілі чырвоным яйкам, якое дасталі з вады, на тварах сваіх дзяцей.
Ёсць яшчэ адзін цікавы абрад. Ён звязаны з валачобнікамі — велікоднымі спевакамі, якія хадзілі па вёсках на другі, трэці дзень Вялікадня. Ствараўся валачобны гурт, галоўным у ім быў запявала. У гурт уваходзілі музыкі, якія ігралі на скрыпцы і дудзе, а таксама чалавек, які насіў "валачобнае" — святочныя дарункі гурту. Валачобнікі абыходзілі ўсе хаты ў вёсцы і перад кожнай хатай спявалі, усхваляючы гаспадара, членаў яго сям’і, жадалі ім плённай працы, добрага ўраджаю, прыплоду жывёлы. У адказ гаспадары дзякавалі валачобнікам і давалі ім дарункі — "валачобнае" (фарбаваныя яйкі, каўбасы, сыр, булкі). Выкананне валачобнага абраду, як лічылася, спрыяе ўраджаю, дабрабыту сям’і, засцерагае ад розных нягод.

Гучаць валачобныя песні, запісаныя на касету. Настаўнік звяртае ўвагу дзяцей на цікавы велікодны абрад Вітання.

Свята прысвечана вяртанню да жыцця Ісуса Хрыста. Таму на Вялікдзень прынята вітацца: "Хрыстос уваскрэс!". У адказ гавораць: "Ваісціну ўваскрэс".
I гульні на Вялікдзень асаблівыя. Было і застаецца распаўсюджаным рытуальнае біццё яек. Пераможцам гульні лічыцца той, у каго аказваецца найбольш моцнае яйка ("мацак"), і адпаведна ён становіцца ўладальнікам большай колькасці разбітых яек.
Не менш папулярным з’яўляецца качанне велікодных яек з горак, якое пачынаецца ў першы дзень Вялікадня і працягваецца цэлы тыдзень. Пераможцам у гэтай гульні лічыцца той, чыё яйка пакоціцца далей, чым у іншых удзельнікаў гульні.

Трэці этап. "Гуляем — весялімся".

Настаўнік расказвае вучням, што з велікоднага тыдня пачынаюцца летнія гулянні, ваджэнне карагодаў і інш. Можна арганізаваць з дзецьмі гульні "Ручаёк", "Баяры, а мы ў госці прыйшлі", павадзіць карагоды, паспяваць песні.

Парады арганізатарам:
1. Лепш за ўсё расказ-размову правесці напярэдадні свята Вялікадня.
2. Абавязкова запрасіце на заняткі бацькоў і даручыце ім падрыхтаваць цікавыя расказы пра цудоўныя велікодныя абрады.
3. Для слухання валачобных песень можна выкарыстаць пласцінкі з фанатэкі або пачытаць тэксты песень са зборніка "Валачобныя песні" (Мн., 1980).
4. Звярніце ўвагу дзяцей на тое, што беларускі фальклор вылучаецца з фальклору іншых славянскіх народаў сваёй паэтычнасцю і мілагучнасцю менавіта дзякуючы валачобным песням.

Пры распрацоўцы заняткаў былі выкарыстаны наступныя крыніцы:
Коваль У. I., Новак В. С, Беларускія народныя святы і звычаі. — Гомель, 1993;
Беларускі народны каляндар / Аўтар укладальнік Алесь Лозка. — Мн., 1993.



Яшчэ на гэту тэму:

Вялікдзень — найвялікшы дзень     Вялікдзень - свята сонца i вясны