сцэнарыі святаў на беларускай мове

Святлана ГЛЕМБОЦКАЯ, метадыст Гродзенскай абласной станцыі юных натуралістаў. Пралеска 1-1996

Зялёная азбука

Інсцэніраваная экалагічная гульня ў трох дзеяннях для дзяцей старэйшага дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту

Лічу і цвёрда ўпэўнена: экалагічнае выхаванне і адукацыю дзіцяці трэба пачынаць з дашкольнага ўзросту.
Задача заключаецца не толькі ў тым, каб даць дзіцяці мінімум даступнай экалагічнай інфармацыі, але разбудзіць яго эмацыянальную прыроду. Праз гульню навучыць суперажываць, любіць, шкадаваць кожную жывую істоту, клапаціцца аб ёй. У сэрцы кожнага дзіцяці—сярэбраны званочак, яго чыстая мелодыя загучыць толькі тады, калі мы далікатна, трапятліва і беражліва дакранемся да яго.

Аўтар

Інсцэніраваную экалагічную гульню “Зялёная азбука” прапануецца праводзіць з дзецьмі дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту з мэтай азнаямлення з правіламі паводзін у прыродзе, азамі экалагічнай культуры.
Стварэнне дэкарацый
Дэкарацыі вельмі простыя. Дзеянне адбываецца “ў лесе”
Спатрэбіцца магнітафон, магнітафонныя запісы спеваў птушак і песні “Белавежская пушча”, ілюстрацыі раслін і жывёл з “Чырвонай кнігі " чучалы птушак, сінтэтычныя елкі, кансервавыя бляшанкі, папера і іншае “смецце ”, мяхі для смецця, перавязачная тканіна для зламанага дрэва.
Неабходна зрабіць “Зялёную азбуку ”, на яе старонках малююцца знакі па тыпу “забараняючых” дарожных знакаў.


Мал. 1. Нельга разводзіць касцёр!
Экалагічны знак - касцёр
Мал. 2. Нельга насмечваць!
Экалагічны знак - смецце
Мал. 3. Нельга збіраць гэтыя расліны! Ахоўваць рэдкія расліны!
Экалагічны знак - кветка
Мал. 4. Захоўваць цішыню!
Экалагічны знак - шум
Мал. 5. Паляванне забаронена! Ахоўваць рэдкіх жывёл!
Экалагічны знак - жывёлы

Дзеючыя асобы:
Бураціна
Мальвіна
Карабас-Барабас
Ліса Аліса
Кот Базіліо
Зубр
Дзеці

1-е дзеянне


Мальвіна. Сёння мы адпраўляемся ў школу.
Бураціна. У школу? Якую школу?
Мальвіна. У зялёную!
Бураціна. А хіба ёсць такая школа?
Мальвіна. Ёсць. Гэтая цудоўная школа знаходзіцца ў лесе. Адправімся туды на дыване-самалёце.
Бураціна. Я адзін баюся. Мяне звяры ў лесе з’ядуць. Вы са мной паляціце, дзеці?
Дзеці. Паляцім!
Мальвіна. Увага! Увага! Да адлёту дывана-самалёта засталося пяць хвілін. Просім усіх заняць свае месцы!
Бураціна. Ура! Ляцім! Але што гэта? Вельмі многа бруду, кансервавых бляшанак, паламаных дрэў!
Мальвіна. Што здарылася з нашай школай? Нейкія злодзеі ператварылі лес у сметнік!
Бураціна. Паважаныя пасажыры, наш дыван-самалёт прызямліўся на плошчы ведаў.
Мальвіна. Вось і школа. Просім усіх сесці на пянёчкі. (Дзеці садзяцца.)
Мальвіна. Незразумелы лес. Дрэваў няма, адны пянькі тырчаць.
Бураціна (плача). Птушкі не спяваюць, звяроў не відаць. А ты хацела яшчэ дзяцей тут вучыць? Чаму ты іх навучыш? Як дрэвы ламаць? Як бляшанкі кансервавыя на палянах замест кветак вырошчваць?
Мальвіна. Я навучу дзяцей правілам паводзін у прыродзе. Мы авалодаем цудоўнай азбукай. Яны навучацца берагчы прыроду. Дзеці ніколі не будуць мучыць жывёлу. I таптаць нагамі безабаронныя кветкі.
Бураціна. Пакажы гэтую азбуку!
Мальвіна. Вось яна!

2-е дзеянне


(На паляне з’яўляецца Карабас-Барабас, ліса Аліса і кот Базіліо.)
Карабас-Барабас (лісе і кату). Хутчэй забяры ў іх гэтую кніжку. Калі дзеці яе прачытаюць, яны стануць добрымі і дапамогуць гэтаму лесу! Зноў зашумяць дрэвы, заспяваюць весела птушкі.
Ліса і кот. Слухаемся і падпарадкоўваемся.
Бураціна. Глядзіце, ідуць разбойнікі!
Кот. Добранькі Бураціна, прадай нам сваю азбуку. Мы табе дадзім тры залатых!
Бураціна. Не прадам азбуку. Яна чароўная!
Разбойнікі. А мы яе адбяром!
Мальвіна. Бураціна, адкрый першую старонку. Хутчэй!
Ліса. Ой-ой!
Кот. Ах-ах!
Разбойнікі. Мы не можам ісці! Нашы лапы і хвасты прыліплі! Памажыце!
Мальвіна. Дапаможам, калі прачытаеце гэтую азбуку.
Разбойнікі. Мы не ўмеем чытаць.
Мальвіна. Гэтая азбука няпростая. У ёй ёсць цудоўныя карцінкі.
Бураціна. Вам трэба будзе адгадаць, што намалявана на старонках гэтай азбукі.
Кот (выхваляючыся). Гэта мы хутка адгадаем!
Мальвіна. А калі не адгадаеце, назаўсёды застанецеся на гэтым месцы.
Бураціна (звяртаецца да дзяцей). Калі вы падкажаце разбойнікам, як трэба паводзіць сябе ў лесе, то яны выправяцца і ніколі не будуць шкодзіць прыродзе.
Мальвіна. Старонка першая.
Што азначае гэты знак?
Экалагічны знак - касцёр
Ліса. Гэты знак дазваляе разводзіць кастры ў лесе. Трэба ўзяць больш запалак і падпаліць гэтую елку... Атрымаецца прыгожы касцёр.
Бураціна. Ці правільна сказала ліса? Ці можна разводзіць кастры ў лесе, дзе пастаўлены гэты знак?
Дзеці. Не, нельга! Гэты знак забараняе разводзіць касцёр!
Бураціна. А чаму?
Дзеці. Нельга разводзіць кастры каля дрэў, кустоў: можа пачацца пажар!
Мальвіна. У лесе для турыстаў ёсць спецыяльныя пляцоўкі, размешчаныя далей ад дрэў, дзе можна разводзіць касцёр. Выходзячы, трэба загасіць касцёр: засыпаць агонь пяском ці добра заліць вадой.
Бураціна. Старонка
другая. А гэта, што за знак?
Экалагічны знак - смецце
Карабас-Барабас. Ха-ха! Бляшанка кансервавая. Пакідайце, дзеці, у лесе пабольш смецця, паперак, кансервавых бляшанак.
Бураціна. Дзеці, вы будзеце так рабіць?
Дзеці. Не! Смецце трэба за сабой прыбіраць. Паперкі і рэшткі ежы закапаць у зямлю. Кансервавыя бляшанкі, бутэлькі і поліэтыленавыя пакеты сабраць і прынесці дадому.
Мальвіна. А аб чым гаворыць гэты знак?
Экалагічны знак - кветка
Ліса. Кветачкі... Люблю кветачкі. Я б іх усе сарвала! Я з лесу заўсёды поўнае бярэмя кветак прыношу!
Бураціна. Ці сапраўды ліса любіць кветкі, дзеці?
Дзеці. Не, ліса не любіць кветкі, - не шкадуе расліны. Гэты знак азначае, што нельга рваць рэдкія расліны.
Бураціна. Назавіце рэдкія расліны. Чаму іх нельга рваць?
Дзеці (паказваюць карцінкі). Сон, пярэсна, першацвет, пралеска, ветраніца (і інш.). Гэтыя расліны сталі рэдка сустракацца ў лесе. Таму іх трэба берагчы. Інакш яны проста знікнуць.
Мальвіна. Вось яшчэ адна старонка. Што азначае гэты знак?
Экалагічны знак - шум
Разбойнікі. Брыдка, агідна! Вы што, хочаце, каб мы ў лес без транзістара хадзілі?
Кот (паказвае на навушнікі). Ля-ля- ля! Я нават сплю ў навушніках. А ў лесе без музыкі ад суму памерці можна!
Мальвіна. Няпраўда. Вы, мусіць, ніколі не чулі лясную музыку.
Ліса. Цікава, якія гэта рок-зоркі спяваюць па лясах?
Бураціна. Дзеці, падкажыце разбойнікам, хто спявае ў лесе, якія цудоўныя спевакі ўпрыгожваюць сваімі спевамі наша жыццё?
Дзеці. Птушкі: салавей, івалга, берасцянка.
Мальвіна. Запомніце правіла: у лес — без транзістара! Пры гучнай музыцы не могуць падняцца ў паветра жукі і пчолы. Яна палохае лясных жыхароў. Асабліва трэба захоўваць цішыню ў лесе вясной, калі звяры і птушкі выводзяць сваіх дзетак.
Бураціна. Вось і пятая старонка. На ёй намаляваны нейкі звер!
Мальвіна. Адгадайце пра яго загадку:
3 грывай, а не конь,
3 рагамі, а не бык,
3 барадой, а не казёл.
Гучна-гучна зароў
Цар пушчанскіх звяроў.

Карабас-Барабас. Змей Гарыныч.
Бураціна. Ці правільна адгадаў Карабас-Барабас? Што гэта за звер? Падкажыце, дзеці!
Дзеці. Зубр!
Мальвіна. Што ж азначае гэты знак?
Экалагічны знак - жывёлы

3-е дзеянне


Ліса. На гэтага звера можна паляваць. Вось бы з яго шашлычкоў паесці!
Зубр (нечакана з’яўляецца). Што я чую? Я — цар Белавежскай пушчы! Мяне выратавалі добрыя людзі. Войны і злыя паляўнічыя ледзь не загубілі мяне. Дзякуй Чырвонай кнізе, што застаўся жыць.
Ліса (дрыжыць). Даруйце, калі ласка, вялікі цар! Абавязкова вывучу ўсіх жывёл Чырвонай кнігі і ніводнага не пакрыўджу, далібог!
Бураціна. Дзеці, а якіх жывёл з Чырвонай кнігі вы ведаеце?
Дзеці. Барсука, бурага мядзведзя, пугача, лебедзя-шыпуна...
Зубр (звяртаецца да разбойнікаў). Вы больш не будзеце крыўдзіць лясных звяроў і птушак?
Разбойнікі. Не будзем! Будзем берагчы і ахоўваць прыроду.
Мальвіна. А для чаго трэба ахоўваць прыроду? Дзеці, падкажыце!
Дзеці. Каб яна не загінула. Каб чалавек выжыў: без прыроды ён таксама загіне.
Бураціна (звя'ртаецца да разбойнікаў). А якія прыказкі аб прыродзе вы ведаеце?
Ліса. Вораг прыродзе той, хто лес не беражэ!
Карабас-Барабас. Любі лес, любі прыроду, будзеш вечна міл народу!
Ліса і Карабас-Барабас. Ура! Мы можам ужо хадзіць, танцаваць, бегаць!
Кот. А ў мяне хвост так прыліп, ніяк не адстае ад зямлі. (Плача.) Дзеці, падкажыце мне якую-небудзь прыказку аб прыродзе. (Дзеці называюць прыказку.)
Кот (паўтарае, скача). Дзякуй! Ура!!!
Зубр. Табе вельмі весела, а мне сумна. Паглядзі на гэты бедны лес! (Паказвае на кучу смецця, паламанае дрэва, кастрышча.) Давайце дапаможам нашаму лесу, прыбяром смецце і навядзём парадак у ім.
Усе разам прыбіраюць палянку. Смецце збіраюць у вялікія мяхі, падвязваюць галінку ў зламанага дрэва.
Бураціна. Якім цудоўным стаў наш лес!
Мальвіна. Цуд! Цуд! Птушкі заспявалі! Вось цяпер можна і павесяліцца на славу!
Карагод “У лесе ”, Усе танцуюць (можна выкарыстаць і прызы).


Яшчэ на гэту тэму:

На палянку да Лесавічка     «Над Белай руссю — белы бусел»