сцэнарыі святаў на беларускай мове

Валянціно ЛАНТАСАВА, Халіма БЕРАСЦЕВІЧ, выхавацелі дзіцячага дома N 2 Мінска.

У паход за скарбам

Гульня-спаборніцтва спрытных і кемлівых

Дзеці, апранутыя як турысты, з песняй падыходзяць да месца правядзення гульні. Тут ляжаць два палавікі.

Выхавацель. Паглядзіце, перад намі дзве сцежкі. Па якой жа нам ісці? Давайце вызначым больш кароткую. Якую сцежку хутчэй скруцім, па той і пойдзем.
Хлопчыкі, падыдзіце да сцежак і па майму сігналу пачынайце іх скручваць, а мы ўсе будзем лічыць.
Праводзіцца гульня "Хто хутчэй". Потым турысты падыходзяць да каменя.
Выхавацель. Бацюхны! Зусім як у казцы: камень ляжыць на дарозе, на ім нейкія надпісы, указанні. Не разбяру, што тут напісана. Напра... Ох, не разбяру!
Просіць дзяцей дапамагчы Разам яны чытаюць першы надпіс:
Направа пойдзеш — у нікуды трапіш.

Выхавацель. Не, гэтая сцежка нам не падыходзіць.
Чытаюць другі надпіс:
Налева пойдзеш — зусім загінеш.

Дзеці. Ой, не трэба нам ісці па гэтай дарозе, мы не хочам загінуць.
Нарэшце чытаюць трэці надпіс:
Прама пойдзеш — балота знойдзеш,
Балота пройдзеш — да яра выйдзеш.
Яр пройдзеш — карту знойдзеш.
Карту ўбачыш — у лес трапіш.
Па лесе паблукаеш — скарб адшукаеш!

Выхавацель. Як цікава! Мы можам знайсці скарб. Вы хочаце яго адшукаць? Тады нам трэба ісці ў гэтым напрамку.
Турысты зварочваюць на трэцюю сцежку і на сваім шляху сустракаюць балота.
Выхавацель. Ну і камень! Як было напісана на ім, так і адбываецца. Памятаеце: прама пойдзеш — балота знойдзеш. Вось і балота. Але як жа нам яго перайсці?
Дзеці. Па купінах.
Выхавацель. Так, але каб хутчэй перайсці яго, давайце размяркуемся на дзве групы.
Ён прапануе ўсім сціснуць пальчыкі ў кулачок і па сігналу ўскінуць або два, або тры з іх. Такім чынам удзельнікі дзеляцца на дзве каманды, адна з якіх апранаецца ў жоўтыя майкі, а другая — у чырвоныя.
Пачынаецца гульня "3 купіны на купіну" (выкарыстоўваюцца мяшэчкі з пяском). Трупа, якая перабралася цераз балота першай, атрымлівае ўзнагароду — жоўты гарлачык.

Выхавацель. Нарэшце выбраліся з балота. Стаміліся? Ох, і піць хочацца. (Здалёк чуваць, як пераліваецца вада.) Паслухайце: што гэта за гукі?
Дзеці. Недзе вада цячэ.
Выхавацель. I сапраўды! Вось дзе можна набраць вады і напіцца.
Аднак ручай цячэ ў яры. Дабрацца туды, відаць, цяжка. (Чуецца рогат кікімары.) Але ж шлях у нас далёкі, напіцца трэба. Давайце хуценька пройдзем па каменьчыках да яра, набяром вады ў кубачкі і перанясём сюды. Спяшайцеся, толькі ваду не разліце.
Праводзіцца гульня "Хто больш наносіць вады. У час яе кікімара перашкаджае дзецям.
Выхавацель. Давайце паглядзім, хто болей набраў вады. (Пераможцам даецца ўзнагарода — прыгожы каменьчык.) Напіліся? Цяпер ідзем далей. Але ж куды ісці? Давайце ўспомнім, што на камені было напісана:
Балота пройдзеш — да яра выйдзеш,
Яр пяройдзеш — карту знойдзеш.
Трэба шукаць карту, а па ёй мы вызначым далейшы напрамак. Глядзіце, за ярам, удалечыні, нейкая светлая пляма. Можа, гэта карта ляжыць? Але як перайсці яр?
Дзеці прапануюць выкарыстаць хадулі. Выхавацель даручае двум хлопчыкам прынесці карту. Гульня "Хто хутчэй ?".
Выхавацель. Вось і карта. Колькі на ёй розных стрэлак? I не толькі яны, а яшчэ і малюнкі, і надпісы падказваюць напрамак руху. Тут і загадкі. Цікава, пра што першая з іх?
Заўсёды летам і зімой
Мае іголачкі са мной.
Галінак у мяне багата,
Зімой прыходжу я на свята.
(Елка)

Сапраўды, азірніцеся: зусім недалёка ад нас елка. I на карце так пазначана. А вось яшчэ адна загадка:
Ні хвіліны не маўчала,
Ночку цэлую крычала.
Аж пад раніцу ў самой
Забалела галава —
Рупар выключыла свой,
Спаць улеглася... (сава).

Нешта я не бачу саву. А вы бачыце? (Дзеці знаходзяць птушку.) Так, значыць мы не збіліся з шляху. Паслухайце яшчэ адну загадку:
Адна я ў лесе з белаю карой.
Паю вас сокам веснавой парой.
(Бяроза)

Вось і яна, беластволая прыгажуня. Ідзём далей. (Выхавацель загадвае наступную загадку.)
Пад хвоямі, пад смолкамі,
Па лясных дарожках
Бяжыць клубок з іголкамі
На кароткіх ножках.
(Вожык)

Бачыце — калючы клубочак.
Толькі гэта не вожык, а вожычыха. Чаму гэта яна так пыхкае, хвалюецца? Пастойце ціхенька, а я паслухаю, што яна кажа. Вось гора, дык гора! Вожычыха згубіла сваіх дзетак. Дапаможам іх знайсці? Памятайце, што яны калючыя, і не бярыце іх голымі рукамі.
Дзеці прыносяць важанят. Выхавацель пытаецца, дзе яны знайшлі іх, і малыя адказваюць.
Выхавацель. А цяпер трэба на палках хутчэй аднесці іх да мамы- вожычыхі. Яна чакае.
Праводзіцца спаборніцтва "Хто хутчэй да вожычыхі?".
Выхавацель. Паглядзіце, як радуецца вожычыха. Яна гаворыць вам "дзякуй" і дае грыбок як узнагароду. А яшчэ яна падказала, што цяпер нам трэба ісці да дуба, а ў яго дупле вавёрка хавала арэхі. Трэба іх дастаць, каб даведацца аб далейшым шляху. Будзем лезці на дуб па чарзе. (Спаборніцтва "Па арэхі". Самыя спрытныя атрымліваюць узнагароду.) Глядзіце, арэхі нейкія дзіўныя — на іх малюнкі. Тут і рэчка, і плыт. Пэўна, у гэтым і разгадка: трэба пераправіцца на , плыце цераз рэчку. Гэта цяжкая задача. Але ж трэба з ёй справіцца. (Плыты робяцца з дошчачак, пакладзеных на цыліндры. Дзеці спаборнічаюць на іх і атрымліваюць узнагароду.) Стаміліся? Можна трошкі адпачыць.
Праводзіцца гульня "Лавата". Напрыканцы кікімара перашкаджае гуляць.
Дзеці. Пайшла адсюль! Не перашкаджай! Нам яшчэ трэба скарб знайсці.
Кідаюць у кікімару шышкамі. Яна хаваецца за шчыт. Дзеці пападаюць у цэль, шчыт пераварочваецца і з’яўляецца стрэлка.
Выхавацель. Стрэлка паказвае той жа напрамак, што і на карце. А яшчэ на карце напісана: знойдзеш скарб, калі зробіш столькі крокаў, колькі маеш узнагарод. Палічыце свае прызы. Колькі вам трэба зрабіць крокаў? (5) А вашай групе? (6) А на карце пазначана, што "скарб знойдзеш, калі разам прыйдзеш". Што ж рабіць? Ведаю! Тым, у каго меней прызоў, я прапаную праспяваць песню. (Дзеці спяваюць і атрымліваюць за гэта прыз.) Цяпер у вас аднолькавая колькасць узнагарод. Лічыце крокі.
Дзеці падыходзяць да каменя і бачаць за ім скарб — куфар з цацкамі. Малыя разглядаюць цацкі і выконваюць з імі танец.