сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. У. КОСТАРАВА, настаўніца вышэйшай катэгорыі, куратар этнаграфічнага музея «Спадчына» гімназіі № 1 г. Бабруйска. Беларуская мова і літаратура Сакавік 2014 г.

«Вербніца. Чысты тыдзень. Вялікдзень»

Сцэнарый тэатралізаванага свята для вучняў IX—XI класаў

У сваёй педагагічнай працы я прытрымліваюся фармулёвак, змешчаных у кнізе Ж. У. Грынюк «Псіхалагічныя пытанні вывучэння беларускай мовы і літаратуры». Яны цудоўна стасуюцца з тым відам выхаваўчай дзейнасці, які ляжыць у аснове гэтай метадычнай распрацоўкі. Важна мець на ўвазе наступнае:
Кожная нацыя — частка агульначалавечай экасістэмы.
Кожная нацыя займае сваё ўнікальнае месца ў ёй.
Кожная нацыя мае свой уплыў на развіццё гэтай сістэмы.
Так і наш беларускі народ з яго багатай культурай, вопытам, традыцыямі, з яго непаўторна мілагучнай, прыгожай мовай мае сваю каштоўнасць, з’яўляецца неад’емнай часткай агульначалавечай культуры.
Трэба пераконваць вучняў, што вопыт, культуру, мову бацькоў немагчыма замяніць вопытам, культурай і мовай іншай нацыі...
У арганізацыі навучальнага і выхаваўчага працэсу мне дапамагае праца этнаграфічнага музея «Спадчына», што дзейнічае на базе гімназіі № 1 г. Бабруйска з 2 снежня 1998 года. Музей у гімназіі — гэта ўстанова ва ўстанове, цэлы механізм, які мае сваю структурна-функцыянальную схему дзейнасці (схема дадаецца). Адным з відаў дзейнасці музея з’яўляецца праца школьнага фальклорнага тэатра, у склад якога ўваходзяць дзеці сярэдняга і старэйшага ўзросту (у залежнасці ад тэатральнай пастаноўкі).
Ідэя стварэння фальклорнага тэатра ўзнікла даўно, пасля таго, як у выніку фальклорных экспедыцый па Магілёўшчыне гурткоўцамі былі сабраны багатыя матэрыялы па розных абрадах і народных святах нашага краю. Гэта дала магчымасць на іх аснове скласці сцэнарыі тэатралізаваных свят. Сцэнарыі пішам самі і самі іх рэжысіруем, а потым выносім на суд гледачоў.
Прадстаўленая вашай увазе метадычная распрацоўка тэатралізаванага свята « Вербніца. Чысты тыдзень. Вялікдзень» складзена пасля правядзення фальклорных экспедыцый у вёскі Раскачы, Дзеднава, Бярэзавічы Бабруйскага раёна, у вёскі Ясень, Талька Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Матэрыялы, якіх бракавала для сцэнарыя, узяты з літаратурных крыніц, размешчаных у канцы распрацоўкі.
Фальклорны школьны тэатр з пастаноўкай «Вербніца. Чысты тыдзень. Вялікдзень» выступаў на сцэне гімназіі падчас правядзення Тыдня беларускай мовы і літаратуры, на гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх семінарах, браў удзел у гарадскім конкурсе беларускамоўных тэатраў.

Структурна-функцыянальная мадэль дзейнасці этнаграфічнага музея

Структурная мадэль дзейнасці этнаграфічнага музея

Мэты: прапагандаваць сярод маладога пакалення народныя абрады і звычаі; выхоўваць павагу да народных традыцый, асабліва тых, якія сталі помнікамі духоўнай культуры беларусаў; выпрацоўваць у вучняў уменні пераўвасабляць сабраны падчас фальклорных экспедыцый матэрыял у сцэнічную дзею, культуры маўлення па-беларуску.
Афармленне: сцэна прыбрана ў выглядзе сялянскай хаты: у куце вісіць абразок, на стале — абрус даматканы, лямпа, хлеб (прыкрыты ручніком), гарыць свечка; уздоўж сцяны стаяць пакрытыя лаўкі, на якіх размешчаны галінкі вярбы і каляровыя стужкі; засцелены ложак; на сцяне вісяць вышыванкі; збоку знаходзіцца печ з гаспадынінымі рэчамі; месца каля сцэны — гаспадарскі двор з рознымі рэчамі: санкамі, сахой, касой, граблямі, цэпам, ступай і інш.; плакаты: «Свята Вербніца сошкі правіць»; «Святое Вялічка — з красным яечкам» (вісяць па баках сцэны).
Атрыбутыка: галінка расцвіўшай вярбы, каляровыя стужкі, свечкі, запалкі, кошыкі (2), барана, фарбаваныя яечкі, велікодная ежа, мыла, соль, хлеб, пірагі, жолаб для катання яек, скрынка з зямлёй для закопвання касцей, барана.
Музычнае афармленне: піяніна, велікодныя малітвы-песні, беларускія народныя песні: «Валачыліся валачобнікі...», «Дай шлі хлопцы полем, борам...», «На першы дзень, на Вялікдзень...», царкоўныя званы (фанаграма).

Ход мерапрыемства

Дзея адбываецца на сцэне і ў зале.
Гучаць царкоўныя званы. Чарада дзяўчат і хлопцаў выбягае на сцэну, бярэ галінкі вярбы, аздабляе іх ядлоўцам і каляровымі стужкамі. Паступова званы сціхаюць. Харавы клас спявае песню «Вербочки» (сл. А. Блока, муз. Р. Гліера). Дзяўчаты і хлопцы выходзяць на пярэдні план сцэны, пачынаюць адно аднаго хвастаць асвечанай галінкай, прыгаворваючы:

Усе.
Не я б’ю, вярба б’е,
За тыдзень — Вялікдзень,
Хвора ў лес на верас,
А здароўе ў косці.
Не я б’ю, вярба б’е,
За тыдзень — Вялікдзень.
Будзь здароў, як вада,
А расці, як вярба.
Будзь здароў на ўвесь год!

Удзельнікі спускаюцца ў залу.

Дзяўчаты (б’юць гасцей галінкамі вярбы).
Вярба хрэст б’е да слёз,
Не я б’ю, вярба б’е,
Няхай у вас усіх здароўе жыве!
Усе вяртаюцца ў хату (на сцэну) да гаспадароў.

Дзяўчына (падыходзячы да гаспадыні, б’е яе галінкай).
Не я б’ю, вярба б’е,
За тыдзень — Вялікдзень,
Вярбовым дубцом, ды самым канцом.
Уставай, гаспадыня, рана
Быдла гнаць,
Не забудзься, гаспадыня,
Лусты ўзяць!
Гаспадыня. Дзякую вам за добрыя словы. З’ешце па адной пупышцы вярбы, каб летам абараніць сябе ад навальніц (з’ядаюць).
Дзяўчына. Утыкаю вярбу за бажніцу, утыкаю ў сцены гэтай хаты да наступнага Вербнага тыдня, каб захаваць ад магчымай згубы і ўплываў «дурнога вока» (б’е. тры разы бажніцу і ўтыкае галінкі ў сцены і за абразок).

Гаспадыня (моцна выкрыквае). Свята Вербніца сошкі правіць!
Дзяўчаты знікаюць са сцэны, а гаспадары ідуць на двор (у залу).
Гаспадары (абыходзячы поле). Утыкаем вярбу ў вуглы раллі, каб добры ўраджай радзіў тут і не пабіў яго град (абрад выконваецца).
Далей гаспадары абыходзяць гаспадарчыя рэчы (у зале) з падпаленымі галінкамі.
Гаспадар. Абкурваем хлеў і жывёлу, і гняздо квахтухі, і цельную карову, каб спыніць у іх усякую хваробу (галінкі ўтыкаюць у сцены хлява).

Гучыць народная музыка (пройгрыш).
Гаспадары вяртаюцца ў хату. Далей дзеянне адбываецца на сцэне (у хаце). Ідзе паказ абрадаў Чыстага тыдня.


Гаспадыня (звяртаецца да гаспадара). Сёння Чысты панядзелак — цэлы дзень будзем пасціць: не есці і не піць, затое летам паспяхова будзем знаходзіць птушыныя гнёзды.
Гучыць народная музыка (пройгрыш).
Гаспадыня. Стары, сёння ж ты не забыў, што Чысты аўторак, паглядзі і павынось з хаты ўсё нячыстае, каб на нас немач якая не напала.

Выносяць з хаты ўсё старое.
Гучыць народная музыка (пройгрыш).
Чысты чацвер. Дачка і маці мыюць падлогу, прыбіраюць хату (на сцэне). Гаспадар з сынам прыбірае ў хляве і на двары (у зале).

Гаспадар. Раней нашы продкі ў Чысты чацвер клалі пад страху хлеб, соль і мыла. Давайце і мы выканаем гэты абрад.

Выконваюць абрад. Дзея пераходзіць у хату (на сцэну).
Зноў прыбіраецца хата. Уносіць гаспадар назаўтра соль, мыла ў хату.

Дачка. Гэта соль засцеражэ ад суроку нас (сямейнікі абмокваюць палец у соль і ліжуць).
Гаспадар. Ой, а хлеб падмёрз, значыць, і яравы хлеб сёлета будзе пашкоджаны маразамі (усе здзіўляюцца).
Гаспадыня. А мылам умыемся, каб быць чыстымі і здаровымі на цэлы год (умываюцца і ўціраюцца).
Кажуць, калі ў Чысты чацвер пасееш што-небудзь на полі ці ў агародзе, то і збожжа вырасце чыстае, без пустазелля, а ў Вялікую пятніцу — і добра зародзіць.

Гаспадар з сынам бяруць сеўку-лубку. Ідуць на поле (у залу) і сеюць жыта і гарох.
Гучыць народная музыка (пройгрыш).
З’яўляюцца 12 дзяўчат у белых кашулях і цягнуць барану (абворваюць сяло). Пры гэтым адна з дзяўчат чытае малітву (дадатак 1).

Дзяўчына (закончыўшы абворванне). Вось і ўсё, даражэнькія, мы сябе адмежавалі ад усякага ліхога на цэлы год.

Гучаць царкоўныя званы, затым велікодныя малітвы (дадаткі 2, 3).
Харавы клас выконвае іх са свечкамі ў руках. Пасля малітваў адразу ідзе прывітанне.

Гаспадары (тройчы). Хрыстос уваскрэс!
Зала (адказвае тройчы). Сапраўды ўваскрэс!

Гаспадары ідуць дахаты, вітаюцца з роднымі гэтымі ж словамі. Стол у гэты час ужо застаўлены ежай.
Гаспадары выкладваюць асвечаную ежу на стол.


Гаспадыня (апускае ў збан з вадою чырвонае яечка і ўсім прапануе памыцца гэтай вадой). Апускаю ў збан з вадою чырвонае яечка. Амыйцеся святой вадзічкай, каб былі здаровымі цэлы год, румянымі, як гэтае яечка.

Усе ўмываюцца, уціраюцца ручніком, сядаюць за стол, частуюцца.
Стук у дзверы. Уваходзіць сусед Янка.

Я н к а. Хрыстос уваскрэс!
Д а ч к а. Сапраўды ўваскрэс!
Гаспадар. Жонка, ты звярнула ўвагу, што першым у хату ў Велікодны дзень завітаў мужчына, значыць, наша кароўка сёлета народзіць бычка.
Гаспадыня. Вельмі добра: з бычка заўсёды больш мяса бывае. Просім да стала.

Усе сядаюць, частуюцца далей.

Гаспадыня. Косці ад велікоднага застолля трэба сабраць і закапаць на ніве.
Ідуць на ніву з касцямі, выконваюць абрад.

Д а ч к а. Закопваем косцейкі табе, зямліца, каб быў багаты ўраджай і не пабіў яго град, а скарынкі велікоднага хлеба выкарыстаем пры першым выхадзе на сяўбу зерневых і пры выгане скаціны ў поле.
Здалёк чуваць, як набліжаецца гаманлівая кампанія з песнямі.

Гаспадар. А вось і валачобнікі завіталі!
Хлопец (з кампаніі). Святое Вялічка — з красным яечкам!
Усе. Хрыстос уваскрэс!
Гаспадар. Сапраўды ўваскрэс!
Хлопец (вітаецца).
Добры вечар, пане гаспадару!
Твая ніва дужа ўрадліва:
Чаго ні пасееш, то ўсяго імееш:
Авёс, ячмень, грэчка — з кожнай капы бочка,
Картопля, цыбуля — як гарматна куля,
Жыта і пшаніца і ўсякая пашніца,
Мы цябе віншуем і шчасцем жалуем.

Гучыць народная песня «Валачыліся валачобнікі...» (дадатак 4).

Дзяўчына. Дзяўчаткі, давайце ў біткі пагуляем, у каго самы мацак будзе.

Ідзе гульня ў біткі.

Дзяўчына. А чыё яечка далей пакоціцца? Давайце паглядзім. (Хапае жолаб.)

Усе прысутныя катаюць яечкі па жолабе.

Дзяўчына (цягне санкі). Ой, сябровачкі, зусім забылі на замужжа паваражыць!

Пад музыку дзяўчаты скачуць цераз санкі: якая з іх пераскочыць без перашкод, тая хутка пойдзе замуж.


Дзяўчына. Ой, даражэнькія, вясна на дварэ, а дожджыку яшчэ не было. Давайце пазавём яго.

Усе (паліваючы прысутных вадой).
Ідзі, ідзі,-дожджычку,
Звару табе боршчычку;
Цэбрам, вядром, дайніцаю
Над усякаю пашніцаю.

Гучыць народная песня «На першы дзень, на Вялікдзень...» (дадатак 5).

Гаспадары (дзякуюць валачобнікам). Вось вам за гэта пяток яек, канец пірага, акраец хлеба, кавалак сыру, варанага мяса. Ідзіце сабе з Богам да другога двара.
Дзяўчына. А мы вам за гэта яшчэ песню праспяваем.

Гучыць народная песня «Дай ішлі хлопцы полем, борам...» (дадатак 6).

Валачобнікі (развітваючыся з гаспадарамі і прысутнымі ў зале). Дай жа, Божа, каб вам усім было гожа, весела жылося, шчасліва вялося: у полі ўродзіста, у гумне накладзіста, у клеці насыпіста, у млыне ўедзіста! I вас пачастуем велікоднымі пірагамі.
Разыходзяцца па зале і пад музыку раздаюць пірагі. Затым падымаюцца на сцэну.

Усе. А вы нас не забывайце, на лета яшчэ прыязджайце!

Дадатак 1

Госпад — Пастыр мой (псалм)

Я ні ў чым не маю патрэбы:
Ён цешыць мяне на ўрадлівых нівах
I водзіць мяне да водаў ціхіх,
Падмацоўвае душу маю,
Накіроўвае мяне на шляхі праўды
Дзеля імя свайго.
Калі я пайду далінаю смяротнага ценю і
Не забаюся зла,
Таму што Ты са мною,
Тваё жазла і твой посах — супакойваюць мяне.
Ты прыгатаваў перада мною трапезу
На вачах у ворагаў маіх,
Намазаў алеем голаву маю;
Чаша мая напоўнена.
Так дабро і міласць няхай суправаджаюць мяне
Усе дні жыцця майго,
I я прабуду ў доме Божым многія дні.

Дадатак 2

Велікодная малітва

Христос воскресе из мертвых,
Смертию смерть поправ
И сущим во гробах Живот даровав.

Дадатак 3

Першая песня «Велікоднага канона»

Воскресения день,
Просветимся, людие:
Пасха, Господня Пасха!
От смерти бо к жизни,
И от земли к небеси,
Христос Бог нас приведе
Победную поющия.

Дадатак 4

Песня «Валачыліся валачобнікі...»

Валачыліся валачобнікі.
Да зялен явар у дуброве!
Да прывалакліся к пану гаспадару.
А ў нашага пана, нашага гаспадара
Да сярод двара высока гара.
А на той гарэ прастол стаіць,
А на том прастоле сам Бог сядзіць,
Перачытвае, перапісвае:
— Дзе ты валачыўся, дзе ты намачыўся?
— Я па полі хадзіў, людзям жыта радзіў,
Я па садзе хадзіў, людзям пчолкі пладзіў,
Я па хлявах хадзіў, людзям худобку пладзіў,
Я па хатах хадзіў, людзям здароўе дзяліў.

Дадатак 5

Песня «На першы дзень, на Вялікдзень...»

На першы дзень, на Вялікдзень
Зялен явар, зялен!
Ішла хмара, хмара цёмна,
Хмара цёмная, валачобная.
Да ішла ж яна ўсё дарогаю.
Усё дарогаю, усё шырокаю,
Да мураўкаю зеляненькаю.
Сустрэлі яны гаспадара Бога.
Як спаткалі, шапкі знялі.
Шапкі знялі, сукланіліся,
Сукланіліся, папыталіся:
— Госпадзі Божа, укажы нам дарогу,
Укажы нам дарогу к вялікаму сялу,
К вялікаму сялу, к новаму двару,
К чэснаму мужу, к пану Івану.

Дадатак 6

Песня «Дай ішлі хлопцы полем, борам...»

Дай ішлі хлопцы полем, борам,
Вясна-красна на двары!
Ды полем, борам, баравінкаю,
Першым дзянёчкам, вечарынкаю,
іграючы, успяваючы,
Слаўнага пана да пытаючы:
—  Выйдзі, выйдзі, пане, к нам на ганачак
Да вынь, пане, нам падаруначак,
А які падарак — да сорак яек.
Да сорак яек да сорак даці,
А пяцідзесяці трэба пашукаці.

Спіс выкарыстанай літаратуры

Беларуская міфалогія : энцыкл. слоўн. / С. Санько [і інш.]; склад. I. Клімковіч. — Мінск : Беларусь, 2004. — С. 80—81.
Валачобныя песні / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1980. — С. 711.
Васілевіч, У. Беларускі народны каляндар / У. Васілевіч. — Мінск : Ураджай, 1993. — 80 с.
Веснавыя песні /АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1979. — С. 735.
Выслоўі / АН БШР, ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1979. — С. 639.      /"
Госпад — пастыр мой... : псалм // Вясёлка. — 1994. — № 1. — С. 4.
Земляробчы каляндар : абрады і звычаі / рэдкал. : В. К. Бандарчык [і інш.]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1990. — С. 628.
Катовіч, А. Веснавыя святы : нарысы : у 2 кн. / А. Катовіч, Я. Крук. — Мінск : Маст. літ., 2005. — Кн. 1. — 359 с.
Крук, Я. Вербніца / Я. Крук // Работніца і сялянка. — 1993. — № 5. — С. 1.
Кухаронак, Т. Вялікдзень / Т. Кухаронак // Чырв. змена. — 1991. — 5 крас. — С. 3.
Ліцьвінка. В. Святы і абрады беларусаў / В. Ліцьвінка. — 2-е выд. — Мінск : Беларусь, 1998. — 190 с.
Мінько, Л. Вялікдзень / Л. Мінько // Настаўн. газ. — 1993. — 17 крас. — С. 3.
Праздников праздник: православный сборник о Пасхе. — М. : Мол. гвардия, 1993. — С. 94.


Яшчэ на гэту тэму:

Ой там на лузе вярба расла...