сцэнарыі святаў на беларускай мове

???анда ДЗЯМ’ЯНКА Роднае слова 9. 2002

"Сагрэты быў пяскамі наднямоння"

Літаратурна-музычная кампазіцыя

Стоўбцы у жыцці і творчасці Якуба Коласа.

На сцэне актавай залы побач з партрэтам Якуба Коласа — чырвоныя галінкі рабіны, кветкі, на падлозе рассыпана жоўтае лісце. Пад партрэтам паэта надпіс "Сагрэты быў пяскамі Наднямоння". На працягу ўсёй імпрэзы на экране паказваюцца дыяпазітывы — фотаздымкі сучасных і колішніх Стоўбцаў, родных і знаёмых народнага паэта, краявіды Нёмана.

Гучыць песня "Мой родны кут" (тэкст Якуба Коласа муз. Ігара Лучанка).
На сцэну выходзіць 1-ы вядучы.

1-ы вядучы. Толькі што прагучала добра знаёмая        ўсім нам песня Ігара Лучанка на словы народнага паэта Беларусі, нашага славутага пісьменніка Якуба Коласа. Якія шчымлівыя светлыя словы! Якая чароўная, кранальная музыка! Якая песня!
Наднёманская зямля ўзгадавала песняра, жывіла яго талент, натхняла на стварэнне непаўторных шэдэўраў паэзіі і прозы. Непарыўна звязаны з жыццём Якуба Коласа, яго родных і знаёмых горад Стоўбцы. I мястэчка, яго жыхары апісаны на старонках Коласавых твораў.
Спецыяльна для "Каласавінаў", якія па трацыі штогод праводзяцца у Мінску і ў школах на Стаўбцоўшчыне, мы падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю "Сагрэты быў пяскамі наднямоння".

Гучыць беларуская народная мелодыя. На сцэну выходзяць 2-і вядучы і чытальнікі.

1-ы вядучы. У Стоўбцы часта прыязджалі на кірмаш бацькі будучага паэта і яго дзядзька Антось. У нядзельку і ў свята Міхал Казіміравіч любіў пахадзіць па кірмашы, "зайсці да Малкі ці Ляйботы, / Каб збыць за чаркаю згрызоты", а заадно распытаць людзей пра зямельку, "дзе прадаецца і якая", бо руплівы ляснік увесь свой век марыў "купіць зямлю, прыдбаць свой кут, / Каб з панскіх выпутацца пут...".
2-ы вядучы. У паэме "Новая зямля" Якуб Колас так апісвае паездкі свайго бацькі ў Стоўбцы.

1-ы чытальнік.
Міхась паснедаў, прыадзеўся —
I на кірмаш схадзіць ён меўся, —
Не то, што б там якія справы
Былі патрэбны і цікавы,
А проста так сабе ў нядзельку
Праведаць Залмана ці Эльку.
Міхал — навошта ўжо таіцца? —
Любіў-такі павесяліцца,
Зайсці да Малкі ці Ляйботы,
Каб збыць за чаркаю згрызоты.
Ці так ці не, ва ўсякім разе
Другое мелася на ўвазе:
Міхал любіў каля бутэлькі
Пытаць тых-сіх каля зямелькі,
Бо так на службе дапяклі,
Што гэта думка аб зямлі
Запала ў сэрца назаўсёды,
Як промень волі і свабоды.

1-ы вядучы. У раздзеле "Па дарозе ў Вільню" з "Новай зямлі" перад намі паўстае яскравая карціна даўнейшай чыгуначнай станцыі Стоўбцы.
2-і чытальнік.
Вось кончан лес, і Стоўбцы блізка.
Туман на возера лёг нізка,
Вада шумела каля млына,
Свістала голасна машына,
А там за возерам, як струнка,
Пралегла роўненька чыгунка.
Вось пераезд, даўно знаёмы;
Правей вакзальныя харомы...
1-ы вядучы. У наш час многае змянілася — няма на возеры вадзянога млына, папрыгажэлі "вакзальныя харомы", якія цяпер набываюць сучасны выгляд.

Гучыць "Песня пра Стоўбцы" (верш і муз. Тамары Барэхавай). (Матэрыял пра кампазітарку змешчаны ў гэтым нумары пад рубрыкай "Песню бярыце з сабой".)

2-і вядучы. Праз мястэчка над Нёманам прайшлі жыццёвыя пуцявіны Якуба Коласа. Адсюль у 1902 г. дваццацігадовы настаўнік Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч выпраўляўся на першае месца сваёй працы ў вёску Люсіна, што на Палессі. На час летніх вакацый ён вяртаўся ў Стоўбцы, заходзіў да знаёмых, наведваў пошту, сустракаўся з сябрамі.
1-ы вядучы. У трылогіі "На ростанях" Я. Колас даў выдатныя паводле мастацкай выразнасці дакладныя тапаграфічныя апісанні Стоўбцаў, Новага Свержаня і іх маляўнічых ваколіцаў.
2-і чытальнік.
"Калі падняцца на вапельную гару, а яна тут жа, крыху на захад ад мястэчка, і зірнуць у бок Нёмана, то перад вамі разгорнецца найпрыгажэйшая панарама. Улева будзе чыгунка, мост над ракою. А як прыгожа выглядае адгэтуль Нёман! Як выцягнутае срэбнае вужышча з дзесяткамі, сотнямі, тысячамі прыгожа акругленых кален-нартоў, павіваецца, бы пасмейваецца на сонцы, стары наравісты Нёман у высокіх берагах, атуленых лозамі і пахучымі травамі-зеллем, далінамі-лугамі, палянамі-ўзгоркамі з залатымі або беласнежнымі схіламі пяскоў... Смела кажу: мала дзе знойдзеце вы такія прыгожыя рэчкі, як Нёман".
На ростанях.

Гучыць "Песня пра Неман" *(верш Анатоля Астрэйкі, муз. Несцера Сакалоўскага).

У ліпені 1906 г. на станцыю Стоўбцы з розных куткоў Мінскай губерні з'язджаліся перадавыя педагогі, каб у вёсцы Мікалаеўшчына правесці першы настаўніцкі з'езд.
4-ы чытальнік.
"Яшчэ доўга да спынення поезда пачуцці і мыслі Лабановіча мімаволі скіраваліся да гэтай станцыі. Як жа яно будзе? Збяруцца ці не збяруцца хлопцы? Правядуць яны свой першы патайны з'езд ці не правядуць? Сустрэне яго хто-небудзь ці не сустрэне? Садовічу ён пісаў, што вечарам 8 ліпеня будзе на станцыі Стаўбуны.
Як жа здзівіўся і ўзрадаваўся мой нястомны вандроўнік, выйшаўшы з вагона і згледзеўшы цэлы гурт маладых, бадай што ўсіх знаёмых, настаўнікаў!"
4-ы вядучы. У журботным настроі і трывозе сядзеў малады настаўнік Кастусь Міцкевіч у станцыйным буфеце ў Стоўбцах. Ён чакаў цягніка на Пінск пасля налёту паліцыі на ўдзельнікаў настаўніцкага з'езда ў Мікалаеўшчыне, перабіраў у памяці ўсе нядаўнія падзеі і ўспамінаў сваіх сяброў.
3-і чытальнік.
"Народу на вакзале было мала. Лабановіч узяў білет, акінуў вокам станцыю. Нічога небяспечнага ні тут, ні на пероне ён не заўважыў. <...> Часу да прыходу поезда заставалася хвілін дваццаць".
3-і вядучы. Пасля звальнення з пасады настаўніка за ўдзел у нелегальным з'ездзе Кастусь Міцкевіч жыў у Цёмных Лядах, часта наведваўся ў Стоўбцы, сустракаўся з сябрамі, даваў прыватныя ўрокі дзецям багатых купцоў — рыхтаваў да паступлення ў гімназію. Гэты перыяд яго жыцця таксама адлюстраваны ў трылогіі "На ростанях".
4-ы чытальнік.
"Лабановіч узыходзіў на ўзгорак, самы большы па дарозе са Смалярні ў Стаўбуны. Па пра­вую руку раскінуўся невялікі лясок, светлы і празрысты, як тонкая, лёгкая тканіна. <...> Ён рушыў далей, спусціўся ў глыбокую і вузкую далінку паміж двума пагоркамі. I стромкія вежы белай царквы, і вятрак, і Панямонь засланіліся другім узгоркам. Калі Лабановіч мінуў яго, адразу вынікла перад вачамі ўсё мястэчка Стаўбуны з яго цэрквамі, з мураванымі будынкамі і з плошчаю, дзе звычайна адбываліся шумныя, мнагалюдныя кірмашы. Вузкая пясчаная вулачка, паабапал якой убога туліліся старасвецкія халупы местачковай беднаты, і кузня, дзе заўсёды стаяла некалькі сялянскіх фурманак і чуўся галасісты звон молата, вяла ў сярэдзіну мястэчка. Бліжэй да цэнтра часцей пападаліся акуратныя і з густам пабудаваныя домікі заможных жыхароў з пафарбаванымі аканіцамі, з разьбою над вокнамі і з прыгожа адштукаванымі высокімі ганкамі. Крыху далей пайшлі крамы розных гатункаў і з рознымі таварамі, пачынаючы дзёгцем і газаю і канчаючы іголкамі і ніткамі".
4-ы вядучы. Са станцыі Стоўбцы беспрацоўны настаўнік К. Міцкевіч адпраўляўся ў Вільню
на працу ў рэдакцыю газеты "Наша Ніва". Адсюль восенню 1908 г. ён ехаў у Мінск на суд, што на тры гады зняволення за турэмнымі кратамі разлучыў пісьменніка з роднымі мясцінамі Наднямоння.
3-і вядучы. У жніўні 1912 г. з цягніка на станцыі Стоўбцы выйшаў Янка Купала, каб пехатою адправіцца на хутар Смольню на першую сустрэчу з Якубам Коласам.

2-і чытальнік.
Да Стоўбцаў Купала ехаў,
Сышоў з цягніка спехам...
Значыць, недзе тут
Родны Коласаў кут?
Родны, ды паднявольны.
Калі што не так — у астрог.
"А як дабірацца да Смольні?
Хто б тут параіць мог?
Дарога зусім незнаемая..."
Чуе Купала ў адказ:
"А вы ідзіце да Нёмана.
Вось гэтай сцяжынкай якраз.
Пойдзеце па-над ракою,
Не збочвайце нідзе.
Рака вас і прывядзе.
Да Смольні падаць рукою..."
Так і кіруе Купала.
Купала прыспешвае крок.
Шыр нёманская заззяла,
Завабіла здалёк.
Плынь нёманская дыхнула
Свежасцю густой,
Сустрэла прахожага чула —
3 яго імклівай хадой.
Нібы благаслаўляла,
Давала сілы і ўздым...
Ідзе, ідзе Купала
Нёманскім берагам тым.
Купала да Коласа ідзе,
Купалу Нёман вядзе.
Рака вяла, спрыяла,
Бо ведала, што да чаго,
Хто ідзе да каго...
Да Коласа — Купала.
Анатоль Вярцінскі. Купала ідзе да Коласа.

4-ы вядучы. А праз дзень Янка Купала вяртаўся ў Вільню, і ў станцыйным буфеце сябры выпілі развітальную чарку. Тыя жнівеньскія дні 1911 сталі пачаткам доўгай дружбы вялікіх песняроў беларускай зямлі.

Гучыць песня "Янка Купала"** ( верш Уладзім Някляева, муз. Уладзіміра Будніка). Паказваюцца слайды пра сустрэчу Янкі Купалы і Якуба Коласа.

3-і вядучы. А праз год з Пінска на станцыю Стоўбцы Кастусь Міцкевіч прыехаў з маладой жонкай, настаўніцай Пінскай чыгуначнай школы Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай. (Паказваюцца слайды, на якіх — яе партрэт.)

Гучыць песня "Зорачка мая"* (верш Уладзіміра Карызны, муз. Леаніда Захлеўнага)

4-ы вядучы. Вайна 1914 г., рэвалюцыя і грамадзянская вайна, пасля якой была праведзена савецка-польская мяжа, надоўга разлучылі Якуба Коласа з дарагімі сэрцу мясцінамі. Праз 20 гадоў расстання з роднай Стаўбцоўшчынай Якубу Коласу зноў удалося пабачыць мілы кут, але толькі з вакна вагона. Было гэта 10 чэрвеня 1935 г., калі ў кладзе савецкай дэлегацыі ён ехаў у Парыж на Міжнародны кангрэс пісьменнікаў. 3 жалем у сэрцы глядзеў паэт на родныя мясціны, дзе гаспадарылі пілсудчыкі, на вакзальны будынак у Стоўбцах, над якім распасцёр свае крылы "ожэл бялы" (белы арол). Пазней у адным з артыкулаў куб Колас пісаў:
4-ы чытальнік.
"Чатыры гады таму назад я праязджаў праз заходнюю Беларусь. 3 акна вагона я бачыў тыя мясціны, па якіх ужо даўно тысячы разоў хадзілі мае ногі. Пачуццё горычы сціскала мае сэрца, калі пазіраў я на вузенькія палоскі, на ўбогія хаты, а прыбітыя горам невясёлыя постаці сваіх братоў. Нярадасныя, даўно забытыя перажыванні паўставалі зноў".

Гучыць запіс песні "Зорачкі"** (верш і муз. Сяргея Новіка-Пеюна) у выкананні Данчыка.

3-і чытальнік.
Мінула шмат гадоў,
I многа змен за той час адбылося!
У подыхах вятроў
Шмат страчана слядоў,
Бы красак тых у выцвіўшым пракосе.
I часта, нібы ў сне,
Мінулае мільгнецца прад вачамі,
Як песня аб вясне,
Аб той, што колісь мне
Няяснымі звінела галасамі.
Пазбыцца гэтых сноў
I з'яў былых не ў сілах я і сёння:
Не-не ды ўспомню зноў
Той кут, дзе я даўно
Сагрэты быў пяскамі Наднямоння.
I горкім палыном
Павеяла ад песні, ўжо забытай...
Мой родны край і дом
Пад белым пад арлом!
Нядоляю ты цяжкаю спавіты.

4-ы вядучы. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі Якуб Колас пабываў на Стаўбцоўшчыне.  ?? кастрычніка 1939 г. па дарозе ў Беласток начаваў у Стоўбцах. 2 лістапада пісаў у лісце да рускага паэта Сяргея Гарадзецкага:
4-ы чытальнік.
"Вчера возвратился из поездки в Западную Белоруссию. Ездил в составе делегации от Советской Белоруссии для приветствия Народного Собрания. Потрясающее, глубоко волнуюшее впечатление произвело это собрание. Мне никогда ешё не случалось видеть такой сьезд, такой народный сход, где бы с такой силой изливалась душа народа, его горькая обида, нанесённая... угнетателями. Меня также глубоко взволновало и то обстоятельство, что белорусский народ не за­был и своих певцов, меня и Купалу, и выразил нам громко свою признательность. Никогда не забудутся эти великие, подлинно исторические дни, полные огромного социального смысла".
2-і вядучы. Увесну перадваенага 1940 г. у вялікім пажары згарэла амаль уся Мікалаеўшчына. Якуб Колас часта наведваў землякоў — аказваў дапамогу пагарэльцам. У адным з лістоў да свайго швагра Міхаіла Каменскага ён пісаў:
1-ы чытальнік.
"Я собираюсь поехать на короткое время к себе на родину, в своё родное село. 4 мая оно сгорело. Из трёхсот дворов осталось хат 50. Хлопочу, как бы лучше отстроить его, разредить, так как оно было чрезвычайно скучено. Поеду не раньше числа 20 мая. Но предварительно хочу добиться правильной организации помощи погорельцам, чтобы построить и хорошую школу, больницу и дом культуры".
1-ы вядучы. Якуб Колас у той год неаднаразова прыязджаў у Стоўбцы, наведваў райкам партыі, райвыканкам, розныя будаўнічыя арганізацыі, кіраваў адбудовай роднага сяла, выступаў перад землякамі. Дзякуючы яго нястомным клопатам Мікалаеўшчына была адноўлена.
2-і чытальнік.
"Не пазнаць і мае Мікалаеўшчыны. У 1940 годзе яна адбудавалася па-новаму: на 6 шырокіх вуліцах, са школай-дзесяцігодкай пасярэдзіне. Горад, дый годзе!"
2-і вядучы. Вайна зноў, на цэлыя пяць гадоў, разлучыла паэта са Стаўбцоўшчынай. Ён быў далёка ад роднага краю, але голас песняра ўсё ж далятаў на бацькаўшчыну.

3-і чытальнік.
Я чую голас несціханы —
Зямля мая мяне заве
I кроіць сэрца мне на раны,
Звініць, як звон касы ў траве.

О, каб я меў такія рукі,
Зямля, абняў бы я цябе,
Каб сцішыць гора тваё, мукі
I сілу даць у барацьбе!

Зямля мая, мая краіна!
Я чую твой прызыўны звон.
Прымі ж хоць слова твайго сына —
Не доўгі будзе твой палон.

1-ы вядучы. Пасля вайны, нягледзячы на вялікую занятасць і хваробы, Якуб Колас часта наведваў радзіму. У 1946 г. па дарозе з Наваградчыны пісьменнік заехаў у Стоўбцы. Зайшоў паабедаць у сталоўку, дзе прыйшлося есці нясмачны клейкі хлеб. Пра гэта пісьменнік размаўляў з работнікамі райкама партыі: "Чым жа вы, хлопцы, людзей корміце? Хлеб для рабочага чалавека — першая страва". Пазней народнага паэта запрашалі пад'ехаць, пакаштаваць і ўпэўніцца, што ў Стоўбцах пачалі пячы смачны хлеб.
2-і вядучы. Апошняя паездка па Стаўбцоўшчыне адбылася ў красавіку 1956 г., а ў жніўні Я. Коласа не стала. Не суджана было здзейсніць вялікія задумы, ажыццявіць усе творчыя планы.

Гучыць паланэз "Развітанне з Радзімай" Міхала Клеафаса Агінскага.
Паступова музыка сціхае, і на сцэну выходзяць тры чытальнікі з кветкамі ў руках. Пасля прачытання вер­ша кладуць кветкі да партрэта Я. Коласа.

1-ы чытальнік.
Сягоння журацца бары на Беларусі,
Прыбіты сцежкі кроплямі расы.
Замоўкла песня на шырокім лузе,
I падаюць на пожню каласы.

Над Нёманам схіліліся рабіны,
Маўчаць над Сожам пушчы і гаі,
Мой родны кут, якога сына,
Якога друга страціў ты!

Маўчаць палі у кроплях буйных рос,
Маўчаць бары, а сэрца плача ўголас,
Мой родны кут, упаў буйнейшы колас,
Што на тваёй зямлі узрос.

Ён не паспеў аб нашым слаўным часе
Ўсяго сказаць, усіх паэм злажыць,
Пайшоў пясняр, а песня засталася,
Памёр паэт, а песня будзе жыць!
Сяргей Грахоўскі. Песня будзе жыць.

2-і чытальнік.
Жыта сеяў, саджаў маладыя дубкі,
I цяньку дачакаўся і плёнаў вялікіх.
Колькі ён парабіў, пахадзіў напрасткі,
Каб мінула нас доля Сымона-музыкі.

Ён жа сам быў такі... Бедны хлопец Кастусь,
Што каленьмі свяціў у апратцы кастравай,
Выспеў коласам буйным, а Беларусь
Стала чутнай і знанай у свеце дзяржавай.
Максім Лужанін. Праводзіны.

3-і чытальнік.
Стаўбцы прамінаю. Вядзе ўдалячынь
Гасцінец, у вербы адзеты.
I вось, куды позіркам толькі не кінь,
Прасторы — радзіма паэта.

Удалечы — шапкай пад воблакі — дуб,
I кропкай — каршун над палямі,
А я ледзь прыкметнаю сцежкай іду,
Кранаючы жыта рукамі.

I пальцы тут глебу міжволі ўзялі —
Такая зямля навакола!..
Нездарма на гэтай цудоўнай зямлі
Узрос найвялікшы Колас!
Кастусь Цвірка. На радзіме паэта.

Гучыць песня "Мой родны кут".


Яшчэ на гэту тэму:

"Спяшайцеся з паэтам стрэцца"     Паклон прымі ад нас, пясняр!