сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена МАСКЕВІЧ, педагог. Роднае слова 2013/6

“Проша, пані, куст зялёны адарыць!”

Сцэнарый пазакласнага мерапрыемства

Дзейныя асобы: госці, русалка, гаспадар, гаспадыня, куст, музыкі.
Вясковая хата святочна прыбраная.
Гаспадар (уваходзіць). Добра прыбралі, хораша: водар такі, нібы ў лесе.
Уваходзіць гаспадыня.
Гаспадыня. А з кім гэта, бацька, ты тут размаўляеш?
Гаспадар. Кажу, што хораша хату прыбралі маем.
Гаспадыня. А нашу дачку моладзь выбрала кустом зялёным хадзіць сёння па хатах.
Гаспадар. А мне нічога не казала. Няхай ходзяць, дабра зычаць, справа ганаровая. Ці ёсць у нас чым стрэць гасцей?
Гаспадыня. У пятніцу гатавала поснае, а ў суботу - скаромнае. А яшчэ, як і на Вялікдзень, пірагі пякла: стрэнем, няхай прыходзяць.
Гаспадар. Вось і добра. Глянь, гаспадынька, а ўжо і ў двор ідуць. Пайшлі страчаць на ганак.
Гаспадары выходзяць насустрач гасцям.
1-ы госць. Гаспадары, свята зялёнае ці чакалі?
Гаспадыня. Ажно сем тыдняў чакалі.
Гаспадар. I хату, і падворак маем прыбіралі.
2-і госць. А ў нас, паважаныя, для вас нешта цікавае ёсць.
Гаспадар. То пакажыце і нам.
3-і госць.
Мы Тройцу чакалі,
Куст зялёны прыбралі.
4-ы госць.
Па сяле вадзілі,
Па хатах хадзілі.
5-ы госць.
Наш куст харошы,
Сёмушны прыгожы.
6-ы госць.
Вельмі ж прыгожы -
За паказ бярэм грошы.
Гаспадар. Ды ўжо ж паказвайце.
Гаспадыня. Добра аддзячым.
Пад музыку выходзіць “куст” (святочна апранутая дзяўчына; на ёй белая доўгая сукенка, паверх якой нашытае лісце і галінкі бярозы, ліпы, клёну. На галаве вянок з зеляніны, перавіты яркімі стужкамі. У руцэ ўпрыгожаны зелянінай, стужкамі кошык з зернем).
Куст (кланяецца гаспадарам).
Гэтаму двару пашану дару!
На добрае жыцце
Пасыплю жытам (сыпле).
Вось і пшаніца -
Няхай ніва каласіцца.
А яшчэ вам грэчкі,
Каб вяліся свінкі, кароўкі, авечкі!
Ды паверх проса,
Каб добра, шчасліва жылося!
Гаспадар (з паклонам). Дзякуй, куст зялёны, за словы-пажаданні харошыя.
Гаспадыня. Не пашкадуем для цябе ні гасцінцаў, ні грошай.
1-ы госць.
Гэй, музыкі, вы хораша зайграйце,
Усім весялосці паддайце!
2-і госць.
Нашы ножкі не баляць,
Яны хочуць танцаваць.
3-і госць.
Вы, музыкі не драміце,
Спраўна полечку вядзіце!
Усе разам танцуюць.
4-ы госць. Цяпер мы з вашага дазволу, гаспадары, пагуляем.
5-ы госць.
Зноў, музыкі, іграйце,
Пад мелодыю вяночак
па коле пускайце.
6-ы госць. Калі ж мелодыя заціхне, то і вяночак у каго-небудзь ды застанецца ў руках. I ўжо той нам спяе ці станцуе, а мо і (жартаўліва) пакукарэкае.
Гучыць мелодыя. Куст перадае вяночак першаму ўдзельніку гульні, той другому і г. д. Нечакана музыка сціхае.
Куст. Вяночак у шаноўнага гаспадара. За гэта вам трэба заспяваць. Калі ласка, слухаем.
Гаспадар (спявае).
Там, каля млына,
Цвіла каліна,
Дзе ж тая дзяўчына,
Што б не любіла.

Не так любіла,
Як шанавала,
Купіла коніка -
Падаравала.

А той канёчак
Вельмі шкаднічы,
Вытаптаў ратаньку,
Як пастаўнічы.
Усе (спяваюць).
Ой, Тройца, Тройца, Прасвятая Багародзіца,
Ды пасеем жыта - няхай зародзіцца.
Ой, мы былі ў лесе зялёным
Ды звілі куста з шырокага клёну,
Выйдзіце, пані, з новага дому,
Нам падарыце па залатому.
Няхай ваша жыта ў полі буяе,
Няхай кусточак сёння гуляе.
Гаспадары. Дзякуй за песню.
Ласку зрабіце - пачастункі прыміце.
1-ы госць.
Як цвіце ў садзе ружа,
Такая і гаспадыня прыгожа.
2-і госць.
Яшчэ й добрая і харошая.
Не пашкадуе кусточку грошай.
Гаспадар.
За куст зялёны, прыгожы
На цукеркі вазьміце грошы.
Гаспадыня (падае пачастункі кусту).
Даўжэй каб пагуляць,
Не грэх кілбаскі паспытаць.
Пірага не паскуплюся,
Тройцы-святу пакланюся.
Гаспадар. Правядзіце ж русалачку да зялёнага бору, паспявайце.
Моладзь выбірае русалку, становіцца ў карагод, русалка ўсярэдзіне.
Усе (разам).
Правядзём русалачку да бору,
А самі вернемся дадому,
Каб ты, русалачка, па жыце не хадзіла,
Нашага жытачка не ламіла,
Нашы нівачкі не таптала,
Малых дзетачак не пужала.
Правядзём русалачку ой да бору,
У зялёную ў дуброву.
Дзе знаходзішся, - там сядзі,
К нам у госцейкі не хадзі.
Русалка хоча ўцячы з карагоду, але моладзь вядзе яе да “зялёнага бору”, г. зн. з хаты.
Госці (разам).
3 Богам жывіце,
Здаровы бывайце,
Нас другім годам
Зноў прычакайце.
Гаспадары (разам).
I вам, дарагія, шчасця і долі,
Дрэннага нічога не знаці ніколі.
Госці выходзяць.