сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. I. ШАВЕЛЬ, настаўніца гімназіі г. Светлагорска. Беларуская мова і літаратура 10/2012

Беларускае вяселле

Сцэнарый фальклорнага свята для вучняў старшых класаў

Несцерка (ён жа вядучы). Добры дзень, сябры! Эх, колькі вас тут сабралася! Дык гэта ж я на фронт трапіў! Ну, нічога. Несцерку не прывыкаць. 3 той пары, як я дапамог Юрасю і Насцечцы шлюб узяць, Несцерка як сват усюды нарасхват. Так што я ўжо займеў прафесію. Але ж вяселле арганізаваць — не простая справа. Гэта навука, якая складвалася ў народзе вякамі. Нездарма адзін мудры чалавек сказаў, што «вяселле — гэта народная опера са шчаслівым канцом». I першая дзея гэтай оперы не сватанне, а рада ў доме жаніха, на якую збіраліся родныя, сваякі, каб абмеркаваць, якую нявесту лепш узяць — чарнявую, бялявую ці рыжу кучаравую. Прапаную паглядзець, як гэта адбывалася.

Гучыць музыка. На сцэне — бацька і маці, гаспадыня завіхаецца ля печы.

Бацька. Слухай, маці, пара ўжо нашаму Мікіту пару падабраць. А то ўсё ходзіць недзе вечарамі, а калі ажэніцца, дык пра гаспадарку будзе лепш клапаціцца. Як ты лічыш?
Маці. Даўно пара.
Уваходзіць Мікіта.

Бацька. Ну, сынку, мы тут з маці прыйшлі да згоды, што пара табе нявесту шукаць.
Мікіта. Татка!
Бацька. Не таткай! Трэба, пакуль нявесты добрыя ў вёсцы ёсць. Ды і маці памочніца па гаспадарцы не лішне каб была. Так што сядай, сынку, абмеркаваць тое-сёе трэба.

Стук у дзверы.

Маці. О, кум завітаў да нас.
Бацька. Садзіся, кум.
Кум. Дзякую.
Бацька. Вось задумалі ажаніць твайго хрэсніка.
Кум. Калі задумалі, дык няхай Бог памагае.
Бацька. Ну дык вось што, кум! Мы — родныя, ты — хросны. Парай, можа, ты ведаеш падхадзячую нявесту.
Маці. Вось у Нічыпара дзеўка на працу здатная, працуе і смак чуе.
Мікіта. Не трэба мне такая дзеўка, у якой адно косць ды скура.
Бацька. Дык мо возьмеш Яўгінню Кандратаву?
Мікіта. Дык яна ж адно языком менціць. Ад гэтай балбатухі забаляць вухі.
Маці. А мо Марысю Хвядосаву?
Мікіта. Няўжо ты не ведаеш, што ў яе матка — ласкатуха? Яны ж аднаго балота чэрці.
Бацька. А калі Змітракову дзеўку?
Маці. Ого, нагледзеў! Тая ідзе — не дайдзе, гаворыць — не дагаворыць. Зазяваецца, дык вады нахлябаецца.
Бацька. У Ягора дзеўка, здаецца, нічога.
Мікіта. От гэтая дзеўка харошая, але трохі пышная. Як адсунулася, дык мы ўтрох селі.
Маці. А мо Ганну Андрэеву? I прыгожая, і на касу багатая, і працавітая. Рукі да работы, ногі да ахвоты, і галава да ўсяго.
Кум. Дзеўка харошая. Няхай Бог дае. А як жа на гэта жаніх глядзіць?
Бацька. Мы пыталі, пыталі, а ён ні тое ні сёе.
Мікіта. Эх, дзеўка добрая. Але ці кахае яна мяне?
Бацька. А вось гэта мы і павінны пачуць заўтра вечарам. Жонка, пячы хлеб, будзем збірацца ў сваты.
Несцерка. Амаль паўсюдна ў Беларусі перад заручынамі адбывалася сватанне. Даўней у беларусаў Смаленшчыны існаваў звычай вазіць па вёсках на масляным тыдні дзяўчыну, якой прыходзіў час браць шлюб. Спыняючыся каля кожнай хаты, дзе быў хлопец, асоба, якая вазіла дзяўчыну, пытала: «Ці надабі табе надаба? ». Калі адказ быў адмоўны, то яны з тым жа запытаннем ехалі да наступных хат. Так да таго часу, пакуль у якой-небудзь хаце не зацікавяцца дзяўчынай, тады ўвосень да яе прысылалі сватоў. Аднак такі звычай — вялікая рэдкасць для Беларусі. Існавала нямала спосабаў сказаць пра тое, што дзяўчына згодна на шлюб або адмаўляецца ад яго. У выпадку адмовы сяброўкі нявесты ўтыкалі ў воз сватам венік. Прыкмет згоды на шлюб было шмат: дзяўчына прымае ад сватоў хлеб, дорыць бацькам ручнік і кавалкі палатна... Калі ж нявеста нічога не адказвае на запытанне бацькі, ці згодна браць шлюб, і пасля прапановы вымесці хату пачынае яе месці ад стала да дзвярэй, тым самым адмаўляе жаніху. Гэты звычай адлюстраваўся і ў песнях, хаця кожная дзяўчына імкнулася чыста вымесці да прыходу сватоў не толькі хату, але і двор.

Хата маладой. На сцэне маці. Стук у дзверы.

Сват (за сцэнай). Мы — сваты з дарогі. памарозілі ногі, па марозе хадзілі, галасок загубілі.
Бацька маладога. Пусці, свацця, у хату хоць ножкі пагрэці, на маладую паглядзеці.

Сваты праходзяць у хату.

Маці маладой. Добры вечар! Што вы хацелі, людзі добрыя?
Сват. Мы — купцы заморскія, шукалі тавару не ляжачага, а хадзячага! Калі ў вас ёсць, пакажыце ліцом, а мы пахвастаем сваім таварцом!
Бацька маладой. Вы, здаецца, хатай памыліліся, людзі добрыя! У нас жа нічога няма на продаж.
Сват (засцілае на стол хустачку, ставіць на яе бутэльку). Я сват прысланы, каб стол быў засланы. Прыехалі мы па тую кветку, што цвіце зімой і ўлетку.
Кума. Хадзілі мы, брадзілі па вашым лесе, напалі на след пышнага звера. Гналіся, гналіся за куніцай, у сяло ўвагналіся, след згубілі. Сталі шукаць, аж след прыйшоў да вашай хаты! Распыталіся ў людзей, аж то быў не пышны звер, не куніца, а красна дзевіца-галубка.
Бацька жаніха. А ў нас ёсць галубок да пары вашай галубцы. I прыгожы, і гаваркі, і ў полі работнік — пашукаць такога. Дык ці не злучыць нашых галубкоў, каб разам жылі, дзетак расцілі ды пра нас не забывалі.
Маці маладой. Добра, госці паважаныя, зараз прывяду галубку! (Ідзе за дачкой, вяртаецца з ёй.)
Сват. Якая прыгажуня.
Бацька жаніха. I разумная, напэўна.
Кума. I працавітая.
Бацька жаніха. За ёй, толькі за ёй мы прыехалі.
Маці маладой. Дзякую вам, людзі, за добрыя словы. Вось ручнік для Мікітавага бацькі, а вось хусцінка для яго маці.
Бацька жаніха. А мы для вас таксама падарункі прывезлі. Вось табе, свацейка, бохан хлеба і бутэлька добрага віна.
Маці маладой. Дзякуй вам вялікі, госцейкі даражэнькія, сядайце за стол.

Усе сядаюць за стол. Гучыць народная музыка.
Пасля слова бярэ сват.


Сват. Дзякуем вам за хлеб, за соль. А цяпер самы час вызначыць, калі ж нашы галубкі пажэняцца. Хочацца, каб хутчэй нявестачка стала добрай памочніцай бацькам Мікіты.
Бацька маладой. Вось як збяром ураджай, тады і вяселле справім, як раз пасля Пакроваў, праз два тыдні.
Сват. Добра, дамовіліся! А зараз паедзем дадому!
Бацька маладой. Тады будзем дзверы зачыняць, а пасля Пакроваў вас у госці чакаць!

Несцерка. Адбылося сватанне. I ў хуткім часе ў хаце нявесты праходзяць заручыны, на якіх дзяўчыну далучаюць да роду жаніха, і яна ўжо не мае права адмовіцца ад замужжа. Таму гэта частка вясельнага абраду і называецца заручынамі, бо. тут маладыя абменьваюцца заручальнымі пярсцёнкамі, рукі ж іх звязваюць ручніком. Кожнаму дзеянню нададзена сімвалічнае значэнне, таму што маладыя знаходзяцца на пачатку новага, супольнага жыцця, каб быць разам назаўжды.

На сцэне нявеста і сяброўкі выконваюць танец.
З'яўляецца маці.


Маладая. Стукнула, грукнула на дварэ. Паглядзі, мамачка, ці не па мяне!
Маці маладой. Па цябе, дачушачка, па твае ясныя вочачкі, па твае русыя косачкі!
Маладая. А дзевачкі, а падружачкі! А што ж мне, маладой, рабіці? Едуць мяне заручаці!
Нявеста з сяброўкамі ўцякаюць. Уваходзяць госці.

Маці маладога.
Добры вечар, сваты, у хату,
Дзень добры табе, свацейка!
Ці весела твая хацейка?
Ці здарова твая сямейка?
Ці стаіць на стале гарэлка?
Сват.
Прыехалі на заручыны —
Сені, хата закручаны.
А каго ж мы заручаць будзем?
Ганначкі дома няма.
А куды ж яна пайшла?
Ці ў лес па каліну,
Ці ў вёску па радзіну?
А ў лес па каліну —
Ўсю каліну абламала.
А ў вёску па радзіну —
Ўсю радзіну пазбірала.
Бацька маладога.
Ці ждалі, ці выглядалі вы нас,
Ці адчынялі вы варотачкі для нас?
Ці засцілалі цясовыя столікі для нас?
Ці налівалі кубачкі віна для нас?
А хоць любіце ці не любіце, як мы вас?
Маці маладой.
Госцейкі, а любыя, просім вас,
А піце, а гуляйце вы ў нас!
А ёсць у нас бочачка віна — усё для вас.
Вып'еце тую, знойдзем другую — усё для вас.
А мы вам бочачку віна даставім — усё, усё для вас!
Бацька маладой.
Праходзьце, госці паважаныя,
Сядайце за сталы дубовыя.
Сват.
Прыбіліся, як рыба к гату!
Запрасіла нас свацця ў хату.
Ой, ды ручанькі пагрэць, на маладую паглядзець.
Пакажыце нам тую, за якую страдаем.

Выходзяць нявеста і яе брат, той бярэ сястру за касу і патрабуе выкуп ад жаніха.

Брат маладой. Зараз жа адрэжу цудоўныя валасы, калі жаніх не заплаціць выкуп.
Малады. На табе чырвонец.
Брат. Мала.
Малады. На табе яшчэ два чырвонцы.
Брат. Няўжо мая сястра так мала каштуе?
Малады. Вось табе ўсё, чым я багаты.
Брат. Добра, аддаю табе сястру. Няхай яна будзе табе добрай жонкай, шчырай маці для вашых дзяцей, чулай нявесткай для вашых бацькоў. (Бярэ маладых за рукі, выводзіць на авансцэну.)
Маладая. Благаславі мяне, мамачка, на доўгі век, на кароткую дарогу.
Маці маладой.
А Ганначка, а дачушачка.
Я цябе благаслаўляю.
Над табой я болей волечкі не маю.
Аддала я цябе на Мікітаву апеку.
Няхай мацуе цябе, маю дзетачку, да спакон веку.

Маладыя абменьваюцца пярсцёнкамі.

Сват.
Мы ж цябе, дзеванька, заручаем
Ды шчасцейка табе жадаем!
Будзь здарова, як вада,
Будзь багата, як зямля,
Будзь прыгожая, як ружа.
Добрага бярэш сабе мужа!
Сват звязвае рукі маладых.
Маці маладой.
Даў нам Бог заручыны раненька,
Пабраліся дзетачкі за ручанькі.
Маладому хлопчыку тры падарачкі.
Першы падарачак — бела хустачка,
Другі падарачак — залаты персцень,
Трэці падарачак — малада дзевачка.
Бела хустачка — заручыцеся,
Залаты персцень — абмяняйцеся,
Маладая дзевачка жыці да быці,
Жыці да быці — веку дажываці.
Сват.
Як хмель з аўсом зліваецца,
Так наша Ганначка з Мікітам злучаецца.

Маладым развязваюць рукі.

Сват. А зараз у знак згоды на шлюб, бацькі маладых, абменьвайцеся хлебам.
Бацька маладога. Вось вам наш хлеб, каб ваша галубка хутчэй стала нашай.
Бацька маладой. А вось вам наш хлеб, каб ваш галубок прыйшоўся даспадобы нашай галубцы.
Маладая (да маці жаніха). Вось гэта зерне рассыпце ў сябе дома, каб прыйшоў дабрабыт, каб шчасце ўвайшло ў вашу хату.
Маці маладога. Пагасцявалі, пара і чэсць знаць, дадому пара!
Бацька маладога. Дык падзякуем свату за паўнюсеньку хату, печ яго пабелену, чэсць яго ды пашану. ! свацці, бо яна добра падавала, вельмі смачна частавала.

Усе развітваюцца.

Несцерка. Важным момантам у вяселлі была дзяльба каравая. Яго выпякалі каравайніцы. Гэта былі абавязкова замужнія жанчыны, не бяздзетныя, тыя, хто добра жыў у шлюбе. Старэйшай каравайніцай была хросная маці ці цётка. Жанчыны засыпалі ў дзяжу муку, рашчынялі і мясілі цеста, звярталіся да прысутных з просьбай благаславіць кожнае дзеянне па падрыхтоўцы каравая. Рошчыну размешвалі правай рукой па ходу сонца і далонь не сціскалі ў кулак, каб маладыя жылі дружна, не біліся. А вось у печ каравай саджаў мужчына. Жаніх, калі ехаў па маладую, забіраў каравай з сабою.

Гучыць музыка. Кума ўрачыста выносіць каравай.
За ёй — госці. Маладыя і сват — ля стала.


Кум. Ці ёсць тут бацька і маці?
Бацькі. Маем быці.
Кум. Благаславіце, чэсны людзі, важны каравай дзяліце.
Бацькі. Благаслаўляем.
Кума. Наш каравай дарагі, спечаны з 7 палёў пшаніцы, з 7 кароў масла, ён вельмі смачны.
Сват. Першым разам лепшым часам благаславіце каравай дзяліць.
Госці. Бог благаславіць.
Сват. Другім разам лепшым часам благаславіце каравай дзяліць.
Госці. Бог благаславіць.
Сват. Трэцім разам лепшым часам благаславіце каравай дзяліць.
Госці. Бог благаславіць.
Сват. Запрашаем на каравай, на Божы дар, бацькоў маладых.
Бацькі маладога.
Даруем вам, дзеці,
Пару валоў, 12 кароў,
Даруем бульбы падполле,
Каб было дзетак застолле.
Бацькі маладой.
Колькі ў морах-акіянах вады,
Столькі шчасця вам, дзетачкі,
На доўгія гады!
Сват. Запрашаем на каравай, на Божы дар, хроснага бацьку і маці.
Кум. Дарую грошы бумажныя, каб маладыя былі ў людзях паважныя.
Кума.
Жадаю шчасця і любові,
На чужое не ўпаваць,
А свае нажываць.
Сват. Запрашаем на каравай, на Божы дар, сясцёр маладой.
Сёстры.
Дарую капейку на шчаслівую сямейку,
Дарую дзве — каб жылі з умом у галаве,
А руб серабром — каб жылі з дабром,
А кладу ўсё астальное,
Каб нервы былі стальныя.

Гучыць музыка. Працягваецца віншаванне. Да гасцей далучаецца вядучы Несцерка.

Несцерка.
Слаўна, слаўна атрымалася.
I вам, пэўна, спадабалася.
Маладыя, у пуць-дарогу.
Дар любві вам у падмогу!

Спіс выкарыстанай літаратуры

Беларуская вусна-паэтычная творчасць / К. П. Кабашнікаў [і інш.]. — 2-е выд., перапрац. — Мінск : Вышэйш. шк., 1988. — С. .182-—185.
Катовіч, А. Традыцыйнае беларускае вяселле / А. Катовіч, Я. Крук /7 Звязда. — 2005—2006.
Сцэнізацыя фальклорных свят і абрадаў / аўт.- склад. В. С. Новак, I. Ф. Штэйнер. — Мазыр : Белы вецер, 1999. — С. 80- 98.

Яшчэ на гэту тэму:

Гуляем вяселле     Святкаванне зборнай суботы