сцэнарыі святаў на беларускай мове

Лілія ПІНЧУК, метадыст ясляў-сада №19 Жлобіна. Пралеска 1995 г.

А ў нашай Васілінкі - сёння радзінкі

Сцэнарый радзіннага абраду для дзяцей і дарослых

Зала стылізавана пад беларускую хату. Стаяць накрытыя сталы. Бацька і маці запрашаюць гасцей да стала.
Маці. Сядайце, госцейкі дарагія.
Бацька. Праходзьце, сядайце адзін ля аднаго.
Гучыць беларуская народная мелодыя. Чуюцца галасы і стук у дзверы.
Чуеш, Марыся, вось і апошнія госцейкі прыйшлі. Зачакаліся мы іх. Адчыняй хутчэй дзверы, сустракай гасцей.
1-ы госць. Добры вечар у вашу хату.
2-і госць. 3 радзінамі вас.
3-і госць. Віншуем з дачушкай.
4-ы госць. Праз годзік і сыночка трэба.
Маці. Добры вечар усім вам, дарагія госці, дзякуй, што завіталі да нас.
Госці выходзяць на сярэдзіну хаты і пачынаюць спяваць велічальную бацькам:
Дзякуй таму кавалю,
А што зрабіў нам гульню,
Ён і ручак не хукаў,
Малаточкам не стукаў,
Без молата, без кувадла,
Паглядзелі: дзіця ладна.

Кум. Дзе сыноў лава, там бацьку слава. Дзе дачок лава, там маці слава. Сям’я Марусі і Івана папоўнілася дачушкай. Як яе назвалі бацькі?
1-ы госць. Алена?
2-і госць. Паўлінка?
3-і госць. Наталля?
4-ы госць. Ганначка?
Маці. А вось і не ўгадалі! А завуць нашу дачушку Васілінкай, бо вочкі ў яе сіненькія.
1-ы госць. Давайце паглядзім, якая ваша Васілінка.
2-і госць. Такая прыгажуня, як яе маці.
Маці. Вельмі прыгожая, толькі пачакайце трошкі, калі яна прачнецца. Зараз наша Васілінка спіць. Праходзьце лепш да стала, госцейкі, ды сядайце.
3-і госць. А дзе ж ваша бабка? Трэба яе дачакацца, а потым і сядаць разам.
Маці. А яна павінна зараз прыйсці. Відаць, па дарозе каго сустрэла ды языком чэша.
Чуецца стук у дзверы, заходзіць бабка.
Бацька. Вось і яна з’явілася. Заходзь, бабка, вечар добры табе. Велічальная песня бабцы.
Бабка. Добры вечар, госці дарагія! Добры вечар, бацька, маці! Прашу дзіцятка да Хрыста благаславіць.
Бабка ідзе вакол стала, на якім ляжыць хлеб. Яна абыходзіць стол 3 разы, прыгаворваючы:
Каб дзіця да сям’і далучалася,
Гора і бяда абміналася,
Шчасце і здароўе прыхіналася.

Бабка падыходзіць да калыскі, дзе ляжыць Васілінка.
Няхай мая ўнучка расце вялікая ды здаровенькая. На радасць і пацеху бацькам. А чаго вы гэта, кум ды кума, і вы, госцейкі даражэнькія, прыціхлі, ці ўмееце вы спяваць, скакаць, жартаваць?
Госці і кум з кумою. Умеем! Бабка. А ці ведаеце вы прыпеўкі?
Госці. Ведаем.
Бабка. Вось зараз паспрабуйце мяне перапець.
Бабка выходзіць на сярэдзіну хаты і запрашае жадаючых. Перамагае той, хто выканае больш за яе прыпевак.
Ну, добра, спяваць умееце. А мне зараз вельмі паскакаць хочацца. Музыканцікі, заіграйце "Лявоніху".
На танец "Лявоніха"бабка запрашае ўсіх гасцей.
Ну што, стаміліся? Давайце трохі адпачнём.
Бацька і маці запрашаюць гасцей сесці за стол. Кума і куму, а таксама бабку садзяць на кут. Гучыць велічальная кумам:
А ў садзе явар зелянюсенькі, зелянюсенькі,
На куце кумок маладзюсенькі,
А ў садзе вішня зелянюсенька,
На куце кума маладзюсенька.

Кум. Пачакайце, на стале нечага не хапае.
Кума. Бабка, дзе ж твая каша?
Бабка. Вось мая каша. Паспытайце яе, смачная, толькі есці ды аблізвацца. Хто купляў яе? Да гэтага вы, госцейкі, елі-пілі бясплатна, а зараз кашу будзе есці той, хто яе адкупіць. Хто хоча кашу есці, няхай выкупіць сабе лыжку.
Ідзе торг за кашу, госці кладуць грошы, каша застаецца за кумам, які па традыцыі робіць лепшы падарунак.
Кум. Я адкупіў кашу, я і гаршчок б’ю.
Няўдала кідаючы гаршчок, кум за трэцім разам разбівае яго. Госці, атрымаўшы кашу, кажуць пажаданні.
1-ы госць.
Шчыра вам жадаем
Шчасця і здароўя,
Каб было у вас заўжды
Поўнае застолле.

2-і госць. Каб ваша Васілінка здаровая была,
Каб радасць і шчасце Вам прынясла!
3-і госць. Шчасця вам, бацька і маці,
Шчасця вашаму дзіцяці.
4-ы госць. Каб дачка расла, не хварэла,
Увесь хлеб паела.
5-ы госць. Каб вы здаровы былі, Да ста гадоў жылі.
Маці дорыць бабцы хустку і хлеб. Бабка дзякуе і збіраецца дадому.
Бацька. Мы запражом дванаццаць валоў, адвязём бабульку дамоў.
Госці "запрагаюцца"ў сані і вязуць бабку дадому.