сцэнарыі святаў на беларускай мове

Марына Іванаўна НОВІК — даследчык мовы. Кан­дыдат філалагічных навук. Дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А. С. Пушкіна. Роднае слова 6. 2001

"Яе скрыпка грае, грае..."

Сцэнар вечарыны да 125-годдзя з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі)

Па Беларусі скруха
— Вечная мая мука.
Анатоль СЫС.

Вечарына "Яе скрыпка грае, грае..." — пра непаўторную, каларытную постаць нацыянальнае культуры — Алаізу Пашкевіч (Цётку). Аб'ява пра вечарыну і яе праграма могуць быць распрацаваны ў стылі рэтра, нагадваючы тыя аб'явы, у якіх значылася і імя Алаізы Пашкевіч, акторкі трупы Ігната Буйніцкага. Яе тэатральны псеўданім — Крапівіха.
Калі ёсць магчымасць, то можна падрыхтаваць і запрашэнні для гасцей вечарыны. Яны могуць быць аздобленыя выявамі скрыпкі, смыка ці іншых сімвалаў, якія адпавядалі б асобе Алаізы Пашкевіч.
Зала святочна прыбраная. Добра, калі на сцэне будзе вісець партрэт Цёткі працы вядомага мастака Міколы Купавы. Збоку — невялікі столік, на стале — букет з палявых кветак, жыта, ільну. Побач, на ручніку, — кніга твораў А. Пашкевіч, скрыпка са смыком.
Над сцэнай можа быць надпіс "Шануйце роднае слова!" — наказ-заклік паэткі.
Да вечарыны можна падрыхтаваць некалькі выстаў, якія выявілі б разнастайныя творчыя здольнасці дзяцей. Так, могуць быць падрыхтаваны традыцыйныя выставы, напрыклад: выстава Цётчыных кніг на беларускай, украінскай, рускай
і іншых мовах; выстава кніг "Слова пісьменнікаў, мастакоў, вучоных пра Алаізу Пашкевіч (Цётку)"; выстава вучнёўскіх малюнкаў на тэмы твораў паэткі; выстава букетаў-кветак, назвамі да якіх — словы з твораў Цёткі.
У зале могуць быць размешчаны выявы помнікаў архітэктуры і культуры Гарадзеншчыны, Вільні. Варта паказаць ілюстрацыю касцёла св. Рафаіла ў Вільні, прыхаджанкаю якога была Алаіза Пашкевіч. На фотаздымках, рэпрадукцыях карцін госці вечарыны ўбачаць месцы, па якіх падарожнічала Цётка, якімі захаплялася. Львоў, Закапанэ, Кракаў, Дрэздэн, Рым, Вена і Ватыкан — далёка не поўны пералік тых мясцінаў, якія наведала паэтка і дзе была найбольш уражаная шэдэўрамі мастацтва. Можна паказаць рэпрадукцыі з карцін Мікеланджэла Буанароці, Леанарда да Вінчы. Гэта перад іх творамі Цётка "анямела ўсімі сваімі чуццямі... і стаяла гадзінамі, акамянелая з задзіву".
Вечарыну "Яе скрыпка грае, грае..." можна правесці ў стылі беларускіх вечарынаў пачатку XX ст., у якіх брала ўдзел Алаіза Пашкевіч. У праграме імпрэзы — спектакль, народныя песні і песні, напісаныя на словы паэткі, дэкламаванне вершаў і беларускія народныя танцы. Вядома, што Цёт­ка — акторка трупы Ігната Буйніцкага — выконвала ролю бабы Патурчыхі ў п'есе Маркі Крапіўніцкага "Па рэвізіі", ролі Наталкі і старой Насты ў п'есах "Сватанне" Антона Чэхава і "У зімовы вечар" Элізы Ажэшкі. Чытала яна і свае творы "Мае думкі", "Грайка", "Родны край". Выконваліся песні на яе вершы "Грайка", "Вясковым кабетам". На такіх вечарынах гралі скрыпкі і цымбалы, танчылі "Лявоніху", "Чачотачку", "Мяцеліцу", "Юрачку", "Качана", "Вераб'я", "Гневаша", "Бычка", "Мельніка".
Пры падрыхтоўцы можна выкарыстаць выказванні пра Алаізу Пашкевіч яе сучаснікаў, а таксама пісьменнікаў і навукоўцаў.

Алаіза Пашкевічанка была прыкладам таго, што можа дасягнуць цвёрдая воля і сэрца, поўнае любасці да свайго народа.
Юльяна Вітан-Дубейкаўская.

Вельмі прыгожы чалавек была Цётка. Гэта вялікая страта для Беларусі, што яна памерла так ра­на!
Юлія Білюнене.

Яе народ яшчэ не мае дзяржаўнасці, яе мову розныя цемрашалы выдаюць за дыялект, але на ўсіх універсітэцкіх паперах пра месца нараджэння [Цётка] напіша Беларусь, роднаю моваю назаве беларускую.
Анатоль Клышка.

Цётка як бы аб'ядноўвала ў сабе дзвюх выдатных жанчын нашай старажытнасці: Рагнеду і Еўфрасінню Полацкую, як першая, яна была барацьбітам за волю радзімы і, як другая, — асветніцай свайго народа.
Мікола Ермаловіч.

В нашій уявівони (Цьотка і Леся Украінка) завжди ітимуть поруч — мужні і незламні, полум'яні і ніжні — дві духовні посестри, дві безсмертні квіткі ломикаменю.
Роман Лубківський.

3 такіх нязломістых парод
Трымаюць неба кручы.
Так кожным мусіць жыць народ,
Тады ён — неўміручы!
Рыгор Барадулін.

Перад святам можа быць праведзены конкурс на лепшы твор, пачаты радкамі з вершаў Цёткі, напрыклад, такімі:

Думаць усюды аб народзе, родны край усюды сніць...
I ў Сібіры сэрца б'ецца, край мой, за табою.
Веру, братцы: людзьмі станем!
Хутка "хамску" песню ўсенек свет пачуе.
На магіле ўзыду дубам...
Стану песняй у народзе...
Жыве мая ліра нанова!
Дух народа я абняла б...
Мой народ наўздзіў трывалы...

Алаіза Пашкевіч цікавілася батлейкай, збірала матэрыял для навуковае працы пра батлейку на Беларусі, таму, калі ёсць мажлівасць, можна ў праграму вечарыны ўключыць выступленне батлеечных актораў.

Сцэнар, прапанаваны чытачам, мае чатыры часткі.
I. "Веру, братцы: людзьмі станем!"
II. "Арлы-брацці, дайце скрыдлы".
III.  "Мама, мама, выйдзі з хаты: ў двор зязюля прыляцела".
IV. "Па Беларусі скруха — вечная мая мука".

Вядома, кожная частка можа быць асобным
святам, бо матэрыял багаты. Аднак ён падбіраўся з улікам таго, што школьнікі болей ведаюць Алаізу Пашкевіч як аўтарку паэтычных твораў. Хацелася б звярнуць увагу на яе нарысы — адбіткі думак падчас вандровак па Італіі. Вельмі важна, каб постаць Алаізы Пашкевіч не малявалася аднабакова, каб удзельнікі вечарыны адчулі драматызм перажыванняў ахвярнай, таленавітай беларускі. Лісты "3 дарогі", а таксама паэма "Алаіза" Анатоля Сыса ці "Паэма пераадолення" Алеся Разанава
могуць быць пакладзены ў аснову пастаноўкі тэатра аднаго актора. У гэтым выпадку, думаецца, будзе створаны цікавы вобраз Цёткі, асобы творчай, дзейснай, ахвярнай. Асобныя часткі паэмы А. Сыса могуць прагучаць пад музыку — гэта эмацыйна ажывіць спектакль. Настаўнік мае права выбару той часткі матэрыялу, якая можа быць выкарыстана ў рэальных умовах. На ўспамін для гасцей можна падрыхтаваць ксеракопіі асобных вер­шаў Алаізы Пашкевіч ці яе выказванняў пра род­ную мову.

Гучыць песня "Кася" (верш А. Пашкевіч, музыка I. Лучанка).

Добра, калі яе выканае нехта з удзельнікаў свята. Песня сціхае, і на сцэне — гурт дзяўчат-жней. Сярод іх вылучаецца жнейка-зачынальніца: у нацыянальным строі, у вянку з кветак і каласоў. Яна запявае жніўную песню:

Найсвентша матка

Па небу хадзіла,
Па небу хадзіла,
Каронку згубіла,
Каронку згубіла.
Панскія жнеі жалі
I тую каронку паднялі.
I тую каронку паднялі,
Пані нашай на галаву ўсклалі.
Перанёс Бог панскае дабро
Цераз залаты сярпок,
Перанясі яго цераз мой дамок!
Дай, Божа, у засеку спору
I ў дзяжы падыходу,
На стале сыццю.
Віншую пані вянком
I добрым здароўем.

3 гэтымі словамі дзяўчына аддае вянок гаспадыні залы.

Частка I.
"ВЕРУ, БРАТЦЫ: ЛЮДЗЬМІ СТАНЕМ!"

Выходзіць дзяўчына ў адзенні шляхцянкі, грае на скрыпцы. Потым чытае верш.

Дзяўчына.
Чаго словам не сказаці,
Што на сэрцы накіпела,
Астаецца скрыпку ўзяці;
Покі ў сілы крэпка вера,
Покі думка рве да неба,
Покі скрыдал не зламалі,
Покі трэба душы хлеба, —
Будуць струны байчэй граці,
Будзе смык вастрэй хадзіці,
Будзе скрыпка паслушнейша.
Ў песні можна пераліці
Ўсё найлепша, наймілейша;
Ў песні можна даць пяруны,
Песняй сэрца рваць на часці;
Крэпкі толькі былі б струны,
Я заграла бы аб шчасці!
Я заграла б смехам кветак,
Нівак шэптам залацістых,
Звонам серпа, касы ўлетак,
Мёдам ліп з садоў душыстых.
Я заграла б песню матак
Над калыскаю дзіцяці.
Ўсе багацтвы з родных хатак
Я хацела б песні даці.
Смык гатовы, струны тугі,
Кроў у жылах закіпае.
Ну, слухайце, мілы другі,
Скрыпка мая ужо грае!
Скрыпка(1906).

Гучыць скрыпка. Дзяўчына можа выконваць і класічныя, і народныя мелодыі. Музыка яшчэ не сціхла, як выходзіць юнак і чытае верш.

Юнак.
Чутка йграеш, гулка йграеш
Ты на скрыпачцы сваей,
К небу думкай падлятаеш,
Шчасця зычыш для людзей.
Крэпкі струны тваёй скрыпкі,
Ў тваёй скрыпцы душа ё,
Ў руцэ сільнай смычок ліпкі
Лёгка ходзіць, як пярцо.
Павядзеш ты ім, і песня
Льецца — проста б слухаў век:
Неяк шчасна, то балесна
Сябе чуеш, чалавек.
Аб чымсь светлым, аб чымсь новым
Твая скрыпка грае нам;
Грае, грае, а ў ёй мова
Наша чуецца без плям.
Беларуса й яго жонку
Называеш ты людзьмі,
Беларусь, яго старонку,
Славіш песнямі сваймі.
Гэй, пяснярка, болей, болей
Нам на скрыпцы сваёй грай!
Прывітаем хлебам-соляй,
Дзякуй скажа родны край.
Янка Купала. Аўтарцы "Скрыпкі беларускай".

Дзяўчына працягвае граць на скрыпцы. Павольна, з розных бакоў, па сцэне разыходзіцца гурт маладых людзей — юнакоў, дзяўчат, а таксама дзяцей. 3 гурту вылучаецца дзяўчына ў адзенні шляхцянкі. Яна выступае ў ролі Цёткі. Дзеці, моладзь групамі размяшчаюцца па сцэне. Чытальніца выходзіць наперад. Затым садзіцца за стол, дзе ляжаць кніжкі, лісты.

Алаіза Пашкевічанка.
Браніславу Эпімах-Шыпілу.
Дужа паважаны прафесар!
Выбачайце, што незнаёмая і пішу да Вас. Я, Пашкевічанка... калісь прабавала вершы пісаць, і іх Вам чыталі. Во то ж цяпер жыву я ў Львове, з украінцамі-русінамі і уніятамі заводжу знакомства. Шмат нам спрыяюць, памогуць у чом сіла. Цяпер покі што будуць друкаваць па-беларуску. Калі маеце што, то прышліце. Я хачу даведацца ад Вас, што чутно з букваром, ці ўжо гатоў, ці ў нас будзе фанетыка наша беларуска. Гэта вельмі важна, бо буду цяпер выдаваць папулярныя рэчы для народа, дык не ведаю, як чаго трымацца. Скора вышлю кніжкі аб уніі для акадэмікаў духоўных на Ваш адрас... Вы, шаноўны прафесар закіньце перад імі слова за унію, бо яны Вас вель­мі шануюць і паважаюць.
Бывайце здаровы, пане прафесар, мо напішыце колькі слоў?..
3 паважаннем Пашкевічанка.
28 чэрвеня 1906 г.
Пане прафесар, мо будзеце ласкавы прыслаць мне народныя песні Шэйна.

Спачатку ціха, потым гучней пачынае гучаць беларуская народная песня (напрыклад, "Ой, путчу я ружу-кветку...", "Ой, там, на гары, ой, там, на крутой", "Цячэ рэчанька, невялічанька, скочу-пераскочу..."). Яе
могуць выконваць маладыя людзі, дзеці, што былі на сцэне. Потым гучыць верш.

Алаіза Пашкевічанка.
Iдушна, і цесна, і сэрца самлела
Мне тут на чужыне, здалёк ад сваіх...
Як птушка на скрыдлах, ляцець бы хацела,
Як хвіля па моры, плыла бы да іх!

Ўзнялася б, здаецца, расінкай на хмары,
А хмары бы ветрам сказала я гнаць
Далека, далека, дзе сняцца мне чары,
Дзе боры густыя над Нёмнам шумяць;

Дзе пацеркай белай Вілля прабягае,
Дзе Вільня між гораў гняздо сабе ўе,
Дзе кожна дарога і крыж мяне знае,
Дзе ўсё, усё чыста вярнуцца заве!

Там я нарадзілась і вырасла уволю,
Там першыя словы вучылась казаць.
Затое сягоння ляцела б стралою
Там з імі з усімі Год Новы спаткаць!

Ой, мілыя, мілыя, снегам пакрыты
Загоны, лясочкі, дарожкі мае!
Эх, як вы у сэрцы маім не забыты,
Як часта абраз ваш у думцы ўстае!

А вы, бледны твары, панураны ў працы,
I ты, друг мой, смутак з іх слёзных вачэй,
Прыміце сягоння прывет мой гарачы,
Каб жыць нам было ў гэтым годзе лягчэй!
3 чужыны (1909).

Грае скрыпка. Да музыкі падыходзяць дзеці. У іх руках — копіі вокладак кніг "Першае чытанне для дзетак-беларусаў", "Гасцінец для малых дзяцей", выява вокладкі часопіса "Лучынка".

1-ы чытальнік.
Татульку, я хачу чытаць;
Татульку, хачу свет пазнаць;
Татульку, ехаць хачу праз моры;
Татульку, пабачыць хачу горы.
Як я буду вучоным, татульку,
Куплю табе тытуну у люльку,
Куплю яшчэ кажух белы
Дый армяк суконны цэлы;
Куплю сарочку нову
Дый сашонку клянову.
Пачнеш, татульку, араць
Дый сынка спамінаць.
Матульку тож люблю,
Чырвону хусту куплю,
Хвартушок рабенькі,
Андарак палавенькі;
Пацерак на адзін шнурок
Купіць для цябе твой сынок.
Толькі чытаць навучыце
Дый у свет сынка пусціце.
Тагды, татулёчку,
Сівы галубочку,
Тагды і, матулька —
Рабенька зязюлька,
Куплю абяцанкі.
Сынок маленькі (1906).

2-і чытальнік.
Аднаго разу вёз гаспадар збожжа да млына. Па дарозе крыху рассыпаў. Угледзелі гэта галубы, прыляцелі і давай кляваць зярняты. Якраз на тое прыбег пявун, разагнаў галубоў і сам пачаў дзюбаць. Галубы дужа зазлавалі дый кажуць: "Мы табе шальмоўства такога не даруем, паскардзімся каму трэба".
Паляцелі да каршуна і давай на пеўня чаўпці. А каршуну была на руку гэта скарга; ён скарыстаў яе і расправіўся па-свойму: спачатку з'еў пеўня, а пасля закусіў галубамі.
3 прыску ды ў агонь.

3-і чытальнік.
Крапіва (абурана — Асоту). Што ты патыкаўся са мною? Ці я табе раўня? Нічога ты не робіш, ніхто цябе не знае; ветраеш недзе ў полі сярод аўсоў. Вот я так увіхаюся: таго крапіва пацалуе, хто крапіву згатуе. Кожны крапіву знае, кожны спамінае, на кожным падворку расту я. Глядзь! Ужо аж да прызбаў падпаўзла.
Асот. Як жа, я расту далей, бачаць мяне людзі радзей, але мусіць мае шпількі дык.даўжэй помняць ад крапіўкі.
Марута. Не хваліцеся: абое вы рабое! Матулька казала, што вас абодвух з карэннем выдзярэ.
Гутарка асота з крапівою.

Гучыць мажорная народная мелодыя скрыпкі. Пад яе гукі на сцэне з'яўляюцца дзеці з музычнымі інструментамі (можа быць, толькі са скрыпкаю ці з цымбаламі) і выконваюць беларускую народную мелодыю ці аўтарскі музычны твор. Потым прысутныя на сцэне становяцца цесным гуртам, з якога наперад выходзяць чытальнікі. Гучаць урыўкі з артыкула Алаізы Пашкевіч "Шануйце роднае слова!". Пасля выступлення кожнага чытальніка можа гучаць музыка.

1-ы чытальнік. Роднае слова! 3 малых дзён чуем мы цябе з матчыных вуст. Ты нам тлумачыш усе дзівы свету, якія дзіцячае вока бачыць навокал сябе першы раз! I табе выказваем мы свой дзіцячы жаль, крыўду, жаданне, радасць...
2-і чытальнік. Што можа быць даражэй сэрцу чалавека, як у сталых гадах пачуць цябе, роднае слова, у чужой старане? Здаецца, быццам з далёкай чужыны пераносіш ты нас у родны край — родну вёску, дзе мы ўзраслі, дзе першыя думкі складалі, дзе гора і радасць першы раз спазналі...
3-і чытальнік. Бедны той, хто, апрача грошы, апрача багацця, каторае пры першым няшчасці счэзне дазвання, не мае скарбаў вечных — скарбаў душы. Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здалее, гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народу, да роднай мовы, — гэта вялікае мілаванне чалавека — слабога, пакрыўджанага.
4-ы чытальнік. Родная мова, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць. Хто адрокся мовы бацькоў сваіх, хто ўздзеў чужую апратку — той адышоў ад народа далёка-далёка. Ён чужы ў роднай вёсцы, у сваёй сям'і. I на яго браты глядзяць, як на чужынца...
5-ы чытальнік. Да нашай моладзі звяртаемся мы з гэтымі словамі. Вы, маладыя, найчасцей пападаеце між чужых людзей, што вашай мовы не шануюць, "простай", "мужыцкай" завуць. 3 вас часта насмяхаюцца, калі гаворыце па-свойму. I вы, чуючы гэта, пачынаеце саромецца матчынай мовы, свайго народу, сваёй радні. Так разрываецца тая жывая звязь, што злучае вас з беларускім народам. Аб ім вы забываеце. Чужых багоў прымаеце: чужую гутарку, звычаі, чужое імя. Для сваіх вы прападаеце.
6-ы чытальнік. Майце сілу і адвагу дзяржацца роднага слова. Майце смеласць усюды голасна казаць па-свойму. I, гледзячы на вас, асмеляцца і іншыя...

Алаіза Пашкевічанка.
Наш палетак паміж межаў,
3-за каторых цвіце збожжа;
А наш скравак штось залежаў,
Наш загон зысці не можа.
Ці то глеба да нічога?
Ці то рукі ў нас слабыя,
Што не маем зерня свога,
Што мы ходзім, як сляпыя?
Глеба чорна, ў руках сіла,
Толькі нашых гаратаяў
Некась мара ўсё звадзіла
Гэн за межы да выраяў...
Наш сявец не раз там кідаў
Залатое зерне з жмені;
Ён не раз там плёны выдаў,
А у нас раслі каменні.
Наш палетак не араты,
Палынамі цвіце ніва.
Ну-ка, братцы, кумы, сваты,
Да работы станьма жыва!
Хто араці добра зможа,
Хто разоры скора ладзіць,
Хто шчасліва сее збожжа,
Хто гароды добра садзіць, —
Жыва, жыва за работу!
Без аглядкі, хто што можа,
Усе роўны без расчоту,
Усіх праца будзе гожа!
Наш палетак (1906).

1-ы чытальнік.
...Мы належым да народу,
Што ад свету да заходу
Кожны з гора ўтрое гнецца,
Аднак гору не даецца.

Крыжам ляжа ў крыві ўласнай,
А ўсё ж верыць зорцы яснай.
Наш народ наўздзіў трывалы!
Шмат прыдбаў чужынцам славы...

Аб сабе адно забыўся,
Толькі вось цяпер збудзіўся.
Хоць шмат латак, хоць без хлеба —
Жыць і крэпнуць і нам трэба.

Беларусы! Больш нікому
Не ўступайце вы загону
Свайго жніва, сваёй працы.

Сіраціна! Страх дзіцячы
Зглушы ў сэрцы, расці жвава —
Цябе жджэ народна справа!
Сірацінка(1914).

2-і чытальнік.
Веру, братцы: людзьмі станем,
Хутка скончым мы свой сон;
На свет божы шырэй глянем,
Век напіша нам закон.
Не чарнілам на паперу,
Дзесь ў архівы не здае, —
Ён збірае поту меру
I на ніву нашу лье,
Землю поіць, яна родзе
Сок ў зярнятах нам на хлеб.
Спажываем, а ў народзе
Штось як шэпча: "Уставай, слеп!"
Веру, братцы, ў нашу сілу,
Веру ў волі нашай гарт:
Чую агонь ў нас — не брыну,
Бачу, братцы, мы не з карт,
Мы не з гіпсу, мы — з камення,
Мы — з жалеза, мы — са сталі,
Нас кавалі у пламенні,
Каб мацнейшымі мы сталі.
Цяпер, братцы, мы з граніту,
Душа наша з дынаміту,
Рука цвёрда, грудзь акута,
Пара, братцы, парваць пута!
Вера беларуса (1905).

Частка II.
"АРЛЫ-БРАЦЦІ, ДАЙЦЕ СКРЫДЛЫ..."

1-ы чытальнік.
Граў бы я многа, ды сіл не хватае,
I рвецца за стрункаю струнка,
Хоць песня яшчэ не замерла удалая,
Хоць родзіцца думка за думкай.

Граў бы я многа, ды смерць кажа "годзе!",
Ў магілку мне ладзіцца кажа...
Эй, рвіцеся, струны, што гэта мне шкодзе?
Ў магілку супольна мы ляжам!

Можа, з той ліры вырасце іва,
3 парваных струн — белыя кветкі;
Можа, вясною будуць ігрыва
У дрэўца ценю гуляць дзеткі;

Можа, хто з дзетак скруце жалейку —
Ўнучку паломанай ліры,
I так зайграе, што ўсенька зямелька
Пачуе мой водгалас шчыры!

Дзедавы струны, рана парваныя,
Зноў громка азвуцца, як звоны:
Песня, за жыцце яго недаграная,
Ў сэрцы унука дасць плёны.

А на задушкі пад цёмнай івай
Жывое пачуецца слова,
Што песня устала з стотысячнай сілай,
Жыве мая ліра нанова!
Грайка(1909).

2-і чытальнік.
Арлы-брацці, дайце скрыдлы,
Бо унізе жыць мне збрыдла;
Кіньце кожны адно пёрка,
Бо жыць ўнізе стала горка.

Хачу, арлы, ляцець з вамі
Над гарамі, над мурамі,
Крыллем хмары рассякаці,
Смела ў неба заглядаці;

Жыць ў аблоках над зямлёю,
Скрыдлы раніць ў страшным бою,
Кроў з-пад сэрца людзей піці
I ўгару к сабе ўзнасіці.

Арлы-брацці, дайце скрыдлы,
Бо між людзі жыць мне збрыдла,
Кіньце кожны адно пёрка,
Бо унізе жыць мне горка!
Арлы-брацці, дайце скрыдлы (1914).

Алаіза Пашкевічанка.

Еду лячыцца

Выпечаны румянец на твары, кашаль сухі і схварэлае цела адразу людзям кажуць пра маю цяжкую хваробу. Пасажыры ахвотна ўступаюць месца. У вачах іх я бачу, што шкадуюць маёй маладосці. Закрываю векі. Не хачу відзець іх жаласці, бо веру, што ашукаю ваш жаль, людзі добрыя, што змагу цябе, смерць лютая, а цвёрдае жыццё вазьму ў свае рукі і буду з яго прасці доўгую нітку быцця, унізываючы, як белымі перламі, працавітыя дні неслухмянай долі...

3 Нямеччыны

Хоць доктар забараніў затрымвацца на дарозе, казаў ехаць проста на мора, але я не вытрывала, каб не паглядзець на горад Дрэздна. Вельмі пекны горад над ракою Эльбай.
Суботні вечар перад урачыстым святам. Званы гудуць. Кірхі стаяць побач з касцёламі. Іду на пляц тэатральны: з аднаго боку — каралеўская катэдра, уся прыбраная разьбой, з другога — вельмі пекны гмах тэатра і з трэцяй — вялізны палац Цвінгер-музей.
Заўтра пайду туды глядзець Сікстынскую мадонну.
Сядаю на лаўцы, гляджу на творы рук людскіх. На душы стае сумна і радасна: надзея жыцця змагаецца са страхам смерці. Неба чыстае, па ім плывуць стады белых авец-аблакоў, такія самыя як калісь, калі я маленькай дзяўчынкай была і гусі ганяла ў поле, не ведаючы яшчэ нічога аб смерці.
Думкі сілай ціснуцца да галавы: "Жыць, жыць!". "Памрэш", — нейкі жалосна слабы голас адказвае з хворых грудзей.
Ах, чаму я ведаю аб сваёй хваробе! Варта было мучыцца, дабівацца, вучыцца, каб цяпер свядома ўміраць. Ха-ха-ха...
Медыцына, а чаму ж для мяне ты такая мсцівая? I ці не за тое мсціш, што я хацела цябе пазнаць, зглыбіць, каб пасля лячыць сваіх бліжніх.
"Вылечы перш сябе", — адшэптвае нейкі таемны голас у сэрцы. "Не! Я буду жыць, я не хачу ўміраць! Чуеш, медыцына? Не хачу ўміраць... Дай ра­ду, пашкадуй маёй маладосці".
Мамачка, павароту не... Смерць блізка...

Дрэздна

Дзень сягоння пекны: усякі і ўсячына купаецца ў праменнях сонца поўнымі прыгаршнямі.
Дзіўна мне, што я так учора раскісла. Няведама адкуль такі страх узяўся. Я ж не такая ўжо кволая.
Мамачка, я яшчэ табе цэлы свет заваюю, усе з яго скарбы кіну табе пад ногі...
Толькі ты там па начах не плач: я не хачу, каб на выбалелых разорах твайго старэнькага твару слёзы сплывалі... Мамка, я буду жыць... Гукаю да цябе, — хай вецер вольны занясе мае словы праз выбітыя шыбы.

Нядзеля. 10 гадз.

Мамка, ужо мае сэрца чуе, што ты супакоішся. Я ўжо абышла берагі Эльбы і цяпер пайду ў музей глядзець на ўвесь свет слаўныя малюнкі.
<...> Культура! Тут работнік часць свайго святочнага дня праводзе, гледзячы на бяссмертныя творы.
<...> Сікстынская мадонна. Малюнак — абраз сусветнай славы, для маёй душы не мае чароўнага слова. Яшчэ калісь, як была я ў Рыме, каля твораў Рафаэля прайшла з сэрцам спакойным, затое перад Анджэла Буанароці і Леанарда да Вінчы анямела ўсімі сваімі чуццямі, думкамі склепілася і стаяла гадзінамі, акамянелая з задзіву...

У вагоне

Мамачка! Мама! Я буду жыць, буду!.. Няхай ластаўка нясе табе весць дарагую, кінь верацяно, слухай, даражэнькая, твая Анелька будзе жыць.
У цябе за акном мяцеліца вые, мароз трашчыць, а тут лета. Кветак дзірваны, вінаград, імшары.
3 паўначы снегам горы пакрытыя стаяць; у далінах рэчкі шумяць, пальмы, мірты растуць. "Гг-ух! гг-ух!" — спяшыць машына хутчэй тваю дачку на мора завезці, ад смерці выратаваць.
Мамачка, і свет пекны, і людзі добрыя, і варта жыць, радзіцца, каб убачыць красу, рассыпаную па шырокаму свету.

Генуя

Кашляць перастала, гарачка меншая, сілы больш. Цэлыя дні ляжу на скале над морам. Цёпла. Сонечна.
Блізка, што нікога не маю знаёмага. Не хачу траціць сіл на пустыя гутаркі знаёмасці. Жыву з морам і часта табе, мамачка старэнькая, апроч лістоў пасылаю на мора хвалях жывыя словы; бачу, як яны да цябе шпарка плывуць белымі лебедзямі, як перамяняюцца пасля ў шэрыя зязюлькі і кукуюць за рэчкай у дуброве.
Наша старэнькая хатка паміж белых расцвіўшых вішань адчыняецца, і ты, мамка, стаіш на парозе, глядзіш на вішні і ў кожнай кветачцы іх бачыш тварык сваёй Анелькі.
Мамачка, Анелька здарова, Анелька вернецца. Старасць ты сваю глыбокую датчэш на Анельчыных руках, апошні вузялок табе Анелька завяжа, гарачай даччыной слязой яго абалье...

Ментона

Ліст ад цябе, мамачка, дастала. Дзякуй Богу, што ён спакойны.
Твой, мамачка, ліст спакойны, як спакойнае сягоння мора, ляжыць яно ціха, як дзіця пасля купелі, лагоднае, як твой, мамачка, погляд, сіняе, як Анельчыны вочы. А што ж, мамачка, ці ж не пекнае мора?
Мамулечка дарагая, дай хоць у думцы пацалую твае сумныя вочы.
Мамачка, каб табе лапаць стары паказалі і ўверылі, што ён да мяне падобен, то і той быў бы для цябе пекны.
Але мора, мамачка, сапраўды пекнае: мяняецца яно кожную мінуту. Колькі я тут жыву, яшчэ ні разу не бачыла, каб яно было адно і тое.
То гладкае, гладкае, як мае шчокі, і прамені сонца ўздоўж па ім кладуцца і спяць залатымі ніткамі. Неба адбіваючыся, тчэ узоры ўсягусенькія. Караблі бяспечна ідуць па ім, моў твая, мама, Анелька; помніш, як ты палола лён, а я хадзіла па роўнай дарожцы, на каторай цвілі белыя густыя румянкі, і я іх расхіляла, каб не патаптаць.
Гэтаксама карабель ідзе, белай пенай валу разгортвае, яшчэ не адыдзе, а ўжо за ім вада спакойна спіць.
Але як падымецца бура, страшна тады гля­дзець на мора, уся публіка ўцякае з берага, і я адна астаюся.
Не гневайся, мама, і не бойся, бо мне нічога ліхога не стане, я люблю глядзець, я люблю слухаць, як хвалі стогнуць, шумяць, рагочуць. Усенек бераг заліты; скала, на каторай сяджу ў спакойную пагоду, тады недзе далёка хаваецца пад вадой кіпучай; Пена рве высокі слуп марской ліхтарні; здаецца, што зністожыла б яго, каб цемнату зрабіць і пасля свабодна гарцаваць па сярдзітаму мору.
Але ліхтарня не паддаецца, яна упорна кідае снапамі святло на мора, каб караблі, захопленыя бурай, маглі ўгледзець бераг і шукаць ратунку і прыстанішча.

Ніцца

Мамачка, варочаюся да цябе іншай дарогай і не чыгункай, а морам; кожную мінуту ўсё бліжа і бліжа да цябе.
Мора цікавае, лётаюць белыя чайкі, падаюць грудзьмі на сіняе мора, падплывуць, зноў узнімуцца, ляцяць; выглядаюць, як тыя лілеі, што калісьці ў гарачцы мне сніліся.
Помню ты, мамачка, недзе плачаш, седзячы на канцы ложка; хачу я да цябе рукі выцягнуць, не магу — сыплюцца кветкі-лілеі мне на твар, на грудзі, на рукі, ужо поўнае ложка, сыплюцца на зямлю, устаюць, падлятаюць, ізноў падаюць...
...Мамачка, твая Анелька-чараўніца вернецца да цябе, зараз стане весялей у хаце.
3 старой, згорбленай мамкі зробіцца вясёлая маладая мама.
Вераб'ёў наляціць на наша падворка; сабака схудзелы прыб'ецца, кот-прыблуда замяўкае ля парогу.

Трыест

Мамачка, хачу нешта табе сказаць, але не паверыш так адразу пасля маіх лістоў, дай хіба вушка: мамачка, нідзе так не пекна, як у нас. Прымерам, калі сядзімо мы з табою на нашым прыгорачку ў даліне, ля рэчкі, бягуць загоны сівага аўса; па ручаю ляжыць палоска бела-ружовай грачыхі і ніжэй вусаты ячмень упіраецца пазалацеўшымі загонамі ў канюшыну. Або як бульба наша сінімі кветкамі ківаецца на сонцы. Чырвоныя шчаўі бя­гуць межамі. Мядункі, смалянкі, іскры гудуць пчоламі; купальскае зеллечка кругом пахне, сіняя мацярдушка ў купінах крые свае лекі; сардэчнікі чырвонымі ніткамі пераскакваюць ручайкі, а васількі ў нашым жыце.
Тут іншая краса, там іншая, а ў нас, мамачка, яшчэ іншая — свая, мясцовая.

Частка III.
"МАМА, МАМА, ВЫЙДЗІ 3 ХАТЫ: Ў ДВОР ЗЯЗЮЛЯ ПРЫЛЯЦЕЛА..."

Адусюль я:
з кожнай хаты,
з кожнай вёскі...
Ныюць скрыдлы.
Задзівуецца араты.
Мне на доле жыць абрыдла.

Ты сябе не заўважаеш.
Хваля ўскінецца зіхотка.
Не свая і не чужая —
без імя завешся —
Цётка.

Са свайго —
да ўсіх —
што мела —
вызвалялася —
як з клеткі...
Сіне, чырвана і бела
зацвітуць у небе кветкі.

Каляінам не наўпрост.
Лета сцелецца абрусам.
Ачышчальна,
нібы ў хрост,
навырост —
у беларусы.

Несустрэты — настае
матчын край.
Нібы ў загане —
у сабе...
Мы ўсе твае.
Адраджаюцца ў змаганні.
-----------------------------------
Жыць не умела пакрысе.
Па адлегласцях,
Па летах
зажадаеш — як усе,
і не здолееш —
каб гэтак.

Медыцына, цяжыць ношка!..
Чаша поўная —
ў аддзяку.
Ля жыцця твайго сцярожка
абвіваецца вужака.

Неспакою верацёны...
Спадзяванні —
на памылкі...
Сіне, бела і чырвона...
3 бурай вырастуць асілкі.

Сэрца мкне да небыцця.
Загубіцца ў тым, што міла,
што свае...
Нібы дзіця,
ты агонь сабой жывіла.

Ты з усёды,
ты з усюль —
з Вільні,
Полацка,
Гародні...
Ўсіх даслухаеш зязюль...
Неназваны, як бязродны.
Калыханне летаў, зім...
А шчымліва,
як прапажа,
белы камень па-заўсім...
Ён імя тваё адкажа.

Млосна словам.
Сонца стыне.
Хтосьці ўсклікне.
Змоўкне хтосьці.
Бела, чырвана і сіне...
Не шкадуйце маладосці.

Я сустрэну ўсіх.
Так будзе,
а чаму — не растлумачу...
Да людзей прыходзяць людзі.
Абпячэш шчакой гарачай.

3 непрытомнага чала
кветка скоціцца жывая...
белы камень, я прыйшла
прачытаць імя, што маю...
Мама, мама, выйдзі з хаты:
ўдвор зязюля прыляцела.
Алесь Разанаў. Паэма пераадолення.

Частка IV.
"ПА БЕЛАРУСІ СКРУХА -ВЕЧНАЯ МАЯ МУКА"

АЛАІЗА

А маці гэта мая і кажа да бацькі:
"Чалавечку, пастаўма і мы крыж...
Мо і нас Бог у крые ад хмары ".
Праз колькі тыдняў я і нарадзілася

I

1876
год папярхнуўся крыжам:
жыві,
нялюдская птушка,
з таўром у грудзях:
што выжывеш
ў каменнях, а не ў падушках.

Жыві.
Пра сябе не думай —
для маці пакінь кудзелю.
Снапы-хваравекі ў клуні
чакаюць сваёй нядзелі.

3 лясоў прыляцяць зязюлі
і разрабуюць калоссе.
Прысніся праз дзень матулі
не я — шчаслівейшы хтосьці

з Радзімай: буслы, як перлы,
далоні — у сто дарог...
I ў вышытым строі белым
самы спакроўны бог.

А крыж аўдавеў улоннем.
Я ведаю, што распяцце.
Гэта — калі коні
галопам прайшлі па маці,

А маці ў снапах ляжала,
а маці мяне нараджала
з Радзімай: буслы без гнёздаў
і ў вуснах спрадвечны роздум.

II

Праз крыж твой і мукі...

За вёскай дзядоў магіла,
пад крыжам зямля змарнела,
а мой забуяў калінай,
я шчокамі зачырванела.

Сяброўкам глядзець прыгожа,
а мне гэты жар балючы,
начамі, здаецца, ложак
ляціць у маячню з кручы.

Скажы мне, сівое сонца,
мне жыць толькі да паўнеба?
Гіль на калінавай гронцы
зернем з рукі грэбуе.

Не азірайцеся, людзі,
гэта цвітуць радзімкі,
маці за доньку студзіць
зязюльчыныя слязінкі.

Гэта — усё павер'і.
Буду і я шчаслівай.
Коні нат губяць пер'і,
птушкі нат сеюць грывы.

Буду і я шчаслівай.
Ёсць і ў нядолі шчасце.
Трыестаўскія алівы
злыбеды мае засцяць.
Вечназялёны бераг
ды кроўнай валошкі ў жыце,
па Беларусі верад,
як птушку, з рукі карміце.

Па Беларусі скруха —
вечная мая мука.

III

...як кароўкі пасвіла на пожні, маці-сухотніца калыхала малого брата-сухотніка пад снапамі жыта.

1
Белая шчырасць кароў.
Нямоглыя грудзі матулі.

Я — немаўля: кроў...
хтосьці да сэрца туліць.

Неба:
пастух плыве,
за небасхілам кароўкі.

"Лізанька!" — хтось заве...
вуснамі хтось — у броўкі...

Неба? -
блакіт вачэй.
Першы харэй мой: ма-ма!

я
м
б

па шчацэ цячэ: сля-за
каляная.

2
Жаўранчыхі крычаць,
іхняе жыта зжалі.

Жаўранкі маўчаць,
Як зерня ў рот набралі:

Чый гэта анёл,
голас такі гарачы?
чыё гэта птушанё
па-беларуску плача?

IV

Зіма ў нас крэпка.
Паўмястэчка згарэла на Сё'муху.

Замова ад пажару
Вёска Пешчыны
богам не спешчаная
спала на Сёмуху
да пеўня сёмага
а восьмы
ў падстрэшша самы
чырванейшы
самы перуанскі
з апярэннем панскім
крылом правым махнуў
вецер з поля падзьмуў
махнуў левым крылом
занялося ўсё агнём
а на нашай страсе
бусел яйкі нясе
а на нашай печы
хворае малеча
а я доньку нараджала
не для жару і пажару
а для пекна слоненка
для мядочку ў слоіку
жары певень адвярніся
ў чорным моры залуніся
ў чорным полі прападзі
пустазеллем узыдзі
каб цябе да Сёмухі
выкасілі конюхі
белым
сінім
і чырвоным
самым
згаладалым коням
згінь.

V

О мамачка, чуе твая душа справядліва, як калісьці чула, калі я была смяртэльна галодная і ты мне зашывала ў цвікель сарочкі, каб паслаць праз людзей, што ішлі ў Кальвару.

Прыйдуць людзі з радзімы колеру
поля чорнага, радна белага,
і з павек, нібы перлы з берага,
слёзы скоцяцца цяжкаспелыя.

Эх ты, скруха мая без'языкая.
Дождж па мне, як па ссохлым жыце.
Пілігрым чорна-белы клікае:
"Алаізія, багалікая!.."

Я пазнала цябе, садоўнік,
пахне голас настоем з руж:
"Як камень на магіле помнік,
я пасею табе цярноўнік".

Мне не трэба няродных кветак,
мне б — вяргіню бялей за снег,
каб плыла нада мной, як ветах,
каб я маме была прыкметнай.

Я збяднела без родных твараў,
пілігрымы, хто ваш народ?

VI

Задрамалі ў палёце крылы,
цемра лашчыцца чорным плюшам.
Не прызнала зямля свой вырай
— ноччу княжыч зДаецца птушкай.

А прачнуліся ў чужым небе...
далягляд, як сіло, трывожны.
Птушка белая ў чорным зрэб'і
крыллем білася ў свет парожні.

Дзьмухаўцамі ўміралі поўні,
толькі голас стагнаў пра выйсце:
"Ну хоць хтосьці ж вяртанне помніць
да Радзімы спрадвечных ісцін?"

Там цвітуць лугі ў пастаралях,
там чакаюць нас дзве жанчыны:
маці ў сумных сваіх каралях
і Айчына.

VII

3 воч блакітных блакітныя слёзы...
акварэлі цвітуць сінічкавыя...
ім вастрэй за любыя лёзы
ложкі...
Псіхіятрычная:
...лекі лекі лекі лекі
вінаваты чысты снег
вінава-Ты-Я
калекі
што радзіліся на свет
слепнуць кроплі слёз трывожных
інь на шпрыцах
сіні інь
погляд цяжкі і варожы
у багінь

шарлатаны і машэкі
твары змучаны вязьмом
запалёныя павекі
ў зрэнках месіка бяльмо
верыць ім мяне навучыць
незвычайны пах вяргінь
немінучасцю гаючы
хрысціянскі стогн
амінь

існасць іншая ізгояў
недапеты чужы гімн
вочы скрадзеныя ў Гоі
у Ісуса німб...

Лекі лекі лекі лекі
Інь на шпрыцах сіні інь
Шарлатаны і машэкі
Незвычайны пах вяргінь
Існасць іншая ізгояў
Я-я-а-а...

VIII

Хацела б быць зярном пшаніцы...

Я сасніла за лесам поле,
за асінавым сінім лесам.
Мне не бачыць яго ніколі
— мне яго адчуваць балесна.

Недаспала ў раллі насенне —
углядаюцца ў поле гумны.
Прыручыла зямля карэнні
дум маіх і калоссяў сумных:

Дзе пачатак гаротнай нівы?
Дзе вытокі майго народу?
Нам, шчаслівым і нешчаслівым,
гэта самы балючы роздум.
Чую:
"Снег ваш не паўнацэнны...
Кроў не донарская у венах..."
Кроў маю
мой народ ацэніць,
самы добры і самы генны.

Поле спеліць вянец жытнёвы,
акрыяюць нямыя вусны,
нібы людзі, збяруцца
словы,
нібы рэкі,
успомняць вусце.

IX

Я замёрзну ў калядных сцюжах,
на вялікдзень растане снег,
сплыве ў рэкі мой плач і смех,
як сплываюць купалля ружы.

За асінавым сінім лесам
маці стане ў хаціне смутна.
Толькі будуць скрыпець завесы,
як марозы скрыпелі ў лютым.

На ўсю хату адзін мужчына,
учарнелы, як беларус,
пахне вуснамі і вакцынай,
цудам выратаваны Ісус.
------------------------------------
Па абразе сляза, як памяць,
за сівыя дажджы глыбей.
Па мне крывічы свечкі паляць,
па мне смутак чужых людзей.

I ўсё ж шчасце — нарадзіцца,
каб паганскай сваёй радзімы
прыдарожным крыжам маліцца,
яе людзям нелюдзімым.

Частка V.
"Я 3 ТАГО ДУБА ЦЫМБАЛЫ ЗРАБЛЮ,
КАБ ДАЙГРАЦЬ ТВАЮ ПЕСНЮ,
ЦЁТУХНА"

На магіле ўзыду дубам,
Пачну шаптаць братнім губам
Аб іх долі, аб свабодзе,
Стану песняй у народзе!
Цётка. 1906 г.

У шчырым бары неспакой загаю —
засну, падклаўшы пад вуха
матчын прыпол — зямлю маю,
падушку з гусінага пуху.

Там верасы пяючыя
сцішна атуляць вякамі
ногі мае бягучыя,
сэрца мае — камень.

Вецер сухі змые сляды,
вытра бяссілле з губ.
3 сэрца — з жарствы, скаргі, жуды —
з каменя — вырасце дуб.

Ступіць дзяўчына тут на зямлю
золкаю раніцай весняй...

Я з тога дуба цымбалы зраблю,
каб даіграць тваю песню,
Цётухна!
Д. Бічэль. Цётка.

Напачатку ў гэтай частцы вечарыны могуць прагучаць вершы паэтаў, аб'яднаныя ў нізцы пад назваю "У вянок Алаізе Пашкевіч — Цётцы". Гэта творы Дануты Бічэль, Міхася Васілька, Еўдакіі Лось, Міколы Арочкі, Петруся Макаля, Уладзіміра Каравая, Алега Лойкі, Юркі Голуба, Раісы Баравіковай, Ірыны Багдановіч і інш.
Потым выступаюць запрошаныя на вечарыну школьнікі і студэнты з паэтычнымі, празаічнымі, публіцыстычнымі творамі. Можна выкарыстаць і вытрымкі з тых вершаў, што былі напісаныя падчас кон­курсу твораў пра Алаізу Пашкевіч.
У заключнай частцы вечарыны на сцэне збіраюцца ўсе ўдзельнікі. Пад мелодыю скрыпкі гучыць верш Рыгора Барадуліна "Цётцы":

1-ы чытальнік.
Ты не шукала
Ціхі спрат —
Хай голас чуюць зоры!
Радзілі гнеў —
Крывавы град
Крывавыя разоры.
2-і чытальнік.
Не дзядзькам добрым
Быў твой век,
Не цёткай згаднай —
Доля.
Прайшла пад кпіны пратарэк,
Як крыўда, маладою.
3-і чытальнік.
Не бабін век,
Што сорак год, —
На цэлае стагоддзе
Табой прадоўжыўся народ
3 нягодамі ў нязгодзе.
1-ы чытальнік.
3 такіх нязломістых парод
Трымаюць неба кручы
2-і чытальнік.
Так
кожным
Мусіць жыць
народ,—
Усе. Тады ён — неўміручы.

Танцоры пад гармонік, скрыпку, бубен (ці іншыя народныя інструменты) паказваюць падрыхтаваныя беларускія народныя танцы, запрашаюць танчыць і гасцей вечарыны. Добра, калі будуць і тыя танцы, што выконваліся на беларускіх вечарынках, якія ладзіла трупа Ігната Буйніцкага. Добра, калі сярод музыкаў і танцораў выступяць людзі рознага ўзросту.
На развітанне гучыць скрыпка.

Літаратура

  1. Арабей Л. Стану песняй... — Мн., 1990.
  2. Багдановіч I. "Дух народу я абняла б...": Літаратурны партрэт Цёткі (Алаізы Пашкевіч) // Роднае слова. 1996. № 7-8.
  3. Бярозкіи Р. Постаці. — Мн., 1971.
  4. Ермаловіч М. Жыве яе ліра // Полымя. 1977. № 3.
  5. Клышка А. Стану песняй у народзе // Звязда. 1976. 15 ліп.
  6. Коўтун В. Крыж міласэрнасці. — Мн., 1988.
  7. Коўтун В. Стала песняю ў народзе. — Мн., 2000.
  8. Коўтун В. Суд Алаізы (драматычная паэма) // Коўтун В. Метраном. — Мн., 1985.
  9. Лойка А. "Стану песняй у народзе" //ЛіМ. 1976. 16 ліп.
  10. Лужанін М. 3 ранку да вечара. — Мн., 1978.
  11. НовікМ. "Прыцягненне ідэйнай акрыленасці" // Мастацтва Беларуси 1986. № 7.
  12. 12. Разанаў А. Паэма пераадолення // Разанаў А. Шлях-360. - Мн., 1981.
  13. Сыс А. Алаіза // Сыс А. Агмень. — Мн., 1988.
  14. Тётка. Избранное. — Мн., 1986.
  15. Цётка (Алаіза Пашкевіч). Каталог Рэспубліканскай мастацкай выстаўкі, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння выдатнай беларускай паэтэсы. — Мн., 1979.
  16. Цётка. Творы. - Мн., 1976.
  17. Цьотка. Вибране. — Киів, 1976.