сцэнарыі святаў на беларускай мове

Святлана ПЕТРЫМАН, намеснік загадчыка па АД, ДУА «Яслі-сад г.п.Мір», Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці Пралеска Студзень 2012 г.

Камаедзіца

Сцэнарый свята ў старэйшай групе

Зала прыбрана па-святочнаму: на сцяне з ручнікоў імітаваны дах хаты, на якім надпіс: «Запрашаем на Камаедзіцу». Стаіць стол, засцелены абрусам, на ім абрадавыя стравы Камаедзіцы. Гучыць беларуская музыка.
Уваходзяць гаспадары Ясь і Яніна (дарослыя).


Ясь.
Добры дзень, шаноўныя панначкі і паны!
Шчыра запрашаем вас на спатканне з намі.
Яніна.
Сёння ў нашай хаце свята, ды не абы-якое —
Свята продкаў нашых слаўных, свята веснавое!
Ясь.
Напярэдадні Дабравешчання свята адбываецца,
I ўвесь чысцюткі дзень жывёла ўслаўляецца.
Яніна.
Мядзведзем жывёлу тую называюць
I ў гонар яе нават свята спраўляюць.
Ясь.
I свята называецца...
Ясь і Яніна (разам). Камаедзіца!
Яніна. Яно прысвячаецца ўрачыстай сустрэчы мядзведзя пасля доўгага зімовага сну.
Ясь. Яшчэ прашчуры-беларусы лічылі, быццам бы род наш пайшоў ад мядзведзя, і ставіліся да яго як да найбольш паважанага родзіча.
Яніна. Вось і мы з вамі будзем ушаноўваць мядзведзя. У гонар яго песні гучна спяваць, танцы добрыя скакаць, у гулі розныя гуляць, загадкі гадаць.

Чуецца песня «Вясна, хадзі ў двору».
Вясна,хадзі ў двору,
нясі ключ за сабою.
Зіму замыкаці, вясну адмыкаці.
Зіму ў замочак, вясну ў чаўночак.
Ясь. А вось і госці на нашае свята прыбываюць.
Заходзяць дзеці старэйшай групы.

1-шы госць.
Дзень добры ў хату! Палямі-лясамі блукалі, Дзе святкуюць Камаедзіцу, шукалі? Ці сюды ж мы папалі?
Ясь. Сюды-сюды! I вам дзень добры!
2-гі госць.
Запрашайце нас у хату
Гасцяваць к сабе на свята!
Ясь. Каб прайсці ў Камаедзіцыну хату, браткі, спярша адгадайце нашыя загадкі. Хто адгадае, таго ў хату запрашаем!

Загадка першая:
Ён вялікі і калматы,
Кажуць, што ён смокча лапу,
Моцна можа ён равець.
Хто гэта такі? (Мядзведзь.)
Ясь. Правільна, мядзведзь. Калі ласка, заходзьце ў хату!
Яніна.
3 вусамі, а не стары,
У стручочках вочы.
За што небудзь у двары
Учапіцца хоча.
Хопіць хітрасці на трох,
Ну, на тое ж ён... (гарох).
Малайцы! Просім у хату!
Ясь.
Смачная, духмяная,
Лістамі пахаваная.
Як убачыш — цячэ сліна?
Што за ягада? (Маліна.)
Правільна! Калі ласка, заходзьце.
Яніна.
Ляцщь-гудзіць, некгар збірае,
Салодкае і смачнае стварае.
Хто гэта такі? (Пчала.)
Правільна! Запрашаем вас у нашу хатку. Дзе пчала, там і мёд, а мядзведзь — вялікі ахвотнік да мёду. Само імя, якое дало яму славяна-літоўскае племя, азначае «жывёла, якая есць мёд».

Ясь. Ну, госці паважаныя, запрашаем вас да стала, стравы Камаедзіцы спрабаваць, мядзведзя-бацюхну ўслаўляць.
1-шы госць. Тут і рэпнік сушоны, каб род беларускі быў блаславёны!
2-гі госць. I аўсяны кісель, каб мядзведзі радаваліся ўсе!
3-ці госць. I ліпавы мядок, каб гасцінцаў з лесу мядзведзь навалок!
4-ты госць. I галоўнае — гарохавыя камы, каб жылі шчасліва ўсе мы!

Ясь. Ну вось, стравамі пачаставаліся, а цяпер з боку на бок, як мядзведзі ў бярлогу, паварочвайцеся, каб дапамагчы мядзведзю прабудзіцца і прыроду абудзіць ад зімовага сну!
Усе госці паварочваюцца з боку на бок пад музыку «Танец мядзведзяў».
З’яўляецца Валачобнік (дзіця) з Мядзведзем (дарослы).

Валачобнік.
Стук-грук у вашы дзверы,
Адчыняйце кавалеру!
Сонца водзіць карагод.
Добры дзень, часны народ!
Гляньце, вам каго прывёў!
Валадара ўсіх лясоу!
Яніна. Дзень добры, шаноўныя госці! Заходзьце, калі ласка!
Ясь.
Мядзведзь-бацюхна, госць паважаны!
Табе ў хаце чырвоны куточак прыгатаваны!
Сваё пачэснае месца займай
Вясну-красну  сустракай!
Мядзведзь (садзіцца на крэсла).
Абудзіўся я ад сну, чую носам ўжо вясну.
3 бярлогу выбраўся халоднага, забурчэў жывот галодны!
Ясь.
Мы паправім гэту справу,
Пачастуем бацьку стравай!
1-шы госць.
Вось табе салодкі мядок,
Каб быў у цябе гладзенькім бачок!
2-гі госць.
А вось смачныя грыбочкі,
Каб пільна ўглядаліся твае вочкі!
3-цігосць.
А вось арэхаў жменька,
Каб поўсць была гусценька!
4-ты госць.
А яшчэ вось авёс ды гарох,
Каб сілу меў, як у трох!
Мядзведзь. Вялікі дзякуй за пачастункі, падсілкаваўся на славу.
Ясь. А цяпер павітаем-павесялім мядзведзя на яго свяце «мядзведзевымі» прыпеўкамі!

На вясёлыя прыпеўкі
Сабраліся хлопцы, дзеўкі —
Добра пець і танцаваць
Ды мядзведзя шанаваць!

Дзеці спяваюць прыпеўкі.

1-шы госць.
Ой, спужалася мядзведзя
У цемры, ля дарожкі.
Гэта ж сябар мой Сярожа,
У яго крывыя ножкі!
2-гі госць.
А мой брацік, як мядзведзь,
Не гаворыць, а равець:
Як галодны — смокча лапу,
Калі злы — яго не цапай!
3-ці госць.
А мая сябровачка,
Нібыта мядзведзіца:
Сама з’ела слоік мёду.
Вось вам Камаедзіца!
4-ты госць.
Наш Мікола касалапы:
У яго нага, як лапа.
Я Міколу круць ды верць,
А ён скача, як мядзведзь!
5-ты госць.
Наш Антоша спіць салодка,
Бы мядзведзь зімою,
Не пабудзіш яго нават
Цэлай грамадою!
6-ты госць.
Я не ведала такога
Свята Камаедзіца
I што прашчур у мяне —
Бабулечка-мядзведзіца!

Мядзведзь. Вось якія цудоўныя прыпеўкі праспявалі, аж у скокі захацелася пайсці, ногі пасля зімовага сну размяць. Музыкі, зайграйце нам «Гарохавую полечку»! Усе стануць па парах, а я з гарохавым комам буду танцаваць. Як толькі музыка скончыцца, кожны павінен пару памяняць. Каму пары не застанецца, той будзе з комам танчыць.
Усе танщюць польку.

Мядзведзь. Наскакаліся, аж ногі загулі! У каго апошняга ком застаўся — таму падарунак! Дарую мех гароху, каб вас ніхто не скуб, як гарох пры дарозе, каб вы елі гарохавыя камякі і ўспаміналі свята. А я сабе ком забяру, пакачаюся з ім, каб ураджай на вашых палетках добры зарадзіў ды жыта-пшаніцу вецер не пагнуў, не палажыў.
Мядзведзь даруе мяшочак з гарохам дзіцяці, а сам качаецца па падлозе з гарохавым комам.

Валачобнік. А цяпер давайце пагуляем у цікавую гульню «Капялюш». У гэтую гульню любілі гуляць яшчэ нашыя бабулі і дзядулі. Прапаную і вам далучыцца да гэтай традыцыі.

Гульня «Капялюш».
Дзеці становяцца кругам, валачобнік — у цэнтры. Ён здымае з галавы капялюш і аддае гульцам, якія за спінамі хуценька перадаюць галаўны ўбор адзін аднаму на словы:

Лепш не кратай, лепш не руш мой дзіравы капялюш.
Раз надзень, два надзень, куды хочаш — туды дзень.

Пасля апошніх слоў валачобнік павінен здагадацца, у каго з дзяцей капялюш. Калі ўгадае, тады той удзельнік становіцца замест валачобніка вядучым. Гульня працягваецца яшчэ некалькі разоў.
Ясь. Госці дарагія, запрашаю вас пагуляць у «мядзведзевы» гульні.

Гульня «Малінка».
Дзеці сядзяць у радок на лаўцы. Пры дапамозе лічылкі выбіраюцца «матуля» і «мядзведзь».

Тут на лаўцы дзеці селі,
Паспявалі, пагалдзелі
Ды пусціліся ў гулі:
Ты — «мядзведзь», а ты — «матуля».

«Малінка» — гэта невялічкі прадмет (гузік, каменьчык). «Мядзведзь» адыходзіць убок, а дзеці сядзяць на лаўцы і трымаюць рукі далонямі адна да адной на каленях. «Матуля», заціснуўшы «малінку» паміж сваімі далонямі, абыходзіць гуляючых і, імітуючы перадачу «малінкі» кожнаму гульцу, прыгаворвае «Гэтаму не дала, гэтаму не дала, гэтаму — падумаю, гэты — няхай пачакае». Абышоўшы ўсіх удзельнікаў, яна кліча «мядзведзя»: «Міша, Міша, падыдзі ды малінку ты знайдзі!». Калі «мядзведзь» верна пакажа, у каго «малінка», то той гулец становіцца «мядзведзем». Калі мядзведзь не адгадае, то адыходзіць убок, і гульня працягваецца.

Гульня «Мядок».
«Мядок» — невялікі прадмет (напрыклад, кубік) павінен быць у кожнага гульца. Лічылкай выбіраюць вядучага — «мядзведзя» і, стаўшы ў круг, кладуць каля сябе «мядок». «Мядзведзь» падыходзіць да аднаго з гульцоў — «гаспадара», і паміж імі адбываецца наступны дыялог:

- Дзе бываў?
- У ляску!
- Што знайшоў?
- Мядку!
- А дай мне мядку!
- За так не аддам.
- За што аддасі — скажы сам.
- Калі абгоніш, тады аддам!

Пасля гэтага «мядзведзь» бяжыць па знешім боку круга ў адзін бок, а «гаспадар» — у другі. Гаспадаром «мядку» становіцца той, хто першым зойме свабоднае месца ў крузе, «мядзведзем» — гулец, які адстаў.

Гульня «Гарохавы ком».
«Гарохавы ком» — невялікі гаршчочак (альбо іншы прадмет). На зямлі акрэсліваецца круг (дыяметр 6—7 м) — «хата». У сярэдзіне круга кладзецца сурвэтка. На яе ставіцца «гарохавы ком». Лічылкай гульцы выбіраюць «мядзведзя». Астатнія — «птушкі». «Птушкі», залятаючы ў хату, спрабуюць забраць «гарохавы ком», а «мядзведзь» — злавіць «птушку» (г.зн. дакрануцца да яе рукой). «Птушка», якой удасца вынесці з «хаты» «гарохавы ком», становіцца «мядзведзем», і гульня пачынаецца спачатку. Злоўленыя «птушкі» выбываюць з гульні. Яна заканчваецца тады, калі ўсе «птушкі» злоўлены.
Увага! «Мядзведзь» не мае права выходзіць з «хаты», а «птушкі» — перадаваць «гарохавы ком» адна адной.

Мядзведзь. Вось малайцы! Колькі цікавых «мядзведзевых» гульняў вы ведаеце! Мне ў вас гасцяваць вельмі спадабалася, але ж пара ўжо і ў лес, прыроду будзіць, вясну-красну страчаць.
Госці. I мы з табою, лясны гаспадар, пойдзем, правядзем цябе па нашых палетках, каб жыта і пшаніца добрымі ўрадзілі.
Яніна.
Вось і скончыліся нашы гулі.
Дзякуем шчыра, што не паснулі.
Што ад душы весяліліся,
Пелі і скакалі
I па звычаі старым мядзведзя ўшанавалі.
Праз год зноў у госці будзем вас чакаць,
Каб шчыра бацюхну-мядзведзя віншаваць!

Ясь.
Звычаі народа — нашае багацце,
Скарбніца, што засталася на шчасце.
I скарб гэты трэба ўсім захаваць,
Каб потым нашчадкам сваім перадаць.
Ясь і Яніна (разам).
Жывіце шчасліва!
Здаровы бывайце!
I Камаедзіцу ўспамінайце!
Усе госці разам з Мядзведзем і Валачобнікам выходзяць з залы пад песню «Бывайце здаровы».

ДАВЕДКА «ПРАЛЕСКІ

Камаедзіца — каляндарна-абрадавае свята беларусаў, прысвечанае мядзведзю. Адзначаецца перад Дабравешчаннем (Звеставаннем). На святкаванні, імітуючы рухі мядзведзя, людзі спрыяюць яму лёгкай адаптацыі пасля зімовай спячкі. Рыхтуюцца стравы з раслін, якія любіць мядзведзь: рэпнік, аўсяны кісель, гарохавыя камы (кашу ці галушкі з адваранага ці тоўчанага гароху) і інш. Таму гэты дзень атрымаў назву «Камаедзіца» і пры вымаўленні нагадвае лясную жывёлу.