сцэнарыі святаў на беларускай мове

Любоў ПАРМОН, настаўнік пачатковых класаў, Людміла САХАРЭВІЧ, выхавальнік, Наталля ТРЫГУБОВІЧ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Уздзенская дзяржаўная санаторная школа- інтэрнат. Роднае слова 2012/01

Сем цудаў беларусі

Сцэнарый вечарыны-падарожжа

На фоне зорнага неба гучаць з-за сцэны словы.
Хто мы ў гэтым Сусвеце? Вечныя вандроўнікі? Выпадковыя госці? Ці гаспадары свайго часу? Што робіць нас выключнымі, не падобнымі да іншых?
Здзіўляемся чужым славутасцям...
Дэманструюцца выявы садоў Семіраміды, храма Артэміды, Егіпецкіх пірамід, статуі Зеўса, Галікарнаскага маўзалея, маяка на востраве Фарос, Калоса Радоскага.
Вандроўнік. Чалавецтва заўсёды было багатым на таленты, якія апярэджвалі свой час. Жылі такія творцы і на Беларусі. Яны пакінулі пасля сябе спадчыну, якая пераканаўча сведчыць: мы, беларусы, сказалі сваё слова ў гісторыі і можам смела глядзець у будучыню.
Запрашаем вас у падарожжа ў прасторы і часе! Пабываем там, куды завяла беларусаў спрадвечная рупнасць, цікаўнасць, неабыякавасць. На ўсім гістарычным шляху нашы продкі пакідалі сваё памятныя адзнакі, апазнавальныя знакі, якія сёння сталі цудамі Беларусі. Вы гатовы? Тады наперад, па дарогах і сцежках - у займальнае падарожжа па родным краі.
У сваім быцці чалавек адштурхоўваецца ад матэрыяльных каштоўнасцей, але заўсёды дбае пра духоўнае.
1-ы чытальнік. 3 імем найсвяцейшай Ефрасінні навечна звязана стварэнне полацкім майстрам Лазарам Богшам славутага крыжа - шэдэўра старажытнабеларускага ювелірнага мастацтва, якому наканавана было зрабіцца нашай нацыянальнай святыняй. Нашы продкі глыбока шанавалі крыж як адзін з найгалоўнейшых сімвалаў хрысціянскай веры.
Дэманструюцца рэпрадукцыі карцін “Ефрасіння Полацкая” С. Лагуновіча-Чарапко, трыпціха “Ефрасіння Полацкая” Я. Куліка, выява крыжа.
Крыж шасціканцовы. Яго аснова з кіпарысавага дрэва. Вышыня крыжа каля 52 см, даўжыня верхняй папярэчкі - 14, ніжняй - 21, таўшчыня - 2,5 см. Зверху і знізу дрэва пакрыта золатам. Для гэтага выкарыстана 21 пласціна. Кожная з іх аздоблена каштоўнымі камянямі. Ёсць дваццаць эмалевых абразкоў з выявамі святых. На верхніх канцах крыжа размешчаны выявы Хрыста, Багародзіцы, Іаана Прадцечы.
Кроплі крыві Ісуса Хрыста, кавалачак Крыжа Гасподняга, кавалачак каменя ад дамавіны
Багародзіцы, частка мошчаў святых Стэфана і Панцеляймона і кроў святога Дзмітрыя знаходзяцца ў пяці квадратных гнёздах. Гэта хрысціянскія рэліквіі.
На крыжы запісана імя аўтара Лазара Богшы, а таксама ёсць заклён. Ён абяцае страшную кару таму, хто ўкрадзе, аддасць каму-небудзь ці прадасць гэтую святыню. Доўгі час заклён дзейнічаў. Ніхто не асмельваўся забраць унікальную рэліквію.
2-і чытальнік. Аднак у XII - пачатку XIII ст. крыж забралі смаленскія князі. У 1514 г. пасля захопу Смаленска крыж вывез у Маскву Іван III. Вярнуў крыж на радзіму Іван Грозны. Падчас вайны 1812 г. рэліквія захоўвалася ў замураванай нішы ў сцяне Сафійскага храма. У храм Спаса крыж вярнуўся ў 1841 г. 3 гэтай нагоды быў праведзены ўрачысты хросны ход.
У 1921 г. крыж рэквізавала савецкая ўлада. Пасля ён трапіў у Магілёўскі музей. Па афіцыйнай версіі яго ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны вывезлі з музея нямецка-фашысцкія захопнікі. Далейшы лёс крыжа невядомы.
1-ы чытальнік. Аднак Беларусь сённяшняя не можа жыць без гэтай святыні. Крыж Ефрасінні Полацкай, як яго ўсё часцей называюць, павінен быць на Бацькаўшчыне. Як даніна памяці вялікаму майстру Лазару Богшу, як даніна памяці асветніцы, як сімвал моцы людскога духу.
2-і чытальнік. Вядомы брэсцкі майстар Мікалай Кузьміч зрабіў дакладную копію гэтага крыжа. Праца заняла не адзін год. Яна патрабавала майстэрства і немалых сродкаў. Фундатарам выступіў прадпрымальнік з Сібіры, наш зямляк Анатоль Сілівончык.
9 снежня 1997 г. крыж, створаны М. Кузьмічом па ўзоры арыгінала, быў урачыста ўскладзены ў царкве Ефрасінні Полацкай. Пры гэтым прысутнічаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт.
3-і чытальнік. Выразна чытаецца “Маналог Ефрасінні Полацкай” Н. Мацюкевіч.
Выконваецца песня “Новае стагоддзе" (сл. Я. Казюкіна, муз. I. Лучачка).

Вандроўнік. Шаноўныя сябры! Што, на вашу думку, з’яўляецца найкаштоўнейшым скарбам для чалавека? Безумоўна, гэта веды. А хто з вас можа назваць галоўную крыніцу ведаў? Вы не памыліліся - гэта кніга. Кнігі не толькі перадаюць веды, але і назапашваюць іх.
4-ы чытальнік. Нямала ёсць слаўных дат, пазначаных чырвоным радком у нашай тысячагадовай гісторыі. Адна з іх - 6 жніўня 1517 г.
Менавіта ў гэты дзень Францыск Скарына надрукаваў свой Псалтыр і гэтым паклаў пачатак беларускаму кнігадрукаванню.
Дэманструецца рэпрадукцыя аўтапартрэта Ф. Скарыны, рэпрадукцыі Скарынавых кніг.
Псалтыр уваходзіць у склад Старога Запавету і з’яўляецца часткай Бібліі. Прызначаны для царкоўнага ўжытку, ён адначасова служыў многім людзям даступным падручнікам для навучання грамаце, быў, як трапна сказаў сам першадрукар, “детем малым початок доброе наукы, дорослым помножение в науце”. Таму Францыск Скарына і звярнуўся да Псалтыра раней, чым да іншых раздзелаў Святога Пісьма, выдаў яго ў перакладзе на агульнапрынятую тады ва ўсходніх славян царкоўнаславянскую мову, даходліва патлумачыўшы чытачам незразумелыя, устарэлыя выразы.
Сёння вядома 45 біблейскіх тэкстаў, надрукаваных нястомным палачанінам у Празе (1517 - 1519) і Вільні (1522 - 1525). I калі “Псалтыр” убачыў свет па-царкоўнаславянску, дык са старонак астатніх выданняў загучала тагачаснае жывое беларускае слова. Пасля чэшскай Бібліі 1488 г. скарынаўская Біблія стала другім па ліку ў свеце друкаваным Святым Пісьмом, выдадзеным на народнай мове.
5-ы чытальнік. У асобе Ф. Скарыны талент дасведчанага вучонага, мудрага асветніка і патрыёта роднай зямлі шчасліва спалучыўся з талентам выдатнага паэта і мастака. У яго Бібліі змешчана 51 ілюстрацыя, а таксама мноства віньетак-“заставіц” і загалоўных літар. “Тая зграбнасць малюнка, тое майстэрства гравюры, якія на кароткі час прабліснулі ў венецыянскім і скарынаўскім выданнях, ніколі ўжо больш не паўтараліся ў ніводным выданні царкоўнаславянскага друку аж да паловы XVIII ст.” (У. Стасаў).
Дэманструюцца элементы афармлення Бібліі Скарыны.
Скарынавы друкі - непераўзыдзеныя ўзоры мастацтва кнігі. А сапраўднае мастацтва непадуладна часу. Асабліва нас, нашчадкаў славутага палачаніна, хвалююць яго гравюрныя выявы.
Дэманструецца рэпрадукцыя гравюры Ф. Скарыны.
Мы заспелі асветніка за працай. Ён толькі- толькі скончыў пісаць чарговую “Прадмову” і гатовы прачытаць напісанае нам. Дык давайце паслухаем і запомнім на ўсё жыццё яго простыя, святыя словы: “Звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і ім падобныя бароняць вуллі свае; так і людзі - дзе нарадзіліся і ўзгадаваны па Божай міласці, да таго месца вялікую ласку маюць...”
Выконваецца песня “Кірылу Тураўскаму і ўсім святым зямлі беларускай” (сл. П. Шрубы, муз. У. Будніка).
Вандроўнік. Цягам пяці стагоддзяў узвышае людскі дух цудатворны Мінскі абраз Божай Маці.
Дэманструецца рэпрадукцыя абраза.
6-ы чытальнік. Было гэта яшчэ тады, калі святая Багародзіца цешылася зямным жыццём. Кажуць, нават беларускую зямлю наведала. Пра гэта сведчаць магутныя ледавіковыя валуны, на якіх засталіся яе сляды. А евангеліст Лука скарыстаў свой талент, каб стварыць некалькі прыжыццёвых ікон Божай Маці. Адзін з такіх абразоў, які захоўваўся ў Візантыі, меў надзвычайную духоўную каштоўнасць. Калі ў 989 г. сястра візантыйскіх імператараў Васіля II і Канстанціна IX Ганна выходзіла замуж за кіеўскага князя Уладзіміра Святаслававіча, яна разам з іншымі царкоўнымі святынямі прывезла гэты абраз у горад Корсунь.
Відаць, ён спрыяў князю Уладзіміру, якога ў народзе называлі Чырвонае Сонейка. Менавіта пры ім стала на крыло магутная слава Кіеўскай Русі, менавіта ён пачаў увядзенне хрысціянства ў 988 г. Абраз Божай Маці захоўваўся ў Кіеўскай Дзесяціннай царкве.
Ды Дзесяціннаму храму, як і Кіеўскай зямлі, выпаў суровы лёс. Найвялікшае разбурэнне прынеслі царквеў 1240 г. мангола-татары. Пасля нашэсця хана Батыя, унука Чынгісхана, царква амаль 400 гадоў ляжала ў руінах. Дзе ў гэты час знаходзіўся абраз Божай Маці, невядома.
7-ы чытальнік. Аднак далейшыя звесткі пра яго звязаны з ханам Менглі Гірэем, сынам былога лідскага старасты Хаджы Гірэя. Калі войскі Менглі ў чарговы раз напалі на Кіеў, адзін з яго воінаў абадраў з абраза ўсе каштоўныя ўпрыгожанні, а саму ікону кінуў у Днепр. Але Божая сіла паспрыяла цудатворнаму абразу.
Праз некалькі гадоў ён з’явіўся на рацэ Свіслач, каля самага горада Менска, акурат перад княскім замкам. Здарылася гэта па старым стылі 13 жніўня 1500 г. Людзей здзівіла нязвыклае святло і ззянне, што сыходзіла з вады. Калі прыгледзеліся, убачылі святы абраз. Вернікі з вялікай пашанай паднялі яго і перанеслі ў замкавую царкву Раства Прасвятой Багародзіцы. Там святыню ўшаноўвалі і атрымлівалі збавенне ад розных бед цягам 116 гадоў.
8-ы чытальнік. 3 даўніх часоў Багародзіца выступае як надзейная абаронца ад усіх бед і нягод, ад нячыстай сілы, як суцяшальніца пакрыўджаных, заступніца дзяцей і спрыяльніца параненым.
Калі ж на землях Вялікага Княства Літоўскага пачалося высвятленне ўзаемаадносін паміж вернікамі розных рэлігійных кірункаў, абраз Божай Маці з замкавай царквы перанеслі ў царкву базыльянскага манастыра Святога Духа. Пасля ікона пабывала ў Петрапаўлаўскім і Свята-Духавым кафедральных саборах.
На пачатку Вялікай Айчыннай вайны абраз апынуўся на складзе непатрэбных рэчаў паблізу Дома афіцэраў у Мінску. Аднак адна з набожных кабет знайшла яго. Пасля рэстаўрацыі ён быў змешчаны ў Петрапаўлаўскай царкве. У 1945 г. святыню перанеслі ў кафедральны Свята-Духаў сабор, дзе знаходзіцца і да нашых дзён.
9-ы чытальнік. Як пакутная вандроўніца, Мінская ікона Божай Маці разам са сваімі вернікамі спазнала горыч страт і нястач, радасць вяртання да жыцця. Яна стала ахоўніцай лёсу і жыцця жыхароў беларускай сталіцы. Нездарма вобраз Багародзіцы змешчаны на гербе Мінска.
Дэманстрацыя рэпрадукцыі герба Мінска.
А вернікі пасылаюць сваёй заступніцы словы шчырага малення. Як некалі, на пачатку XVI ст., звяртаўся да Багародзіцы слынны беларускі паэт-лацініст Мікола Гусоўскі ў сваёй вядомай “Песні пра зубра”.
Боская Маці, Прачыстая Дзева Марыя...
О, заступіся за нас! Праз любоў к чалавеку
Бацька наш Бог і абраў цябе сам, і паставіў
Першай заступніцай люду, і ты заступіся!
Як птушаняты ў нягоду пад матчына крылле,
Так пад тваю абарону і мы.прыбягаем.
Хай хто пакрыўдзіць дзіця, і малое заплача -
Маці ж прыгорне крывінку сваю і суцешыць.
Ты - наша маці-заступніца, мы - твае дзеці.

Выконваецца песня “Малітва” (сл. Г. Бураўкіна, муз. Э. Ханка).
Вандроўнік. Слуцкія паясы... Сёння яны знаходзяцца ў самых вядомых музеях Лондана і Парыжа, Варшавы і Кіева, Масквы і Нью-Ёрка. Вельмі багаты і каштоўны збор захоўваўся ў Мінску, але ў гады Другой сусветнай вайны быў незваротна страчаны. Цяпер на Беларусі засталіся фрагменты гэтых дзівосных вырабаў. Глядзіш на іх, і міжволі згадваецца ранішні росны луг, што ажно зіхаціць, пераліваецца ўсімі колерамі пад першымі сонечнымі промнямі. А на памяць. адразу прыходзяць радкі з верша “Слуцкія ткачыхі” Максіма Багдановіча...
10-ы чытальнік. Выразна чытаецца верш “Слуцкія ткачыхі” М. Багдановіча.
11-ы чытальнік. Калі сяляне насілі простыя ваўняныя паясы, то магнаты і заможная шляхта падпярэзваліся “літымі”, з залатою або сярэбранаю асноваю, прывезенымі з далёкіх усходніх краін. Каштавалі яны дорага, але ахвотнікаў выглядаць прыгожа хапала. Каб задаволіць патрэбы пакупнікоў, князі Радзівілы заснавалі ў 1736 г. у Слуцку мануфактуру і паслалі на вучобу ў г. Станіслаў (Івана-Франкоўск) двух здольных тутэйшых мастакоў - Яна Гадоўскага і Тамаша Хаецкага. Аднак сапраўднага росквіту мануфак- тура дасягнула толькі праз 20 гадоў, калі па запрашэнні Міхаіла Казіміра Радзівіла яе ўзначаліў Ян Маджарскі - ураджэнец Турцыі, які доўгі час працаваў на Украіне. На Беларусь Маджарскі прыехаў не адзін, а з вопытнымі майстрамі. Слуцкі люд называў іх персамі, а прадпрыемства, дзе яны шчыравалі, - персіярняй.
Сапраўды, ткалі славутыя слуцкія паясы не дзявочыя, як напісаў паэт, а дужыя мужчынскія рукі. Бо гэты занятак, акрамя цярплівасці, вымагаў нямала сілы. Спрактыкаваны майстар за год мог вырабіць каля дзесяці паясоў. У шырыню яны былі да 40 см, а ў даўжыню - ажно 2 м. Асабліва каштоўным было тое, што на вырабах амаль не сустракалася аднолькавых узораў.
У канцы XVIII - на пачатку XIX ст. Слуцкую мануфактуру арандаваў сын Яна Маджарскага Лявон. Пры ім працавала 60 ткачоў, большасць з іх паходзіла з навакольных вёсак і мястэчак. Акрамя паясоў выраблялі габелены, дываны, тканіны для царкоўнай службы. Будучы не рамеснікамі, а найперш творцамі, майстры шукалі і знаходзілі сваё разуменне хараства. Таму і да сёння цвіце і ніколі не звяне на іх дзівосных вырабах “цвяток радзімы васілька”.
У сярэдзіне XIX ст. слуцкая персіярня перастала існаваць, пакінуўшы нам, нашчадкам, казачныя паясы.
Аповед пра слуцкія паясы суправаджаецца паказам рэпрадукцый паясоў.
Вандроўнік. На зямлі ёсць нямала прыродных цудаў, якія сталі сімваламі цэлых краін. Напрыклад, гара Фудзі ў далёкай Японіі. У суседняй Расіі - рака Волга. Сімвалам жа нашай Беларусі з’яўляецца Белавежская пушча - бадай, самы вялікі і стары лясны абшар Цэнтральнай Еўропы, дзе захаваліся амаль у некранутым стане і гонкія, да самых воблакаў, бары, і магутныя векавыя дубы, і светлыя бярозавыя гаі, і змрочныя яловыя нетры.
Словы чытаюцца на фоне кадраў прыроды Белавежскай пушчы, якія суправаджаюцца мелодыяй песні “Белавежская пушча”.
12-ы чытальнік. Восем стагоддзяў таму ў глухіх навакольных мясцінах гаспадарыла ваяўнічае непакорнае племя яцвягаў. Яцвягі былі спрактыкаваныя паляўнічыя, добрыя бортнікі, але не выстаялі перад націскам галіцка-валынскіх, кіеўскіх ды полацкіх князёў, рассеяліся сярод іншых народаў. I Белавежу пачалі называць зубрынай краінаю, багатаю на птушак і звяроў. Сюды штогод наведваліся каранаваныя асобы з гасцямі і незлічонымі світамі. Здаралася, не толькі для паляўнічых уцех і турніраў. Так, зімою 1410 г. дружыннікі князя Вітаўта і караля Ягайлы здабылі сотні ласёў дзікоў і зуброў. Потым іх мясам, засоленым у бочках, падмацоўваліся беларуска- польскія харугвы, якія 15 ліпеня 1410 г. ушчэнт разбілі на Грунвальдскім полі захопнікаў-крыжакоў Тэўтонскага ордэна. Значыць, пушча таксама спрычынілася да слаўнай перамогі.
Міналі гады, і ўсё часцей і часцей здараліся выпадкі, што сведчылі пра бяздумную людскую жорсткасць да прыроды.
Не дзіўна, што ўжо ў XIX ст. Белавежская пушча засталася без дзікіх коней тарпанаў, мядзведзяў, ланей. А 12 красавіка 1919 г. быў забіты апошні зубр. У 1939 г. Белавежская пушча апынулася ў складзе БССР і была абвешчана Дзяржаўным запаведнікам, а ў 1977 г. ёй нададзены статус Нацыянальнага парку. Напэўна, зубрыны род так бы і звёўся, каб у 1946 г. не прывезлі зуброў са звярынца ў Белавежы. I зубрыны статак адрадзіўся, цяпер ён у беларускай частцы пушчы налічвае больш за 300 галоў.
13-ы чытальнік. Не, недарэмна хуткаплынны час у Белавежскай пушчы спыніўся, каб сівая мінуўшчына сустрэлася з днём сённяшнім і заўтрашнім. Тут наяве трапляеш у казку, легенду, паданне. Тут святлееш душою, дабрэеш сэрцам. Нам пад сілу захаваць гэты цудоўны разнастайны свет для нашчадкаў.
Выконваецца песня “Люблю цябе, Белая Русь!” (сл. У. Карызны, муз. Ю. Семянякі).
Вандроўнік. Азёры Беларусі. Гэтымі чыстымі вачамі даверліва ўзіраецца мая Радзіма ў далёкі і недасяжны Сусвет, нібыта шукае там паразумення, спадзяецца на ўзаемны давер і спагадлівасць. А гэткіх чароўных люстэркаў на Беларусі - лічыць не злічыць. Сярод іх сапраўды першай перлінай стала возера Нарач. Легенда пра яго паходжанне таксама звязана з люстэркам.
14-ы чытальнік. У адной з тутэйшых вёсак жылі прыгажуня Галіна і хлопец Васіль. Пакахалі яны моцна, адно без аднаго жыць не маглі. Васілёк - майстар на ўсе рукі. За што ні возьмецца, усё зробіць адмыслова і прыгожа. Так і змайстраваў ён сваёй Галінцы люстэрка. Ды не звычайнае, а чароўнае. Зірнеш у яго - і пра свой лёс даведаешся.
А на месцы сённяшняга возера Нарач тады магутны бор шумеў. Каля яго несціхана шапталіся калоссем урадлівыя палеткі. Але гэта не асабліва радавала сялян, бо не яны з усяго пажытак мелі, а багаты сквапны пан. Аднойчы ўбачыў ён прыгожую Галіну. Захацелася мець яе сваёй каханкай. Ды бацька стаў на абарону дачкі. Аднак не ўратаваў, хоць і заплаціў за тое сваім жыццём. Тады за каханую заступіўся Васілёк. Уварваўся ён у панскі палац, забіў ненавіснага пана. Але і сам загінуў. Калі пра гэта даведалася Галінка, павалілася без прытомнасці, выпусціла з рук чароўнае люстэрка. Упала яно, разбілася на кавалачкі, якія адразу ж азёрамі сталі. А назвы іх - Нарач, Мястра, Баторына, Бледнае.
Галінчын каханы да гэтага часу блакітным васільком прарастае ў прыазёрным жыце. Праз рэшткі чароўнага люстэрка любуецца на сваю незабыўную і мілую Галінку. Яна ж самотна-трывожнымі крыкамі чайкі дагэтуль расказвае ўсім пра сваё каханне. Спадзяецца, што знойдуцца спагадлівыя людзі, дапамогуць злучыцца з Васільком.
15-ы чытальнік. А возера Нарач, прыгледзьцеся, сваімі абрысамі сапраўды нагадвае сэрца: ці то Галінчына, ці то Васількова, але - добрае чалавечае сэрца. А мо гэта сэрца нашай з табой маці-Беларусі?
Народжанае ад чароўнага люстэрка, і само возера Нарач чароўнае. Яно не толькі лечыць, загартоўвае людзей, але духоўна ўзвышае і натхняе. Нездарма нарачанскія ваколіцы сталі першым беларускім курортам. Калі давядзецца табе трапіць на ўзбярэжжа нашага беларускага мора, плошча якога каля 90 км2, а найбольшая глыбіня амаль 25 м, прыслухайся і пачуеш, як пра ўсё гэта захоплена расказваюць салаўі і шпакі, лебедзі-шыпуны, малыя крачкі, малыя паганкі, якія водзяцца толькі на Нарачы.
Вандроўнік. Калі зірнуць на карту, то абрысы Беларусі нагадваюць кляновы лісток. А на ім празрыстай расінкай блішчыць Нарач, якая стасуецца з Сусветам і мае праз гэта Божае апекаванне.
Выконваецца песня “Азёры дабрыні” (сл. У. Карызны, муз. Л. Захлеўнага).
Вандроўнік. Мне здаецца, што сённяшняе падарожжа стала для вас цікавым і карысным, дало магчымасць яшчэ раз упэўніцца, што беларускі народ таленавіты і мае чым ганарыцца. Цуды зусім побач, толькі ўмейце іх бачыць і разумець сэрцам. Продкі стварылі і перадалі нам багаты духоўны скарб, нешта зробім і мы для сваіх нашчадкаў. I гэты скарб мы ўзнімаем у далонях нашай маці-Беларусі высока-высока, каб не прапасці, не знікнуць у вечным часе гісторыі.
Выконваецца песня “У далонях маёй Беларусі” (сл. С. Законнікава, муз. Г. Смоляк).

Яшчэ на гэту тэму:

«Над Белай руссю — белы бусел»     Скарбы роднага краю