сцэнарыі святаў на беларускай мове

Пралеска 06/1992г.

У госці да Несцеркі

Гульня-падарожжа для дзяцей з удзелам бацькоў.

Аднойчы ля ўвахода ў дзіцячы сад з’явілася такая аб'ява: "Паважаныя мамы, таты, бабулі і дзядулі! Запрашаем вас пагутарыць разам з намі аб выхаванні дзяцей, прыняць удзел у конкурсе "Малюе наша сям’я. Уладкуйцеся, калі ласка, вечарам разам з сынам ці дачушкай паўтульней і намалюйце зімовы пейзаж. Або любімую цацку. А можа, цікавае падарожжа. А можа... I не крыўдуйце, калі ў вас няма выяўленчых здольнасцей. Галоўнае, вы разам і вам цікава ў сумесным падарожжы "У госці да Несцеркі”, Чакаем Вас!"

Ужо з ранку на гульнявых пляцоўках загучалі звонкія дзіцячыя галасы. А пляцоўкі былі ў гэты дзень незвычайныя: і тут і там - рознакаляровыя шары, тканыя посцілкі. драўляныя лаўкі і сталы. I маляўнічыя шыльдачкі — "Дыскусійны клуб", "Пагуляй з намі", "Зайкава хатка", “Тэатр лялек", "Чароўныя арэшкі”, "Цудоўны аловак", "Да цёткі Лявоніхі”, "Запрашае Паўлінка".

Напярэдадні сустрэчы з бацькамі ў сярэдняй і старэйшай групах была праведзена размова на тэму "Кім быць?". Адказы дзяцей мы запісалі на магнітафон.
У дыскусійным клубе сабраліся бацькі і выхавацелі. Як зрабіць цікавым сумесны адпачынак бацькоў і дзяцей? Як далучыць малых да хатніх спраў? Бацькоўская любоў - якая яна? Як выхаваць у дзяцей павагу да дарослых? На гэтыя і іншыя пытанні дарослыя шукалі адказы. Затым мамам і татам была прапанавана гумарыстычная, але разам з тым і вельмі сур’ёзная анкета з пытаннямі тыпу: ”3 кім за сталом сядзіць ваша дзіця?", "Якую апошнюю казку чыталі ў групе?”, ”3 кім у групе больш за ўсё сябруе малы?", "Што любіць есці ў садзе?", "Ці давярае вам свае тайны?" і г.д. А для дзяцей у гэты час былі арганізаваны гульні "Шэры кот”, "Дзед Мароз", "Блін гарыць”, "Нос, нос, нос, лоб”, "Маша".


Шэры кот

Задачы: удасканальваць навыкі хадзьбы і бегу ў калоне, выхоўваць смеласць, спрыт, хуткасць рэакцыі.
Апісанне гульні
Дзеці выбіраюць ката пры дапамозе лічылкі:
Раз, два, тры, чатыры,
Ката грамаце вучылі.
Не чытаць, не пісаць,
А за мышкамі скакаць.
Пасля выбрання ката мышы становяцца за ім у калону. Калона рухаецца па пляцоўцы. Паміж катом і мышамі ідзе размова:
— Ёсць мышы ў стозе?
— Ёсць!
— Баяцца ката?
— Не!
— А я, Катафей, разганю ўсіх мышэй!
Мышы разбягаюцца, кот іх ловіць.
Правілы гульні. Дзеці павінны знаходзіцца ў калоне да слоў "...разганю ўсіх мышэй”.

Дзед Мароз

Задачы: удасканальваць навыкі бегу, змяняючы тэмп і напрамак, выхоўваць смеласць.
Апісанне гульні
Дзеці выбіраюць Дзеда Мароза па лічылцы:
Дзед Мароз, Дзед Мароз,
Бабу снежную прынёс.
Баба, баба, снегавуха,
Не хапай мяне за вуха!
Пасля выбрання Дзеда Мароза разбягаюцца ўсе па пляцоўцы. Дзед Мароз бяжыць за імі. Да каго дакранецца рукой, таго "замарозіць". "Замарожаны" павінен спыніцца, расставіць рукі ў бакі. Гульня заканчваецца, калі будуць "замарожаны" ўсе дзеці.

Блін гарыць

Задачы: развіваць хуткасць рэакцыі, смеласць, спрыт.
Апісанне гульні

Назначаецца лавец. Выхавацель чэрціць на зямлі круг, у які становяцца дзеці. Лавец, стаўшы спінай да круга на адлегласці 1,5 м, гаворыць: "Блін гарыць!". Усе выбягаюць з круга, але адразу ж імкнуцца забегчы ў яго зноў. Лавец у гэты час стараецца "запляміць" дзяцей. Той, каго "заплямілі", становіцца лаўцом, і гульня працягваецца.

Правілы гульні. Лавец павінен "пляміць" дзяцей толькі тады, калі яны знаходзяцца па другі бок круга.

Гарнушак

Задачы: удасканальваць навыкі хуткага бегу, спрыт, вытрымку.
Апісанне гульні

Дзеці садзяцца на лаву, што стаіць у цэнтры пляцоўкі, плячамі адно да аднаго. Адзін з удзельнікаў гульні называецца "гарнушкам". Ён ходзіць вакол чарады, раптам стукае каго-небудзь па калену і крычыць: "Гарнушак!". Той зрываецца з месца і бяжыць вакол лавы, стараючыся апярэдзіць "гарнушка", які таксама бяжыць, але ў іншым напрамку. Хто раней сядзе на свабоднае месца, той выйграў. А другі дае фант і становіцца "гарнушкам".

Нос, нос, нос, лоб

Задачы: развіваць хуткасць рэакцыі, увагу.
Апісанне гульні

Дзеці ўтвараюць круг, пасярэдзіне — водзячы. Ён кажа: "Нос, нос, нос, лоб”. На першыя тры словы дакранаецца да носа, а на чацвёртае — да вока, вуха і да т.п. Дзеці павінны рабіць усё, як гаворыць, а не як паказвае водзячы. Хто памыліўся — выбывае з гульні.

Маша

Задачы: развіваць назіральнасць, уважлівасць, зрокавую памяць.
Апісанне гульні
Дзеці становяцца ў круг, пасярэдзіне "Маша" з завязанымі вачамі. Усе прыгаворваюць:
Маша, ты пацеха наша.
Ручкі злажы, на імя ўкажы.
"Маша" дакранаецца да каго-небудзь і адгадвае, хто гэта. Калі адгадае, той становіцца "Машай".
Правілы гульні. Калі доўгі час "Машы" не ўдаецца назваць імя, дзеці дапамагаюць — расказваюць, як апрануты той, да каго яна дакранулася.

Пасля гульняў на пляцоўцы сабраліся разам і дзеці, і дарослыя.
Выходзіць вядучая ў нацыянальным адзенні.


Вядучая. Дзень добры, дарагія дзеці, дзень добры, шаноўныя дарослыя. Сёння — незвычайны дзень, таму што мы запрашаем вас у падарожжа па краіне казак.
Гучыць беларуская мелодыя, выходзіць Паўлінка.
Вядучая. Дзеці, паглядзіце — да нас прыйшла госця. Хто ведае, як яе завуць?
Дзеці адказваюць.
Паўлінка. Так, дзеці, я — Паўлінка. Якія вы малайцы, пазналі мяне. А зараз паслухайце, што я вам раскажу.

Даўно тое было. Жыў на Белай Русі адзін селянін. Жыў бедна, але дзяцей у яго было багата. Аж дванаццаць. А тут з'явілася на свет яшчэ адно. Ды замест таго, каб заплакаць, як засмяецца на ўсю хату! Дзіву ўсе даюцца. Не ведаюць, як назваць такое дзіця. Доўга думалі бацькі, а тут з'явіўся стары гусляр. I назваў ён трынаццатае дзіця селяніна Несцеркам.

Несцерка. Хто гэта мяне ўспамінае?
Паўлінка. Гэта я цябе паклікала, каб ты дапамог нам сёння падарожнічаць. Заходзь, калі ласка.
Несцерка. Дзякуй за прапанову, Паўлінка. Дзень добры ўсім вам, добрыя людзі! (Кланяецца. Разам з Паўлінкай чытаюць верш.)
Паўлінка.
Адчыняю сёння дзверы —
Пад дзвярыма зайчык шэры.
Моркву ў лапках ён трымае,
Вачаняткамі міргае.
— Да каго?
Пытаю строга.
Несцерка.
— Я да Юрачкі малога.
Чуў, што ён заўсёды рана
Адзяецца сам старанна.
Зубы чысціць.
3 мылам мые
Рукі, тварык свой і шыю.
А затым ужо без плачу
Ён ідзе у сад дзіцячы.
Юрку вашаму за гэта
Я прынёс ласунак з лета...
Паўлінка.
Аддае мне зайчык моркву
I працягвае гаворку:
Несцерка.
Перадайце, калі ласка!
Паўлінка.
Так сказаў —
I збег у казку.*
_____________
*Верш слонімскай паэтэсы Ірыны Войтка

Несцерка. Давайце ціхенька падыдзем да гэтай хаткі і паслухаем, што адбываецца зараз з зайкам.
Уса накіроўваюцца па сцяжынцы да дома, на якім шыльдачка: "Зайкава хатка". Каля яго сядзіць зайчык і плача. Ідзе пеўнік.
Пеўнік. Чаго, зайка, плачаш?
Зайка. Ды як жа мне, зайку, не плакаць? Жылі мы з лісічкай непадалёку адзін ад аднаго. Пабудавалі сабе хаткі: я — з труску-пяску, а яна — з труску-сняжку. Прыйшла вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць, як стаяла. Лісічка выгнала мяне з маёй хаткі, стала там сама жыць. Вось я сяджу ды плачу.
Пеўнік. Не плач, зайка, я выганю лісу з тваёй хаткі.
Зайка. Ой, Пеценька, дзе ж табе выгнаць? Воўк гнаў — не выгнаў. Мядзведзь гнаў — не выгнаў...
Пеўнік. А я выганю!
Пайшлі ямы да хаткі. Пеўнік стаў на парозе і як закрычыць:
Я — певень-чабятух,
Я — пявун-лапатун,
На кароткіх нагах,
На высокіх пятах,
Нясу касу на плячы,
Хачу лісу засячы!

Ліса. Ой, певень, сцеражыся! Мой хвост, як дубец — як дам, дык будзе табе канец!
Пеўнік зноў крычыць:
Я — певень-чабятух,
Я — пявун-лапатун,
На кароткіх нагах,
На высокіх пятах,
Нясу касу на плячы,
Хачу лісу засячы!

Ліса спалохалася, маўчыць. А пеўнік зайшоў у хатку, ды і выгнаў яе.
Вядучая. Ой, шкада лісу! Сёння ў лесе холадна, змерзне яна. Давайце паклічам яе да нас. Мабыць, не будзе больш крыўдзіць зайку?
Дзеці клічуць лісу. Тая вяртаецца.
Ліса. Прабач мяне, зайка. Прабачце, дзеці. Я больш не буду так рабіць. Давайце лепш пагуляем! Я шмат гульняў ведаю.
Пабегла ліса ў хатку, вынесла канат. Прапанавала падзяліцца на дзве каманды: хто канат перацягне. А потым, чыя каманда хутчэй прабяжыць па драўляных "сараканожках". Пасля зайка, пеўнік і ліса развіталіся з усімі і вярнуліся ў казку. А дзеці з дарослымі, Паўлінка і Несцерка працягвалі падарожжа...
Паўлінка. Глядзіце, а вось яшчэ адна сцежка. Цікава, куды яна вядзе?
Несцерка. Давайце паглядзім!
Усе накіроўваюцца за Паўлінкай і Несцеркам па сцежцы. Ішлі яны, ішлі. I прыйшлі ў тэатр лялек. Праводзіцца інсцэніроўка казкі "Лёгкі хлеб".
Вядучая. А хто з вас ведае, як называецца гэта казка?
Дзеці адказваюць, што гэта беларуская народная казка "Лёгкі хлеб".
Вядучая. Малайцы! Усе казкі ведаеце!
Але на гэтым сустрэча з казкамі не скончылася. На шырме з'явілася лялька Алеся з кошыкам арэхаў.
Алеся.
На лясныя сцежкі
Падаюць арэшкі.
Жоўтыя, як зоркі,
Любяць іх вавёркі.
Любіць брацік мой
Грызці іх зімой.
Любіць гэта мама,
Ну, і я — таксама.
Дзякуй за арэшкі -
Вам, лясныя сцежкі!

Вось вам кошык з арэшкамі. Але трэба быць уважлівымі, бо гэтыя арэшкі не простыя, а чароўныя!
I пайшла Алеся ў сваю казку.
Вядучая. Цікава, што ў гэтых арэшках? Хто самы храбры? Хто першы расчыніць свой арэшак?
Несцерка. Я — храбры! Я першы адчыню!
Узяў Несцерка свой арэшак, асцярожна расчыніў яго.
Несцерка. Тут паперка з загадкай.
Паўлінка. Дык вось у чым сакрэт арэшкаў! Давайце разам загадкі разгадваць!
Вядучая. А таго, хто правільна адгадае, мы пачастуем цукеркамі. Пачынай, Несцерка. Чытай першую загадку.
Загадкі з чароўных арэшкаў Алесі

Хто ў чырвоных ботах
Ходзіць па балотах?
(Бусел)

Без рук, без алоўка,
А малюе лоўка.
(Мароз)

Іголкі мае,
А шыць не ўмее.
(Вожык)

На палеткі, на луг
Разаслаўся кажух.
А прыйшоў сакавік,
Ён заплакаў і знік.
(Снег)

Вясна прыгрэе — кажух надзене,
Зіма наступае — кажух скідае.
(Дрэва і лісце)

Хто зялёнымі вачамі
Грозна бліскае начамі,
Мае пухленькія лапкі,
Мае кіпцікі-царапкі?
Спінку пругка выгінае,
Страх на мышак наганяе?
(Кот)

Што за гаспадыня ходзіць каля гаю,
Залатое футра па зямлі цягае?
(Ліса)

Улетку шэранькі,
узімку беленькі,
Доўгія вушы мае,
Хутка ў лес уцякае.
(Заяц)

У дрэве — хатка, арэшкаў горка,
Хвост — мятла, чарніцы-вочы,
Нібы золата, спіна,
непаседлівы звярочак...
Адкажыце, хто яна?
(Вавёрка)

Аўсом не кормяць, пугай не гоняць,
а як араць пачне, — сем плугоў вязе.
(Трактар)

Вядучая. Ну і малайцы! Усе загадкі адгадалі. А зараз паглядзіце, на якую сцежку паказвае вось гэтая стрэлка?
Паўлінка. Пойдзем хутчэй туды.
Усе ідуць за Паўлінкай і прыходзяць на палянку, дзе напісана "Цудоўны аловак". Прыйшлі і спыніліся, зачараваныя: колькі тут малюнкаў!
Вядучая. Гэтыя малюнкі намалявалі нашы дзеці разам з бацькамі па ўмовах конкурсу "Малюе наша сям'я". Бачыце, якія прыгожыя! А яшчэ звярніце ўвагу — пад кожным малюнкам напісаны нумар, а побач ляжаць паперкі з лічбамі. Вызначце малюнкі, якія вам спадабаліся больш за іншыя, вазьміце паперкі з адпаведнымі лічбамі і пакладзіце іх у гэтую скрыначку. Паўлінка, Несцерка і я потым падлічым паперкі. Тыя, чые малюнкі атрымалі больш галасоў, — і будуць пераможцамі.
Паўлінка. Так. I атрымаюць вялікія наборы каляровых алоўкаў.
Несцерка. Але няхай не хвалююцца астатнія ўдзельнікі. Усе малюнкі нам вельмі падабаюцца, і таму кожны, хто іх маляваў, атрымае маленькі падарунак.
Вядучая. Запрашаем усіх на вернісаж!
Госці разглядаюць малюнкі, вылучаюць пераможцаў. А потым дзеці атрымліваюць прызы — кніжкі-размалёўкі, значкі, паштоўкі, цацкі, гумавыя шарыкі, сшыткі, каляровую паперу.
Несцерка. Паўлінка, паглядзі, воск яшчэ адна сцежка!
Паўлінка. Паважаныя госці, калі ласка, пойдзем разам з намі. Напэўна, нас чакае яшчэ адна цікавая сустрэча!
Усе ідуць па сцяжынцы да дому цёткі Лявоніхі. Тая прыбірае ў хаце, убачыла гасцей, замітусілася.
Несцерка. Дзень добры, цётка Лявоніха. Вельмі прыемна, што сцежка прывяла нас да цябе!
Цётка Лявоніха. Дзень добры, дзень добры, даражэнькія!
Паўлінка. Як жывеш, цётка Лявоніха?
Цётка Лявоніха. Жыву добра. Вось толькі сумна адной у хаце. Дзякуй вам, што прыйшлі праведаць мяне, ды яшчэ і гасцей прывялі! Заходзьце, калі ласка, у хату! Вось і музыка ў мяне ёсць. Давайце ж станцуем самы вясёлы танец "Лявоніху"!
Цётка Лявоніха падхоплівае пад рукі Несцерку, танцуе. За імі і госці, усе накіроўваюцца ў музычную залу.
Гэты сумесны адпачынак можа быць працягам свята, а можа праводзіцца і асобна. Мы практыкуем і той, і другі варыянт.
Лявоніха. Вось парадавалі, дык парадавалі! Надоўга хопіць. Дзякуй вам усім! Як будзеце ў нашай старонцы, заходзьце — я заўсёды буду рада.
Паўлінка. Несцерка, чуеш? Гэта голас маёй матулі! Яна з кімсьці размаўляе. Давайце зойдзем да нас!
Усе ідуць да хаты Паўлінкі, а там ужо чакаюць гасцей — прыгожыя абрусы на сталах, тканыя посцілкі. I блінцы, пернікі, цукеркі, караваі!
А побач размаўляюць пан Адольф і маці Паўлінкі — цётка Альжбета.

Пан Адольф. Пані Альжбета, а дзе ж ваша дачка Паўлінка? Мне ўжо чакаць надакучыла.
Цётка Альжбета. Зараз яна прыйдзе, пан Адольф.
Пан Адольф. Пані Паўлінка — маладая дзеўка, ладная паненка. Мабыць, ад хлопцаў адбою няма?
Цётка Альжбета. Ды што вы такое гаворыце, пан Адольф! Паўлінка ў нас сціплая дзяўчынка... Ды вось і яна сама! Знаёмся, Паўлінка, гэта пан Адольф, файны кавалер!
Паўлінка. Добры дзень, пан Адольф. Што ж гэта вы, такі файны кавалер, ды ў вёску трапілі?
Пан Адольф. Дазвольце паздароўкацца з вамі, пані Паўлінка! (Цалуе ручку.) А чаму я тут апынуўся, даведацца не цяжка — пачуў я пра прыгожую кветачку, што ў вашай вёсцы расцвіла, і вырашыў сам на яе паглядзець...
Паўлінка. Можа, кветачка і цвіце, ды не вам, пан Адольф, яе сарваць!
Пан Адольф. Ой, не заракайся! А ці ўмее пані Паўлінка танцаваць?
Паўлінка. А як жа! Гэй, музыканты! А ну зайграйце нашу беларускую!
Усе танцуюць беларускую польку з прыпеўкамі.
Патанцавалі і селі адпачыць.

Пан Адольф. Фі, якія мужыцкія танцы вы танцуеце! Дазвольце, лані Паўлінка, запрасіць вас на сапраўдны шляхецкі танец!
Паўлінка. Калі ласка. Але ж я не ўмею...
Пан Адольф. Нічога, я навучу.
Танцуюць. У Паўлінкі не вельмі добра атрымліваецца.
Паўлінка. Усё, пан Адольф. Больш танцаваць я не буду. Хіба ж добрыя людзі такое танцуюць? Пасмяяліся з нас і хопіць!
Цётка Альжбета. Не крыўдуйцеся, пан Адольф. Маладая яшчэ наша Паўлінка, мо чаго не ўмее. Яшчэ навучыцца! Дазвольце лепш запрасіць вас да стала. I ўсіх гасцей. Вунь колькі мы нагатавалі! Частуйцеся, калі ласка!
Усе садзяцца за стол. Пасля частавання зноў танцы.
Паўлінка. Вось і падышла да канца наша з вамі сустрэча.
Несцерка. Нам было вельмі прыемна сустрэцца з вамі.
Вядучая. Спадзяёмся, што і вам у нас спадабалася. Да пабачэння.
Усе разам спяваюць беларускую песню "Бывайце здаровы..."