сцэнарыі святаў на беларускай мове

Зоя БАЦЬКОВА - настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 98 г. Мінска. Роднае слова Люты 2008 г.

"Дазволь, жанчына, у ногі пакланіцца..."

Сцэнарый свята прысвечанага жанчынам

Мэта: узвысіць, апаэтызаваць дзяўчыну, жанчыну, маці; выхоўваць павагу да іх, імкненне заўсёды прыйсці на дапамогу, засланіць ад небяспекі, атуліць любоўю і клопатам; выхоўваць эстэтычны густ, адчуванне прыгожага ў паэзіі, музыцы, пачуццях.

Форма правядзення: літаратурна-музычная кампазіцыя.

Афармленне залы:

1. Назва свята (у цэнтры сцэны).
2. Павялічаныя фотаздымкі мацярок і дзяўчат класа (ніжэй).
3. Плакаты (экраны) са словамі (па баках):

Прыгажэйшыя на свеце -
Беларускія дзяўчаты.
Міхась Кавыль.

I калі б была мая воля на тое - пачаў бы я азбуку менавіта з літары М: як і ўсё на зямлі, усё ў нас пачынаецца з МАЦІ.
Рыгор Барадулін.



На свята запрашаюцца маці, бабулі вучняў класа.

Вядучы (лепш, калі гэта настаўнік). Моцнай паловай чалавецтва з’яўляюцца, безумоўна, мужчыны. Яны апора і надзея ў самыя крытычныя моманты жыцця. Але калі б не было жанчын, то сусвет "ачарсцвеў і дашчэнту прадрог без ласкі вялікай жаночай" (П. Панчанка). Жанчына дае пачатак жыццю, яна ўпрыгожвае яго і сагравае. I сёння наша слова пра жанчыну.

На сцэну выходзяць 2 вучні.
1-ы вучань.
Ад рук, ад вуснаў, ад вачэй тваіх
Няма нічога ласкавей на свеце.
I мы дабрэем пры табе, бы дзеці.
Тваё каханне - як бліскавіцы міг,
Твая усмешка век нам цёпла свеціць.
Спяшаем да цябе з нягод усіх,
Як на кругі свае спяшае вецер.
А ты - святая, як сама любоў, -
Раджала фараонаў і рабоў,
Каб жыццядайнасць не магла спыніцца.
Ты - маці, жонка; ты - дачка, сястра,
Твая заўсёды гожая пара.
Дазволь, жанчына, у ногі пакланіцца.
Янка Сіпакоў. "Ад рук, ад вуснаў, ад вачэй тваіх..."

2-і вучань.
Я прыехаў з Беларусі,
Прыгажунямі багатай.
Там ёсць Зосі і Алесі,
Сінявокія дзяўчаты.

Хто адзін раз іх пабачыць,
Будзе вечна закаханы
Я жадаю вам удачы
Сеньярыты донны панны

Вы, фрайляйны, сеньярыты,
Мадмазэлі, донны, панны!
Я прымаць буду іспыты
Прыгажосці беззаганнай.

Ды скажу вам пад сакрэтам -
Пойдзеце з нічым дахаты,
Прыгажэйшыя на свеце -
Беларускія дзяўчаты.
Міхась Кавыль. Беларускія дзяўчаты.

Гучыць песня "Беларусачка" (верш А. Ставера, музыка Ю. Семянякі).
(На сцэне дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах танцуюць у такт музыцы.)


Дзяўчына [пад ціхае гучанне песні "Жоўтая вяргіня" (верш і музыка Э. Акуліна) выходзіць на сцэну]. Прыемна быць дзяўчынкай бесклапотнай
I сэрцам, і гадамі маладой.
Прыемна позірк сустракаць пяшчотны,
Што, як прамень, блукае за табой.

Лавіць прыемна ўсмешкі неўпрыкметку
I ўсім галоўкай весела ківаць,
I першае прызнанне, нібы кветку,
Жартуючы, з хлапечых губ сарваць.

Ды пачуццё, як і само прызнанне,
 Каштуе больш, чым нават кветка-сон.
I усмешку, як манетку, на расстанне
Ты за яго не кінеш наўздагон.

Не срэбранік за гэта патрабуюць,
А залатнік прыхільнасці тваёй.
Не аддаеш - узяць сілком спрабуюць
I завалодаць ім любой цаной...

Прыемна быць дзяўчынкай бесклапотнай,
 Але зусім нялёгка ёю быць.
Прыемна позірк сустракаць пяшчотны,
Ды трэба сэрцам за яго плаціць.
Яўген Міклашэўскі. "Прыемна быць дзяўчынкай бесклапотнай..."

Вядучы. Усе дзяўчаткі нараджаюцца прыгожымі і душой, і знешнасцю. Гэта тое, што дадзена Богам. I трэба з годнасцю пранесці прыгажосць і чысціню праз усё жыццё, не прынізіць шчырыя пачуцці іншага.
Юнак і дзяўчына інсцэнізуюць верш "У пачатку жыццёвага мая..." Я. Міклашэўскага,

Юнак.
У пачатку жыццёвага мая.
Дзе не студзіць і дзе не пячэ,
Ты такая яшчэ маладая,
Ты такая дурніца яшчэ.

У цябе хоць адбаў весялосці...
Не, я гэта не стаўлю ў віну,
Але ранняй сваёй прыгажосці
Ты ўжо ведаеш, мабыць, цану...

Дзяўчына (выходзіць з чаромхай у руках і гаворыць свае словы. Потым садзіцца "нага за нагу", паводзіць сябе самаўпэўнена).
Ты прыйшла нечакана з чаромхай,
Працягнула з усмешкаю мне
I сказала: "Бяры, не саромся...
I кажы: задаволен ці не?"
Юнак.
А сама на каналу прысела
I заклала нага за нагу.
Ты здаешся бяспечнай і смелай,
Я таксама быць смелым магу.
Дзяўчына.
-  Ну, расказвай!
Юнак.
-  А што мне расказваць?
Як табою любуюся я?
Не па сэрцы мне вельмі развязнасць,
Самаўпэўненасць гэта твая.
Я такіх не люблю, разумееш?
Ты на міг усхвалюеш мяне,
Ды твая бессаромная смеласць
Потым сэрца мае адштурхне.

Гучыць песня "Сумую без тваіх воч" (верш і музыка Э. Акуліна).
На сцэну выходзіць юнак і чытае верш "Першыя крыўды"Я. Міклашэўскага.

Я хацеў патанцаваць з табою,
Ты мяне ўвесь вечар пазбягала.
Мо таму, што жартаваў я мала, -
Надакучыў рэўнасцю сваёй.
А з кім-небудзь кружачыся ў вальсе,
Ты ўвесь час здавалася чужой,
I твой смех, хавайся не хавайся,
Так і пырскаў на душу імжой.
Так ніколі ты не танцавала -
Ледзь не з кожным, толькі не са мной,
I не запрасіла, як бывала,
Ты мяне на вальс любімы свой.

I чаго ты выйшла з ім у сенцы?
Каб цябе ён змог пацалаваць?
 Легкадумнасць гэту ў нейкім сэнсе
 Можна зразумець і дараваць.
Ты была і ў іншых на прыкмеце
I не знала, што табе рабіць:
Як табе хадзіць на гэтым свеце
I каго ад радасці любіць!
Плакаў я ад крыўды і ад болю,
 Дараваць хацеў, але не мог...
Так і разышліся мы з табою
I пайшлі, не бачачы дарог.

Гучыць песня "Зачарованая мая" (верш Г. Бураўкіна, музыка І. Лучанка).

Вядучы. Жыццё мае шмат прыкладаў дзявочай вернасці свайму адзінаму каханаму.
На сцэне з’яўляецца юнак і чытае верш "Вочы сінія-сінія..." Г. Бураўкіна.

Вочы сінія-сінія...
Косы тугія...
Хтось шчаслівы, як кажуць,
дзяўчыну хрысціў.
Трэба вытаптаць многа дарог,
каб другія
Вочы гэткія, гэткія косы знайсці.

Пра такіх, пэўна, казкі складалі ў народзе,
Надзяляючы сотнямі светлых імён...
А цяпер -
гарманісты чародамі ходзяць,
Носяць песні-прызнанні ўначы ля акон.

А яна -
маладая ў сваёй прыгажосці.
Ні прызнанняў, ні песень не хоча яна.
Аднаго прычакаць бы ёй толькі ў госці,
Ды з зямлёю яго абвянчала вайна...
Не гуляе вяселля,
хто гэтак абвенчан.
А яна ўсё чакае, верыць казачным снам, -
Адганяе сватоў, што прарочаць:
не вечна
Будзе доўгай каса, будзе яркай краса.

I даўно з хаты ў хату і вуха ў вуха
Носяць бабы па вёсцы няўмольны прысуд:
Застанецца яна назаўжды векавухай,
Нізавошта састарыць, загубіць красу...

Я не знаю,
быць можа, і праўда, не трэба
Ёй, прыгожай такой, адзінокаю жыць.
Я ж яе разумею...
I вельмі хацеў бы
Вось такое каханне ў жыцці заслужыць.

Вядучы. Усе дзяўчынкі хочуць хутчэй стаць дарослымі. Але як гэта нялёгка - быць жанчынай. Дзяўчына (апранутая, як сталая жанчына).
Усё ў жыцці здаецца проста,
На ўсё вы знойдзеце прычыны.
Як гэта цяжка быць дарослай,
Як гэта цяжка быць жанчынай.

Насустрач плёткам і абразам
Пранесці горда твар прыгожы,
Затое быць з каханым разам,
I ў гэтым толькі шчасце, можа.

А потым старасць, потым восень,
Хаваеш першыя маршчыны.
Хоць уваччу ўсё тая ж просінь,
Ды сэрца ные без прычыны.

Дачка сама адрэжа косы,
I расказаць ёй немагчыма,
Як будзе цяжка жыць дарослай,
I ў колькі раз цяжэй - жанчынай.
Вера Вярба. "Усё ў жыцці здаецца проста."

Вядучы. Сярод усіх дзівосаў свету ёсць яшчэ і такое, як жаночая годнасць.
Юнак.
Ёсць звон ручая, ёсць свежасць рос,
ёсць веліч вяршыні горнай.
I ёсць яшчэ адно з дзівос,
гэта - жаночая гордасць.

Яна - не прыхамаць, не капрыз,
не д’ябальская забава.
Глянуць адчужана зверху ўніз -
святое жаночае права.

Ёсць нешта ў ёй ад гор і зор.
Ды ўсё-ткі зямны яшчэ болей
позірк яе, як дакор –
аснова зямной любові.

Ёсць ветру бег, ёсць каханне наспех,
смех, грубы ў сваёй прыроднасці...
Самы вялікі мужчынскі наш грэх -
грэх супраць жаночай гордасці.
Анатоль Вярцінскі. Жаночая гордасць.

Вядучы. А зараз прагучыць верш-зварот Да ўсіх мужчын, жанатых і халастых.
Юнак.
Жанчына плача на прыпынку.
А ёй не робіцца лягчэй,
Хоць і бягуць, бягуць слязінкі
3 яе заплаканых вачэй.

Якая ж у яе прычына?
Што ёй спакою не дае?
Падумаў я, ці не мужчына
Пакрыўдзіў толькі што яе?

Не дапамог або абразіў,
Упёрся ў графік ці статут.
Ці нізашто заляпаў граззю
I столькі нарабіў пакут.

Жанатыя і халастыя,
Успамінайце кожны раз,
Што ўсе жанкі крыху святыя,
Што маці нарадзіла вас.
Сяргей Грахоўскі. Плача жанчына.

Вядучы. Жанчына ўвесь час у клопатах, ніколі няма ёй спачыну, нават тэлевізар глядзіць з вязаннем ці шытвом у руках. Дык чаму ж такі клопатны ў яе лес? Вось як гэта тлумачыць жартоўная народная легенда.

Увазе прысутных прапануецца спецыяльна падрыхтаваная інсцэнізацыя легенды "Чаму кабета спачыну не мае" (паводле Уладзіміра Сіўчыкава). Дзейныя особы: Чарадзей (стары з сівой барадой), Кабета, Мужык.

Дзея першая. (На левым баку сцэны Кабета збірае каласкі ў прыпол. Справа выходзіць Чарадзей.)
Кабета (спявае).
Ды ўжо сонца за бор, за бор.
Пара, жнейкі, дамоў, дамоў.
На постаці раса пала,
На сярпочках іржа стала...
Чарадзей (сам сабе). Цудоўна спявае гэтая жняя. Ажно я, Чарадзей, заслухаўся. (Да Кабеты.) Здароў, галубка! Памажы табе Божа!
Кабета. Здароў! Казаў Бог, каб ты дапамог.
Чарадзей. Куды ўжо мне: стары я, нядужы... Добра спяваеш, галубка. Ты, відаць, тутэйшая, дык ці не пакажаш мне дарогу на Вільню?
Кабета (выпростваецца, паказвае рукою). Пойдзеш прама, каля лесу павернеш направа, як мінеш поле, ідзі налева, а за вёскаю...
Чарадзей (махае рукамі). Чакай, чакай! Можа, ты правяла б мяне, старога, ці хоць бы паўтарыла павольней, бо не патраплю.
Кабета. А не, галубок, мне няма калі. Бачыш, трэба жыта дажынаць, каласкі падбіраць. Ідзі сваёй дарогаю, не замінай працаваць.
Чарадзей. Ну дык каб жа табе і павек некалі было! (Робіць таямнічыя жэсты.) Каб табе, Кабета, заўсёды работы хапала, каб табе не было ўгамону ні ў будзень, ні ў свята! (Прыслухоўваецца.) Здаецца, хтосьці ідзе. Так і ёсць. Мужык на ўскрайку лесу галлё збірае.

Дзея другая. (На сцэне з’яўляецца Мужык з вязанкаю сухога галля і сякераю за поясам.)
Чарадзей. Здароў, добры чалавек! Ты, бачу, дужа стаміўся. Пасядзі са мною трохі, адпачні.
Мужык (падыходзіць). Сядай ты першы, мусіць, змарыўся ў дарозе. (Садзіцца поруч з Чарадзеем, дастае з-за пазухі табакерку.) На-тка, паспытай маёй табакі. (Абодва нюхаюць табаку, гучна чыхаюць.)
Чарадзей. Дзякуй, слаўная табака! Аж у галаве праяснела! А ці не падказаў бы ты мне, дзе тут дарога на Вільню?
Мужык. Чаму ж не? Не толькі падкажу, а і правяду, пакажу. Гэта ву-унь там. (Паказвае.)
Чарадзей. Чакай, але ж табе яшчэ галлё збіраць.
Мужык (махае рукою). Нічога, паспею да заходу сонца. (Дапамагае Чарадзею падняцца, вядзе яго ў глыб сцэны.) Пойдзеш ускрайкам лесу да вёскі, а за ёю ўбачыш Віленскі паштовы тракт. А хочаш, заначуй у мяне, другая хата з краю.
Чарадзей. Дзякуй табе, добры чалавек. (Робіць таямнічыя жэсты.) Будзеш ты заўсёды з работаю ўпраўляцца, дый на адпачынак час мець. А Кабеце, што мяне адпрэчыла, і ў свята спачыну не будзе.
Мужык. А ты скуль ведаеш?
Чарадзей. Я - Чарадзей: як сказаў, так таму і быць!
Мужык (недаверліва). Чарадзей, а пра дарогу пытаўся. Ці стары стаў, забываешся?
Чарадзей. Проста выпрабоўваю цябе. Што, не верыш? Тады зірні, твая вязанка ужо як падняць.
Мужык (паварочваецца, а Чарадзей тым часам сыходзіць за правую кулісу).  праўда. (Азіраецца.) Гэй, дзе ты?.. Знік. А можа, гэта і сапраўды Чарадзей быў?

Дзея трэцяя. (3 левага боку сцэны з’яўляецца Кабета, заўважае Мужыка.)
Кабета. Гэй, сусед, чаго стаіш, азіраешся?
Мужык. А-а, добры вечар, суседка! Прывіталася б хаця, слоўца добрае сказала. А то ўсё некуды ляціш...
Кабета. Няма калі мне з табою прахалоджвацца. Адну работу зрабіла, а яшчэ сем просяцца. Не тое што ў вас, мужыкоў. (Сама сабе.) Бач ты іх: з адным пагавары, другому дарогу пакажы! Абібокі. (Паспешліва знікае за кулісаю.)
Мужык (глядзіць ёй услед). Ну-ну, бяжы. Я дык сваю справу паспею зрабіць без усякай спешкі. (Узвальвае на плечы вязанку галля.) А ты ляці, спяшайся! Усё роўна клопату ніколі не пазбавішся. (Пасміхаецца, кажа ў залу.) Як Чарадзей сказаў, так яно і будзе! (Сыходзіць за кулісы.)

Вядучы. Гэта, безумоўна, жартоўная гісторыя. Усе, хто ахінуты клопатам жанчыны, павінны быць удзячны ёй за гэта і ставіцца да яе з пяшчотай.
Дзяўчына.
Першыя раны жанчына лячыла,
Травы збірала з відна да цямна.
Першых звяроў прыручыла жанчына,
Першай насеяла зерне яна...
Ведаю:
час раўнадушна імклівы
Дзьмухне у твар скразнячок ледзяны.
Лісце ў садах ападае маўкліва,
Зноўку ў кватэрах жанчыны адны.

I субяседнік адзін - тэлевізар,
Кветак няма, ды і ласкі няма.
Я правяду сорак восем рэвізій
I аддалю тваю сцюжу, зіма.

Не паціскайце, мужчыны, плячыма,
Не спасылайцеся хітра на час.
Першых звяроў прыручыла жанчына,
Можа, як-небудзь прыручыць і вас.
Пімен Панчанка. "Першыя раны жанчына лячыла..."

Вядучы. Дзяўчынка. Жанчына. Маці... Чароўнае кола жыцця, яго пачатак. Беларускі паэт Рыгор Барадулін сказаў: "I калі б была мая воля на тое - пачаў бы я азбуку менавіта з літары М: як і ўсё на зямлі, усё ў нас пачынаецца з маці".

Гучыць песня "Калыханка маме" (верш Н. Мацяш, музыка I. Вінаградавай).


Вядучы. Самыя цёплыя і шчырыя нашы словы пра маці, "што на свеце, нібы сонца, у кожнага адна" (А. Баладзіс).
Дзяўчына.

Хто яна, што ў кожнага адна,
Што, як сонца ласкавае, свеціць,
Што, як зорка ў небе, хто яна?
Хто яна, адзіная на свеце?
Хто яна, што ў горы і ў бядзе
Нас да сэрца моцна прыціскала?
Хто яна, што ўслед за намі йдзе
Праз усе крутыя перавалы?
Гэта маці, што на свеце,
Нібы сонца, у кожнага адна.
Андрэй Баладзіс. Маці.

Юнак.
Ёсць матчына любоў,
Яе не зблытай
3 ніякай, бо няма нідзе такой -
Пяшчотнай, бескарыслівай, адкрытай.
Шчаслівы ты, пакуль яна з табой.

Ёсць матчына любоў.
3 ёй забываеш
I крыўду, і бяду, і гузакі.
Яе цяпло да скону адчуваеш,
Як дотык добрай ласкавай рукі.

Ёсць матчына любоў.
Яна спрадвеку
Была, як спадарожніца жыцця.
Ці прыгажун ты будзеш, ці калека -
Ты для яе - любімае дзіця.

Ёсць матчына любоў,
Ты ёй аддзячыш.
Яна табе душу ўсю аддае.
3 дзявочаю, мужчынскай і дзіцячай
Ніколі ты не зблытаеш яе.

Ёсць матчына любоў,
Яна нам свеціць
I ў блізкай, і ў далёкай старане.
I колькі б я ні жыў на гэтым свеце,
Любі адною - матчынай! - мяне.
Юрась Свірка. "Ёсць матчына любоў..."

Вядучы. А ці ведаеце вы, чаму амаль да года маці носіць дзіця на руках? Вось як тлумачыць гэта легенда.
Дзяўчына. Жанчына некалі паскардзілася вялікаму чараўніку, што рукі адвальваюцца: дзеці да года не ходзяць, цяляты, ягняты, жарабяты. Усіх на руках насі. Той узяўся дапамагчы. Кінуў цераз высокі плот жарабя - пабегла, цяля - таксама, ягня - і яно пабегла. "Ну, - кажа, - давай дзіця". Матка абурылася: "Эге, так я табе і дам дзіця цераз высокі плот кідаць". - "Ну, то тады і насі..."
Уладзімір Караткевіч. Зямля пад белымі крыламі.

Вядучы. Маці і дзіця... Гэтая сувязь непарыўная. Маці шчаслівая толькі тады, калі шчаслівыя і здаровыя яе дзеці.

На сцэну выходзяць юнак і дзяўчына.
Юнак.
Такі закон прыроды, маці,
I ў ім ёсць сэнсу глыбіня:
Раней, чым першы смех дзіцяці,
Ты доўга чуеш плач штодня.
Дзяўчына.
I колькі ты жывеш на свеце -
Спакон вякоў, здавён - даўна -
Ты сэрцам там, дзе плачуць дзеці,
Бо дзеці слёз не льюць дарма.
Юнак.
Бо ім ці страшна, ці балюча,
Ці душыць крыўда - не сцярпець.
Ад шчасця слёзы ў іх не льюцца,
Ад шчасця - хочацца ім пець.
Дзяўчына.
Ты - маці, ты - на ўсё гатова,
Усё - змагчы, усё - аддаць,
Адно б вясёлых ды здаровых
Дзяцей пад сонцам аглядаць.
Юнак.
Таму сабе ты ў долі просіш
Зусім не шмат, зусім не шмат:
Над галавою - неба просінь
Ды ў дзецях - лад, у дзецях - лад.
Ніл Гілевіч. Родныя дзеці.

Вядучы. Не злічыць, колькі неспакойных начэй было ў кожнай маці. Калі дзеці малыя, маці падыходзіць уночы да калыскі. Выраслі дзеці - маці не спіць ад трывожных думак. Усе клопаты і непрыемнасці дзяцей яна перажывае як свае.
Дзяўчына.
Двое дзяцей - двое вачэй,
Маці не знае спакойных начэй:
Вейкі зліпаюцца,
Раніца блізка,
Ціха плыве
У світанне калыска.
Маці не спіць.
Маці не спіць.
Просяць засмяглыя вусны папіць -
Тупае босая маці
3 ранку да ранку па хаце.

Выраслі дзеці,
Пайшлі ў дарогу,
Зноў запяклася на сэрцы трывога:
Дзе мае дзеці?
Як мае дзеці?
Хоць бы не крыўдзілі людзі на свеце.
Дзе яны спалі?
Што яны елі?
Як дачакацца наступнай нядзелі?
Тупае маці з сянец у камору:
Хоць бы адведаць прыехаў каторы!
Хукае ў шыбу, глядзіць у завею...
Маці чакае,
Маці сівее.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Двое дзяцей - двое вачэй.
Многа яшчэ неспакойных начэй
Будзе у маці.
Сяргей Грахоўскі. Маці не спіць.

Вядучы. Маці аднолькава любіць усіх сваіх дзяцей: і тых, хто прыносіць ёй радасць, і тых, хто вымушае яе пакутаваць. I за гэтую любоў яна не патрабуе ніякай платы.

Увазе гледачоў прапануецца інсцэнізацыя ўрыўка з рамана "Спакуса" Таісы Бондар.
3 пяшчотай і любоўю адносіцца да маці малодшая дачка Святлана. Зусім іншая старэйшая, Ева. Маці ж любіць іх абедзвюх, не наракае на свае жыццё.

Дзейныя асобы: маці - жанчына гадоў 50, апранутая па-вясковаму, яе старэйшая дачка Ева, модна апранутая, на нагах туфлі на высокіх абцасах, ма­лодшая дачка Святлана, апранутая па-гарадскому, модна, але прасцей за Еву.
(Маці і дочкі ідуць і размаўляюць. У руках у дзяўчат вандзэлкі.)
Ева. Горшая, лепшая работа - гэта не мае значэння, мама. Важна, як чалавек за кошт яе жыве. Ведама, шчасце - аптэкарка! А што вучылася, дык вучылася і перавучылася. Нядоўга па сённяшнім часе.
Маці. Дык я ж нічога не кажу, дачушка. Не сярдуй, не ў папрок бо. Я ж таго, што, як даўней, дык аптэ­карка - прафесія дужа ўсюды паважаная. На вёсцы, дык як доктарка, няйначай. Не меней.
Ева. Даўней - не цяпер. У мяне свае жыццё.
Маці. Дык я ж нічога не кажу, Ева. Я ж нічога...
Святлана. Чаго ты апраўдваешся, мама? Сказала і сказала. Каму і сказаць што, як не табе? (Перакінула цяжкую сумку ў другую руку, скоса зіркнуўшы на сястру. Ева ж ідзе і любуецца сабой, нікога позіркам не мінае.) Мы ўжо прыйшлі. Зараз пасядзім на лавачцы ў скверыку, а я збегаю куплю білет. У нас яшчэ як не гадзіна часу.
Ева. У мяне ні хвіліны, Свет!
Святлана. Як ні хвіліны? Ты ж не збіралася...
Маці. Дык хай бяжыць, як трэба. Ведама, пані знайшлі - матку, каб гуртом праводзіць! Бяжы, бяжы, дачушка. Як трэба, то чаго ж. Мы ж ужо на месцы. Аддыхаюся і да цягніка падамся. Каб не напакавалі гэтак сумку, дык і білет бы сама ўзяла. А так ужо Святланка...
Ева. Во і добра. А я... Прыехаць не збяруся, відаць. Нявыкрутка, сама бачыш. А ты, як што, ма, заязджай. Напішы толькі перш, каб дома мяне застаць. Дома я рэдка бываю.
(Ева паставіла пакункі на асфальт, ледзь чутна, больш для віду, кранулася шчакой матчынай шчакі і, крутнуўшыся на тонкім абцасіку, пайшла, ні разу не азірнуўшыся. Маці глядзіць ёй услед са шкадаваннем, Святлана - з абурэннем.)
Святлана. Давай во сюды, мама. Цэлая лаўка вольная. Ты пасядзіш, аддыхаешся, а я хуценька. Мы яшчэ з табой нагамонімся, пакуль цягнік пададуць! (Святлана на нейкі момант знікае.)
(Маці пачала ўладкоўвацца на лаўцы. Падсунула бліжэй рэчы, пасастаўляла ўсё побач, потым агладзіла даланёй спадніцу і села сама, задумалася.)
(Зноў з’яўляецца Святлана.)

Святлана. Мама, ты плачаш? (Апускаецца перад маці наўколенцы.)
Маці. Што ты, што ты! (Маці хуткім рухам выцірае куточкі вачэй ражкамі хусткі.) Чаго б гэта я ўздумалася плакаць? Жывыя, здаровыя ўсе, дзякаваць Богу. Жывяце ў згодзе, на бацькоў не забываецеся... Грэх было б крыўдаваць!
Святлана. Я ж бачу...
Маці. Ды то ж я на бліскучае сонца заглядзелася: сонца так і ўзбрыквае, крануўшыся якога лісціка.
Святлана. Ўзбрыквае? Яно што, аленяня - сонца?
Маці Ат, ты скажаш! Якое ўжо там аленяня? На ферме век таўкуся, цяпер во ў цялятніку, дык і згледзела на лісці сляды залачоных капыткоў. Згледзела, дык і мовіла. А табе - насмешка. Няйначай, дзіця малое. Ей-бо.
(Святлана, смеючыся, лашчыцца да маці.)
Святлана. То і дзіця, мама! Тваё меншанькае дзіця (апускаецца на лаву побач і, абдымаючы маці за плечы, прытуляецца шчакою). I ты ў мяне зусім не старая і доўга-доўга яшчэ не будзеш старой. Вось я прыеду праз тыдні два і пашыю табе квяцістую кофту з фальбонамі і модную спадніцу з прарэхаю - ніхто не пазнае!
Маці. Ну, калі ўжо кофту з фальбонамі ды спадні­цу з прарэхаю, то пэўна ж... Не адно бабы вясковыя, а і цяляты языкі высалапяць на гэткае. Вось толькі бацька за дзягу не ўзяўся б, га?
(Абедзве смяюцца.)
(Адсмяяліся, гутарка працягваецца.)
Святлана. 3 інтэрната мяне хутка выселяць. Пра­вы, дадзеныя на пражыванне ў горадзе, заканчваюцца, апошнія экзамены - і ўсё! На сваім хлебе буду. У жніўні павінна выехаць па накіраванні.
Маці. Хай бы ты дамоў прасілася?
Святлана. Прасілася, мама. Сказалі: там штаты скамплектаваныя, а ў Сінчы, куды мяне пасылаюць, дзеці другі год без настаўніцы.
Маці. Гэта ж дзе тая вёска? А?
Святлана. Недзе ў нашым баку. За Пухавічамі. Я яшчэ не цікавілася. Перад тым як дадому ехаць, з’езджу, зірну.
Маці. З’ездзі. Зірні. Яно, пэўне, трэба слухацца: вучылі цябе на настаўніцу пяць гадоў, ужо ж ім відней. Толькі бачу: нам з бацькам самім да старасці дабірацца, адно ў адным апоры шукаючы. Пагадавалі, павывучвалі вас, і добра! А што адны на старым гняздзе засталіся, дык, дасць Бог, дажывём, агораем гады свае. (Маці і Святлана бяруць пакункі і пакідаюць сцэну.)

На сцэну падымаюцца ўсе ўдзельнікі свята. Хлопцы і дзяўчаты з першай шарэнгі чытаюць наступныя строфы з вершаў розных паэтаў.

Дзяўчына.
Апошні свой аддасць кавалак хлеба,
Жыццё аддасць, каб толькі мы жылі...
Два сонцы ёсць.
Адно нам свеціць з неба.
Другое - грэе на зямлі.
Юнак.
Кажуць мне, падобны да цябе я.
Усмешка, як твая, пагляд вачэй.
Колькі ж, мама, з добраю надзеяй
3-за мяне не спала ты начэй?
Дзяўчына.
Голас незнаёмага можа здзівіць,
Голас друга - на хвіліну спыніць,
Голас любай - сагрэць сонцам лета,
Голас маці - вярнуць з таго свету.
Юнак.
Ростам я з табой даўно зраўняўся,
Ці ж магу я сэрцам дарасці?
Каб, як ты, я праўды не баяўся,
Каб, як ты, жыццём сваім ісці?
Дзяўчына.
Жанчына - таямніца з таямніц:
Пачатак шчасця і трывогі.
Схіляюцца перад табою ніц
Мужчыны на парозе перамогі.
1-ы юнак.
Вы - пачатак прыгажосці.
2-і юнак.
Вы - жыцця першапрычына.
3-і юнак.
Бачу будучыню вашу я ў служэнні хараству.
4-ы юнак.
Я цалую вашы рукі, беларускія жанчыны!
5-ы юнак.
Я схіляю перад вамі ў знак пашаны галаву.

Спіс літаратуры

Барадулін, Р. Слаўлю чысты абрус / Р. Барадулін. - Мінск: Беларусь, 1996.
Бондар, Т. Спакуса / Т. Бондар. - Мінск: Юнацтва, 1989.
Гілевіч, Н- Вечны матыў / Н. Гілевіч. - Мінск: Юнацтва, 1994.
Гілевіч, Н. Родныя дзеці / Н. Гілевіч. - Мінск: Маст. літ., 1995.
Грахоўскі, С. Выбраныя творы: У 2 т. / С. Грахоўскі. - Мінск: Маст. літ., 1983.
Караткевіч, У Збор твораў: У 8 т. / У Караткевіч. - Мінск: Маст. літ., 1990. - Т. 8, кн. 1.
Лойка, А. Пралескі ў акопах / А. Лойка. - Мінск: Маст. літ., 1997.
Міклашэўскі, Я. Зара - заранка, зара - вячэрніца / Я. Міклашэўскі. - Мінск: Маст. літ., 1989.
Родная песня: Зборнік сучаснай беларускай паэзіі. - Мінск: Ураджай, 1997.
Споведзь калосся: Беларуская паэзія другой паловы XX стагоддзя. - Мінск: Беларусь, 1997.

Дадатак

Калі свята праводзіцца як вечар адпачынку, то пасля літаратурнай кампазіцыі, у час правядзення розных забаўляльных мерапрыемстваў, можна прапанаваць наступную віктарыну.
I. Пералічыце творы беларускіх аўтараў, якія называюцца па імені галоўнай гераіні ("Бандароўна", "Паўлінка" Я. Купалы, "Вераніка" М. Багдановіча, "Алімпіяда" I. Пташнікава, "Еўфрасіння Полацкая" У.Арлова).
ІІ. Які аўтар і пра якую сваю гераіню напісаў наступныя радкі?
• "...Выспела нявеста, нічога не скажаш! ...ва ўсім пайшла ў матку. 3 аблічча - дык як вылітая: і невялікая ростам, і не гладкая - худая, можна сказаць, і плечы, як у маткі, вузкія, і рукі тонкія. I косы чорныя, густыя, аж блішчаць, бы намочаныя, і смуглявасць на твары такая ж, і шчочкі таксама выпінаюцца". (Іван Мележ пра Ганну Чарнушку.)
• Як маліны яе губкі,
А твар, як лілея,
Як дзве зоркі, яе вочы,
Гляне - свет яснее. (Янка Купала пра Бандароўну.)
• "Хлопцы гарнуліся да яе і пабойваліся" (Іван Мележ пра Ганну Чарнушку).
• Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.
Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.
На ўсходзе дня майго заранка дагарае,
Каб позна вечарам на захадзе ўзысці. (Аркадзь Куляшоў пра Алесю.)
•" [Ён] глянуў ёй у вочы, у гэтыя акруглыя цёмныя і такія слаўныя, выразныя вочы, на яе чорныя тонкія бровы, якіх ён не бачыў ні ў аднае дзяўчыны, ні ў кога на свеце. Здаецца, ніколі не адводзіў бы ад яе вачэй!" (Якуб Колас пра Ядвісю.)
• "Ці ж можна не любіць яе, гэтую лепшую, прыгажэйшую казку Палесся?" (Якуб Колас пра Ядвісю.)
• I мела дзеўча выгляд маці,
Калі тады ка мне яна,
Трывожнай ласкаю паўна,
Схілялася, як да дзіцяці,
Зіяючы перада мной
У новай пекнасці жывой. (Максім Багдановіч пра Вераніку.)


Яшчэ на гэту тэму:

8 Сакавіка     Свята бабулінага пірага