сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ірына КАЛАЧОВА, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі. Пралеска 9/1997.

Хлеб

Сцэнарый ранішніка для старэйшага дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту

Ранішнік патрабуе папярэдняй падрыхтоўкі. Дзецям можна прапанаваць шэраг гутарак, індывідуальных і групавых кансультацый. Тэмы: “Як вырошчваць хлеб”, “Хлебныя вырабы”, “Хлебныя прафесіі”, “Прыказкі, прымаўкі пра хлеб”, “Казкі (загадкі) пра хлеб”.
Мэта: даць элементарныя ўяўленні пра хлеб.
Зала, дзе праводзіцца ранішнік, упрыгожана рушнікамі, сурвэткамі з беларускім арнаментам, а таксама плакатамі з надпісамі: "Бяры хлеба столькі, колькі зможаш з’есці", "Ніколі не пакідай кавалачкі хлеба на стале”, “Не крышы хлеб”, “Не кідайся хлебам", “Выказвай падзяку людзям, якія вырабляюць хлеб” і інш. На стале— хлебныя вырабы: хлеб, пірагі, булкі, абаранкі.

Гучыць вясёлая музыка. На сцэне героі з беларускай народнай казкі “Пшанічны каласок": Курачка-сакатушка, Гусак-шыпун, Індык-балбатун. (У іх ролях могуць выступіць выхавальнікі, настаўнікі, музычныя кіраўнікі і самі дзеці.)

Курачка. Дзеці, ці пазналі вы мяне? Ко-ко-ко! Так-так, я — Курачка-сакатушка з вядомай вам казкі “Пшанічны каласок”.
Гусак. А я — Гусак-шыпун.
Індык. А я—Індык-балбатун.
Курачка. Сёння мы завіталі да вас, паважаныя хлопчыкі і дзяўчынкі, каб пагаварыць аб тых смачных піражках, якія я спякла з пшанічных каласкоў. Памятаеце, у казцы “Пшанічны каласок”? I не толькі пра гэта, але і пра каштоўнасць хлеба і павагу да людзей, якія яго вырабляюць.
Спрадвеку чалавеку хлеб
Адной з найпершых быў патрэб.
Народ назваў, відаць, таму
Хлеб—галавою усяму.

Гусак. Так-так, Курачка, добра ты гаворыш, правільна, але ж мы не дапамагалі табе ў гэтай справе.
Індык. Мы не дапамагалі табе выпякаць піражкі, бо нам не было часу, мы спрачаліся, хто з нас разумнейшы. Так-так.
Гусак I Індык (разам). Курачка, нам сорамна, выбачай нас! (Апускаюць галовы.)
Курачка. Нічога, мае даражэнькія, ко-ко-ко. Я бачу, вы больш не хочаце называцца гультаямі?
Гусак I Індык (разам). Не, не хочам!
Курачка. Калі так, то ці гатовы вы вытрымаць выпрабаванне, каб заваяваць любоў і павагу да сябе і каб вас ніколі не называлі гультаямі?
Гусак. Так-так, гатовы.
Індык. Гатовы, гатовы!
Курачка. Дзеці, давайце дапаможам Гусаку і Індыку стаць працавітымі і разумнымі. Згодны?
Дзеці. Згодны!

Музычная паўза. Выконваецца адна песенька па выбары.

Курачка. Першае заданне. Якія прыказкі і прымаўкі вы ведаеце пра хлеб, працу і людзей, якія вырошчваюць хлеб?
Спачатку ты адказвай, Гусак-шыпун! А дзеці будуць ацэньваць твае адказы.
Гусак называе прыказку ці прымаўку. Напрыклад: “Хочаш есці калачы..." (не даказаўшы да канца, замаўкае).
Курачка. А як жа далей?
Гусак. Не ведаю, забыўся... (Апускае галаву.)
Курачка. Дзеці, а вы ведаеце, як далей гучыць прыказка? Гусак, паўтары пачатак прыказкі, калі ласка!
Гусак. Хочаш есці калачы...
Дзецi. ...то не сядзі на пячы.
Курачка. Малайцы, дзеткі! А зараз давайце ўсе разам паўторым гучна: “Хочаш есці калачы, то не сядзі на пячы”. А зараз давайце паўторым цішэй. (Дзеці паўтараюць.)
Курачка. А зараз яшчэ цішэй!
Дзеці. Хочаш есці калачы, то не сядзі на пячы. (Паўтараюць вельмі ціха.)
Курачка. А зараз зноў гучна.
Дзеці зноў гучна паўтараюць прыказку. Гусаку можна прапанаваць назваць яшчэ некалькі прыказак ці прымавак і таксама запрасіць у дарадцы дзяцей.
Курачка. А зараз ты, Індык-балбатун, будзеш адказваць. Паглядзім, хто з вас разумнейшы: ты ці твой сябра? Так, дзеці?
Дзеці. Так!
Індык. Ба-ба-бу... (Нешта незразумелае балбоча сабе пад нос.)
Курачка. Пачынай, пачынай, калі ласка!
Індык. Я, я не ведаю...
Курачка. Што з ім рабіць, дзеткі? Давайце зробім так. Вы, дзеткі, будзеце пачынаць прыказку ці прымаўку, а ты, Індык, хуценька працягвай.
Хто з вас, дзеці, ведае прыказкі ці прымаўкі пра хлеб?

Дзеці падымаюць рукі. Курачка пытаецца.
1-е дзіця. Якая зямля...
Індык (задумаўся). ... такі і хлеб. (Паўтарае больш упэўнена.) Якая зямля, такі і хлеб.
2-е дзіця. Будзе дождж ісці...
Індык. ...будзе хлеб расці.
Курачка. А яшчэ?
Індык. Колас добра не спее, калі сонца не грэе.
Курачка. Добра. Можа, ты яшчэ што-небудзь нагадаеш?
Індык. Зямля—маці, а праца—бацька.
Курачка. Дзеткі, давайце паўторым разам!
Дзеці. Зямля—маці, а праца—бацька.
Курачка. Дзеці, давайце ацэнім вынікі выпрабавання, якое мы правялі для Гусака і Індыка. Каму з удзельнікаў спаборніцтва вы будзеце пляскаць у далоні гучней, той і пераможа. Зараз апладысменты для Гусака-шыпуна.
Гучаць апладысменты.
А зараз—для Індыка-балбатуна.
Гучаць апладысменты.
Курачка. Дзякуй. А зараз — апладысменты для ўсіх удзельнікаў: і для вас, дзеткі, і для цябе, Гусак, і для цябе, Індык.

Гучаць апладысменты.
Курачка. Дзякуй усім! Малайцы, дзеткі! I вы, Гусак з індыком, ведаеце прыказкі і прымаўкі пра хлеб, але ж вывучайце яшчэ лепш роднае слова, запамінайце парады, якія склаў народ. Памятайце, што да хлеба людзі здаўна ставіліся вельмі паважліва, бо, каб здабыць яго, трэба выканаць шмат працы: узараць поле, пасеяць зерне, сабраць яго, змалоць муку і толькі тады спячы духмяны і смачны хлеб.
А зараз, дзеткі, падумайце і адкажыце, як вы разумееце выраз “Ад хлеба сіла будзе”?
Дзеці адказваюць.
Лепш зразумець, чаму ад хлеба сіла будзе, дапамогуць удзельнікі тэатральнага гуртка, якія пакажуць вам інсцэніраванае апавяданне Васіля Хомчанкі “Хлеб”.
—Дзед, — пытае ўнук, — куды ехаць збіраешся?
—Поле араць.
—А навошта яго араць?
—Пасею на ім жыта. Калі вырасце, сажну, змалачу, хлеба напяку. А ад хлеба сіла будзе.
—А для чаго табе, старому, сіла?
—Каб за плугам хадзіць, поле араць, жыта сеяць, малаціць, хлеба свайго мець багата.
—Няўжо ты, дзед, адзін увесь хлеб з’ясі?
—Ты, унучак, паможаш.
—Ну, тады і мяне бяры з сабой у поле. Дапамагаць табе буду.

Курачка. Хто адкажа, чаму дзед казаў, што “ад хлеба сіла будзе”?
Адказваюць дзеці, Гусак і індык.
Курачка. А зараз, мае даражэнькія, ці ведаеце вы, з якіх раслін вырабляюць муку і выпякаюць хлебныя вырабы? (3 жыта, пшаніцы, грэчкі, аўса, кукурузы і інш.)
Курачка. Хто ведае, калі ласка, падымайце рукі. Добра (называе імя дзіцяці), падыходзь да мяне, называй расліну і выбірай малюнак, на якім яна намалявана.
(Малюнкі можна раскласці на стале.)
Дзеці, якія пажадалі адказаць, падыходзяць да стала. Як толькі хтосьці з дзяцей назваў жыта і хлебныя вырабы з яго, паказаў адпаведны малюнак, з залы чуюцца крыкі індыка.


Індык. Няправільна! Няправільна! На гэтым малюнку намалявана пшаніца, а не жыта!
Курачка. Дзеці! Давайце вырашым, хто тут правільна адказвае. Ці ты (імя дзіцяці), ці ты, Індык? Хто адкажа?
Дзеці адказваюць і прыходзяць да высновы, што індык памыліўся.
Курачка. Ну, вось, Індык, як табе не сорамна: не ведаеш, а перашкаджаеш. Лепш не балбачы з Гусаком, а ўважліва слухай!
Гусак. Дазвольце мне, калі ласка! У мяне таксама ёсць малюнак. Я хачу паказаць яго дзецям. Ці ведаюць яны, што за расліна тут намалявана?
Курачка. Ну, пакажы!
Гусак (паказвае малюнак дрэва, на якім вісяць батоны, абаранкі). Дзеці, праўда, якое цудоўнае дрэва на гэтым малюнку? Глядзіце, на ім растуць булкі, абаранкі, батоны, а вы кажаце, што іх пякуць з жыта. Дык яны ж растуць на дрэве!
Курачка. Правільна ён гаворыць ці не, дзеці?
Дзеці. Не. На дрэве не расце хлеб.
Гусак. Дзеткі, я ж пажартаваў, хацеў дазнацца, ці добра вы ведаеце, адкуль бяруцца смачныя булкі, духмяныя піражкі, салодкія пірожныя.
Курачка. Дзеці, вы запомнілі, з якіх раслін робяць муку і хлебныя вырабы? Давайце паўторым.
Паказвае малюнкі. Дзеці ўголас называюць: жыта, авёс, грэчка і інш.
Курачка. А каб вызначыць, хто з вас лепш ведае хлебныя вырабы, правядзём маленькі аўкцыён, які так і назавём: “Хто апошнім называе хлебныя вырабы”.
Курачка сочыць за адказамі.
Пераможца атрымлівае пірожнае, булку ці што-небудзь салодкае, зробленае з мукі.


Курачка. Надышоў час гульні. Давайце паглядзім, як умеюць гуляць Гусак і Індык. Дапамагайце, згодны?

Праводзіцца гульня “Выпяканне хлеба". Пасля гульні ўсе рассаджваюцца па крэслах. Выбягае Курачка, за плячыма ў яе на палцы торбачка.

Курачка (ставіць торбачку, цяжка ўздыхае, выцірае пот). Ох, якая цяжкая торбачка! Адгадайце, што ў ёй ляжыць?
Дзеці адгадваюць.
Курачка. Не, не, не адгадалі. У торбачцы — загадкі і пытанні для Гусака з Індыком і для вас, дзеці.
Гусак і Індык па чарзе выцягваюць з торбачкі лісткі, на якіх напісаны загадкі, пытанні. Яны задаюць іх дзецям. Потым дзеці выцягваюць заданні, Гусак з індыком адгадваюць іх. Курачка забірае торбачку (яна ўжо пустая). Узнагароджвае тых, хто адказаў правільна.
Курачка. Ну, вось, дзеці, час высветліць і сказаць Гусаку-шыпуну і Індыку-балбатуну, гультаі яны ці не. Ці спадабалася вам, як яны адказвалі на пытанні, як яны ведаюць прыказкі, прымаўкі, умеюць адгадваць загадкі, гуляць у гульні? Можа, мы не будзем больш называць іх гультаямі?
Дзеці. Не, не будзем.
Курачка. Ну, мае даражэнькія Гусак і Індык, мы выбачаем вас і думаем, што вы станеце працавітымі, уважлівымі, будзеце паважаць людзей, якія ўмеюць пячы хлеб, а таксама смачныя булачкі, піражкі, пірожныя.
А зараз я запрашаю вас, дзеткі, і вас, Гусак і Індык, пачаставацца духмянымі піражкамі,
Усіх удзельнікаў запрашаюць на чаяпіцце з піражкамі. Гучыць вясёлая музыка. Можна правесці гульнявую хвілінку.
Курачка. А цяпер развітаемся. Жадаю вам, дзеткі, добрага здароўя, поспехаў! Любіце і паважайце хлеб, бярыце прыклад з бацькоў у адносінах да хлеба!
Індык. Жадаю вам не ленавацца!
Гусак. Жадаю вам быць працавітымі, шчодрымі, добрымі!

Музычнае афармленне ранішніка

Антось барадаты. Сл.народныя. Апрац. А.Рашчынскага.
Заінька. Сл.народныя. Муз, А.Туранкова.
Гультаям не трэба есці. Сл. А.Савенак. Муз. Клячко.
(Гл.; Беларускі дзіцячы фальклор. Мн„ 1994. С, 110, 161, 172.)

Гульні

Выпяканне хлеба

Спачатку двое дзяцей бяруцца за рукі, кружацца і спяваюць:
Паскакаў верабей
Ды па сметнічку,
I сабраў верабей
Ўсю сямеечку.
Мала нас, мала нас
Для пячэння хлеба,
А ўжо нам, а ўжо нам
Аўдоська патрэбна.

Аўдоська становіцца ў круг. Усе зноў ходзяць і спяваюць разам;
Паскакаў верабей
Ды па сметнічку,
I сабраў верабей
Ўсю сямеечку.
Мала нас, мала нас
Для пячэння хлеба,
А ўжо нам, а ўжо нам
Сымонка патрэбен.

Сымонка становіцца ў круг. Так паўтараецца, пакуль усе не будуць у карагодзе. Тады пачынаецца адваротны працэс. Усе спяваюць:
Паскакаў верабей
Ды па сметнічку,
Разагнаў верабей
Ўсю сямеечку.
Многа нас, многа нас
Для пячэння хлеба,
А ўжо нам, а ўжо нам
Аўдоська не патрэбна.

Аўдоська выходзіць з круга, I так паўтараецца, пакуль не застануцца двое тых, што “адбываюць”, вядуць гульню.
У гульні замест імён дзяцей могуць ужывацца словы “гусак”, "індык”. (Гл.: Ходзіць жораў па таку. Мн„ 1993. С.ЗЗ.)

Мост

Дзеці збіраюцца, становяцца пара за парай і спяваюць якую-небудзь песню. Той, хто застаецца лішнім, ідзе пад мост—гэта значыць пад выцягнутыя рукі гуляючых, і выцягвае з якой-небудзь пары ўдзельніка, вядзе яго праз увесь мост і становіцца з ім ззаду. А той, хто застаўся без пары, у сваю чаргу Ідзе пад мост і бярэ з сабой каго-небудзь.

У ката

Дзеці становяцца ў адзін рад, а насупраць стаіць выбраны з дапамогай лічылкі кот. Усе скачуць і крычаць:
Тра-та-та, тра-та-та!
Не баімся мы ката!

Кот робіць выгляд, што не звяртае на іх увагі. Але калі дзеці надта разыдуцца, ён імгненна каго-небудзь хапае. У гэты момант усе заміраюць. Хто зварухнецца ці засмяецца, пераходзіць да ката.

Прыказкі, прымаўкі

Поле араць—не рукамі махаць.
Хто рана ўстае, у таго хлеба стае.
Праца чорная—белы хлеб.
Хлеб еш да й другому не шкадуй.
Здзек над хлебам—грэх.
Кашу вары густую, у дарогу бяры торбу не пустую.
Едзеш на дзень—бяры хлеба на тыдзень.
Чужы хлеб смачнейшы.
Адзін сноп ці сто коп—хлеба на год.
Без хлеба няма абеда.
Без працы не есці пірагоў.

Загадкі пытанні


Яшчэ на гэту тэму:

Святое слова "хлеб"     Хлеб - жыцця усяго аснова