сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. В. ПАРАМОН, Л. П. САХАРЭВІЧ, Н. П. ТРЫГУБОВІЧ “Беларускае свята ў школе” З вопыту работы Уздзенскай санаторнай школы-інтэрната. Дапаможнік для настаўнікаў і выхавальнікаў. Мінск “Беларусь” 2002

«У нас сягоння Масленіца!..»

Методыка падрыхтоўкі

Свята адзначаецца на восьмым тыдні перад Вялікаднем. На працягу тыдня праводзяцца гутаркі з дзецьмі аб тым, як раней святкавалася Масленіца (Масленічны тыдзень), тлумачыцца сімволіка асобных момантаў: бліны, спальванне «Зімы», катанне на конях вакол вёскі, гушканне на арэлях і інш.
Свята праходзіць на вуліцы з удзелам вучняў і іх бацькоў, работнікаў школы. Жанчыны ў прыгожых квяцістых хустках.
На пляцоўцы перад школай расстаўлены сталы, на сталах — самавары з чаем, бліны, выпечка.
Гучаць беларускія народныя песні.

Методыка правядзення

1-ы зазывала.
Гэй, весялей ты збірайся, народ!
Крочыць вясна па планеце ўжо,
Крочыць і радасцю сэрца займае,
Вось гэта свята вясны нас чакае.


2-і зазывала. Мы клічам сюды ўсіх, хто любіць вяселле, песні і смех.
3-і зазывала. Мы адзначаем свята провадаў Зімы.
4-ы зазывала. Зіму праводзіць будзем, а Вясну сустракаць.
2-і зазывала. Вас чакаюць гульні, жарты — быць пахмурным тут не варта.
3-і зазывала.
У нашай школе свята — праводзіны Зімы.
Усе людзі весяляцца, і весялімся мы.


Частка дзяцей з колам — сонцам, ідучы на сярэдзіну пляцоўкі, спяваюць.

Ноты песні А мы масленку дажылі
А мы Масленку дажыдалі,
Люлі, дажыдалі.
Усю нядзельку даглядалі,
Люлі, паглядалі.

Другая частка дзяцей з пудзілам, ідучы насустрач, адказвае.

Мы думалі, Масленка сем нядзелек,
Люлі, сем нядзелек,
Ажно Масленка — сем дзянёчкаў,
Люлі, сем дзянёчкаў.

Усе разам.
А ў нас сёння Масленіца, Масленіца,
Вылецела з куста ластавіца, ластавіца.
Села-пала на калу, на калу,
Кідала масла па каму, па каму,
Хто ўхопіць, дык таму, дык таму.

Дзеці з пудзілам падыходзяць да гаспадыні.

Дзеці. Ці дома гаспадыня, чаго нам не кажацца?
Гаспадыня. Дома, дома, не гуляю, бліночкі пяку, Масленку сустракаю.
Дзеці.
Дзень добры, гаспадынечка,
У нас ёсць да цябе навіначка:
Прыляцела ластавіца, прынесла вам Масленіцу,
Села на жэрдачку, шчабятала вестачку.
Палятала, пакружыла, вам вясну апавясціла.


Гучыць песня «А сёння ў нас Масленка».

Ноты песні А  ў нас сёння масленка
А сёння ў нас Масленка, Масленка,
Ой, лялю, рана, Масленка, Масленка!
А з-пад куста ластаўка, ластаўка,
Ой, лялю, рана, ластаўка, ластаўка.
Сядзіць яна высока-высока,
Ой, лялю, рана, высока-высока.
Бачыць яна далёка-далёка,
Ой, лялю, рана, далёка-далёка.
Што ў школе дзеецца, дзеецца,
Ой, лялю, рана, дзеецца, дзеецца.

Дзеці. Масленіца ў нас!

3 ’яўляюцца бабка Параска і бабка Марылька.

Бабка Параска. А пахне ў вас як! Блінамі! 3 маслам! Я б бліны ўплятала ды галавою матляла.
Бабка Марылька. Дзіва што! Кажуць жа, што на мазаны блін і кот па-другому глядзіць!
Бабка Параска. А колькі ласункаў на стале! Відаць, нас тут з раніцы чакалі.
Бабка Марылька. Так, чакалі ды на стол збіралі.
Дзіця. Вас, паважаныя, мы чакалі, свята без вас не пачыналі. На нашым свяце не будзе часу сумаваць, на свяце гэтым трэба спяваць, смяяцца, танцаваць.
Бабка Параска. Каб вы, дзетачкі, сталі дужымі і спрытнымі, трэба спачатку блінцоў паесці. Я стану з блінамі насупраць адной каманды, а бабка Марылька — насупраць другой. Кожны з вас па чарзе павінен дабегчы да бліноў, узяць адзін з іх, абабегчы вакол мяне, а другой камандзе — вакол бабкі Марылькі, а потым вярнуцца назад і стаць у канцы каманды.

Праходзіць гульня.

1-ы зазывала.
Гэй, народ, збірайся ў карагод.
Раскрывайце ўсе кішэні, даставайце кашалі.
2-і зазывала.
Пачастункаў смачных — горы,
Кожнаму роту знойдзем работу.
3-і зазывала.
Каму масла, каму сала, каму сыр.
Хто заплаціць — таму пір.
4-ы зазывала.
Чалавек галодны ні на што не годны.
2-і зазывала.
3 самавара валіць пара — прыкмячай, дзе вараць чай.
1-ы зазывала.
Блінок, маслены каток, сам каціся ў раток.
3-і зазывала.
Частуйцеся, госцейкі дарагія.

Дзеці ядуць бліны з чаем.

2-і зазывала.
Бліны пшанічныя, кругленькія, пышныя!
4-ы зазывала.
Кругленькія, жоўценькія, быццам тое сонейка!
Ешце, маслам палівайце, а смятанкай заядайце!
1-ы зазывала.
Грошай не бяром, дарам аддаём.
У масла блін мачайце,
Масленку ўспамінайце.

Кабеты (жартуюць).
— Еш, куманька, еш, я не лічу бліны!
— Смачныя, дзякуй! Наелася, восьмы блін даядаю.
— Брэшаш, кумка, не восьмы, а дзевяты.
Бабка Параска. Ну вось, бабка Марылька! Самі дзеткі аладак паелі, а нас не пачаставалі.
Бабка Марылька. А некалі ва Уздзе быў такі цікавы звычай: унучкі і ўнукі запрагаліся замест коней, саджалі сваю бабульку ў сані і везлі яе частавацца блінамі.
Бабка Параска. Давайце паспрабуем і мы сёння пракаціцца.

Дзве каманды «ўнукаў» становяцца ля «бабулек». «Унукі» вязуць «бабулек» на санках паміж «дрэўцамі» (кеглі). Нельга іх паваліць. Наперадзе стаіць талерка з блінамі. «Бабка» павінна схапіць блін, калі «ўнукі» будуць разварочвацца. каб везці не назад.

Бабка Параска. Ну, сяброўка Марылька, бліноў мы наеліся, але ўнукі нашы стаміліся — хай яны адпачнуць.

Уваходзяць месяцы.

Снежань.
Боты у полі звоняць меддзю,
Вецер свішча наўздагон,
Развітацца Зіма едзе
Ва Уздзенскі наш раён.
Студзень.
Яна едзе у даль на апошні свой баль,
I за гэта ёй — ледзяны медаль.
Люты.
Ля новых варот робіць паварот,
Гэй, дарогу дай, раступіся, народ!
Дзеці.
Ідзі, Зіма, да Бучына!
Бо ты нам надакучыла!
Ідзі, Зіма, да Кракава!
Зноў будзеш аднакава!
Ідзі, Зіма, да Кіева!
Ты нам Лета пакінула!
Ідзі, Зіма, да крыніцы
Ды забірай рукавіцы!

Зіма. Гэй, мароз і снег, ляціце на падмогу. Ах вы, шкоднікі. На Поўнач мяне збіраецеся адправіць! Не выйдзе! Ды я вас зараз замарожу! Гэй, вятры мае паўночныя, ляціце мне на дапамогу.

Рассыпае снег. 3 ’яўляецца Баба Снегавуха.

1-ы зазывала. А гэта хто?
Зіма. Баба Снегавуха.
Баба Снегавуха.
Я Баба Снегавуха, зараз вас схаплю за вуха.
Свае вушы не хавайце, бабе снежнай падстаўляйце.

Праходзіць гульня ў даганялкі.

Зіма.
Прыйшла Баба Снегавуха,
Мех набіла снежным пухам.
Баба Снегавуха.
Бой мяшкамі пачынаецца!
Хто смялейшы — не хаваецца!

Праходзіць бой падушкамі на лаўцы.

1-ы зазывала.
Як прыходзіў люты, пытаў, у што абуты.
Хто валёнкі абуваў, той марозу не баяўся.
Снег ляпіў, камы качаў і на саначках катаўся.
Хто з Зімой гуляць жадае, хай валёнкі абувае.

Гульня - спаборніцтва «Бег у валёнках».

2-і зазывала.
Надакучылі Зіма, цёплыя валёнкі.
Хочацца ужо цяпла, песень птушак звонкіх.
3-і зазывала.
Ты ўжо, Зімачка, надакучыла,
Снегам-холадам нас замучыла.
Збірайцеся, маладзіцы, ды здымайце рукавіцы,
У далоні біце, Вясну-красну завіце.

Гучыць песня «Жавароначкі, прыляціце».

Ноты песні Жавароначкі прыляціце
Жавароначкі, прыляціце,
Вясну красную прынясіце,
Каб сонейка засвяціла,
Каб снег белы растапіла,
Каб садзікі расцвяціла.

Жавароначкі, прыляціце,
Зямлю-матухну абудзіце
I дожджыкам напаіце,
Каб волікаў накарміла.
Каб травачкі нарасціла,

Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла лецейка прынясіце,
А зімачку прыбярыце,
Бо зімачка надаела —
Нам хлебушкі пераела.

Дзеці вядуць Вясну.

Зіма. Прыцягнулася, паспела!
Вясна. Добры дзень, Зіма-матухна! Ты яшчэ не пакінула мае прасторы?
Зіма. Пэўна не. I нават не збіраюся гэтага рабіць.
4-ы зазывала. А давайце так: хто ведае больш загадак, той і будзе гаспадарыць на зямлі.
Зіма і Вясна. Давайце!
Зіма. Карова бяжыць, а шкура ляжыць.
Вясна. I свае дзіця не забыла, і чужых накарміла.
Зіма. Хто двума бадаецца, чатырма ходзіць, адным мух ганяе?
Вясна. Усе яго любяць, а як паглядзяць — моршчацца.
Зіма. Што зімою камлём угору расце?
Вясна. У рубашцы радзіўся, а голы ходзіць.
Зіма. Лезе праз акно сівае сукно.
Вясна. Без кліноў, без капытоў само падыходзіць, ніхто яго не трывожыць.
Зіма. Белая кабыла ўвесь лес з’ела.
Вясна. Новая пасудзіна, а ўся ў дзірках.
Зіма. Я больш загадак не ведаю.
1-ы і 2-і зазывалы (разам). Ура! Вясна перамагла!
Зіма. Не, пачакайце! Мы яшчэ не ўсе гульні перагулялі, не ўсе песні пераспявалі.
Вясна. Як быццам у мяне ні песень, ні казак няма! А карагоды якія цудоўныя!
Вы выходзьце, дзевачкі, на лугі-лужочкі,
На лугі-лужочкі завіваць вяночкі,
Завіваць вянкі на святкі, на гадавыя святочкі.

Танец з вянкамі. Гучыць песня «На святую Масленіцу».

Ноты песні На святую масленіцу
На святую Масленіцу
Да вылятала ластавіца.

Да вылятала ластавіца
С чорнага мора на поле.

С чорнага мора на поле.
Сядайце, малойцы, на коней.

Сядайце, малойцы, на коней
Да ўлавіце ластавіцу!

Да ўлавіце ластавіцу,
Да будзем гуляць Масленіцу!

Зіма.
Хай будзе так. Я знікаю.
Вясну з прыходам вітаю
I трон свой ёй я уступаю.
Я ж ад’язджаю на спакой
Ў паўночны край любы мой.
Хай цёплы дзень смялей ступае —
Табе пасад я уступаю.
Хай новы дзень здабыткам будзе,
Нясе вам радасць, шчасце, людзі!
3-і зазывала.
Добрай дарогі табе, матухна-Зіма.

Зіма, адыходзячы сыпле пажаданнямі.
Зіма.
Прыміце мае пажаданні напаследак:
Тым, хто радзіўся, — каб весяліўся.
Хто пасварыўся — каб памірыўся.
Хто прачакаўся — каб спадзяваўся.
Хто спрацаваўся — каб мацаваўся.
1-ы зазывала.
Снежная баба едзе на пенсію.
Едзе з двара, бо прыйшла пара.
Кладаўшчык.
Хвілінку! Да гэтакай спешкі я не прывык!
Баба Снегавуха.
Што так сурова глядзіш мне ў твар?
Кладаўшчык.
Прашу, паважаная, здаць інвентар.
Здайце, бабуля, па акту ў кладоўку
Кій і каструлю, мятлу і маркоўку.
Здайце, бабуля, казённыя рэчы,
Праз год вам сустрэчу я зноў забяспечу.
2-і зазывала.
Хутчэй! Бо спасцігла бабу бяда:
Закапала ў бабы з носа вада!
3-і зазывала.
Спяшайся, бабуля, вяртайся зімой!
Снежнаю, свежай і маладой!

Баба Снегавуха адыходзіць.

4-ы зазывала.
Гэй, Вясна, ты красна,
Што ты нам прынясла?
Вясна.
Я, Вясна-красна, вам прынясла
Бохан хлеба, ступу солі,
Старым бабкам па прызбачцы,
Малым дзеткам па вуліцы,
А хлопчыкам па кіёчку,
А дзевачкам па вяночку.

Гучыць песня «Ты, пчолачка ярая».

Ноты песні Ты пчолачка ярая
Ты, пчолачка ярая,
Ты вылець з-за мора.
Ой, ляло, ляло,
Ты вылець з-за мора.

Ты замкні зімачку,
Зімачку студзёну,
Ой, ляло, ляло,
Зімачку студзёну!

Ты вынесь ключыкі,
Ключыкі залаты.
Ой, ляло, ляло,
Ключыкі залаты.

Адамкні лецейка,
Лецейка цёплае,
Ой, ляло, ляло,
Лецейка цёплае!

1-ы зазывала.
Гэй, збірайся, народ!
Занясём гэта пудзіла на агарод!
Каб урадлівы быў увесь год!

Усе ідуць на стадыён, становяцца ў карагод вакол вогнішча і звяртаюцца да Зімы.
— Згары, Зіма, ты нядобрай была.
— Адыдзі, Зіма, ты мокрай была.
— Згінь, Зіма, ты нямой была.
— Пусці Вясну на зямлю маю.

Гучыць песня «Ой, Масленка-няшчасленка...».

Ноты песні Ой масленка нешчасленка
Ой, Масленка-няшчасленка,
Шэра вутка... У!
Ты ж казала, вясна скора,
Дай не хутка... У!
Праводзім зіму з качаргамі... У!
Сустракаем вясну з пірагамі... У!

Гарыць пудзіла Зімы.

Бабка Марылька. На Масленіцу вялікая пашана аддавалася тым рэчам, якія нагадвалі сонца.
Бабка Параска. Нават на конях ездзілі вакол Узды некалькі разоў, каб адзначыць кола.
Бабка Марылька. Не будзем адступаць ад гэтага звычаю і мы. Таму запрашаем вас праехацца на конях вакол нашай школы.
3-і зазывала.
А цяпер усіх вас
Запрашаем мы да нас,
На шасток вы залязайце,
Падарункі выбірайце.

Дзеці залазяць на слуп і выбіраюць прызы.



Яшчэ на гэту тэму:

Масленка, Масленка, бывай зіма красненька!     А ў нас сёння масленіца