сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. С. СУМАН, настаўніца СШ № 109 г. Мінска. Пачатковая школа 11/1993

На парозе - Новы год!

Сцэнарый навагодняга свята

Вучні выконваюць танец «Лявоніха». Калі музыка сціхае, паяўляецца вядучая.
Вядучая:
Абыдзіце скрозь, агледзьце
Пералескі ўсе, лясы —
Дзе вы знойдзеце на свеце
Ёлку гэткае красы?
Нездарма яе сама
Беласнежная зіма
Укрывала пухам-ватай,
Ад марозу берагла,
Каб зялёнаю да свята
Ды прыгожаю была!
Н. Гілевіч.
Дзеці спяваюць песню «Яліначка».
Яліначка
сл. Р. Кудашавай, муз. Л. Бекман

Ноты песні Яліначка

Жыла-была яліначка,
У хвойнічку расла,
Зімой і летам стройнаю,
Зялёнаю была.

Мяцеліца ёй песеньку
Спявала: «Баю-бай!»,
Сняжком яе атульвала:
«Глядзі не замярзай!»

Пужлівы зайка шэранькі
Вакол яе скакаў,
Падчас і воўк, сярдзіты воўк,
Трушком тут прабягаў.

Сняжок у лесе сцішаным
Пад полазам рыпіць,
I конік жвавы сівенькі
Спяшаецца, бяжыць.

Імчацца лёгка саначкі,
А ў санках мужычок
Вязе для нас яліначку,
Паклаўшы на бачок.

I вось яна, прыбраная,
На свята к нам прыйшла
I шмат пацехі, радасці
Для дзетак прынясла.
Вядучая:
Мы на ранішнік вясёлы
Запрасілі шчыра ў школу
Безліч дарагіх гасцей —
Будзе свята весялей!
В. Лукша.
Дзеці спяваюць песню «Запражыце сівых. коней»
У жартаўлівай інсцэніроўцы прымаюць удзел госці свята: Верабейка, Сарока, Мядзведзь.

Запражыце сівых коней
сл. народныя, апрацоўка Я. Зарыцкай

Ноты песні Запражыце сівых коней
Запражыце сiвых коней
У вазок шырокi,
Хоча ехаць верабейка
Ў госцi да сарокi.

Як прыехаў верабейка
Ды шпорамi ляснуў,
Выскачыла сорочанька:
- Прашу, калi ласка.

Прашу, прашу, верабейка
Мяне не цурацца -
I за стол саджае госця,
Просiць частавацца.

Прыйшоў мядзведзь дзіва глядзець
Ды стаў выскаляцца.
Тут наш смелы верабейка
Не змог утрымацца.

Як задаў мядзведзю дыхту,
Каб не задаваўся
I над смелым верабейкам
Больш не насміхаўся.
Сарока спрабуе спыніць бойку Верабейкі і Мядзведзя. Яна дапамагае пераможанаму касалапаму ўстаць з падлогі, атрасае яго шубу ад «снегу», падае яму дудку, якую Мядзведзь згубіў, і, жадаючы прымірыць «ворагаў», звяртаецца да Мядзведзя са словамі песні «Зайграй жа мне, дударочку».
Разам з Сарокай і Мядзведзем ля ёлкі танцуюць і Верабейка, і дзеці, і дарослыя.

Зайграй жа мне дударочку
Беларуская народная песня

Ноты песні Зайграй жа мне дударочку

Зайграй жа мне, дударочку,
А я патанцую,
А за гэта цябе, мілы,
Мёдам пачастую.

Тум, тум, тум-та, тум-та,
Мёдам пачастую.

Зайграй жа мне, дударочку,
Як сам разумееш.
Зайграй, сівы галубочку,
Тое, што умееш.

Тум, тум, тум-та, тум-та,
Тое, што умееш.

Як танцуюць без дуды,
Ножкі ходзяць не туды.
А як дуду пачуюць,
Самі ножкі танцуюць.

Тум, тум, тум-та, тум-та,
Самі ножкі танцуюць.

Танец заканчваецца, але танцоры не
выходзяць з круга: Сарока, Верабейка, Мядзведзь прапануюць прысутным згуляць у «ліскі». («Ліска» — невялікі прадмет (напрыклад шышка) — павінна быць у кожнага гуляючага).
Выбіраецца вядучы — «ліс». Удзельнікі гульні, якія ўтварылі круг дыяметрам 10 — 20 м, кладуць каля сябе «лісак».
«Ліс» падыходзіць да аднаго з гуляючых, і паміж імі адбываецца наступны дыялог:

— Дзе быў?
— У лесе.
— Каго злавіў?
— Ліску.
— Аддай ліску маю!
— За так не аддаю.
— За што аддасі — скажы сам.
— Калі абгоніш, тады аддам.

Пасля гэтага «ліс» бяжыць улева (управа) па крузе, а гаспадар «ліскі» — у процілеглы бок. «Ліску» атрымае той, хто зойме свабоднае месца ў крузе; «лісам» стане той ігрок, які спазніўся.
Бегчы дазваляецца толькі са знешняга боку круга.

Вядучая:
— Дзякуй вам, Мядзведзь, Сарока і Верабейка! (Звяртаецца да прысутных.) Але глядзіце, што робіцца: свята даўно пачалося, а галоўных гасцей яшчэ няма! Можа, Дзед Мароз і Снягурачка недзе затрымаліся? Можа, заблудзіліся ў лесе? Ці не паклікаць нам іх дружна, хорам?
Мядзведзь. Сарока, Верабейка, дзеці:
— Дзед Мароз! Снягурачка!
Чуецца голас Дзеда Мароза: «Го-го-го!» Уваходзяць Дзед Мароз і Снягурачка.
Дзед Мароз:
— Добры дзень, сябры!
Снягурачка:
— Жадаем усім вам здароўя, поспехаў у вучобе, шчырых сяброў! Даруйце, што затрымаліся: доўга да вас дабіраліся.
Дзед Мароз:
Снягі, марозы і завеі,
Дарога звонкая, як сталь,
Бярозы ў шэрані сівеюць,
Палі бялеюць, як паркаль.
А лес стаіць маўкліва, ціха,
Не зварухне свайго галля...
Зіма, зіма... Бы ў цвеце ліпа,
У белым снезе ўся зямля.
П. Глебка.
Снягурачка:
Закружыліся сняжынкі
Нізка, нізка над зямлёй,
Ціха лётаюць пушынкі
Незлічонай чарадой.
Быццам тыя матылькі,
Весяляцца нездарма —
Адамкнула ўсе замочкі
Ў небе ім сама зіма.
А. Дзеружынскі.
Вядучая:
Хочуць нашыя дзяўчынкі
Гожы танец паказаць,
Пачалі яны «Сняжынкі»
3 захапленнем танцаваць.

Дзеці танцуюць «Танец Сняжынак» муз. Э. Казачкова
Дзед Мароз:
— Я, дарагія сябры, люблю танцы і сам добра танцую. А вось Снягурачка вельмі любіць вершы. Можа, пацешыце маю ўнучку?
1-шы чытальнік:
Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
I волен лёгкіх санак бег.
Як мары, белыя бярозы
Пад сінявой начной стаяць,
У небе зоркі ад марозу,
Пахаладзеўшыя, дрыжаць.
М. Багдановіч.
2-гі чытальнік:
У вопратцы белай, шырокай, даўгой,
3 вялікай пушыстай мятлой-барадой
Прыйшоў к нам здалёку Дзядуля Мароз,
Завеі і холад з сабою прынёс.
У бель апранае ён дрэвы, кусты,
На рэчках, азёрах будуе масты.
Я. Журба.
Дзед Мароз:
— Дзякую за вершык пра мяне! А ці не згуляць нам у маю любімую гульню «Мароз»? Я сапраўдны Мароз, я і буду першы раз «марозам».
Дзеці разбягаюцца па пляцоўцы. Дзед Мароз бяжыць за імі і стараецца дакрануцца да каго-небудзь рукой. Той, да каго ён дакрануўся, лічыцца «замарожаным» і павінен спыніцца і развесці рукі ў бакі. Іншыя ўдзельнікі гульні могуць «размарозіць», яго, пляснуўшы рукой па плячы.
Праз некалькі хвілін гульня заканчваецца — Дзед Мароз прапануе выбраць новага «мароза».
Дзеці пры дапамозе лічылкі

Ты зялёны,
Ты чырвоны,
Ты ў кажусе,
Ты ў латусе,
А ў цябе Сіні нос —
Гэта ты,
Дзед Мароз!

выбіраюць «мароза», і гульня працягваецца. Перамагае «мароз», які здолеў «замарозіць» больш ігракоў.
Снягурачка і Дзед Мароз запрашаюць усіх на конкурс карнавальных касцюмаў, узнагароджваюць пераможцаў падарункамі.

Вядучая:
Надыходзіць, надыходзіць,
Надыходзіць Новы год!
Ён прыносіць многа снегу,
Многа радасных прыгод!

У залу ўваходзіць Новы год.
Новы год:
— Дарагія сябры! Вітаю вас! Здароўя, міру, шчасця, поспехаў усім вам!
Вядучая:
— I мы вітаем цябе, Новы год! Добрай табе хады па нашай зямлі!
Новы год:
Мяккі снег лятае пухам,
I канца яму няма,
I нясе сярдзітым духам,
Дзікім сіверам зіма.
Даставайце з вышак сані,
Гайда сцежкі праціраць
I на белым акіяне
Ўдоўж і ўпоперак гуляць.
Я. Колас.
Мядзведзь, Сарока, Верабейка вывозяць падарункі. Дзед Мароз, Снягурачка, Новы год раздаюць іх дзецям.
Вядучая:
— Дзед Мароз, Снягурачка, Новы год і лясныя жыхары развітваюцца з намі да наступнага свята.
Давайце скажам ім «дзякуй» і праспяваем песню «Зіма».
Зіма
Сл. М. Пазнякова, муз. А. Рэмізоўскай
Ноты песні Зіма
Разгулялася наўкруг
Юная мяцеліца,
Лебядзіны белы пух
Мне пад ногі сцелецца.

Зіхаціць уся зямля
Радасцю святлістаю,
I таптаць шкадую я
Коўдру серабрыстую.

Разгулялася наўкруг
Юная мяцеліца,
Лебядзіны белы пух
Мне пад ногі сцелецца.
Вядучая:
Выбягайце ж, дзеці, ўсе —
Будзем ладзіць карусель.
Умацуем дружна кола,
Каб кружыла нас наўкола,
Каб аж вецер падымала,
Каб аж дух займала!

Пад музыку беларускай полькі дзеці водзяць карагод вакол ёлкі.