сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ірына БАБОЙЦЬ, музычны кіраўнік ясляў-сада в. Варняны Астравецкага раёна. Пралеска 12/2009

«Грай, мая жалейка...»

Музычныя заняткі для дзяцей групы «Фантазёры»

Тэма: выкарыстанне беларускага фальклору на занятках музыкі.
Мэта: спрыяць далейшаму фарміраванню ў дашкольнікаў эмацыянальных адносінаў да музыкі.
Задачы: паказаць багацце фальклорнай спадчыны, разнастайнасць тэматыкі і жанраў беларускай народнай творчасці; садзейнічаць развіццю вобразнага ўспрымання музыкі; выхоўваць любоў да беларускай народнай творчасці; ствараць умовы добрага настрою на занятках.
Абсталяванне: магнітафон, музычныя інструменты, фланэлеграф.
Дыдактычны матэрыял: карткі з выявамі музычных інструментаў, малюнкі з выявамі аркестраў і танцавальных пар, аўдыякасеты.

У адной частцы залы — інтэр'ер сялянскай хаты. Гаспадыня, цётка Ганна, прыбірае пакой і спявае песню «Чаму ж мне не пець?».
Цётка Ганна. Ну вось, усё падрыхтавала да прыходу маіх маленькіх сяброў. Ой, а дзе ж гэта мая святочная хустачка, мабыць, у другім пакоі забылася. Зараз, я хуценька. (Выходзіць.)
У залу ўваходзяць дзеці з музычным кіраўніком.
Музычны кіраўнік (М.к.). Дзеці, давайце павітаемся.
Дзеці. Добрай раніцы!
М.к. Падыдзіце, дзеткі, да мяне ды пакажыце свае вясёлыя вочкі. Я бачу, што вам хочацца сёння павесяліцца. Давайце з вамі паедзем у госці да цёткі Ганны, так? А паедзем мы не на машыне, не на аўтобусе, а на кані. Сядайце ў вазок ды паехалі!
Дзеці становяцца парамі за «конікам» і, падскокваючы, рухаюцца па крузе са словамі:
Дожджык, дожджык, не ідзі.
Мы паедзем на кані,
На канях драўляных,
3 вербаў паламаных.
Дожджык, дожджык, не ідзі,
Мы паедзем на кані,
Едзем мы без шапак,
Не баімся крапак.
( Спыняюцца.)
Едзем мы ў госці,
Шукаем весялосці.

Дзеці ўваходзяць у «хату».
М.к. А што ж гэта нас ніхто не сустракае? Дзе падзелася наша цётачка Ганна? Давайце пачакаем гаспадыньку. А каб не сядзець так проста, мабыць, музыку з вамі паслухаем?
Гучыць беларуская народная мелодыя «Лявоніха».
М.к. А ці знаёмая вам гэтая музыка? Хто яе напісаў? Да якога жанру яна адносіцца? (Танца.)А да якога віду танцаў? (Полька.) Паглядзіце ўважліва на малюнкі з выявамі танцавальных пар і выберыце патрэбны. А якія яшчэ беларускія народныя танцы вы ведаеце? (Адказы дзяцей: «Юрачка», «Бульба», «Крыжачок», «Янка».)
М.к. Паслухайце і назавіце наступныя творы.
Гучаць мелодыі танцаў «Бульба», «Юрачка».
Дзеці адказваюць на пытанні: «Ці спадабалася вам музыка? Чым спадабалася?»

М.к. А цяпер адкажыце, у чыім выкананні гучалі беларускія танцы?
Дзеці. У выкананні народнага аркестра.
М.к. А якія яшчэ віды аркестраў вы ведаеце? (Эстрадны, сімфанічны, духавы.)
Дзеці выбіраюць патрэбны малюнак з выявай аркестра.

М.к. Чым яны адрозніваюцца? (Складам музычных інструментаў.) А цяпер давайце пагуляем з вамі ў гульню «Назаві беларускія музычныя інструменты».
Гульня «Назаві беларускія музычныя інструменты» (гл. малюнкі).

М.к. Малайцы, добра вы справіліся з заданнем! 3 даўніх часоў музычныя інструменты дапамагалі чалавеку і ў час працы, і ў час адпачынку.
Паслухайце ўважліва музычныя ўрыўкі і назавіце іх.
Гучаць беларускія народныя танцы «Янка», «Крыжачок».
Дзеці вызначаюць характар танцаў. Уваходзіць цётка Ганна.

Цётка Ганна. Ой, мае даражэнькія, вы ўжо тут, а я трошкі затрымалася.
М.к. Мы час дарма не трацілі, а паслухалі беларускую народную музыку.
Цётка Ганна. Наша беларуская музыка гучная, вясёлая, простая. А на якой мове мы з вамі размаўляем? (На роднай — беларускай.) Правільна. Гэта мова нашых продкаў. Шмат вершаў прысвечана роднай мове.
1-е дзіця.
Мова родная, мая ты,
Што і дзедавай была,
Мова мамы, мова таты:
Мова нашага сяла.

2-е дзіця.
Я нарадзіўся беларусам
Беларусам буду жыць.
Мову родную вучуся
Шанаваць, цаніць, любіць.

3-е дзіця.
У шуме лясным словы вечныя
нашы гучаць,
Крынічнай вадой
беларускія словы звіняць,
Таму нашы продкі любілі іх і бераглі,

Як пушчы і рэкі, азёры, гаі і палі.
Цётка Ганна. На беларускай мове пішуць не толькі вершы, апавяданні, але і прыгожыя песні.
М.к. А нашы дзеці таксама ведаюць шмат песень і зараз праспяваюць адну з іх.
4-е дзіця.
У нас галовы русыя
А вочы — сіні лён.
Мы, дзеці-беларусы
Зайграем і спяём.

Дзеці выконваюць песню «Бульба».
Цётка Ганна. Малайцы! (Хваліць юных артыстаў. Звяртаецца да ўсіх дзяцей.) А зараз назавіце беларускія стравы з бульбы. (Адказы дзяцей.)
Неба чыстае і глыбокае,
I бярозавы ціхі гай,
Беларусь мая сінявокая,
Беларусь мая, родны край.

Якія добрыя словы пра наш беларускі край! Ён прыгожы і непаўторны сваімі рэкамі і азёрамі, лясамі і лугамі. А якая багатая наша беларуская зямля! Нездарма гэты год прысвечаны ёй і называецца «Год роднай зямлі».
М.к. А давайце паслухаем песню.
Прапануецца паслухаць песню пра родны край у выкананні дашкольнікаў (на выбар музычнага кіраўніка).
М.к. Я бачу, што вы, сябры, трошкі засумавалі, давайце з вамі пагуляем. А ў якую гульню хочаце пагуляць? (Адказы дзяцей: «Выпяканне хлеба», «Грушка», «Заінька», «Адгадай, чый галасок?».)
Гульня «Адгадай, чый галасок»

Цётка Ганна. Вось як добра мы з вамі пагулялі!
М.к. Сябры, наш край вельмі багаты на таленты. Наш народ складае шмат розных казак, забаўлянак, прыпевак. Я мяркую, што сярод нашых гасцей таксама ёсць такія таленты. Таму зараз:
Пачынаем конкурс новы.
Падыходзьце, хто гатовы.
Гэй, смялей жанчыны, дзеўкі,
Пачынаем перапеўкі!

Прыпеўкі

Выбачайце, выбачайце,
Што я з песні збілася.
Я на курсах не была,
Спяваць не вучылася.
Раз гармонік заіграў,
Значыць, трэба пачынаць.
Весялей на развітанне
Вам прыпеўкі праспяваць.
Я спявала б, я спявала б,
3 вамі весялілася,
Толькі вось як на бяду
Прыпеўкі ўсе забылася.
Заіграйце вы, музыкі,
Каб я паскакала.
Купіў бацька чаравікі,
Каб я патаптала.
Мы прыпеўкі праспявалі,
Вельмі хваляваліся.
Вы папляскайце ў далоні,
Калі спадабаліся.

М.к. Давайце падзякуем нашым гасцям.
Цётка Ганна. Ад такой вясёлай музыкі аж мне танцаваць захацелася.
М.к. I то праўда,
Без музыкі, без дуды
Ходзяць ногі не туды,
А як музыку пачуюць,
Самі ножанькі танцуюць.

5-е дзіця.
Ой, хутчэй заткніце вуха,
Паглядзіце ўсе «Трасуху»!

Дзеці выконваюць танец «Трасуха».
М.к. А ці спадабалася вам, як мы правялі час? А што больш спадабалася сёння? (Адказы дзяцей.) Паглядзіце, у мяне ёсць рознакаляровыя ноткі. Аранжавы колер адпавядае вясёламу настрою, зялёны — спакойнаму, а чорны — сумнаму. Падыдзіце і выберыце сабе нотку таго колеру, які адпавядае вашаму настрою і прыклейце на фланэлеграф.
Дзеці выбіраюць.
А на развітанне давайце заспяваем нашу любімую песню, якую напісалі нашы варнянскія жыхары.
Гучыць песня «Варнянскі вальс».
Цётка Ганна дзякуе дзецям і частуе іх прысмакамі. Дзеці сядаюць у вазок і. едуць у дзіцячы сад.