сцэнарыі святаў на беларускай мове

Крысціна Ігараўна ЧАЙКА, настаўніца СШ № 3 г. Асіповічы. Пачатковая школа 4.2017

У песнях славім Беларусь

Сцэнарый мерапрыемства для III—IV класаў

Задачы: скласці ўмовы для пашырэння ўяўленняў вучняў пра беларускія народныя традыцыі, фальклор, сучасную культуру; спрыяць развіццю музыкальнага слыху, эмацыянальнай сферы; садзейнічаць выхаванню патрыятызму, пачуцця гонару за родную краіну.
Абсталяванне: запісы беларускіх песень; партрэты У. Мулявіна, Я. Коласа, Я. Купалы; “музычны слоўнік” (для кожнага вучня).
На дыску: партрэты У. Мулявіна, Я. Коласа, Я. Купалы.
Падрыхтоўчая работа: школьнікі развучваюць песню “Купалінка”, танец польку.

Ход мерапрыемства

Клас упрыгожаны ў беларускім народным стылі. Настаўнік расказвае паданне:

“Ці то полем, ці то лесам ішлі тры падарожнікі. Ішлі яны тры дні і тры ночы ды яшчэ паўдня. Прытаміліся. Прыселі. Раптам чуюць — спявае нехта. Прыслухаўся першы:
— Відаць, жаўранак.
— Не, — кажа другі, — гэта лес шуміць.
А трэці прыпаў вухам да зямлі і прашаптаў:
— Ды гэта ж зямля наша спявае”.

Настаўнік. Наша мерапрыемства прысвечана беларускай песні. Мы паспрабуем высветліць, пра што складалі песні ў даўніну і якія песні спяваюць беларусы зараз.

Гучыць урывак з песні “Малітва” ў выкананні У. Мулявіна.
Настаўнік. Гэта песня называецца “Малітва”.
Пра што песня “Малітва”? Як вы думаеце, чаму песня мае такую назву? Якія словы ўразілі вас больш за ўсё? Які настрой ствараюць словы гэтай песні? Якія пачуцці выклікала ў вас музыка? Выберыце адпаведныя словы з “музычнага слоўніка”.

вясёлаяурачыстаяпяшчотная
радаснаясвяточнаяласкавая
жартаўліваявелічнаямужная
сонечнаярадаснаябясстрашная
танцавальнаяпатрыятычнаяадважная
яркаятаямнічаятужлівая
спакойнаяказачнаятрагічная
добраятрывожнаярашучая
лагоднаяпаэтычнамілагучная
імкліваяузнёслаядушэўная
дынамічнаясумнаялірычная


Настаўнік. Праспяваў гэту песню Уладзімір Мулявін (вывешвае на дошку партрэт У. Мулявіна). Уладзімір Георгіевіч Мулявін — народны артыст Беларусі, народны артыст СССР, кампазітар. Нарадзіўся ён у Расіі, але шмат гадоў жыў у Беларусі. Беларуская песня зачаравала яго і назаўсёды засталася ў яго сэрцы. Уладзімір Мулявін заснаваў вакальна-інструментальны ансамбль “Песняры”, які сёння ведаюць ва ўсім свеце. “Песняры” спявалі беларускія песні ў Амерыцы, Англіі, Кітаі і многіх іншых краінах.

Гучыць запіс песні "Мой родны кут” у выкананні ансамбля "Песняры”.

Настаўнік. Аўтар верша да гэтай песні — народны паэт Беларусі Якуб Колас (вывешвае партрэт).
Настаўнік. Беларускія песні палюбіліся кампазітару і спеваку Уладзіміру Мулявіну. Вабілі яго і прыгажосць беларускай зямлі, і адкрытасць, працавітасць, дабрыня беларускага народа. Народ складаў песні і пра сваё шчасце, і пра нядолю.

Падрыхтаваныя вучні спяваюць “Купалінку”.

Якім настроем прасякнуты словы гэтай песні?
Музыка? Выберыце адпаведныя словы з “музычнага слоўніка”.

Настаўнік. Але не толькі сумны настрой пануе ў беларускіх народных творах. Умеюць беларусы і весяліцца. Прапаную зараз патанцаваць!

Гучыць “Полька беларуская”, дзеці танцуюць.

Настаўнік. Беларускі народ заўсёды верыў у сваю светлую будучыню. Нават у гады Вялікай Айчыннай вайны песня падтрымлівала веру ў тое, што Перамога прыйдзе і неба над галавой зноў будзе мірным.

Гучыць урывак з песні С. Макея "Чакай мяне, матуля”.
3 якім настроем выконваецца гэта песня?
Выберыце словы-характарыстыкі з “музычнага слоўніка”. 3 кім параўноўваецца Радзіма? Як вы думаеце чаму?
Настаўнік. Нягледзячы на тое што час быў цяжкім, усе з надзеяй чакалі з фронту сваіх сыноў, бацькоў, родных і дарагіх сэрцу людзей.
Вайна скончылася шмат гадоў таму, але пачуццё патрыятызму, любві да Радзімы ў сэрцах беларусаў будзе вечным. Сучасныя выканаўцы з гонарам і пяшчотай спяваюць песні на роднай мове і шануюць беларускія традыцыі.

Гучыць песня “Люблю наш край” (словы К. Буйло, музыка М. Равенскага).

Якое слова найчасцей сустракаецца ў песні? (Люблю.)
Што любіць аўтар — Канстанцыя Буйло? (Край, старонку, народ, хаціны, вясну, зіму, лета, восень, песню.)
Якім прыгожым беларускім словам называецца наш край у гэтай песні?
Як вы разумееце словы “дзе першы раз пазнала шчасце, слязу нядолі праліла”?
Якія вобразы, карціны ўзнікалі перад вашымі вачыма, калі вы слухалі песню?

Настаўнік. У кожнага чалавека з родным краем звязаны ўласныя ўспаміны: родны дом, бацькі, сябры, любімая праца, традыцыі — усё тое, дзеля чаго жывеш пад сонцам, але ўсіх нас аб’ядноўвае наша агульная зямля — краіна Беларусь!

Гучыць запіс песні Я. Завацкага “Гэта Беларусь мая”.

Настаўнік. Ёсць яшчэ адна песня, якая вядома кожнаму беларусу. Чуем мы яе з дзяцінства, бо яна часта гучыць па радыё і тэлебачанні, суправаджае ўсе дзяржаўныя мерапрыемствы.
Як называецца гэта велічная, урачыстая песня? (Гімн.) Якую песню мы называем гімнам? Як трэба сябе паводзіць, калі гучыць гімн?

Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

Ці спадабалася вам слухаць песні на беларускай мове? Давайце ўспомнім, якія песні мы сёння чулі.

Настаўнік. Нездарма гавораць: “Песня — душа народа”. Пра беларускую песню можна сказаць, што яна і народная, і святая, і патрыятычная. Яна заўсёды падтрымае ў цяжкі час! Вось як казаў пра нашы песні народны паэт Беларусі Янка Купала (дэманструе партрэт):

Гэй, родныя песні! Вы ў суме і ў горы,
Ці ночка пануе, ці сівер дзьме зімны, —
Для роднай зямелькі вы — светлыя зоры,
Для роднага краю вы — райскія гімны!

Слухайце песні на роднай мове, адкрывайце сваю душу для шчырых пачуццяў, жывіце ў згодзе з людзьмі, з музыкай!

Яшчэ на гэту тэму:

“Я – Беларус! Я ганаруся, што маю гэтае імя...”     «Над Белай руссю — белы бусел»